Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

Яна, якой выраклiся, жыла вельмi доўга, амаль у тры разы перажыла сваiх равеснiц. Ёй было цяжка, бо да яе iмя ставiлiся з пагардай. Праўда, з пакалення ў пакаленне пагарда гэта слабела, але нават слабая пагарда усё-такi пагарда.

- Хiба ты не чула легенды аб здраднiцы? Дык вось, гэта легенда пра мяне. Але ўсё ж я нiколi нi на момант не пашкадавала аб зробленым. Вядома, усё можна было б змянiць - варта расказаць пра Плацiнавы Абруч. Але я разумела, што гэтага рабiць нельга. Нехта не паверыў бы, нехта (i гэта страшней за ўсё) сам рызыкнуў бы выпрабаваць сiлу Абруча, i невядома, чым бы скончылася яго спроба...

5

Старая Дафнiя склала свае антэны.

- Маленькая Дафнiя, - цiха прамовiла яна, - цяпер гэта твая таямнiца, i я магу спакойна памерцi. Захоўвай яе строга, не паддавайся спакусам i карыстайся ёю толькi ў выпадку вялiкай патрэбы - дробнае i пустое само па сабе вырашыцца. Не апагань чараўнiчай сiлы Плацiнавага Абруча! Але калi нашым зноў стане кепска - ты ведаеш, што зрабiць? I перадай таямнiцу вартаму.

З гэтымi словамi яна лягла на бок i сцiхла.

Маленькая Дафнiя пахавала яе ў вузкай шчылiне суседняга кораня, вярнулася да сябе i пачала думаць.

Спачатку яна падумала: "Ах, якая мужная Старая Дафнiя!" Потым яна падумала: "Якая ж яна дурная, гэта Старая Дафнiя..." Але тут надышла ранiца, пад пень зазiрнуў праменьчык, i Маленькая Дафнiя паплыла гуляць - яе сяброўкi ўжо збiралi карагод.

6

- Эксперымент скончаны? - сказаў Першы i выключыў эвальвентар.

- Усё?! - Другi быў вiдавочна расчараваны. - Зараз яны там пачнуць бурна размнажацца, з'явяцца кланы, якiя сапернiчаюць, пачнуцца змаганнi за жыццёвую прастору... Так, стары Спiу быў вялiкiм казачнiкам.

- Стары Спiу валодаў цярпеннем, - прамовiў Настаўнiк.

Маладыя ноблы пераглянулiся.

- Магчыма, стымуляцыя была недастатковая? - палiчыў Першы.

- Плацiнавы Абруч - надзейны стымулятар, - сказаў Настаўнiк. - Мы бачылi толькi пралог. Эвалюцыя наперадзе. Выведзi дэкуртар на поўную магутнасць...

I тут запiс нашага Пасвячонага абрываецца. Прадоўжаны ён толькi праз некаторы час, на працягу якога, напэўна, ноблы фокуснiчалi са сваiмi апаратамi, i Пасвячонаму хутчэй за ўсё не належала гэтага бачыць...

Вольнаму воля, але цi варта было так засмучацца: ах, маўляў, якая прыкрасць, што скрытнiчаюць? Не ў дакор будзе сказана, а толькi прыгадаю як факт "Запiскi" Пасвячонага напоўнены такiмi "засмучэннямi" i шкадаваннямi.

Ну як тут усумнiцца, што толькi чыстая цiкаўнасць рухае чалавекам, няхай ён будзе неабчасаны маладзён цi паважных гадоў мужчына?.. Здавалася б, што яму трэба? Сядзi, назiрай, матай на вус, як кажуць, каб уразумець, якая небяспека ад гэтага iншапланетнага наслання. Дык не: шкада, бачыце, што хаваюцца яны, не ўсё дазваляюць разгледзець, не цалкам улагоджваюць маёй дапытлiвасцi. (Ды яшчэ раз няхай даруюць мне...)

О цiкаўнасць - мацi пачуццяў зямных! Ты - слiзкая горка, i нясе па табе ўнiз злоўленых табою, i няма за што iм зачапiцца. I ўсё нiжэй i нiжэй iмчыць у туманную далiну ганарлiвых вучоных забабонаў. I называецца гэта "прагрэс". Калiсьцi, расказваюць, зямлю не аблытвалi жалезныя i бетонныя iстужкi, неба было светлае i цiхае, у модзе былi спрадвечныя чалавечыя словы: хлеб, вада, паветра...

Цiкаўнасць - той Абруч, той iх стымулятар пракляты, а ўсё астатняе дададзена тлумачальнiкамi.

7

Увогуле, эксперымент iх паехаў далей. I Маленькая Дафнiя вырасла настолькi, што пачала, як часта здараецца ў пэўным узросце, лiчыць сябе самай дужай, самай разумнай, самай смелай i прыгожай. Ёй, значыцца, хацелася, каб пра яе ўсе гаварылi, захаплялiся яе талентам i ўмельствам. I таму, што гаварылi зусiм не тое, яна пачала грубiянiць, чапляцца да ўсiх узапар, выкiдваць бясконцыя штучкi. Яна па-залiхвацку насiлася па вадаёме, усчынала страшэнны вэрхал, разладжвала заадно розныя зборы i сходы, разбурала жыллё i нават некаторых калечыла.

Дарослыя старалiся яе ўцiхамiрыць, усяляк абразумлялi, але нiякай рады не далi - павучэннi i заўвагi на яе не дзейнiчалi, нiкога яна не чула, нiкога не бачыла.

- Нiкчэмныя казяўкi, я вас не баюся! - крычала яна. - Кожную правучу! Я лепшая за ўсiх!

Само сабой, у яе з'явiлiся староннiкi, падабралася кампанiя, i пачалося такое... Казалi нават, што i ў часы Чорнага Жука было крыху лепш. I тады вырашыла грамада: гэту гарлапанку i хулiганку перад усiмi пакараць.

Суд, якi быў у карычневых дафнiй, караў вiнаватага маўчаннем: асуджаны мусiў моўчкi i нерухома праплыць праз увесь строй - усе толькi з дакорам глядзелi. Да-сведчаныя, мiж iншым, кажуць, што падобны вопыт у сiстэме выхавання - сапраўднае катаванне, у параўнаннi з якiм нават бiзун - дробязь.

Вось гэта i здарылася з нашай паддоследнай. Праўда, яна праплыла скрозь строй з горда паднятымi антэнамi, а пасля, у сябе дома, залiлася слязьмi ад крыўды i ўнiжэння. Кепска было яшчэ i тое, што па дарозе дахаты ёй сустрзлася суседка, абазвала няшчаснай балбатухай i ўшчыпнула балюча за ножку. I вось Маленькая Дафнiя сядзела самотна i плакала, i думалася ёй, што свет пабудаваны паскудна, што дафнii - лютае племя, i яна ўпершыню пашкадавала, што сама дафнiя. Яна не ведала, кiм бы хацела быць, - ды хоць цыклопам якiм-небудзь, хоць павучком пачварным, толькi б не дафнiяй. Тут яна ўспомнiла пра нейкую вялiзную Белую Рыбу - з дзiцячых, вядома, казачак, - i адразу ж ёй уявiлася нешта магутнае, вольнае i прыгожае. I раптам думка наткнулася на Плацiнавы Абруч.

8

- Настаўнiк, - прагаварыў Другi, - гэта ж гульня? Мне яна падабаецца, толькi цi залiчыць Савет Студыi...

- Савет Студыi Прагнозаў залiчыць вашу паслядоўнасць, - адклiкнуўся той.

- Ты казаў нам пра папярэднiя эксперыменты, Настаўнiк, - адклiкнуўся Першы, - пра падрыхтоўчую працу, але тое, што мы робiм, цяжкавата назваць падрыхтоўкай да галоўнага эксперыменту. Яго праўда: гэта - гульня.

- Вывады пакуль што заўчасныя. Дачакаемся вынiкаў.

- Мы не атрымаем правiльных вынiкаў. Мы паскараем працэс стымулятарам, значыць - скажаем.

- Мы не паскараем працэсу, а спрасоўваем яго.

- Настаўнiк! - працягваў Першы. - Мы бывалi ў мясцiнах больш далёкiх i неспрыяльных, чым гэта Хi. Нiколi нам не даводзiлася займацца такой... працай!

- Ты хацеў сказаць "такой бяссэнсавай працай"?

- Так.

- Трэба было сказаць - "такой важнай", - далiкатна ўдакладнiў старэйшы. Мы прыступiлi ўжо да галоўнага эксперыменту.

- Нам патрэбны вышэйшы, якi валодае вышэйшым розумам.

- Вышэйшае пазнаецца праз нiжэйшае.

- Ты хочаш сказаць, што гэтыя лоны вядуць да вышэйшага? - асцярожна спытаўся Першы.

- Я хачу сказаь: гульня - выпрабаваны сродак для зразумення сутнасцi.

- Настаўнiк! - сказаў Другi. - За намi назiраюць. Мой iндыкатар сiгналiць з самага пачатку.

- Мой таксама, - кiўнуў Першы.

- Так, - адказаў Настаўнiк.

- Калi гэта назiранне, - то ў межах допуску. Але я лiчу, што гэта спецыфiчныя токi планеты Хi.

- Ты даў два адказы!

- Такая асаблiвасць Хi, - сказаў Настаўнiк. - Далей...

* * *

Ах, гэтыя ноблы, гэтыя абскуранты-абскуратары-зацямняльнiкi. Нават розуму недаступна - яны тут, i ў той самы час iх нiбы няма: шчоўк - i прапалi. А вось чалавеку як? Ведаць, што цябе бачаць, увесь як на далонi, што зусiм побач стаiць нехта i глядзiць i ўсё яму пра цябе вядома, - ведаць гэта i нiчога не бачыць, i няма куды падзецца... Самi, самi вiнаватыя. Навучылiся, наадкрывалi, насiгналiлiся ў белы свет, i цяпер вось - будзьце ласкавы расхлёбваць. А хто ж прымушаў? Ды нiхто. Нецярпенне прымушала. А цяпер вось аказваешся на сваёй уласнай планеце, у сваiм доме на становiшчы той жа паддоследнай казяўкi: захочуць - пакажуць табе фокус, не захочуць - адключаць. Спачатку, значыць, з казяўкай управяцца, потым возьмуцца за цябе самога, за вышэйшага, пракруцяць, разгорнуць ва ўсю шырыню i даўжыню, ад прашчураў да фiнiты, i ўбачаць яны навылет, як там з табою было i як будзе i цi надаешся ты да ўжытку...

Дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што за апошнi час нашы мудрацы i так, дзякуй богу, прымоўклi. Нiхто ўжо без аглядкi не распiнаецца пра ўсяленскае дабро, пра "спрыяльныя i прыхiльныя адносiны да нас нязведанага", няхай гэта будзе космас або што iншае. Цяпер, прынамсi, скемiлi, што калi ён калi-небудзь i адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынiк можа быць розны, усякi, а не вось такi канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калi нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таi зла на другога, але не таi i пiльнасцi.

Урэшце - далей.

9

Такiм чынам, Маленькая Дафнiя ўспомнiла пра Плацiнавы Абруч. А на другi дзень, калi сяброўка, якая засталася добразычлiўкай, прыйшла праведаць i супакоiць яе, жыллё было пустое. Чуткi пра гэта разышлiся па ўсiм вадаёме, знiклую пачалi шукаць, абшукалi ўсе зацiшныя куточкi, але так i не знайшлi. I вырашылi, што бедалага або ўтапiлася, або схавалася куды-небудзь, каб памерцi галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпалiся ўзаемныя папрокi ў бессардэчнасцi. Асаблiва дасталося законнiцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем - цяпер яе абвiнавачвалi ў тым, за што ўчора ўзносiлi: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць - нахабнасцю. I ўрэшце "Закон аб пакараннi маўчаннем" быў адменены назаўсёды. Дафнii гэтай ноччу спалi дрэнна: кожнай блюзнiлася, што менавiта яна вiнаватая ў пагiбелi Маленькай Дафнii.

А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялiзарны i страшны Чорны Жук i сажраў зганьбаваную напярэдаднi законнiцу, а потым - тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнiю. А яшчэ праз дзень дафнiй ахапiла яшчэ большая жудасць: з'явiўся другi Чорны Жук, i пачалiся, як кажуць, беды вялiкiя...

Аднак, хоць Пасвячоны i спыняецца вельмi падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цiкавяць iншыя сферы.

Няма сэнсу расказваць, як уладальнiца таямнiцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафнii не складала, вiдаць, вялiкай цяжкасцi) i адсыпалася каля Плацiнавага Абруча. Толькi была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафнiяй, а вялiкай Белай Рыбай.

Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне i засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнiлася ёй лужына каля пня, прыгадалiся блошкi-дафнii, iх дробныя справы, дробненькiя жаданнi - усё iх дробнае-дробнае жыццё...

Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнiкi i хвост i, задаволеная i гордая, паплыла па цячэннi, i яе панесла ў невядомыя краiны.

Яна пабывала ў вялiзарных вадаёмах, дзе багацейшая раслiннасць i такi разнастайны i дзiвосны свет новых суродзiчаў, што немагчыма было не здзiўляцца часам, калi сустракалася якая-небудзь пачвара - таксама рыба i з якой па непiсаных падводных законах трэба было прывiтацца.

Яна зведала прэсныя i салёныя воды; больш ёй спадабалася ў прэсных - тут да таго ж было i спакайней. Самым жа лепшым месцам аказаўся зацiшны куточак дзе-небудзь у стаячай вадзе, дзе чарот i цiна, дзе цень i злёгку пахне балотам. Трэба сказаць, што прыстойнасць патрабавала пагарды да падобных закуткаў, але што зробiш з натурай? Калi яе бачылi тут свае, яна рабiла выгляд, што заплыла сюды выпадкова, а калi была адна, то ўпiвалася асалодай, цiшынёй i змрокам або палявала на ўсялякi дробны зброд - сталых жыхароў гэтых мясцiн: жучкоў, лiчынак, павучкоў. Асаблiва ж яна адрознiвала дафнiй - яны тут былi не карычневыя, але гэта не мяняла справы: Белая Рыба цярпець не магла гэтай бесталкоўшчыны, што шныпарыла, гэтых убогiх стварэнняў, якiя нават плаваць як след не ўмелi. Яна iх жэрла сотнямi i не таму, што была такая ненасытная, - яе страшэнна раздражняў iх выгляд.

Калi-нiкалi Белая Рыба наведвала Плацiнавы Абруч, яна пакутлiва ўзважвала, што б яшчэ выпрасiць у яго, але далей багатай i смачнай ежы нi да чога не дадумвалася.

Ад Абруча да населеных вадаёмаў вёў вузкi i цёмны калiдор, а Белая Рыба так разбылася, што ўжо ледзь працiскалася праз яго, i таму здагадалася папрасiць Абруч перамясцiць самога сябе ў адну з яе любiмых затокаў, дзе было асаблiва цiха i заценена. Iншыя рыбы не любiлi сюды заплываць, такiм чынам, Плацiнавы Абруч быў i пад рукой, як кажуць, i надзейна схаваны ад пабочных вачэй.

Колькi б працягвалася яе такое жыццё, сказаць, вядома, цяжка. Але аднойчы яна наткнулася на Шчупака, якога бачыла ўпершыню, i, разгледзеўшы драпежны i галодны бляск варожых вачэй, кiнулася ўцякаць, не разбiраючы дарогi, i Шчупак доўга гнаўся за ёй, ляскаючы скiвiцамi i выдаючы жудасны свiст, ад якога мутнеў розум. Нарэшце Шчупак адстаў, але тут раптам выскачылi дзве выдры, якiх Белая Рыба таксама бачыла першы раз. Яна адчула, што i гэта - ворагi, i, сабраўшы апошнiя сiлы, нырнула ў глыбiню i iмчалася ўнiз, пакуль не ўрэзалася ў дно. Вакол было змрочна - так глыбока яна яшчэ не апускалася. Белая Рыба паляжала на глеi, сяк-так аддыхалася i пачала, трымаючыся ценю i зараснiкаў, рухацца ў бок дому. Але няшчасцi не пакiдалi яе: яна заблудзiлася.

Не будзем затрымлiвацца на ўсiх калдобiнах яе падарожжа. Выбiраць правiльны напрамак ёй дапамаглi падслуханыя размовы iншых жыхароў падводнага царства; часам яна нават адважвалася распытаць пра дарогу. Але самае галоўнае: яна ж разумела мову дафнiй, не магла яе забыцца, як нi старалася, i цяпер яна ёй ах як спатрэбiлася. Дафнii, вядома, языкатыя: заўсёды ў iх нейкiя дыспуты i абмеркаваннi, заўсёды - плёткi i крыватолкi пра таямнiчыя воды, незвычайныя здарэннi i iншае глупства; i ў большасцi выпадкаў яны не маюць нiякага ўяўлення аб тэме размовы. Белая Рыба непрыкметна прыстройвалася дзе-небудзь поблiзу i лавiла кожнае слова i такiм чынам даведвалася пра шмат карысных дробязей. Яна слухала чарговую дыскусiю, а потым яе ўдзельнiкаў з'ядала i плыла сабе далей. Аднойчы, напрыклад, дафнii гаманiлi пра тое, што нiбыта недзе ў невядомых краях таксама жывуць дафнii, ды толькi, бачыце, карычневыя. Жывуць яны, значыцца, у лужыне каля пня - уяўляеце сабе?! - i быццам даводзiцца iм туга: знiшчаюць iх два лютыя Чорныя Жукi, ужо зусiм, бедалагаў, мала засталося. I гэтак далей, i да таго падобнае...

Белая Рыба слухала, i нешта ёй прыгадалася - не асаблiва прыемнае. I каб не псаваць нерваў, яна накiнулася на шумны гурт i цалкам праглынула яго.

Iншым разам яна заўважыла жука, якi ёй нешта дужа нагадваў. Яна i яго з'ела, але ён быў на рэдкасць каляны i нясмачны.

Так яна, урэшце, i дабралася да сваёй затокi.

10

Плацiнавы Абруч быў на месцы. Ён сляпуча зiхацеў, а вакол стоўпiлася такая колькасць разявак, што вада аж кiпела. Яны заўважылi Белую Рыбу i ў панiцы пачалi разбягацца; яна ўрэзалася ў самую гушчу, аглушальна чвякнула, вытрашчыла вочы i так гакнула хвастом, што чорная муць паднялася густым воблакам i ў iм, як у пекле, знiклi ўсе цiкаўныя. Не трацячы часу, Белая Рыба падплыла да Абруча, дакранулася да яго i вымавiла:

- Хачу быць Шустрай Выдрай!

I адразу ж зрабiлася ёю.

Не, яна не захацела ператварыцца ў Шчупака - ёсць iстота, якой i Шчупак баiцца, i гэтая iстота - Выдра.

З гэтага часу пачалася паласа дзiвосных ператварэнняў былой Маленькай Дафнii. Па меры таго як яна рабiлася больш моцнай i дасканалай, больш моцнымi i дасканалымi рабiлiся яе жаданнi. Яе жыццёвы вопыт няспынна ўзбагачаўся, запасiлiся веды, розум. Пераходзячы з аднаго вiду ў другi, яна, вядома, запамiнала мовы, звычкi, схiльнасцi i такiм чынам рабiлася ўсё больш грозным працiўнiкам нiжэйшых вiдаў, з якiх сама паходзiць. Ды i для сваiх яна была не менш небяспечнай, бо ведала больш, думала глыбей i, значыцца, была разумнейшая за iх.

Першы вывад, якi яна зрабiла пасля некалькiх ператварэнняў, быў такi: у кожнага ёсць вораг больш дужы i лепш прыстасаваны да жыцця; але i ў гэтага ворага ёсць свой вораг, i ў таго - свой, i дзе канец - невядома.

I другi вывад зрабiла былая Дафнiя: жаданням - мяжы няма: дасягнуўшы аднаго, адразу хочацца другога, новага, i гэта таксама бясконца. Калi высвятлялася, што нехта дужэйшы за яе, яна неадкладна займала яго месца. I не толькi не хацела залежаць ад каго-небудзь або кагосьцi баяцца - яна ўжо не мiрылася i з роўнымi сабе.

А вось i трэцi вывад: немагчыма ўявiць нiчога больш вартага жалю i ўбогага, як тая Старая Дафнiя, якая першая знайшла Плацiнавы Абруч...

Яна па чарзе перабывала ў ролi Шыпучай Змяi, Змрочнай Пантэры, Раз'юшанага Вепра, Клыкастага Воўка i iншых ролях. Потым: нарэшце ператварылася ў Грознага Мядзведзя, бо ў трох краях не было нiкога больш магутнага i грознага, чым ён. Але толькi першы час яна адчувала задавальненне ад становiшча Грознага. Бо калi i Мядзведзь - мяжа, дык гэта вельмi сумна. Што бегае за мяжой?..

Так ён, цар лесу, i блукаў па гарах i далiнах, i не давала яму супакою думка: што далей?

11

Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелi на экран.

- Якая алагiчная эвалюцыя, - нарэшце сказаў Першы. - Не, гэта не нашы лоны, нiчога нават прыблiзна падобнага няма.

- Што мы ўжо адзначылi, - адклiкнуўся Другi.

- Ты, выходзiць, лiчыш, - звярнуўся Настаўнiк да Першага, - што калi б гэта былi нашы лоны цi падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалi б у нас?

- Так, не думаў, што стары Спiу так звязаў цябе, - весела заўважыў Другi.

Першы сумеўся.

- Даўно... У першыя гады Студыi... Адным словам, тады я патаемна раскруцiў лонаў. Настаўнiк! Яны вымерлi! Нашы лоны вымруць!

- Мабыць, ты карыстаўся недасканалым, вучнёўскiм эльвентарам, - спакойна прамовiў старшы. - Гэта так?

- Так... Некалькi стадый прамiльгнула... Я ведаю - я не павiнен быў... Але такi вынiк... Вымiранне!.. Я гатоў сваю вiну...

- Спецыфiчныя токi планеты Хi, на якой ты не паспеў яшчэ адаптавацца, выклiкаюць парой перабольшанае пачуццё вiны.

- Спецыфiчныя токi Хi, - нiбы рэха, адклiкнуўся Другi.

Першы апусцiў галаву...

* * *

На экране брыў па лясным гушчары калматы чорны мядзведзь; ён быў змрочны i сумны. I раптам паказалiся маляўнiчае возера, травянiсты беражок, сонечнае неба i на беразе - тры iстоты.

Гэта было апоўднi. Iстоты сядзелi колам, пiлi нешта, любавалiся прыродай i гутарылi. Усе тры - мужчыны.

Адзiн пiў гарбату з чарнiчным сочывам i ўпэўнена казаў, што ўсё на свеце грунтуецца на iнстынктах, бо iнстынкты непераходныя.

- Адсюлека што выходзiць? - пытаўся ён. - Што i як? А тое выходзiць, што немагчыма пра iнсцiкт сказаць, што гэны вось, значыцца, добры, а гэны - цьфу. Дык гэныя самыя яны, як адзiн, цi, па-вашаму, добрыя ўсе, - нiкудышныя.

Другi пiў гарбату з мёдам i нiзашто не згаджаўся з iм.

- Гэнта твая кансэпцыя няправiльная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калi ж па-тваёму, то акурат выходзiць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, iсцiнты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне...

- Iовi энд бовi! - усклiкнуў трэцi з прыяцеляў. - Каралi i капуста! Усё так. - Ён быў самы худы i стары i самы нязграбны з трох; ён пiў гарбату, падлiваючы ў свой кубак нешта з фляжкi, якую вымаў з унутранай кiшэнi i хаваў назад. - Iовi энд бовi.



Поделиться книгой:

На главную
Назад