Автор неизвестен
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь
Прынята на трынаццатай сесii Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь дванаццатага склiкання 15 сакавiка 1994 года
Мы, народ Рэспублiкi Беларусь (Беларусi),
зыходзячы з адказнасцi за цяперашнi стан i будучыню Беларусi,
усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольнiцтва i пацвярджаючы сваю прыхiльнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
грунтуючыся на сваiм неад'емным праве на самавызначэнне,
абапiраючыся на шматвяковую гiсторыю развiцця беларускай дзяржаўнасцi,
iмкнучыся зацвердзiць правы i свабоды кожнага грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь,
жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахiсныя ўстоi народаўладдзя i прававой дзяржавы,
прымаем гэту Канстытуцыю - Асноўны Закон Рэспублiкi Беларусь.
РАЗДЗЕЛ I.
АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЛАДУ
Артыкул 1. Рэспублiка Беларусь - унiтарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспублiка Беларусь валодае вяршэнствам i паўнатой улады на сваёй тэрыторыi, самастойна ажыццяўляе ўнутраную i знешнюю палiтыку.
Рэспублiка Беларусь абараняе сваю незалежнасць i тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць i правапарадак.
Артыкул 2. Чалавек з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы.
Дзяржава адказная перад грамадзянiнам за стварэнне ўмоў для свабоднага i годнага развiцця асобы. Грамадзянiн адказны перад дзяржавай за няўхiльнае выкананне абавязкаў, якiя ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
Артыкул 3. Адзiнай крынiцай дзяржаўнай улады ў Рэспублiцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваюўладу непасрэдна i праз прадстаўнiчыя органы ў формах i межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Любыя дзеяннi па дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымi метадамi, а таксама шляхам iншага парушэння законаў Рэспублiкi Беларусь караюцца згодна з законам.
Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасцi палiтычных iнстытутаў, iдэалогiй i поглядаў.
Iдэалогiя палiтычных партый, рэлiгiйных або iншых грамадскiх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлiвацца ў якасцi абавязковай для грамадзян.
Артыкул 5. Палiтычныя партыi, iншыя грамадскiя аб'яднаннi, дзейнiчаючы ў рамках Канстытуцыi i законаў Рэспублiкi Беларусь, садзейнiчаюць выяўленню i выказванню палiтычнай волi грамадзян, удзельнiчаюць у выбарах.
Палiтычныя партыi i iншыя грамадскiя аб'яднаннi маюць права карыстацца дзяржаўнымi сродкамi масавай iнфармацыi ў парадку, вызначаным законам.
Забараняецца стварэнне i дзейнасць палiтычных партый, а таксама iншых грамадскiх аб'яднанняў, якiя маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу цi вядуць прапаганду вайны, нацыянальнай, рэлiгiйнай i расавай варожасцi.
Артыкул 6. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай i судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваiх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнiчаюць памiж сабой, стрымлiваюць i ўраўнаважваюць адзiн аднаго.
Артыкул 7. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы звязаны правам, дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю законаў.
Прававыя акты або iх асобныя палажэннi, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымi з палажэннямi Канстытуцыi, не маюць юрыдычнай сiлы.
Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публiкуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама iншым прадугледжаным законам спосабам.
Артыкул 8. Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства.
Не дапускаецца заключэнне мiжнародных дагавораў, якiя супярэчаць Канстытуцыi.
Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца натуральнай умовай iснавання i прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту i суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь.
Тэрыторыя Беларусi адзiная i неадчужальная.
Тэрыторыя падзяляецца на вобласцi, раёны, гарады i iншыя адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя адзiнкi. Адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца законам.
Артыкул 10. Грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь гарантуецца абарона i заступнiцтва дзяржавы як на тэрыторыi Беларусi, так i за яе межамi.
Нiхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублiкi Беларусь або права змянiць грамадзянства.
Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калi iншае не прадугледжана мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.
Набыццё i страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з законам.
Артыкул 11. Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства на тэрыторыi Беларусi карыстаюцца правамi i свабодамi i выконваюць абавязкi нароўнi з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не вызначана Канстытуцыяй, законамi i мiжнароднымi дагаворамi.
Артыкул 12. Рэспублiка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якiя церпяць пераслед у iншых дзяржавах за палiтычныя, рэлiгiйныя перакананнi або нацыянальную прыналежнасць.
Артыкул 13. Дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi.
Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства.
Законам могуць быць вызначаны аб'екты, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных вiдаў дзейнасцi.
Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносiны памiж сацыяльнымi, нацыянальнымi i iншымi супольнасцямi на аснове прынцыпаў роўнасцi перад законам, павагi iх правоў i iнтарэсаў.
Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны, свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь.
Артыкул 16. Усе рэлiгii i веравызнаннi роўныя перад законам. Наданне якiх-небудзь пераваг або абмежаванняў адной рэлiгii або веравызнання ў адносiнах да iншых не дапускаецца.
Забараняецца дзейнасць канфесiйных арганiзацый, iх органаў i прадстаўнiкоў, якая накiравана супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу i грамадзянскай згоды цi звязана з парушэннем правоў i свабод грамадзян.
Адносiны дзяржавы i канфесiй рэгулююцца законам.
Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца беларуская мова.
Рэспублiка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай мiжнацыянальных зносiн.
Артыкул 18. Рэспублiка Беларусь у сваёй знешняй палiтыцы зыходзiць з прынцыпаў роўнасцi дзяржаў, непрымянення сiлы або пагрозы сiлай, непарушнасцi межаў, мiрнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы i iншых агульнапрызнаных прынцыпаў i нормаў мiжнароднага права.
Рэспублiка Беларусь ставiць за мэту зрабiць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву - нейтральнай.
Артыкул 19. Сiмваламi Рэспублiкi Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн.
Артыкул 20. Сталiца Рэспублiкi Беларусь - горад Мiнск.
Статус горада Мiнска вызначаецца законам.
РАЗДЗЕЛ II.
АСОБА, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА
Артыкул 21. Забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы.
Дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы.
Артыкул 22. Усе роўныя перад законам i маюць права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў.
Артыкул 23. Абмежаванне правоў i свабод асобы дапускаецца толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб.
Нiхто не можа карыстацца перавагамi i прывiлеямi, якiя супярэчаць закону.
Артыкул 24. Кожны мае права на жыццё.
Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў.
Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасцi з законам як выключная мера пакарання за асаблiва цяжкiя злачынствы i толькi згодна з прыгаворам суда.
Артыкул 25. Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць i годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабiстай свабоды магчыма ў выпадках i парадку, устаноўленых законам.
Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасцi яе затрымання або арышту.
Нiхто не павiнен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасцi абыходжанню цi пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскiм або iншым доследам.
Артыкул 26. Нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым у злачынстве, калi яго вiна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана i ўстаноўлена прыгаворам суда, якi ўступiў у законную сiлу. Той, каго абвiнавачваюць, не павiнен даказваць сваю невiнаватасць.
Артыкул 27. Нiхто не павiнен прымушацца даваць паказаннi i тлумачэннi супраць самога сябе, членаў сваёй сям'i, блiзкiх родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сiлы.
Артыкул 28. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабiстае жыццё, у тым лiку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыi, тэлефонных i iншых паведамленняў, на яго гонар i годнасць.
Артыкул 29. Недатыкальнасць жылля i iншых законных уладанняў грамадзян гарантуецца. Нiхто не мае права без законнай падставы ўвайсцi ў жыллё i iншае законнае ўладанне грамадзянiна супраць яго волi.
Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца i выбiраць месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесперашкодна вяртацца назад.
Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, асабiста або сумесна з iншымi вызнаваць любую рэлiгiю або не вызнаваць нiякай, выказваць i распаўсюджваць перакананнi, звязаныя з адносiнамi да рэлiгii, удзельнiчаць у адпраўленнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў.
Артыкул 32. Шлюб, сям'я, мацярынства, бацькоўства i дзяцiнства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
Жанчына i мужчына па дасягненнi шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступiць у шлюб i стварыць сям'ю. Муж i жонка раўнапраўныя ў сямейных адносiнах.
Бацькi або асобы, якiя iх замяняюць, маюць права i абавязаны выхоўваць дзяцей, клапацiцца аб iх здароўi, развiццi i навучаннi. Дзiця не павiнна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якiя могуць нанесцi шкоду яго фiзiчнаму, разумоваму або маральнаму развiццю. Дзецi абавязаны клапацiцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якiя iх замяняюць, i аказваць iм дапамогу.
Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў i iх свабоднае выказванне.Нiхто не можа быць прымушаны да выказвання сваiх перакананняў або адмовы ад iх.
Манапалiзацыя сродкаў масавай iнфармацыi дзяржавай, грамадскiмi аб'яднаннямi або асобнымi грамадзянамi, а таксама цэнзура не дапускаюцца.
Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя.
Дзяржаўныя органы, грамадскiя аб'яднаннi, службовыя асобы абавязаны даць грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь магчымасць азнаёмiцца з матэрыяламi, якiя закранаюць яго правы i законныя iнтарэсы.
Артыкул 35. Свабода сходаў, мiтынгаў, вулiчных шэсцяў, дэманстрацый i пiкетавання, якiя не парушаюць правапарадак i правы iншых грамадзян Рэспублiкi Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.
Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб'яднанняў.
Суддзi, пракурорскiя работнiкi, супрацоўнiкi органаў унутраных спраў, Кантрольнай палаты Рэспублiкi Беларусь, органаў бяспекi, ваеннаслужачыя не могуць быць членамi палiтычных партый i iншых грамадскiх аб'яднанняў, якiя дамагаюцца палiтычных мэт.
Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права ўдзельнiчаць у вырашэннi дзяржаўных спраў як непасрэдна, так i праз свабодна выбраных прадстаўнiкоў. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кiраваннi справамi грамадства i дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў i пытанняў рэспублiканскага i мясцовага значэння, iншымi вызначанымi законам спосабамi.
Артыкўл 38. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права свабодна выбiраць i быць выбранымi ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаваннi.
Артыкул 39. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi са сваiмi здольнасцямi, прафесiйнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.
Артыкул 40. Кожны мае права накiроўваць асабiстыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.
Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот i даць адказ па сутнасцi ў вызначаны законам тэрмiн. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павiнна быць пiсьмова матываванай.
Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесii, роду заняткаў i работы ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, адукацыяй, прафесiйнай падрыхтоўкай i з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя i бяспечныя ўмовы працы.
Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасцi насельнiцтва. У выпадку незанятасцi асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям i павышэнне квалiфiкацыi з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўi ў адпаведнасцi з законам.
Грамадзяне маюць права на абарону сваiх эканамiчных i сацыяльных iнтарэсаў, уключаючы права на аб'яднанне ў прафесiйныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) i права на забастоўку.
Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасцi з законам аб надзвычайным i ваенным становiшчы.
Артыкул 42. Асобы, якiя працуюць па найму, маюць права на ўзнагароджанне за выкананую работу ў адпаведнасцi з яе колькасцю, якасцю i грамадскiм значэннем, але не нiжэй устаноўленага дзяржавай мiнiмальнага размеру. Жанчыны i мужчыны, дарослыя i непаўналетнiя маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасцi.
Артыкул 43. Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, якi не перавышае 40 гадзiн, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.
Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасцi.
Уласнiк мае права валодаць, карыстацца i распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi. Недатыкальнасць уласнасцi, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.
Прымусовае адчужэнне маёмасцi дапускаецца толькi па матывах грамадскай неабходнасцi пры захаваннi ўмоў i парадку, вызначаных законам, са своечасовым i поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасцi, а таксама згодна з прыгаворам суда.
Ажыццяўленне права ўласнасцi не павiнна наносiць шкоды навакольнаму асяроддзю, гiсторыка-культурным каштоўнасцям, уцiскаць правы i абараняемыя законам iнтарэсы iншых асоб.
Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развiццём фiзiчнай культуры i спорту, мерамi па аздараўленнюнавакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымi ўстановамi, удасканальваннем аховы працы.