Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.



Главная
Все книги
Назад
Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

- Ён вiнавацiў вас за панесеныя страты?

- Гервазы не быў нармальны! Ванда ведала гэта. Але яна заўсёды ўмела кiраваць iм. Я ахвотна перадаваў усё ў яе рукi.

Пуаро кашлянуў, i маёр Рыдл, зiрнуўшы на яго, перамянiў тэму.

- Я ведаю, што вы вельмi даўнi сябар сям'i, палкоўнiк Бэры. Цi вядома вам што-небудзь аб тым, як сэр Гервазы падзялiў спадчыну?

- Ну, думаю, большая частка пяройдзе да Рут. Гэта я зразумеў з яго выпадковых слоў.

- Вы не лiчыце, што гэта было вельмi несправядлiва ў адносiнах да Х'юга Трэнта?

- Гервазы не любiў Х'юга. Цярпець яго не мог.

- Але ж у яго было моцна развiта пачуццё сям'i. Мiс Шэвенi-Гарэ, урэшце, толькi прыёмная дачка.

Палкоўнiк Бэры вагаўся, але потым, трохi пахмыкаўшы i памыкаўшы, сказаў:

- Паслухайце, я думаю лепей сказаць вам. Строга канфiдэнцыяльна, i ўсё такое.

- Безумоўна, безумоўна.

- Рут незаконная, але яна Шэвенi-Гарэ. Дачка брата Гервазы, Энтанi, якi загiнуў на вайне. Здаецца, у яго быў раман з машынiсткай. Калi ён загiнуў, дзяўчына напiсала Вандзе. Ванда паехала да яе - дзяўчына чакала дзiця. Ванда з Гервазы ўсё абгаварылi; ёй якраз сказалi, што сама яна нiколi не будзе мець дзяцей. I яны ўзялi дзяўчынку, калi яна нарадзiлася, i ўдачарылi яе па закону. Мацi адмовiлася ад усякiх правоў на яе. Яны выхавалi Рут, як сваю дачку, i фактычна яна i ёсць iх дачка, i варта толькi паглядзець на яе, каб зразумець, што яна сапраўды Шэвенi-Гарэ!

- Ага! - сказаў Пуаро. - Вось яно што. Гэта робiць стаўленне да яе сэра Гервазы намнога больш зразумелым. Але калi ён не любiў мiстэра Х'юга Трэнта, то чаму ён так хацеў ажанiць яго з мадэмуазель Рут?

- Каб упарадкаваць пазiцыю сям'i. З яго пункту гледжання, гэта быў самы адпаведны шлюб.

- Хоць ён i не любiў маладога чалавека цi не давяраў яму?

Палкоўнiк Бэры фыркнуў.

- Вы не разумееце старога Гервазы. Ён не ўмеў глядзець на людзей як на людзей. Ён наладжваў шлюбы, быццам пары былi каралеўскага роду! Ён лiчыў за належнае, што Рут i Х'юга пажэняцца, што Х'юга возьме iмя Шэвенi-Гарэ. А што Х'юга i Рут думалi самi, не мела значэння.

- А цi мадэмуазель Рут згаджалася прыняць гэтыя ўмовы?

Палкоўнiк Бэры хiхiкнуў.

- Яна! Яна як фурыя!

- Цi ведалi вы, што незадоўга да сваёй смерцi сэр Гервазы складаў новае завяшчанне, паводле якога мiс Шэвенi-Гарэ стала б яго спадчыннiцай толькi пры ўмове, што яна выйдзе за мiстэра Трэнта?

Палкоўнiк Бэры свiснуў.

- Дык яго сапраўды напалохаў яе раман з Бараўзам...

Вымавiўшы гэта, ён прыкусiў язык, але было позна. Пуаро ўхапiўся за гэтае прызнанне.

- Памiж мадэмуазель Рут i маладым месье Бараўзам нешта было?

- Напэўна, нiчога, зусiм нiчога.

Маёр Рыдл кашлянуў.

- Я лiчу, палкоўнiк Бэры, што вы павiнны сказаць нам усё, што ведаеце. Гэта магло мець прамыя адносiны да стану сэра Гервазы.

- Думаю, што магло, - сказаў палкоўнiк Бэры, вагаючыся. - Так, усё ў тым, што малады Бараўз нябрыдкi хлопец, - прынамсi, жанчыны, здаецца, думаюць так. Менавiта ў апошнi час здавалася, што яго з Рут вадой не разлiць, i Гервазы гэта не падабалася - зусiм не падабалася! Ён не хацеў звальняць Бараўза, баючыся прыспешыць ход падзей. Ведаў, якая яна, Рут. Ёю не пакамандуеш. Таму, мяркую, ён i ўхапiўся за гэты план. Рут - не такая дзяўчына, што ахвяруе ўсiм дзеля кахання. Яна любiць раскошнае жыццё i грошы.

- Цi прыхiльна вы самi ставiцеся да мiстэра Бараўза?

Палкоўнiк выказаў думку, што Годфры Бараўз трошкi хамаваты, гэтая заява канчаткова збянтэжыла Пуаро, а маёра Рыдла прымусiла ўсмiхнуцца ў вусы.

Было яшчэ некалькi пытанняў i адказаў, а тады палкоўнiк Бэры пайшоў.

Рыдл зiрнуў на Пуаро, якi сядзеў, паглыблены ў думкi.

- Якую выснову робiце вы з усяго гэтага, мiстэр Пуаро?

Маленькi чалавек узняў рукi.

- Здаецца, я ўяўляю, як усё было. Гэта абдуманы план.

- Гм, складана, - сказаў Рыдл.

- Вядома, складана. Але адна выпадковая фраза здаецца мне ўсё больш i больш iстотнай.

- Што такое?

- Тыя забаўныя словы, якiя сказаў Х'юга Трэнт: "Забойствы бываюць заўсёды..."

Рыдл рэзка сказаў:

- Бачу, вы ўвесь час хiлiце ў гэты бок.

- А вы не згодны, дружа мой, што чым больш мы даведваемся, тым менш i менш знаходзiм матываў для самагубства? А для забойства збiраецца цэлая калекцыя матываў!

- I ўсё ж не забывайце фактаў - дзверы замкнутыя, ключ у кiшэнi нябожчыка. О, я ведаю, ёсць адпаведныя спосабы i сродкi. Сагнутыя шпiлькi, вяроўкi - усе вiды прыстасаванняў. Увогуле, такое магчыма... Але цi было яно на самай справе? Вось у чым я моцна сумняваюся.

- Ва ўсялякiм разе, давайце спачатку разгледзiм сiтуацыю так, што гэта было забойства, а не самагубства.

- О, калi ласка. Раз вы на сцэне, дык, напэўна, будзе забойства!

Пуаро спачатку ўсмiхнуўся, а пасля сказаў:

- Што ж, давайце разгледзiм выпадак як забойства. Чуваць стрэл; чатыры чалавекi ў зале: мiс Лiнгард, Х'юга Трэнт, мiс Кардвэл i Снэл. Дзе ўсе астатнiя?

Бараўз быў у бiблiятэцы, па яго словах. Нiхто не праверыць гэтую заяву. Iншыя былi, мабыць, у сваiх пакоях, але хто ведае, цi сапраўды былi яны там? Кожны нiбыта спускаецца ўнiз паасобку. Нават лэдзi Шэвенi-Гарэ i Бэры сустрэлiся толькi ў зале. Лэдзi Шэвенi-Гарэ прыйшла са сталовай. Адкуль прыйшоў Бэры? Хiба не можа быць, што прыйшоў не зверху, а з кабiнета? Вось i гэты аловак...

Але, аловак - гэта цiкава. Бэры не праявiў нiякiх эмоцый, калi я дастаў яго, але так магло быць таму, што ён не ведаў, дзе я знайшоў аловак, i яму было невядома, што ён згубiў яго. Давайце паглядзiм, хто яшчэ гуляў у брыдж, калi аловак быў ва ўжытку? Х'юга Трэнт i мiс Кардвэл. Яны выпадаюць. У мiс Лiнгард i дварэцкага жалезнае алiбi. Чацвёртая была лэдзi Шэвенi-Гарэ.

- Вы не можаце ўсур'ёз падазраваць яе.

- Чаму не, мой дружа? Паверце, што датычыць мяне - я магу падазраваць кожнага! Дапусцiм, што, нягледзячы на яе вiдавочную адданасць мужу, яна шчыра кахае адданага ёй Бэры?

- Гм, - сказаў Рыдл. - Нейкiм чынам у iх было нешта накшталт menege a trois* - на працягу многiх гадоў.

* Сям'я з трох (фр.).

- I яшчэ канфлiкт праз гэтую кампанiю памiж сэрам Гервазы i палкоўнiкам Бэры.

- Праўда тое, што сэр Гервазы мог намервацца перайсцi да рашучых i небяспечных дзеянняў. Мы ж не ведаем акалiчнасцей. Гэта магло з'явiцца прычынай вашага выклiку сюды. Скажам, сэр Гервазы падазрае, што Бэры наўмысна абiрае яго, але ён не хоча агалоскi, баючыся, што можа быць замешана i яго жонка. Так магчыма. Гэта дае абаiм рэальны матыў. I сапраўды трохi дзiўна, што лэдзi Шэвенi-Гарэ ўспрыняла смерць мужа так спакойна. А гэтыя духi могуць быць гульнёй!

- Потым, ёсць яшчэ адна складанасць, - сказаў Пуаро. - Мiс Шэвенi-Гарэ i Бараўз. Яны зацiкаўлены, каб сэр Гервазы не падпiсаў новага завяшчання. Калi гэта так, яна атрымлiвае ўсё пры ўмове, што яе муж бярэ прозвiшча сям'i...

- Так, i расказ Бараўза пра настрой сэра Гервазы ў гэты вечар трохi насцярожвае. У гуморы, нечым задаволены! Гэта не адпавядае нiчыiм словам.

- А яшчэ тут ёсць мiстэр Фобз. Надзвычай карэктны, надзвычай строгi, за iм - старая i агульнапрызнаная фiрма. Але юрысты, нават самыя рэспектабельныя, вядомыя тым, што яны прысвойваюць грошы свайго клiента, калi ў самiх нявыкрутка.

- Я думаю, вы робiцеся трохi меладраматычным, Пуаро.

- Вы лiчыце, што мае iдэi занадта падобныя на кiно? Але часта жыццё маё, Рыдл, надзiва падобнае на кiно.

- У Вестшыры пакуль што не было такога, - сказаў галоўны канстэбль. Лепей мы скончым нашы размовы з астатнiмi, як вы думаеце? Позна ўжо. Мы не бачылi яшчэ Рут Шэвенi-Гарэ, а яна, напэўна, самая важная з усiх.

- Добра. Але ёсць яшчэ мiс Кардвэл. Можа, нам сустрэцца спачатку з ёю, бо гэта не зойме многа часу, а з мiс Шэвенi-Гарэ пагутарым напаследак.

- Слушная прапанова.

9

У той вечар Пуаро толькi зiрнуў на Сьюзен Кардвэл. Цяпер ён пiльней прыгледзеўся да яе. Разумны твар, падумаў ён, нельга сказаць, што прыгожы ў поўным сэнсе слова, але надзелены прывабнасцю, якой проста мiлавiдная дзяўчына магла б пазайздросцiць. Валасы пышныя, твар з густам дагледжаны. Назiральныя вочы.

Пасля некалькiх папярэднiх пытанняў маёр Рыдл сказаў:

- Я не ў курсе, як блiзка вы знаёмыя з гэтай сям'ёй, мiс Кардвэл?

- Я iх зусiм не ведаю. Х'юга зрабiў так, каб мяне сюды запрасiлi.

- Дык вы сябруеце з Х'юга Трэнтам?

- Такi мой статус у гэтым доме: сяброўка Х'юга Трэнта. - Сьюзен Кардвэл усмiхалася, працяжна вымаўляючы словы.

- Вы даўно знаёмы з iм?

- О, не, усяго нейкi месяц. - Яна зрабiла паўзу, а потым дадала: - Я тут у якасцi нявесты.

- I ён прывёз вас пазнаёмiць са сваiмi?

- О, божа, зусiм не так! Мы трымалi гэта ў глыбокай тайне. Я проста прыехала на разведку. Х'юга казаў мне, што iх сям'я - як вар'яцкi дом. Я вырашыла: прыеду сама i пагляджу. Небарака Х'юга - мiлы пястун, але ў яго не варыць як след галава. Становiшча, ведаеце, было досыць крытычнае. Нi ў Х'юга, нi ў мяне - нiякiх грошай, а сэр Гервазы, галоўная надзея Х'юга, гарэў жаданнем ажанiць свайго пляменнiка з Рут. Х'юга, ведаеце, трохi слабавольны. Ён мог згадзiцца на гэты шлюб, разлiчваючы развесцiся потым.

- Такая iдэя не вабiць вас, мадэмуазель? - мякка запытаўся Пуаро.

- Абсалютна. Рут магла б атрымаць усе i адмовiць яму ў разводзе цi яшчэ што. Я цвёрда рашыла: не зраблю i кроку ў Найтбрыдж Святога Поля, пакуль не змагу з'явiцца сюды, дрыжучы, з ахапкам лiлеяў у руках.

- Дык, значыць, вы прыехалi вывучыць сiтуацыю?

- Але.

- Еh biеn! - сказаў Пуаро.

- Вядома, Х'юга меў рацыю! Усе ў гэтай сям'i ненармальныя! За выключэннем Рут, тая, як быццам, нармальная. Яна залучыла сабе прыяцеля i ставiлася да iдэi шлюбу не з большым энтузiязмам, чым я.

- Вы маеце на ўвазе мiстэра Бараўза?

- Бараўза? Ды не! Рут не закахалася б у такога няшчырага чалавека.

- Дык хто ж быў прадметам яе захаплення?

Сьюзен Кардвэл памаўчала, працягнула руку па цыгарэту, запалiла i адказала:

- Лепей вы пацiкаўцеся пра тое ў яе. Урэшце, што мне да таго.

Маёр Рыдл запытаўся:

- Калi апошнi раз вы бачылi сэра Гервазы?

- Надвячоркам, калi была гарбата.

- Вы не заўважылi чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзiнах?

Дзяўчына пацiснула плячыма.

- Ён быў як заўсёды.

- Што вы рабiлi пасля гарбаты?

- Гуляла ў бiльярд з Х'юга.

- Больш вы не бачылi сэра Гервазы?

- Не.

- А як вы ўспрынялi стрэл?

- З гэтым было трохi дзiўна. Разумееце, мне здалося, што быў першы гонг, таму я хуценька пераапранулася, выскачыла з пакоя, пачула, як я падумала, другi гонг i кiнулася ўнiз па лесвiцы. У першы вечар я спазнiлася на адну хвiлiну на абед, i Х'юга сказаў мне, што гэта амаль перакрэслiла нашы надзеi на Старога. Вось я i пабегла ўнiз. Х'юга быў якраз перада мною, i тады пачуўся нейкi дзiўны трэск, i Х'юга сказаў: гэта корак ад шампанскага; але Снэл запярэчыў; дарэчы, i я не думала, што той гук даляцеў са сталовай. Мiс Лiнгард лiчыла, што ён пачуўся зверху, але ўрэшце мы сышлiся на зваротнай успышцы аўтамабiля, гурмой рушылi ў гасцiную i забылiся пра гэта.

- Вам нiколi не прыходзiла, хоць на момант, думка, што сэр Гервазы мог застрэлiцца? - запытаўся Пуаро.

- Ну, як такое магло прыйсцi мне ў галаву? Стары, здавалася, цешыўся жыццём i сабою. Я не магла i падумаць, што ён зробiць такое. I не магу здагадацца, чаму ён гэта зрабiў. Вiдаць, толькi таму, што быў ненармальны.



Поделиться книгой:



Регистрация