- Недзе адразу па палове пятай мы будзем у Кiслiнгене; вып'ем там кавы i да сёмай вернемся ўжо дамоў. Вы ж прыедзеце на ўрачыстую вячэру ў кавярню?
- Вядома, бацька; хiба ты сумняваўся ў гэтым?
- Hе, але я нешта быў падумаў, цi не адмовiцца ад усяго... можа, лепш не рабiць нiчога - хоць дзеля дзяцей, пэўна, адмаўляцца не трэба, дый я шмат чаго падрыхтаваў да гэтага дня.
Стары апусцiў вочы, стаў разглядваць настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi, водзячы па iм укруга келiхам з пiвам; Роберта ўразiла гладкая скура на бацькавых руках: рукi дзiцяцi, што захавалi сваю цноту; бацька падняў вочы, зiрнуў Роберту ў твар.
- Я думаў пра Рут i Ёзэфа; ты ж ведаеш, у Ёзэфа ёсць дзяўчына?
- Hе, не ведаю.
Стары зноў апусцiў вочы да настольнiка, зноў пачаў вадзiць келiхам.
- Я заўсёды меў надзею, што мае абедзве тутэйшыя сядзiбы зробяцца для вас нечым накшталт вашага другога дома, але ўсiм вам было больш даспадобы жыць у горадзе, нават Эдыт... адзiн Ёзэф, здаецца, здзейснiць мае мары; дзiўна, вы ўсе мяркуеце, што ён падобны на Эдыт i ў iм нiчога няма ад нашае раднi; а ўсё ж ён гэтак моцна нагадвае Генрыха, што мне часам робiцца вусцiшна, калi я бачу твайго хлопца; гэта - Генрых, такi, якi ён бы мог вырасцi... цi ты яшчэ памятаеш яго?
Нашага сабаку звалi Бром; а я трымаў лейцы, седзячы ў карэце; яны былi з чорнай скуры, патрэсканыя; мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Гiндэнбург.
- Ага, я памятаю яго.
- Ён вярнуў мне маёнтак, якi я яму падараваў; каму мне цяпер яго падараваць? Ёзэфу альбо Рут? А можа, табе? Цi хочаш, каб ён быў твой? Каб ты валодаў скацiнаю i паплавамi, цэнтрыфугамi i буракарэзнымi машынамi, трактарамi i сенасушылкамi? Цi, можа, мне аддаць гэта ўсё кляштару? Абодва маёнткi я купiў з першага свайго ганарару! Калi я будаваў абацтва, мне было дваццаць дзевяць год, i вы нават не можаце сабе ўявiць, што значыць для маладога архiтэктара атрымаць такi заказ. Скандал! Сенсацыя! Я езджу туды гэтак часта не толькi дзеля таго, каб згадваць будучыню, якая даўно ўжо стала мiнуўшчынай. У мяне заўсёды была мара зрабiцца на старасцi гадоў нечым накшталт селянiна. Я не зрабiўся селянiнам, а толькi старым дурнем, якi гуляе ў хованкi са сваёю жонкаю; мы па чарзе заплюшчваем вочы i мяняем даты, нiбы малюнкi ў эпiдыяскопе: калi ласка, вось 1928 год - мацi трымае за руку двух сыночкаў-прыгажуноў; аднаму трынаццаць год, другому - адзiнаццаць; побач усмiхаецца бацька з цыгарай у роце; у глыбi вiдна Эйфелева вежа. Цi, можа, гэта Энгельсбург альбо Брандэнбургская брама? - выберы сабе якую трэба дэкарацыю; магчыма, гэта будуць: марскi прыбой каля Астэндэ, вежа Святога Севярына альбо кiёск па продажы лiманаду ў Блесэнфэльдскiм парку? Hе, гэта, напэўна, абацтва Святога Антонiя: ты знойдзеш яго ў фотаальбоме са здымкамi з усiх пораў года; толькi адзенне, знешнi выгляд мяняюцца адпаведна модзе; твая мацi то ў вялiкiм, то ў малым капелюшы, то з кароткiмi, то з доўгiмi валасамi, то ў шырокай, то ў вузкай спаднiцы; a дзецям тым часам тры i пяць, пяць i сем гадоў; потым з'яўляецца незнаёмая жанчына - светлавалосая, зусiм маладая; адно дзiця яна нясе на руках, другое стаiць, трымаючыся за яе руку; малодшаму дзiцёнку адзiн год, старэйшаму тры гады; ты ведаеш, што я любiў Эдыт так, як не здолеў бы палюбiць сваёй роднай дачкi; я нiколi не мог паверыць, што ў яе быў свой бацька, свая мацi i свой брат. Яна была пасланнiца вялiкага Госпада; калi яна ў нас жыла, я мог зноў паўтараць у думках Яго iмя, не чырванеючы, мог паўтараць гэтае iмя ў малiтвах; якую вестку яна прынесла, перадала табе? Помсту за авечак? Я спадзяюся, што ты дакладна выканаў даручэнне, не зважаючы на тыя фальшывыя аргументы, якiя я заўсёды браў пад увагу; маю надзею, што ты не захаваў пачуццё вышэйшасцi ў лядовым склепе iронii - як гэта рабiў я. Цi Эдыт сапраўды мела брата? Цi ён жывы? Цi iснуе?
Стары Фэмель па-ранейшаму вадзiў пiўным келiхам укруга па столiку, утаропiўшыся ў бела-чырвоны настольнiк; потым ён, зусiм крыху падняўшы галаву, спытаў:
- Скажы мне ўсё-ткi, цi ён сапраўды iснуе? Ён жа быў твой сябар; я аднаго разу бачыў яго; стоячы каля акна ў спальнi, я бачыў, як ён iшоў цераз двор да твайго пакоя; я не забыў яго i часта пра яго думаю, хоць бачыў яго тады не больш як дзесяць цi дваццаць секунд; ён наганяў на мяне страх, нiбы анёл цёмнага царства. Цi ён сапраўды iснуе?
- Iснуе.
- I ён жывы?
- Жывы. Ты баiшся яго?
- Баюся. I цябе - таксама баюся. Хiба ты гэтага не ведаў? Я не хачу ведаць, якую вестку табе перадала Эдыт; скажы толькi: ты выканаў яе наказ?
- Выканаў.
- Добра. Цябе здзiўляе, што ўва мне жыў страх перад табою - i цяпер трохi таго страху засталося. Я смяяўся з вашых дзiцячых гульняў у канспiрацыю, але смех засеў у мяне ў горле, калi я даведаўся, што яны забiлi таго хлопчыка; ён бы мог быць братам Эдыт, але пазней я зразумеў, што гэта была ледзь не гуманнасць з iхняга боку - забiць хлопца, якi ўсё-такi як-нiяк кiнуў бомбу i прычынiў апёкi настаўнiку гiмнастыкi, а вось хлопчык, якi кiдаў твае цыдулкi нам у паштовую скрыню, паляк, што падняў руку на настаўнiка гiмнастыкi? Было досыць неадпаведнага руху павекаў, не таго колеру валасоў цi формы носа: дый таго потым не было трэба, а толькi бацькавай цi бабулiнай метрыкi; доўгiя гады я жывiўся са свайго смеху, але i ён вычарпаўся, не засталося запасаў, Роберт: i я адчынiў лядоўню, дазволiў пракiснуць маёй iронii i высыпаў яе, нiбы паскудныя адкiды чагосьцi, што раней мела вартасць; я думаў, што люблю i разумею тваю мацi, ды толькi тады я па-сапраўднаму зразумеў i палюбiў яе, як зразумеў i палюбiў вас; толькi яшчэ пазней я добра ўсвядомiў гэта; калi скончылася вайна, я быў "на канi"; мяне прызначылi ўпаўнаважаным па будоўлi ва ўсёй акрузе; нарэшце надышоў мiр, думаў я; самае дрэннае засталося ў мiнулым; але аднаго разу ангельскi камендант вырашыў, так бы мовiць, папрасiць у мяне прабачэння за тое, што яны разбамбiлi касцёл Святога Анупрыя, знiшчыўшы пры гэтым скульптурную групу дванаццатага стагоддзя "Распяцце"; ён не прасiў прабачэння за смерць Эдыт, а толькi за знiшчаную скульптурную групу дванаццатага стагоддзя; "Sorry"*, - казаў ён; a я засмяяўся, першы раз за апошнiя дзесяць гадоў; але то быў нядобры смех, Роберт, - i я адмовiўся ад сваёй пасады; упаўнаважаны па будаўнiцтву! Навошта? Я ж быў гатовы аддаць на знiшчэнне ўсе скульптурныя групы з усiх стагоддзяў дзеля таго толькi, каб яшчэ раз убачыць усмешку Эдыт, адчуць дотык яе рукi да майго пляча; што маглi значыць малюнкi вялiкага Госпада ў параўнаннi з сапраўднай усмешкай яго пасланнiцы? А за хлопчыка, якi прыносiў вестачкi ад цябе - я нiколi не бачыў яго твару, не ведаў яго iмя, - за яго б я аддаў сабор Святога Севярына, хоць разумею, што гэта проста смешна нiзкая цана - як, напрыклад, медаль таму, хто ўратаваў чалавечае жыццё; цi бачыў ты ў каго-небудзь яшчэ ўсмешку Эдыт цi ўсмешку сталяровага вучня? Цi хоць слабы водблiск тых усмешак? Роберт, Роберт!
* Мне шкада (англ.).
Стары Фэмель адставiў келiх з пiвам, паклаў рукi на стол.
- Цi бачыў ты яшчэ хоць раз такiя ўсмешкi? - прамармытаў ён, закрываючы твар рукамi.
- Бачыў, - адказаў Роберт. - На твары гатэльнага служкi, якога завуць Гуга. Я пакажу яго табе.
- Я падару гэтаму хлопцу маёнтак, якi не захацеў узяць Генрых; напiшы мне яго iмя ды адрас тут, на падстаўцы пад пiва; на гэтых круглых кардонках пiшуць самыя важныя рэчы; i паведамi мне, калi што-небудзь дазнаешся пра брата Эдыт. Цi жывы ён?
- Жывы. Ты ўсё яшчэ баiшся яго?
- Баюся. Самае жахлiвае тое, што ў iм не было нiчога, штб б магло ўзрушыць iншага; калi я глядзеў, як ён iдзе цераз двор, я ведаў: ён моцны i ўсё, што ён робiць, робiцца не з тых прычын, з якiх робяць пэўныя ўчынкi астатнiя людзi: з прычыны, што нехта бедны, а нехта багаты, нехта брыдкi, а нехта прыгожы, што некага лупцуе мацi, а некага не лупцуе - прычыны, якiя прымушаюць кагосьцi штосьцi рабiць: альбо будаваць цэрквы, альбо забiваць жанчын; альбо зрабiцца добрым настаўнiкам, альбо - дрэнным арганiстам; я ведаў, што ягоных учынкаў нельга растлумачыць нiводнай з названых тут прычын; у тыя часы я яшчэ ўмеў смяяцца, але ў iм я не знайшоў нiчога, нiводнай шчылiнкi, якая б магла быць прычынай майго смеху; гэта палохала мяне: мне здавалася, нiбыта цераз мой двор iшоў анёл цёмнага царства, божы экзекутар, якi хоча накласцi секвестр на цябе; ён зрабiў гэта, наклаў на цябе секвестр; нiшто ў iм не ўзрушвала iншых; нават калi я пачуў, што яны збiлi яго i хацелi забiць, гэта мяне не ўзрушыла...
- Пане радца, я толькi цяпер пазнаў Вас. Вельмi ўсцешаны бачыць Вас жывога-здаровага. Колькi ж гэта гадоў прайшло з тае пары, як Вы былi тут апошнi раз?
- Ах, Муль, гэта Вы? Цi жыве яшчэ Вашая мацi?
- Hе, пане радца: пахавалi яе. Гэта былi вялiкiя хаўтуры. Яна пражыла багатае жыццё - сямёра дзяцей, трыццаць шэсць унукаў i адзiнаццаць праўнукаў... багатае жыццё. Вы зробiце мне гонар, спадары, калi вып'еце за памяць па маёй мацi.
- Ахвотна, дарагi Муль; яна была слаўная кабета.
Стары Фэмель падняўся, Роберт устаў таксама; тым часам гаспадар пайшоў да прылаўка, каб напоўнiць келiхi; станцыйны гадзiннiк паказваў усяго толькi дзесяць на пятую; двое сялян стаялi каля прылаўка; яны, сумна паглядаючы, запiхвалi сабе ў рот памазаныя гарчыцаю тэфтэлi; задаволена пакрэкваючы, пiлi пiва; гаспадар вярнуўся з-за прылаўка з пачырванелым тварам, але вочы зрабiлiся вiльготныя; ён зняў з падноса келiхi, паставiў на стол, потым узяў свой келiх У руку.
- За добрую памяць па Вашай матулi, Муль, - сказаў стары Фэмель. Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i, адпiўшы, адставiлi iх.
- Цi ведаеце Вы, - сказаў стары, - што Вашая мацi пяцьдзесят год таму дала мне крэдыт - калi я, сасмяглы i галодны, вяртаўся з Кiслiнгена? Тады якраз быў рамонт гэтага ўчастка чыгункi, ды мне было яшчэ зусiм няцяжка адмахаць чатыры кiламетры пехатою; за Вашае здароўе, Муль, i за добрую памяць па Вашай матулi. Гэта вось мой сын, Вы яго яшчэ не ведаеце?
- Фэмель, вельмi прыемна.
- Муль, вельмi прыемна.
- Вас, пане радца, знае тут кожнае дзiцё; усiм вядома, што Вы пабудавалi нашае абацтва, а старыя бабулi яшчэ могуць расказаць пра Вас нямала розных гiсторый - як Вы замаўлялi цэлыя вагоны пiва для муляраў, як Вы давалi сола ў скоках на свяце з нагоды канца будаўнiцтва. Гэты глыток за Вашае здароўе, пане радца.
Яны, стоячы, выпiлi да дна; Роберт з парожнiм келiхам у руцэ глядзеў на карчмара, якi тым часам вярнуўся да прылаўка, забраўшы апарожненыя талеркi са стала, дзе сядзела маладая пара, прасунуў iх у акенца на кухню; потым падышоў i атрымаў ад маладога чалавека плату. Стары Фэмель пацягнуў сына за крысо пiнжака:
- Сядай, сядай жа; у нас яшчэ дзесяць хвiлiн часу. Гэта цудоўныя, добрыя людзi.
- I ты не баiшся iх - праўда, бацька?
Стары паглядзеў сыну проста ў вочы; на яго хударлявым, усё яшчэ без адзiнай зморшчыны твары не было ўсмешкi.
- Якраз гэтыя людзi, - сказаў Роберт, - здзекавалiся з Гугi, i, мажлiва, нехта з iх быў катам Фэрдзi!
- Калi цябе не было i мы чакалi ад цябе вестачкi, я баяўся кожнага чалавека... але каб баяцца Муля? Хiба ты яго баiшся?
- Убачыўшы кожнага новага чалавека, я пытаюся ў сябе, цi хацеў бы я апынуцца ў ягонай уладзе; i няшмат ёсць такiх, пра каго я мог бы сказаць: "Я гатовы на гэта".
- А цi быў ты ва ўладзе брата Эдыт?
- Hе. Мы жылi ў Галандыi з iм у адным пакоi, дзялiлiся ўсiм, што ў нас было; палавiну дня мы гулялi ў бiльярд, a другую палавiну вучылiся: ён нямецкай мове, я - матэматыцы; я не быў у ягонай уладзе, але заўсёды быў гатовы на гэта... I гатовы апынуцца ў тваёй уладзе, бацька...
Роберт выцягнуў цыгарэту з рота.
- Я вельмi хацеў бы падарыць табе што-небудзь да васьмiдзесяцiгоддзя, хацеў бы сказаць табе... ну, мажлiва, ты i сам ведаеш, што я хацеў бы табе сказаць?
- Ведаю, - адказаў стары i паклаў руку сыну на плячо, - можаш мне гэтага не казаць.
Я ахвотна б ахвяраваў табе колькi слязiнак скрухi, але не магу выцiснуць iх з сябе: я ўсё яшчэ гляджу на вежу Святога Севярына як на здабычу, што выслiзнула ў мяне з рук; шкада, што абацтва было справай тваёй маладосцi, тваiм вялiкiм лёсам, першай вялiкай гульнёй; i ты добра пабудаваў яго: салiдныя муры, выдатныя статычныя характарыстыкi; мне давялося запатрабаваць два грузавiкi выбуховага рэчыва; я абышоў будынкi, крэйдаю напiсаў свае формулы ды знакi з лiчбамi на сценах, калонах, апорах скляпенняў, напiсаў iх таксама на вялiкiм роспiсе - карцiне "Таемнай вячэры", памiж нагой святога Яна i ступнёю святога Пятра; я ж дасканала ведаў абацтва; ты гэтак часта апавядаў мне пра яго, калi я быў яшчэ хлопчыкам, падлеткам, юнаком - я iшоў i пiсаў свае знакi з лiчбамi на сцяне, а побач са мною бег абат, адзiны чалавек, якi застаўся там, на месцы; ён апеляваў да майго розуму, да маiх рэлiгiйных пачуццяў; на шчасце, то быў новы абат, якi мяне не ведаў. Ён апеляваў да майго сумлення; дарэмна; ён не бачыў, як я прыязджаў туды па суботах, еў стронгу, натуральны мёд, намазваў масла на вясковы хлеб; не бачыў мяне, архiтэктаравага сына; i калi ён глядзеў на мяне, як на вар'ята, я шапнуў яму: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; мне тады было дваццаць дзевяць год - якраз столькi, колькi табе, калi ты будаваў абацтва, - i я чакаў ужо новай здабычы, шараватая танклявая постаць якой вiднелася на даляглядзе, - сабор Святога Севярына; але я трапiў у палон, i вось тут, на станцыi Дэнклiнген, за тым сталом, дзе цяпер нiкога няма, мяне дапытваў малады афiцэр.
- Пра што ты думаеш? - спытаўся бацька.
- Пра абацтва Святога Антонiя: я гэтак даўно не быў там.
- Ты рады, што ўбачыш яго?
- Я рады сустрэчы з Ёзэфам, бо так даўно яго не бачыў.
- Я трохi ганаруся iм, - сказаў стары, - ён мае гэтулькi размаху ды свежых думак i калi-небудзь стане добрым архiтэктарам; бывае трохi занадта суровы з рабочымi, трохi нецярплiвы, але цяжка чакаць цярплiвасцi ад дваццацiдвухгадовага хлопца - зрэшты, цяпер на яго цiсне тэрмiн; манахам вельмi хочацца адслужыць iмшу да дня Божага нараджэння ўжо ў новым касцёле; вядома, нас усiх запросяць на фэст урачыстага адкрыцця.
- Цi ў iх яшчэ той самы абат?
- Якi?
- Айцец Грэгар.
- Hе, ён памёр у сорак сёмым годзе; не здолеў перажыць разбурэння абацтва.
- А ты здолеў перажыць гэта?
- Калi я даведаўся, што абацтва ўзарванае, дык спачатку вельмi засмуцiўся, але калi я пасля паехаў туды i ўбачыў руiны, а таксама абураных манахаў, што хацелi стварыць камiсiю, каб знайсцi вiнаватага, - я параiў iм не рабiць гэтага; я не прагнуў помсты за знiшчаныя пабудовы i баяўся, што яны знойдуць вiнаватага, а ён будзе прасiць у мяне прабачэння; слова "sorry" ўсё яшчэ стаяла ў мяне ўвушшу, гэта было жахлiва; i, зрэшты, кожны будынак можна адбудаваць нанова. Я здолеў, Роберт, - здолеў перажыць гэта. Ты не паверыш мне, але я нiколi не адчуваў вялiкай цягi да будынкаў, якiя я спраектаваў i будаўнiцтвам якiх кiраваў; яны падабалiся мне на паперы, я працаваў над iмi, можна сказаць, з захапленнем, але ж я нiколi не быў мастаком, разумееш, i ведаў, што я не мастак; у мяне былi яшчэ даўнiя планы, калi мне даручылi адбудоўваць абацтва; для твайго хлопчыка гэта выдатная магчымасць папрактыкавацца, навучыцца каардынаваць працу i крыху ўтаймаваць сваю нецярплiвасць... цi не пара нам выходзiць на пасадку?
- У нас яшчэ чатыры хвiлiны, бацька. Але на перон ужо можна выходзiць.
Роберт падняўся з месца, кiўнуў гаспадару карчмы, палез у кiшэнь па кашалёк, але карчмар выйшаў з-за прылаўка, прамiнуўшы Роберта, падышоў да старога Фэмеля i сказаў:
- Hе, не, пане радца; я нiчога ад Вас не вазьму, бо вы былi маiмi гасцямi - на добрую памяць па маёй мацi.
Знадворку было яшчэ цёпла; над Додрынгенам ужо вiднелiся белыя шматкi паравознага дыму.
- Цi ёсць у цябе бiлеты? - спытаўся бацька.
- Ёсць, - адказаў Роберт, выглядаючы насустрач цягнiку, што спускаўся з пагорка з-за Додрынгена, нiбы вынырнуўшы проста з ярка-блакiтных нябёсаў; цягнiк быў чорны, стары i выклiкаў пачуццё ўзрушанасцi; начальнiк станцыi выйшаў са службовага пакоя з суботна-нядзельнай усмешкаю на твары.
- Сюды, тата, сюды! - крыкнула Рут; мiльганулi яе зялёная шапачка, яе зграбныя рукi, ружовы пух яе швэдара; яна працягнула рукi да дзядулi, дапамагла яму падняцца па прыступках вагона, абняла яго, потым асцярожна правяла да адчыненых дзвярэй купэ, пацягнула яго ўгору i пацалавала ў шчаку.
- Я страшэнна рада, - сказала яна, - сапраўды, страшэнна рада, што ўбачу абацтва i буду сёння на вечарыне разам з вамi.
Начальнiк станцыi дзьмухнуў у свiсток i паказаў рукою цягнiку, што можна адпраўляцца.
7
Калi яны падышлi да акенца, Нэтлiнгер выцягнуў цыгару з рота i кiўком галавы падбадзёрыў Шрэлу; акенца адчынiлася знутры, наглядчык з аркушам паперы ў руцэ высунуў галаву i спытаў:
- Вы - арыштант Шрэла?
- Я, - адказаў Шрэла.
Наглядчык голасна называў прадметы, выцягваючы iх адзiн за адным з кардоннай скрынкi, i клаў перад Шрэлам.
- Кiшэнны гадзiннiк, нiкеляваны, без ланцужка.
- Кашалёк, чорны, скураны; унутры пяць брытанскiх шылiнгаў, трыццаць бельгiйскiх франкаў, дзесяць нямецкiх марак i восемдзесят пфенiгаў.
- Гальштук зялёнага колеру.
- Самапiска, без маркi, шэрага колеру.
- Дзве насоўкi - белыя.
- Плашч-макiнтош, непрамакальны.
- Капялюш чорнага колеру.
- Брытва бяспечная маркi "Жылет".
- Шэсць цыгарэт маркi "Бельга".
- Кашуля, сподняя бялiзна, мыла i зубная шчотка былi пры Вас, так? Калi ласка, распiшыцеся вось тут, засведчыце, што ўсе Вашыя асабiстыя рэчы Вам вернуты.
Шрэла апрануў плашч, пазапiхваў у кiшэнi атрыманыя толькi што рэчы, падпiсаў спiс, на якiм стаяла дата: "6 верасня 1958 г., 15 гадзiн 30 хвiлiн".
- Усё ў парадку, - сказаў наглядчык i зачынiў акенца.
Нэтлiнгер iзноў засунуў цыгару ў рот, дакрануўся да Шрэлавага пляча.
- Хадзем, - сказаў ён, - вось сюдой, альбо ты зноў хочаш за краты? Можа, усё-такi завяжы гальштук.
Шрэла сунуў у рот цыгарэту, паправiў акуляры, падняў каўнерык кашулi i надзеў гальштук; ён здрыгануўся, калi Нэтлiнгер раптам паднёс яму да носа запальнiчку.
- Гэтак вось, - сказаў Нэтлiнгер, - гэтак вось бывае з усiмi вязнямi: хай ён будзе высокi цi маларослы, вiнаваты цi невiнаваты, бедны цi багаты, палiтычны цi крымiнальнiк - усе найперш хочуць выкурыць цыгарэту.
Шрэла зрабiў глыбокую зацяжку; завязаўшы гальштук, а пасля - апусцiўшы каўнерык, ён паглядаў праз верх акуляраў на Нэтлiнгера.
- Ты ў гэтых пытаннях дужа дасведчаны, праўда?
- А ты што - не? - спытаў Нэтлiнгер у адказ. - Хадзем; ад развiтання з начальнiкам, на жаль, я цябе вызвалiць не магу.
Шрэла насунуў капялюш, выцягнуў з рота цыгарэту i пайшоў за Нэтлiнгерам, якi адчынiў дзверы на двор; начальнiк турмы стаяў каля акенца, перад якiм стаяла доўгая чарга: людзi стаялi па дазволы на нядзельныя спатканнi; гэта быў высокi мужчына, не занадта модна, але салiдна апрануты; калi ён наблiжаўся да Нэтлiнгера i Шрэлы, яго рухi былi падкрэслена цывiльнымi.
- Спадзяюся, - сказаў ён Нэтлiнгеру, - што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены - хутка i як мае быць.
- Дзякуй, - адказаў Нэтлiнгер, - усё сапраўды было зроблена хутка.
- Гэта добра, - сказаў начальнiк турмы i звярнуўся да Шрэлы. - Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развiтанне скажу колькi слоў, хоць Вы ўсяго адзiн дзень былi ў мяне пад... - ён засмяяўся, - ...апекаю i памылкова трапiлi не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, - сказаў ён i паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, - за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьцi грандыёзнае, тое, што мы лiчым за сваё найвышэйшае дабро, - воля. Справядлiвым цi несправядлiвым было падазрэнне, але Вы спазналi... - ён засмяяўся яшчэ раз, -...вы спазналi сярод маiх гасцiнных муроў супрацьлегласць вольнасцi. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе - адно што вязнi, вязнi нашага цела, аж да хвiлi, калi душа вызвалiцца ад путаў i ўзнясецца да свайго стваральнiка; але быць вязнем сярод маiх гасцiнных муроў - гэта не проста сiмвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла...
Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнiкавым твары ён заўважыў: поцiск яго далонi не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэцiну з правай рукi ў левую i крадком зiрнуў на Нэтлiнгера.
Муры вакол гэтага двара, неба па-над iмi былi апошнiмi рэчамi на гэтай зямлi, якiя давялося бачыць Фэрдзi; магчыма, голас начальнiка быў апошнiм чалавечым голасам, якi ён пачуў на гэтым дзядзiнцы - досыць вузкiм, каб дым з Нэтлiнгеравай цыгары мог запоўнiць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнiк падумаў: "Божа мой, ты заўсёды добра разбiраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае".
Нэтлiнгер не выцягваў цыгары з рота.