- Я пытаюся ў вас, мiстэр Бараўз.
Малады чалавек панурыўся.
- Мы былi з iм у найлепшых адносiнах.
- Цi ведалi вы, што сэр Гервазы напiсаў лiст мiстэру Пуаро з просьбай прыехаць сюды?
- Не.
- Сэр Гервазы звычайна сам пiсаў свае лiсты?
- Не, амаль заўсёды ён дыктаваў iх мне.
- Але ён не зрабiў так гэтым разам.
- Не.
- Чаму, як вы думаеце?
- Не ведаю.
- Вы не можаце знайсцi нiякай прычыны, чаму гэты лiст яму спатрэбiлася пiсаць самому?
- Не, не магу.
- А! - сказаў маёр Рыдл, дадаючы спакойна: - Даволi дзiўна. Калi вы бачылi сэра Гервазы апошнi раз?
- Якраз перад тым, як пайшоў апрануцца на абед. Я прынёс яму падпiсаць некалькi лiстоў.
- У якiм стане ён быў тады?
- У зусiм нармальным. Наогул, я сказаў бы, ён быў як быццам задаволены сабой у сувязi з нечым.
Пуаро варухнуўся ў сваiм крэсле.
- А? - сказаў ён. - Дык у вас было такое ўражанне, што ён быў нечым задаволены? I, аднак, неўзабаве страляецца. Дзiўна!
Годфры Бараўз пацiснуў плячыма.
- Я толькi перадаю вам свае ўражаннi.
- Так, так, яны дужа каштоўныя. Апрача ўсяго, вы, мабыць, адзiн з апошнiх людзей, што бачылi сэра Гервазы жывога.
- Снэл быў апошнi, хто бачыў яго.
- Бачыў, так, але не размаўляў з iм.
Бараўз не адказаў.
Маёр Рыдл спытаўся:
- Каторая была гадзiна, як вы пайшлi наверх апрануцца на абед?
- Прыкладна пяць хвiлiн восьмай.
- Што рабiў сэр Гервазы?
- Я пакiнуў яго ў кабiнеце.
- Цi доўга ён звычайна пераапранаўся?
- Ён звычайна аддаваў на гэта аж тры чвэрцi гадзiны.
- Значыцца, калi абед быў у пятнаццаць хвiлiн дзевятай, ён, верагодна, пайшоў бы наверх, самае позняе, а палове восьмай?
- Вельмi верагодна.
- Вы самi пайшлi пераапранацца рана?
- Але, я вырашыў, што пераапрануся i тады пайду ў бiблiятэку i вазьму патрэбныя мне даведкi.
Пуаро задумлiва кiўнуў. Маёр Рыдл сказаў:
- Добра. Я думаю, пакуль усё. Вы не запросiце мiс - як яе завуць - да нас?
Маленькая мiс Лiнгард шмыгнула ў пакой амаль iмгненна. На ёй было некалькi ланцужкоў, яны цiха звiнелi, калi яна сядала i запытальна пераводзiла позiрк з аднаго мужчыны на другога.
- Усё гэта вельмi... э-э... сумна, мiс Лiнгард, - пачаў маёр Рыдл.
- Сапраўды, вельмi сумна, - сказала мiс Лiнгард, як ёй i належала сказаць.
- Вы... калi прыйшлi ў гэты дом?
- Месяцы два назад. Сэр Гервазы напiсаў свайму сябру ў Музеi - палкоўнiку Фозэрынгею, i палкоўнiк Фозэрынгей парэкамендаваў мяне. Я зрабiла нямала гiстарычных даследаванняў.
- Сэр Гервазы быў цяжкi для вашай сумеснай работы?
- О, не. Трэба было, вядома, трохi ўлагоджваць яго. Але ж, я ведаю, гэта заўсёды даводзiцца рабiць з мужчынамi.
З нялёгкiм пачуццём, што мiс Лiнгард, мабыць, улагоджвае яго ў гэтую хвiлiну, маёр Рыдл гаварыў далей:
- Вы павiнны былi дапамагаць сэру Гервазы ў рабоце над кнiгай, якую ён пiсаў?
- Але.
- Што ў гэта ўваходзiла?
Нейкi момант мiс Лiнгард выглядала зусiм па-чалавечы. Яе вочы мiргалi, калi яна адказвала:
- Ну, ведаеце, фактычна - напiсанне кнiгi! Я збiрала iнфармацыю, i рабiла нататкi, i апрацоўвала матэрыял. А потым, пазней, рэдагавала, што напiсаў сам Гервазы.
- Напэўна, вам давялося праявiць нямала такту, мадэмуазель, - сказаў Пуаро.
- Такту i цвёрдасцi. Патрэбны i тое, i другое, - адказала мiс Лiнгард.
- Сэра Гервазы не абурала ваша... э... цвёрдасць?
- О, зусiм не. Вядома, я пераканала яго, што ён не павiнен звяртаць увагi на дробязi.
- О, так, я разумею.
- На самай справе гэта было зусiм проста, - сказала мiс Лiнгард. - Сэрам Гервазы можна было проста кiраваць, толькi належным чынам.
- А цяпер, мiс Лiнгард, адкажыце мне: цi не ведаеце вы чаго-небудзь, што магло б пралiць святло на гэтую трагедыю?
Мiс Лiнгард адмоўна пакiвала галавой.
- Баюся, не. Ведаеце, ён, натуральна, нiколi не раскрываў мне сваю душу. Я, па сутнасцi, яму чужая. Ва ўсякiм разе, я думаю, ён быў занадта ганарысты, каб гаварыць з кiм-небудзь пра сямейныя турботы.
- Дык вы лiчыце, менавiта сямейныя турботы - прычына яго самагубства?
Мiс Лiнгард як быццам трохi здзiвiлася.
- Ну, вядома ж! Хiба ёсць якая iншая?
- Вы ўпэўнены, што былi сямейныя справы, якiя турбавалi яго?
- Я ведаю, што ў яго былi цяжкiя душэўныя пакуты.
- Як, вы ведаеце гэта?
- Ну так, вядома.
- Скажыце мне, мадэмуазель, цi гаварыў ён з вамi па сутнасцi справы?
- Невыразна.
- Што ён казаў?
- Дайце падумаць. Я заўважыла, што ён як быццам не чуе, што я кажу...
- Адну хвiлiнку. Пардон. Калi гэта было?
- Сёння папаўднi. Мы звычайна працавалi з трох да пяцi.
- Прашу вас, гаварыце.
- Як я сказала, сэру Гервазы, здавалася, было цяжка засяродзiцца сапраўды, ён так i сказаў, дадаўшы, што некалькi важных спраў не даюць яму спакою. I ён сказаў... Дайце падумаць... Нешта накшталт (вядома, я не ўпэўнена ў дакладнасцi слоў): "Гэта жахлiва, мiс Лiнгард, калi на сям'ю, адну з самых гордых на зямлi, "падае грэх".
- I што вы сказалi на гэта?
- О, толькi нешта суцяшальнае. Мне здаецца, я сказала, што кожнае пакаленне мае i сваiх слабых сыноў - што гэта частка расплаты за велiч - але што iх памылкi рэдка памятаюцца наступнымi пакаленнямi.
- I гэта дало жаданы эфект, на якi вы спадзявалiся?
- Больш-менш. Мы вярнулiся да сэра Роджэра Шэвенi-Гарэ. Я знайшла вельмi цiкавае ўпамiнанне пра яго ў тагачасным манускрыпце. Але сэр Гервазы зноў стаў няўважлiвы. Урэшце ён сказаў, што сёння больш не будзе працаваць. I яшчэ - што ў яго быў шок.
- Шок?
- Менавiта гэта ён сказаў. Вядома, я не стала задаваць нiякiх пытанняў. Проста сказала: "Мне сумна чуць гэта, сэр Гервазы". I потым ён папрасiў мяне перадаць Снэлу, што прыедзе мiстэр Пуаро i каб той перанёс абед на восем пятнаццаць, i паслаў машыну на вакзал, цягнiк - у сем пятнаццаць.
- Цi заўсёды ён даваў вам такiя даручэннi?
- Ды не... Увогуле, гэта была справа мiстэра Бараўза. Я нiчым не займалася, апрача чыста лiтаратурнай работы. Я не была сакратаркай нi ў якiм сэнсе слова.
Пуаро запытаўся:
- Як вы лiчыце, у сэра Гервазы былi пэўныя падставы прасiць у вас гэтай паслугi замест таго, каб даручыць усё мiстэру Бараўзу?
Мiс Лiнгард задумалася.
- Так, маглi быць... Я не думала пра гэта тады. Я думала, так яму проста зручней. А цяпер прыгадваю, што, сапраўды, ён папрасiў мяне не гаварыць нiкому, што прыязджае мiстэр Пуаро. Гэта павiнна быць сюрпрызам, сказаў ён.
- Ага! Ён так i сказаў? Вельмi дзiўна, вельмi цiкава. I цi гаварылi вы каму-небудзь?
- Вядома, не, мiстэр Пуаро. Я сказала Снэлу пра абед i каб шафёр сустрэў госця, якi прыедзе цягнiком у сем пятнаццаць.
- Цi гаварыў сэр Гервазы што-небудзь яшчэ, што магло мець адносiны да справы?
Мiс Лiнгард задумалася.
- Не... Я не думаю... Ён быў надта напружаны... Добра памятаю, якраз, калi я пакiдала пакой, ён прамовiў: "Нiчога добрага, што ён зараз прыязджае. Занадта позна".
- I вы не маеце нiякай здагадкi, што ён меў на ўвазе?
- Н-не...
Цьмянае падазрэнне ўзнiкла ў Пуаро ад той нерашучасцi, з якой яна вымавiла простае "не". Ён, нахмурыўшыся, паўтарыў:
- "Занадта позна"... Гэта ён сказаў, гэта? "Занадта позна".
Маёр Рыдл спытаўся:
- Вы не можаце нам дапамагчы, мiс Лiнгард, высветлiць сутнасць справы, якая так засмучала сэра Гервазы?
Мiс Лiнгард павольна сказала:
- У мяне ёсць падазрэнне, што гэта нейкiм чынам звязана з Х'юга Трэнтам.