Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькi не ў пагранiчных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзiў як мог, што ён не шпiён, а проста чалавек з той зямлi, па якой прайшла гранiца. А тым часам вялiкi ўпарадкавальнiк усялякiх хiбаў i непарадкаў - час - абтрос i абгладзiў усё, што было не на сваiм месцы, i шмат што забылася, шмат прытупiлася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, i лягчэй яму стала. Але час не меў сiлы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лiзавецiных усмешках i па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, i ад яго не было ратунку.
Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькi зноў звiць сабе гняздо, як ён скiне з душы цяжар свой. Тым часам ужо i хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамi на дарогу, i цiха i спакойна ўсё тут было, i зямлi было на чатыры душы, i не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. "А Тамаш, а Лiзавета!" Сымон Ракуцька наладзiў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго цiхманую працавiтасць льга было ставiць паўсвету ў прыклад, калi лiчыць яе за дабрачыннасць. I дзiўна было. Ён адзiн, а ўпраўляўся з полем i з домам. I яшчэ кожны дзень меў часiну сядзець на калодзе i босы пасярод свайго двара. Цi то прывычка, цi то ашчаджанне абутку, але ён цяплом нiколi абуты не хадзiў. Ён яшчэ людзям i колы рабiў, i драбiны з панарадамi майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой iшоў час, смутак яго ператвараўся ў вялiкую мару. Гэтая мара заўладала iм, ён ёю жыў i служыў ёй. А пачалi нарэшце прыходзiць моманты, калi i вера, i надзея, хоць здалёк, паказвалi яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыццi пачаўся з таго, калi яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмi вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, i цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзi, што поштай можна з Польшчы сюды пiсаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў нi сну, нi спакою, пакуль не паслаў пiсьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпiсаў i цяперашнi свой адрас. Паведамiў аб той мясцiне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць i так, што i адтуль сюды прыйдзе пiсьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пiсьма, пасля - нейкага невядомага лёсу. "Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя i здаровыя, i можа нават не галодныя. А хiба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Палiводскi прасiў ласкi сярод дарогi ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе iх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкi, што зрабiць. Ён будзе думаць, ён будзе раiцца з людзьмi, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!" Самае далёкае, дзе ён бываў - гэта яго поле. Але практыка з самага маленства i iнстынкт падказвалi яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабiць, многае бачыць i чуць i за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкi i фантазii! Гэтым ён цяпер i жыў. Колькi яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзiла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалi заводзiцца грошы. "Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!" Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзiць у кааперацыю i прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купiў з сiняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. "Калi ж небудзь Тамаш будзе такi, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка. А толькi невядома, у якiя годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такiм парадкам за доўгi час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякiя ўзросты: i на дзесяць год, i на дванаццаць, i на пятнаццаць, i на васемнаццаць, i на дваццаць. Усё купляў бацька. Вiселi на вешале ў клецi парамi боты, нагавiцы, вопраткi. Былi плаццi для Лiзаветы i хустачкi, чаравiкi i панчохi... Часамi ж на яго находзiла прасвятленне. Ён як бы адпiхаў ад сябе гэты пусты занятак i ўпадаў у думку, што рабiць, сапраўднае, вялiкае, выразнае i сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго цiхай цярплiвасцi. Нават сядня на калодзе сярод двара пакiнула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей i як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылi ў навакольных мястэчках на кiрмашах, каля цэркваў i касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта i без прычыны. Ён пытаўся i раiўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пiсьмы бадай што цераз дзень.
Усiм пачало здавацца, што ён рабiўся больш гаваркiм, i панурасць сыходзiла з яго. Аднак жа нiхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень пiў атруту. I дзiўная рэч. Хоць час iшоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзiлi босыя Тамашовы ногi, калi ён, у тую навальнiчную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькi малога i Лiзавету толькi ў мацi на руках. Па-сапраўднаму ён нiколi не задумаўся аб тым, што годы iдуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамi ўжо льга было ў iм заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасцi. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная iм усмешка малой Лiзаветы! Маланка, i свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаiць мокры, вада. Босыя ногi яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслiвае! Нехта злы i чорствы, нехта той, што i яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзiў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывiды, а выразна ява: гром i маланка, навальнiца разрывае зямлю i, здаецца, крышыць на ёй усё. I ўсё ахоплена страшным сваiм утрапеннем. Пад громам i агнём, пасярод дарогi, постаць худзенькага хлопчыка.
Аднойчы ён, як i часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыi. Там прадавалiся люстэркi. Адно вiсела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка i сумеўся: ён такi даўно не бачыў сябе i не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сiвыя валасы. "Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькi год?! А колькi? Мусiць, многа?! Як жа гэта я нiколi не лiчыў гадоў?" Увесь той дзень ён правёў у одуме i суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не iшло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькi есцi хлеб, але каб разам з iм елi яго i Тамаш, i Лiзавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо нiколi не глядзеўся ў люстэрка.
IV
У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка i выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькi што мiнулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полi. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, i, калi сонца высвечвала з-за высокiх хмар, адзiнокi падарожны, як здзiўленае дзiця, прыглядаўся да яснай зелянiны, i твар яго свяцiўся, як i шырокi свет у той момант. Ён усё iшоў i iшоў шпарка. За адзiн дзень ён дайшоў да Пiлiпавiч, дзе тырчэлi каля шашы яшчэ некаторыя адзнакi былой гранiцы. Да гэтага месца ён iшоў яшчэ, як бы раздумваючы i сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змянiўся. Каб чалавек, якi добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калi ён, мiнуўшы Пiлiпавiчы, спынiўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скiнуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамi ператваралася ў свядомасцi, як бы нейкай асуджанасцi навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: "Яно было. А вы хiба хочаце, каб нiколi нiякай прыкрасцi не было? Затое цяпер!" Уся яго пастава i выраз твару былi ў часе гэтага падарожжа рухавымi вельмi. На станцыi Гарадзеi ён сеў у поезд i праз паўдня выйшаў з вагона на нейкiм занадта ўжо цiхiм паўстанку. Доўгi рад старых i высокiх дрэў - лiп, дубоў, бяроз, явараў i вязаў - iшоў ад паўстанка проста ў чыстае поле i там канчаўся. Лiсцё пад дрэвамi ляжала яшчэ жоўтае, i, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мiнуў дрэвы i пасля нядоўгiх пошукаў знайшоў у полi вялiкi камень. На абымшэлай яго паверхнi аставалiся сляды таго, што тут начавалi птушкi. I гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень i стаў кiравацца ад яго да вузкай i доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вiлася памiж i навокал кустоў шыпшыны i паўз удзiрванелыя межы. Пасля яна выбiлася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восенi нiколi не было i не будзе. Рудымi жалудамi была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннiк густа стаяў над сваiм уласным лiсцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кiнулася ў куст, драбнюткае лiсце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокiм сцябле звесiла жоўтую галаву. "Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?" А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блiзасць. Недзе тут блiзка iдзе цiхае асенняе сонца! Хiба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць i шукаць i дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!
Сымон Ракуцька ўжо даўно мiнуў дубняк, а сцежка ўсё iшла i вяла яго далей, праз поле, праз некалькi хвойных лясоў i купiстых паплавоў. Доўга, вельмi доўга iшоў Сымон Ракуцька, дзiвячыся, як жа гэта праз гэтулькi год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей i вельмi многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылi агонь i паснулi, ужо ўсе ведалi яго гiсторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцiлi. Тут ужо недалёка, толькi зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азiмiнай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, i ў нiзiнах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзiць чыста, i вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, i прасторы сталi неабдымнымi. Тут, у гэтай яснай шырынi, ужо зусiм блiзка! Вельмi хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго нi смутку, нi радасцi. Хваляванне ўсёй яго iстоты i нават нецярплiвасць. Цяпер, калi ўжо так блiзка перад iм была яго мэта, ён чамусьцi як бы зноў апанураў з постацi. Яго заўсёды такiм рабiла шпаркая хада. Ён улёг у хаду i ўжо не заўважаў гэтае адзiнае на ўсе часы восенi. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павiнен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, i там тады пачыналася выезджаная сялянскiмi калясьмi дарога. I ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя i дрэў перад вачыма.
Вялiкае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка i пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя i такiя самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлi ў iх парасткi i самi ўжо станавiлiся дрэвамi. I камень той самы i такi самы. I нават... Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкi, што мiнулае не варочаецца i ўвесь атрутны слодыч успамiн. Божа лiтасцiвы! На гэтым жа каменi, у раннi вечар, калi яшчэ толькi захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на каменi, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукi, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывiд! У такой самай паставе, i так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукi, на каменi сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, i яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? I чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгiя годы не бачыў? Чаму - ён не мог бы сказаць, але вельмi нясмела ён глядзеў на яе i баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў i пачаў гаварыць з ёю:
- Вы падарожная, што клунак каля вашых ног ляжыць?
- Падарожная.
- А здалёку?
- Здалёку. Цягнiком ехала. А гэта iду. Мне тут трэба дапiльнаваць брата.
- А дзе ж твой брат?
- Мой брат у польскiм войску быў, а што з iм цяпер - невядома. Калi ён, можа, у палоне на савецкай старане - то на гэта ўся надзея. Бо з гэтага палону радавых салдатаў пускаюць, i яны многiя папрыязджалi i папрыходзiлi ўжо. Вось i я яго сюды чакаць прыехала.
- Як жа гэта сюды чакаць?
- Тут стаiць наша хата, у якой мы выраслi. З гэтае хаты ён i ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, i больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнiм годам жыць нельга было. Аставалася толькi я з маткай. Мы пакiнулi гэтую хату i пераехалi туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я i матка знайшлi працу ў панскiм маёнтку. Мы напiсалi брату, што ўжо не жывём тут. Пiсьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамi. Цяпер ён можа сюды прыехаць i не ведацьме, дзе мы i дзе знайсцi нас. Калi ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакiну яму наш адрас.
Яна змоўкла i паглядзела на яго, быццам думала, цi варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.
- А калi вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калi ваша хата такая дрэнная?
- У суседа. Мы з iм добра жылi.
Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назiркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад iмi. Унь дзве хаты. Адна ледзьве лiпiць яшчэ, i страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялiкая хата з смольнага кругляка. У яе адразу i пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваiм сэрцам, спынiўся перад старой хатай i зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелi i пагнiлi, i стаяць мокрыя i цвiлыя. Ён бачыў праз аконную дзiру нават тыя цвiкi, якiя калiсьцi ўбiваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькi сам сабе баiцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставiў. I гэта з яе яго выгналi. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Палiводскi. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён i сястру яшчэ замуж аддаваў. I адзiн жыў у ёй. Ён стаяў i душыўся мiнулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы i нават вялiкi доктар - час - не загаiў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў i стаяў. "Дык яны тут жылi аж пакуль ужо нельга было! Цi даходзiлi сюды яго пiсьмы? Тады, калi ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухлiна гатова была ўпасцi на iх. Можа ён вельмi мала стараўся, каб выратаваць iх адгэтуль! А цi не вiнават ён перад худзенькiм хлопчыкам Тамашом i перад маткаю сваiх дзяцей, i перад Лiзаветаю?!" Голас пратэсту перад самiм сабою ўзняў ён у сабе: "Не! Я iшоў у гром i невядомасць!" "Але ж я жыў гэтулькi год у мiлай мне працы, i жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А цi хоць раз падумаў я, каб iсцi сюды да iх i ратаваць iх?" Раптам у яго пахаладзела ў вушах: "Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны - а цi хоць адно пiсьмо прыйшло было да iх ад iх бацькi?" "Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапiльную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю". Адразу цяпер ён не мог iсцi ў сваю, новую, некалi пастаўленую iм хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад iгрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, i пiльнаваў яе. Але яна з новай хаты не выходзiла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату i лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзiру вiхор жоўтага лiсця з iгрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цiшынi не было! Нешта шастала па сценах i патрэсквала ў столi. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся i стаў з шчаслiвай думкай: "Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць i сядзець". Свяцiў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзiркi i шчылiны ў сценах лiлося ў гэтую гнiлую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. "Каб хоць хутчэй дзень". З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор i зноў сеў на лаўку пад iгрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лiсцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлi. А да дня яшчэ было вельмi далёка. Ён цясней зашпiлiўся ў сваёй суконнай жакетцы i лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нiзка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня i больш у старую хату не заходзiў. Як адважыўшыся на вялiкi подзвiг, ён закiнуў сваю торбу за плечы i пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом i пiсала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе i сказаў:
- Добры дзень у хату. - Ён нават i не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калi ён устаўляў яе, быў такi самы хмурны дзень позняй восенi.
- Гэта я з вамi ўчора гаварыў на дарозе, калi вы сядзелi на каменi.
- Я пазнала вас.
- Ну што, няма брата?
- Няма. Я пакiну яму тут гэтае пiсьмо. Чакаць яго - мне няма як.
- Што вы яму пiшаце?
- Вам хочацца ведаць?
Нават i без здзiўлення яна глядзела на яго, i вочы яе былi такiя добрыя, i здавалася, яна абяцае праз iх шчырасць усяму свету.
- Пачытайце мне, што вы яму напiсалi.
Яна нават не здзiвiлася: што гэта за дзiва такое з гэтым чалавекам.
- Калi вам хочацца, я прачытаю. Але я дапiшу раней.
Ён сеў на лаву i чакаў, пакуль яна скончыць пiсаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:
- А цi ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставiў гэтую хату?
Не адрываючыся ад пiсьма, яна адказала: - Ведаю. Мацi мне расказвала ўсё.
- Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?
- А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такi?
- Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.
- Мой бацька быў слаўны чалавек, з душой i сэрцам. У яго былi залатыя рукi i разумная галава. I добрае сэрца.
- А дзе ваш бацька цяпер?
- Мы заўсёды ведалi, дзе ён.
- Як жа вы ведалi?
- Ужо вельмi даўно ад яго прыйшло было пiсьмо з яго адрасам.
Ён адчуваў, як сэрца распiрае яму грудзi, але ён не мог так пайсцi адразу. Ён хацеў усё высветлiць.
- А пра графа Палiводскага вы што-небудзь чулi?
- Мой бацька выратаваў яго ад смерцi... Я яго сама бачыла.
- Палiводскага? Як? Калi?
- Незадоўга да вайны. Ён сам быў у нас, калi жылi ў старой хаце.
- Ён вам якое-небудзь зло зрабiў?
- Гэты стары гад два днi i адну ноч не выходзiў ад нас i мучыў нас дамаганнямi, каб мы аддалi яму нейкае золата, якое нiбыта наш бацька ўзяў у яго, калi паднiмаў раненага на дарозе. Ён прасiў, пасля крычаў, пасля рамянём пасадзiў маме крывавы знак цераз твар. Пасля сунуў мне ў рукi свой адрас, калi мы адумаемся i захочам аддаць яму яго дабро. Ён служыў на нямецкай гранiцы. Нарэшце ён казаў, каб аддалi хоць палову, а палова нам... Але мне трэба пiсьмо дапiсаць. - Яна пiсала, а ён стаў на ўвесь рост у парозе i душыўся смуткам, гледзячы на яе. Гэта яна. Нязнаны iм чалавек. Без яго яна вырасла. Ён нi разу не меў шчасця трымаць яе на руках i гаварыць з ёю малою i падоўгу глядзець на яе дзiцячую ўсмешку. Нехта злы i бязлiтасны ўкраў у яго яе маленства.
- Вы казалi, каб я пачытала вам. Я ўжо напiсала. "Дарагi братка Тамаш. Мы табе пiсалi, што прымушаны былi выехаць з роднага кутка, але пачалася вайна, i пiсьмо наша магло да цябе не дайсцi. Дык шукай нас у мястэчку Сталеццi на Навагрудчыне. А таксама напамiнаю табе, калi ты згубiў адрас, што ў Гомельскай вобласцi, за Бабруйскам, жыве наш бацька. Гранiцы ўжо больш няма..." Ногi ў Сымона Ракуцькi падгiналiся. Ён сеў на лаву. Яна яшчэ ўгнулася над пiсьмом, штосьцi ў iм дапiсваючы. Ён цiхом падняўся i знiк з хаты. Не прыпыняючыся нiдзе, ён дайшоў да таго самага паўстанка i сеў у поезд. На другiя суткi ён ужо iшоў пешкам цяперашнiмi сваiмi месцамi. Ён радаваўся, што з кожным крокам падыходзiць да гэтай, ужо трэцяй на яго веку хаты. Можа цяпер тут ён знойдзе спакой душы. Было вельмi рана. I цёплае стаяла надвор'е. Было ясна. На хвiлiну магло здацца, што гэта ўлетку пасля дажджу. Ён iшоў сцежкаю паўз дарогу, краем сухога тарфянiку, па той бок якога суглiнiсты ўзгорак трымаў на сабе край неба. Пыльныя кусты шыпшыны, быльнiку i пiжмы бачыў ён, i думка яго спынiлася на тым, што ў карэннях пiжмы, пад тым кустом, жывуць мурашкi. Там яшчэ ўлетку чабор цвiў, i над iм кусцiлася жоўтае зелле святога Яна. Куп'iсты тарфянiк быў увесь мокры, на шчыльна збiтай у мяккi дыван нiзкарослай траве на iм блiшчэлi пад сонцам кроплi чыстай вады, як раса ўлетку. Вятрак махаў крыллямi дзесьцi за балотам, над рачулкай стаялi голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сiняватага, чацвёртая чырванаватага. I гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялiкае багацце i мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачыма. Дрэвы стаялi скрозь, iх было многа. Многа лётала i сядзела ўсюды гатовых спаткаць зiму птушак, многа было колераў i фарбаў, многа было i прастору, i неба, i вады, i ласкавай цiшынi. Брама яго дома была зачынена. Брамка збоку крыху прыадчынена. Ён увайшоў у двор. Усё было на месцы i ў парадку. Ён прайшоў праз увесь двор i агарод, i сад i назад вярнуўся. Густая сям'я дрэў, iм пасаджаных, расла ў кутку агарода пад загараддзю з жэрдак. Там былi бяроза, лiпа, клён, каштан, вяз i таполя. Улетку i ў раннюю восень тут заўсёды шумеў вецер у лiсцi, i па ўдзiрванелай пад дрэвамi зямлi густа i высока расла трава i красавала мятлiца. Там была i лаўка, дзе ён, бывала, праз колькi год, аддаваўся сваiм думкам. Ён зiрнуў у гэтае месца, дзе якой-небудзь ураўнаважанай душы век льга было б мець шчасце ад цiхай адзiноты, i сумеўся. Ён аж уздрыгануўся: з яго, i, можа, ужо доўгi час, не сыходзiў чалавечы позiрк. Там на лаўцы сядзела жанчына. Постаць яе была нерухомая, i вочы не сыходзiлi з яго. Хоць яна i не была ўжо такая, як калiсьцi, хоць гэта была ўжо старая жанчына, але ён з першага ж позiрку пазнаў яе. I дыхаць яму стала цяжка. Гэта яна! Такая! Без яго такая стала! Як бы страцiла яна ранейшы рух сваiх вачэй. I ён з'iначыўся без яе. Ужо i старасць не вельмi далёка стаiць за плячыма. I ў яе таксама. Нехта злы i бязлiтасны ўкраў у яго яе маладосць, i яе самую ўкраў. I яго маладосць украў. А ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён i жорсткi, гэты страшны злодзей. I нiякая кара нiдзе i нiколi не спасцiгне яго. Гэта ён бесперапынна вiсеў над яго душою, як стопудовы камень! Пракляцце яму, гэтаму страшнаму злодзею! I прэч ад чалавека гэтую калоду пасярод двара, i гэтую лаўку пад дрэвамi, якiя шумам сваiм так заўсёды ўцiхамiрвалi душу! Сказаць дзецям... (але дзе ж тыя дзецi, iх жа ўкраў вялiкi злодзей), сказаць усiм i самому сабе: нi моманту спакою! Усе на пошукi вялiкага злодзея! Знайсцi яго i выяснiць дакладна, хто ж ён такi?! I зняць з яго галаву i паказаць усяму свету: глядзiце, i ганаровае месца мне! Я абезгаловiў страшнага злодзея! Я больш не вечны выгнанец з свайго месца. Я на сваiм месцы, i страшны злодзей больш не будзе мяне абкрадаць! "Што ж перш за ўсё сказаць ёй такое, чым узрадаваць яе? Ага, я пакажу ёй усё, што я запасiў дзецям. Я чакаў iх, я думаў пра iх! Вiсяць жа поўныя вешалы ботаў i сукенак, вопратак простых i ўбёраў святочных!"
У тую восень доўга трымалася мяккае надвор'е. Сёмага лiстапада зранку нападаў мокры снег, а к вечару таго ж дня яго ўжо не было анiзвання нiдзе. Вада сцякла ў нiзкiя месцы i стаяла там, i ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Хмары вiселi нiзка, а на другi дзень памiж iх высвечвала сонца, i на ўзлессi мокрая лаза здавалася гатовай распусцiць першае лiсцейка. Усё блiшчэла, i здавалася, што гэта свецiцца вада ў лагчынах.
Той дарогай, што iшла памiж тарфянiку i роўна пастаўленых у адну лiнiю хат, вельмi шпарка iшоў чалавек. Гэта была хада таго, хто прывык да таго, каб доўгi час бачыць перад сабою тое, з чым трэба хутчэй расквiтацца, каб пасля гэтага мець што лепшае. Чалавек гэты трымаў галаву высока i як бы нiчога не заўважаў навокал сябе, перад сабой жа бачыў як бы толькi тое, да чаго хацеў хутчэй дайсцi, але здавалася, што i гэты пункт больш жыў у яго думках i свядомасцi, чым стаяў выразна ў вачах. Ён так iшоў, што здавалася, ён упэўнен у тым, што нiшто не стане на яго дарозе. Аднак жа, можа быць, тут найбольш было ад знадворнага выгляду чалавека. У гэтым выпадку можа i не да месца прымаўка, што твар ёсць люстра душы. Бо часамi рашучая пастава i хада чалавека на момант былi такiя, што як быццам бы ён хацеў вярнуцца. Аднак жа ён усё iшоў i нават паддаваў ходу. Пачалiся хаты паўз дарогу. Ён паклiкаў да сябе нейкага малога, што натрапiўся яму на вочы:
- Дзе хата Сымона Ракуцькi?
- А унь, дзе тых дрэў многа.
Чалавек глянуў на тыя дрэвы i хацеў усмiхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзiвiўся. Верхняя губа яго з нiзка выстрыжанымi чарнявымi вусамi ўздрыганулася.
- I я пайду з вамi да Ракуцькi, - сказаў ахвотны да ўсяго малы.
- Не, я адзiн пайду.
Малы пабег шукаць iншага занятку, а чалавек той жа хадой, як i раней, падышоў да зялёнай брамкi i адчынiў яе. Двор не быў пусты, i ён астаўся стаяць у брамцы. Незнаёмы яму чалавек стаяў пасярод двара i цiха гаварыў з жанчынай. У чалавека былi сiвыя валасы над вушамi. Ён падняў твар i пачаў углядацца ў незнаёмага прышэльца, якi не сыходзiў са свайго месца ля брамкi. На твары чалавека з сiвымi валасамi над вушамi напiсалася здагадка, чаканне i нарыхтаванасць цвёрда сустрэць усялякую няўхiльнасць. А той, што ўвайшоў у яго двор i стаяў цяпер ля брамкi, меў такi выгляд, як бы хацеў сказаць: ну што ж, i я гатоў да ўсяго так як яно ёсць. Мы нi ў чым не вiнаваты. Гэта быў чалавек вельмi яшчэ малады, можа яму не было яшчэ i дваццацi пяцi год. Але ён быў такi мажны i дужы, што, калi не глядзець на яго твар, ён мог здавацца мужчынам, якi ўжо разбыўся за многiя гады жыцця i працы. Верхняя губа яго была нiзка выстрыжана, i гэта клала на яго твар пячаць як бы нейкага здзiўлення. Ён быў у польскiм салдацкiм шынялi i ў салдацкiх чаравiках з абмоткамi. З шапкi былi ўжо сарваны ўсе тыя бляшкi, якiя раней паказвалi, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Ён здаваўся такi здаровы i энергiчны, што дзiўна было, як ён так нерухома ўсё стаiць на адным месцы. Тут яго ўбачыла i жанчына.
- Тамаш прыйшоў! - закрычала яна i, як бы забыўшыся на ўсё, кiнулася яму насустрач.
Сымон Ракуцька аднак жа сышоў адразу з свае гатоўнасцi сустрэць усялякую няўхiльнасць. Твар яго перасмыкнуўся, i магло здавацца, што ён не ведае, дзе падзецца. Як бы раскрыўшы вялiкую таямнiцу, да якой яму раней не было доступу, ён застыў на паўкроку, калi быў iрвануўся сысцi з месца. Хiба гэта Тамаш стаiць перад iм? То ж быў худзенькi хлопчык, якога трэба было шкадаваць, песцiць i гадаваць, i аддаваць яму бацькаўскую ласку. Усю душу i сэрца аддаваць яму. Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой армii, i хiба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралi ад бацькi: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска i сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.
ДРУГАЯ ЧАСТКА
ВЯЛIКАЕ СКРЫЖАВАННЕ
Прасторны шлях, калi ж, калi
Ты закрасуеш на зямлi
I злучыш нашы ўсе дарогi?
(Якуб Колас. "Новая зямля")
I
Вялiкi шлях з усходу на захад праходзiць каля мястэчка Сумлiч, але не праз iх. Нават i не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумлiч зроблен выезд: вузкая, як размiнуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялiкай вайны. Гэтай брукаванай дарогi хопiць на добрыя пятнаццаць хвiлiн шпаркай язды на найлепшым канi. Тое месца, дзе яна падыходзiць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўлiцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны i сенажацей, як бы вялiкi круглы пляц, плошча, у якую ўлiваецца адусюль некалькi вялiкiх i малых дарог. Сама вялiкая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькi палявых дарог, крывых i вузкiх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялiкi грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён iдзе на Вызну, Морач, Страхiнь i Орлiк i ўваходзiць у самыя Агаркаўскiя балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях iдзе на Семежава, Лешню, Цiмкавiчы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавiчы i такiм парадкам кiруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускiя абшары, сваей прыродай, характарам i выглядам далёкiя адзiн ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою i яшчэ адна, не менш вялiкая дарога. Яна iдзе недзе з мясцовасцi памiж Бабруйскам i Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню i дубу i дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасцi i задумёнасцi ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявiдах, куды яна iдзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая i больш цiхая, чым людная, канчаецца недзе памiж Нясвiжам i Клецкам, праходзiць праз Цапру i Балвань i такiм парадкам злучае i дзве разлегласцi нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якiх наша гiсторыя запiсана па-свойму i своеасаблiва. Калi адбылася Вялiкая Рэвалюцыя i калi скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглi з сваiх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. I дзедзiчы i пасэсары там на захадзе зраўнялiся i два дзесяткi год жылi аднымi думкамi аб устанаўленнi пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма i ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасцi, а беларускую мову ён ламаў аб польскую i думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы - пан, маёнтак, фальварак. Дзецi iх, што радзiлiся ў эмiграцыi або малымi выехалi туды, за два дзесяткi год выраслi i знайшлi сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваiм маёнтку цi фальварку, яны сталi службоўцамi ў дзяржаве, чыноўнiкамi i ахавальнiкамi старое, як свет, iдэi заваёўнага руху на ўсход. Iх думкi не пакiдалi iх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забылiся гэтых дарог тут i памяталi нават лясныя i палявыя сцежкi.
Тая круглая пляцоўка, дзе скрыжоўваюцца з шашою вялiкiя i малыя дарогi, была ўся вытаптана нагамi i выезджана калясьмi. Тут былi лапiны i дзiрвану з чубамi блёкату i шчаўлюку i голая, убiтая зямля. Упартая пiжма купчасцiлася побач дробнай лазы, i чабор цвiў разам з святыянскiм зеллем над густым дываном спарышу i дзяцельнiку. Трыпутнiк разростаўся над каляiнамi. Навокал жа, пакуль да палеткаў i лясоў, iшлi роўныя паплавы. Гэта былi самыя далёкiя сумлiцкiя сенажацi. Да калектывiзацыi яны былi падзелены сумлiчанамi на вузенькiя палоскi, i кожны касiў сабе, як хацеў. Крайняя ад шашы палоса сенажацi належала тады гаспадарцы Канстанцiна Лукашэвiча, i стары Нявада, косячы тут у адзiноце або сушачы сена, знаходзiў тут сабе вялiкую разрыўку ад тае псiхалагiчнай траўмы, што пачала развiвацца ў яго пасля першых пасляваенных год. Расказвалi пра яго, што ён нi тое што каб сказаць астарэў вельмi. Больш таго, у добрым жыццi дома ён выраўняўся i скiнуў з сябе тую лушпавiну, што нарасла на iм за час бадзянняў па чужыне i па чужых людзях. Ён здаваўся кожнаму здаровым i зусiм не падобным на самога сябе тады, калi толькi яшчэ сцягваў з плеч чужацкiя транты. Некаторыя казалi, што ён аднак жа насiў у сабе нейкую хваравiтасць, хоць нiчым нiколi i не хварэў. Як бы там нi было, але можа i сапраўды ён насiў у сабе або хворасць, або можа толькi нейкiя непатрэбныя думкi, якiя тачылi яго. Быў час, што ён нават з твару асунуўся, i гэтая хударлявасць дала яму некалькi новых рысаў старасцi. Часамi нават ён пачынаў нi то гаварыць, нi то штосьцi разважаць сам з сабою. Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцiвыя яму, асаблiва пачалi заўважацца ўсiмi з аднаго выпадку, якi адбыўся не вельмi даўно, ужо ў часы, якiя могуць належаць да нашых дзён.
На тых сумлiцкiх сенажацях, што былi пры дарожным скрыжаваннi, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагоднiх дрэўцаў. Яны скошвалiся з травою разам штогод i штогод зноў насявалiся i пасля зноў скошвалiся. Без канца i меры iх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаваннi дарог. Гэта быў волат на рост i таўшчыню. Сумлiчане казалi, што на ўсю вялiкую акругу тут не знойдзеш другога такога вялiкага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнiмалася над дарожным скрыжаваннем i вiдно было здалёку, дзе б хто нi ехаў. Кара яго пабiлася на гузы, з якiх ад карэння да вяршалiны раслi парасткi, i так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва i было падобна на магутную скалу, але дзiва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькi насення. На сенажацях штогод густа вылазiлi з зямлi скрозь маладыя дрэўцы i гiнулi пад касою. На навакольным полi плугi выварочвалi iх сотнямi. На абочынах дарог iх тапталi пешаходы. Разам з травой iх усюды з'ядала жывёла. Iх ламалi дзецi дзеля забаўкi. А праз год iх зноў было густа, i зноў усё iшло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзiлi з калясьмi, i куды не дабiвалася жывёла, i дзе не хадзiла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калi завяршылiся i дайшлi да новых сваiх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасцi i радасцi тых людзей, пра якiх я тут расказваў, з Сумлiч да шашы забрукавалi выезд i ў адным месцы клалi мост цераз лог, даволi-такi вялiкi. Падымалi насыпам дарогу i зямлю на гэта бралi з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялiкага дрэва. Там стварылася вялiкая яма i два дугаватыя равы - як дзе капалi. З самай вясны тут стаяла вада, i ўвосень таксама. Берагi да вады былi крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бiтае каменне, кучамi i рассыпанае, i ў гэтым месцы патомства вялiкага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае i само iшло ўгару, а пад iм слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакi i глушыла суседа, якi таксама выбiраўся голлем у разлегласць. Такiм парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснiкам. Зараснiк аблямоўваў яму i спускаўся на самае дно яе i хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай раслiннасцю ўзнiмалася колькi даволi ўжо высокiх таполяў, ужо сапраўдных вялiкiх дрэў, а наводдалек, як асiлак i аглядальнiк на цэлую навакольнасць, узвышалася вялiкае дрэва, усёй вышынёй зялёнае i ўпартае ў бесперапынным змаганнi з навакольным светам за сваё патомства. Толькi адна-адзiнюсенькая галiна на iм пад сярэдзiну яго вышынi, была сухая i вытыркала з густой зелянiны. Гэта было вельмi высока. Чалавек павiнен быў крута закiдаць галаву i трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галiну. На ёй нагледзелi сабе месца адпачываць удзень ад клапатлiвай стомы палявыя каршачкi i заблудлыя здалёку птушкi. Гэты куток на скрыжаваннi дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялiкiх дарогах i ад цяжкiх думак аб невядомасцi канца дарогi. Больш як за дзесяць кiламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалi, цi скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вiсеў над зямлёю, а вяршалiна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьцi глыбока i далёка.
Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлiчыў, колькi ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзiў з сенажацi некалькi самых большых дрэўцаў блiжэй к вялiкаму дрэву. Калi ён назаўтра паглядзеў на iх, убачыў, што нечыя ногi паспелi ўжо стаптаць iх. Ён зноў перасадзiў некалькi дрэўцаў, але ўжо ў iншае месца. Праз два днi ён выразна ўбачыў: i гэтыя былi стаптаны нечымi ботамi з шырокiмi абцасамi. З таго часу ён наглядаў i бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалi, што дрэўцы тапталiся i ботамi, i лапцямi, i босымi нагамi, i жаночымi абцасiкамi. Гэтыя таптуны хадзiлi тут кожны дзень. Кудысьцi яны iшлi ўсё гэтымi дарогамi. За працаю ў полi i на сенажацi Нявада пачаў кiдаць вачыма на дарогi i глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы i шматлiкi, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён iшоў i ў лапцях, i ў ботах. Адзiн з торбай за плячыма, другi з чамаданчыкам у руках i ў капелюшы. Часамi таптун з'яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмi часта ён садзiўся цi лажыўся пад вялiкiм дрэвам на скрыжаваннi i спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгi час перасаджваць дрэвы. Ён пакiдаў у памяцi на доўгi час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялi машыны i iшлi пад дрэва пiць i закусваць, фурманшчыкi папасвалi сенам i аўсом тут конi. Можа i многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымi. Можа ўжо не сотнi, а тысячы перавярнулася iх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасцi i ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаваннi спынiлася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзiў галаву з кабiны i сачыў, як з самога грузавiка злезла зусiм маладая дзяўчына. Яна скланiлася яму, быццам дзякавала цi развiтвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабiну i паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постацi, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькi машына знiкла, яна вельмi шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася i беспарадна азiрнулася. Позiрк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялiкiм дрэве, яна як бы дзiвiлася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылi Няваду. Ён глядзеў на яе i думаў: няўжо яна, такая дасцiпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзiў. Не больш як паўгадзiны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнiтуры i густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць i моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:
- Да блiжэйшай станцыi на чыгунцы? Як iсцi? Далёка?
- Унь туды. На Цiмкавiчы... Не. Недалёка.
Яна падзякавала яму i яшчэ акiнула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснiк над ямай i равамi ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, цi зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзiрванелым капцы, над якiм i навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лiсце, абаперлася локцем на траву i адразу задрамала. "Ага, яна стамiлася за вялiкую дарогу", - думаў Нявада i пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блiзка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзiны таму яно было на сваiм месцы i ў добрым сваiм стане. Але цi гэта яму здалося, цi сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам i тырчыць угару адной галiнкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калi ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокi i шырокi. Незразумелая трывога павялiчылася i ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калi ён паспеў прайсцi тут i куды знiкнуць?
Дзяўчына сапраўды-такi спала, прыпаўшы галавой на руку. I яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж - трывога i неспакой, што тут хадзiў нейкi невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне i думкi нарысавалi карцiну: такая яна маладая i нейкая адзiнокая на гэтых вялiкiх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна iмкнецца? I тут ужо адразу з гэтай карцiны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў i не ведаў калiсьцi, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамi i ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад iм. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, цi то ў мiнуўшчыне, цi то ў сучаснасцi, цi то ў будучынi. "Што было, тое прайшло", - мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкi! Ужо не Волечка, а другая, вельмi цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад iм. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю мацi i, як жывое ўвасабленне той Волечкi, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучынi. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы i па маленстве гэтай. I яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзiлася адразу на шчасце. "Тая варта большага замiлавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыццi, як аб вясёлым свяце". З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмi выразна вызначаўся вельмi глыбокi след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзiноце i нарыхтаваўся iсцi ў Сумлiчы. Калi ён зрабiў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася i прыўзнялася з локця. "Кашляе, захаладзiлася на вiльготнай зямлi, дзе ж, у нейкiм клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца". Ён быў схiлен бачыць усюды самае горшае. "Мусiць у мяне выгляд дзiўны, што яна на мяне так глядзiць". У высокiх ботах, у выцертым плашчы i чорнай кепцы з гузiкам наверсе, ён рашуча зрабiў колькi крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпiльнейшую справу. Пячаць асцярогi лягла на дзяўчынiн твар. "Яна мусiць хацела адпачыць адна - i далей у сваю дарогу". Але было позна ўжо моўчкi прайсцi паўз яе.
- А вы далёка куды едзеце?
- А я i сама не ведаю, цi гэта далёка адсюль, цi блiзка.
- Дзе гэта?
- Туды, за Бабруйскам, у бок Гомеля. ("Не, яна вельмi ахвотна i ветлiва гаворыць".) Ужо з учарашняй ранiцы ў дарозе.
- Вы дадому едзеце цi з дому?
Ён бачыў: яна як бы сумелася. Перш за ўсё яна сапраўды ўпала ў задуму. Яна думала над тым, што зараз скажа. Гэта было не зусiм звычайна. Пасярод дарогi, упершыню, на адну можа хвiлiну, яна ўбачыла незнаёмага ёй Няваду. Тут бы абы-што адказаць, таксама як i ён абы-што пытае. А яна думае. "Чыстая, справядлiвая душа, яна цэнiць сваё слова". Нявада аж ступiў яшчэ крок блiжэй.
- Я-то еду дадому, але таксама i з дому... Я еду з дому да бацькi.
- А дзе ж ваш бацька жыве?
- Дома.
- А вы едзеце да яго з дому?
- З дому.
- Гм... значыцца...
Слова за словам, маўчанне пасля слова i перад iм, яна расказала яму гiсторыю, i хто яго ведае, больш тут было суму цi радасцi? Калiсьцi даўно, калi яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставiў сабе новую хату на панскай зямлi i з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыi, i ён сюды пайшоў i жыў па гэты бок гранiцы, а хатаю заўладаў пан. Калi скончылася i гэтая гранiца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволi мець адзiн дом, а тым больш панскiя пакоi, i не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калiсьцi простымi людзьмi.
- Гэта пан сам да гэтага дадумаўся цi гэтак навучылi яго, як цанiць чалавечае шчасце? - панура запытаў Нявада. "Як яна гаворыць, як бы з жорсткай насмешкай".
- Гэтай праўдзе пана навучылi.
Адным словам, бацька яе мае цяпер i тую хату, што ставiў у маладосцi, i тую, у якой тут жыў. А яна ж з першага года свайго жыцця два дзесяткi год пражыла без бацькi.
- Значыцца, i ў твайго бацькi ўкралi тваё маленства?
- А чыйго бацьку яшчэ так абакралi?
- Бацьку мае дачкi.
- Значыцца - вас?
Яна ўстала i з сумнай усмешкай глядзела на яго.
- З тае хаты едзеш у гэтую?
- У гэтую.
- Бацьку бачыла ўжо?
- Ужо мы пазнаёмiлiся.