Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

- Ну дык я табе на вячэру схаваю.

I пайшла. А яму - хоць ты плач. Яму так захацелася гэтай каўбасы! Ён жа так даўно не еў нiчога такога! Ён аж выглянуў з пунi на двор: а можа, яна гэта паджартавала i стаiць дзе за вуглом з каўбасою! Але дзе там жартаваць! Ёй было не да гэтага. Яна ўжо выходзiла з двара на вулiцу, каб спаткаць i вылучыць з чарады сваю карову. Ён увайшоў у хату. Плечы i рукi яго такi здорава нылi ад цэпа. Ён сеў на лаву i ўбачыў, што на стале ляжыць тая каўбаса. Зiрнуўшы ў акно, цi не вiдно дзе поблiзу яе, ён пакруцiў каўбасу ў руках, адарваў драбок i паклаў у рот. Што ж гэта ён робiць? Яна заўважыць, i брыдка будзе перад ёю. Збянтэжана азiраючыся, ён раптам убачыў на стале тое нямецкае золата. "Каб ён быў згарэў! Намучыўся я з гэтым немцам! I бацьку якраз хаваў... "

Цяжкi боль здушыў яму грудзi. Ён выйшаў на двор. Пачынаўся дробны дождж, мусiць, на ўсю ноч. Ён пайшоў класцi нанач коням апошняе сена. Волечка ўвагнала ў двор карову i пайшла ў хату па дайнiцу. Каўбаса ляжала на стале. Волечка адламала драбок ад каўбасы i паклала ў рот. Якая асалода жаваць каўбасу! Як даўно яна не ела смачнай яды! А што, калi ён заўважыць, што яна ела каўбасу? Гэта ж яму абяцанае. Да таго ж - ён увесь дзень малацiў, а яна так сабе круцiлася каля хаты. Як злоўлены злодзей, яна шпарка паклала каўбасу i пайшла даiць карову. Ён стаў збоку i глядзеў, як яна працуе.

- А хто ж табе на жыта ўзараў?

- Я сама.

Ён i не падумаў пра гэта. Якая яна маладзец! Ворыва ж у яго ўяўленнi заўсёды звязвалася з вобразам здаровага мужчыны. Калi яны прыйшлi ў хату i запалiлi агонь, нiхто з iх не хацеў есцi каўбасы.

- Ты малацiў цэлы дзень!

- А ты арала можа цэлы месяц!

Каўбаса так i асталася на стале, i толькi назаўтра зранку яны з'елi яе ўдваiх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба i мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Тры днi лiў дождж. Кастусь толькi i займаўся тым, што зранку малацiў, а адвячоркамi ўкошваў травы коням нанач. На чацвёрты дзень падзьмуў вецер, i шэрыя засцiлы восеннага неба паднялiся ўгару. Уночы зырка ўзышлi зоры, i пачалiся днi з цiхiм сонцам i жаўталiсцем на дрэвах i пад дрэвамi. "Можа я рассеяў жыта i не вельмi мерна, але затое добра забаранаваў. Зерне ў зямлi, то яно ўзыдзе". Так думаў ён. I на душы ў яго было лёгка: ён жа скончыў такую важную работу! "А цяпер ужо хутка можа прыйдзецца i ехаць куды-небудзь". I ён узяўся адпасваць у дарогу свайго каня. Ён важдаўся з параю коней i днямi i начамi. То кармiў iх, то пасвiў. Нарэшце зноў прыйшла шчаслiвая часiна: Волечка сказала яму:

- Можа, ты мне паможаш на зiму дроў навазiць?

Трэба думаць, што яна адчувала яго смутак перад невядомасцю будучынi. Часамi яе агортаў одум. Яна думала пра яго i шкадавала яго. Можа гэта ўжо фармавалася жаночая душа, у якой многа месца для чужой бяды. Ёй было вялiкай радасцю бачыць, як ён шчаслiва ажывiўся i ўхапiўся за прычыну яшчэ тут астацца. Яна ўжо разумела яго навылёт. I гэта пачалося куды раней, чым ён пачаў угадваць яе думкi i патрэбы. Кожны дзень яны пачалi ездзiць у лес. I так засталi iх ужо добрыя прымаразкi. Рэчка з берагоў пачала прымярзаць, вада ў ёй стала чыстая, i на сонцы дно прасвечвала ў ёй усюды. Гэта былi днi апошняга смутку Кастуся Лукашэвiча. Раней смутак з'яўляўся ў яго парывамi. Цяпер ужо час прайшоў, востры боль душы прытупiўся. Час лячыў душу. Смутак аб бацьку, аб родным кутку, аб усiм тым, што страцiлася i што ўжо вярнуць было цяжка, i на гэта надзей не было - смутак аб гэтым ападаў i зменшваўся, i аставаўся без выбухаў i болю. Ужо з'яўлялiся ў душы першыя адзнакi таго, што ўжо тут, на гэтым месцы, душа знойдзе радасць быць у сваёй радасцi. Ясныя былi днi, i марозлiвыя, i, як заўсёды ў тую восень, цiхiя. Цiшыня i спрыяла ўраўнаважанню яго душы. Гэта была мясцовасць, дзе як бы сышлося ўсё, да чаго ён прывыкаў некалi ў маленстве. На даляглядах сiнелi лясы. Вялiкiя дрэвы раслi пры дарогах, i чым вышэй яны iшлi ў неба, тым неба здавалася вышэйшым. Мерзла i нiкла трава, але над вадою яна стаяла зялёная i тырчэла з прыбярэжнага лёду. З дзiкiх iгруш на межах i выганах ляцела ў вецер счарнелае лiсце. Камень пры дарозе абростаў iмхом, уночы абзываўся воўк у пушчы, на вялiкую разлегласць грукацелi колы па мерзлай зямлi, кожны дзень на ўсходзе i захадзе неба доўга палала ясным хараством, i не было той ночы, каб зырка не свяцiлi зоры. Гэтымi начамi Кастусь не спаў моцна i глыбока, як гэта бывала з iм раней. Не нуда i не смутак ужо, а руплiвая ўзбуджанасць падкрадалася да яго ў гэтыя ночы. Ён паднiмаў галаву i прыпадаў тварам да шыбы. Яшчэ далёка было да свiтання. Увосень ночы доўгiя. Так па некалькi разоў на ноч ён выходзiў слухаць, цi ядуць конi. Але найбольш еў адзiн конь, яго. Волеччын жа быў зусiм стары. З'едзенымi зубамi ён склычваў сена ў мокрыя камякi i, утамiўшыся, стаяў над iм. Кастусь падкладаў яму свежага сена i iшоў дасыпаць ночы, каб аднак жа яшчэ ўстаць некалькi разоў. Душа яго чула i вочы бачылi, што стаiць хараство зорнай ночы i восень позняя пагодная, але аднак жа цяпер ужо сталасць заклапочанага чалавека панавала над усiм у яго душы, i гэта было яго шчасце, бо ён не аддаваўся голым пачуццям, а паўнаце жыцця, якое яно ёсць. I гэта ратавала яго ад хваравiтых парываў, якiя навек могуць сапсаваць маладую натуру. Шчаслiвасць укрывала ад гэтага i Волечку. Цэлымi начамi яна цiха i глыбока спала i ўставала тады, калi пачынала цадзiцца свiтанне. Пры лучыне абое яны рыхтавалiся, як толькi развiднее, выехаць у лес. Дровы вазiлi на Кастусёвым канi. Волеччын нiяк не правiўся, а яшчэ больш худнеў. Волечка раз была сказала:

- Яшчэ тата казаў, што трэба перамянiць каня.

- Я табе яго перамяню, - адказаў ён ёй на гэта, i яна не прыняла яго адказу за пустыя словы. Незаўважна нi для кога з iх яна пачынала адчуваць у iм нейкi для сябе аўтарытэт. Дзень за днём, i куткi Волеччынага двара былi ўжо завалены галлём i тонкiм сухастоем. Ужо на зiму даволi будзе апалу. Але што гэта за дровы! Калi везлi з лесу апошнi воз, Кастусь нагледзеў у гушчырнi, у баку ад дарогi, добрую хваёвую сухастоiну.

- Я яе ўночы спiлую i за дзве ночы перавязу. Вось гэта дык будуць дровы! На самыя маразы, i хлеб пячы. А з самага камля пастаўлю шулы ў браму, а то двор не зачыняецца.

- Як жа яе спiлаваць? А ляснiк звон пачуе.

- Не пачуе. Трэба вышэй пiлы камель шчыльна абкруцiць кажухом i цесна перавязаць, а тады пiлаваць. I нiякага звону не будзе. Толькi кажуха няма.

- А вон жа! - ускiнула яна ўгару плячыма: яна была ў старым, на яе велiкаватым кажушку. - Толькi хiба можа ён малы будзе.

- Якраз добра.

Яна ацанiла яго руплiвасць. У гэтыя часы свайго жыцця, калi яна многа думала пра бацьку, яна была абыякавая да шулаў i да продажу старога каня, але ёй было шчасце мець каля сябе такога блiзкага ўжо i аўтарытэтнага Кастуся Лукашэвiча. Усё, што ён скажа - усё добра. З якой ахвотай яна будзе пiлаваць з iм уночы гэтае сухое дрэва! Гэтая гаворка зноў зрабiла iх як бы нейкiмi змоўшчыкамi. Яна сядзела наверсе воза, а ён iшоў збоку i павярнуў каня на кругавую дарогу:

- Зробiм круг, але паглядзiмо, як узышло жыта, - сказаў ён.

Ён хiтрыў перад ёю. Ужо разоў некалькi ён хадзiў глядзець жыта, а цяпер таму i павёз сюды Волечку, што яно ўзышло добра. Як сявец ён вытрымаў экзамен як найлепш. Волечка саскочыла з воза i стала над сваiм палеткам. Густа i роўна стаяла над прымерзлай зямлёй рунь. Кастусь аж падкiнуў каню сена, каб Волечка не спяшалася i як трэба ўгледзелася ў яго работу. У яго быў такi выгляд, як бы гэта ён сам выдумаў на свеце, што раней сеюць, а пасля пасеянае ўзыходзiць. Волечка змерзла стоячы. Раней у iх былi думкi задаволення аб тым, што двор завален дрывамi, пасля некалькi дзён думалася аб добра пасеяным жыце. А пасля надышла чарга той сухой хвоi. Так i праходзiлi ў iх днi. Ноч, калi трэба было ехаць спiлоўваць хвою, выбрала яна. Ён сумысля маўчаў. Ён такi пабойваўся гэтай, выдуманай iм самiм, справы. Хаця каб не здарылася якой-небудзь злой прыгоды! Якой радасцю ўстрапянулася яго сэрца, калi з самага вечара яна сказала яму: - Узняўся вецер, у лесе будзе шумець i трашчаць. Пiлу цяжэй чуць будзе. Цi не паехаць сёння?

Не кажучы больш адзiн аднаму нi слова, яны, адзетыя, пасядзелi ўпоцемку, паслухалi, як гудзе на дварэ вецер, паглядзелi, як стаiць сярпок месяца, i выехалi з двара. У вышынi лесу гуло i трашчала, быццам над лесам цяглося што гулкае i неспакойнае. Ён адразу знайшоў патрэбнае дрэва. Яшчэ тады, удзень, ён вымеркаваў, у якi бок яно павiнна ўпасцi. I цяпер ён вобмацкам прыставiў пiлу. "Няхай сабе звiнiць, - думаў ён, - абы хутчэй". Але яна не вытрымала. Яна скiнула з сябе кажушок, i ён зразумеў яе трывогу. I ў яго душа ныла. Скiнуў ён i з сябе свiту. Калi кажушком i свiтай, згамтанымi разам, ён абкруцiў дрэва вышэй пiлы i перацягнуў сваёю папружкай, звон i сапраўды стаў глушэйшы. Як нi старалiся яны цягаць пiлу, прайшло даволi многа часу, пакуль дрэва лягло.

- Пачалi - дык трэба канчаць, - сказала яна, i ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распiлавалi хвою на кавалкi, з абаiх iшоў пот, i вецер працiнаў iх.

- Садзiся хутчэй на воз i накiдайся паверх кажуха маею свiтай, - цвёрда скамандаваў ён. - А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзiшся.

- Тут жа недалёка, я шпарка пайду.

- Садзiся! - крыкнуў ён, i яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класцiся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калi ён вярнуўся дадому, ужо спявалi пеўнi. Разгрузiўшы воз i паставiўшы каня, ён увайшоў у хату цiхенька, каб не пабудзiць яе, i ўбачыў, што яна не спiць, а стаiць цiха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго i баялася якой-небудзь злой прыгоды.

- Не стой, а кладзiся i каб ты мне да ранiцы выспалася! А я пайду ставiць каня i прыхаваю ў пуньку бярвеннi.

З хаты ён выйшаў не раней як тады, калi яна лягла i сцiшылася. Ён доўга важдаўся на двары i ў пунi. Ужо цадзiцца пачынала кастрычнiцкае рассвiтанне; пеўнi галасiлi, здавалася, па ўсiм свеце. "Цi спiць яна, такая клапатлiвая?" Увайшоў у хату i прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелi плечы, нылi ногi, цяжэла галава i хiлiла на кашаль. З вялiкай сiлай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запалiў лучыну i падышоў да Волечкi. Ён здзiвiўся - такi чырвоны i неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, i абыякавасць да ўсяго была вiдна ў iх. Гэта была небывалая нiколi раней рыса ў яе, i ён жахнуўся:

- Волечка, што з табою. Табе што-небудзь балiць?

- Нiчога, толькi ў грудзях.

- А больш?

- Больш не, толькi галава.

- А больш нiчога не балiць?

- Нiчога, толькi ў горле.

- Ну а яшчэ дзе балiць?

- Анi нiдзе.

- Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю i памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось якi хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.

- А я не баюся. - Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе i пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпалiў у печы i зрабiў гарачае ёй выпiць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў - ляжаць i не ўставаць, грэцца i чакаць яго з фельчарам, ён зазiрнуў ёй у твар i жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, i вочы заплюшчылiся.

- Я буду ляжаць i чакаць, - ледзьве вымавiла яна, i ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымi рукамi ледзьве патрапляў перавязваць i перакрыжоўваць вяроўкi, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свiснуў пугаю i рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць i маладой, худзiзнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, i iмчаўся ён на злом шыi, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свiст пугi. Кастусь даiмчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай i раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволi высока i сарваны ёю масток толькi палавiнай сваёй трымаецца пад той бераг, а блiжэйшая палавiна расплылася бярвеннямi. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў - пачыналася адлiга. Колы клалi след на вялiстай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. "Божа мой, спазнюся!" I вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна бiлася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну i ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногi, пасля стаяў на сядзеннi, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднiмалася. Вада ўжо ў яго ў халявах i вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзi. Але як выбрацца з рэчкi? Той бераг вельмi круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад i ледзь выехаў назад на плыткi бераг. Вада з яго лiлася цурком, а на лбе стаялi кроплi поту. Тузаючы лейцы i круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. I такi ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку i аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа i так колькi часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калi ўжо на небе цяжка валаклiся хмары i збiвалiся ў адзiн на ўсё неба засцiл. Iмгла зацярусiлася густа. Фельчар, з раскудлычаным сiвым клiночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмi можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такi нудны дзень, i таму быў такi рухавы, калi ўбачыў праз акно, што нехта пад'ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова i ела з кучы капуснiк. Певень хацеў умасцiцца на мокрую жэрдку i з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна i нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: "А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!" Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кiнуўся ён да фельчара:

- Дзянь добры вам, я так iмчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём...

- Праўда, масток сарвала, - разважлiва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар i пагнаў у хлеў карову i, iдучы, запытаў:

- Сам адкуль? А што здарылася?

- З Волечкай вельмi дрэнна!

- З якой гэта Волечкай?

- Ну а з той, што вы прыязджалi да яе ў хату палоннага немца лячыць.

- А-а, дык ты з Сумлiч? Той самы выгнанскi сын? Ну, бачыш, як добра, што я параiў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, iдзi ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.

- Няма калi сушыцца, трэба назад iмчацца, яна там ледзьве жыве.

- А што з ёю?

- Ляжыць без памяцi.

- Можа аб'елася чаго?

- Не, у яе балiць галава, горла i грудзi.

- Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калi на небе расчысцiць.

- Не, родненькi мой, паедзем цяпер.

- Чаго ты гэтак спалохаўся? Вiдаць, што нiколi хворых не бачыў.

- Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!

Фельчар нiчога не адказаў i моўчкi стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкi чакаў. Нецярплiвасцi яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў i аж уздрыгануўся, калi фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваiм вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе i сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:

- Па паўднi зусiм распагодзiцца.

Кастусь пагнаў змучанага каня з усiх сiл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылi ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалi ў двор, фельчар не даў Кастусю апомнiцца, сагнаў яго з воза адразу i ўвапхнуў у хату.

- Ты ўвесь ссiнеў i калоцiшся, як святы на споведзi. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазiць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне i ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нiчога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе i рабi што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзi, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся i дыхай сабе ў жывот. Але ж i кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?

- Не, гэта Волеччын.

- Грэйся! З цябе павiнна выйсцi сем патоў, толькi тады маеш права з печы злезцi! Ты мне глядзi! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.

- А як жа iх лiчыць тыя паты? - ледзьве адцягнуў голас Кастусь.

- Выцiрай лоб i чакай, пакуль зноў замакрэе. I так да сёмага разу.

- Добра, толькi я раней пайду каня пастаўлю.

- Не смей! Нiчога каню не зробiцца, калi i пастаiць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькi я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?

- Чую, - прахрыпеў Кастусь, сцiшваючыся за халодным комiнам.

- А цяпер i я павiнен аптэчнага ўзяць, бо i я прамок i дрыжу, як нячысты пад крыжам. - Ён дастаў з кiшэнi пляскатую бутэльку i напалам разлiў усё, што ў ёй было.

- Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пi, не бойся. Бачыш, я не атруцiўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спiрытус! А табе, малая, гэтыя пiлюлi, глытай па тры на дзень. На! Глынi першую. Так ляжыце i мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне iнтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховiча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховiч заiмчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, i ты, малая, усмiхаешся! Ну, дык я на тваiм вяселлi буду гуляць.

I фельчар выйшаў з хаты. Кастусь высадзiў галаву з-пад кажуха. Ад спiрытусу галава яго ўжо кружылася. Ён глянуў на Волечку. Гэта ж ён, гэты фельчар, выдумаў, што Волечка смяялася. Гэта быў адзiн з яго метадаў хутчэй паднiмаць хворых на ногi - найцудоўнейшае лякарства, якое, на вялiкi жаль, не ў пашане ў нашых вучоных медыкаў, лякарства, без якога мала памагаюць усялякiя уратрапiны i дзiурацiн з папаверынi, нават i тады, калi iх змяшаць разам, аблiць магнезiумам-сульфурыкумам i прысыпаць зверху лакрычным парашком.

Волечка ляжала сцiшыўшыся. Вiдзён быў яе твар, ружовы i спацелы. "Няўжо ў яе i раней быў такi востры нос?" - думаў ён, гледзячы на яе. Сам жа ён, колькi нi чакаў, нiводнага поту не прычакаў. Але яму стала горача, i пакрысе ён пачаў вылазiць з-пад кажуха. А Волечка нават i не варушылася. Можа яна спала? Тым часам фельчар, вясёлы, рухавы i схiльны да гаварлiвасцi, увайшаў у хату i паведамiў, што ўжо як мае быць выбiлася на пагоду i што ён старгаваў у Трыбуховiча япрука. Ён усё гаварыў i гаварыў:

- Хутка пад'едзе Трыбуховiч, i я паеду. Добра, што ясна робiцца. Вы ж тут праўцеся i сцеражэцеся... А, дай Божа памяць! Цi схавалi ж вы хаця добра тыя гадзiннiкi i пярсцёнкi, што той немец вам пакiнуў? Бо гэта, бачыце, чаму я пытаю? Ведайце, бо можа вы i не ведаеце, што ён вам пакiнуў, гэты немец. Гэта чыстае золата. Вы за гэтае золата можаце фальварак купiць! Вось што, калi хочаце ведаць! Вы цяпер багатыя! Чуеце? Вы багатыя! На ўсе Сумлiчы няма нiкога такога багатага, як вы цяпер! А дзе вы схавалi гэтае сваё багацце?

- У шуфлядзе ў стале.

Фельчар аж зiрнуў на печ, дзе абзываўся i слухаў яго Кастусь Лукашэвiч, малады чалавек, якi не ведаў i апошнiя часы не думаў, куды iдзе яго дарога i ў якi бок горнецца яго жыццё. Кожнае фельчарава слова ён глытаў, як высмаглы воду.

- Як, у шуфлядзе? (Фельчар выцягнуў шуфляду ў стале.) Тут, побач iржавага вiдэльца, пагнутых нажнiц, згрызенага мышамi клубка нiтак, сярод паленых цвiкоў, нейкiх старасвецкiх нажоў i ануч з паўтыканымi голкамi, сярод усёй гэтай непатрэбшчыны, вы хаваеце свой спосаб каб жыць? О, залаты ланцужок ад гадзiннiка ўблытаўся ў iржавы вiдэлец! (Фельчар быў занадта гаварлiвы, вiдаць, i ў Трыбуховiча ён лячыўся ад холаду.) Дык слухайце! Гэта не толькi простае багацце. Тут яшчэ, каля гэтых пярсцёнкаў i гадзiннiкаў, чалавечая душа такi танец справiла, што аж след ад гэтага на чужую душу кладзецца. Слухайце! Я ведаю што-нiшто пра гэтыя пярсцёнкi i крыжык. Гэты немец, пакуль не трапiў у палон, на фронце, памiж баямi i пасля iх, выходзiў на здабыткi: брадзiў па полi i высочваў, дзе ляжыць забiты або ранены расейскi афiцэр, i знiмаў з яго дарагiя рэчы, якiя той меў. Такiм парадкам у яго назбiралася вось гэтае золата. Ну добра. Але вось ён захварэў i хворы трапiў у палон. Або трапiў у палон i пасля захварэў. Ён i сапраўды такi быў моцна хворы. I калi мяне да яго прывезлi, ён хваробу перамог ужо, але яшчэ быў слабы i дрэнна яму было. А тое, што яго вядуць у палон, чужыя людзi i зямля наганялi на яго чорны сум. Ён анiяк не спадзяваўся, што выжыве i што ўбачыць калi-небудзь свайго Густава, якога вельмi любiў i ныў па iм. Ён так i думаў ужо, што Густаў астанецца сiратой без бацькi навек. I вось ён, як з-пад зямлi ўжо, пасылаў вечнае развiтанне свайму Густаву i ўсiм, каго меў там, у Германii. Вось тое пiсьмо. Цэлымi вечарамi я калупаўся над iм. Узяў слоўнiчак i нямецкую граматыку i пералажыў яго слова за словам на нашу мову: "Густаў, сынок мой, i Анна, i Берта, i ўсе, каго я люблю i сохну па кiм у апошнюю сваю часiну! Нам суджана больш нiколi не ўбачыцца. Я ўмiраю ў чужых людзей у палоне. Ведайце навек, што я толькi i думаў, што пра вас i асаблiва пра цябе, мой любы Густаў. Дзеля твае, Густаў, будучынi я ваяваў. Я прынёс бы табе спосаб на цудоўнае жыццё да самай твае старасцi. З арандатараў чужой зямлi мы сталi б уласнiкамi хоць i не аграмаднага, але маёнтка. Ты быў бы памешчыкам, а не арандатарам. Я ўжо ўсё быў зрабiў дзеля гэтага, але смерць, якая стаiць каля мяне, ужо вырывае з мяне душу i тваю будучыню. Божа, злiтуйся! Але надзеi ўжо няма. Побач са смерцю стаяць каля мяне чужыя людзi. Бывайце навек. Вось месца, дзе я ўмiраю. Ведайце i яго, усё ў жыццi можа быць, можа, калi каго з вас лёс занясе сюды, дзе будуць мае косцi. Я ўмiраю ў палоне... Грудзi мне муляе тое, што я здабыў табе, Густаў, на вайне i што не суджана ўзяць табе ў рукi. Канец мой падышоў".

- Ну, чулi? Гэта яму золата муляла. Гэта за яго Густаў стаў бы памешчыкам. Я i сам дзiўлюся - няўжо за яго цэлы маёнтак льга купiць? А можа, у Нямеччыне цана на зямлю такая малая? Э, ого, ого! Дык жа ў адным пярсцёнку дарагое каменне! А Божа! А на гадзiннiку што выпiсана! Граф Палiводскi! Ну няўжо i граф на вайне бывае забiты або ранены? Як той казаў вайна не толькi лье кроў, але i кожную брудную душу выверне на паказ свету. А ты, Палiводскi, быў граф, а пасля нейкi Густаў панаваў бы за тое, чым ты зiхацеў. А я - дык лепш капусту буду садзiць i карову кармiць. Якая цяпер карысць таму Палiводскаму, што ён быў графам! Я большы за яго граф, бо калi я каго ад крываўкi вылечу, то мяне добрым словам успамiнаюць i пры спатканнi дзякуюць. Чуеш, ты там, за комiнам! Не лезь у графы, а будзь чалавекам!.. Нешта ж Трыбуховiч з парсюком не пад'язджае. А ўжо i дзень праходзiць. Ну як вы абое? Каму што балiць? Я казаў, што па паўднi распагодзiцца. Бач ты, ужо i сонца выблiснула. Дзе ж гэты Трыбуховiч дзеўся? Хiба яго чэрцi на мерку схапiлi? Ах, чортава пара!.. Ну, на дварэ весялей робiцца, сонца бляша як мае быць... А тым часам салдат, як бачыш, сканваiраваў гэтага немца куды трэба i назад варочаўся адзiн, таксама куды яму трэба. Дык вось гэты салдат то пешкам iшоў, то ехаў, як траплялася. У нашым мястэчку ён нейкага сабе спадарожнага грузавiка чакаў i, успомнiўшы, да мяне начаваць прыйшоў. Вечарам мы з iм сабе слова за слова, а ён мне расказвае пра таго немца. Божа мой, кажа ён, не пазнаць стала немца. Як толькi, кажа, выйшлi за Сумлiчы, дык той немец адразу пачаў высвiстваць, выспеўваць, ганяць пры дарозе птушак, вiтацца з кожным, хто па дарозе праязджае, гэтакi ў яго шчаслiвы час настаў. Вы чуеце? У яго радасць жыцця стаптала пад ногi смутак смерцi. I вось на першай папасцы, выпрасiўшы ў салдата колькi лiсткоў паперы з запiсной кнiжачкi i алавiчок, дробна i густа нешта ўсё пiсаў i пiсаў, а пасля запячатаў у канверт i даў салдату, каб той на першай пошце, цi дзе iх здаюць такiя пiсьмы, адправiў. Эй, ты там, за комiнам, ты думаеш, я вытрымаў, каб не прачытаць i гэтае пiсьмо, якое яшчэ ляжала ў салдата ў кiшэнi? Пакуль салдат спаў да ранiцы, я i гэтае перагнаў на нашу мову. Слухайце: "Густаў, сынок мой, Анна, Берта! Шчасце i радасць, я жывы! Я iду дарогаю, i нада мной свецiць сонца. Усе людзi на зямлi добрыя i мiлыя. Каб вы толькi ведалi, як аба мне дбалi i пра мяне клапацiлiся тыя чужыя людзi, у хаце якiх я ляжаў! З'явiўся нейкi стары доктар i лячыў мяне, дай Божа яму здароўя. А нейкая дзяўчынка! Сама малая, а глядзела мяне, як родная. Яна адпойвала мяне малаком, а назаўтра нешта такое смачнае зварыла, чаго мне нiколi датуль есцi не даводзiлася. Гэта ўжо не чужыя мне людзi, яны выратавалi мяне, i, калi я ўстаў на ногi i ўбачыў, што жыву i ўжо здаровы, я мог бы на каленях паўзцi перад iмi ўсiмi i на развiтанне я не вытрымаў i... Густаў, маё сэрца балiць аб табе, што ты астанешся арандатарам... Я аддаў той дзяўчынцы тое, што было тваё. Бог дасць, я вярнуся дадому i буду доўга-доўга расказваць табе пра гэта. Але ўсё яшчэ можа быць, можа я здолею зноў здабыць тут табе тваё, любы мой Густаў. Выбачай мяне, але я не хачу гэтымi цяжкiмi думкамi душыць сваю светлую радасць аб тым, што мне добра цяпер i што чужыя людзi мяне вярнулi да жыцця. Калi ты падрасцеш, ты можа i асудзiш мяне, што ты не маеш маёнтка, але само жыццё i ўсё, што будзе з намi далей, згладзiць усё i перада мной можа зноў паставiць магчымасць здабыць табе тое, чаго ты варт, мой сын. Што ж, гэта адзiны раз у жыццi ў мяне так iрванулася душа i павяла мяне на гэты ўчынак... "

- Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так iрвануўся душой? От бо нямецкая душа! Нiякiх там парываў, а ўсё павiнна быць вылiчана: колькi аршын радасцi, колькi ўдзячнасцi, колькi сяброўства i колькi дабра другому, каб не перадаць лiшне. А можа ён яшчэ i з жывога гэтага Палiводскага здымаў, якое там к чорту знiмаў! Здзiраў тое золата! Дык тады пiсара пры iм не трэба было, каб запiсваць, колькi немец скур з чалавека здзярэ. А вось калi душа яго на момант зварухнулася на справядлiвую ўдзячнасць, дык ён адумаўся, што не паставiў пры душы таго пiсара, якi б падлiчыў i запiсаў, цi не залiшне ён перадаў да чалавека ўдзячнасцi, не гаворачы ўжо аб простым, бескарысным пачуццi. О, я немцаў ведаю. Яшчэ калi быў малады, служыў пры вялiкiм доктары, i ён мяне браў з сабою ў Германiю, калi ездзiў паказваць свой спосаб, як рак вырэзваць... Ну, ты там, за комiнам! Калi толькi адагрэешся добра, то злезеш i дасi ёй паесцi, i пабольш каб яна пiла, цёплага i гарачага. Бывайце i праўцеся, галубчыкi мае, унь Трыбуховiч пад'ехаў, дзякуй Богу, што на пагоду выбiлася!

I ён пайшоў з хаты. Праз колькi хвiлiн ён знадворку прыклаў твар да шыбы i гукнуў:

- А калi ёй праз дзён два-тры не будзе рабiцца лепш, дык падскоч зноў да мяне, я прыеду банькi паставiць.

I пасля гэтага колы загрукацелi па вулiцы. У хаце стала зусiм цiха. Кастусь быў рад, што гаваруна ўжо не было ў хаце, аднак жа штосьцi нядобрае, цi як бы трывожнае павiсла над iм. Яму рупела, што i конь на двары склее на холадзе, i што золата, знятае немцам з графа Палiводскага, ляжыць недзе тут у шуфлядзе, i што яму трэба яшчэ чакаць нейкага поту, i што яму не можна адразу ж устаць i пачаць гаспадарыць. Але самае большае - тыя гадзiннiкi i пярсцёнкi як бы душылi яго. Чамусьцi яны пасля фельчаравай гаворкi сталi яму страшнымi i агiднымi, што да iх дакранацца нядобра было. Так ён ляжаў, ляжаў, чакаў поту, але яму не было ўжо холадна. Ён не вытрымаў, збрыкнуў з сябе нагамi кажух i паволi сышоў з печы. У галаве злёгку кружылася, але цi мала што калi здараецца - ён прайшоў па хаце, пераабуўся, абмацаў на сабе рубашку - ужо яна была зусiм сухая. "Дзякуй табе, Божа, абышлося i без патоў". З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў i падпалiў. Праз дзесяць хвiлiн ужо была падоена карова, хвiлiна спатрэбiлася на тое, каб вывесцi з аглабель вымучанага каня i ўвагнаць у хлеў. Яшчэ праз хвiлiн дзесяць ён нясмела глядзеў у Волеччын твар i ўсё ўгаворваў яе падняцца i напiцца гарачага малака. Ён прыўзняў яе, падтрымаў за плечы i напаiў, i яна сказала:

- Трэба, каб у хаце было зусiм-зусiм цiха, дык я засну. - Тады ён адзеўся ў тую сваю, што яшчэ з дому, суконную жакетку i цiхом выйшаў. Тым часам i дзень блiзак быў да вечара. Надвор'е зусiм расчысцiлася, i свяцiла сонца. На душы ў яго стала лягчэй. Ён выцер саломаю каня, акiнуў вокам двор i цiха ўвайшоў у хату. Хоць i цiха, але Волечка прачнулася. Шпарка i яшчэ цiшэй ён выйшаў з хаты i зiрнуў у акно. Вiдна была Волечка на пасцелi. "Ну, цяпер яна спiць. Доўга не пайду ў хату, няхай спiць, не буду будзiць". Ужо захад згарэў чырвоным полымем i патух, i ўжо зоры загусцiлiся ў небе, ужо i шырокi серп месяца ўзышоў, а ён усё баяўся iсцi ў хату. Пахаваў у пуню пад салому ўсе тыя хваёвыя бервеньчукi, разоў некалькi падкладаў коням сена, перачакаў ужо i познi вечар, змерз, многа разоў зазiраў у акно i Волечкi не мог убачыць, а ў хату не iшоў. "Няхай спiць". Стаяў гадзiнамi, тросся з холаду, а не iшоў. I яму было добра берагчы яе сон. Нарэшце пайшоў. Так адчыняў дзверы, быццам гэта ён нёс на галаве паўнюткую шклянку вады, не вады, а дарагой вадкасцi, або яду, кропля якога прапалiць навылёт яму галаву. Якая ж была яго радасць, калi ён нарэшце апынуўся ў хаце i ўбачыў, што Волечка спiць. Але яна не спала, а бачыла, як ён увайшоў i стаў каля яе.

- Дзе ты быў дагэтуль? Ужо табе нiкуды больш не трэба iсцi? Нейк адной нядобра, сумна...

Адчуванне вялiкага шчасця апанавала iм. Ён будзе тут! Каля яе! Усю ноч ён не будзе спаць! А вартаваць будзе яе сон i спакой!

- Не, не пайду, толькi трэба дзе гэтае золата схаваць, няхай яно агнём пойдзе.

- Вазьмi ў шуфлядзе медны ключык, адамкнi ў клецi куфар i ўкiнь туды, хай яно прападзе, няхай бы лепш немец яго панёс з сабою, а то...

- Праўда, праўда.

Калi ён адамкнуў куфар i паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. У хаце ён пачуў ад Волечкi:

- Добра, што ўжо няма ў хаце, гэты фельчар, як пачытаў тыя пiсьмы... Божачка, што той немец перажыў, як ён мучыўся! Не iдзi ўжо нiкуды, а будзь тут i спi, ужо ноч...

- Добра, а за клопат вазьмуся можа нават i заўтра.

- А за якi клопат?

- Ну, каня табе змянiць, рэштку бервеньчукоў перавезцi з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставiць, браму зрабiць, жыта ў млын, змалоць...

I пайшла тая ноч, месячная, добрая, цiхая, а к ранiцы зноў схмурнела неба i пачаў падаць мокры снег. Тады пад ранiцу яны, кожны па-свойму, саснiлi нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы i з заплюшчанымi вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы - гэта ў яе, а ў яго - рагатаў i танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалi боты i кашулю. Гэта быў граф Палiводскi. Кастусь прачнуўся i думаў, цi сапраўды гэтакi мог быць той невядомы Палiводскi, а Волечка прахапiлася з енкам i крыкам: "Ой, ой, Божачка!"

- Што, што? - абазваўся ён.

- Ой, ой, Палiводскi!.. А хто гэта тут у хаце?

- Гэта я, - крыкнуў Кастусь.

- Хто?

Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзiноты i не прывыкла да яго. Ён падбег да яе i ўбачыў, што яна дрыжыць.

Колькi раз, жывучы ўжо адна, без бацькi, яна так прачыналася ранiцамi ад непрыемных цi страшных сноў! I прывыкала ў адзiноце сваiмi сiламi гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка i адразу згiнуў сон, i яна ўсмiхнулася, яшчэ з заплюшчанымi вачыма.

- О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.

I па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.

- Уночы я выходзiў глядзець коней, ужо на дзень iшло. Мокры снег гразi даў. А конь твой ужо анi нiчога не з'еў - нават i не зачапiў сена. Ты нiчога не думай. Мой конь зусiм малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькi папраўляйся.



Поделиться книгой:

На главную
Назад