— Гэты свет знаходзіцца паміж нашым светам і светам адкуль ужо нельга вярнуцца ў тое ж самае цела. Але ты яшчэ можаш зрабіць гэта, Багдан. Ты значна важнейшы за мяне. Ты важны для ўсіх, а я толькі для Юраце. Мы з ёй усё роўна аднойчы сустрэнемся. Твой шлях яшчэ не скончаны. Мерэйна можа цябе вярнуць. Яна багіня таго лесу, дзе мы з табой схадзілі на наш заключны пікнік, — у апошніх словах Юргіса пачуўся пяшчотны смутак.
— Багдан! Твой сябар мае рацыю! Ты можаш зрабіць тое, што будзе важна для ўсіх людзей. Вынайдзены табой лек выратуе мільёны жыццяў і гэта здарыцца ўжо хутка, — голас Мерэйны стаў строгім. — Я хачу, каб ты вярнуўся, але выбар за табой.
Багдан моўчкі глядзеў на Юргіса, абдумваючы тое, што пачуў.
— Ты павінен застацца? — спытаў ён нарэшце.
— Так, — адказаў Юргіс. — Аднойчы мы ўбачымся з табой.
— Тады я згодзен, — амаль шэптам сказаў Багдан, пасля таго як зірнуў на сябра доўгім позіркам…
Навуковец расплюшчыў вочы ў бальнічнай палаце. Неверагодная слабасць напаўняла ўсё яго цела, і ён доўга не мог зразумець, што з ім і дзе ён. Багдан больш-менш ачуўся толькі праз два дні, і калі ў палату зазірнуў лекар, пацыент спытаў слабым голасам:
— Доктар, што са мной здарылася? Што з маім Юргісам?
— Вы атруціліся грыбамі ў лесе. Вас знайшлі даволі хутка, дзякуючы спадарыні Юраце. Яна запэўнівала, што ў яе дрэннае прадчуванне і прымусіла паліцыю шукаць вас. Становішча было сур'ёзнае, але зараз небяспека для вас мінула. Што да спадара Маркявічуса… Мне не варта было б хваляваць вас, але, я буду шчыры. Нажаль, нам не ўдалося яму дапамагчы.
Багдан заплюшчыў вочы, але тут жа пачуў крокі і ціхае прывітанне. Ён паглядзеў на новага візіцёра. На парозе палаты стаяла Юраце. Яе змардаваны болем твар казаў пра тое страшнае гора, якое ёй давялося перанесці, але жанчына старалася ўсміхацца.
— Як ты, Багдан? — спытала яна.
— Я… Мне лепей, дзякуй… Юраце, мне так шкада…
Жанчына глыбока ўздыхнула і рэзка закрыла вочы рукой, але хутка апусціла руку і сказала, імкнучыся надаць голасу бадзёрасць:
— А ў мяне тут яшчэ наведвальнік. Гэй, Завіша, да мяне!
У гэта імгненне ў палату ўбег сабака і кінуўся да пасцелі Багдана.
— Вы, здаецца, звар'яцелі, — з дакорам прамовіў доктар, пляснуўшы рукамі. — Гэта ж бальніца! Як вы ўвогуле правялі сюды сабаку? Гэта строга забаронена!
— Нічога доктар, нічога страшнага, — адказала Юраце, усміхаючыся і гледзячы на лекара бліскучымі вачыма.
У гэты час Завіша лізаў руку Багдана, а па шчоках слабога, цяжка дыхаючага чалавека ў ложку цяклі слёзы.
Ляцелі
Віктар Антонавіч Марчук, скажам шчыра, гідкі стары. Кажуць, што знайшлі яго падчас вайны яшчэ, ва ўзросце маленства. Ну прынялі і пусцілі, так бы мовіць, у людзі. А выйшла вунь як. Я сам, Андрэй Пятровіч Ганулік, не моцна малодшы за Марчука, але ўжо значна больш кемлівы — гэта факт, як кажуць, жалезабетонны. І страшна падумаць, 2020 год на двары, а Марчук гэты дагэтуль, як кажуць, язычнік… Вось такія справы. У царкву нашу не ходзіць, а трэба сказаць, што ў нас у Азёрах прыход стары і царква старажытная, яшчэ з часоў роднай нашай Расійскай Імперыі, вось як. Ну і, значыць, Марчук не ходзіць… Гэта ўжо як кажуць. Ходзіць ён у лес і моліцца там пянькам ды камяням. Агідна пісаць нават аб такім. Неяк раз і мяне клікаў ён на свае маленні і я, як кажуць, быў слабы, ужыў крыху настойкі, не з аптэкі, а сваёй, і хоць для здароўя выключна, але ўсё ж захмялеў неяк. Ну і вось пайшоў я з ім. Слабы быў, ох. А там, у тым лесе, ён мне і паказаў дзеўку з катом. Бачу ляціць! Слова гонару! Ляціць! Дзеўка доўгавалосая і кот — чорны, сволач, як вугаль, і вялізны. Кажа мне Антоныч, што гэта багіня нейкая, і клічуць яе Мерэйна. А прозвішча, як кажуць, Патэстас. Ну і вось прызямліліся яны, дзеўка і кот, і да Антоныча ідуць, а ён на калені перад імі… Раз! Ну пагаварылі яны трахец, а потым бліжэй да мяне падыходзяць. Я стаю і, як кажуць, ачмурэў. А дзеўка тая і кажа:
— Даўно маліўся, Пятровіч? Кожны дзень маліся.
Я адказаць не паспеў, а кот гэты паганы зарагатаў і паляцелі яны ў неба. Вось такая і была справа, як кажуць, дарагія таварышы начальнікі. Я сам чалавек разумны, у адрозненне ад Антоныча, які ў палітычнай сітуацыі не вельмі разумее і ўсякія баламутствы, як мне здаецца, зрабіць можа. Таму заклікаю вас прыняць меры і заняцца Марчуком гэтым, пакуль шчэ не позна. Адрэагуйце, таварышы, на сігнал, калі такая ваша воля будзе. З павагай Ганулік А. П.
Выбар
Вёска Вароны даволі такі вялікая. Калісьці была яшчэ большай, але людзі пераязджалі хто куды. Шмат хто ў суседняе Дэмбрава, а хтосьці ў Мінск ці Гродна.
Наша з бацькам хата стаяла ля самага краю. Побач тут з аднаго боку лясок, а з другога жылі Капцэвічы. Муж, жонка і сынок іх. Міцька Капцэвіч мужык лагодны і вясёлы. У калгасе ён на добрым рахунку быў тады, але потым сышоў з сям'і, ды і з'ехаў з вёскі. Не ведаю куды. Кажуць, у Сібір падаўся. Моцна мучыла яго жонка — Ірка. Калі ў хаце ня ладзіцца, усё наўкол ня граецца. Так мой бацька казаў. Моцна Ірка дурыла мужыка. Так дурыла, што ён аж моцна піць пачаў. Міцька таксама, вядома, быў той яшчэ жук вусаты. Часам і з бабамі мог на рэчку пайсці. Там яны нiбыта купаюцца, а ён ім песні пад баян спявае. Спяваць любіў вельмі. Спяваў пакуль не цямнела. А што далей у іх там, тое ўжо ў цемры і не відаць. Дома потым скандал. Яны гарлапаняць, а мы з бацькам слухаем. Хочаш не хочаш, а будзеш слухаць. Яны ж і на двор свой часцяком выбягалі. Ірка за вілы хапалася, а Міцька мог сякеру прыхапіць. Адзін сякерай трасе, а іншая віламі махае, а чуваць іх за кіламетр. Псіхлячэбніца, што тут яшчэ скажаш.
Больш за ўсё шкада нам было малодшага Капцэвіча — Віцьку. Добры хлопчык. Росту высокага і моцны. А добры якой быў. Сапраўды добры малец. Быў Віцька цёмнавокі і светлавалосы, і любіў фігуркі з дрэва выразаць. Танкі і гарматкі ўсякія. Аднойчы нават вялікі крэйсер змайстраваў, і размаляваў яго як мае быць: чырвоныя зоркі і сцягі. Усё як у сапраўднага крэйсера.
Калі ўсе разам Капцэвічы былі, малец хоць як птушаня ў зязюлі, але жыў. А як Міцька ад Iркi сышоў, так тут дзецюку зусім ужо жыцця ня стала. Тады Віцьку гадоў дзевяць было. Аднойчы прыйшоў ён да нас. Збег ад Iркi. Сядзіць і плача. Што тут зробіш. Супакоілі яго як маглі. Баця ў краму збегаў і пернікаў яму купіў, цэлы пакет. Акрыяў Віцька крыху і кажа мне:
— Дзядзька Антон, за што яна мяне так? Лупіць куды дастане. Я і па хаце прыбіраюся, і па гаспадарцы ўсё як мае быць. Як ўстаць свінням даць, так зноўку я. Нават карову і тую я сам даю і малака маме прыношу.
— Ну, ты, Віцька, не журыся. Ты малец добры. А маці стамілася проста. Жыццё ў яе такое. Будзе такi час, калi і яна супакоіцца.
Кажу, а ў самога на душы пагана.
Вось баба! Роднага сына як жывёлу трымае! А чым малец дрэнны? І па гаспадарцы і рахманы. Чаго яшчэ трэба. Шкада пацана.
А Віцька маўчаў маўчаў, а потым і прашаптаў нам з бацькам, як быццам баяўся, што Ірка пачуе:
— Кажа яна мне, што я моцна бацьку ёй нагадваю. А бацьку яна ведаеце як ненавідзіць. Ух! Аж страшна.
Пацан і праўда на бацьку падобны. Як дзве кроплі.
— Ладна Віцька, не хвалюйся. Падрасцеш, дык іншая размова будзе. Там вы ці памірыцiся, ці яна тады не зможа цябе моцна крыўдзіць, — так баця мой сказаў.
Яшчэ больш пагана на душы ў мяне стала, але я не паказаў. Улыбаюсь бацьку ды хлапцу, ну і кажу:
— Ты ж глядзі які малайчына. Расцеш хутка, як быццам расцiнак аб'еўся.
Бачу, у пацана вочы загарэліся. Цікава, мабыць.
— А што гэта за расцiнкi, дзядзька Антон? Ці вы жартуеце так?
— Жартую, Віцька, жартую, вядома. Ты ж вялікі ўжо. Павінен разумець.
Бачу, пачырванеў хлопец. Сорамна яму стала. А сам я думаю:
«Добры малец. І наіўны нейкі. Такіх і лёс любіць. Павінна ў яго ўсё на свае месцы ўстаць. Ды і мы дапаможам неяк.»
Пайшоў Віцька дадому, а ўвечары зноў вяртаецца. Нос разбіты і кроў капае. Ірка яго «прылашчыла». Хто ж яшчэ.
Прыйшлося бацьку да яе схадзіць. Доўга лаяліся яны ў хаце Капцэвічаў, а як бацька вярнуўся, так і кажа:
— Дай, Антон, цукроўкi. Той што ў шафе чырвонай стаiць яшчэ. Цяжка з гэтай бабай бадацца, а як вернешся ад яе, так і на душы смутак. Вып'ю хоць, супакоюся. Павінны мы пацана гэтага ад яе берагчы. Была яна добрая баба, калісьці. Ты дык тады ў горадзе жыў — не памятаеш. А я памятаю. Добрая была. А як з Міцькай звязалася, так нешта ў яе не ў прамы шлях пайшло, а ў крывы кут устала. Пяць разоў ужо з ёй гаварыў пра Віцьку. Не чуе! Як з дубам балбатаць.
Віцьку мы ў сябе спаць пакінулі. Я за яго партфелем да Iркi схадзіў, каб пацан ў школу заўтра пайшоў. Ірка ўжо і спаць уклалася. На стале чарка пустая і бутля. Піла зноў, дурніца. Дзе сын пляваць ёй, мабыць. У хаце брудна, смурод. Хоць Віцька і прыбіраецца часта. Але маці ўсё хуценька зноўку засмечае…
Узяў я партфель і выходзіць ужо хацеў, але тут чую — Ірка заварушылася. Застыў я, а яна прыўзнялася і глядзіць на мяне. Хвіліну напэўна глядзела і зразумець не магла, хто перад ёй. Сцямнела ўжо. У хаце лямпы не гараць. Цемра.
— Ты, Антон?
— Я.
Села яна на ложку і кажа:
— Чаго трэба? Скрасці рашыў нешта? А можа бабскага цела захацелася? Так ты скажы. Я не супраць.
Засмяялася Ірка п'яным рогатам і ляжкамі голымі затрэсла. А мне аж плюнуць на яе захацелася.
— Ты хоць дзе сын твой ведаеш? Або зусім на Віцьку забылася?
— А чаго пра яго памятаць. Ён вунь у пакоі сваiм спіць, засранец. Сёння злаваў мяне, вось і атрымаў. Спіць ужо. Заўтра ў школу яму.
— У школу. Правільна кажаш. Вось я за партфелем яго і прыйшоў. Баіцца ён дадому ісці.
— Гэта ён баіцца? Так ён у вас значыць?
— У нас
— Вось паскуда, а. Скажы, каб дадому ішоў.
— Ён у нас сёння на ноч застаўся. Хоць устане з раніцы без ляманту твайго.
— А я кажу дадому яго гані!
Устала Ірка і да мяне падышла бліжэй. Перагарам нясе. Фу! Ледзь зноў стрымаўся, каб не плюнуць.
— Не пойдзе ён дадому сёння, — цвёрда я ёй сказаў. — А ты, Ірына, канчай сына мучыць. Родны ён табе. За што ты яго так? Ён жа ў цябе залаты.
— Залаты?
Падперла Ірка бакі рукамі і глядзіць на мяне. Сапе як мядзведзь. Бачу нават хістацца пачала. Відаць п'яная яшчэ, як тая халера. Памахаў я галавой і кажу:
— Што ты за чалавек, калі дзеля сына самагонку кінуць не можаш?
Маўчала Ірка яшчэ імгненне, а потым з кулакамі на мяне кінулася. Зусім здурнела баба. Адцягнуў я яе да ложка, і кінуў на прасціну. Ну і да выхаду пайшоў. А яна ўсё крычала: