Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

- Калi збiраешся вярнуцца на возера? - спытаўся Сэм.

- Праз некалькi дзён, - адказаў Рой.

Сэм не пазiраў на малодшага брата.

- А ты не мог бы затрымацца? - спытаўся ён.

- Я павiнен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькi ўзяць харчу на зiму.

Брат i так ведаў гэта, але Рой iмкнуўся быць цярплiвым.

- А ты не мог бы застацца тут да зiмы? - спытаўся Сэм.

- Навошта? - Рой быў здзiўлены.

Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.

- Табе трэба застацца i дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькi да зiмы, толькi некалькi тыдняў.

Яны абодва гаварылi стрымана,i зараз былi вельмi падобныя. Сэм быў толькi на паўтара года старэйшы за Роя i на нейкiя два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкi i знешнасцю яны былi падобны адзiн да аднаго, толькi Сэм быў больш рыхлы i марудлiвы. Але яны па-рознаму адносiлiся да жыцця. Рой не меў нi прыгнечанасцi, нi спагады да сябе, нi горычы. Сэму ж былi ўласцiвы ўсе тры гэтыя пачуццi, i калi яны выяўлялiся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзiць.

- Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, - паволi адказаў ён.

- Але чаму? - спытаўся Сэм. - Што дадуць табе гэтыя некалькi тыдняў?98

- Шмат, Сэмюэль. Участак стаў небагаты, ты ж ведаеш. Пастак у мяне столькi, што я ледзь паспяваю iх абысцi, але здабыча такая малая, што рана цi позна мне давядзецца браць новы ўчастак на поўначы.

- Ты ўжо даўно гаворыш пра гэта, - сказаў Сэм i цыркнуў слiнаю ў агонь. Я ведаю, што твой участак збяднеў. Менавiта таму табе i трэба застацца ў Сент-Элене. Паляванне ў Муск-о-гi закончана, Рой. Лепей ты дапамог бы мне ўратаваць ферму. Аднаму чалавеку гэта не пад сiлу. Чаму б табе не паспрабаваць хоць адзiн год? Чаму?

- Я паляўнiчы, Сэм. Ты - фермер.

- Проста я старэйшы сын! - самотна прамовiў Сэм. - А ты фермер лепшы, чым я, такiм фермерам я не стану нiколi.

Рой не любiў, калi яму гэта казалi, але ведаў, што гэта праўда. Калi пасля першай сусветнай вайны ён дзевятнаццацiгадовым юнаком вярнуўся з Францыi, два гады гаспадарыў на ферме. I гэтыя два гады пасля вайны ён не даваў ферме захiрэць, ачысцiў ладны ўчастак зямлi, апрацаваў яе так, што яна трымалася да гэтага часу. Але двух гадоў фермерства для Роя было дастаткова, i ён узрадаваўся, калi старэйшы брат вярнуўся з Таронта з пустымi рукамi i пачаў займацца фермай. Сэм быў старэйшы, i ферма належала яму. Iхняя мацi памерла, пакiнуўшы iх яшчэ зусiм малымi, бацька памёр, калi яны абодва былi на фронце, а малодшы брат хутка пакiнуў Сент-Элен i пачаў працаваць на руднiках у Сэдберы. Зараз ферма належала Сэму, i гэта ён мусiў працаваць на зямлi, а не Рой. Ён не адмаўляўся дапамагчы Сэму летам, калi на гэта можна выкраiць час i калi яму можна пабыць у горадзе, але зараз зусiм не той час, каб Рою тырчаць у Сент-Элене, i Сэм гэта добра ведае.

- Ну толькi зараз, толькi адзiн раз, Рой, - прасiў Сэм. - Дапамажы мне падрыхтавацца да зiмы.

- Калi я застануся да зiмы, - сказаў Рой, - тады я ўжо не здолею пайсцi.

- А навошта табе iсцi! - настойваў Сэм.

Рой адчуў пастку, але спрачацца яму не хацелася.

- А хiба ў цябе дрэнна iдзе гаспадарка, Сэм? - спытаўся ён. - Не павiнна. - Ён прамовiў гэта як мага спакайней.

Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справiцца з пачуццём горычы.

- Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на iншага, ва ўсякiм разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымлiваеш грошы. А выручка з фермы - яе i не бачыш.

- Хiба ты нiчога не атрымаў ад ураджаю?

- Атрымаў, але, калi за ўсё заплацiў, грошай не хапiла нават на насенне, не кажучы пра нейкiя закупкi ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоiмку за трыццатыя гады, i нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцiм годзе.

Рой ведаў пра гэтыя даўгi, але якi фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзiлася выкручвацца, плацiць, калi ёсць чым, а не - дык залазiць у даўгi, праклiнаючы высокiя адсоткi i падаткi i зямельныя банкi, якiя абдзiралi iх да нiткi. I ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павiнен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусцiць апошнюю свiнню. За ўвесь той доўгi час, што Мак-Нэйры апрацоўвалi зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з iх прадаваў апошнюю свiнню, i дзеля чаго: на гарбату i цукар. Такое мог зрабiць толькi чалавек, даведзены да мяжы адчаю.

- На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабiцца, - працягваў Сэм. Можна пракармiцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако i хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.

- А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, - сказаў Рой.

- Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калi на ўсё iншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшанiца i няма кармоў. Усё лета зямля мокла, i палова сена згнiла.

Рой аднак не мог зразумець.

- Але, калi зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую iншую гароднiну?

- Ды не цяжкая яна, - сказаў Сэм, - а ўся забалочаная, пракiсла.

- Дык асушы яе.

- Ты ж ведаеш, толькi пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.

- А хiба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?

- У мяне толькi дзве рукi, - сказаў Сэм. - Вось чаму табе i трэба застацца. Мы наладзiлi б асушку сядзiбнага надзела, выкарчавалi б сорак чацвёртую расчыстку, маглi б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукi, Рой, а наняць я нiкога не магу.

- А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.

Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлiвым позiркам i адвiслымi грудзямi, прысела ля стала.

- Ён быў вельмi заняты, усё здаваў коней, - сказала яна, - а грошы трацiў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць iншыя.

Сэм не спрачаўся з жонкай, i Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў iншым: ён няздольны зразумець, што фермерства - гэта разлiк; разлiк ва ўсiм; нiколi не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, нiколi не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, нiколi не пакiдаць жывёлу i сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага нi спрыту, нi жадання. Калi ён i страцiў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаi.

- А як конi? Працуюць? - Роя гэта цiкавiла асаблiва, бо гэта ён купiў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купiў толькi два гады таму, затрацiўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але i гэта не паспрыяла Сэму.

- Я прадаў запрэжку, - сказаў Сэм i ўпершыню зiрнуў на Роя.

- Навошта, Сэм, - злосна ўсклiкнуў Рой. - Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!

Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нiчога не атрымалася.

Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзiўленне i гнеў ён нейтралiзаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамi. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны i прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькi душэўны распад брата, але i распад дома, сямейнага кутка.

- А як жа ты справiшся без коней? - сумна прамовiў Рой.

- Нiяк не спраўлюся, калi ты не дапаможаш мне. Пра гэта я i талкую табе, Рой.

У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены i самотны, проста не падобны сам на сябе.

- А што, калi я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? - прапанаваў Рой. - Джэк зробiць усё, што можа.

- У яго i без мяне хапае клопату, - сказаў Сэм.

- Не хочам мы яго, - умяшалася Руф Мак-Нэйр. - Ён свiнапас i лесаруб, адно слова - падзёншчык.

- Ён добры фермер, Руф, - прамовiў Рой.

- А для мяне ён заўсёды будзе батраком, i я не хачу, каб такiя людзi дапамагалi мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такiм ён быў, такiм i застанецца.

Рой цярплiва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькi Руф - старога Боба Мудзi. Сёння нiхто з гэтай сям'i не затрымаўся на зямлi, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж кармiла яго. Ён нават купiў два акры той зямлi, якую стары Мудзi мусiў прадаць, калi яго зрабiлi банкрутам зямельныя банкi i зламалi пастаянныя спрэчкi, сваркi i грубасць сваiх жа дзяцей, у тым лiку i Руфi. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў iх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю i дробязнасцю, нiколi не падтрымлiваючы яго ласкавым словам, спагадлiвым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабiць Сэма такiм, якiм ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў iх адно ад аднаго, хiба што толькi ў тым, што Сэм быў канчаткова знясiлены i амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ i зараз спрабавала падбухторваць яго. "Бедны Сэм, - падумаў Рой. - Яму патрэбна была цiхая, спакойная жонка, якая клапацiлася б пра яго i паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова i кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становiшча Сэма".

- Не хачу я яго, - паўтарала яна i зараз пра Джэка Бэртана. - Я яму i самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калi вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!

- У яго ж уласная ферма, - сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абаранiць Джэка. - I гаспадарыць ён няблага.

- Яму iнакш i нельга, маючы гэткую жонку: напладзiлi цэлы вывадак.

Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынiчнай усмешкай, былi падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, i ён адвярнуўся.

Сэм пакiваў галавой.

- Джэк выкручваецца таму, што збiрае хоць нейкi капiтал - карчуе зямлю iншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз год-другi i яго прыцiснуць. Усе гэтыя карлiкавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусiм не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнiкла таму, што некалькi пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулi Мак-Нэйра, прывалаклiся сюды за лесарубамi i пачалi калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свiней i выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта i было вынiковым, але яно скончылася адразу, як толькi лясныя кампанii ўзялi ўсё забеспячэнне ў свае рукi. А пасля, калi лесарубы агалiлi ўсю акругу i пайшлi, фермерства тут пазбавiлася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысцi i Мак-Нэйрам, iсцi ў Манiтобу, на Нiягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлi, чаплялiся за лясную ўскраiну, як занесеныя снегам авечкi, якiя баяцца скрануцца з месца, - Сэм носiкам бота адчынiў дзверцы печкi i плюнуў на вуголлi. - Дык вось, я менавiта той Мак-Нэйр, якi не затрымаецца тут, калi не атрымае дапамогi. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.

Рой прамаўчаў.

- Калi ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.

Рой ступiў некалькi цяжкiх крокаў, адчынiў дзверы кухнi i цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкi. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам i прасядзеў там моўчкi, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх i адразу спусцiўся ўнiз з вялiкiм пакункам i двума звязкамi скурак з-пад матраца.

Руф Мак-Нэйр назiрала за iм. Ведаючы, куды ён збiраецца, яна з'едлiва прамовiла, калi ён адчыняў знадворныя дзверы:

- Вось пойдзеш так калi-небудзь да Эндруса i спаткаеш свайго Эндзi.

Рой прыпынiўся ля адчыненых дзвярэй.

- Кажуць, што яго бачылi! - гукнула яна следам.

Рой iмкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапiлiся ў яго i рвалi на часткi яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камянiстых градах на палях i сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калi Эндзi Эндрус ужо дома, з Джын, i чакае, калi на дарозе з'явiцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, iдучы па гэтых мясцiнах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але нi разу яшчэ не было i прыкмет на тое, што Эндзi дзесьцi тут.

Дванаццаць гадоў таму апошнi раз бачылi, як Эндзi Эндрус пешкi iшоў па дарозе ў Марлоў, крышку п'янаваты, да той мяжы, каб не звяртаць на сябе ўвагi, але, вiдаць, дастаткова цвярозы, каб ведаць, што рабiць. Пакiнуўшы жонку i дваiх дзяцей, ён так i не вярнуўся. Нават палiцыя не змагла адшукаць яго жывога цi мёртвага. Усе, хто ведаў Эндзi, у тым лiку i Рой, верылi, што Эндзi жывы i калi-небудзь вернецца. Ён заўсёды быў няўрымслiвы i хуткi на рашэннi, лёгка трапляў у бяду, але заўсёды з яе выблытваўся. У дзяцiнстве яны з Роем i Джэкам Бэртанам былi тройкай неразлучных малайцоў, неўтаймоўных, апантаных духам разбурэння, iх рэдка бачылi ў школе, яны вечна прападалi ў лесе, аблазiлi ўсю акругу ад Гурона да Соа. Дваццацiгадовымi юнакамi яны разам палявалi i ставiлi пасткi, але Эндзi быў занадта няўрымслiвы, каб праводзiць у лесе месяц за месяцам, i ён выправiўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай i выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага нi разу не пакiдала. Ажанiўшыся, Эндзi зрабiў усё, што мог, каб наладзiць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закiнутай, i Эндзi перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў - драўляны зруб на тры пакоi з прысядзiбным участкам. Некалькi гадоў ён быў падзельнiкам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калi працавалася, але так i не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлi. I Рой i Джэк Бэртан заўсёды лiчылi, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калi ён уцёк, iм стала не хапаць яго, асаблiва Рою. Акрамя таго, што ён страцiў Эндзi-сябра, не стала i незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Iменна Эндрус забiраў у Роя ўсе лiшкi пушнiны - усе незаконныя i не ў сезон здабытыя скуркi - i спакойна збываў iх на пушнiннай факторыi ў Бага - блiжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, i пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасцi. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, i тлумачылiся яго паляўнiчыя поспехi. Без незаконнай пушнiны ён нядоўга пратрымаўся б на сваiм паляўнiчым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калi Эндзi збег, Рой апынуўся ў складаным становiшчы. Сам ён не мог вазiць скуркi на факторыю, гэта было б надта адкрыта i небяспечна. На дапамогу прыйшла мiсiс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушнiны за грошы - звычайныя камiсiйныя ў такiх здзелках. Рой згадзiўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацанiў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мiнiяцюрная гараджанка, якая так i не вызвалiлася ад сваiх гарадскiх звычак i манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульнi з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якiм яе аўтарытэт гараджанкi i мiнiяцюрная знешнасць спаборнiчалi з даверлiвасцю iнспектара i праставатасцю акружной палiцыi, - паядынак, якi яна вяла тымi ж макiавелеўскiмi метадамi, якiмi змагаўся супраць iнспектара сам Рой.

- Калi iнспектар зловiць вас, - сказаў ёй аднойчы Рой, - ён адпусцiць вас, калi вы скажаце яму, у каго ўзялi пушнiну.

Яе адказ дадаў штосьцi новае ў iх адносiны.

- Па-першае, спачатку iнспектар зловiць вас, - адказала яна, - а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькi ад вас. Не iначай. - Яна прамовiла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапiлi позiрк Роя, абвяргаючы i пацвярджаючы яе ж словы.

Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала iх. Iхняя блiзкасць узнiкла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае i нечаканае, i сумленне мучыла Роя толькi тады, калi ў гэта ўмешвалiся iншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставiўшы заўвагу пра "гэтую мiсiс Эндрус", магла ў грахоўным святле выставiць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай праблемы. Калi б яна сказала яму: - Мы не павiнны, Рой, - ён падпарадкаваўся б голасу сумлення i нiколi больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блiзкасць гэтак жа проста, як i сам Рой. Эндзi яе кiнуў; нiякiя абавязацельствы яе не звязвалi; грамадскiя ўмоўнасцi не ў залiк; з Эндзi было скончана.

I ўсё адно, кожны раз, iдучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкiя хвiлiны. А раптам Эндзi вярнуўся! - i, стукаючыся ў дзверы i адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.

- Ну i чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывiд з хворымi нервамi, - сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як i Руф Мак-Нэйр, i Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькi ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля i таму, як яна гэта прамовiла. Ён ведаў, што нiводнай тутэйшай жанчыне такое i ў галаву не прыйшло б.

- Хэло, мiсiс Эндрус, - прамовiў Рой i ветлiва, i нiякавата.

- Хэло, Рой, - адказала яна.

- Я прынёс пушнiну. - Ён дастаў звязкi.

- А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, - сказала яна.

Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго i iнспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панiбрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркi на цырату кухоннага стала. Пакуль яна разглядвала iх, ён падняў века драўлянай лавы-кладоўкi i дастаў адтуль некалькi старых газет.

- Толькi чатырнаццаць, - сказала яна. - Дрэннае паляванне, Рой.

- Яшчэ нiколi не здабываў так мала скурак з такой цяжкасцю, - сказаў ён.

- Затое добрыя. - Яна падняла скурку лiсы.

- Гэта праўда, але якiя яны хiтрыя, - сказаў Рой. - Пакуль вось гэтую даставаў з пасткi, я i не думаў, што яна жывая. А як толькi вызвалiў ёй галаву, яна ўкусiла мяне за руку i стала ўцякаць. Давялося застрэлiць. Добра яшчэ, што скурка засталася цэлай, я патрапiў проста ў вока. Паляўнiчае шчасце, - дадаў ён.

- Якое варварства, - зазначыла мiсiс Эндрус.

Рою зусiм не падабалася, што яго лiчаць жорсткiм, але нязвыклы выраз развесялiў яго i ён упершыню з часу з'яўлення тут зiрнуў на мiсiс Эндрус.

Яна была невысокага росту, крыху нiжэйшая за Роя, але значна танчэйшая. Хоць ёй было ўжо каля сарака, але бледная скура яе была не па гадах свежая i гладкая; i нiякай вясковай грубаватасцi не было ў гэтай яшчэ не старой з выгляду гараджанкi. Рухi яе былi больш рэзкiя i хуткiя, чым у жыхарак Сент-Элена, але ў iншым яна была даволi вытанчаная. "Нарадзiлася ў трамваi, выхоўвалася на далiкатэсах", - гаварыў Рой, калi даведаўся пра Джын гэтулькi, што пачаў заўважаць яе рэзкiя рухi i празрыстую скуру. Гледзячы як яна налiвае ваду для кавы ў вялiкi эмалiраваны iмбрык i ставiць яго на плiту, Рой зноў адзначыў тую неадпаведнасць, якая кожны раз турбавала яго падчас сустрэчы пасля доўгага расстання. Яна была спакойная, нават ласкавая жанчына, але ў яе манерах не было сабранасцi. Яе тонкiя рукi i доўгiя пальцы пастаянна рухалiся, але заўсёды мэтанакiравана. Яна то глыбока ўздыхала, то перабiрала пальцамi кароткiя валасы з завiткамi, i кожны з гэтых рухаў быў трошкi мiтуслiвы, недастаткова сцiплы для такой жанчыны. Рой назiраў, як яна сыпала каву ў заварнiк. Яна рабiла гэта менавiта так, як зрабiў бы сваiмi агрубелымi рукамi няўклюдны лесавiк Рой, i гэта так знервавала яго, што ён адвёў вочы. На адлегласцi ён уяўляў Джын Эндрус больш стрыманай i строгай. У рэшце рэшт гэткая Джын у ёй пераможа, калi маўклiвая, але яўная незадаволенасць Роя прымусiць яе зразумець i зрабiць мяккай гэтую рэзкасць, якая так не пасуе ёй. I адначасна як любiў ён нямы смех, якi свяцiўся ў яе ярка блакiтных вачах, гарэзлiвасць i гумар за звычкамi цiхонi.

- Пра Эндзi нiчога не чуваць? - спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркi ў газету i ўкладваючы iх у куфар ля акна.

На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круцiла галавой.

На гэты раз яна ўзяла газету з палiчкi над камiнам i падала яе Рою.

- Не ведаю, цi Эндзi гэта, цi не, - сказала яна, паказваючы на заметку. У яго ёсць iншае iмя?

Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкi Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесiяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа i за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.

- Падобна на Эндзi! - з адабрэннем зазначыў Рой.

- Дык гэта ён?

Рой сказаў:

- Не, Эндзi завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элiстэр Гардон Эндрус. Хiба яна не ведае?

- Я не ведала iншага iмя, акрамя Эндзi, - сказала яна. - Дзякуй Богу, што ён не ў турме.

- Бедны Эндзi, - сказаў Рой.



Поделиться книгой:

На главную
Назад