Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.



Главная
Все книги
Назад
Читать: Лісты - Мікалай Улашчык на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

Дарагі Сцяпан Хусаінавіч.

Па-першае, пра гісторыю беларускага друку і Ваш артыкул. Пасля тае рэцэнзіі, якую далі Шабуня і Абэцадарскі на арты­кул Вашага папярэдніка, іншага і чакаць было нельга. Я думаю, нават упэўнены, што рэцэнзенты калі і чыталі што з "Нашай нівы", то выпадкам асобныя нумары. Ды ім больш нічога і не трэба было, бо яны і так усё, што трэба, ведалі наперад. Таму мне здаецца, калі бераце такую вялікую тэму, то трэба ўзяць "Нашу ніву" — толькі як нейкі асяродак, стрыжань, і паказаць, што яна ўяўляла сабою сярод іншых віленскіх выданняў таго часу (1905-1914).Перабіраючы "Памятные книги" Віленскай губерні за гэтыя часы, я быў здзіўлены, убачыўшы, колькі перыядычных выданняў выходзіла ў той час у Вільні. Большасць з іх была выразнага, нават занадта выразнага, рэакцыйнага напрамку, у тым ліку і розныя "беларускія" выданні. Віленскія выданні разыходзіліся не толькі па Беларусі і Літве, але і далёка далей, і калі б Вы ўзяліся за гэту тэму, то, пэўна, выйшла б цікавая і вялікая праца.

Праўду кажучы, гаворачы пару месяцаў назад з дзеўчынаю, якая шукала сабе тэмы па гісторыі друку, я параіў ёй таксама звярнуцца да віленскага друку таго часу, але ёй трэба ўсяго напісаць дысертацыю, а Вам — вялікую працу. Таму, калі яна нават узялася за гэта, Вы пэўна адзін другому пярэчыць не будзеце.

Адносна друкавання Вашага артыкула тут. Пра часопісы сказаць нічога нельга. Мой артыкул пра колькасць пісьменных у Беларусі зацверджаны да друку гады паўтара назад, і калі выйдзе — невядома. Тое ж самае і ў іншых часопісах (мой ляжыць у "Истории СССР"). Зараз у нас увесь час ідуць размовы, што мы занадта прысталі да сацыяльна-эканамічных праблем і зусім закінулі пытанні культуры, таму мажліва будзе падбірацца які-небудзь зборнік, у які можна будзе пусціць і Ваш артыкул. У нас яшчэ даволі часта выходзяць зборнікі ў пашану каго-небудзь, але туды прымаюць не больш 12—15 старонак.

У 1958 г. эстонцы арганізавалі ў сябе першы сімпозіум па аграрнай гісторыі, і з таго часу сімпозіумы збіраюцца штогод, і ў "Ежегодниках" за гэты час надрукавана значна больш артыкулаў, чым у самой Беларусі. Варта таму ўзняць пытанне, каб наладзіць прыблізна такія сімпозіумы па справах культуры. Пра гэта буду гаварыць тут — дзе толькі можна. Наогул, калі будзе магчымасць куды-небудзь прыладзіць Ваш артыкул, паведамлю.

Цяпер пра Смаргонь. У мяне неяк пыталі пра тое ж самае пісьменнікі, і я сказаў, што нічога парадзіць не магу, усё, што ведаю, не выходзіць далей анекдотаў. У 1831 г. Смаргонь на­лежала Пшаздзецкім, ад якіх была канфіскавана дзяржаўнымі органамі. Калі набылі яе Пшаздзецкія — зараз не памятаю, але калі будзеце шукаць у Радзівілаў, то майце на ўвазе і гэтых уласнікаў. Між іншым, Радзівілаўскія фонды ёсць, апрача Мінска, яшчэ ў Ленінградзе (гляньце артыкул Копреевой у "Тру­дах" Бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына (том V (8), у Вільні, у Львове, а можа, і яшчэ дзе (не кажучы пра Польшчу).

Смаргонь была не адзіным такім цэнтрам, бо мядзведзяў на Беларусі вучылі яшчэ ў Семежаве (пра гэта, здаецца, ёсць у матэрыялах, якія знайшоў П. Казлоўскі з Інстытута гісторыі), а пэўна, і яшчэ дзе. Мы так кепска ведаем сваю гісторыю, што можам знайсці ў архівах самае незвычайнае.

Я паставіў сабе зараз тэмаю даследаванняў крыніцы па гісторыі Беларусі (не падручнік, але манаграфічнае распрацаванне) і думаю, што гэтага мне стане да смерці, тым больш што зараз рыхтую да выдання беларускія хронікі.

Улашчык.

СТАНИСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ

15 чэрвеня 1967 г.

Станіслаў Пятровіч.

У № 47 "ЛіМа" змешчаны артыкул пра Пічэту. Я прачытаў яго па тэлефоне жонцы Пічэты, якая была вельмі ўзрушана і прасіла, каб як-небудзь здабыць гэты нумар. Калі будзе магчымасць, прышлеце газету на маё імя, бо яна скора едзе некуды на курорт.

Атрымаў ліст з Дзяржынска са спасылкаю на Вас. Папраўдзе сказаць, я не ўразумеў, што яны хочуць? Пэўна ж, каб напісаў пра Койданаў, а ў лісце напісана — нібы просяць успамінаў.

Койданаў быў некалі сталіцаю Койданаўскага графства і належаў Радзівілам, а з 30-х гадоў XIX ст. перайшоў да Вітгенштэйнаў. У архіве Радзівілаў у Мінску, пэўна, ёсць інвентары і іншыя матэрыялы пра Койданаў. Самае лепшае было б, калі б за гэта ўзяўся які-небудзь настаўнік з самога Дзяржынска. Кадры павінны расці на мясцох, як гэта было некалі.

Між іншым, пра Койданаўскі замак (што ён разбураецца) я пісаў у "Савецкай Беларусі" ў 1926 ці 1927 г.

Улашчык.

У РЭДАКЦЫЮ ГАЗЕТЫ "СЦЯГ КАСТРЫЧНІКА"

19 чэрвеня 1967 г.

Дарагія землякі.

Я столькі раз гаварыў рознаму начальству, што ў нашым друку трэба адчыніць аддзел краязнаўства (раз у тыдзень ці нават раз у месяц даваць краязнаўчую старонку), што мне вельмі прыемна было атрымаць ад Вас ліст, у якім Вы прапануеце напісаць пра мінулае Дзяржыншчыны.

Па нашых правілах, перш чым пачнеш пра што-небудзь пісаць, трэба абавязкова раней прачытаць усё, што было напісана раней. 3 гэтага я і пачну, бо пра Койданава ёсць цікавая літаратура.

Я, праўда, ніколі спецыяльна не займаўся гісторыяй Койданаўшчыны, але некалькі артыкулаў чытаў. Самы грунтоўны з гэтых артыкулаў напісаў яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя А. Ельскі, пан з Ігуменшчыны, які пісаў шмат артыкулаў, змешчаных у польскім друку, па гісторыі і гісторыі мастацтва Беларусі. Ельскі быў пан, католік, паляк, і ўсё, што ён пісаў, носіць на сабе вельмі выразны адбітак усяго гэтага, але фактычны бок справы ўсё роўна застаецца.

Пра Койданава ён надрукаваў вялікі артыкул у польскім геаграфічным слоўніку. Слоўнік гэты павінен быць у Мінску у Дзяржаўнай бібліятэцы. Пачынаецца гісторыя скрозь з апавядання аб тым, што пад Койданавым сіламі Заходняй Беларусі і Літвы былі ў першы раз разбіты татары, якімі камандаваў Кайдан, адкуль і пайшла пазва. Гэта версія існуе ва ўсіх беларускіх і часткова ўкраінскіх хроніках, але сучасныя даследчыкі, у прыватнасці, палякі, адносяцца да гэтай весткі скептычна. Другая вялізная бойка ў XIII ст. адбылася каля Магільнага на Немане (пэўна, гэта ўжо не Дзяржыншчына).

У 1550 г. Койданава з усёй ваколічнай зямлёй і насельніцтвам вялікі князь літоўскі Жыгімонт аддаў Радзівілу, і ў той час было створана Койданаўскае графства, якое існавала да 1831 г., калі мястэчка перайшло да скарбу, а ваколічныя вёскі (Самуэлева, Віцкаўшчына, Рубяжэвічы і інш.) скора пасля 1831 г. перайшлі ад Радзівілаў да Вітгенштэйна, які, ажаніўшыся на Стэфаніі Радзівіл, забраў сабе (як пасаг) большасць уладанняў Радзівілаў.

Да сярэдзіны XIX ст. у Койданаве існавала друхгадовая школа, заснаваная ў 1641 г. князем Багуславам Радзівілам, і, такім чынам, Дзяржынск адносіцца да тых мястэчак Беларусі, якія маюць вельмі даўнія традыцыі навучання.

Па прывілею 1588 г. у Койданаве былі заснаваны базар у нядзелю і два кірмашы, адзін на Юр’я (23 красавіка), а другі на 1 кастрычніка. Пра базары ў нядзелю ў Койданаве і пра кірмашы я яшчэ крыху памятаю сам, але, пэўна, у мой час кірмашы былі ўжо невялікія, бо галосная чутка ішла толькі пра кірмашы ў Міры (на Уласа і на Міколу).

У тым самым "Слоўніку" можна знайсці звесткі амаль пра кожную вёску Дзяржыншчыны, але вельмі кароткія.

Другое выданне, дзе ёсць розныя даведкі, завецца так: "Рос­сия: Полное географическое описание нашего отечества. Верх­нее Поднепровье и Белоруссия", т. IX, СПб., 1905 г. У гэтым томе звестак значна менш, чым у "Слоўніку", але і там ёсць кароткія звесткі пра розныя вёскі.

У 1927 ці 1928 г. у часопісе "Наш край" (выдаваўся ў Мінску) быў змешчаны артыкул пра Койданава (Шпілеўскага і Бабровіча), у якім часткова былі скарыстаны старыя матэрыялы, можа, і таго самага Ельскага, але яны дадалі новых, у прыватнасці, пра тое, як Койданава абвясціла сябе ў 1920 г. рэспублікаю. Шпілеўскі, між іншым, сам быў з Койданава.

Трохі пра Койданава пісаў і польска-беларускі пісьменнік Сыракомля (Кандратовіч) у сваёй кнізе "Вандроўкі па маіх калісьці ваколіцах", але наогул там пераважна пра Нясвіж і пра Радзівілаў.

Гэта тое, што я сам чытаў пра Дзяржынск і што надрукавана, але ў архівах ляжыць вялікая колькасць матэрыялаў, якіх у большасці ніхто не кратаў, а калі кратаў, то нічога не друкаваў. Паколькі Койданава некалі належала Радзівілам, а архіў гаспадарчы і зараз знаходзіцца ў Мінску, то там і трэба шукаць (ці пытацца) і у першую чаргу шукаць інвентары (апісанні, якія рабіла, і даволі часта, княжская адміністрацыя). У перыядычным друку XX ст. таксама, пэўна, ёсць артыкулы ці карэспандэнцыі з Койданава, але шукаць іх трэба спецыяльна.

У 1926 ці 1927 г. невялікую нататку пра Койданаўскі замак (што яго надта кепска ахоўваюць ці, лепш кажучы, добра руйнуюць) у "Савецкай Беларусі" змясціў і я. У тыя часы мы некалькі раз прыязджалі ў Койданава з супрацоўнікамі "Беларуская вёскі" (А. Матусевіч, I. Савіч), і карціна Койданава таго часу ў мяне стаіць перад вачыма.

Цяпер пра тое, калі і хто павінен пісаць пра ўсё гэта. Самае лепшае, каб у час знайшоўся свой гісторык, ці географ, ці эканаміст, які б пачаў пісаць пра свой горад, тым больш што, як Вы пішаце, у горада добрыя перспектывы (я толькі не ведаю, як будзе ў Вас з вадою, бо пэўна ж, апрача Усы, рэчкі бліжай няма). Пра Дзяржынск можна напісаць добрую і цікавую кнігу, але ж гэтым трэба займацца спецыяльна, перш за ўсё скарыстаць матэрыялы Радзівілаўскага архіва. Зараз у кожным горадзе ёсць людзі са спецыяльнай вышэйшай асветай, і трэба толькі, каб хто-небудзь даў штуршок.

Пад Койданавам у Дзягіне (ці Дзягільне) некалі капалі крэйду, недзе каля Койданава (ці ў самым Койданаве) былі знакамітыя ткачыхі, якія ткалі прыгожыя абрусы, былі ў Койданаве кірмашы, была страшная вайна. Перш за ўсё трэба запісаць ад людзей, што яны памятаюць, каб не страцілася, а самае цікавае друкаваць. Прашу пісаць далей.

М. Улашчык.

ЕЖЫ АХМАНЬСКАМУ

10 кастрычніка 1967 г.

Глубокоуважаемый коллега.

Получил Вашу "Историю Литвы", и сразу прочитал ее. Поздравляю Вас с выходом такой сложной работы, а вместе приношу благодарность за ее присылку. Написание подобной книги требует капитального знания большого круга источни­ков и литературы и вообще очень широкого кругозора автора. В своей работе Вы затронули многие из тех вопросов, которые у нас совершенно не освещены, в частности, ничего нет о наци­онально-культурном возрождении литовского народа. В об­щем, чтение Вашей книги было не только полезным, но и до­ставило много удовольствия.

Вы спрашиваете, что мне нужно из книг. Долгое время я не мог достать некоторыя из томов "Библиографии гисторыи Польски" и "Нового Корбута", но этим летом мне прислали все недостающее из Ленинграда. Мне бы хотелось достать книгу 3. Каменской о мануфактуре в Уречье и Длугоша в польском переводе, но говорят, что это почти невозможно.

Посылаю Вам сборник статей, в котором помещена работа о Хронике Быховца, а также автобиографические записки Н. М. Дружинина, крупнейшего советского историка.

"Рочники" еще не получил.

Еще раз примите мою благодарность за присланную книгу.

Н. Улащик

НІНЕ БЯЛЬКЕВІЧ

21 кастрычніка 1967 г.

Ніна.

Каб не выпісваў "ЛіМ", то і не ведаў бы, што Сіманоўскі памёр. Перажыў гэту смерць, як страту вельмі блізкага чалавека. Не спатыкаў яшчэ чалавека, які б так самаадцана працаваў, быў бы такім практычным работнікам, а разам з тым так мала ўвагі аддаваў уласным інтарэсам. Цяпер вельмі шкада, што не зайшоў да яго перад ад’ездам. Чакаў, што напішуць Ю. 0. ці Шушкевіч, але ніхто не напісаў, апрача цябе.

Мы неяк гаварылі ў сябе, што Саша, пэўна, ужо прысла­ла табе некалькі лістоў, аж няма ніводнага. Пэўна, палохацца няма чаго, бо покуль аглядзіцца, прыехаўшы, пройдзе нямала часу. Мы тут з вакзала заехалі да нас, паснедалі, Саша троха адпачывала, а пасля паехалі на вакзал і пасадзілі ў вагон за паўгадзіны да адыходу.

Патроху ўцягваемся ў работу, бо першыя дні было проста цяжка сядзець за сталом. Можа, нішто так не прыліпае да ча­лавека, як гультайства. Заўтра Наташа едзе ў Ленінград — будзе там даводзіць сваю працу. Часу ёй далі мала — толькі тыдзень, які ў яе застаўся ад адпачынку, інакш кажучы, не далі зусім. Набытае ў Каралішчавічах здароўе вельмі скора расходуецца.

Паслаў "Курган" Купалы Дылу. Ён быў расчулены. Гарэцкі павінен быць у Мінску, абяцаў паклапаціць пра слоўнік. Саша зараз сядзіць так, як яшчэ не сядзеў ніколі, нават на экзаменах, але да Вас у госці збіраецца. Юзіка прапісалі ў Маскве на год, і ён таксама збіраецца прыехаць на свята ў Мінск. Пра забарону ўезду ў Маскву, пэўна, плёткі, ва ўсякім разе, я не чуў. Грошы Олі за посцілку перадам праз таго, хто прыедзе, або вышлю пераводам, калі нікога не будзе. Аўтарэферату Чамярыцкага я яшчэ не атрымаў, з чаго вынікае, што абарона будзе, відаць, не раней снежня.

Калі зможаш, дастань мне "Нёман" (№ 9), дзе змешчана тая рэцэнзія. Тут "Нёмана" не дастаў. Прывітанне Вам усім ад Наташы.

М. Улашчык.

ЗОСЬЦЫ ВЕРАС

[1967 г.]

Шаноўная Людвіка Антонаўна.

Ю. О. Бібіла пісала мне, што ў Вас ёсць розныя матэрыялы пра бежанства. Гэта старонка нашай гісторыі ўсімі забытая, і я хацеў узняць да яе цікавасць. Покуль што з гэтага мала што выходзіць, бо трэба ўкласці шмат часу, каб зрушыць справу з месца. Між іншым, я гаварыў тут (Інстытут гісторыі Акадэміі навук СССР) адносна таго, каб даць каму-небудзь з супрацоўнікаў такую тэму, і кіраўнік сектара згодзен, але кажа, каб я падрыхтаваў матэрыял, сказаў, дзе ёсць архіўныя фонды і літаратура, па якіх можна было б пачаць працу. Па апублікаваных матэрыялах ведаю, што у Томскім архіве ёсць спецыяльны бежанскі фонд, пэўна, такія ж фонды ёсць у другіх архівах, але не выдзелены асобна і таму не паказаны ў даведніках.

Тыя дакументы, якія знаходзяцца зараз у архівах, ужо нідзе не дзенуцца, іх раней ці пазней знойдуць даследчыкі, але мне хацелася арганізаваць збор матэрыялаў ад жывых людзей, якія зараз ужо старыя і якіх штогод робіцца ўсё менш. Хацелася запісаць ад іх — дзе яны былі ў бежанстве, што рабілі, як вярнуліся дахаты і што там знайшлі. Для гэтага трэба наперад дамовіцца з кіраўнікамі газет ці часопісаў, каб было дзе друкаваць хоць частку сабранага матэрыялу. Покуль што на гэта надзея вельмі слабая, інакш кажучы, няма магчымасці хадзіць у Мінску па ўстановах і дамаўляцца там.

У нейкай меры справа была б зрушана, каб каму-небудзь з даследчыкаў Мінска можна было даць такую тэму і яму даручыць усю арганізацыйную справу. Але з гэтага нічога не выходзіць. Аднак і пры такіх умовах я прасіў бы Вас паведаміць, што Вы ведаеце пра бежанскія матэрыялы, бо калі-небудзь спра­ва дойдзе і да іх.

3 пашанаю

М. Улашчык.

Москва А-252, Новопесчаная, д. 21, кв. 19.

ЮЛІІ БІБІЛА

22 лютага 1968г.

Юлія Осіпаўна.

Троха хварэю, троха залішне шлюць мне рукапісаў, таму да гэтага часу не пісаў яшчэ Сівіцкай (напішу сёння), не пісаў і Вам. Я здабыў том IV "Записок северо-западного отдела Рус­ского географического общества", а паколькі адзін экз. гэтага тома ў мяне ўжо ёсць, магу даслаць яго ў Мінск. Прашу Вас — даведайцеся, ці патрэбен гэты том Дзяржаўнай ці Акадэмічнай бібліятэцы. Ёсць у мяне таксама адзін нумар "Савецкай краіны" за 1932 г. Таксама магу пераслаць.

Адна з тутэйшых гісторыкаў (пэўна, з Мінска) пытала мяне: якое гэта выданне на гектографе, падпісанае Данило Боровик? Выданне беларускае, выйшла не за граніцаю, але ў XIX ст. не­легальна ў Расіі. Ці няма ў Вас якіх звестак пра яго?

Шушкевіч прыслаў запрашальны білет на свой юбілей. Шка­да, што не змог прыйсці, бо гэта вельмі сімпатычны чалавек.

Віншую Вас з выбарам Абэцадарскага членам-карэспандэнтам Акадэміі педагагічных навук. Пры такім складзе педагогіка, ведама, пойдзе далёка.

Прывітанне маім на Кахоўскай. Пішуць яны рэдка. Улашчык.

ЗОСЬЦЫ ВЕРАС

17 сакавіка 1968 г.

Шаноўная Людвіка Антонаўна.

Некалькі дзён таму назад меў размову з рэдактарам нашага галоўнага часопіса "История СССР". Пытаў яго пра магчымасці друкавання артыкула пра бежанцаў. Ён адразу ўхапіўся за гэта (ніхто не ведае зараз, што такое бежанства), сказаў, што з ахвотаю будуць друкаваць (гэта яшчэ не азначае, што скора надрукуюць), але паставіў умову. Па-першае, у артыкуле павінны быць узняты агульныя праблемы бежанства (якія прычыны, колькі выселілі, куды паехалі і г. д.). Па-другое, каб адзначыць, якое значэнне меў зварот бежанцаў на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Скарыстаць гэту магчымасць неабходна, бо калі ў "Истории СССР" будзе змешчаны артыкул, то гэта знойдзе водгук, тым больш я пастараюся даць прыпіску, што гэты артыкул павінен узрушыць цікавасць да бежанства і стаць пачаткам збору матэрыялаў.

Не ведаючы зместу тых Вашых артыкулаў, якія знаходзяцца ў "Полымі", паведамляю Вас аб размове з рэдактарам. Калі Вашы артыкулы не адпавядаюць вымаганням рэдакцыі, ці не можаце Вы перапрацаваць які-небудзь з іх, а калі Вы не можаце, то, можа, ёсць хто другі? Штурхаць іх тут, у рэдакцыі, буду я, хаця, як адзначаў, спадзявацца, што гэта адбудзецца скора, нельга.

Думаў, што ў сярэдзіне сакавіка буду ў Мінску, а зараз заехаў бы і ў Вільню, але гэта справа ўсё адкладваецца.

Улашчык.

ВЕРЫ ПАЛТАРАН

18 красавіка 1968 г.

Дарагая Вера Сямёнаўна.

Прачытаў Ваш "Дзівасіл" і быў узрадаваны і ўзрушаны. Нарыс такой сілы, такога таленту. Мастацкі нарыс у абарону народнага мастацтва, у абарону разумных людзей, нарыс проці тупога стандарту.

Я быў у Тонежы ў 1927 г. у складзе студэнцкай краязнаўчай экспедыцыі, арганізаванай Беларускім універсітэтам. Быў у Тураве, Азяранах, Перарове, Рычове, Тонежы, Букчы, Обзаве і Радзілавічах.

3 іх усіх Тонеж быў самы прыемны, а Радзілавічы рабілі цяжкае ўражанне. Тонеж і другія месцы фатаграфавалі, але зараз не засталося нічога. Памятаю толькі, што ў Тонежы фатаграфавалі вельмі прыгожую дзяўчыну Мялаху Жураўскую, а з ёю яшчэ дваіх дзяўчат ці то маладых жанчын (у той час у Тураўшчыне дзяўчына ў 20 гадоў лічылася старою).

Вітаю Вас з мастацкім, таленавітым, разумным нарысам. Мне здаецца, такога нарыса ў беларускай літаратуры я не спатыкаў.

М. Улашчык.

Москва А-252, Новопесчаная, д. 21, кв. 19.

ЗОСЬЦЫ ВЕРАС

20 мая 1968 г.

Шаноўная Людвіка Антонаўна.



Поделиться книгой:



Регистрация