- Сюды нехта iдзе. Глядзi! Вунь, проста праз бавоўнiк.
Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсi.
- Ага, праўда нехта iдзе, - сказаў ён. - Такi пыл падняў, што i не разгледзiш. Каго гэта чорт нясе? - Яны сачылi за постаццю, што наблiжалася да iх у вячэрнiм святле, i пыл, якi ўзнiмаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. - Мужчына, - сказаў Джоўд. Чалавек падыходзiў усё блiжэй, i, калi ён параўняўся са свiрнам, Джоўд сказаў: - Гэ, я яго ведаю. I ты яго ведаеш - гэта М'юлi Грэйуз. - I гукнуў: - Гэй, М'юлi! Здарова!
Чалавек раптам спынiўся - спалохаўся воклiку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нiзкаваты ростам. Рухi яго былi рэзкiя i хуткiя. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сiнiя джынсы на каленях i ззаду злiнялi, стары чорны пiнжак ад былога гарнiтура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдралiся з проймаў, на локцях працерлiся да дзiрак. Чорны капялюш быў такi ж брудны, як i пiнжак, i стужка трымалася толькi адным канцом - другi матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлi быў гладкi, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзiцяцi, губы сцялiся ў вузкую шчылiнку, у маленькiх вочках цi то гнеў, цi то горыч.
- Ты памятаеш М'юлi? - запытаўся Джоўд у прапаведнiка.
- Вы хто такiя? - крыкнуў iм на хаду М'юлi Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлi падышоў блiжэй, яшчэ блiжэй i нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. - Тфу ты, чорт! - выгукнуў ён. - Гэта ж Томi Джоўд! Калi цябе выпусцiлi, Томi?
- Два днi назад, - адказаў Джоўд. - Дабiраўся дамоў на спадарожных машынах. I глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлi? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?
- Дзякуй богу, што я мiма iшоў, - сказаў М'юлi. - Стары Том вельмi непакоiўся за цябе. Калi твае сабралiся выязджаць, я тут у вас на кухнi сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нiкуды не пайду, так i сказаў, далiбог, праўда, а Том мне кажа: "Баюся я дужа за Томi. Раптам ён вернецца, а нас нiкога няма. Што ён падумае?" Я кажу: "Можа б, ты яму пiсьмо напiсаў?" А Том мне: "Можа, i напiшу. Падумаю. А калi не, дык ты ўжо на ўсялякi выпадак паглядай, калi застанешся: Томi, можа, вернецца". "Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрцi ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзiўся той чалавек, якi згонiць М'юлi Грэйуза з гэтай зямлi". I так i не сагналi пакуль што.
Джоўд нецярплiва перабiў яго:
- Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзелiся?
- Калi банк пачаў усё заворваць трактарамi, яны таксама вырашылi не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць i пацэлiў у фару, а трактар усё роўна iдзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забiваць i не думаў, а гэта быў Уiлi Фiлi, i Ўiлi ведаў, што баяцца яму няма чаго - папёр проста на дом i як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго i перакруцiла. Нешта з iм сталася. З таго часу сам не свой зрабiўся.
- Дзе ж яны цяпер?
- Дык я ж расказваю. Тры разы ганялi фургон дзядзькi твайго Джона. Плiту вывезлi, помпу i ўсе ложкi. Ты толькi паглядзеў бы, як ложкi везлi, - разам з малымi, бабка з дзедам прымасцiлiся ў галавах, а брат твой Ной сядзiць сабе, пакурвае цыгарэтку i сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. - Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлi апярэдзiў яго: - Яны ўсе ў дзядзькi Джона.
- А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвiлiнку, М'юлi, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?
- Бавоўну акучваюць - усе, нават малыя i дзед твой. Грошы збiраюць, машыну хочуць купiць i на Захад ехаць - там лягчэй жывецца. Тут зусiм кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ i такую работу трэба вымольваць.
- Яны яшчэ не паехалi?
- Не, - адказаў М'юлi. - Думаю, не. Апошнi раз чуў пра iх днi чатыры назад: Ноя сустрэў - ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збiраюцца ехаць тыднi праз два. Джона таксама папярэдзiлi, каб выязджаў. Ты да Джона iдзi усяго восем мiль. Усе яны там - набiлiся ў хату, як на зiму суслiкi ў нару.
- Ну добра, - сказаў Джоўд. - Цяпер садзiся на свайго канька i давай. Ты нi кропелькi не перамянiўся, М'юлi. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое - тыцкаешся то туды, то сюды.
М'юлi агрызнуўся:
- I ты ж не перамянiўся. Малым як быў развязны нахаба, такi i застаўся. Цi не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?
- Не, анi. Калi табе закарцiць усунуцца галавой у кучу бiтага шкла, нiхто ўжо цябе не адгаворыць - усё роўна палезеш. А прапаведнiка нашага ты пазнаеш, М'юлi? Гэта ж яго прападобнасць Кейсi.
- А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю.
Кейсi падняўся з ганка, i яны пацiснулi адзiн аднаму рукi.
- Рады бачыць цябе, - сказаў М'юлi. - Чорт ведае колькi часу ты ў нашых краях не паказваўся.
- Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, - адказаў Кейсi. - А што тут такое нарабiлася? Чаму людзей з зямлi зганяюць?
У М'юлi так моцна сцялiся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навiсла над нiжняй. Бровы насупiлiся.
- Мярзотнiкi! Сукiны дзецi! - сказаў ён. - Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калi яны думаюць уцiхамiрыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваiх-траiх гэтай сволачы за кампанiю. - Ён паляпаў рукой па выпнутай кiшэнi пiнжака. - Нiкуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. I я адсюль нiкуды не пайду.
Джоўд запытаўся:
- А навошта спатрэбiлася iм зганяць людзей з зямлi?
- О, яны тут шмат чаго нагаварылi! Ты ж памятаеш, як было апошнiя гады. Пыл узнiмаўся такi, што ўсё скрозь засыпаў i паганiў, i ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгi залезлi да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалi гаварыць: "Арандатары нам больш не па кiшэнi. Тая доля, якая iдзе iм, - гэта той мiнiмальны прыбытак, якi мы не можам дазволiць сабе страцiць". I яшчэ: "Калi мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык i тады яна ледзь-ледзь акупiцца". I трактарамi ўсiх здольнiкаў з фермаў сагналi, усiх, акрамя мяне, i, далiбог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томi. Колькi жывеш, мяне ведаеш.
- Чыстая праўда, - сказаў Джоўд, - колькi жыву.
- Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмi добрая. I нiколi добрай не была, на ёй толькi скацiну пасвiць. Цалiну тут дарма разворвалi. А пад бавоўнай яна амаль зусiм як мёртвая стала. Калi б мяне нiхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Калiфорнiю - вiнаград там еў бы i апельсiнчыкамi, як захочацца, ласаваўся. Але калi сукiны гэтыя сыны загадваюць мне выбiрацца... дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!
- Правiльна, - сказаў Джоўд. - Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. I дзiўна, што дзед нiкога не падстрэлiў. Ён нiкому не дазваляў над сабой верхаводзiць. I мацi не цярпела нiякiх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямi жывой курыцай бiла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера - збiралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, i давай яго курыцай лупiць. Курыца гэтая нам так у талерку i не трапiла. Нiчога ад яе не засталося - адны ногi ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца знялiся?
- Ды вось прыехаў да нас сюды адзiн малойчык i пачаў угаворваць i мазгi нам круцiць. "Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькi я тут не вiнаваты". - "Дык хто ж, пытаюся, вiнаваты? Скажыце хто, i я ведаю, што з iм зраблю". - "Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанiя Шоўнi. А я ўсяго толькi загад выконваю". - "А хто ён такi, гэты Шоўнi?" - "Чалавека такога няма. Гэта кампанiя". Проста да шаленства давёў. Выходзiць, i скардзiцца няма на каго. Шмат хто страцiў надзею знайсцi каго-небудзь, на кiм можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваiм. У мяне ўся кроў кiпiць. Я нiкуды адсюль не пайду.
Вялiзная чырвоная кропля сонца памарудзiла над гарызонтам, потым упала ўнiз i знiкла, неба над тым месцам заззяла, i рванае воблачка акрываўленай анучкай павiсла на небакраi. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай iмглой, i на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, паблiскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свiрна i ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.
Джоўд сказаў:
- Ну, восем мiль да дзядзькi Джона мы сёння ўжо не асiлiм. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлi? Гэта ж усяго каля мiлi.
- Нiякага толку. - Выгляд у Грэйуза зрабiўся збянтэжаны. - Мае ўсе ў Калiфорнiю паехалi - i жонка, i дзецi, i швагер. Не было чаго есцi. Яны не так азлобiлiся, як я, сабралiся i паехалi. Нiдзе тут няма нiякай ежы.
Прапаведнiк нервова заёрзаў на месцы.
- Табе таксама трэба было ехаць, М'юлi, - сказаў ён. - Сям'ю нельга разбiваць.
- Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапiлася ў мяне i не пускае.
- Божа, як я прагаладаўся, - сказаў Джоўд. - Цэлыя чатыры гады еў па гадзiнах - хвiлiна ў хвiлiну. А цяпер кiшкi марш iграюць. Ты што будзеш есцi, М'юлi? Як ты цяпер кормiшся?
М'юлi сарамлiва адказаў:
- Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабiць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сiлкi на праторынах у сухiм хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то i цяцерка пападзецца. Здараецца - скунсы, яноты. - Ён нахiлiўся, падняў свой мяшок i вывалiў з яго ўсё на ганак. Два трусы i заяц глуха шмякнулiся на дошкi мяккiмi пушыстымi камячкамi.
- Божа мiлы! - усклiкнуў Джоўд. - Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзiчыны.
Кейсi падняў аднаго труса i спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:
- Падзелiшся з намi, М'юлi Грэйуз?
М'юлi неяк няёмка пакруцiўся.
- Выбiраць не даводзiцца, - сказаў ён i змоўк, збянтэжаны недалiкатнасцю сваiх слоў. - Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе... - ён запнуўся, - я вось што меў на ўвазе: калi ў аднаго чалавека ёсць харч, а другi стаiць побач галодны... дык тут выбiраць не даводзiцца. Ну дапусцiм, я забяру сваiх трусоў, адыду ўбачок i сам iх праглыну, адзiн... Разумееш?
- Разумею, - адказаў Кейсi. - Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлi да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапiўся, толькi яно задужа цяжкое яго разуменню, i майму таксама.
Том радасна пацёр рукi:
- У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы iх разбяром!
М'юлi ўсунуў руку ў кiшэню штаноў i выняў вялiкi складаны нож з рагавымi тронкамi. Том Джоўд узяў яго, адсланiў адно лязо i панюхаў. Потым некалькi разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну i паспрабаваў вастрыё вялiкiм пальцам.
З задняй кiшэнi штаноў М'юлi дастаў вялiкую пляшку з вадой i паставiў на ганак.
- На ваду не вельмi налягайце, - сказаў ён. - Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалiлi.
Том узяў труса.
- Схадзiце хто ў свiран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалiм з паламаных дошак абшыўкi. - Ён агледзеў труса. - Труса разабраць няма лягчэй. - Ён адцягнуў шкурку на спiнцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзiрку пальцы i рвануў. Скура знялася, як панчоха, - саслiзнула з цельца да самай шыi, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вывалiў на шкурку вантробы i кiнуў усё ў бавоўнiк. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымi мышцамi. Джоўд адсек усе чатыры нагi i разрэзаў удоўж мясiстую спiнку. Калi ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсi са зблытаным скруткам дроту. - Цяпер раскладзiце агонь i ўваткнiце ў зямлю калю, - сказаў Джоўд. - Божа, якi ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! - Ён выпатрашыў другога труса i зайца, парэзаў iх i нанiзаў кавалкi мяса на дрот. М'юлi з Кейсi адарвалi ад развернутага вугла некалькi дошак, распалiлi вогнiшча i з двух яго бакоў усадзiлi ў зямлю па калку для дроту.
М'юлi падышоў да Джоўда.
- Глянь, цi няма на зайцы гнайнiкоў, - сказаў ён. - Не люблю есцi зайцоў са скуламi. - Ён выняў з кiшэнi маленькi мяшэчак i паклаў на ганак.
Джоўд сказаў:
- Заяц чысценькi, як яблычак. Ох, М'юлi, ты i соллю запасся! У цябе ў кiшэнi, можа, i талеркi выпадкам знойдуцца i палатка? - Ён адсыпаў сабе на далонь солi i пасалiў кавалкi мяса, насаджаныя на дрот.
Затрапяталiся высокiя языкi полымя, адкiдваючы ценi на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала i страляла. Неба ўжо амаль зусiм пачарнела, на iм выразна вылучалiся зоркi. Шэрая кошка выйшла са свiрна i, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнiшча скiравала ў кусты бавоўнiку, да кучкi вантробаў. Яна кусала i прагна глытала, i з яе рота звiсалi доўгiя кiшкi.
Кейсi сеў каля вогнiшча, кiдаў у агонь трэскi i падсоўваў у яго доўгiя дошкi, калi яны абгаралi на канцах. Кажаны гойсалi ўзад i ўперад у слупе святла над вогнiшчам. Кошка, нiзка прыпаўшы да зямлi, выйшла з кустоў, села i пачала аблiзвацца, мыць пыску, чысцiць вусы.
Джоўд узяў аберуч дрот з нанiзанымi на яго кавалкамi мяса i падышоў да вогнiшча.
- Ану, М'юлi, бярыся за адзiн канец. Накруцi вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне нiякага ўжо цярпення. - Ён напяў дрот, падняў з зямлi палачку i перасунуў кавалкi мяса так, каб яны апынулiся над самым агнём. Агонь пачаў лiзаць мяса, яно зацвярдзела i пакрылася глянцавiтай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю i стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. - Зараз пабалюем! - сказаў ён. - У М'юлi ўсё ёсць - i соль, i вада, i трусяцiна. Вось каб яшчэ i гаршчэчак мамалыгi знайшоўся ў яго ў кiшэнi! Гэта верх майго жадання.
М'юлi сказаў цераз вогнiшча:
- Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны i што гэтак жыць нельга.
- Яшчэ чаго - ненармальны! - сказаў Джоўд. - Калi ты ненармальны, дык хай бы ўсе былi такiя.
М'юлi гаварыў далей:
- Вось што дзiўна, панове. Калi мне загадалi з месца знiмацца, са мной сам не ведаю што такое зрабiлася. Спачатку вырашыў: пайду i пераб'ю ўсiх без разбору. Потым мае ўсе паехалi на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлi. Усё недзе тут. Далёка не адыходзiў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым i прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: "Трэба i наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калi людзi вернуцца". Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. I нiхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могiлках.
- Чалавек прывыкае да месца, яму з iм цяжка расстацца, - сказаў Кейсi. - I да думак сваiх таксама прывыкаеш, нiяк ад iх не пазбавiшся. Я ўжо больш не прапаведнiк, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малiтвы кажу.
Джоўд перавярнуў кавалкi мяса на дроце. З iх ужо капаў сок, i ў тым месцы, куды падалi кроплi, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчынiцца i рабiцца бледна-карычняватай.
- Панюхайце, - сказаў Джоўд. - Вы толькi гляньце i панюхайце!
М'юлi не замаўкаў:
- Як здань на могiлках. Абышоў усе памятныя мне месцы. Вось ёсць за нашым надзелам кустоўе ў лагчынцы. Я там першы раз з дзяўчынай лёг. Было мне тады чатырнаццаць, i я тупаў, тузаўся i соп, як рагач, i быў настырны, як казёл. Прыйшоў я туды, лёг на зямлю, i быццам зноў са мной усё гэта адбылося. А яшчэ ёсць месца каля павецi, дзе бацьку бык насмерць забадаў. Там яго кроў на зямлi, i цяпер яна там засталася. Нiхто нiколi не змываў. I я паклаў руку на зямлю, што насыцiлася крывёю майго таты. - Ён памаўчаў. - Вы думаеце, я ненармальны?
Джоўд паварочваў мяса, позiрк у яго быў задумлiвы. Кейсi падцягнуў каленi да падбародка i ўтаропiўся на агонь. Крокаў за пятнаццаць ад людзей сядзела сытая ўжо кошка, акуратна абвiўшы хвастом пярэднiя лапкi. Вялiкая сава з крыкам праляцела над вогнiшчам, i агонь асвятлiў знiзу яе белае пер'е i распасцёртыя крылы.
- Не, - сказаў Кейсi. - Проста ты нудзiшся ад адзiноты, але ты нармальны.
Маленькi, туга абцягнуты скурай твар М'юлi быццам скамянеў.
- Я паклаў руку на тое самае месца на зямлi, дзе яшчэ i цяпер яго кроў. Убачыў бацьку з дзiркай у грудзях i адчуў, як ён дрыжыць, прыцiснуўшыся да мяне. Потым ён павалiўся на спiну i выцягнуў рукi i ногi. Вочы памутнелi ад болю, пасля ён зацiх, вочы зноў сталi ясныя... i ў неба глядзяць. Я быў яшчэ зусiм малы, сяджу, не плачу, не крычу, проста сяджу i маўчу. - М'юлi таргануў галавой. Джоўд усё важдаўся з мясам на дроце. - А яшчэ я зайшоў у пакой, дзе нарадзiўся наш Джо. Ложка няма, але пакой як быў, такi i застаўся. Усё, што было, не знiкла - засталося там, дзе адбылося. Там з'явiўся на свет Джо. Шырока раскрыў рот, уцягнуў паветра i як закрычыць - за мiлю чуваць было, а бабка стаiць побач i ўсё прыгаворвае: "Красачка ты мая, ах ты мая красачка!" Паўтарае i паўтарае. I так заганарылася ўнукам сваiм, што за адзiн вечар тры кубкi разбiла.
Джоўд адкашляўся.
- Думаю, можна ўжо есцi.
- Няхай прасмажыцца як след, дай яму падрумянiцца амаль да чарнаты, сярдзiта сказаў М'юлi. - Мне пагаварыць ахвота. Даўно ўжо я нi з кiм не гаварыў. Ненармальны... ну i хай ненармальны - i канец. Як здань на могiлках, блукаю начамi ад аднаго суседскага дома да другога. Да Пiтэрсаў, да Джэйкабсаў, да Рэнсаў, да Джоўдаў... Дамы стаяць цёмныя, як пацуковыя норы, а быў час - госцi з'язджалiся, скакалi. Маленнi, воклiчы на славу гасподню. Былi вяселлi - i ўсё тут, у гэтых дамах. I ўзяло мяне жаданне пайсцi ў горад i забiць каго трэба. Прагналi людзей трактарамi, а што iм дасць гэтая зямля? Што яны возьмуць з яе, каб забяспечыць сабе "мiнiмальны прыбытак"? Яны возьмуць майго бацьку, што загiнуў на гэтай зямлi, нашага Джо, якi з крыкам зрабiў свой першы ўдых, мяне, якi торгаўся ноччу, як казёл, пад кустом. Што яшчэ яны возьмуць? Зямля спустошаная, бог сведка. У нас тут ужо колькi гадоў ва ўсiх быў недарод. А гэтыя сволачы за пiсьмовымi сталамi - яны рассеклi людзей на дзве паловы дзеля сваiх "мiнiмальных прыбыткаў". Проста рассеклi папалам. Людзi i зямля, на якой яны жывуць, - адно цэлае. А калi яны блукаюць бяздомныя па дарогах у набiтай хатнiм скарбам машыне, дык яны ўжо толькi напалову людзi. Яны мерцвякi. Iх забiлi гэтыя сукiны дзецi. - М'юлi змоўк, але яго тонкiя губы яшчэ варушылiся, грудзi цяжка ўздымалiся. Ён сядзеў, уставiўшыся на свае асветленыя вогнiшчам рукi. - Я... я даўно ўжо нi з кiм не гаварыў, - сказаў ён цiха выбачлiвым тонам. - Усё шастаю па наваколлi, як здань на могiлках.
Кейсi падсунуў доўгiя дошкi ў вогнiшча, i агонь лiзнуў iх i зноў шугануў угору, да падвешанага на дроце мяса. Сцены дома звонка патрэсквалi, астываючы ў начным паветры. Кейсi спакойна сказаў:
- Трэба пабачыць людзей, што пусцiлiся ў дарогу. Адчуваю, мне абавязкова трэба iх пабачыць. Iм патрэбна дапамога - не пропаведзi, а дапамога. Спадзявацца на царства нябеснае, калi яны яшчэ i на зямлi не пажылi? Якi ўжо тут святы дух, калi ўласны iх дух зрынуты ў смутак i скруху? Iм патрэбна дапамога. Яны павiнны жыць, бо памiраць iм яшчэ рана.
Джоўд нервова крыкнуў:
- Госпадзi, давайце ўжо есцi, а то мяса зробiцца меншае за вараную мыш! Вы толькi гляньце. Панюхайце, якi пах! - Ён ускочыў на ногi i перасунуў падсмажанае мяса далей ад агню. Тады ўзяў нож, якi даў яму М'юлi, падрэзаў адзiн кавалак i зняў з дроту. - Гэта прапаведнiку, - сказаў ён.
- Казаў жа табе, што я ўжо больш не прапаведнiк.
- Ну добра, не прапаведнiку, дык чалавеку. - Джоўд адрэзаў яшчэ адзiн кавалак. - А гэта табе, М'юлi, калi яшчэ не расхацеў ад засмучэння есцi. Зайчацiна. Цвярдзейшае за буйвалiнае мяса. - Ён сеў i ўсадзiў свае доўгiя зубы ў мяса, адхапiў iмi вялiкi кавалак i пачаў жаваць. - Ого, як храбусцiць! - Ён з прагнасцю адкусiў яшчэ.
М'юлi сядзеў, пазiраючы на сваю долю ежы.
- Можа, мне не трэба было так гаварыць, - сказаў ён. - Такое лепш трымаць у галаве.
Набiўшы поўны рот мясам, Кейсi глянуў на яго цераз вогнiшча. Прапаведнiк жаваў i глытаў, i ў яго на шыi пад скурай энергiчна працавалi мускулы.
- Не, гаварыць трэба, - сказаў ён. - Часам апанаваны горам чалавек вылiвае ўвесь свой боль у словах. Часам чалавек, якi рашыўся на забойства, вылiвае сваю злосць словамi, i тым усё i канчаецца. Ты правiльна зрабiў, М'юлi. Нiкога не забiвай, перасiль сябе, калi можаш. - Кейсi зноў адкусiў мяса.
Джоўд кiнуў косткi ў агонь, ускочыў i зрэзаў з дроту яшчэ адзiн кавалак. М'юлi жаваў паволi, i яго маленькiя неспакойныя вочкi прабягалi з аднаго свайго сутрапезнiка на другога. Джоўд еў з прагнасцю звера, вакол яго рота паблiскваў тлушч.
М'юлi доўга глядзеў на яго ледзь не з бояззю. Потым апусцiў руку, у якой трымаў мяса.
- Томi, - сказаў ён.
Джоўд падняў вочы, не перастаючы ўгрызацца ў мяса i жаваць.
- Га? - сказаў ён з поўным ротам.
- Томi, ты не злуеш на мяне за тое, што я загаварыў пра забойства? Ты не пакрыўдзiўся, Том?
- Не, - адказаў Том, - не пакрыўдзiўся. Што было, тое было.
- Мы ўсе ведалi, што ты невiнаваты, - сказаў М'юлi. - Стары Тэрнбул гразiўся адпомсцiць табе пасля турмы. Ён, кажа, забiў майго сына, i я яму не спушчу. Але суседзi адгаварылi яго, абразумiлi.