Пасля прачытання Ўлажэнняў чулася гучнае ўхвальнае клекатанне, i госцi пачыналi разыходзiцца. Як толькi адыходзiў апошнi, Магутны Арол саскокваў з трона i пад крыло з Прыгожай Галубкай iшоў у спальню. Дзяўчаты-сойкi разыходзiлiся па залах, змешвалiся з кавалерамi-папугаямi i вялi свабодны лад жыцця, адпачываючы ад нялёгкiх абавязкаў фрэйлiн.
Вечарам Магутны Арол часцей за ўсё раiўся са Строгiм Сарычом i старшынямi канцылярый, а глыбокай ноччу - зноў з Цiхiм Дзятлам. Потым ён iшоў у свае пакоi, i ў замку запаноўвала цiшыня.
14
Часам у бурную непагадзь, калi цемру асвятлялi маланкi i грукатала неба, нiбы абвальвалiся скалы, Магутнаму Арлу рабiлася тужлiва i адзiнока ў вялiзарным замку сярод прывычных асоб. Ён адмяняў справы i вясёлыя вiдовiшчы, садзiўся ў царскую нiшу ў адной з верхнiх вежаў i так сядзеў пры свячы адзiн, задумлiва ўглядаючыся ў навальнiчную ноч. Нават Старэйшага Сокала не было побач - ён стаяў за дзвярыма, бо ў такiя хвiлiны нiхто не павiнен бачыць уладара.
Ён углядаўся ў ноч, i хiсткiя думкi праносiлiся ў яго галаве. "Чаго я дасягнуў? - думаў Магутны Арол. - Да чаго прыйшоў? А цi ўсё гэта, што магчыма смертнаму? А калi гэта ўсё, дык чаму турбуюць думкi? Я маю ўсё, што можна мець, няма каму са мной мерацца нi сiлай, нi славай, нi багаццем, я наймагутны, i воля мая свабодная, i няма перашкодаў для яе. Нават для вады ёсць перашкода - сонца, нават для ветру - скалы, нават для святла - самая маленькая рэч на яго шляху. А для маёй волi няма перашкодаў. У мяне няма ворагаў, у мяне няма i сяброў - мой розум вышэйшы за дружбу або нянавiсць. Дык што ж вярэдзiць душу, што перашкаджае пiць асалоду з зямных радасцяў?"
Так разважаў Магутны Арол, а вецер iрваў i трапаў полымя свечкi, i ў нiшы мiтусiлiся чорныя ценi.
- Сокал!
Вокамгненна той быў побач.
- Сорак шулёнкаў.
- Ёсць, Ваша Недаступнасць!
Ад'ютант не цiкавiўся задумай пана, не стрымлiваў ад начнога мерапрыемства, не думаў пра яго вынiкi - ён выконваў, бо выконваць было вышэйшай патрэбнасцю яго духу, самай салодкай яго ежай.
На халодным ветры на самай высокай вежы збiралiся шулёнкi. Яны спрасонку азiралiся, курчылiся i нервова варушылi крыламi, бо iх чакала штось таямнiчае.
- Ты застанешся тут, - сказаў Магутны Арол Сокалу.
- Ёсць! - адклiкнуўся той, прызначыў камандзiра атрада i рэцiраваўся.
I чарада кiдалася ў цемру.
Шулёнкi прыцiскалiся да самай зямлi, iх строй раз-пораз парушаўся ветрам, але яны яго адразу ж аднаўлялi пад кiраўнiцтвам свайго камандзiра, i палёт працягваўся. Нiхто не ведаў, куды iх вёў уладар, - вядома было адно: з такiх палётаў нiхто не вяртаўся.
А Магутны Арол ляцеў уверсе. Ён грудзьмi ўразаўся ў вецер, рассякаў яго крыламi - яму падабалася гэта барацьба.
Яны прыляцелi на бераг мора, дзе шум i грукат дасягалi такой сiлы, што здавалася, нiбы трэскаецца неба.
- Дваццаць - убок! - камандаваў Магутны Арол, i дваццаць шулёнкаў адляцелi i схавалiся пад скалой. Тут было цiха, i, збiўшыся ў гурт, яны чакалi наступнага загаду i адпачывалi. А тым, хто застаўся на беразе, загадалi капаць; крыламi i кiпцюрамi яны ўзялiся рыць пясок. Вецер валiў з ног, дождж сек па вачах, пярун аглушаў, i маланкi асляплялi, а мора, коцячы чарговы вал, разбурала краi ямы, i ўсё трэба было пачынаць спачатку. Шулёнкi выстраiлiся перад ямай жывой сцяной: частка стрымлiвала целамi нацiск мора, другая частка працягвала капаць.
Магутны Арол стаяў збоку i чакаў. Калi шулёнкi закопвалiся на дастатковую глыбiню, ён камандаваў: "Адставiць", i тыя зноў выстройвалiся перад уладаром, якi загадваў:
- Цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.
- Ёсць, Ваша Недаступнасць! - адказаў дружны хор. I тут жа камандзiр, як самы адданы, зрабiў над сабой намаганне i звалiўся мёртвы. Яго прыклад пераймалi iншыя, а тых, хто не валодаў такой уладай над сабой, магутны Арол бiў дзюбай у галаву, i яны клалiся побач з таварышамi. Потым ён скiнуў iх целы ў мора i саскочыў у яму. Яму заставалася саскрэбцi толькi невялiчкi слой, i ноч азаралася белым дрыготкiм святлом - на дне ямы ляжаў зiхатлiвы Плацiнавы Абруч. Магутны Арол доўга сядзеў каля яго, ахоплены пакутлiвым хваляваннем, i засяроджана перабiраў у памяцi, чаго б яшчэ папрасiць; магутнасць, смеласць, непаражальнасць, багацце - усё было ўжо даўно дадзена, i прыдумаць новую просьбу не хапала фантазii, а паўтарацца нельга было: Плацiнавы Абруч двойчы не выконваў таго самага або падобнага жадання.
- Сiлы! - шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. Зоркасцi!.. Упэўненасцi!.. Моцы крылаў!..
Але Абруч нiяк не адклiкаўся - не было ў яго бляску таго характэрнага напружання i iскрэння, якiя б сведчылi, што просьба прынята i выканана. I Магутны Арол разумеў - прыляцеў сюды дарэмна.
Прыгнецены i стомлены, ён закiдваў Абруч пяском, каб святло не пранiкала наверх, потым выбраўся з ямы i грозна загадаў:
- Да мяне!
I шулёнкi, што засталiся, умомант былi перад iм; яны не пыталiся, куды падзелiся iх таварышы, - пытацца было парушэннем Улажэння i, значыць, злачынствам.
- Закапаць.
Такая работа звычайна заканчвалася за некалькi хвiлiн.
- А цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.
- Ёсць, Ваша Недаступнасць! - пачуўся дружны адказ.
Магутны Арол застаўся адзiн, узняўся ў паветра i, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залiзвала сляды працы; вось ужо зусiм гладкi пясок, вось хвалi перакочваюцца цераз мелiзну i дасягаюць скалы, дзе нядаўна хавалiся шулёнкi, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяцiцца неба. Iдзе прылiў...
* * *
Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховiшча. "Гэта мая начная туга ў бурлiвае надвор'е - ад хвалявання стыхiй у прыродзе, як правiльна тлумачыць Гэ-Гэ, - разважаў ён. - Бо я - увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калi мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, i няма больш таго, чым я валодаю, i не трэба большага жадаць". А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросцiў Плацiнаваму Абручу: "Я ж магу i сам зрабiць тое, што захачу цi што будзе неабходна, я - Аквiла Рэгiя, непераможны i найвялiкшы, - iнакш што ж я за "непераможны i найвялiкшы", калi толькi i прашу дапамогi ў нейкага абруча?"
Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, i тады... Цяжка было ўявiць, што будзе тады...
15
Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.
- Што такое жыццё? - пытаўся ён, i яна адказвала:
- Жыццё - гэта рух.
- Ад чаго да чаго?
- З аднаго месца на другое.
На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай - яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.
- Што рухае?
- Неабходнасць.
- Адкуль неабходнасць?
- Ад жаданняў.
- Адкуль жаданнi?
- Ад неабходнасцi рухацца.
- Дзе ж тут пачатак i дзе канец?
- Няма нi пачатку, нi канца.
- А смерць?
- Смерць - вяха.
- Што пасля?
- Цемра.
- Ах! - усклiкнуў аднойчы Магутны Арол. - Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе...
- Будзе, - прагучаў адказ.
- Але я магу стаць бессмяротны!
- Жывы труп...
- Пайшла вон!
Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.
- Так нядоўга i да хваробы...
- Што ж, - усмiхнуўся Магутны Арол, - па-твойму, я магу памерцi?
- Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.
- Лекары, - паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.
- Можа, - спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, - Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты...
- Што ты называеш "на час адкласцi справы"?
- Паляванне! - Вочы Строгага Сарыча загарэлiся. - Паляванне - найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць...
Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.
Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было - раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.
Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. "Вось, - думаў ён. - Можна, значыць, абысцiся i без Абруча..."
У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.
З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.
16
Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.
- Мы хочам асвоiць планету Хi, - прамовiў Настаўнiк. - Такая галоўная мэта?
- Так, - прашаптаў Першы. - Ты ведаеш...
- Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.
- Так...
- У такiм разе што цябе прыгнятае?
- Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца...
- Паляванне наладзiў былы лон, - з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?
- Мы не ад лонаў! - з роспаччу запярэчыў Першы.
- Хто гэта даказаў?
- Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў...
- Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi...
- У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!
- Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.
- Не трэба такiх спрэчак! - строга вымавiў Настаўнiк. - Яны не памогуць нам.
- Хi - дзiкая планета! - не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. - Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi...
- Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.
- Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!
- А мне падыходзiць гэта планета, - задумлiва сказаў Другi. - Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.
- Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў...
- У нас урок, - сказаў Настаўнiк. - Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.
- Я хачу бачыць вышэйшых! - упарцiўся Першы.
- Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.
- Тыя тры на беразе?
- Урок не скончаны! - Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.
"I зноў замiльгаў экран, - пiша Пасвячоны, - i жахлiвы iх урок працягваўся..."
* * *