- Стары? Але, ён быў мой дзядзька.
- Вы не ведалi, што ён пасылаў па мяне?
Х'юга адмоўна пакiваў галавой i павольна сказаў:
- Я нiчога не ведаў пра гэта.
У яго голасе чулася пачуццё, якое даволi цяжка паддавалася класiфiкацыi. Твар быў драўляны i тупы - выраз, падумаў Пуаро, якi служыць добрай маскай на стрэс.
Пуаро спакойна сказаў:
- Мы знаходзiмся ў Вэстшыры, праўда? Я вельмi добра ведаю вашага галоўнага канстэбля, маёра Рыдла.
Х'юга сказаў:
- Рыдл жыве прыкладна за мiлю адгэтуль. Ён, вiдаць, сам заедзе сюды.
- Гэта будзе вельмi дарэчы, - сказаў Пуаро.
Ён пачаў уважлiва, не спяшаючыся, знаёмiцца з пакоем. Адсунуў убок штору i агледзеў французскiя вокны*, злёгку тузануўшы iх. Яны былi зачыненыя.
* Французскае акно - на дзве палавiнкi, да падлогi, яно служыць i як дзверы ў сад або на балкон.
На сцяне за сталом вiсела круглае люстра. Люстра было раструшшчана. Пуаро нагнуўся i падняў нейкi маленькi прадмет.
- Што гэта? - спытаўся Х'юга Трэнт.
- Куля.
- Яна прайшла якраз праз яго галаву i разбiла люстра?
- Здаецца, што так.
Пуаро асцярожна паклаў кулю там, дзе знайшоў яе, падышоў да стала. Нейкiя паперы былi ўпарадкаваны, акуратна складзены ў стосы. На блоку прамакальнай паперы ляжаў вырваны аднекуль лiст, упоперак якога вялiкiмi друкаванымi лiтарамi няроўным почыркам было напiсана слова "даруйце".
Х'юга сказаў:
- Напiсаў, мабыць, у апошнiя хвiлi перад тым, як... зрабiў гэта.
Дэтэктыў задумлiва кiўнуў.
Ён паглядзеў на раструшчанае люстра, потым на мёртвага.
Бровы Пуаро трохi нахмурылiся, як быццам ад здзiўлення. Ён падышоў да дзвярэй, якiя крыва вiселi з разбiтым замком. У дзвярах, як ён ведаў, не было ключа, - iнакш нельга было б глянуць праз замочную шчылiну. Не было ключа i на падлозе. Пуаро нахiлiўся над мёртвым i абшукаў яго.
- Так, - сказаў ён. - Ключ у кiшэнi.
Х'юга выняў партсiгар i запалiў цыгарэту. Ён гаварыў хрыплавата.
- Здаецца, зразумела, - сказаў ён. - Мой дзядзька ўсё пазачыняў i зачынiўся сам, накрэмзаў гэтае пасланне на кавалачку паперы i потым застрэлiўся.
Пуаро задумлiва кiўнуў. Х'юга казаў далей:
- Але да мяне не даходзiць, навошта ён пасылаў па вас. Якая ў яго магла быць справа?
- Гэта трохi цяжэй растлумачыць. Пакуль мы чакаем, мiстэр Трэнт, уладаў, якiя возьмуць клопат на сябе, магчыма, вы паiнфармуеце мяне, хто такiя ўсе гэтыя людзi, якiх я ўбачыў сёння вечарам, калi прыехаў?
- Хто яны? - Х'юга адказваў амаль няўцямна. - О, так, вядома. Прабачце. Можа, мы сядзем? - Ён паказаў на канапку ў самым далёкiм ад цела нябожчыка куце пакоя. I гаварыў далей адрывiста: - Так, Ванда - мая цётка, вы ведаеце. I Рут, мая кузiна. Але вы знаёмы з а'бедзвюма. Другая дзяўчына завецца Сьюзен Кардвэл. Яна проста гасцюе тут. I яшчэ палкоўнiк Бэры. Ён стары сябар сям'i. I мiстэр Фобз. Ён таксама стары сябар, апрача таго, ён сямейны юрыст i ўсё такое. Абодва старыя былi закаханыя ў Ванду, калi яна была маладая, i па-ранейшаму круцяцца каля яе, верныя i адданыя. Смешна, але даволi кранальна. Яшчэ тут ёсць Годфры Бараўз, старога - я маю на ўвазе майго дзядзьку сакратар, i мiс Лiнгард, якая дапамагае яму пiсаць гiсторыю Шэвенi-Гарэ. Яна рыхтуе гiстарычны матэрыял тым, хто пiша. Вось, здаецца, i ўся кампанiя.
Пуаро кiўнуў. Потым сказаў:
- Як я зразумеў, вы сапраўды чулi стрэл, якiм быў забiты ваш дзядзька?
- Так, мы чулi. Думалi, гэта быў корак ад шампанскага; прынамсi, я так падумаў. Сьюзен i мiс Лiнгард лiчылi, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабiля - дарога зусiм блiзка, ведаеце.
- Калi гэта было?
- Ну, прыблiзна ў дзесяць хвiлiн дзевятай. Снэл якраз першы раз ударыў у гонг.
- I дзе вы былi, калi пачулi яго?
- У зале. Мы - мы смяялiся наконт гэтага, спрачалiся, разумееце, пра тое, адкуль гэты гук. Я сказаў, што са сталовай, а Сьюзен сказала, што з гасцiнай, а мiс Лiнгард - што грукнула недзе ўгары, а Снэл сказаў - гэта з дарогi, з вулiцы, i даляцеў да нас праз вокны наверсе. А Сьюзен спыталася: "Больш нiякiх тэорый?" А я засмяяўся i сказаў: "Забойствы бываюць заўсёды!" Даволi дурны жарт, як падумаеш.
Яго твар нервова перасмыкнуўся.
- Нiкому не прыйшла думка, што гэта, магчыма, застрэлiўся сэр Гервазы?
- Не, вядома, не.
- Вы сапраўды не ўяўляеце сабе, чаму ён мог застрэлiцца?
Х'юга павольна сказаў:
- О, ну... Я не сказаў бы, што...
- У вас ёсць здагадка?
- Але... ёсць... Гэта цяжка растлумачыць. Вядома, я не чакаў, што ён скончыць жыццё самагубствам, але тым не менш я не надта здзiўлены. Бо мой дзядзька быў вар'ят, мiстэр Пуаро. Кожны ведаў пра тое.
- Гэта здаецца вам дастатковым тлумачэннем?
- Угу, людзi страляюцца, калi яны трохi звiхнутыя.
- Надзiва простае тлумачэнне.
Х'юга ўтаропiўся ў яго.
Пуаро зноў устаў i пачаў бязмэтна блукаць па пакоi. Пакой быў утульна мэблiраваны, пераважаў цяжкаваты вiктарыянскi стыль. Масiўныя кнiжныя шафы, вялiзныя крэслы з поручнямi i некалькi меншых - сапраўдны чыпендэйл*. Тут не было лiшняй аздобы, але невялiкiя вырабы з бронзы на камiне прыцягнулi ўвагу Пуаро i вiдавочна выклiкалi ў яго захапленне. Ён падымаў iх адзiн за адным, старанна аглядаў кожны i асцярожна ставiў на месца. З аднаго, крайняга злева, ён скалупнуў нешта пазногцем.
* Стыль ангельскай мэблi XVIII ст.
- Што гэта? - спытаўся Х'юга без вялiкай цiкавасцi.
- Нiчога асаблiвага. Маленечкi асколак люстра.
Х'юга сказаў:
- Сапраўды неяк дзiўна раструшчана куляй гэтае люстра. Разбiтае люстра азначае нешанцаванне. Бедны стары Гервазы... Я думаю, яму шанцавала залiшне доўга.
- Ваш дзядзька быў шчаслiвы чалавек?
Х'юга хiхiкнуў.
- Дзiва што, яму шанцавала, як у казцы! Усё, да чаго ён нi дакранаўся, ператваралася ў золата! Калi ён ставiў на аўтсайдэра*, той раз-два i ў дамках! Калi ён укладаў грошы ў самую бесперспектыўную шахту, там адразу ж адкрывалася рудная жыла! Яму ўдавалася выблытацца неверагодным шляхам з самага рызыкоўнага, самага безнадзейнага становiшча. Ён ратаваўся нейкiм цудам, нават не раз. Ведаеце, ён быў па-свойму неблагi стары. "Шмат дзе пабыў, шмат чаго пабачыў", - болей, чым хто з яго пакалення.
* Конь, на якога не робяць ставак на скачках.
Пуаро запытаўся сяброўскiм тонам:
- Вы любiлi свайго дзядзьку, мiстэр Трэнт?
Пытанне гэтае, здалося, трохi збянтэжыла Х'юга Трэнта.
- Э, так, вядома, - сказаў ён даволi няўпэўнена. - Ведаеце, часам ён быў цяжкаваты. Жыць з iм было вельмi нялёгка, i наогул. На шчасце, я бачыўся з iм не часта.
- А ён любiў вас?
- Не так, каб гэта можна было заўважыць. Калi па шчырасцi, ён, хутчэй, цярпеў маё iснаванне.
- Як гэта было, мiстэр Трэнт?
- Разумееце, у яго не было свайго сына, i ён вельмi шкадаваў аб гэтым. Дрыжаў над усiм, што датычылася сям'i. Я ўпэўнены, яго калацiла ад думкi, што, калi ён памрэ, скончыцца i род Шэвенi-Гарэ. Яны, ведаеце, вядуць свой пачатак з часоў нарманскiх заваёў, яшчэ адтуль. Стары быў апошнi з iх. Я думаю, гэта была, з яго пункту гледжання, даволi паганая перспектыва.
- Вы самi не падзяляеце гэтага пачуцця?
Х'юга пацiснуў плячыма.
- Усе такiя рэчы здаюцца мне досыць архаiчнымi.
- Што будзе з маёмасцю?
- Папраўдзе, не ведаю. Магчыма, пяройдзе мне. А можа, ён пакiнуў яе Рут. Альбо Ванда будзе валодаць усiм да канца жыцця.
- Дык ваш дзядзька не выказаў сваiх намераў дакладна?
- Ну... Але ён песцiў адну мару...
- I якую ж?
- Рут i я павiнны пажанiцца. Гэта была яго мара.
- Гэта, безумоўна, было б дужа зручна.
- Надзвычай зручна. Але Рут - Рут мае свой вельмi выразны погляд на жыццё. Улiчыце, яна незвычайна прывабная маладая жанчына i яна ведае гэта. Ёй не карцiць выйсцi замуж i звiць гняздо.
Пуаро нахiлiўся да яго:
- Але вы самi хацелi б, мiстэр Трэнт?
Х'юга сказаў стомленым голасам:
- Я, сапраўды, не бачу анiякай рознiцы, з кiм ты жэнiшся ў наш час. Развод такi лёгкi. Калi вы не ладзiце, то няма нiчога лягчэйшага, як рассячы вузел i пачаць зноў.
Дзверы адчынiлiся, i ўвайшоў Фобз разам з высокiм франтаватым мужчынам.
Мужчына кiўнуў Трэнту.
- Хэло, Х'юга! Мне вельмi шкада. Гэта вялiкае гора для ўсiх вас.
Эркюль Пуаро ступiў наперад.
- Як вы маецеся, маёр Рыдл? Вы памятаеце мяне?
- Вядома! - Галоўны канстэбль пацiснуў Пуаро руку. - Дык гэта вы тут?
У яго голасе гучала задумлiвая нота. Ён з цiкаўнасцю паглядзеў на Эркюля Пуаро.
4
Мiнула дваццаць хвiлiн.
- Ну? - спытаўся маёр Рыдл. Пытальнае "ну" галоўнага канстэбля было адрасавана сяржанту палiцыi, хударляваму пажылому чалавеку з сiваватымi валасамi.
Той пацiснуў плячыма.
- Ён мёртвы больш за паўгадзiну, але не больш за гадзiну. Вы не любiце тэхнiчных падрабязнасцей, я ведаю, таму не буду дакучаць iмi. Гэты чалавек застрэлены ў галаву, пiсталет быў за некалькi дзюймаў ад правай скронi. Куля прайшла акурат праз мозг i выйшла.
- Усё адпавядае самагубству?
- Усё. Цела потым звалiлася ў крэсла, i пiсталет выпаў з яго рукi.
- Вы знайшлi кулю?
- Знайшоў. - Доктар паказаў яе.
- Добра, - сказаў маёр Рыдл. - Мы захаваем кулю, каб упэўнiцца, што яна з гэтага пiсталета. Я рады, што гэта незаблытаная справа i няма нiякiх цяжкасцей.
Эркюль Пуаро мякка сказаў: