- Я ж папраўляюся. Хiба ты не бачыш?
- А на дварэ ўжо i апошняе лiсце з iгрушы асыпалася за ўчарашнi дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.
Праз два днi ён пачаў кармiць худога каня паранкаю, не адыходзiў ад яго, рабiў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыднi сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзiўся i ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком i сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумлiч, ён, як спрактыкаваны конскi перакупшчык, расхвальваў старога i худога каня, бажыўся i падпускаў часам заядлую лаянку. "Без гэтага каня не прадасi", - думаў ён i запрашаў усiх паглядзець каню ў зубы. "Галоўнае смела казаць, каб глядзелi ў зубы, дык нiхто i не гляне, i павераць, што конь малады". Стары i высокi цыган, якi тут жа побач прадаваў яшчэ мусiць старэйшага каня, сказаў:
- Ты, чалавеча, прасi, каб глядзелi твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усiх ашукаеш.
Навокал зарагаталi, i Кастусь, праклiнаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але i адтуль два перакупшчыкi прагналi яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткi час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купiць другога i ўжо гэтага расхвалiць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмi затанна, але ён быў рад, што развязаў рукi. "Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня". Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч iсцi дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.
- А цi добра спявае? - некалькi разоў пытаўся ён у бабы.
- Галубчык мой, - адказвала кожны раз баба, - гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.
Ён купiў пеўня i падумаў: "Прыйдзецца ж зiмаваць. Няхай спявае сабе. А калi Вольцы не спадабаецца - я ёй грошы вярну". Яшчэ не пачынала свiтаць, калi ён быў дома. Пеўня ён укiнуў у пуню i ўсё прыслухоўваўся, цi скора той заспявае. I толькi цяпер ён падумаў аб сваёй вiне перад Волькай: "Я ж задарма аддаў каня". Пакуль развiднела, ён, не заходзячы ў хату, выкацiў з пунi два бервеньчукi з той сухой хвоi i стаў часаць. "Пакуль зiма не ўмарозiла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму". I душа яго ачысцiлася ад прыкрасцi. Раптам у пунi заспяваў певень. I гэта як бы хто сказаў яму радасную навiну. Ён пакiнуў часаць бервяно i стаў над iм. Цадзiўся дзень позняй восенi. У хатнiх вокнах засвяцiўся агонь. "Волечка ўстае. А можа пайсцi ў хату?" Волька выйшла на ганак i ўбачыла яго над бервяном. I загаласiла:
- А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзiлася?
- Ну, каня прадаў, пеўня купiў... спявае, лiха яму, як на скрыпцы грае... А над лесам, учора падвечар, вельмi хмара ссiнела. Мусiць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.
Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пунi, крык зiмовай птушкi, счарнелы ад прымаразкаў лiсток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлiсты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу - дзень за днём, дзень за днём, - i пайшло яно, з вялiкай радасцю аб тым малым, што толькi i патрэбна чалавеку. Нi зайздрасць i нi сквапнасць, нi злое нездаваленне, нi прыкрая паняверка, што ўсё мала i трэба больш, нi горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам... Тут не бытавала пустое iмкненне немаведама куды. Колер i пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым i таемным графам Палiводскiм i набытае, i таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.
Дзень за днём i месяц за месяцам. Зiма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлiвым i сонечным днём са страхi. Неба было такое ж сiняе, як i высокае. Але пад iм яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалi вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. I да вясны i да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мiгцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты цiхманы Кастусь Лукашэвiч, асталяваўся тут, у Сумлiчах. Але сонца iшло ўжо высока, i здавалася, што вось неўзабаве над блiскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамi свяцiў месяц, поўны i даўгавечны. У такiя ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачынi тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне i накрываецца бараной. Колькi разоў Кастусь гаварыў на досвiтку Вольцы, каб яна iшла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! I колькi разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былi жарты сталых людзей, бо вельмi многа тут было дзiцячай наiўнасцi. Але i дзiцячага тут было мала. Мала было i сталага. Для iх яшчэ не прыйшоў час знайсцi сваю сталасць у iхняй блiзасцi адзiн да аднаго. У той меры, у якой iшоў час, ён рабiўся больш маўклiвы, чым гаваркi. Яна ж любiла, калi ён жартаваў, i рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая i нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы i што ў вачах яе вялiкая задума. Раз яна сказала:
- А ўжо вельмi доўга вайна цягнецца, а ад бацькi нi разу пiсьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.
Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькi ўжо няма!
Як гояцца раны зямлi! Ззяе ямiнамi разварочаная рыдлёўкамi зямля. Або ляжыць перад чалавечымi вачыма земляное калецтва, калi пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва днi, ганьба чалавечага генiя, танк - стварэнне чалавека дзеля смерцi чалавека. Або крывавыя раны зямлi, прабiтыя бомбамi. Чорная зямля па краях i дзеля напамiнку чалавеку, што ён горш за звера i жывёлу, - травiна, прылiплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Iдзе час. I няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо i дрэўца пасеялася i ўзышло. Расце ўсё вышэй i ўжо здалёк вiдно. I на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, i, здаецца, нiякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды i чалавека. Вялiкi доктар - час - спакойна i безупынна iдзе па свеце i лечыць, i гоiць.
Скруха i смутак тупелi i ўсыхалi. Яны iшлi да свайго поўнага знiкнення. Кастусь i сам стараўся гнаць ад сябе думкi аб нядаўным мiнулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосцi, вельмi мала закiдаў думкi далёка наперад. Вельмi можа быць, што тут i пачыналася яго шчасце: прынамсi цяжкая паняверка не гняла яго душы i не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабiў кожны дзень. Так гартавалася i яго дужасць. Ён браў у пунi на плечы цэлы мех збожжа i сумысля праносiў перад вокнамi хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любiў, калi яна бывала нудная:
- Ты зноў расскоглiлася? Баба дурная! Бацька пiсем не шле, а возьме i сам калi-небудзь з'явiцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цялiцца скора будзе.
- А хiба я магу пазнаць, калi яна там будзе цялiцца?!
- Дык навучыся пазнаваць, калi хочаш быць добрай гаспадыняй!
А хiба яна хацела цi не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было i з iм. Яны абое належалi да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад iмi стаяла ўжо iхняя маладосць. А каб хто iм сказаў, што другое пасля iх пакаленне (iх дзецi) ужо i маладосцi мець не будуць, што iх маладосць з'есць чужы прышэлец? Хiба была б у iх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналi адчуваць блiзасць усемагутнай маладосцi!
Прыйшла i прайшла вясна. Кастусь узараў усё i пасеяў. Грошы за таго Вольчынага каня ляжалi ў прыскрынку, разам з тым золатам. Прыйшло лета. Удваiх з Волькаю яны жалi дзень пры днi. Ужо аднекуль з лесу цi з саду на ржышча пад свежы сноп заляцеў жоўты лiсток. Першая яна заўважыла яго:
- Глядзi, глядзi, восень! - I ўздыхнула. Ён адагнуўся ад жнiва i сказаў:
- Калi я сюды прыехаў - восень была пазнейшая.
Каб хто бачыў, як яны паглядзелi адно аднаму ў вочы! "Добра, што прыйшла восень. А яшчэ лепш, што ўсё мае свой час". Пасля жнiва ён пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня i набраць крамнiны на плацце. Доўга iшлi гэтыя ўгаворы, а нарэшце, ужо-такi ў сапраўдную восень, ён убачыў яе ў новай сукенцы. Гэта праўда, што чалавек упрыгожвае рэчы i свет. Але i яны не так сабе iснуюць навакол чалавека. Трэба было паглядзець збоку, як ён акiдаў яе вачыма! Цяпер нават ён як бы i пабойваўся яе. Яна, сваiм жаночым пачуццём, угадала гэта i старалася быць пры iм у тым старым зношаным адзеннi. А пасля стала ўгаворваць яго набраць i сабе новай крамнiны - грошы яшчэ былi. Як гэта, ён сам не здолее прыадзецца? Гэта не быў пусты гонар. Гэта ён ужо адчуў у сабе мужчыну. Якiя яны аднак жа сталi за гэты нядоўгi яшчэ час! Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зiмой выфранцiўся сам, купiў ён блучковую хустку i чаравiкi i пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. I зноў было нядобра. Яна адчувала, што яна першая павiнна нешта такое сказаць цi зрабiць, каб усё зноў стала на сваё месца. Але як i што? Гэта была пакута. Надыходзiла новая пара ў iхнiм жыццi. Яны не спяшалiся ёй насустрач. Яно само ўсё iшлося, а яны мелi радасць ад свае кожнадзённасцi. Зноў вясна, зноў ён араў i сеяў. Пасля вясны будзе лета... Так i новыя падзеi прыйшлi. Канчалася вайна, а з-пад Сумлiч згiнулi паны. Кастусь вазiў з панскага лесу дрэва не таму, што надумаўся на месцы старой Нявадаўскай хаты або дзе iнакш будаваць новую, а таму, што ўсе вазiлi дрэва. Ён складаў яго на вулiцы, i к лету перад вокнамi Нявадаўскай хаты навалена было бярвення да самых гэтых вокан. Так ён пакiнуў быць выгнанцам i бяздомнiкам i стаў тубыльцам тут. Ужо яму здавалася, што нiколi i не было такога часу, што ён жыў дзе-небудзь iнакш. Поле добра радзiла. Нават ужо i клянок, пасаджаны iм дзеля забаўкi на Нявадавым двары ў першы год прыезду сюды, рос i ўкараняўся. Прыйшло юнацтва i сталасць натуры. Волечка была ўжо мажная i павальнейшая ў рухах. I калi ён называў яе не "Волька", а "Волечка", яна чырванела i бянтэжылася. Тым жа летам гэтая саромлiвасць памiж iмi дайшла да найвышэйшага свайго пункта. Цi не сам лёс прывёў яго сюды, каб ён дзеля яе i клён каля бацькаўскай хаты пасадзiў, i поле ратаваў ад дзiкай травы, i падтрымаў яе ў тым яе адзiнокiм сiроцтве, i сам пачаў тут станавiцца на ногi? Нашто ж было iм дзе-небудзь iнакш шукаць тае невядомасцi замест ужо знойдзенага шчасця? Канчалася лета. I хоць далёка яшчэ было да верасня месяца, але зорная ноч была падобна на тую, калi ён тады прыехаў сюды. Абое яны стаялi моўчкi каля свае хаты i як бы слухалi цiшыню. Калi яго рука злавiла яе плячо, яна хiстанулася да яго, як бы цвёрда ведаючы, што вызначанага не пераступiш i што ёй не можна быць далёка ад яго. I абодвум iм жыццё стала вялiкiм шчасцем.
II
Зiма ў тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе пачыналася вельмi рана. Ужо ў пачатку лiстапада станавiўся сухi холад, а пад сярэдзiну таго ж месяца нападаў змёрзлы i сцёрты ветрам на муку снег. Сухiя вятры дзьмулi да канца лiстапада. Скрозь у полi снег пазганяла ў лагчыны i прыдарожныя рыштокi. Поле асталося голае, толькi дзе-нiдзе прыснежанае, скрозь тырчэла пачарнелае ржышча i месцамi нават з крохкiм зяленiвам не з'едзенай жывёлай i высушанай марозам травы. Дзiўная пачыналася зiма ў гэтых месцах. Бярозавы гасцiнец, што iшоў цераз Сумлiчы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокi ў бок ад яго былi голыя палявыя прасторы з iржэўем i раллёй i жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы. Рэчкi цяклi пад чыстым лёдам, i праз яго свiцiлася жвiрыстае дно i багавiнне з вечным сваiм павольным рухам. Сонца свяцiла цэлымi днямi, i водблiск яго на голым полi будзiў успамiны аб былым зiхаценнi летнiх дзён. Ад Сумлiч на захад гасцiнец праходзiў праз дробны горад Нясвiж. Памiж Сумлiчамi i Нясвiжам па гасцiнцы ёсць яшчэ некалькi мястэчак, i апошняе з iх к Нясвiжу - Цiмкавiчы. На сярэдзiне ж дарогi памiж гэтым мястэчкам i Нясвiжам стаяла тады старая карчма, як i належыць ёй, з стадолай i прасторнай хатай на падлозе i з бакоўкамi. Карчма стаяла пры самым гасцiнцы на ўездзе ў сяло Кукавiчы i называлася "Кукавiцкая карчма". У першыя месяцы пасля мiру з Польшчай (зiмою 1920 i 1921 гг.), пакуль не вызначана была i не адзначана цвёрдая лiнiя гранiцы з Польшчай, гэтая карчма была тым пунктам, на якi арыентаваўся кожны, хто хацеў цвёрда дазнацца, дзе Савецкая зямля, а дзе ўладаннi Польскай дзяржавы. Калi па гасцiнцы ты ступiш ад карчмы крок на захад, дык апынiшся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход будзеш на Савецкай зямлi. Тады не было яшчэ нi пагранiчнiкаў, нi пагранiчных заставаў i можа нават i цвёрда вызначанай дзяржаўнымi планамi засылкi шпiёнаў. Хто ведае з нас, простых людзей. Можа тады аб гэтым толькi пачыналi думаць у мiнiстэрскiх кабiнетах. А ўрэшце - за факты не паручуся, чаго не ведаю, таго не скажу. Такiя словы як "шпiён", "дыверсант", "кантрабандыст" тады яшчэ ў гэтай мясцовасцi не ўбiлiся ў вушы народа. Што ж наогул да эўрапейскiх народаў, то гарадскiя малатабойцы i сталявары, механiкi i слесары, шаўцы i пекары, i сельскiя земляробы ў той час або з радасцю варочалiся дадому, або яшчэ марылi аб гэтым. У нашы днi спрабавала забытаваць пропаведзь, што кожны народ любiць вайну. Горкая практыка паказала, што ваяўнiчае геройства народа нараджаецца i выпрацоўваецца не ад замiлаванасцi да рэк крывi на полi вайны, а ад неабходнасцi сцерцi з твару зямлi такую погань, якая ў нашы днi ў вобразе Гiтлера заявiла, што нармальны стан мужчыны вечна быць у вайне. Гэтая пропаведзь спазнiлася на мiльёны год. Што ж да скопiшча тых валасатых нашых продкаў, якiя яшчэ мелi пляскаты лоб i вечна ваявалi адзiн з адным, каб адзiн аднаго есцi нават без перцу i солi, то нават далучыўшы да iх усё гiтлераўскае войска, наўрад цi льга назваць усё гэтае зборышча народам. Гэтая развага мела б у тыя часы да Кукавiцкай карчмы тое дачыненне, што ў ёй тады часта падначоўвалi людзi, ваяўнiчы дух якiх абмяжоўваўся радасцю аб тым, што скончылася вялiкая вайна, якая займала паўсвету, паканчалiся меншыя войны, а ў гэтых вайна з Польшчай, а на адной шостай часцiне зямлi прагучэла на ўвесь свет "Мiр народам". Можа нарэшце хоць спакойна дыхаць льга стане! Хтосьцi, начуючы ў Кукавiцкай карчме, напiсаў у ёй на сцяне, як бы на ўспамiн тутэйшым людзям, сваё прозвiшча i слова радасцi, што варочаецца ў родны кут да блiзкiх i родных. З гэтага прыкладу пайшлi i больш тут пiсаць на карчомных сценах. За шэсць год вайны i за дзве акупацыi на гэтай бiтай дарозе перавярнулася бездань людзей. А кажуць жа, што кожны чалавек - гэта цэлы свет. Як толькi маглi ўмясцiць на сабе гэтулькi надпiсаў сцены гэтай старой будынiны! Апошнiмi днямi лiстапада месяца тысяча дзевяцьсот дваццатага года, калi сухi скавыш ламаў на гасцiнцы бярозавае голле, змятаў з поля апошнi снег i скавытаў у комiне Кукавiцкай карчмы, перад самым вечарам нейкi падарожны з такiм змучаным тварам, што на iм ужо страцiлася пячаць чалавечага воблiку, роўнай хадой iшоў гасцiнцам з захаду на ўсход. У тыя хвiлiны, калi сонца вiсела над самым лесам, ужо гатовае спусцiцца за яго, чалавек падышоў да самай карчмы i абышоў яе навокал. Уваход у карчму i ўезд у стадолу былi проста з гасцiнца. За задняй карчомнай сцяной было выгараджана жэрдкамi месца, падобнае i на двор, i на агарод. Чалавек успёрся локцямi на гэтую агароджу i так стаяў у задуме. Рыжая карова траслася з холаду i тыцкалася пысай у мерзлыя грады, дзе яшчэ аставалiся рэшткi скарэжанага на марозе капуснiку i бурачнiку. Карова шукала яды. Чалавек доўга глядзеў на яе i ўсё стаяў. Магло здавацца, што яму вельмi соладка стаяць на холадзе. Яно i можа быць, бо кожны яго рух сведчыў, што ён быў такi змучаны, што яму соладка было стаяць у нерухомасцi. Можа чалавек крыху адпачыў стоячы, бо праз нейкi час вочы яго як бы ажывiлiся, i, як бы развясельваючы сам сябе, ён сказаў:
- Усё на тым самым месцы, i карова тая самая. Дай жа Божа, каб i дома ўсё было ў шчасцi i радасцi. Ах, Божа мой, Божа, колькi было бадзяння i пакуты. Жартачкi - цэлыя гады! - Ён уздрыгануўся, адарваўся ад плота i рушыў у карчму праз чорны, цi заднi, ход з агарода. Здавалася, што ў гэтым чалавеку няма i кроплi крывi. Твар худы i выцягнуты нос. Здавалася, што скура на твары хутка стане празрыстая, як шкло, i праз яе льга будзе ўбачыць чалавека ў сярэдзiне. Кароткае шчацiнне выстрыжанай барады тырчэла ва ўсе бакi, а адзежа - адкуль толькi ён мог i назбiраць яе?! На нагах падшытыя кавалкамi скурата лапцi. Нагавiцы нямецкiя, салдацкiя i вылатаныя дзесяткамi рознакаляровых кавалачкаў. Кароткая вопратка, можа нават i на ваце, цывiльная, з плеч простага чалавека, якога-небудзь рабочага або панскага парабка, мiжнацыянальнага i разам - няпэўнага выгляду, падпяразаная вяроўкай. А шапка - рэшткi польскай канфедэраткi: без казырка, з адарванымi рагамi i залатанымi дзiрамi на месцы iх. Пад гэтым падабенствам галаўнога ўбрання на галаву была закручана i закрывала вушы нi то хустка, нi то ручнiк, брудны i дзiравы. Усё гэта тырчэла гузамi i камякамi на чалавечай галаве.
Гэты чалавек увайшоў у карчомную кухеньку, дзе ў адзiноце сядзеў за сталом, у адных споднiках i чорнай камiзэльцы, стары карчмар, падобны да Майсея. Ён браў з талеркi вывараныя косцi i абсмоктваў iх. Чалавек згроб з галавы канфедэратку з дзiравым ручнiком, пацёр вушы i прывiтаўся з карчмаром:
- Здароў, Шымха! Жывеш? Можа i пазнаеш мяне. Не пазнаеш? З Сумлiч. Бывала, калi вязу што або каго ў Нясвiж, дык заўсёды начаваў або папасваўся ў цябе. Не пазнаў?
- Чаму не! Сумлiцкi Нявада. Але ж вайна з цябе i штуку вырабiла! Нi да кога i сам да сябе ты цяпер не падобен. Адкуль жа ты i куды iдзеш?
- А ты як жыў?
- Як жыў! Усяго бывала. Тут жа i немцы былi, i палякi былi... А кожны ж прышэлец iдзе на чужую зямлю не на тое, каб што-небудзь прынесцi ёй, а каб сабе з яе ўварваць. А цяпер жа не канец яшчэ. Я апынуўся ў шчылiне памiж дзвюма дзяржавамi. Стадола i хата стаяць на савецкай старане, а града з рэдзькаю пры хаце i прызба пад вокнамi - гэта Польшча. Я яшчэ чакаю, што хлеў, дзе стаiць карова, будзе абвешчан нямецкiм, а унь тая бяроза на гасцiнцы ангельскай. Я табе зайздрошчу. Адкуль бы ты нi iшоў, то ты iдзеш у свае Сумлiчы. А калi нават твая там хата i згнiла дарэшты, ты ўсё роўна iдзеш дадому. А мне трэба адсюль выбiрацца. Цяпер жа рэвалюцыя. Ты набярэш зямлi i паставiш хату. Ты адпакутаваў на вайне, але тваё шчасце прыйшло да цябе. А я праз усё жыццё збiраўся ехаць за мора ў Амерыку, а цяпер позна... Адкуль ты iдзеш?
- Iду з нямецкага палону.
- Што ж ты так запазнiўся? Унь адзiн кукавiцкi даўно ўжо як дома.
- Мала што, той можа з прычыны мiрнага дагавору, а я з лагера ўцёк яшчэ да мiру з немцамi. Да Польшчы дабраўся, а з Польшчы ледзь выбраўся. У лагерах цяжка было выжыць, але i палякi такiя заядлыя, што разоў некалькi ў турму саджалi, калi лавiлi на дарозе. Лiчылi мяне за нейкага такога, хто хоча згубiць iх уваскрослую дзяржаву. Так усё i дапытвалi мяне - а цi не маю я намераў пусцiць на паветра цэлую дзяржаву! А Божа мой! Нашто мне Польская дзяржава?! Яна мне патрэбна не больш, як Англiя разам з Францыяй, Амерыкай i Турэччынай у прыдачу. Бойцеся, кажу, Бога! Пазбiрайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабiце з яго трон, пасадзiце на яго мяне кiраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамi буду прасiцца i малiцца: пусцiце, калi ласка, дайце мне шчасце спаўзцi з гэтага трона: я колькi год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузнi каня не каваў, у млыне мукi не малоў, раллi не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўнi спяваюць, як людзi па-людску гавораць. (Вочы яго пачырванелi.) А ў мяне ж у Сумлiчах асталася адна як ёсць малая Волечка. Што яе ўжо на свеце даўно няма - гэта ўжо няма чаго i казаць.
- Бог дасць, нейк выкiдалася.
- Як!? Пакiнуў адну ўжо колькi год таму! Дзiця горкае!
- Пройдзем далей адгэтуль. Прыйдуць дзеўкi - дадуць табе гарачага есцi, тады будзеш спаць да ранiцы. Дарога яшчэ табе вялiкая.
Удвух яны ўвайшлi ў карчомную хату. Карчмар сеў на лаву, а Нявада прыпёрся плячыма да печы грэцца. Ён змагаўся з дрымотаю. Соннымi вачыма ён аглядаў здаўных знаёмыя яму сцены. Ён разбiраў там надпiсы, некаторыя былi размашыста напiсаны цi выразаны нажом. Каб хутчэй перабыць чаканне, ён прачытваў iх моцным шэптам. Адзiн надпiс быў вось якi: "Памажы мне, Божа, знайсцi дзверы ў маю будучыню. Граф Палiводскi". Нiчога гэты надпiс Нявадавай душы не сказаў, i на твары яго нiчога жывога не адлюстравалася. Трагедыя нейкага невядомага Палiводскага, якi не мог знайсцi дзвярэй у сваю будучыню, была вельмi далёкая ад розуму i сэрца гэтага чалавека, якi праз каторы ўжо год сам таiў у сабе ўласную трагедыю i цяпер, варочаючыся да свае Волечкi, баяўся, што знойдзе там можа нават сляды цяжкай драмы. Як бы там нi было, ён холадна прачытаў яшчэ некалькi надпiсаў i паглыбiўся зноў у маўклiвае i дрымотнае чаканне. Тым часам стары гаспадар карчмы ў задуме пачаў пагойдвацца на лаве ўбакi i замармытаў сабе пад нос нейкую песеньку цi малiтву i глянуў на Няваду:
- Цяпер, кажуць, Сумлiчы разбудоўвацца пачалi панскiмi лясамi. О, колькi такiх, як гэты Палiводскi, за гэтыя часы бралася гасцiнцам на Нясвiж праз маю карчму, ратуючыся ад рэвалюцыi!
- А што гэта за Палiводскi такi?
- Я не вiнават, што ты не чуў пра яго. Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты цiха жыў век у Сумлiчах, пакуль на вайну не пайшоў. Я хоць таксама жыў запечнiкам, але яшчэ мой дзед, пакуль не прыехаў сюды, расказваў, бывала, мне малому пра паноў i князёў, i графоў. Яны нават давалi яму ў сховань грошы, ён быў павяроным у iх. Дык i графа Палiводскага ўспамiнаў. Той быў дзед гэтага, што тут на сцяне пiсаў. Той дзед дастаў сабе тытул графа, бо мець гэтулькi маёнткаў i быць без тытула - гэта не работа. А маёнткi яго былi - i за Воршай, у бок Дуброўны, i ў Вiцебскiм краi, i на Смаленшчыне, i каля Мiра, пад Карэлiчы, але гэты Мiрскi маёнтак ужо гэты, што пiсаў тут на сцяне, унук таго дзеда, прагуляў у карты, спадзеючыся на ўсе астатнiя маёнткi, з якiх ён браў чысты прыбытак, а сам нiколi там не быў. Сам ён вельмi малады, тонкi, высокi i афiцэр яшчэ царскай армii, а цяпер афiцэр польскай армii. Яму не пашанцавала. Рэвалюцыя пайшла яму на згубу i вайна таксама. Бо некаторыя, такога калена як ён, на вайне нажылiся. З нажыткам у кiшэнi яны мiнулi маю карчму, з усходу на захад i па той бок мае прызбы сталi смелыя ад рэвалюцыi. А гэты павiнен, каб жыць, служыць палякам, як той казаў, не для Езуса, а для хлеба куса. Якi ён там быў ваяка на нямецкай вайне - хто яго ведае, мусiць не сказаць, каб вельмi, бо на вайне трэба навучыцца спаць у балоце, а ён вазiў з сабою пяць лёкаяў, пераадзетых за дзеншчыкоў. А шосты дзяншчык быў казённы. Хто ведае, дзе былi тыя шэсць дзеншчыкоў, калi на вайне куля ўрэзалася яму ў рэбры. Ён звалiўся з каня, свайго ўласнага, за якога адзiн з блiзкiх да цара генералаў даваў яму пяць паўсотняў звыш дваццацi пяцi тысяч... Хэ-хэ, да дваццацi пяцi тысяч прыткнулi пяць паўсотняў i за iх таргавалiся, як мы за паўрубля. I граф, i царскi генерал, а з таго ж цеста... Конь паiмчаўся немаведама куды, а Палiводскi сыходзiў крывёй, лежачы ў вадзе i гразi, скрыты ад людскога вока асакой i аерам. Каля яго i расейцы хадзiлi, i немцы хадзiлi, i нiхто яго не ўбачыў. Тым часам ён ачомаўся ўночы i сеў. Ён быў рад, што ўсюды цiха. Абсмактаў свае мокрыя пальцы i памацнеў. Да дня ён выпаўз на палявую дарогу i сеў, а пасля лёг чакаць збавення. К канцу дня нейкi чалавек у лапцях i з мяшком за плячыма ўзышоў з поля на дарогу. Гэты абарванец з цвёрдымi, як косцi, мазалямi на руках i даў яму збавенне. Што ж, граф Палiводскi, якi праз усё сваё жыццё ўмеў толькi крычаць на людзей, пачаў енчыць i прасiць гэтага чалавека:
- Галубчык ты мой, вазьмi мяне да сябе, знайдзi доктара, памажы мне дайсцi да здароўя, век будзеш панаваць. Я табе дам золата многа з дарагiмi каменнямi i нават знiму з шыi залаты з каменнямi фамiльны крыж i аддам табе, i апiшу адзiн з сваiх маёнткаў, я - граф Палiводскi.
Чалавек паклаў на зямлю боты з нямецкiх, мусiць мёртвых, ног. Боты разам з пустым мяшком былi ў яго за плячыма. Ён сказаў:
- Якi ты к чорту граф, калi ты ў крывi i няшчасны. I князь, i цар, i мiнiстар, кожны той, хто камандуе людзьмi, хто мае права ў руках, каб саджаць iх у турмы i там рабiць з iмi што сам захоча, кожны, хто стаiць над людзьмi, толькi датуль граф, пакуль у яго з парэбрын кроў не iдзе. Ну, давай плечы, апiрайся на мяне, хадзем. Тут недалёка. Гэта я, каб ты ведаў, хадзiў туды пад рэчку. Босы хаджу, а там немцы ў ботах ляжаць, зараз гнiць пачнуць. На чорта, думаю сабе, мёртваму боты, калi жывы босы ходзiць... Стой, адпачнi, перадыхнi. Унь пры ляску хата.
Босы абарванец давалок Палiводскага да свае трухлявай хацiны i паклаў на паправу. I лекара дастаў, не за грошы, а за добрае сэрца. Яшчэ толькi лёгшы на пасцель, Палiводскi пачаў абмацвацца i заныў душой: пакуль ён ляжаў ледзьве жывы ў балоце, нехта абчысцiў яго пазухi i кiшэнi так старанна, што ўжо не было чым аддзячыць абарванаму збавiцелю. Тым часам пайшлi тыднi i месяцы. Больш за год Палiводскi то лежачы, то седзячы, то спацыруючы па лесе пражыў у свайго збавiцеля, якi дзялiў з iм напалам усё, што сам меў. Палiводскi зноў стаў здаровы i спрытны, як i быў раней. Страшная думка тачыла яго: ужо ў яго не было больш золата з каменнямi. Хоць з рэбраў кроў ужо i не iшла, але i графам ён ужо не быў. Бо ўжо адбылася рэвалюцыя i маёнткi ўжо былi не яго. Ён стаў зусiм голы. Згалеў адразу. Яму ўжо не было дзе дзецца, i ён сядзеў у свайго абарванца-збавiцеля. Праўда, абарванец абуў ужо добрыя боты i вопратку, узяў панскай зямлi i з панскага лесу паставiў сабе хату i стаў повен свайго шчасця. Палiводскi i рабiць нiчога не ўмеў. Змалку i да гэтага часу ён мог толькi гатовае праядаць. Аж душа яго рвалася на кавалкi. Тым часам збавiцель раз i кажа яму:
- Таварыш, прывучайся да якой-небудзь работы. Бяры дзе тут кавалак зямлi i жывi шчаслiва. - Палiводскi як пачуў гэтае слова, дык адразу падумаў пра тое, што на захад ад той мясцовасцi, дзе жыў той яго збавiцель, збiраецца польскае войска: ён чуў пра гэта.
- Хам! - закрычаў ён на свайго збавiцеля. - Перад кiм ты стаiш! Шапку знiмi!
- Я цябе выратаваў, я даў табе жыццё, - адказаў чалавек. - Не за золата i маёнткi, якiя ты мне абяцаў, а ад таго, што я мог зрабiць табе дабро. Я думаў, што ты ў душы будзеш удзячан мне, ажно ж ты горнешся да таго, каб мець толькi маёнткi, а не душу. Ты мяне называеш хамам? За тое, што я зрабiў табе - я чалавек, а за тое, як ты са мной абышоўся - ты хам!
Што было далей, мне невядома, а вядома толькi, Палiводскi выхапiў рэвальвер, каб аддзячыць свайму збавiцелю за хамства, а той хапiў качаргу i аперазаў Палiводскага па спiне i выгнаў вон з хаты, ён яшчэ не ведаў, што на захадзе тутэйшай зямлi рэвалюцыi прыйшоў канец, а ўсё гэта было на захад ад мае карчмы. Там ужо рыхтавалася да свайго ўстанаўлення Польшча, i ўсе паны, каторыя яшчэ лiпелi дзе на ўсходзе, рынулiся туды. Палiводскi неўзабаве стаў афiцэрам польскага войска i добра ваяваў з бальшавiкамi, а пасля мiру, калi ўжо тут гранiцу пачалi вызначаць, стаў афiцэрам у пагранiчным войску. Божа мой, якi блiскучы шык! Хоць у кiшэнi нi капейкi, але затое зверху! Увесь блiшчыць.
- Ну добра, адкуль жа ты ўсё гэта ведаеш?
- На тым тыднi ён ехаў уздоўж гранiцы з сваiмi жаўнерамi i цэлую ноч з другiм афiцэрам праседзеў тут, чакаючы, пакуль ацiхне вецер i пакiне засыпаць вочы мёрзлым снегам. Той другi афiцэр быў стары i ўсё енчыў па сваiх маёнтках, якiя таксама, як i ў Палiводскага, асталiся на бальшавiцкай старане. Так яны цэлую ноч i праспавядалiся адзiн аднаму, а я з бакоўкi слухаў. Але Палiводскi не ныў па сваiх маёнтках, а прагаварыўся таму старому плаксуну, што ў яго галаве спеюць шырокiя планы, так што ён нават i тое золата, якое нехта невядомы ўкраў у яго, у сто столак верне. Што гэта за планы - ён, аднак, не сказаў. Толькi ён сказаў, што мае падазрэнне, што яго абчысцiў той самы яго збавiцель, калi яшчэ ён ляжаў слабы на дарозе або калi яны iшлi, прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Можа яно i праўда, з людзьмi не разбярэш. Ну, як толькi развiднела, яны з карчмы i паехалi. Вось i ўсё, чалавеча. Усё бедавалi аб тым, што прыйшлося службай зарабляць, каб пражыць.
- А каторы можа з iх успамiнаў пра што такое, чаго ад душы не адарваць, цi ўсё толькi пра маёмасць гаварылi, як гэты ж Палiводскi, якi, добра кажа, нi разу тае зямлi i не бачыў, з якое ён прыбыткi меў.
- Бойся Бога, чалавеча, ты ўсё на свой капыл гнеш. Ты з куста травы пражывеш, як верабей, дык табе i мiл той куст. А яны - паўсвету ў думках маюць. Дзе ў iх там што мiлае будзе! Хэ-хэ! - карчмар усмiхнуўся пагардлiва да Нявады.
- Што табе за смех! Гэта праўда, што мне мiл куст травы. Мне ўжо сорак год зараз будзе. А як быў я малы, разростаўся тады збоку ад гасцiнца пад Сумлiчамi куст шыпшыны. А калi я iшоў на вайну, куст быў ужо цэлым зараснiкам. Божа мой, я ж, пакутуючы душой у той праклятай Нямеччыне, толькi i думаў што пра Волечку i пра тую шыпшыну. Без Волечкi i без шыпшыны няма для мяне i роднай бацькаўшчыны. Для мяне будзе радасць, калi я прайду паўз той зараснiк, уваходзячы ў Сумлiчы. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапiцца. А гэты Палiводскi што? Ён i не нюхаў роднай зямлi, толькi жыў з яе. Хiба ён дзе на ёй хату паставiў, цi дом, цi дрэва пасадзiў? Як на мой розум - дык толькi той чалавек, што калi яго вырвуць з роднага месца, дык ён, пакуль жыў, будзе рвацца туды. А калi дарвецца i ўбачыць, што там усё спустошана, дык ён другi раз жыць пачне: дрэвы пасадзiць i дом паставiць. А будуць яго зноў iрваць з месца, дык ён зямлю грызе, а не даецца або галаву адарве таму, хто становiцца ў яго над душой. Бо няма мне жыцця там, дзе не расце тая шыпшына, што ў маiм маленстве цешыла мне вочы. Лепш грызцi зямлю ў родным кутку, чым каб цябе лiхiм ветрам кiдала па чужым свеце.
- Ну, адзiн любiць родную зямлю грызцi, а другi на чужой старане пiрагi есцi.
- Чужая старана пiрагамi не накормiць, калi ёй свае душы не аддасi. А я сваю душу магу аддаць толькi таму, хто мяне на свет пусцiў. Я гэта ведаю, бо даволi перахварэў па ўсiм тым, чаго ад сэрца не адарвеш... Калi я жыць буду ў родным месцы, дык я не дапушчу, каб на iм было гола i пуста... А Божа мой...
Карчмар даўно ўжо драмаў седзячы, пасля выйшаў у бакоўку, а Нявада ўсё яшчэ гаварыў пра родны кут, пра Волечку, пра шыпшыну. Гаворка яго скончылася шэптам i дрымотай, пасля яго паклiкалi есцi, а пасля ён спаў на ляжанцы i мусiць вельмi доўга, бо калi ён прахапiўся ад вялiкага смутку па малой Волечцы, было цёмна i цiха, толькi роўна шумеў за вокнамi на гасцiнцы вецер. Праз вокны вiдны былi на небе рэдкiя зоры.
- Божа мой... Волечка... - прагаварыў сам сабе гэты змучаны i душой i целам чалавек, азiраючыся па карчомнай хаце, - i зоры свецяць, i вецер на гасцiнцы спявае... i мусiць сярпок месяца яшчэ ёсць... А каб не вецер - на гасцiнцы цiхата была б. Ну, у дарогу!
Ох, як даўно ўжо гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй! Сэрца яго бiлася моцна, калi ён усцягваў на сябе сваю сабраную з усяго свету адзежу, пасля хадзiў у кухню мыцца, пасля выцiраўся тым, што было ўчора павязана ў яго на галаве пад шапкай. Ён у цiхiм парыве рухава збiраўся ў дарогу. I сапраўды серп месяца паднiмаўся над бярозай, за гасцiнцам. У бакоўцы Нявада сунуў руку пад коўдру соннаму карчмару i пайшоў да дзвярэй.
- Ацапеў ты, чалавеча, - абазваўся карчмар. - Куды ты? Яшчэ ноч на дварэ. Удзень iсцi смялей. Тут каля гранiцы кожны пытацца будзе, а куды, а адкуль, а чаго. Ды яшчэ ўночы!
- Няхай пытае. Чаго мне баяцца. Я iду з чужыны дадому. Па роднай зямлi iду.
- Ты думаеш, што родная зямля козыр на ўвесь свет... Дык вазьмi хоць хлеба за пазуху са стала.
Нявада хiстануўся да стала, адламаў хлеба i выйшаў з карчмы на гасцiнец. Якiя вялiкiя прасторы былi перад iм! Удзень усё было як бы сцiснута то познiм усходам сонца, то раннiм лiстападаўскiм змярканнем, то нежывым бляскам халоднага сонца. Нявада iшоў абочынай гасцiнца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Вецер дзьмуў яму ў твар. Цёмныя iстужкi лясоў заўважалi яго вочы на даляглядах. Выйшаў ён з карчмы роўнай i шпаркай хадою, але ўжо можа праз кiламетр хада яго спавольнiлася, i ён пакiнуў разглядаць далягляды. Вочы глядзелi на сцежку пад ногi, i зноў ён ужо iшоў так, як i ўсе днi, пакуль не дайшоў да карчмы. Кожны крок наблiжаў яго да роднага кута, але - а цi не згубiўся гэты кут у гэтым, няхай сабе хоць i родным, прасторы? Можа яго стапталi чужынцы, якiя так многа тут хадзiлi? А можа трэба будзе пачынаць жыць спачатку? А можа малое Волечкi жывое няма? А можа ўжо тут няма нiчога, за што так трымалася душа? Якое тады гора будзе чалавеку на ўсё жыццё! Зашарэла неба, i сонца ўзышло. Дарога паўзла вельмi марудна. Але крок зменьваўся крокам. Прайшоў i скончыўся дзень, прайшла i яшчэ ноч у прыдарожнай хаце. I зноў iшоў дзень, i паўзла дарога. Другiя гэта былi цi трэцiя суткi пасля карчмы? Надвор'е змякчэла, схмурнела, i вецер ужо дзьмуў Няваду не ў твар, а ў плечы. Раптам вецер сцiх. Смутак ужо даўно перарабiўся ў роўнае забыццё. Нiводнай успышкi вострага пачуцця ўжо не з'яўлялася на твары. Але ў адным месцы дарогi чалавек стаў i пачаў углядацца ў прастору. Ледзь пратаптаная сцежка вяла з дарогi ўбок. Чалавек узышоў на яе, i твар яго адразу ажывiўся. Сцежка прывяла яго да палявой дарогi, i ён пайшоў па ёй. Неўзабаве ён дайшоў да густога зараснiку шыпшыны i стаў перад iм. У моманты вялiкiх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей цi жыццёвых акалiчнасцей людзi i старыя робяцца як дзецi. Гэты чалавек цяпер, з дзiцячым выразам на твары, убачыў, што адзiн-адзiнюткi лiсток, скручаны ад холаду, аставаўся на шыпшыннiку. Ён не страцiў яшчэ жоўтага колеру. Чалавек сарваў лiсток, прыклаў яго да губ, i твар яго адразу пасуравеў, i ўвесь ён цвёрда выпрастаўся. Цвёрдай i роўнай хадой ён пайшоў далей. Адчувалася першае змярканне, калi перад iм вырысавалiся абрысы першых сумлiцкiх будынкаў. Хада яго зрабiлася вельмi шпаркай, i пячаць вялiкай напружанасцi думак лягла на твар. Углядаючыся перад сабой, як быццам баючыся ўбачыць штосьцi ўжо вядомае яму i да жудасцi страшнае, ён сцiшанай хадой падышоў да так вядомага яму ясеня на вулiцы. А крокаў за дзесяць ад ясеня родная хата. Цяпер яна ўжо струхлела яшчэ больш, як была. Не паспеў ён калiсьцi, iдучы на вайну, i брамы паднавiць. Дарэшты згнiла ўжо! Добра, на хату ён гляне пасля. Ён спачатку толькi заўважыць яе сiлуэт i будзе глядзець на браму. А пасля Божа! А можа i суджана яму такое шчасце: можа i Волечка жыва i здарова i, малая, адразу кiнецца да яго. З маўклiвым тварам ён стаў, як аслупянелы, перад брамаю. Яна была не толькi не гнiлая, але i не тая самая. На чэсаных слупох i з габляваных брускоў. I новая. Ну можа год як пастаўлена. Трывога кальнула яго: тут пахадзiла чужая рука. А можа гэта чыя лiтасць да малое Волечкi, i на дабро ўсё гэта? Сiлуэт хаты мiльгануўся збоку, але толькi цяпер ён глянуў на яе. Тая самая, i сапраўды больш патрухлела. Але як ён дагэтуль не заўважыў: сцiрта дошчак, чэсанае бярвенне - усё складзена паўз сцены. Тут нехта чужы гаспадарыць! Унь ля ганка i каменьчыкi тыя, якiмi ён вылажыў - як даўно ўжо! - сцежку цераз двор, каб посуху хадзiць у дажджы. Але ўздоўж сцяны i тратуарчык з аполкаў. Ён стаяў i не смеў як бы рушыць далей. Ужо ён быў упэўнен, што Волечкi няма жывое. Дзiця не перажыла ўсяго, што адбывалася тут гэтымi гадамi. Ён стаяў i чакаў цуду. А можа яшчэ Волечка малая i выйдзе i кiнецца да яго. I цуд адбыўся. Цiха адчынiлiся сенечныя дзверы, i Волечка выйшла i стала на ганку, пiльна ўглядаючыся на чалавека, адзетага на здзiўленне ўсяму свету. Гэта Волечка! Тая самая. Як дзве кроплi вады падобная да нябожчыцы мацi. Тыя самыя рысы на твары, з якiм калiсьцi яна сядзела ў яго на руках. Але чаму яна не бяжыць подскакам яму насустрач, а стаiць, як анямелая, i не адрывае ад яго вачэй?! Яна высокая ростам, з пышнымi бландзiнiстымi валасамi, густа прычэсанымi пад хусцiнку. I сукенка на ёй стракатая, лёгенькая, i яна мерзне ў ёй, так стоячы. I пазнае i не пазнае яго. Твар яе так пiльна напружаны, i лоб моршчыцца. Карцiны пражытага маленства ўстаюць перад ёю.
- Татачка! Галубчык мой!
Як гэта ён так адчуваў, што яна якраз скажа так: сталая, паважная i павольная ў рухах. Дужымi сваiмi рукамi яна пацягнула яго да сябе:
"Я ўсё думала, думала... Ты жывы, родны мой!.. Не стой так, хадзем, хадзем..." Вялiкае, як навальнiца, шчасце ахапiла яго, i востры боль разануў яму сэрца: гэта ўжо не тая малая Волечка. Гэта моцны чалавек, апiрышча яму самому, а ён ужо не будзе трымаць на руках свае Волечкi, яна вырасла без яго. Хтосьцi злы адабраў ад яго яе маленства. Ён задушыў у сабе боль i разам з ёю ўвайшоў у хату.
- Бацька, бацька... прыйшоў!.. - крычала яна яшчэ з сянец камусьцi ў хату. I Нявада ўбачыў, як яму насустрач нясмела i спешна падняўся той, аб кiм ён i сам ужо здагадаўся, што ён ёсць, што ён iснуе. З гэтага моманту пачала ўцiхамiрвацца душа гэтага чалавека. Ён зноў пачаў цешыцца i з ясноты неба на захадзе сонца, i з таго, як вецер гнаў па двары саломiну. Змрокам таго дня ён пачаў абыходзiць увесь той родны кут, па якiм гэтулькi бедаваў: i сумлiцкiя вулiцы, i ўсе куткi свае сялiбы. Ужо ўночы ён з гораччу ўспамiн пайшоў глянуць у куфар: там ляжаў матузок ад плацця, у якiм ён, ужо многа год таму, пахаваў сваю нябожчыцу. У тым жа плаццi яна ў сваёй маладосцi францiла. Ён адчуваў сябе так, быццам перахварэў цяжкую хваробу. Паставiў лямпу ў клецi на палiцу i падняў цяжкае куфарнае века. Адчынiў прыскрынак i зазiрнуў у яго. Спачатку ён стаяў з шырока расплюшчанымi вачыма, зусiм забыўшыся, чаго ён увайшоў сюды. Пасля, як адважыўшыся на рашучы ўчынак, ён згарнуў разам пярсцёнкi, гадзiннiкi, крыж i адхапiў назад руку, як ад агню. Не магло быць iншых думак, гэта чыстае золата. Гэта цуд нейкi! А каменнi на крыжы i на пярсцёнках - ён анiчога не разумеў у iх, каб яшчэ аддаваць iм увагу. Ён нават i не заўважыў, што на золаце яшчэ ёсць штосьцi. Асмелiўшыся, ён узяў першы гадзiннiк i адчынiў у iм вечка. Пакручваючы ў руках гэтую рэч, ён раптам заўважыў на ёй з сярэдзiны нейкi надпiс. Прыгнуўшыся, ён прачытаў выгравiраваныя лiтары: "Граф Палiводскi". Мiстычны жах агарнуў яго. Ён шпарка зачынiў куфар i яшчэ шпарчэй увайшоў у хату. Як бы з рашучым допытам ён падышоў да Волечкi:
- Дзе вы ўзялi гадзiннiкi i пярсцёнкi графа Палiводскага?!
- Гэта мне даў палонны немец Густаў Шрэдэр. Ён у нас у хаце хварэў, i я яго кармiла i даглядала. А калi ён ачуняў, ён так быў рад, што абнiмаў мяне i пацалаваў у галаву i паклаў на стол тыя гадзiннiкi. Мы з Кастусём не ведалi, што з iмi рабiць. Так яны i ляжаць нечапаныя.
Яму стала лягчэй на душы, i зусiм свядома ён з гэтага моманту стараўся забыцца на гэты дзiўны выпадак. Цяжка было, але яму ўдалося гэта як мае быць. Перш за ўсё - тут у яго не было прывычкi калi-небудзь думаць аб золаце i чапляцца душой за якое б там нi было багацце. Пасля - ужо з тых жа самых дзён, ён паглыбiўся ў шчасце жыць тут, дзе жыў з малых i маладых год, i займацца тым, да чаго праз усе апошнiя цяжкiя гады iмкнулася яго душа. Здавалася, што ён не заўважаў хады часу. Усё былое аддалялася ў вечнасць i ўжо здавалася сном. За кароткi час сышла з яго твару тая змучанасць, якую ён нёс сюды з свайго вандравання па чужой зямлi. I тыя чужацкiя неданоскi - i нямецкiя нагавiцы, i польская канфедэратка - ужо з'ядалiся моллю ў глухiм застрэшшы. За кароткi час ён ажыў. Выслухоўваючы ад Кастуся i Волькi сумнае апавяданне аб тым, як яны жылi тут, ён успрымаў яго як прошласць, якая ўжо больш не iснуе i iснаваць не будзе. I думкамi сваiмi не быў у мiнулым. Ён жыў тым, што было i iшлося. Так незаўважна прыйшла пара, калi з Кастусём яны скончылi новы дом, а калiсьцi пасаджаны Кастусём клянок даваў улетку ўжо вялiкi цень. I гэтак усё адно за адным, цiха i роўна. I толькi раз ён як бы страсянуўся ад нечаканай думкi: як бязлiтасна iмчыцца час! I колькi ён ужо адкiнуў назад усяго, што было i цяжкiм, i страшным! У тую хвiлiну ён больш як калi ўглядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся Лукашэвiча, мала падобнага ўжо да таго выгнанскага хлопца, што хаваў тут свайго бацьку i вазiў хворага немца, яна стаяла раз пасярод двара ў задуме. Прыйшла пара i ёй аддаць жыццю самае вялiкае i важнае: яна была цяжарная. Нявада пачаў наглядаць за ёю i ўсё чакаў.
Хоць i даўно ўжо жылi ў новым доме, але ён меў прывычку часамi начаваць у старой хаце, пакуль яна яшчэ стаяла. У гэты час свайго жыцця, калi ён, як нiколi раней, не мучыўся вялiкiм клопатам i думкамi аб будучынi свае Волечкi, ён любiў адзiн у той хаце, у якой прайшло яго маленства, сустракаць дзень i праз акно бачыць, як папялеюць на небе зоры. У адну з такiх часiн ён адчуў усей сваей iстотай, што адбылася вялiкая падзея. Быццам нейкая сiла адабрала ад яго спакой. Была восень, бадай-што такая самая пара, калi ён, тады, даўно iшоў па роднай зямлi, гасцiнцам, з чужацкага палону. Цiхая стаяла ранiца. Ледзь толькi развiднелася. Першая драбнюткая сняжынка ўпала яму на руку, калi ён падыходзiў да новага дома. I ў трывожным, i ў нецярплiвым чаканнi ён стаў на ганку i прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала навокал дома i ў iм. Настаў момант, дзеля якога можа ён так сумаваў калiсьцi па сваёй Волечцы i аддаваў ёй сваю душу. Ён вельмi выразна пачуў з ганка, як у доме закрычала дзiця. Ён уздрыгануўся i стукаючы ботамi ўвайшоў у дом.
III
У тыя гады, а можа i пазней на якi год цi паўтара, у мясцовасцi далёкай ад Сумлiч, ад iх кiламетраў за сто, кiрункам памiж поўднем i ўсходам, з'явiўся нейкi невядомы нiкому Сымон Ракуцька, чалавек не першай маладосцi i з выгляду вельмi здаровы. А ўрэшце, у яго быў такi няпэўны выгляд, што цяжка было ўгадаць, колькi яму год. Магло быць i дваццаць шэсць, а можа i трыццаць пяць, калi не ўсе трыццаць сем. Ёсць сярод людзей такiя твары. Хада яго была цвёрдая, i на кожным кроку ён накiўваўся наперад, быццам на секунду ўгiнаўся. Той куток, куды ён явiўся, быў вельмi глухi. Ад чыгункi далёка, хоць, праўда, кiламетраў за дваццаць убок праходзiла старая Маскоўска-Варшаўская шаша. Але, як вядома, гэтая калiсьцi вельмi жывая дарога ў тыя часы ўжо даўно была ў глухiм заняпадзе. Расказвалi, што гэты Сымон Ракуцька, пакуль выбраць сабе для аселасцi месца, доўга выглядаў, дзе каб цiшэй i глушэй. Нарэшце ён асеў. Гэта быда мясцовасць, дзе павявала першымi адзнакамi Палесся. Нiхто не сказаў бы, што тут было палескага, але яно такi было - цi можа тое, што многа расло параскiданых усюды дубоў, цi неба мела густыя, як над Палессем, колеры, цi роўных нiзiн больш было, як крутых узгоркаў. Праз колькi першых год Сымон Ракуцька жыў ужо ў сваёй сялiбе. Тут цякла невялiкая рэчачка, поўная дробнай i сярэдняй рыбы. З таго боку за рэчкай было поле. Праз рэчку бярвенчатая кладка, як прайсцi двум адразу. Проста з кладкi праз вузкую палосу сухога тарфянага балота вiлася памiж куп'я сцежка, чорная i калючая. Яна выходзiла па палявую дарогу памiж гэтым тарфянiкам i зноў полем, роўным i з рэдкiм асiннiкам. Уласна кажучы, гэтая дарога, як праехаць з калясьмi, служыла вулiцай двум дзесяткам хат, пастаўленым у адзiн рад, вокнамi на тарфянiк цераз дарогу. Зусiм блiзка, па той бок рэчкi i поля, быў кiламетраў на дзесяць хвойны лес, i паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекi, а краявiд - увасабленне цiхага хараства. Заход сонца быў тут нейкi незвычайны. Можа таму, што былi i лясы, але яны нейк не абмяжоўвалi даляглядаў, i "лясны прастор" увесь зiхацеў сонцам. I цiшыня. Самае важнае - глуш i цiшыня! Можна было падумаць, што гэты Ракуцька, явiўшыся сюды аднекуль вельмi здалёку, шукаў не зямлi i не хлеба, а толькi цiшынi. Колькi разоў чулi ад яго, калi ён гаварыў не тое, што каму, а сам сабе: "От жа цiхата, дзякуй Богу". Чалавек гэты быў дзiўны. Так, як нiхто, ён пiльнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць i марудна, складаў, саломiна за саломiнай. Падазравалi, што з iм нешта здарылася ў жыццi непрыемнае i, можа, нават цяжкае. Можа на яго ўпала была якая цяжкая навала, i ён ратаваўся, баранiўся, як мог, i, напэўна, усiмi спосабамi даводзiў, што ён справядлiвы чалавек i што пакутаваць не павiнен. Можа тут у яго i рэфлекс пэўны выпрацаваўся, бо казалi, што, як толькi ён прыйшоў сюды, адразу абышоў усе тутэйшыя i меншыя i большыя ўстановы i ўсё мясцовае начальства, пры гэтым не разбiраўся, хто з iх большы, а хто меншы, а з усiмi аднолькава гаварыў як самы вялiкi просьбiт. Вiдаць, навучан быў жыццём чалавек! А тым часам усяго i было таго, што ён хацеў выказаць: я чалавек i хачу жыць. Можа хто з яго i пасмяецца, можа хто i асудзiць. Але наўрад цi гэты "суддзя" сам здолее так рабiць з клёпак пасуду, паставiць хату, часаць гонту, змайстраваць колы, вырабiць зямлю, выгадаваць каня, угадаць за тыдзень наперад надвор'е, памагчы чалавеку ў бядзе i стрымаць слова, як гэта ўмеў Сымон Ракуцька. Кожнаму начальнiку цi таму, каго ён лiчыў за начальнiка, i ў райвыканкоме, i ў сельсавеце, i нават раз у канторы сельскай кааперацыi, Сымон Ракуцька перш за ўсё паказваў паперку, у якой было сказана, што гэты чалавек быў затрыман органамi ГПУ i выпушчан на волю i мае права жыць усюды, дзе толькi захоча, па ўсiм СССР, але толькi не ў пагранiчных з Польшчаю раёнах. Пасля гэтай свае паперкi ён з вялiкай адкрытасцю душы выказваў сваё жаданне ў форме просьбы: "Я хачу, каб дзе тут асесцi жыць". "Падай заяву ў сельсавет", - сказалi яму.
- Дзiва што падам! Адразу! Мне здаецца, што лепшага месца i на свеце няма, як тут. От жа мясцiна! А цiхата якая! Будзеш сабе жыць...
Колькi было таго клопату з той заявай! Можна сказаць з упэўненасцю, што ён у тысячу разоў лепш бы згадзiўся адзiн, сваiмi рукамi, паставiць вялiкi дом, як падаваць тую заяву. Ён раiўся з незнаёмымi людзьмi (знаёмых тут у яго не было). Некалькi разоў тую заяву яму прачытвалi, а ён слухаў i меркаваў - а цi ўсё хаця ўпiсана, што трэба. I вось нарэшце яму сказалi, каб ён сам сабе выбраў месца, з якога каб узяць сабе кавалак зямлi. Тут таксама без клопату не абышлося. Жартачкi? Гэта ж мо не парсюка прадаць або купiць! Гэта ж зямля! На ёй жа калi i не век векаваць, дык доўгiмi гадамi жыць! Ён пайшоў па людзях распытваць, дзе тут што i як расце. Дзе родзiць жыта, а дзе ячмень, а дзе бульба. I так выбраў сабе месца. Але тут гладкасцi адразу не было. Зямлi надзялялi на душы. А сям'i ў яго i было, што ён сам, адзiн. Ён бажыўся i кляўся, што ў яго ёсць жонка i двое дзяцей - сын i дачка, i нават казаў, што жонка завецца Ўльяна, сын Тамаш, а дачка Лiзавета, але яму на гэта адказвалi:
- То дзе ж яны? Ты ж адзiн.
- Мала што адзiн! Яны сюды явяцца да мяне! Яны мяне знойдуць!
Апошнiмi словамi ён якраз i прагаварыўся. Выходзiла, што каб прыйшла да яго сям'я, то яшчэ трэба, каб яна знайшла яго, значыцца, нi жонка, нi дзецi не ведаюць, дзе ён. А гэта не так сабе. Нешта ў гэтага чалавека ёсць такое, што ён адразу не выказвае.
- Дык як жа табе даваць зямлю на чатыры душы, калi ты адзiн i нават сказаць не хочаш, дзе твая сям'я i чаму яна не з табою разам. Можа, хiба ты што дрэннае зрабiў, ды казаць не хочаш?
Рад-няволя, а трэба было або сказаць праўду, або што добрае выдумаць. Але выдумляць не хацелася, i цяжка было, каб гладка ўсё iшлося. "А чаго ж мне праўды баяцца, ды яшчэ i добрае". - Так думаў ён, i пакуль яму вымяралi i рэзалi зямлю на чатыры душы, разоў з дзесяць расказаў сваю гiсторыю. I раптам ён стаў цiкавым чалавекам усiм тутэйшым людзям. Вось гэтая гiсторыя, як яе чулi i як ведалi ўсе.
Сымон Ракуцька быў родам з Дзiсненшчыны i астаўся адзiн без блiзкiх i родных з той прычыны, што ў тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе, калi абозы i натоўпы выгнанцаў плылi з захаду на ўсход, той натоўп, у якiм ён iшоў з бацькам i з дзвюма сёстрамi, на самым выхадзе з роднага сяла трапiў пад абстрэл дальнабойных нямецкiх батарэй. Людзi бягом вярнулiся назад, пакiнуўшы на дарозе забiтых. Дарога на ўсход была адрэзана. Цяпер ужо кожны сам сабою, як мог, браўся на ўсход i кiраваўся сам. Сымон Ракуцька пакiнуў на дарозе забiтага бацьку i сястру, а сам, з другою сястрою, ледзьве паспеўшы пахаваць сваiх нябожчыкаў, вярнуўся да свае хаты. Але што ён там убачыў? Хаты не было. Палавiна сяла выгарала, а зямля дрыжэла ад кананады. Ён i сястра адразу рушылi як найдалей адсюль. Яшчэ раз яны паспрабавалi выбiцца на дарогу, але там ужо акопвалiся немцы. Яны пайшлi куды вочы глядзяць, абы дзе цiшэй i зацiшней. Цэлую ноч яны iшлi, i iм здавалася, што гэта ўсё на ўсход. А ў першую ранiцу яны апынулiся на краi нейкага ляска, дзе трухлявая хацiна адна-адзiнюткая стаяла з забiтымi дошкамi вокнамi i дзвярыма. Усё было так спустошана, што - хто не ўбачыў бы, што гаспадары рушылi на выгнанне, тым больш, што паблiзу валялiся салдацкiя рэчы. Тут ужо адбыўся вайсковы рух. Але тут цяпер так было цiха i мiрна, нiякае знадворнае ўтрапенне не мучыла чалавечай душы, а гром вайны чуўся, хоць ужо i зводдалеку, але i на ўсходзе, i на поўднi, што страх было нават падумаць не пабыць тут хоць дзень. Не закiдаючы думкамi далёка наперад, абое яны ўвайшлi ў хату i знайшлi там цiхi спачын. I дзень прайшоў, i ноч, пасля зноў пачаўся дзень, а яны ўсё былi тут. Ужо i восень як мае быць усталёўвацца пачынала. Ужо i вайна спынiлася недзе тут, ужо i расейскiя салдаты пачалi заходзiць сюды. Брат i сястра знайшлi пры хаце пусты пограб i да самых маразоў запасiлi сабе на зiму бульбу з залеснага поля. Сымону Ракуцьку было тады год можа васемнаццаць. Першы пух на барадзе i губе ўжо здорава высядаў у яго. Баявыя сутычкi вялiкiх i невялiкiх груп адбывацца пачалi ўжо часта. Але месца ўжо тут стала наседжаным. Ракуцька хадзiў босы, аж пакуль зямля не прыпякла яму холадам ногi. Тады ён пачаў мудраваць, як бы гэта абуцца. Ён дапаў да думкi пашукаць сабе ботаў там, дзе яны нiкому не патрэбны. З ботамi ён iшоў з месца нядаўняга бою i натрапiўся па дарозе на Палiводскага, якi ў яго i вярнуўся да жыцця i здароўя i пражыў на яго галетнiцкiм хлебе больш як год, спачатку лечачыся, а пасля чакаючы - а цi не задушаць царскiя генералы рэвалюцыю i цi не можна будзе тады зноў стаць графам i ўласнiкам маёнткаў. Яго гаспадар Сымон Ракуцька здорава-такi яму апрацiвеў сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе i вопратцы. Графа брала на ванiты ад гэтага Ракуцькавага мужыцтва. Што ж да далейшага, то да пэўнай верагоднасцi тут дайсцi цяжка. Як казаў сам Ракуцька, пасля таго, калi Палiводскi наставiў на яго пiсталет, ён пачаў выганяць Палiводскага з хаты. Палiводскi зноў наставiў пiсталет i выстралiў, але прамахнуўся, бо калацiўся ад злосцi i гневу. I зноў пачаў цэлiцца ў Ракуцьку. Тым часам Ракуцька, бачачы, што справа дрэнь, хапiў замашны кiй i пагнаўся за Палiводскiм, якi бег i страляў не цэлячыся. Перапалоханы Ракуцька бег за iм i крычаў:
- Кiнь зброю, а то кiем смальну!
Палiводскi зброi не кiнуў, а ўскочыў на худую кабылу, што без патрэбы стаяла пад Ракуцькавымi вокнамi, i паiмчаўся на ёй у дарогу. Гэтая кабыла была ранена на вайне ў нагу. Ракуцька вылечыў яе i ўжо асвойтваць пачынаў пры сваёй немудрашчай рабоце.
- Куды кабылу пагнаў!? - крыкнуў ён наўздагон Палiводскаму, але таго ўжо i не вiдаць было. А тым часам стары карчмар Шымха, расказваючы Няваду аб гэтым здарэннi са слоў самога Палiводскага, нi пра якую кабылу не ўспамiнаў. Вядома, тут, напэўна, было так, што афiцэр польскага пагранiчнага войска граф Палiводскi сумысля не гаварыў нiкому, што ён у нейкага Ракуцькi ўкраў худую кабылу. Як бы там нi было, Сымон Ракуцька ўзяў сабе панскай зямлi i з панскага лесу паставiў новую хату, побач з той старой. Ён ужо жыў у новай хаце, ужо абгарадзiўся, абсталяваўся, абараўся i абсеяўся, як раптам вярнулася з уцякацтва гаспадыня той старой хаты. Яна была адна. Чалавека свайго i дваiх малых дзяцей яна страцiла яшчэ ў першым годзе выгнанства. Муж не вярнуўся з вайны, а дзецi памерлi. Гора яе душы пачало залечвацца часам, i асаблiва тады, калi яна пасля такога доўгага бяздомнага бадзяння дапала да роднага кутка. Ёй яшчэ не было i трыццацi год. Родны кут быў ужо крыху з'iначан: побач ужо стаяла невядомая новая хата, каля якое i ў якой усё было ў вялiкiм парадку. Нават чыста вымытая старызна была вельмi акуратна развешана на плоце. Вiдаць, тут шанавалi сваю дамоўку. Вядома, на некалькi год маладзейшаму за яе Сымону Ракуцьку яна, можа, i не была парай. Але там была адзiнота, к таму ж маладыя гады, штодзённыя сустрэчы каля дома i праца разам, i жыццё на воку адзiн у аднаго. Маладая i адзiнокая жанчына неўзабаве перайшла ў новую хату нязнанага раней маладога суседа, якi, здавалася, бесперапынна пiў вялiкую асалоду даводзiць да дасканаласцi сваю новую дамоўку. Ашчаслiўленая такiм паваротам свайго лёсу, жанчына вельмi часта чула ад свайго мужа: "Цяпер рэвалюцыя, а не тое, што раней, калi дзе б нi глянуў, усюды не чалавечую, а панскую зямлю бачыш". Вельмi хутка ён будаваў сваю сялiбу. Цяпер ужо льга павальней. Год за годам - i ўсё дойдзе да дасканаласцi. Ён думаў: "Пойдуць дзецi. Iм трэба прыгатаваць жыццё. Няхай у iх будзе людская аселасць, каб не бадзялiся па свеце, не маючы прытулку. У iх будучыня будзе не такая, як у мяне i майго бацькi... Не можа быць, каб зноў войны i згiненне. Пагiбелi больш не будзе". У гэтых сваiх думках ён яшчэ больш укаранiўся, калi ў яго нарадзiўся сын. Сына ён назваў Тамашом i яшчэ больш пачаў старацца. Дзiўна было, што ён, такi малады, больш думае аб будучынi дзяцей, чым аб сваiм жыццi. Празмерная сталасць нашых год! Скажу прасцей: ад год той, першай за нашу памяць вайны з немцамi i да дзён нашых, сённяшнiх, калi ўжо вырысоўваецца як бы канец i Вялiкай Айчыннай вайне, за ўсю гэтую жорсткую эпоху, на мiльёнах дзiцячых iлбоў мы бачылi i бачым маршчыну старасцi. Калi Ракуцькаў Тамаш пачынаў вучыцца хадзiць, у самым разгары была польская вайна. Яна ўжо канчалася, як у Ракуцькi нарадзiлася дачка. Толькi што яе ахрысцiлi i назвалi Лiзаветай, як па ўсiх, хто за гады рэвалюцыi ў тых мясцовасцях забудаваўся на панскай зямлi i панскiм лесам, прайшла трывога: тут ужо "больш няма рэвалюцыi, гэтая зямля падпала пад Польшчу, i паны варочаюцца назад". Ракуцька ацiх. Калi трэба было дзе загнаць загваздку цi прыбiць дошку - так i аставалася. Гэтак ён лiпеў як да часу, i ў яго жыццi вялiкiх змен не адбывалася. Ужо гранiца памiж Польшчай i СССР цвёрда вызначылася, i паабапал яе ўжо стала варта дзвюх дзяржаў. Ужо i малы Тамаш шпарка бегаў, трымаючыся за матчыну спаднiцу. А Лiзавету пакiнулi ўжо спавiваць. Пан жа не прыязджаў. Ужо думалася, што, можа, так i абыдзецца i нiхто не зачэпiць злой рукой таго, што Ракуцька нарыхтаваў на будучыню сваiм дзецям. Тым часам жонка сказала яму, што будзе яшчэ i трэцяе дзiця. З горкай трывогай ён падумаў аб невядомасцi той будучынi, якая раней ужо здавалася яму зусiм яснай. У тыя якраз часы i з'явiўся перад Ракуцькам Палiводскi, але ўжо не так, як першы раз, з акрываўленым бокам i з пакутнай просьбай у няшчасных вачах. А ва ўсiм бляску афiцэра польскага войска ўсходняй гранiцы. Ён явiўся не з ранейшым няшчасцем, а з цяперашняй сiлай. Ракуцька адразу пазнаў яго i ўныў душой. А той адразу i пачаў тое, дзеля чаго i явiўся сюды.
- Слухай, Ракуцька, - сказаў ён. -Ты паспеў ужо з чужога лесу i на чужой зямлi новую хату паставiць? Ну нiчога, не ты адзiн так, калi была рэвалюцыя. Але давай так, каб мы з табою больш не спатыкалiся. Аддай тое, што ты ў мяне забраў, i ты мяне больш тут не ўбачыш.
- Што я ў вас, пане, такое забраў?
- Золата! Ты абчысцiў мае кiшэнi, пакуль я ляжаў хворы!
- Бойцеся Бога! Я вам сваё аддаваў, што меў!
- З каменнямi крыжык, пярсцёнкi, iмянны гадзiннiк i яшчэ два гадзiннiкi, якiя былi пры мне!
- Бойцеся Бога! Бойцеся Бога!
Разгневаны Палiводскi замахнуўся, каб даць у твар Ракуцьку. Не менш разгневаны Ракуцька стаў на ўвесь рост перад Палiводскiм i прагаварыў, як абухам стукаў у бервяно:
- Я, пане, выратаваў вас i вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякi стралялi ў мяне, а цяпер робiце мяне злодзеем. Гэта ж вы самi ў мяне худую кабылу ўкралi. Дык хто з нас злодзей?
Палiводскi адумаўся i сказаў:
- Я прашу ў цябе толькi маё золата.
- Я яго i ў вочы не бачыў!
- Лжэш! Лжэш!
Палiводскi выйшаў. Слуга падвёў яму каня, i ён махнуў ходу i знiк. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугi каня, Палiводскi нi то пастаяў у кароткай задуме, нi то нават можа i памалiўся. Ракуцька падумаў: "А можа я яго чым пакрыўдзiў". Калi ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволi такi энергiчная жанчына, адказала яму, што гэтага Палiводскага варта было б кiем змясiць на калатушу, але найлепш быць цiхiм, бо ён мае сiлу, а наконт крыўды, дык яго нi крыўдаю, нi праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такiм парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзiну восенi, ён атрымаў позву ў гмiну. Ён так i ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлi i з чужога дрэва хату паставiў! Ён жа не мог пайсцi супроць дзяржаўнага закона i першымi замаразкамi выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялiбай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзiцяцi, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву i ўсё маўчаў, маўчаў. Колькi год працы загiнула марна! А разам пайшлi ў нябыт i надзеi. Нi ў якую будучыню сваiм дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерцi, чым астацца навек без надзеi i веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер'ем i безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спынiцца думкаю. У гэты якраз час i нагадзiлася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзiця радзiлася нежывым, i жанчына асталася на некалькi месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе i каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы i нiчога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякiх чутак аб жыццi па той бок гранiцы. Больш як паўгода ён думаў, i меркаваў у думках. I нiчога iншага вымеркаваць не мог. Так ужо iм апанавала цвёрдая думка. "Гэта ж не жарты! Там зямлi бяры! Там жывi сабе!" I нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялiкую задачу: ён жа не адзiн! З гэтага часу i найшло на яго вялiкае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны i цягавiты. Цяпер, праўда, трапяткiм ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страцiў. Ён выбраў цёмную ноч, нi зор, нi месяца. Ён назаўсёды пакiнуў тую гнiлую хату, якая дала яму прытулак у цяжкiя часы яго маладосцi. Апошнi раз ён зiрнуў на сваю новую сялiбу, у якой думаў гадаваць дзяцей i якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш iшоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожнiца яго жыцця, несла на руках малую Лiзавету. За дзве ночы яны дайшлi да гранiцы. Больш тыдня яны чакалi ў лесе навальнiчнай ночы. Перад самым змрокам, выбiраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылi чалавечыя ногi. Ракуцька пабялеў i прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накiдам моху. Самога яго не вiдно было. Малады ён цi стары? I хто ён? Можа шпiён, якi iшоў туды i быў падстрэлен чужой цi сваёй куляй? А цi стаў ён шпiёнам ад гадаўскай прыроды свае, цi няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, цi стопудовае зло, якому патрэбны гранiцы i шпiёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Цi можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлi, каля цiхай хаты якога лягла тая гранiца i, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымi вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такi лёс можа спасцiгнуць i яго з усiмi тымi, хто дораг i люб яго сэрцу. Аднак жа хутка i ноч настала. Такое ночы ён толькi i чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Лiло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку i iшоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзiнных блуканняў яны пачулi, што недзе тут поблiзу страляюць. I гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:
- Назад. У сваю гнiлую хату! Лепш там памерцi з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.
Пошапкам яны дайшлi да згоды. Яна з дзецьмi пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвiлiну i натоўп вялiкi. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у якi iшоў i сям'ю вёў. За кожнай маланкай ён акiдаў вачыма мясцовасць. Iх няма. Але нарэшце - радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялi яны. Яна, любая, родная, разважлiвая, працавiтая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. I маленькая Лiзавета ў яе на руках, маленькая, кiрпаценькая, птушанё... Гэта яны, якiх ён вёў у будучыню. Што яны стаялi на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над iмi гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, i ён убачыў, як яны iшлi далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз i ён рушыць за iмi. Зноў маланка i крык пагранiчнiка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другiм баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногi назаўсёды асталiся ўваччу яго. А першыя Лiзавецiны ўсмешкi! Смутак навалiўся на яго душу. Якая чакае i iх i яго будучыня? Дзе iм суджана знайсцi яе? Але трэба iсцi, пагранiчнiк грозiць, што будзе страляць. Па каленi ў вадзе i ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранiчнiкам. Сцяна, глухая i бязлiтасная, як вечнасць, замкнулася памiж iмi. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзецi! А можа, адбудзецца цуд? Можа, мiне вас лёс без будучынi? Але лепш нi аб чым не думаць, бо навала смутку забiвае душу.