Мне трэба было б спаткацца тут з Броўкам або, на горшы выпадак, з Глебкам. Калі можаш, даведайся, калі яны будуць тут. Пра гэта буду пісаць яшчэ М. К., тым больш што некалькі дзён назад адаслаў ёй лякарства, патрэбнае для Сцяпана.
Шлю табе чарнавік сваіх самахвалавіцкіх успамінаў. Шушкевіч ужо размаўляў у "Полымі" пра іх надрукаванне. Яшчэ невядома, выйдзе што з гэтага ці не, але пашлю. Цябе прашу, калі зможаш разабрацца ў рукапісе, прачытай і зрабі свае заўвагі. Калі будзе цяжка, аддай спярша машыністцы, няхай перадрукуе, а пасля ўсё ж прачытай. Асабліва няпэўны ў мяне канец — пра тое, што мы ведалі, канчаючы другі клас. Зараз я здаў у рэдакцыю артыкул пра пісьменнасць дарэвалюцыйнай Беларусі, і ўспаміны павінны быць нібы ілюстрацыяй да артыкула. Палемізую з працаўнікамі інстытута, якія вельмі заніжаюць паказнікі пісьменнасці.
Калі ў Мінску няма паперы (перадрукаваць трэба ў трох экз.), то я прышлю, бо зараз тут яна ёсць. Вітаем цябе з днём Ніны і шлем табе каробку цукерак. За ўсімі імянінамі і днямі нараджэння ў нас даглядае бабка.
Чакаем усе Олю.
НІЛУ ГІЛЕВІЧУ
[1966 г.]
Шаноўны Ніл Сямёнавіч.
Пасылаю Вам выпіскі за некалькі год аб выпуску кніг на розных мовах. Як бачыце, Беларусь вельмі ўстойліва займае апошняе месца не толькі сярод тых народаў, якія маюць сваю дзяржаўнасць, але і ў параўнанні з татарамі дае значна менш. Даведнікі аб колькасці кніг выходзяць штогод, і ў патрэбны час неабходныя лічбы лёгка знайсці.
У мяне ёсць і яшчэ некалькі думак, якія мне, знайходзячыся ў Маскве, ніяк нельга рэалізаваць.
Наш нацыянальны паэта Купала, а разам гэта назва нашага (ды і не толькі нашага) народнага, радаснага і надта прыгожага свята. Я думаю, што на Беларусі гэты дзень трэба абвясціць днём нацыянальнага свята і спраўляць яго на бацькаўшчыне паэты, у Вязынцы. Там трэба стварыць парк, нейкую эстраду, з якой выступалі б артысты і неартысты з чыткаю вершаў, купалаўскіх і сваіх, з музычнымі нумарамі, з урыўкамі купалаўскіх п’ес, пасля чаго, расклаўшы вогнішчы, святкавалі б Купалле.
Мне здаецца, што на дарозе з Заслаўя ў Мінск, пры ўваходзе ў Мінск, трэба было б паставіць невялікі помнік Купале, Купале-хлопцу, які ідзе ў Мінск.
У 1964 г. ездзіў па Беларусі і бачыў, як дзіка адносяцца ў нас да помнікаў культуры. 3 Наваградскага замка нават знята ахранная дошка, якая і без таго нікога ні да чога не абавязвала, але чыноўнікі з Міністэрства культуры вырашылі, што так для іх будзе больш бяспечна. Разам з тым, ходзячы па залам Кобрынскага музея, я чуў, нібы трапіў у другую эпоху, прыблізна ў 1913 г., калі святкавалі трохсотлецце Дому Раманавых. У Кобрыне Сувораўскі музей. Сувораў у свой час, калі яму падаравала Кобрын Кацярына II, разбурыў замак, забраў з горада што мог, раздаў частку сялян французскім эмігрантам і паехаў паміраць на сваю радзіму. У гонар гэтага зараз збудаваны музей. На грамадскіх умовах ствараецца ў Мінску музей Каліноўскага (стварае нейкі Маслаў, у раёне Зялёны Лyr). Паслаў яму сваю кнігу (ён напісаў мне ліст) і ліст, у якім пісаў, што музей Каліноўскага павінен быць у Ваўкавыску (дзе па невядомых прычынах створаны музей Баграціёна) і што гэта павінен быць музей беларускі, але не атрымаў адказу. Так і не ведаю, што там робіцца, бо быў у Mінску вельмі кароткі час.
Калі, можа, у Мінску збярэцца нарада ці з’езд па ахове помнікаў культуры і прыроды, не забудзеся пра мяне.
М. Улашчык.
Москва А-252, Новопесчаная, д. 21, кв. 19. Т. Д-7-25-10.
ІВАНУ МЕЛЕЖУ
26 красавіка 1966г.
Іван Паўлавіч.
Скончыў чытаць "Подых навальніцы". Уражанне такое, што мушу напісаць хаця б што-небудзь. Яшчэ чытаючы "Людзі на балоце", я пачуў, што Ваша творчасць пазбаўлена стандарту, што для Вас Палессе — не той раён, пра які трэба падабраць як мага больш экзатычных матэрыялаў (выдумала ж нейкае боўдзіла, што вёску назвалі Убібацькі таму, што на Палессі да рэвалюцыі кожны, хто хаця, мог забіць свайго бацьку), што гэта тое месца, дзе Вы раслі, што Вы яго любіце і ведаеце яго так, як можа ведаць толькі той, хто там рос.Тое, што было накідана ў першай частцы, разгарнулася з вялікаю сілаю ў "Подыху". Падзеі пачынаюцца летняю раніцаю і гэту раніцу я адчуваю амаль фізічна. Я рос пад Мінскам, у нас сенажаць была за самым гумном, дзе мы спалі ўлетку, і адно з самых радасных уражанняў дзіцячых гадоў было пачуць на ўсходзе сонца, калі так звіняць жаўранкі і вішчаць ластаўкі, як менцяць косы. Можа, таму мне здаецца, што калі б Вы перадалі раніцу праз прызму ўражанняў малога, уздзеянне было б яшчэ большым.
Троха ідылічная карціна раніцы змяняецца паказам выхаду ўсяе вёскі на сенажаць, а затым драмаю Ганны, драмаю для яе страшнаю, але на якую вёска амаль не зварачае ўвагі. Як гэта праўдзіва.
Вашы разважанні пра ціхіх і няціхіх палешукоў, пра тыя таленты, якія ёсць скрозь, маюць агульначалавечы сэнс. Тыя старонкі, дзе Вы пішаце, як праз газетны артыкул знявечылі маладога паэту, ацэнка Маёвым дзейнасці літаратурных арганізацый таго часу, наогул усё, што Вы пішаце, так насычана чалавечаю праўдаю, што я схіляюся перад Вамі. Мне не давялося [у жыцці] спаткаць Апейку. Звычайна гэта былі больш жорсткія людзі, але Ваш вобраз прымушае думаць, што гэта таксама не цень, але жывы чалавек.
Нас многа раз абвяшчалі пакойнікамі, і шмат каму ўжо даўно здаецца, што мы пакойнікі, але Вашы кнігі паказваюць, што народ, які высоўвае такія таленты, — жыве. Вашы кнігі паказваюць, што беларуская літаратура ўзнялася так высока, што ёй не трэба рэкамендацый, не трэба дапамогі, не трэба нікуды "высоўваць", яна стаіць на сваіх нагах.
"Хроніка" просіцца на экран. Але тыя фільмы з беларускаю тэматыкаю, якія я бачыў да гэтага часу (асабліва экранізацыя Коласа), інакш як калецтва назваць нельга. Пэўна, ні рэжысёр, ні артысты ніколі не бачылі Беларусі, можа, нават нічога і не чыталі, і таму выйшла нешта шэрае, пасрэднае, нецікавае. Вам патрэбен рэжысёр рангу Даўжэнкі, і, можа, сапраўды знойдзецца той, хто дасць нацыянальны фільм.
Думаю, што Ваш раман дасць уяўленне аб Палессі (і наогул аб Беларусі) не толькі чытачам (у Беларусі Беларусь ведаюць вельмі кепска), але і самім палешукам, бо той, хто можа паглядзець на сябе ў люстэрка, ведае пра сябе больш, чым той, у каго люстэрка няма. Мне здаецца, што ні адзін з відаў мастацкай творчасці не можа даць чалавеку столькі, сколькі літаратура, бо кніга заўсёды пад рукою.
У мове Вы — віртуоз. Кожны з герояў гаворыць так, як гаворыць у жыцці, інакш кажучы, індывідуальна. Вы, пэўна, ні разу не перайшлі тае мяжы, дзе будзе чуцен "націск". Нават калі гаворыць Андрэй Руды, які нібы выпушчаны знарок для таго, каб ён быў "смешны", гэтага не чуваць. Разумею, як цяжка было адабраць слоўны матэрыял, каб не перайсці тае мяжы, якую так цяжка абазначыць.
Я ўжо казаў, што я з-пад Мінска і ў нас ужываюцца іншыя тэрміны, чым ужываеце Вы. Можа, яны Вам на што-небудзь прыйдуцца. У вас не "адбіваюць" косы, але "клеплюць". Слова "канюшня" ўжывалі толькі тыя, хто не хацеў гаварьщь "па-просту", а гаварылі "стайня" (адсюль "стаеннік"). "Каратай" слова цюркскае, нават не адно, а два, і азначае "чорны жарабец". Веялкаю ў нас звалі не тую машыну, якою чысцяць збожжа, але шуфлік, маленькую лапату з загнутымі краямі, выдзеўбаную з дзерава, з кароткім тронкам. Раней гэтаю веялкаю веялі збожжа, а ў мой час скрозь веялі архамі, і таму самы тэрмін "веяць" амаль знік і замяніўся словам "архаваць". Заміж "вей-кі" ў нас ужываецца слова "веялкі".
Вялікае дзякуй Вам ад чытача за кнігу. Вашы "Людзі на балоце" ніколі не ляжаць на паліцах, "Подых навальніцы" пойдзе з яшчэ большым поспехам.
ГАЛОЎНАМУ РЭДАКТАРА ГАЗЕТЫ "ПРАЎДА"
1 чэрвеня 1966 г.
Нядаўна быў у Мінску. Там на Цэнтральнай плошчы пабудаваны будынак Дзяржаўнага рэспубліканскага музею. Будынак будавалі спецыяльна для гэтага музею, будавалі вельмі доўга, а пакуль ішло будаўніцтва, — збіралі экспанаты, заклікаючы грамадзян дастаўляць у будучы музей хто што можа, і грамадзяне адгукнуліся на гэты заклік.
Калі музей напалову асвоіў будынак, камусьці прыйшло ў галаву перадаць яго Музею Айчыннай вайны, а Дзяржаўнаму музею прапанаваць будынак гэтага музея. Ня ведаю, хто аддаў такое распараджэнне, можа і ніхто, проста было выказана пажаданне зрабіць вось так, а хтосьці прыняў гэта як дырэктыву, але магчыма было і распараджэнне. Сітуацыя атрымліваецца больш чым дзіўная. У дзяржаве, дзе гаспадарка планавая, выпадковае распараджэнне або нават проста пажаданне вядзе да таго, што музей, які ствараўся добры дзесятак гадоў, і на які патрачана столькі сродкаў, мусіць згортвацца (новае памяшканне ня змесціць і трэці экспанатаў, у той час як Музей Айчыннай вайны зойме ня больш за палову перададзенага яму будынка). Пераезды музеяў, пераробка будынкаў будуць, відаць, каштаваць мала менш за тое, што каштаваў бы новы будынак для Музея Айчыннай вайны, і ці не трэба было падумаць у свой час, што гэтаму музею патрэбны новы будынак.
Чаму так лёгка растрачваюцца народныя грошы, чаму спусташаецца навуковая ўстанова, якая нават ня стала яшчэ як след працаваць, чаму, у рэшце рэшт, гэта робіцца без удзелу грамадзкасці.
М.Улашчык,
доктар гістарычных навук
Масква А-252
Новапясчаная д. 21 кв. 19
РЫГОРУ БАРАДУЛІНУ
[Лета 1966 г.]
Шаноўны тав. Барадулін.
Атрымаў Ваш і Шушкевіча ліст з Кактэбеля. Не адказваў доўга таму, што ў той самы час быў на Каўказе.Я пачаў прыпамінаць, што чытаў пра Смаргонь, і не мог нічога прыдумаць. Пасля ўзяў бібліяграфію і паглядзеў на паказнікі. Знайшоў адзін артыкул пра Смілавічы і — ніводнага пра Смаргонь наогул, і тым больш пра "Акадэмію". Даўней Смаргонь належала Зяновічам, ад іх у 1668 г. перайшла да Радзівілаў, ад Радзівілаў да Пшаздзецкіх. Палкоўнік напалеонаўскіх войск Пшаздзецкі ў 1831 г., калі ў Заходняй Беларусі паднялося паўстанне, узначаліў паўстанчы атрад Ашмянскага павета, у выніку чаго Смаргонь была канфіскавана і стала дзяржаўным маёнткам.
У 40-я гады сын смаргонскага аконама Бакшанскі, які быў зусім яшчэ хлопчыкам высланы з бацькаўшчыны, а пасля вярнуўся, напісаў адозву да смаргонскіх сялян і салдат, якія там стаялі, заклікаючы іх перабіць усіх паноў і афіцэраў. Гэта адозва нарабіла ў свой час перапалоху і скончылася трагічна для яе аўтара. Пра гэта ёсць у кнізе А. Ф. Смірнова пра паўстанне 1863 г. у Беларусі і Літве, а найбольш поўна — у кнізе польскага даследчыка Файнгаўза.
Зварочваючыся да "Акадэміі", павінен сказаць, што пра яе я ведаю, пэўна, столькі, сколькі і ўсе: даўней вакол Смаргоні былі вялізныя лясы, у якіх вадзілася шмат рознай зверыны. Смаргонскія мяшчане зрабілі сваёй спецыяльнасцю лоўлю гэтых звяроў, а мядзведзяў вучылі рабіць розныя рухі (танцаваць). 3 гэтымі "вучонымі" мядзведзямі яны хадзілі не толькі па Беларусі, але бывалі і ў Расіі, і далёка на захадзе (пэўна, і ў Германіі). Пра ўсё гэта, відаць, можна знайсці ў архіве Радзівілаў (ён знаходзіцца ў Мінску), але гэта доўгая і цяжкая праца, бо ў радзівілаўскім архіве больш за 6 тыс. папак, і матэрыялаў пра Смаргонь ніхто яшчэ не прабаваў улічваць.
Я троха ведаю літаратуру пра Радзівілаў, але, апрача асобных сказаў, нічога пра "Акадэмію" не памятаю.
Выбачайце, што так мала магу дапамагчы Вам, выбачайце і за тое, што пішу на прозвішча, бо не ведаю, як Вас клікаць па бацьку.
Улашчык.
ЯЗЭПУ ДЫЛЕ
Язэп Лявонавіч.
Вы мне напісалі такі ліст, што я павінен быў адказаць Вам адразу, але ўсё хацеў паслаць зараз другую кнігу, а кніга ўсё не выходзіла, усё адкладалі. Зараз шлю Вам сваю [кнігу] — Капыскага пра гарады. Трэба сказаць, што негледзячы ні на што, мы рухаемся наперад і зараз стаім сярод людзей як роўныя з роунымі. У Мінску ў навуковых установах процьма розных дачок, пляменніц, сыноў розных вялікіх асобаў, але ёсць і такія, якія працуюць з усяе сілы і даюць вельмі добрыя вынікі.
На жаль, не магу Вам паслаць працу польскай даследчыцы Каменскай пра Урэчскую шкляную фабрыку. Гэта цэлая манаграфія, напісаная вельмі кваліфікавана (у палякаў наогул гістарычная навука стаіць на вельмі высокім узроўні, і яны пішуць рэцэнзіі на ўсе без выключэння артыкулы і кнігі, якія выходзяць у Беларусі і Літве). У Беластоку зараз палякі выпускаюць "Рочнік бялостоцкі", у якім друкуецца шмат матэрыялаў пра Беларусь, у тым жа выданні змяшчаюцца рэцэнзіі, шмат рэцэнзій яны змяшчаюць і ў другіх выданнях. Кнігі Каменскай не маю і сам.
Вітаю Вас, хаця і са спазненнем, з маем і з вясною. Збіраюся паехаць на з’езд пісьменнікаў у Мінск.
Гаўрылу Гарэцкаму ізноў надалі годнасць акадэміка, і ён у лютым ездзіў на сесію акадэміі.
М. Улашчык.
ЯЗЭПУ ДЫЛЕ
[1966 г.]
Дарагі Язэп Лявонавіч.
Быў вельмі рады атрымаць ад Вас прывітанне, бо Вы вельмі даўно не пісалі. Я за гэты час некалькі разоў быў у Мінску, бачыўся з новымі людзьмі, глядзеў некалькі новых спектакляў у тэатры ім. Купалы, у гэту восень упершыню паехаў у Вязынку. Месца там такое, што толькі там і радзіцца паэтам. Я прапаноўваў, каб у той Вязынцы наладзілі штогадовае святкаване Купалы, а разам і ўсебеларускае Купалле. Покуль з гэтага нічога не выходзіць, але калі такое надумаюцца рабіць, то лепшага месца, як Вязынка, не трэба і шукаць. На вялікі жаль, хату, у якой нарадзіўся Купала, сапсавалі: паклалі падлогу з дошак, разбурылі старую печ з падпечкам і зрабілі "культурную", абшалявалі хату, павесілі мяшчанскія фіранкі і г. д. Разбурылі таксама дом пана Замбрыцкага, у якога арандаваў зямлю бацька Купалы. Наогул, стараюцца.
У Мінску пачалі выдаваць кнігі пра выдатных беларускіх дзеячаў. Першаю ў гэтай серыі выйшла кніга А. Ліса пра Тарашкевіча. Ці маеце вы яе? Калі не маеце. то напішэце ці мне, ці, лепш, самому аўтару (на акадэмію ў Інстытут этнаграфіі). Кніга, праўда, даўно разышлася, але ў аўтара, можа, яшчэ ёсць. У Польшчы выйшла кніга 3. Каменскай аб Урэчскай фабрыцы. Памятаю спрэчкі — ІБК адносна прадукцыі гэтай фабрыкі. У кнізе Каменскай цікавы не толькі тэкст, але і ілюстрацыі, бо, здаецца, ні ў якой другой працы няма столькі малюнкаў прадукцый гэтай фабрыкі.
Наогул, беларуская літаратура, якая панесла столькі страт, зараз узнялася да такой вышыні, пра якую яшчэ гадоў 20 нельга было нават і марыць. Асабліва выдзяляюцца тры празаікі: Мележ, Быкаў і Брыль.
НІНЕ БЯЛЬКЕВІЧ
10 кастрычніка 1966 г.
Ніна,
здаецца ўчора пісаў табе, а сёння яшчэ раз.
Прачытаў у ЛіМе, што вышла кніга А. Ліса пра Тарашкевіча. Гэту кнігу мне купі абавязкова. У № 9 "Полымя" ёсць рэцэнзія на Быхаўца. Я выпісваю журнал, а Зімін (які напісаў рэцэнзію) — не. Будзь ласкава, купі гэты нумар і прышлі.
Напісаў у ЛіМ, што падтрымліваю ідэю стварэння этнаграфічнага музея і прапаную пачаць збор сродкаў (хацеў даць рублёў 100—150, каб падбухторыць акадэмікаў), а заміж таго ліст надрукавалі, а мне прыслалі 4,5 руб. ганарару.
ЯЗЭПУ ШНАРКЕВІЧУ
[1966 г.]
Дарагі Язэп Канстанцінавіч.
Мы такі сустрэліся з Вамі праз 47 год. Памятаю Вас маладым, у кароткім кажушку. Вы гаворыце, што свае мовы і свайго народа нельга саромецца, а трэба любіць, што мы такі ж народ, як і іншыя, што ў нас ёсць свая гісторыя. Усё гэта для нас, хлапчукоў, было надзвычайна новым і дзіўным, бо ўсё наша кароткае жыццё нас вучылі, што беларускасці трэба як мага скарэй пазбавіцца.
3 настаўнікаў школы, якія працавалі разам з Вамі, пазней спатыкаўся толькі з М. Гурскім, з якім у 1931 г. ездзіў у падарож. Да 1930 г. ён быў дырэктарам драматычнага тэатра (зараз тэатр ім. Купалы). Вельмі мала спатыкаў і сяброў па школе. Брат (стрэчны) з 1920 г. перастаў вучьщца. Першага па спіску ў нашым класе (я быў у трэцім класе) Адамчыка ў 20-я гады спаткаў у чыне лейтэнанта пяхоты, Белановіча ў чыне падпалкоўніка. Антон Чумак працаваў у маленькай газеце, дзе часам друкаваў свае вершы. Званок быў капельдзінерам у драматычным тэатры. Гэта, здаецца, і ўсё.
Зараз былая Багадзельная вул. завецца Камсамольскаю, яна забудавана вялікімі дамамі і ўпіраецца ў галоўны стадыён горада. Наогул Мінск за гэты час вырас у вялікі і прыгожы горад, але горад без мінулага, бо і тое малое, што было з гістарычных помнікаў, амаль цалкам знішчана.
Я ў 1924 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага універсітэта і скончыў яго ў 1929 г. Спецыялізаваўся па гісторыі Беларусі, пасля жыў шмат дзе, а з 1944г. знаходжуся ў Маскве, працую ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. У Вільню прыехаў першы раз у канцы 1946 г., а пасля быў часта, амаль кожны год і кнігу сваю напісаў у большасці па матэрыялах Віленскага архіва, але неяк не прыходзіла ў голаў шукаць там сваіх настаўнікаў. Пасылаю Вам сваю манаграфію, за якую атрымаў званне доктара гістарычных навук, у якой знаходзіцца нейкая частка і Вашай працы.
СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ
15 снежня 1966г.
Станіслаў Пятровіч.
Вітаю Вас з выхадам новай кнігі, а зараз дзякую, што прыслалі мне. Літаратурнае жыццё Беларусі ведаю такі кепска, на ўсё не стае. Найбольшае ўражанне на мяне зрабіла "Палеская хроніка" Мележа. Мне здаецца, што аўтара, які б так ведаў і так паказаў вёску, як Мележ, у Саюзе, можа, і няма.
Пісаць пра перажытае нам трэба, але шмат пра каго, што Вы спыталі, я ведаў зусім мала. 3 Бабарэкам ехаў ад Масквы да Вяткі і жыў там з тыдзень разам (1931 г.). А ў 1935 г., улетку, бачыўся яшчэ троха, але гэтага замала, каб сказаць што-небудзь, апрача таго, што ён быў вельмі разумны і прыемны чалавек. Зараз у Маскве жывуць яго жонка і адна дачка, а другая дачка — у Ленінградзе. Адрас, відаць, ёсць у маёй сястры Ніны (Кахоўская, д. 28, кв. 65).
3 Пічэтам у тыя гады ў Вятцы бачыўся адзін раз і таму таксама нічога сказаць не магу, хіба што ён быў нарміроўшчыкам нейкай кааператыўнай гаспадаркі. Зараз у Маскве жыве яго жонка, але яна пісаць нічога не будзе. Часта спатыкаўся я з Пічэтам у 1944—1947 гг., жывучы ў Маскве. А. Ліс прапанаваў нават мне напісаць невялікую кнігу пра Пічэту, але ў мяне зараз выйшла так, што я не паспяваю са сваімі планавымі заданнямі, і таму адмовіўся.
У 1931 г., у самым пачатку жнівеня, Азбукін, Гурскі (дырэктар тэатра), Міцкевіч (пэўна, таксама Ваш настаўнік, матэматык) і яшчэ некалькі выехалі з Вяткі, каб ехаць на поўдзень сучаснай Кіраўскай вобласці. Мы даехалі чыгункаю да Кацельніча, дзе спаткаліся з Савічам (той, што працаваў У "Беларускай вёсцы") і Жылкам, які пад той час прыехаў з Мінска. У Кацельнічы мы думалі-думалі, як ехаць, а ўрэшце зрабілі так, як там рабілі тубыльцы: купілі вялікую лодку і паплылі. Плылі 6 ці 7 дзён, адзін раз ледзьве не ўтапіліся (нас зганяла пад плыт), але ўрэшце даехалі.
Я з Азбукіным жыў у горадзе Налінску (гэта 20 км ад р. Вяткі), а цераз Вятку км за 60 ад нас, у Уржуме, жыў Жылка. Азбукін неяк адразу пасля прыезду стаў настаўнікам у школе сялянскай моладзі, дзе выкладаў прыродазнаўства, а пазней быў адначасова і загадчыкам краязнаўчага музея. 3 вясны па зіму 1932 г. ён збіраў гербарый і сабраў нешта 600 розных раслін. Гэта ўсё знаходзілася ў музеі, а пасля яго ад’езду ў Вятку (1933 ці 1934 г.) гербарый аддалі карове. У Вятцы Азбукін таксама быў настаўнікам і троха займаўся навуковымі доследамі, але гэта было так сабе, бо друкаваць было немагчыма, нават каб што і добрае.
У Вятцы (ці ў той час ужо ў Кіраве) ён прабыў, здаецца, да лета 1936 г., а пасля пераехаў у Ульянаўск, які тады быў яшчэ раёнам. Там ён таксама пачаў працаваць у сярэдняй школе выкладчыкам геаграфіі і зноў збіраў гербарый і розных казюрак, рабіў невялікія экскурсіі каля горада (за Волгаю там пачынаецца стэп), пасябраваў з дырэктарам музея, але ўсё гэта было ізноў толькі так сабе, бо сапраўды навуковаю працаю займацца было нельга.
Улетку 1937 г. я паехаў уніз па Волзе і спыніўся ў сяле на граніцы з Казахстанам, а Азбукін рушыў далёка на ўсход і даехаў да Таджыкістана, дзе і загінуў у пачатку вайны.
Старэйшая яго дачка, казалі мне, працуе ў Ленінградскім універсітэце, але яна мала ведала бацьку (прыязджала троха ў Налінск і Ульянаўск), тым болей, што яе бацькі разышліся, калі яна была малая. Другая дачка (ад другой жонкі), казалі, працуе недзе каля Разані садаводам, але яна была зусім малая, калі загінулі бацькі. I пэўна, таксама нічога не памятае пра бацьку. У жыцці Азбукін быў тое, што завецца "лёгкі" чалавек, звычайна, у добрым гумары. Ён шмат што ведаў і быў бы, пэўна, добрым вучоным.
3 Максімам Гарэцкім спатыкаўся толькі некалькі разоў, і сказаць пра яго няма чаго.
3 вясны 1931 па 1936 ці 1937 г. у Вятцы жыў Н. Чарнушэвіч. Але ж ён жыве ў Мінску, і найлепш было б зайсці да яго самога, тым больш што ён хворы і бывае надта рады, калі да яго хто зойдзе. Можа, як дзіва для Вас скажу, што ён адзін час быў дацэнтам фізікі ці біяфізікі ў Вяцкім (здаецца, ветэрынарным) інстытуце. Каб весці заняткі, ён працаваў не менш як 20 гадзін у суткі. Скончылася гэта тым, што ў яго сталіся глыбокія каверны, і дактары ў 1932 г. сказалі, што ён праз месяц ці два памрэ. Працу ён, ведама, пакінуў, але, зарабіўшы грошай, наказаў насіць сабе малака і штодня па кавалку масла. Піў гарачае малако з маслам, і вось жыве да гэтага часу.
3 Уржума некалькі разоў званіла мне жонка Жылкі. Яна пакінула яго прыблізна ў чэрвені 1932 г. і паехала ў Ленінград (прыехала ў Уржум у верасні 1931 г.). Жылка прысылаў мне свае апошнія вершы і пераклады са скандынаўскіх паэтаў. Прыслаў і свой "Тэстамент", з якога памятаю толькі адзін радок: "Умыйся чэрвеньскім дажджом, жыві, расці, цвіці бясконца".
Усё гэта ў свой час загінула. Відаць, ніхто не ведае нават, дзе яго магіла. У студзені (здаецца) 1933 г. яму дазволілі паехаць у Крым, але ён быў зусім хворы, жыў адзін і выехаць не мог. Памёр, пэўна, увесну 1933 г. Казаў пра сваю маленькую дачушку, якая, здаецца, гадавалася ў яго маткі. Можа, праўда, што і блытаю, бо было вельмі даўно, але прыезд і ад’езд жонкі памятаю добра.
Гурскі і Міцкевіч у 1933 ці 1934 г. прыехалі ў Вятку, дзе Міцкевіч скора памёр. Вось пакрысе тое, што памятаю.
Улашчык.
СЦЯПАНУ АЛЕКСАНДРОВІЧУ
13 мая 1967 г.