Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

- Бач? - сказаў той, што пiў з мёдам. - Падтрымлююць мяне. Калi ж для карысцi вобчаства, дык трэбаць гэнтыя iсцiнты падзялiць. Каторыя карысныя туды, - i ён паставiў свой кубак перад худым, - а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлiвыя, гэнтыя пушчай iдуць сюды. - I кубак худога апынуўся перад прамоўцам, i той адразу спорна адпiў.

- А хто ж табе скажаць, якi iнсцiкт карысны, а якi храновы? - усмiхнулася чарнiчнае сочыва.

- Дык трэба ж глядзецi, глядзецi! - загарачыўся мёд. - Глядзецi! А як жа? Добраму - калi ласка, просiм. А каторы кепскi - стоп, хэндэ хох. А то адзiн гэны толькi хавус выйдзець. Баб вунь распусцiлi...

- Аддай мой кубак, - сказаў худы i заплакаў.

Злоўлены пакрыўдзiўся, сказаў, што манiпуляцыя з кубкамi патрэбна была для нагляднасцi, адпiў яшчэ крыху, потым аднавiў статус кво i панура працягваў:

- Бабам волю дай, iм дай волю...

- Воля, - усё яшчэ ўсхлiпваючы, працягваў худы. - Iнсургенты. Iовi энд бовi.

- Ну а мужыкам яе дай? - спытаўся вiноўнiк спрэчкi. - Дай iм, i што будзе?

- А нашто яна мне? На якi? Куды я пайду? А баба пойдзець - нiшто не ўтрымаець...

- Воля! - яшчэ раз паўтарыў худы, супакоiўся, лёг на спiну i дадаў з палёгкай: - Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторна наверсе. I нi да чога нашага справы няма. Гэта - воля! - I, скончыўшы, ён адразу заснуў як забiты.

- Ты яво беражы, - сказала чарнiчнае сочыва. - Высокага палёту быў.

- Быў ды сплыў, - помслiва ўсмiхнуўся мёд.

- Ты за iм як за каменнай сцяной.

- А ты?

- Я маўчу.

- Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць.

- Хто ж падзуджаiць?

- А пра iсцiнты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Iсцiнты! Ваны вось яво i даканаўшы. А за iм i нас з табою.

- А ты мяне з сабою не раўняй!

- Ах-ах, цаца!

- Гэта паскудства, калега! - пакрыўджана змянiлася чарнiчнае сочыва. - Я ж знарок пачаў зусiм пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы...

- Ад паскуды чую, калега, - не застаўся ў даўгу мёд. - Вы не стамiлiся аплакваць сябе, я ведаю. I вам не церпiцца каго-небудзь абвiнавацiць у сваiх няўдачах.

- Гэта вы няўдачнiк, а ў мяне вынаходнiцтвы ёсць!

- Якая ж цана вашым талентам, калi вы трымалiся толькi дзякуючы яму.

- Я папрасiў бы вас заткнуцца, бездар вы i зайздроснiк жаўтушны!

- А вы - паразiтуючы неўрастэнiк!

- А вы - жабрак i лёкай!

- Iовi энд бовi, - пралепятаў спячы. - Арол-бацюхна... Лунае сабе... Воля...

- Божа! - журботна вымавiла чарнiчнае сочыва. - Як агiдна завяршаецца так удала пачаты эксперымент...

За кустамi сядзеў мядзведзь i назiраў. Ён, вядома, мог бы iх адразу ўсiх задраць - гэта ў яго на пысе напiсана, - але быў сыты. Ён проста выйшаў са сховiшча i зароў, i прыяцеляў як ветрам здзьмухнула. Мядзведзь даеў мёд i сочыва, а запаветную бiклажку так i не знайшоў: гаспадар яе, вiдаць, не пажадаў з ёю разлучыцца, нават рызыкуючы жыццём.

* * *

Экран працягваў мiгцець. Мядзведзь сунуўся берагам.

- Што гэта? - здзiўлена спытаўся Першы. - Хто яны?

- Гэта фiлосафы, - сказаў Настаўнiк.

12

Над вольнай раўнiнай, над шырокiм стэпам плыў Магутны Арол. Ён ляцеў так высока, што там не адчувалася гарачынi нават самай спякотнай парой; паветра свежае i мяккае, як пярына, i рухi Магутнага Арла былi плаўныя. Ён то хiлiўся на крыло i планiраваў, робячы кругi i млява прыплюшчваючы вочы, то складваў крылы i падаў, маючы асалоду ад ветру i хуткасцi, а потым зноў узносiўся i зноў лунаў, пазiраючы на сонца.

Нiжэй - дыстанцыя была раз i назаўсёды вызначана - ляцеў ад'ютант i целаахоўнiк Старэйшы Сокал, а яшчэ нiжэй кружылi чароды шулёнкаў - гэта была ахова. Шулёнкi не маглi намнога адарвацца ад зямлi (ды гэта i не дазвалялася) i знемагалi ад спякоты i смагi. Дзякуючы востраму зроку яны бачылi, што робiцца на зямлi: кiшачых мышэй, разнастайных птушак, сiнiя ручаiны i даўганогiх кулiкоў, на мелiзне нават бачылi рыбак, якiя абгрызалi сцяблiнкi трысця або проста раскашавалiся ў цiхiх затоках каля самай паверхнi. Усё гэта было як на далонi, але нi адзiн з шулёнкаў не меў права нават падумаць пажывiцца - Старэйшы Сокал надзвычай зоркi i пiльны. Ахоўваць бяспеку i спакой Магутнага Арла - вось такi iх абавязак, i нiчога iншага на свеце не павiнна было для iх iснаваць. Яны то згуртоўвалiся ў непрыступнае карэ, то перастройвалiся ў iмклiвы клiн, то размяшчалiся кругам, нi на секунду не выпускаючы з-пад увагi нi ад'ютанта, нi самога ўладара, нi вельмi мiзэрных змяненняў вакол iх - у паветры або ўнiзе. Яны не ведалi, ад якiх ворагаў трэба ахоўваць Магутнага Арла, яны толькi ведалi, што трэба ахоўваць, i ахоўваць пiльна. Час ад часу камандзiр шулёнкаў, самы дужы i натрэнiраваны з iх, адрываўся ад чарады i прабiваўся ўверх, да Старэйшага Сокала. Зразумела, ён не мог дасягнуць вышынi целаахоўнiка, не кажучы ўжо пра вышыню Магутнага Арла; ён падымаўся ўсяго настолькi, каб быць пачутым, i, задыхаючыся, крычаў:

- Ваша сцярвятнiцтва! На захадзе навальнiчная хмара!

Старэйшы Сокал у сваю чаргу таксама ўзлятаў, наколькi мог, i перасцярога перадавалася галоўнаму адрасату.

Магутны Арол даўно ўжо бачыў хмару, якая не была не толькi навальнiчнай, а нават i дажджавой i да таго ж праходзiла бокам. Ён пагардлiва пакасiўся ўнiз i адказаў:

- Бачу. Ты - вольны.

I Старэйшы Сокал iмклiва знiжаўся, i гэтак жа iмклiва ныраў унiз камандзiр шулёнкаў i, з палёгкай расслабiўшыся, займаў месца ў чарговым пастраеннi.

Бывалi - праўда, дужа рэдка - выпадкi, калi хто-небудзь з ахоўнiкаў, заўважыўшы суслiка, якi разлёгся на санцапёку, забываўся (спакуса брала сваё) i стрымгалоў кiдаўся на ахвяру. Але ён не паспяваў нават адчуць смаку свежага мяса - сабраццi адразу разрывалi суслiка на кавалкi. Пасля гэтага парушаны строй аднаўляўся i служба працягвалася.

А Магутны Арол цiхамiрна лунаў у вышынi. Вядома, ён часам заўважаў хвiлiннае замяшанне ў шэрагах ахоўнiкаў, але не надаваў гэтаму значэння.

"Няхай, - усмiхаючыся, думаў ён. - У iх там свас клопаты". Было светла на душы, думкi цяклi спакойна, як цiхая рака або як гэты вецер, халаднаваты i плаўны.

Час, калi ён хваляваўся, аглядваўся, выпрабоўваў моц крылаў i прызвычайваўся да вышынi, даўно мiнуў. Так, калiсьцi новае сваё становiшча ён прымаў яшчэ як дар лёсу. Ён ацэньваў сябе збоку, каб пазбавiцца шмат якiх звычак, што iшлi ад мiнулага, прыслухоўваўся да шматлiкiх галасоў у сабе i ўважлiва аглядваў кожнага, хто трапляўся на вока. Усё гэта даўно мiнула. Ён убачыў, што больш магутнага за яго няма, i яму ўжо не трызнiлася пра "дар лёсу", ён паверыў, што заўсёды быў такi, як цяпер, i што лёс да гэтага не мае дачынення. Ён цяпер не залежаў нi ад чога i нi ад кога; наадварот - усё жывое, з яго клопатамi, намерамi i iнтарэсамi, з яго сённяшнiм i будучым, падуладна толькi яму, Магутнаму Арлу, i цалкам залежыць толькi ад яго аднаго. Ён ужо не ўпiваўся сваёй магутнасцю, як спачатку, не даказваў яе на кожным кроку - яна ўжо i так была вiдавочная i непахiсная. "Усталяваны парадак, - горда думаў Магутны Арол, - адзiна магчымы. Ён справядлiвы. I калi б я нават сам нешта хацеў змянiць, дык не змог бы, бо гэта немажлiва".

Кожнай ранiцай ён вылятаў прагуляцца: прымаў паветраныя ванны, рабiў размiнку, каб не здранцвелi мускулы i не аслаблi крылы, аглядаў свае ўладаннi i думаў. Ён думаў пра сваё птушынае царства, але часцей за ўсё - аб прыгажосцi свету. Яго, само сабой, не цiкавiлi дробязi - з вялiзарнай арлiнай вышынi ён акiдваў зямлю пiльным позiркам, i яна была блакiтная i зялёная. Яна заўсёды была блакiтная i зялёная, i гэта яшчэ раз пацвярджала нязменнасць i непарушнасць сутнасцi. Часам - вядома, вельмi рэдка - у блакiтнасцi i зелянiне ўзнiкалi нейкiя пабочныя плямы, але iх iснаванне было кароткачасовае.

Пасля прагулкi, якая працягвалася дзве з паловай гадзiны, Магутнаму Арлу дакладвалi, што надыходзiць час абеду. Гэта таксама ўваходзiла ў абавязкi Старэйшага Сокала - па ўстаноўленай форме ён адчаканiў:

- Ваша Недаступнасць! Час абеду наблiжаецца, як пра гэта Вашай Недаступнасцi вядома лепш за мяне.

I тут шулёнкi ўнiзе размяшчалiся такiм чынам, што атрымлiвалася слова "АБЕД". Магутны Арол рэзка ўзмахваў крыламi, закiдваў галаву насустрач сонцу i потым плаўна знiжаўся да свайго жылля. А крыху нiжэй, у гэтым жа напрамку, ганiбалаўскiм паўмесяцам рухалася ахова.

У непрыступных скалах, на галавакружнай вышынi стаяў палац Магутнага Арла. Гэта быў моцны i велiчны замак, выкладзены знутры i ўсярэдзiне каштоўнымi камянямi. Яго складалi шматлiкiя залы, пакоi, калiдоры; iх было такое мноства i так мудрагелiста яны злучалiся памiж сабою, што не толькi выпадковы наведвальнiк, але i самi жыхары лёгка маглi заблудзiцца i трапiць у непрыемную гiсторыю, калi б iм, напрыклад, захацелася пацiкавiцца, куды вядзе такi вось, скажам, праход або што знаходзiцца ў тым вось замкнутым пакоi. Не заблудзiўся б у гэтым лабiрынце толькi сам Магутны Арол i яго верны вартавы Старэйшы Сокал. I яшчэ адзiн жыхар замка не заблудзiўся б тут - брамнiк Старажытны Крумкач, якi хоць i быў простым брамнiкам i не меў ключэй, акрамя ўваходных, але затое меў добрую памяць, бо стары i мудры быў i шмат чаго пабачыў на сваiм вяку.

Вось ён вылазiць са сваёй каморкi, бразгаючы ключамi, блiзарука жмурыцца з-пад крыла, заўважае стройную чароду шулёнкаў i, пакульгваючы, iдзе адмыкаць вароты. Шулёнкi падлятаюць, садзяцца ў дзве шарэнгi, i Крумкач кажа iм, уздыхаючы:

- Намарылiся, бедненькiя. Спякота! У цяньку б у такi час хавацца, а тут служба. Ах, кра-кра-кра...

- Маўчаць! - крычыць у такiх выпадках Старэйшы Сокал. - Чым балбатаць, старая здыхля, лепш бы падмёў каля варотаў!

- Усё робiцца ў адпаведнасцi з Улажэннем, ваша сцярвятнiцтва, - адказвае Старажытны Воран.

- А балбатня з аховай таксама ў адпаведнасцi з Улажэннем?

Яны заўсёды пачыналi сварыцца, бо даўно не любiлi адзiн аднаго, i спынялася сварка, як толькi з'яўляўся пан. Свiст ветру ў яго крылах заглушаў галасы, грозны грукат кiпцюроў аб каменную плiту ставiў кропку ўсялякiм спрэчкам. Крумкач кланяўся. Старэйшы Сокал адступаў убок i таксама схiляў галаву, i Яго Недаступнасць Магутны Арол, велiчна склаўшы крылы, нетаропка накiроўваўся ў замак.

13

На абед часцей за ўсё падавалiся жывая рыба або трус. Магутны Арол сядзеў у пуховым крэсле, побач стаяў Старэйшы Сокал, а каршуны-кухары падавалi стравы. Яны ставiлi iх перад уладаром i, не ўзнiмаючы позiрку, выходзiлi. I як толькi за iмi зачынялiся дзверы, Старэйшы Сокал вырываў з кожнай стравы па кавалку, праглытваў i чакаў. Магутны Арол сачыў за iм. Такiм чынам правяралася прыгоднасць ежы - яна ж магла быць i атручаная: цi мала што здараецца, калi на свеце жывуць зайздроснiкi. Магутны Арол паназiраў некалькi хвiлiн за сваiм слугой i пачынаў есцi. Калi рыбу прыносiлi ў акварыуме, ён удыхаў пах вады, i ў яго галаве лёгкiм хмелем усплывалi цьмяныя вобразы; ён заплюшчваў вочы i нейкi час сядзеў нерухома. Потым быццам апамятаўся i ўпiўся ў самую вялiкую рыбiну. Яна хацела вырвацца i круцiлася ў яго кiпцюрах, па пругкiм целе струменiлася i капала ў ваду кроў, i толькi Магутнаму Арлу быў зразумелы маўклiвы рыбiн крык: "Хутчэй - хутчэй..."

Шчупакi, мiж iншым, паводзiлi сябе iнакш. Яны не кiдалiся, як нейкiя там язi цi галаўлi, на сценку акварыума, а ў кiпцюрах Магутнага Арла ўсё старалiся ўкусiць велiчную асобу, бiлi хвастом i калолiся плаўнiкамi. I нi разу Магутны Арол не чуў, каб шчупак крыкнуў.

Труса падавалi асвежанага, i есцi яго ў такiм выглядзе не было, шчыра кажучы, нiякай цiкавасцi, i калi б не правiлы i этыкеты, магутны Арол загадаў бы падаваць труса жывога.

Абед канчаўся, i Яго Недаступнасць у суправаджэннi целаахоўнiка iшоў на зацемненую веранду, каб пачысцiць дзюбу i прыгладзiць узлахмачаныя пёры. Тут жа ён драмаў хвiлiн пятнаццаць-дваццаць, каб канчаткова прыняць прыстойны выгляд i сабрацца з думкамi - асаблiва шчупакi заўсёды псавалi яму настрой. Потым пачыналася дзелавая частка дня.

Гэта, па праўдзе кажучы, была аўдыенцыя. Прыходзiлi птушыныя мiнiстры, чыноўнiкi ўсiх рангаў, пасланцы, просьбiты i - пад канец - госцi.

Яго Недаступнасць Магутны Арол - Аквiла Рэгiя Iнвiктус Юстус* - сядзеў на высокiм залатым троне, асляпляючы царскiм адзеннем i велiчнай паставай. Па правы бок стаяў самы верны i адданы яго слуга Старэйшы Сокал, па левы - самы першы i любiмы сябар Строгi Сарыч - мiнiстр птушынага настрою i парадку.

* Арол царственны, непераможны, найвялiкшы, справядлiвы (лац.).

Вышэйшыя чыны ўваходзiлi па адным, дакладвалi, як iдуць справы, слухалi ўказаннi i адыходзiлi ўбок. Такiм чынам, зала паступова папаўнялася i да канца аўдыенцыi, перад забаўнай часткай, была поўная да адказу.

Прыходзiў Горны Грыф, галоўны фiлосаф, а таксама намеснiк Паўднёвых абласцей, якога жартам называлi проста Гэ-Гэ. У яго было нямала заслуг, што адзначалася ў спецыяльных Улажэннях, у адным з якiх, у прыватнасцi, гаварылася, што гэтага мужа трэба ў далейшым называць "Грыфус Мантанус Прэдзiтус"*. Ён быў павольны i спакойны, тым не менш лiчыўся карысным членам птушынага сената, прыемным субяседнiкам, а акрамя таго, даводзiўся Яго Недаступнасцi далёкiм сваяком. Гэ-Гэ ўваходзiў, кланяўся i пачынаў гаварыць пра тое, што ўсё зямное праходзiць i ўсялякае мiтусенне - доказ слабасцi жывых; не праходзяць толькi мудрасць i сiла Вялiкага.

* Грыф горны, таленавiты (лац.).

- Вера ў светлы i мудры вобраз уладара, у бязмежную яго справядлiвасць i клопаты выклiкае ў падданых бадзёрасць духу. Гэта вось i ёсць маральная аснова, Ваша Недаступнасць, гэта вось i паказвае кожнаму сваё месца i становiшча, таксама як i сферу i меру ўжытку здольнасцяў. I гора таму, хто забудзецца пра сцежку, якая яму вызначана. Бо справядлiвасць i цудоўнае заўсёды перамогуць - ваша крыло гэтаму сведка, Ваша Недаступнасць. Каб не быць галаслоўным, заўтра ж я пакажу вам, Ваша Недаступнасць, новы трактат...

Прылятаў Спрытны Каршун - першы сувязны. Ён iмклiва падбягаў да трона, кланяўся i дакладваў што-небудзь важнае, што лiчыў адпавядаючым настрою ўладара. Потым ён станавiўся побач з Гэ-Гэ i, яшчэ не аддыхаўшыся, пачынаў нешта шаптаць яму, але той, як правiла, ужо беспрабудна спаў.

Прылятала Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi. Заiкаючыся i папраўляючы акуляры, яна так блытана i таропка сыпала лiчбамi, што Старому Сарычу даводзiлася выразна паўтараць за ёй, iнакш бы ўладар нiчога не зразумеў.

Завiтваў Пануры Фiлiн, старэйшы пажарнiк. Ён запэўнiваў, што пажараў нiдзе няма i меры супроць узнiкнення гэтакiх увесь час прымаюцца.

Уваходзiў Зоркi Кондар, наглядчык рэсурсаў, маляваў шырокую карцiну стану матэрыяльна-харчовага становiшча; як заўсёды, ён не мог устрымацца ад крытыкi ў адрас Вялiкай Княгiнi.

- Склады не праветрываюцца, Ваша Недаступнасць, дзiркi ў падлогах не забiваюцца, што робiцца, як я думаю, з мэтай развядзення мышэй для асабiстых патрэб яе блiзарукасцi...

Разам з'яўлялiся Верны Сапсан i Адданы Крэчат, адпаведна старшынi Першай i Другой канцылярый, якiя загадвалi метэаралогiяй i турызмам.

Уваходзiлi i заляталi яшчэ доўга. Але вось аб'яўляўся перапынак, i цяпер наведвальнiкам дазвалялася гучна размаўляць, шчабятаць, клекатаць, шыпець i свiстаць, а таксама звяртацца да Яго Недаступнасцi з важнымi пытаннямi i прапановамi. I потым пачыналася другая, неафiцыйная частка прыёму.

Залятаў Элегантны Сокал-Каршачок, ахоўнiк мастацтва, прыводзiў сябе ў парадак, прыгожа падыходзiў да трона i гаварыў што-небудзь прыемнае.

З паветра прыплыў Важны Бусел, першы захавальнiк навiн, станавiўся адразу ўбаку i, калi яго пра нешта пыталiся, адказваў жэстамi, так што немагчыма было адрознiць "так" ад "не". Другi ж захоўнiк навiн, Спрытная Сарока, ужо з парога пачынала такую траскатню, што яе адразу даводзiлася хапаць пад крылы, адцягваць у самы дальнi кут i там паiць сокам, каб канчаткова не зарапартавалася.

З'яўляўся Бадзёры Страўс, галоўны фiзкультурнiк; Нясмелы Пелiкан, заканадаўца мод; Задуменны Журавель, мiнiстр уяўлення. I, нарэшце, выступаў Жвавы Певень, старэйшы весялун, празваны, як i Гэ-Гэ, жартам, Пэ-Пэ. I ў зале рабiлася цесна i шумна, сур'ёзныя справы адыходзiлi на другi план - пачыналася гулянка. Пэ-Пэ гойсаў усюды, прыдумваючы на хаду гульнi i анекдоты, складаў жарты, заводзiў арагоды; гэта значыць, стараўся на ўсю моц, каб нiхто не сумаваў. Грымеў смех, гучалi ўрачыстыя "ўра" i "брава". А магутны Арол мiж тым слухаў Цiхага Дзятла, якi сядзеў у ценю яго крыла на падлакотнiку трона i прывычна выстукваў сваёй доўгай дзюбай нешта ўмоўнае, зразумелае толькi яму i яго пану.

Але вось адчынялiся бакавыя дзверы, i ў суправаджэннi стройных дзяўчат-соек уваходзiла жонка Магутнага Арла - Прыгожая Галубка. Яна прыветлiва ўсмiхалася свайму ўладару, стрымана адказвала на паклоны царадворцаў i гасцей; каля залатога трона ўстанаўлiвалi маленькi срэбны тронiк, дзяўчаты-сойкi падсаджвалi на яго сваю панi i станавiлiся за яе спiной паўколам. Гэта быў апагей свята.

Грымела музыка, кружылiся пары, гулянка бурлiла ракой. Паэты Шпак i Драч чыталi новыя вершы, прысвечаныя царскiм асобам i прыгажосцi прыроды; спевакi Салавей i Кенар выконвалi гiмны i ўрачыстыя арыi; жартаўнiк Цецярук выдумляў каламбуры, часам засланяючы самога Пэ-Пэ, так што царыца смяялася да слёз. Памiж гасцямi мiтусiлiся спрытныя афiцыянты, разносячы марожанае i напiткi. I нiхто ў гэтай радаснай гамане не заўважыў, што ў нiшы над самым тронам сядзiць Галоўная Аракулька-Зязюля i спакойна прарочыць нешта абыякавым аднастайным голасам.

Здаралася, праўда, што Аракульку ўсё ж заўважалi, i тады па знаку Магутнага Арла ў нiшу пасылаўся адзiн з шулёнкаў.

- Яго Недаступнасць, - гаварыў Зязюлi пасланец, - загадзаюць вашай асобе пакiнуць залу i больш не паказвацца без асобнага распараджэння Яго Недаступнасцi.

- Ку-ку! - адказвала Аракулька. - Прадбачу ў мурашнiку дзён кармiнавыя аблокi...

- Дык вы пакiнеце залу цi не?!

- Кармiнавыя аблокi з чатырох бакоў. Вецер сухi, сярэднi, паўднёва-ўсходнi; тэмпература ўночы плюс два, днём мiнус адзiн...

Стражнiк ляцеў да Старэйшага Сокала i дакладваў, што "Зязюля не хоча пакiдаць залу i мармыча пра нейкiя аблокi, мурашак i пахаладанне".

- Яна звар'яцела, ваша сцярвятнiцтва!

Старэйшы Сокал нахiляўся да ўладара i шаптаў:

- Зязюля балбоча пра мурашак, Ваша Недаступнасць. Не iнакш з глузду з'ехала.

- Гнаць вон, - моршчыўся Магутны Арол i адварочваўся.

А свята ўсё грымела.

Нарэшце, калi госцi стамлялiся, музыкi знясiльвалiся, паэты хрыпелi, Пэ-Пэ выдыхаўся, Цецярук напiваўся, а Прыгожая Галубка пачынала пазяхаць, прыступалi да чытання новых Улажэнняў. Строгi Сарыч разгортваў жоўты скрутак, i пад скляпеннi залы ўзлятаў яго звонкi, чысты голас.

- "Iмем Яго Недаступнасцi Адзiнага Вялiкага Магутнага Арла, Аквiлы Рэгii Iнвiктуса Максiмуса Юстуса з гэтага дня i назаўсёды загадаць..."

У гэту хвiлiну станавiлася цiха на зямлi i на небе - нават вецер супакойваўся, нават рэкi запавольвалi свой бег, нават пракляты дзiкi кот, якi нiчога на свеце не разумее, замiраў дзе-небудзь у шчылiне, i страх скоўваў яго члены. Госцi i прыдворныя стаялi з выцягнутымi шыямi, не маючы права паварухнуцца нi адзiным пёркам, не мiргаючы i не дыхаючы.

- "Упамiнанне iмя Яго Недаступнасцi скорагаворкай, або невыразна разглядаць як абгавор з адпаведнымi адсюль вывадамi..."

- "Разважаннi пра справы i Ўлажэннi Яго Недаступнасцi ў неадпаведным месцы i кепскiм настроi лiчыць нядбалым легкадумствам з усiмi выцякаючымi вынiкамi..."

- "За руплiвасць i стараннасць на службе Яго Сцярвятнiцтва Старэйшага Сокала надзялiць асаблiвай увагай i ў далейшым называць "яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс..."*

* Цудоўны, якi высока ляцiць (лац.).

Бывалi i iншыя Ўлажэннi - iх назапасiлася вельмi многа, i ўсе яны выдавалiся на жоўтых скрутках, якiя потым захоўвалiся ў Стальным Куфры Галоўнай Канцылярыi.



Поделиться книгой:

На главную
Назад