- "Шырсьцянiха, шырсьцянiха мая,
Пакахала камара-гультая,
А камар не зважае на яе,
Толькi лётае ды песьнi пяе".
III
Загудзела, расшумелася дуброва:
Аб вясельлi у дуброве прайшло слова,
Як вянок на муху свацейкi надзелi,
Ўсе навокала аж вочы праглядзелi.
А калi бацьком журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзiма:
- "Ускланяюся татачку i матачцы,
Калi ўжо апрыкрала iм у хатачцы.
I чаму-ж вы мяне гадавалi,
Ды ў чужую сямейку аддалi?"
У каравайнiцы сьлiмачак запрасiлi,
I яны дзяжу напродзiў замясiлi.
Авадзень быў камаровым старшым дружкам,
Рассыпаўся дробным макам перад мушкай.
Матылькi - баяры, пчолачкi - баяркi,
Спрытны, шпаркi, асаблiва як да чаркi.
А найстаршая баярачка - чмялiха
Так сьпявала, аж баяр пабрала лiха:
- "Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забылiся ўзяць грашаняты.
Хоць няшмат грашанят яны маюць,
Дык затое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае - грыўняй лiча яе,
А хто грыўню паклаў - што рубля дараваў".
А як сыпнулi-урэзалi музыкi,
Дык узьняўся разам гоман там вялiкi.
Чмель пузаты на басолi гучна грае,
А на йскрыпцы ёмка пчолка падцiнае.
I знайшлося мушанётка дробна-мала,
Што званiла ткi някепска у цымбалы.
Лоўка конiкi у скоках выцiналi,
У гару стрыбалi, звонка падпявалi:
- Камары скакаць
Выракаюцца:
Ногi доўгiя
Паламаюцца.
Гэтак скачуць - хто патроху, хто памногу.
Нейкi конiк адтаптаў чмялiсе ногу.
Госьцi спорна п'юць-ядуць ды размаўляюць,
А музыкi граюць, дыхту заўдаваюць.
Умела муха на вясельле запрашацi,
Дык над тое лепш умела частавацi.
Усяго стаяла досыць для гасьцiны:
Навет мёд быў i чмялiны i пчалiны
Хрушч вялiзны так гарэлкi насмактаўся,
Што звалiўся ды ў куточку адсыпаўся.
Восы ў шатах чорных з жоўтымi стрычкамi,
Проста елi мушку злоснымi вачамi.
А яна ля мужа сьцiпленька сядзела
I зялёненькай спаднiчкай зiгацела.
Мурашоўна нiзка зьвесiла галоўку,
Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.
Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:
У кроплi дожджыка танула мурашоўна.
Усё сьцямнела, кроплi шпарка заскакалi,
У дупло, дзе жыла мушка, пападалi.
Пахавалiся ўсе госьцi у куточкi:
Так спынiлася вясельле сярод ночкi,
А назаўтра усе, як толькi ўсталi зраньня,
Дык пайшлi да камара на баляваньне.
I былi яшчэ нарэшце перазовы,
Каб ня стала аб радзiме кепскай мовы.
IV
Абляцелi красачкi
Не ў пару,
Невясёла шэраму
Камару.
Як пачаў ён параю
З мушкай жыць,
Давялося беднаму
Патужыць.
Ня умее мушачка
Працаваць,
Толькi ўмее з хлопцамi
Жартаваць;
Анi выткаць кросенкi,
Анi шыць,
Анi стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
Як я з гэткай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацiкi,
Меў свае,
Як сабе за жонкаю
Браў яе?
Паляцеў ён плакацца
У лясок.
Сеў на дуб зялёненькi,
Пад лiсток.
Пахiнуў галовачку,
Уздыхнуў
Песьню сумна, жудасна
Зацягнуў.