Лэдзi Шэвенi-Гарэ ўсё тым жа саладжавым голасам сказала:
- Гэта ж тое самае... Гэта лёс.
- Але ваш муж застрэлiўся.
Лэдзi Шэвенi-Гарэ паблажлiва ўсмiхнулася.
- Ён не павiнен быў так рабiць, зразумела. Але Гервазы быў заўсёды нецярплiвы. Ён нiколi не ўмеў чакаць. Яго час прыйшоў - ён ступiў насустрач. Усё так проста...
Маёр Рыдл раздражнёна выкашляўся i рэзка сказаў:
- Дык вы не былi здзiўлены, што ваш муж скончыў жыццё самагубствам? Вы чакалi, што так здарыцца?
- О, не! - Яе вочы акруглiлiся. - Нельга заўсёды прадбачыць будучыню. Гервазы, несумненна, быў вельмi дзiўны чалавек, незвычайны чалавек. Ён быў зусiм не падобны нi на кога. Ён быў адным з Вялiкiх i цяпер народжаны зноў. Я ведала гэта даўно. Думаю, ён сам гэта ведаў. Яму цяжка было прыстасоўвацца да дурных i дробных стандартаў штодзённага жыцця. - Пазiраючы цераз плячо маёра Рыдла, яна дадала: -Ён усмiхаецца зараз. Ён думае, якiя ўсе мы неразумныя. Такiя мы i ёсць, сапраўды. Проста як дзецi. Прыкiдваемся, што свет iснуе на самай справе i што гэта мае значэнне... Жыццё - толькi адна з вялiкiх Iлюзiй.
Адчуваючы, што ён прайграе бiтву, маёр Рыдл у роспачы запытаўся:
- Вы зусiм не можаце дапамагчы нам высветлiць, чаму ваш муж скончыў жыццё самагубствам?
Яна пацiснула сваiмi тонкiмi плячыма.
- Сiлы рухаюць намi - яны рухаюць намi... Вы не можаце зразумець. Вы рухаецеся толькi ў матэрыяльнай сферы.
Пуаро кашлянуў.
- Гаворачы пра матэрыяльную сферу, цi ведаеце вы што-небудзь, мадам, пра тое, як ваш муж размеркаваў свае грошы?
- Грошы? - Яна здзiўлена паглядзела на яго. - Я нiколi не думаю пра грошы. - У яе голасе гучала пагарда.
Пуаро пераключыўся на iншую тэму:
- У якi час вы спусцiлiся сёння ўнiз на абед?
- Час? Якi ён, Час? Бясконцы, вось вам адказ. Час бясконцы.
Пуаро сказаў:
- Але ваш муж, мадам, быў даволi пунктуальны ў часе - асаблiва, як мне казалi, калi датычылася абедзеннага часу.
- Ах, мiлы Гервазы... - Яна памяркоўна ўсмiхнулася. - Ён быў такi дурненькi з той пунктуальнасцю. Але гэта рабiла яго шчаслiвым. I таму мы нiколi не пазнiлiся.
- Вы былi ў сталовай, мадам, калi пачуўся першы гонг?
- Не, я была тады ў маiм пакоi.
- Цi памятаеце вы, хто быў у сталовай, калi вы сышлi ўнiз?
- Амаль усе, мне здаецца, - няўпэўнена сказала лэдзi Шэвенi-Гарэ. - Гэта мае значэнне?
- Магчыма, не, - пагадзiўся Пуаро. - Тады што-нiшто яшчэ. Цi казаў вам калi-небудзь ваш муж, што яго, як ён падазрае, абкрадваюць?
Лэдзi Шэвенi-Гарэ, здавалася, не дужа цiкавiла гэта пытанне.
- Абкрадваюць? Не, я не думаю.
- Абкрадваюць, ашукваюць, абiраюць нейкiм чынам?..
- Не, я не думаю... Гервазы вельмi ўгневаўся б, калi б хтосьцi адважыўся на такое.
- Прынамсi, ён нiчога не гаварыў вам?
- Не, не. - Лэдзi Шэвенi-Гарэ адмоўна пакiвала галавой, па-ранейшаму без вялiкай цiкавасцi. - Я памятала б...
- Калi апошнi раз вы бачылi свайго мужа жывога?
- Ён заглянуў, як звычайна, спускаючыся ўнiз перад абедам. Мая служанка была там. Ён проста сказаў, што iдзе ўнiз.
- Прыгадайце, пра што ён больш за ўсё гаварыў апошнiя некалькi тыдняў?
- О, пра гiсторыю роду. Ён так паспяхова займаўся гэтым. Забаўная, мiлая мiс Лiнгард, - ён ужо не мог без яе. Яна шукала i знаходзiла яму матэрыялы ў Брытанскiм музеi - усё, што патрэбна. Яна, ведаеце, працавала з лордам Малкастарам над яго кнiгай. I была тактоўная - я маю на ўвазе, яна абмiнала лiшняе. Урэшце, ёсць такiя продкi, якiх не хочацца чапаць. Гервазы быў вельмi чуллiвы. Яна дапамагала i мне. Здабыла мне процьму iнфармацыi пра Хэтшыпсат*. Я - пераўвасабленне Хэтшыпсат, ведаеце. - Ледзi Шэвенi-Гарэ зрабiла гэтую заяву спакойным голасам. - А да таго, - гаварыла яна далей, - я была жрыцай у Атлантыдзе.
* Хэтшыпсат - егiпецкая царыца (XV ст. да н.э.).
Маёр Рыдл пакруцiўся ў крэсле.
- Э-э, вельмi цiкава, - сказаў ён. - Добра, лэдзi Шэвенi-Гарэ, я думаю, гэта ўсё. Вы былi надзвычай зычлiвыя.
Лэдзi Шэвенi-Гарэ ўстала, разгладзiла свае шаты.
- Дабранач, - сказала яна. Позiрк яе скiраваўся ў нейкую кропку за маёрам Рыдлам.
- Дабранач, любы Гервазы. Я хацела б, каб ты прыйшоў, але, ведаю, ты мусiш заставацца тут. - Яна дадала, растлумачваючы яму: - Ты мусiш заставацца там, дзе ты адышоў ад нас, самае меншае дваццаць чатыры гадзiны. Павiнен мiнуць пэўны час, перш чым ты зможаш свабодна рухацца i камунiкавацца.
Яна выплыла з пакоя.
Маёр Рыдл выцер лоб.
- Ух! - мармытнуў ён. - Вар'ятка куды большая, чым я думаў. Яна сапраўды верыць ва ўсё гэтае глупства?
Пуаро з сумненнем, задумлiва пакiваў галавой.
- Магчыма, яна так ратуецца, - сказаў ён. - Ёй трэба стварыць свет iлюзiй, каб уцячы ад суровай рэальнасцi, ад мужавай смерцi.
- Мне здаецца, - сказаў маёр Рыдл, - фармальна яе можна палiчыць вар'яткай. Нагаварыць кучу ўсялякай лухты - i нiводнага разумнага слова!
- Не, не, дружа мой. Самае цiкавае, як Х'юга Трэнт мiмаходзь заўважыў, тое, што з усяго гэтага пустаслоўя праблiскваюць разумныя думкi. Яна паказала гэта сваёй заўвагай пра тактоўнасць мiс Лiнгард, што тая не выпiнала непажаданых продкаў. Паверце мне, лэдзi Шэвенi-Гарэ нiякая не дурная.
Ён устаў i пахадзiў туды-сюды.
- У гэтай справе мне сёе-тое не падабаецца. Так, зусiм не падабаецца.
Рыдл з цiкаўнасцю паглядзеў на яго.
- Вы маеце на ўвазе матыў самагубства?
- Самагубства, самагубства! Усё гэта памылкова. Гэта памылкова псiхалагiчна. Кiм лiчыў сябе Шэвенi-Гарэ? Калосам, незвычайна важнай асобай, цэнтрам сусвету! Хiба такi чалавек знiшчае сябе? Зразумела, не. Хутчэй ён знiшчыць каго-небудзь iншага, раздушыць, як мурашку, нiкчэмную чалавечую iстоту, што адважылася раздражняць яго... Такi ўчынак ён мог бы лiчыць як неабходны, свяшчэнны! Але самазнiшчэнне? Знiшчэнне такiм эгаiстам самога сябе?
- Усё гэта вельмi добра, Пуаро. Але факты, факты. Дзверы замкнуты, ключ у яго ўласнай кiшэнi. Акно зачынена на шпiнгалет. Я чытаў пра такiя рэчы ў кнiгах, але я нiколi не сустракаўся з iмi ў рэальным жыццi. Што-небудзь яшчэ?..
- Так, ёсць што-нiшто яшчэ. - Пуаро сеў на крэсла. - Я Шэвенi-Гарэ. Я сяду тут, за мой стол. Я вырашыў забiць сябе, бо, дапусцiм, я адкрыў у гiсторыi нашага роду нешта страшэнна ганебнае. Не дужа пераканаўча, праўда, але гэтага будзе дастаткова. Еh biеn*, што я раблю? Я крэмзаю на кавалку паперы слова "ДАРУЙЦЕ". Так, гэта зусiм магчыма. Потым адчыняю шуфляду стала, дастаю пiсталет, якi тут хаваю, зараджаю, калi ён не зараджаны, i потым - страляюся? Не, я спачатку паварочваю сваё крэсла кругом - так, i трохi нахiляюся направа - так, i тады - тады прыкладваю пiсталет да скронi i страляю!
* Так (фр.).
Пуаро ўскочыў з крэсла i, апiсаўшы круг, усклiкнуў:
- Я пытаюся ў вас, цi гэта мае сэнс? Навошта паварочваць крэсла кругом? Калi б, напрыклад, тут на сцяне вiсела карцiна, тады, так, гэта можна было б вытлумачыць. Нейкi партрэт, апошняя рэч на свеце, якую хацелася б убачыць перад смерцю; але фiранка - аh nоn*, гэта не мае сэнсу.
* Не (фр.).
- Ён мог захацець глянуць з акна. Апошнi позiрк на маёнтак.
- Мой дарагi дружа, вы самi не верыце ў тое, што гаворыце. Вы самi ведаеце: гэта нонсэнс. У восем хвiлiн дзевятай было цёмна, i ў любым выпадку фiранкi апушчаны. Не, тут павiнна быць нейкае iншае тлумачэнне...
- Я тут бачу толькi адно. Гервазы Шэвенi-Гарэ быў вар'ят.
Пуаро адмоўна пакiваў галавою: не, гэта яго не задавольвала. Маёр Рыдл устаў.
- Хадземце, - сказаў ён. - Пойдзем i пагутарым з усiмi астатнiмi. Можа, што-небудзь высветлiм такiм шляхам.
6
Пасля цяжкай гутаркi з лэдзi Шэвенi-Гарэ маёр Рыдл адчуў значную палёгку, размаўляючы з такiм спрактыкаваным юрыстам, як Фобз.
Мiстэр Фобз быў надзвычай стрыманы i асцярожны ў сваiх заявах, але яго адказы вызначалiся беззаганнай дакладнасцю. Ён прызнаўся, што самагубства сэра Гервазы аглушыла яго. Ён нiколi не палiчыў бы сэра Гервазы такiм чалавекам, якi можа адмовiцца ад свайго жыцця. Ён не ведаў нiякай прычыны для такога кроку.
- Сэр Гервазы быў не толькi мой клiент, але i вельмi даўнi сябар. Мы пазнаёмiлiся яшчэ падлеткамi. Я б сказаў, ён заўсёды любiў жыццё.
- Пры такiх акалiчнасцях, мiстэр Фобз, я хачу прасiць вас гаварыць абсалютна адкрыта. Цi не вядомы вам тайная трывога або перажываннi сэра Гервазы?
- Не. У яго, як i ў большасцi людзей, былi такiя-сякiя турботы, але нiчога сур'ёзнага.
- Нiякай хваробы? Нiякiх спрэчак з жонкай?
- Не. Сэр Шэвенi-Гарэ i лэдзi Шэвенi-Гарэ былi адданыя адно аднаму.
Маёр Рыдл асцярожна сказаў:
- У лэдзi Шэвенi-Гарэ, як быццам, трохi дзiўныя погляды.
Мiстэр Фобз усмiхнуўся - паблажлiвая мужчынская ўсмешка.
- Жанчынам, - адказаў ён, - трэба дараваць iх дзiвацтвы.
- Вы займалiся ўсiмi юрыдычнымi справамi сэра Гервазы? - гаварыў далей галоўны канстэбль.
- Так, мая фiрма "Фобз, Оджыльвi i Спэнс" апякуецца сям'ёй Шэвенi-Гарэ больш за сто гадоў.
- Цi былi якiя-небудзь скандалы ў сям'i Шэвенi-Гарэ?
Бровы мiстэра Фобза ўзнялiся.
- На самай справе, я вас не разумею.
- Мiстэр Пуаро, вы не дасце мiстэру Фобзу лiст, якi паказвалi мне?
Пуаро моўчкi ўстаў i з лёгкiм паклонам працягнуў гэты лiст мiстэру Фобзу.
Той стаў чытаць, i бровы яго ўзнялiся яшчэ вышэй.
- Проста незвычайны лiст, - сказаў ён. - Цяпер я разумею ваша пытанне. Не, нiчога з таго, што мне было вядома, не вымушала пiсаць такi лiст.
- Сэр Гервазы не сказаў вам пра яго?
- Нi слова. Мушу сказаць, мне вельмi дзiўна, што ён не зрабiў гэтага.
- Ён давяраў вам?
- Думаю, ён лiчыўся з маёй думкай.
- I ў вас няма нiякiх здагадак - чаго датычыўся гэты лiст?
- Я не хацеў бы рабiць паспешлiвых здагадак.
Маёр Рыдл ацанiў далiкатнасць гэтага адказу.
- А зараз, мiстэр Фобз, можа, вы азнаёмiце нас з тым, як сэр Гервазы размеркаваў сваю спадчыну.
- Калi ласка. У мяне няма нiякiх пярэчанняў супраць гэтага. Сваёй жонцы сэр Гервазы пакiнуў шэць тысяч фунтаў гадавога прыбытку з маёнтка i на выбар Даўэр-Хаўс або гарадскi дом на плошчы Лаўндыс, што яна пажадае. На яе накладалiся, вядома, абавязацельствы выплацiць некалькiм асобам пэўную суму i перадаць пэўную нерухомую маёмасць, але нiчога значнага. Спадчына, ужо без таго, што аддавалася па даравальных запiсах, была пакiнута яго прыёмнай дачцэ, Рут, пры ўмове, што, калi яна выйдзе замуж, яе муж возьме прозвiшча Шэвенi-Гарэ.
- Яго пляменнiку, мiстэру Х'юга Трэнту, не пакiнута нiчога?
- Было, так, пяць тысяч фунтаў.
- Дык трэба разумець, што сэр Гервазы быў багаты чалавек?
- Нават вельмi багаты. Апрача маёнтка, валодаў вялiзнай прыватнай маёмасцю. Вядома, быў не такi заможны, як даўней. Фактычна, увесь прыбытак з капiталу, укладзенага ў бiзнес, паступаў з натугай. Апрача таго, сэр Гервазы страцiў нямала грошай праз адну кампанiю - "Пэраган сiнтэтык рабэ сабстыт'ют"*, куды палкоўнiк Бэры пераканаў яго ўкласцi значную суму.
* "Дасканалы сiнтэтычны заменнiк каўчука".