СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ
28 кастрычніка 1961 г.
Станіслаў Пятровіч.
Вялікае дзякуй Вам за зборнік. Прачытаў яго, як кажуць, не сыходзячы з месца. Мне больш за ўсё спадабаліся вершы пра Сямашку і "Балаголы". Вы надта добра перадаеце ўражанні, якія ў нас засталіся ад нашых дзіцячых гадоў.
Стала з беларускае літаратуры чытаю толькі "ЛіМ". Кнігі хаджу праглядаць у магазін, а часопісы бяру за некалькі месяцаў у бібліятэцы. Не маю нават у сябе твораў Купалы, бо ўсё хачу знайсці выданне 1925—1926 гг.Чытаў палеміку пра "Ростані". Я, як толькі ўбачыў афішу, што гэты фільм ідзе ў кіно, адразу пайшоў браць білеты. 3 самога юнацтва засталося нешта надта харошае ў памяці, калі чытаў гэту аповесць першы раз. Прыйшоў, але выседзець змог толькі хвілін 10-15. Мяне неяк пачало круціць, гледзячы на такое калецтва. На другую серыю не пайшоў і, пэўна, не пайду. Калі там філосаф падлічыла, што фільм праглядзелі 800 тыс. чалавек, то няхай мае на ўвазе, што вялікая колькасць глядачоў (як і я) уцяклі, не дачакаўшыся канца.
Улашчык.
СЦЯПАНУ АЛЕКСАНДРОВІЧУ
З лістапада 1961 г.
Сцяпан Хусаінавіч.
Дзякуй Вам за кнігу. Трэба сказаць, што, жывучы тут, даставаць беларускую літаратуру цяжка. У самой Маскве кнігі прадаюцца неяк выпадкам, а даставаць з Мінска таксама нялёгка, бо проста не ведаеш, што выйшла, а калі даведаешся, то ўжо позна. Добра, што засталося троха знаёмых, якія і перасылаюць сёе-тое, але іх турбаваць не заўсёды хочацца.
У мяне некалькі заўваг адносна Вашых артыкулаў. На Наваградчыне (так завуць свой край самі наваградчане) процьма Чэчатаў, а іх у літаратуры заўсёды завуць Чачотамі. Можа, Вы зламаеце гэту традыцыю?
Па-другое, пра Залескага. Праўда, ён быў блізкі Шаўчэнку чалавек, праўда, ён ненавідзеў царызм, але ж ён быў членам- экспертам у Рэдакцыйных камісіях, калі выпрацоўваўся праект адмены паншчыны, і там ён змагаўся за самы рэакцыйны праект, змагаўся нават тады, калі не было ніякая сэнсу змагацца, бо праект Рэдакцыйных камісіяў пайшоў ужо на зацвярджэнне.
Значыцца, Залескі рабіў гэта ўжо для гісторыі, каб паказаць, што ён змагаўся да апошняга, а там будзе бачна. Гэты ж самы Залескі напісаў першую гісторыю адмены паншчыны на Беларусі (ён з ганьбаю адкідаў назву Беларусь, лічачы яе Літвою, а Літву — толькі адною з трох правінцыяў Польшчы), у якой выказаў увесь свой жаль з прычыны таго грабежніцтва, якое ўчыніў урад над панамі.
У адным з артыкулаў я троха сказаў пра гэту дзейнасць Залескага. Прыслаць яго Вам не магу, бо друкаваў ужо даўно. Калі Вы цікавецеся гэтаю справаю, то вазьмеце "Исторические запискі", т. XXXIII. М.. 1949 — "Подготовка крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии".
Улашчык
НІНЕ БЯЛЬКЕВІЧ
24 лістапада 1961 г.
Ніна,
я пісаў у Маладзечна Каханоўскаму пра пасцілкі. Ён адказаў, што найлепшыя ткуць на Случчыне і каля Багушэвіч. Наогул, калі што будзе вартае, то паведаміць. У іх вельмі чакаюць кнігу пра Тарашкевіча. Калі можаш дастаць пару экз., то пашлі яму (Палярны зав., д. 1).
Можа, дастанеш мне кнігу Штыхава і Лысенкі "Самыя старажытныя гарады Беларусі".
[...] Усё чытаю свой летапіс. Ён надта складаны. Пішу пісьмы тым, хто даў кнігі.
Польскую бібліяграфію, ад якой зрокся ў Мінску, не шлюць ніадкуль.
ЮЛІІ БІБІЛА
21 сакавіка 1962 г.
Сёння гаварыў з акадэмікам Тихомировым. Ён хоча сваю калекцыю рукапісаў передаць у Новасібірск, але сярод іх ёсць беларускія і ўкраінскія. 3 беларускіх ён назваў евангелле, пісанае ў канцы XIV ст. у Друцку і евангелле, пісанае ў Мінску ў XVI ст. Вядома, што ўсё гэта трэба было б аддаць у Мінск, але каму і куды? У Віцебску ўзарвалі царкву XII ст., у Мінску разбурылі замчышча. 3 гэтага ён робіць зусім разумны вывад, што ў Беларусі да помнікаў культуры адносяцца па-варварску. Я нават не мог сказаць яму, ці ёсць у Дзяржаўнай бібліятэцы рукапісны аддел, ці ёсць там умовы для захавання рукапісаў, хто ведае аддзелам, калі ён ёсць, і г. д. Ён упэўнены, што ў Беларуси ёсць шмат нявыяўленых рукапісаў, а шукаць і набываць няма каму, бо няма спецыялістаў і ніхто гэтым не цікавіцца. Калі ён спытаў у мяне, хто там спецыяліст, дык і я не ведаў. Можа, іх і праўда няма.
Будзьце ласкавы, не адкладаючы, напішыце мне пра ўсё гэта. Пэўна, трэба пагаварыць з Сіманоўскім. Покуль што нічога пра гэта не гаварэце, каб не зрабілі якога-небудзь нетактычнага запытання. Ён гэтага надта не любіць.
У пачатку мая я прыеду ў Мінск працаваць у архіве, але было б лепш, каб Вы маглі напісаць мне, пака я буду яшчэ тут.
ЮЛІІ БІБІЛА
8 чэрвеня 1962г.
Юлія Осіпаўна.
У Гродне ў архіве я знайшоў тэстамент Касцюшкі, падпісаны ў Швейцарыі, якім ей даваў вольнасць сваім падданым у Кобрынскім павеце. Тэстамент гэты фатаграфаваны некалькі раз, але я не бачыў, каб хто-небудзь яго ў нас надрукаваў (змест быў надрукаваны ў польскай газеце яшчэ ў 1817 г., праз некаторы час пасля падпісання).
Знайшоў там і матэрыялы пра Крошына і пра Багрыма. Гэга таксама вядомыя матэрыялы, але верш, з-за якога там усе закруцілася, я нідзе [раней] не бачыў; можа, гэта з-за таго, што не ўсе ведаю. Верш гэты Багрым прачытаў чыноўніку, які прыехаў наводзіць у Крошыне парадкі, і які так здзівіў чыноўніка, што той папрасіў Багрыма запісаць яго. Следству не ўдалося даведацца, хто быў аўтарам, але пэўна гэта не Багрым, бо ў той час ён быў зусім хлопчыкам. Напісаны верш на навагрудскай або слонімскай мове (панэ, барэ). Па змесце вельмі падобна на "Мужыцкую праўду": заклік да знішчэння паноў і ўсхваленне старой Польшчы, нават заклік да барацьбы за аднаўленне Польшчы.
Думаю, што з-за гэтай самой Польшчы верш надрукаваць у Мінску будзе цяжка, хаця яго рэвалюцыйны дух бясспрэчны. Што ў такім разе рабіць? У манаграфіі я перакажу змест і дам каментарыі, але гэта не тое, што трэба. Верш напісаны, пэўна, у 1812 г., адразу пасля прыходу французаў, покуль тыя яшчэ не даліся як след у знакі, і таму аўтарам не можа быць Багрым.Беларуская літаратура таго часу такая бедная, што ўсякая знаходка цікавая. Вы лепш ведаеце ўмовы і, можа, параіце мне, што рабіць? Я думаў пісаць Сцяпану Александровічу, але пасля вырашыў напісаць раней Вам.
У Навагрудку не быў. У нядзелю ездзіў у Самахвалавічы: некалі мы з Нінай там вучыліся. 3 Гродна таксама не мог дабрацца ў нядзелю, бо далёка, а на таксі дорага, да таго ж і грошы канчаліся.
У Мінск едзе Бялькевіч — той, што жыў з Янкам, пляменнік. Ён вайсковы інжынер і нашымі справамі не цікавіцца. 1 ліпеня едзем усёю хатаю у Палангу на 17 дзён.
Улашчык.
КАНСТАНЦІНУ ШАБУНЕ
8 сакавіка 1964 г.
Канстанцін Іванавіч!
3.ІІІ.64 г. з мяне зрабілі доктара. Прайшоў я аднагалосна. Апанентамі былі М.В.Нечкіна, Ю.І.Жугжда і А.Л.Шапіра. Найбольш важныя заўвагі зрабіла Нечкіна, якая лічыць, што я павінен быў сфармуляваць значна больш тэарэтычных вывадаў… Я сказаў, што такі раздзел у мяне быў напісаны, але я ня мог абгрунтаваць свае вывады статыстычнымі матэрыяламі, і таму выключыў іх са свае працы. Калі дасць Бог буду жыць, то паеду ў Вільню, вазьму фонды Тышкевіча і напішу манаграфію пра ўзнаўленне сялянскай гаспадаркі. Між іншым, калі хто хоча напісаць добрую манаграфію на гэтую тэму ці наогул пра магнацкую гаспадарку, няхай бярэ гэты матэрыял, бо пэўна ў СССР падобнага няма.
Пасля абароны быў, ведама, банкет, а пасля банкету я, ведама, хварэў, а зараз ніяк не магу выспацца, тым больш, што тэрмінова рыхтую кнігу для выдавецтва.
Вялікі дзякуй Вам і ўсяму калектыву, і ўсім асабіста, хто чытаў рукапіс і хто адзначыў яго добрым словам.
Скора пэўна буду ў Мінску.
Улашчык
СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ
22 сакавіка 1965г.
Станіслаў Пятровіч.
Дзякуй Вам, што памаглі надрукаваць "Хроніку". Калі троха стане свабадней, прышлю Вам артыкулы пра апісанне Мінскай губерні, зробленае ў 1800 г. Гэта вялізны рукапіс, адзін экз. якога знаходзіцца ў Вайсковым архіве ў Маскве, а другі — у Ленінградзе. У Ленінскай бібліятэцы ляжыць архіў вёскі (ці маёнтка) Дастоева пад Пінскам, адкуль паходзяць Дастаеўскія. Некрануты ляжыць архіў Кубліцкіх, у якім ёсць лісты ўсіх імянітых паноў Беларусі і г. д.
Кнігагандаль адмовіўся даваць заказ на маю кнігу, бо яна "дапатопная" (літаральна сказана так намеснікам дырэктара кнігагандлю Казлоўскім). Калі яны не дадуць заказу, то кніга на Беларусь наогул не трапіць, бо тыраж (1100 экз.) вызначаецца па заказах. Праз месяц, пэўна, будзе сігнал.
М. Улашчык.
ЮЛІІ БІБІЛА
22 мая 1965 г.
Юлія Восіпаўна!
Дзякуй за кнігу. Шкада, што бібліяграфія толькі руская. Колькі яшчэ чакаць на загранічных мовах.
Паслаў у Мінск нешта з дзесяць сваіх кніг (у тым ліку і Вам), але дагэтуль няма ніводнага паведамлення аб атрыманні. Ці дайшла яна да Вас? Пасля моцнага націску беларускі Кнігагандаль згадзіўся даць заказ на 400 экз. маёй кнігі. Ці ня будзеце Вы ласкавы зайсці ў кніжную краму паглядзець, ёсць яна там ці не, а калі ёсць, то ці купляе хто. Сам я ўжо купіў цэлы стос.
Скора выходзіць з друку 29 том Поўнага збору рускіх летапісаў. Сярод усяго іншага там апісаны паход Івана IV на Полацак і выкладзеныя матывы, чаму неабходна было яго заваяваць: у Літве пашырылася лютарская ерась, якую неабходна было знішчыць, а разам, ведама, спаліць гарады і знішчыць насельніцтва. Нават ня ведаю, якім чынам паведаміць чытачам Беларусі пра гэтыя матэрыялы. Мне самому пісаць не выходзіць, бо я рэдактар значнай часткі гэтага тому.
Неяк пісаў Вам, прасіў пахадайнічаць, каб Бібліятэка прыслала мне нумары 10,11 "Летапісу" за мінулы год, але Вы не адказалі. За гэты год покуль прыйшоў толькі першы нумар (ужо па падпісцы). Пэўна ўжо выйшаў і другі, але вестак пра гэта няма.
Бывайце здаровы. Грамыка надта ўзрушаны, што ізноў надрукаваны яго вершы.
СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ
16 ліпеня 1965 г.
Станіслаў Пятровіч.
Канчаю пісаць артыкул пра пісьменнасць у дарэвалюцыйнай Беларусі. У "Гісторыі Беларусі" (выд. Акадэміі навук БССР) напісана, што пісьменных было 23 % ці нават крыху менш. Па маіх жа падліках, іх было больш паловы насельніцтва.
Магу надрукаваць артыкул тут, але было б лепш — у якім-небудзь беларускім выданні. Памер артыкула — каля 20 машынапісных старонак.
Пішу пра гэта Вам, бо з Мінска надта не любяць адказваць на лісты, іначай кажучы, звычайна не адказваюць зусім. Калі Вы можаце пагаварыць пра гэта ў "Полымі" ці дзе ў другім месцы, буду Вам удзячны. У артыкуле шмат табліц.
Кнігу маю 22 чэрвеня адаслалі ў Белкнігагандаль, пэўна, скора будуць прадаваць.
М Улашчык.
НІНЕ БЯЛЬКЕВІЧ
9 кастрычніка 1965 г.
Ніна.
Трыццаць год таму ў Суславе сустрэўся з князем Галіцыным, а ўчора былі са Славай у графа Талстога. Сустрэча атрымалася вельмі добрай. Мы перадалі яму аўтабіяграфію Янкі, твае запісы, складзеную намі са Славай біяграфію і артыкул у "ЛіМе". Ён абяцаў даць афіцыйны водзыў аддзела філалогіі Інстытута славяназнаўства, затым перагаварыць з акадэмікам Вінаградавым, каб той даў водзыў ад Інстытута мовы Акадэміі Навук СССР, і затым напісаць артыкул для "ЛіМа" з запытам, чаму няма да гэтага часу адказу на артыкул Лапава і Германовіча. 3 другога боку, яшчэ раз сказаў, што будзе вельмі карысна, калі з такой жа просьбай выступіць Саюз пісьменнікаў, і таму, калі спатрэбіцца маё ўмяшальніцтва ў гэту справу, то прышлі тэлефон Глебкі. А ўвогуле, даведайся, як гэта зрабіць, як прайсці да Броўкі, каб атрымаць водзыў (для гэтага найлепш напісаць усё самой, каб Броўка толькі падпісаў, ці падпісаў, унёсшы самыя неістотныя папраўкі; пагавары пра гэта з Ю. О.).
Вялікім плюсам у гэтай справе з’яўляецца тое, што ў 1968 г. у Празе будзе чарговы з’езд філолагаў-славістаў. Да гэтых з’ездаў звычайна і падганяецца выданне капітальных прац.
Пісьмо тваё атрымаў сёння. Як добра, што ўсё аказалася на месцы. Калі б цябе не было, то чаго-небудзь так і не далічыліся б, а потым давялося б разбірацца. 3 М. К. больш, вядома, ніякіх спраў весці нельга. У яе на ўсё свае меркаванні, каторыя, здаецца, ніколі ёй не ўдаюцца.
Пры ўсіх абставінах трэба мець рукапіс у найбольшай гатовасці, бо такая вялікая і цяжкая для выдання кніга будзе яшчэ доўга рыхтавацца да набору тады, калі пытанне аб выданні будзе вырашана станоўча. Па сучасным палажэнні рукапіс праходзіць такія этапы. Найперш чытае і дае водзыў адказны рэдактар (у дадзеным выпадку — Суднік). Вельмі часта, калі не звычайна, адказны глядзіць толькі саму сутнасць, не ўдаючыся ў дэталі, альбо даручае дэталі сваім падначаленым. Затым рукапіс ідзе да тэхнічнага рэдактара, каторы павінен найперш уніфікаваць усё, г. зн. прывесці ў такі стан, каб усё было зроблена аднолькава, затым праверыць усе спасылкі на літаратуру, звычайна ён размячае, якімі шрыфтамі будуць набіраць тыя ці іншыя словы. Для слоўніка адна разбіўка шрыфтоў займае шмат часу. Пасля гэтага рукапіс ідзе ды вычытчыкаў, каторыя правяраюць усе дэталі і пасля ўзгаднення з рэдактарам адпраўляюць рукапіс у набор.
Слоўнікі ўсе, здаецца, набіраюць у Маскве. Дык вось, мне здаецца, што табе варта было б пагаварыць з Суднікам адносна падрыхтоўкі (тэхнічнай) рукапісу да друку. Я думаю, што тэхнічным рэдактарам варта запрасіць Ю. О. (за кожны аркуш тэхн. рэдактару плоцяць 10 руб., значыць, уся праца будзе каштаваць каля 800 руб.), калі яна ведае гэту справу, але, можа быць, гэту працу варта зрабіць табе самой ці сумесна з Ю. О. Пры ўсіх умовах табе варта было б авалодаць гэтай справай, і тады ты зможаш браць такую працу ў выдавецтва. Не гаворачы пра заработкі, гэта проста цікавая праца.
Наташа вярнулася з Крыма вельмі пасвяжэлай і цяпер здзіўляецца, як гэта яна жыла некалькі гадоў без выхадных, увесь час не высыпаючыся. На будучыню вырашана больш такіх глупстваў не рабіць. Дай божа.
ЮЛІІ БІБЫА
26 кастрычніка 1965г.
Юлія Осіпаўна.
У мяне наладзіліся адносіны з [Мінскім] абласным музеем у Маладзечне. Сёння супрацоўнік музея Генадзь Каханоўскі прыслаў трагічны ліст. Ён піша, што ў Заходняй Беларусі засталося шмат старых рукапісаў і кніг, якія зараз гінуць: іх паляць, рвуць. Што рабіць?
Я б мог перадаць усё гэта Археаграфічнай камісіі, і, пэўна, яна паслала б туды сваіх працаўнікоў, але ў такім разе ўсе матэрыялы пойдуць у камісію. Ведама, гэта лепш, чым даць загінуць, але ж трэба, каб іх забралі ў Мінск.
Пішу Вам, каб Вы параіліся з Сіманоўскім. Не пішу яму проста, бо ён, пэўна, не скора адкажа, калі наогул адкажа. Можа, мне трэба напісаць артыкул у якую-небудзь мінскую газету? Можа, напісаць у ЦК Шауры? Можа, яшчэ што зрабіць?
Пасля смерці Ціхамірава камандаваць Летапіснаю групаю (дзе лічуся і я) будзе акадэмік Рыбакоў. Хаця ён некалі на Бюро адцзялення гістарычных навук прапанаваў паставіць праблему вывучэння беларускага адраджэння, я не надта спадзяюся на тое, каб ён зрабіў нешта рэальнае ў такой бядзе.
Прашу Вас пагаварыць з Сіманоўскім, што трэба зрабіць. Думаю, што пасля смерці Ціхамірава выпусціць тут зборнік да 450-годцзя беларускага друку не ўдасца.
Улашчык.
НІНЕ БЯЛЬКЕВІЧ
24 студзеня 1966г.
Ніна.
Сёння са Славаю мы былі ў Гарэцкага. Ён жыве км за 30 ад Масквы ў невялічкім рабочым пасёлку. Спаткаў ён нас надзвычайна ветліва і абяцаў зрабіць усё, што зможа, пагаварыць з прэзідэнтам і Крапівою. У яго нават захавалася фатаграфія, дзе ты з Галубоўскаю сядзіш, а над вамі стаяць Сапунянкі. Максім Гарэцкі назваў тое фота "Чатыры багародзіцы".
Калі будзеш размаўляць з Гарбуновым, не называй сваё прозвішча, бо я зачапіў яго ў сваёй кнізе, а, пэўна, прыйдзецца зачапіць яшчэ больш. Скажы, што ты Бялькевіч.