- Я ўсё ўмею рабiць, - адказаў ён.
- Тады акажы нам паслугу i скажы, чаму дрэва ў нашым горадзе раней давала залатыя яблыкi, а цяпер на iм нават i лiсцяў няма.
- Гэта я вам растлумачу, - адказаў ён, - толькi пачакайце, пакуль я назад вярнуся.
Пайшоў ён далей i прыйшоў да вялiкай ракi, i трэба было яму цераз тую раку пераправiцца. Перавозчык спытаў у яго, якое рамяство ён ведае i што ўмее рабiць.
- Я ўсё ўмею рабiць, - адказаў ён.
- Тады акажы мне паслугу, - сказаў перавозчык, - растлумач мне, чаму я павiнен увесь час займацца перавозам i нiхто мяне нiколi не зменiць?
- Я гэта табе растлумачу, - адказаў ён, - толькi пачакай, пакуль я назад вярнуся.
Пераправiўся ён цераз раку i адшукаў уваход у апраметную. А было там чорна-чорна i сажай усё пакрыта, а чорта на той час дома не аказалася, i толькi сядзела там яго бабуля ў шырокiм, вялiкiм крэсле.
- Што табе патрэбна? - спытала яна ў яго, i падалася яна яму не такой ужо сярдзiтай.
- Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, адказаў ён, - а не - дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.
- Аднак жа ты багата патрабуеш, - сказала яна, - калi чорт вернецца дамоў i ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваiм расквiтацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу - можа, чым i змагу табе дапамагчы. - I яна ператварыла яго ў мураша i сказала: - Залезь у складкi маёй спаднiцы, там будзе табе бяспечна.
- Ды гэта ж добра, - адказаў юнак, - але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытаннi: чаму фантан, з якога раней струменiлася вiно, цяпер вычарпаўся i нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якiм раней раслi залатыя яблыкi, цяпер нават лiсцяў няма; i чаму павiнен перавозчык увесь час перавозiць з берага на бераг i нiхто яго нiколi не зменiць?
- Гэта пытаннi цяжкiя, - адказала бабка, - але ты сядзi цiха i слухай уважлiва, што скажа чорт, калi я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.
Вось надышоў вечар, i вярнуўся чорт дамоў. Толькi зайшоў ён i, бачна, адразу ж прыкмецiў, што паветра чамусьцi нячыстае.
- Чую, чую мяса чалавечае! - сказаў ён. - Тут штосьцi нядобрае. - Ён зазiрнуў ва ўсе куткi, пачаў шукаць i абшнарваць, але знайсцi нiчога не мог.
Тут пачала бабуля яго лаяць.
- Ды скрозь толькi што падмецена, - кажа, - i ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскiдваеш, - вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.
Паеў ён i папiў, - вiдаць, моцна стамiўся, - i схiлiў галаву на каленi бабулi i папрасiў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп i захроп. Схапiла тады бабуля адзiн залаты волас, вырвала яго i паклала яго каля сябе.
- Ой! - ускрыкнуў чорт. - Ты што робiш?
- Ды гэта мне дурны сон прыснiўся, - адказала чортава бабуля, - вось я i схапiла цябе за валасы.
- Што ж табе такое прыснiлася? - пытаецца чорт.
- Прыснiўся мне фантан на рыначным пляцы, бiла з яго раней вiно, а цяпер перасох, i нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?
- Эх, калi б ведалi яны! - адказаў чорт. - Там сядзiць жаба пад каменем, калi яе забiць, то вiно пацячэ зноўку.
Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў i так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалi. I вырвала яна ў яго другi волас.
- Ух! Ды што гэта ты робiш? - ускрыкнуў разгневаны чорт.
- Ты не злуйся, - адказала яна, - гэта я спрасонку.
- А што ж табе зноў прыснiлася? - пытаецца ён.
- Ды прыснiлася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкi, а цяпер нават лiсцяў на ёй няма. Якая прычына таму?
- Эх, калi б яны ведалi! - адказаў чорт. - Яе каранi мыш падтачвае; калi яе забiць, будзе зноў яна радзiць залатыя яблыкi, а будзе мыш i далей грызцi каранi, то i зусiм яна засохне. Але пакiнь ты мяне ў спакоi са сваiмi снамi! Калi ты яшчэ раз перашкодзiш мне спаць, атрымаеш аплявуху.
Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць i ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў i не захроп. Тады яна схапiла трэцi волас i вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправiцца, але яна зноў яго супакоiла i сказала:
- Што з дурнымi снамi зробiш!
- Ды што ж табе прыснiлася? - спытаў ён з цiкаўнасцю.
- Снiўся мне перавозчык; скардзiўся ён, што павiнен перавозiць з берага на бераг i нiхто нiколi яго не зменiць. Якая прычына таму?
- Эх, дурань жа ён! - адказаў чорт. - Калi хто падыдзе, каб цераз раку пераправiцца, няхай дасць ён яму ў рукi шост, - вось i павiнен будзе другi стаць перавозчыкам, а ён вызвалiцца.
Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы i атрымаўшы адказ на ўсе тры пытаннi, пакiнула старога чорта ў спакоi, i ён праспаў да самай ранiцы.
Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спаднiцы мураша i вярнула шчаслiўцу зноў яго чалавечы воблiк.
- Вось табе тры залатыя валасы, - сказала яна, - а што адказаў чорт на твае тры пытаннi, ты, бадай, i сам ужо чуў.
- Але, - адказаў шчаслiвец, - я ўсё чуў i добра запомнiў.
- Ну, вось я табе i дапамагла, - сказала яна, - а зараз iдзi сваёй дарогай.
Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла i быў задаволены, што ва ўсiм яму так пашчасцiла. Прыйшоў ён да перавозчыка i павiнен быў даць яму абяцаны адказ.
- Спярша перавязi мяне на той бераг, - сказаў шчаслiвец, - тады я табе скажу, як вызвалiцца. - I калi яны пераправiлiся на другi бераг, ён даў яму чортаву параду: - Калi хто падыдзе зноў да берага i папросiць яго перавезцi, ты сунь яму шост у рукi.
Пайшоў ён далей i прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва i дзе гарадскi брамнiк таксама чакаў адказу. I сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: "Забiце мыш, якая грызе каранi дрэва, i яно зноў будзе радзiць залатыя яблыкi". Падзякаваў яму брамнiк i даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якiя павiнны былi iсцi за iм.
Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў бiць фантан. I ён перадаў брамнiку тое, што параiў чорт: "Трэба знайсцi жабу, - а яна сядзiць пад каменем у фантане, - i яе забiць, i зноў зацурчыць з фантана вiно". Падзякаваў яму брамнiк i даў таксама двух наўючаных золатам аслоў.
Нарэшце шчаслiвец вярнуўся дамоў да сваёй жонкi, i яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла i даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдалося. I ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, - тры залаты валасы з галавы чорта; i калi ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў i зусiм задаволены i сказаў:
- Цяпер усе ўмовы выкананы, - няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькi золата? Бо гэта ж багацце немалое!
- Ды перапраўляўся я цераз раку, - адказаў ён, - i ляжала яно, быццам пясок на беразе, я i забраў яго з сабой.
- А цi нельга мне яго здабыць? - спытаў кароль, i адолела яго вялiкая сквапнасць.
- Ды колькi вам будзе заўгодна! - адказаў шчаслiвец. - Ёсць на той рацэ перавозчык, вы папрасiце яго перавезцi вас на другi бераг, а там ужо i наб'еце сабе поўныя мяшкi золатам.
I адправiўся прагны кароль спехам у шлях-дарогу, прыбыў да ракi i даў знак перавозчыку, каб той перавёз яго. Пад'ехаў перавозчык i прапанаваў яму сесцi ў лодку, i калi пад'ехалi яны да другога берага, сунуў той яму ў рукi свой шост, а сам выскачыў з лодкi.
I з таго часу вымушаны быў кароль у пакаранне за свае грахi зрабiцца перавозчыкам.
- Што ж, перавозiць ён яшчэ i дагэтуль?
- А то як жа! Бо нiхто шаста з рук у яго не возьме.
ХРАБРЫ КРАВЕЦ
Аднойчы, летнiм ранкам, сядзеў кравец ля акна, прымасцiўшыся на стале, дзе звычайна шыў; было яму добра i весела, а таму шыў ён хутка. А ў гэты час якраз iшла вулiцай сялянка i гучна гукала: "Цудоўнае варэнне прадаю! Цудоўнае варэнне прадаю!" Краўцу спадабалiся такiя словы i ён, выцягнуўшы тонкую шыю, крыкнуў жанчыне з акна:
- Заходзь сюды, галубка, наверх, тут свой тавар хутка збудзеш!
Жанчына з цяжкiм кошыкам узнялася да краўца на трэцi паверх, а тады пачала выстаўляць перад iм ды развязваць слоiкi. Кравец агледзеў iх, патрымаў у руках кожны, прыкiнуў, панюхаў, пацмокаў, ды нарэшце кажа:
- Варэнне i сапраўды добрае. То адваж мне, галубка, чатыры лоты, а то, мабыць, i ўсе чатыры фунты забяру.
Жанчына, якая з самага пачатку спадзявалася збыць тут багата свайго тавару, прадала краўцу столькi, колькi ён папрасiў, i пайшла, незадаволена нешта мармычучы.
- Ну, дзякаваць Богу за такое варэнне, - сказаў кравец, - i няхай ён пашле мне бадзёрасцi ды сiлы! - З такiмi словамi выняў ён з шафкi хлеб, адкроiў ладную лусту, густа намазаў яе варэннем.
- Вядома ж, будзе смачна, - сказаў кравец, - аднак, мабыць, перш дашыю куртку, а тады ўжо як след падмацуюся.
Ён паклаў лусту каля сябе ды зноў прыняўся за працу. Ад радасцi пачаў шыць вялiкiмi шыўкамi. Пах духмянага варэння тым часам вiтаў па ўсiм пакоi, i процьма мух, якая дасюль драмала на сцяне, адразу ажыла, адчуўшы смачную слодыч, ды гулкiм роем завiлася над хлебам.
- Гэй, вы, я вас не клiкаў сюды! - абурыўся кравец i пачаў адганяць нязваных гасцей.
Але мухi не ведалi нямецкай мовы, таму не слухалiся, наадварот, iх яшчэ больш паналятала. Тут, як кажуць, у краўца цярпенне лопнула, ён моцна раззлаваўся, замiтусiўся, схапiў суконку ды з крыкам: "Вось я зараз вам пакажу!" - з усяе сiлы хлопнуў па мухах. Узняў ён суконку, глянуў на стол, палiчыў - перад iм ляжала, павыцягваўшы ногi, не менш сямi забiтых насякомых. "Вось якi я малайчына! - сказаў ён ды сам падзiвiўся з уласнай храбрасцi. Трэба, каб пра гэта ўвесь горад даведаўся".
Тут кравец хуценька выкраiў пояс, абмятаў яго i вышыў на iм вялiкiмi лiтарамi: "Паклаў семярых адным махам". "Ды што горад, - памеркаваў ён далей, - увесь свет павiнен пра тое даведацца!" - i сэрца краўцова, як той бараннi хвосцiк, затрапяталася ад непамернай радасцi.
Падперазаўся кравец поясам i сабраўся выправiцца ў белы свет, палiчыўшы, што кравецкая майстэрня занадта цесная для яго храбрасцi. Але перш чым выправiцца ў шлях-пуцявiну, ён пачаў шукаць па ўсiм доме, цi няма чаго такога, што можна было б з сабой прыхапiць, але нiчога не знайшоў, акрамя кавалка старога сыру, i ўзяў яго з сабой. Ля брамкi ён прыкмецiў птушку, якая нiяк не магла выбавiцца з густога голля; ён злавiў яе i разам з сырам сунуў у кiшэнь. А тады ўжо рушыў у дарогу. Быў ён хуткi i жвавы i стомы не адчуваў. Шлях неўзабаве прывёў яго да гары, i калi ён узабраўся на вяршыню, то ўбачыў там вялiзнага велiкана, якi сядзеў ды спакойна пазiраў вакол сябе. Кравец рашуча наблiзiўся да яго i гукнуў:
- Дзень добры, шаноўны, ты чаго тут рассеўся ды пазiраеш вакол? Я вось iду ў белы свет вандраваць, хачу шчасце знайсцi, можа, i ты са мною пойдзеш?
Велiкан пагардлiва глянуў на краўца i адказаў:
- Эх ты, нiкчэмны абарванец!
- Як бы не так! - не пагадзiўся кравец, а тады расшпiлiў куртку i паказаў велiкану новы пояс, - вось, сам можаш прачытаць, што я за чалавек!
Велiкан прачытаў: "Пабiў семярых адным махам" - ды падумаў, што гаворка iдзе пра людзей, якiх забiў кравец, i адчуў да гэтага малога чалавека крыху павагi. Але яму перш захацелася праверыць яго. Ён узяў камень у руку i сцiснуў яго так, што з таго вада пацякла.
- Вось i ты паспрабуй гэтак, - сказаў велiкан, - калi сiлы ў цябе хопiць.
- I гэта ўсё? - праўдзiва здзiвiўся кравец. - Для мяне гэта нiчога не значыць! - I ён засунуў у кiшэнь, выняў адтуль кавалак сыру, сцiснуў яго так, што ажно сок пацёк.
- Ну, што, - сказаў ён, - мабыць, лепш, чым у цябе, атрымалася?
Велiкан не ведаў, што i адказаць, - ад малога чалавека ён нiяк не чакаў такога. Падняў тады велiкан камень i шпурнуў угору, ды так высока, што той нават знiк з вачэй.
- А цяпер, качаня, ты паспрабуй.
- Ну, што ж, кiнуў няблага, - сказаў кравец, - але ж камень зноў на зямлю ўпаў; а я вось кiну, то назад не вернецца. - I ён зноў засунуў руку ў кiшэнь, выняў птушку i падкiнуў яе ўгору. Птушка, адчуўшы свабоду, узрадавалася, узляцела, паднялася высока ў неба i назад ужо не вярнулася.
- Як табе, дружа, гэта падабаецца? - спытаў кравец.
- Кiдаць ты ўмееш добра, - пачухаў патылiцу велiкан, - але, паглядзiм, цi зможаш ты панесцi вялiкi цяжар. - I ён падвёў краўца да вялiзнага дуба, што ляжаў на зямлi, а пасля кажа: - Калi ты дужы, то дапамажы мне выцягнуць дрэва з лесу.
- Чаму ж не, - адказаў маленькi чалавек, - ты ўзвалi камель сабе на плечы, а я падыму i панясу галiны, - гэта куды цяжэй.
Велiкан ускiнуў камель на плечы, а кравец усеўся на адну галiну; давялося велiкану, якi анiяк не мог азiрнуцца назад, валачы ўсё дрэва, а ў дадатак i краўца. Ад гэтага маленькаму чалавеку зрабiлася весела i ён пачаў насвiстваць вясёлую песеньку: "Трое краўцоў пад'язджалi да крамы...", нiбыта цягнуць гэта вялiзнае дрэва для яго дзiцячая забава.
Працягнуў велiкан цяжкую ношу недалёка, стамiўся, задыхаўся i нарэшце знямогла выгукнуў:
- Паслухай, братка, а дрэва мне давядзецца кiнуць.
Тут кравец жвава саскочыў з галiны, абхапiў дрэва абедзвюма рукамi, быццам дагэтуль нёс яго, i адказаў волату:
- Ты гэткi вялiкi, а дрэва выцягнуць з лесу не змог.
Пайшлi яны далей разам. Iдуць каля высокай вiшнi, велiкан хапiў яе за вершалiну, дзе пунсавелi самыя спелыя i сакаўныя ягады, нагнуў унiз, перадаў яе краўцу i пачаў маленькага чалавека частаваць. Але кравец быў слабы ад прыроды, утрымаць вершалiну не змог, i, калi велiкан адпусцiў яе, дрэва паднялося i кравец узляцеў разам з галiнамi ў паветра. Ён упаў на зямлю, а велiкан тады яму i кажа:
- Што ж гэта ты, няўжо не хапiла сiлы, каб утрымаць галiну.
- Сiлы-то ў мяне хапiла, - адказаў кравец, - цi ты думаеш, што гэта цяжка чалавеку, хто пабiў семярых адным махам? А гэта я праз дрэва пераскочыў, бо знiзу паляўнiчыя страляюць па кустах. А вось ты скокнi гэтак, калi, вядома, зможаш.
Велiкан паспрабаваў, але праз дрэва пераскочыць не змог i павiснуў на галiнах, з чаго вынiкала, што i на гэты раз кравец меў верх.
Тады сказаў велiкан:
- Калi ты такi смелы, то пойдзем разам са мной у нашу пячору, там i заначуем.
Кравец згадзiўся i пакiраваў следам за велiканам. Наблiзiлiся яны да пячоры, глядзiць кравец - а там сядзяць ля вогнiшча яшчэ некалькi велiканаў, i кожны з iх трымае ў руках па смажанай авечцы, i кожны сiлкуецца, прыцмокваючы. Агледзеўся кравец i падумаў: "А тут больш прасторна, чым у маёй майстэрнi". Велiкан паказаў яму на ложак i сказаў, каб ён прылёг i як след выспаўся. Тая пасцель была для краўца задужа вялiкая, i ён прымасцiўся нанач з самага краю, забраўшыся ў вугал. Наблiзiлася ноч, i велiкан, падумаўшы, што кравец заснуў глыбокiм сном, узяў вялiзны жалезны лом i адным махам распалавiнiў ложак, толькi трэскi пасыпалiся. Вядома ж, падумаў, што гэту кузурку знiшчыў.
Ранiцай велiканы пайшлi ў лес, а пра краўца забылiся, i раптам ён выходзiць iм насустрач, вясёлы i бесклапотны. Тут велiканы перапалохалiся, падумалi, што ён усiх iх зараз пераб'е, а таму кiнулiся наўцёкi. А кравец пакiраваў далей куды вочы глядзяць. Доўга ён вандраваў, нарэшце прыйшоў у двор каралеўскага палаца i, адчуўшы, што стамiўся, прылёг на траву ды моцна заснуў. Пакуль ён спаў, падышлi людзi, пачалi яго з усiх бакоў разглядаць. Убачылi пояс i прачыталi на iм надпiс: "Пабiў семярых адным махам".
- Ого! - падзiвiлiся яны, - i што ён хоча, гэты храбры воiн, тут, у мiрную пару? Мабыць, гэта дужа важны чалавек.
Яны пайшлi i паведамiлi пра вандроўнiка каралю, мяркуючы, што на выпадак вайны гэткi воiн будзе тут вельмi патрэбен. Такiя думкi каралю спадабалiся, i ён паслаў да краўца аднаго са сваiх прыдворных, каб той угаварыў прышэльца паступiць да караля на вайсковую службу.
Пасланец падышоў да краўца i пачаў цярплiва чакаць пакуль той не расплюшчыць вочы. А як прачнуўся, пераказаў каралеўскае даручэнне.
- Я для таго сюды i з'явiўся, - весела адказаў кравец. - Што ж, я згодзен паступiць да караля на службу.
Яго прынялi з вялiкай павагай, выдзелiлi пакой для жылля. Але каралеўскiя воiны аднеслiся да краўца насцярожана i надумалi ад яго пазбавiцца. "Што ж з гэтага атрымаецца? - меркавалi яны мiж сабой. - Калi мы з iм выпадкова пасварымся, то ён, чаго добрага, на нас накiнецца i паб'е семярых адным махам. Тут нiхто з нас яго не адолее". I вось яны вырашылi пайсцi да караля ды прасiць у яго адстаўкi.
- Дзе ж нам утрымацца, - сказалi яны, - побач з чалавекам, якi здольны звалiць семярых адным махам?
Засумаваў кароль, што даводзiцца яму з-за аднаго губляць усiх верных слуг, i захацелася яму хутчэй ад краўца пазбавiцца, каб вочы яго больш не бачылi. Але кароль так адразу даць адстаўку новаму воiну не асмелiўся: а што як той раззлуецца ды заб'е яго, а сам сядзе на каралеўскi трон. Доўга думаў кароль, разважаваў i нарэшце вырашыў зрабiць так. Ён паслаў да краўца свайго чалавека i загадаў аб'явiць, што кароль хоча яму, як вялiкаму воiну, зрабiць прапанову.
У адным з лясоў яго каралеўства пасялiлiся два велiканы, сваiмi разбоямi i падпаламi наносяць вялiкi ўрон; i нiхто iх не адолее, нават баяцца наблiзiцца да таго месца, дзе жывуць гэтыя злыднi. Дык вось, калi новы воiн адолее гэтых велiканаў, заб'е iх, то аддасць яму кароль сваю адзiную дачку ў жонкi i паўкаралеўства ў пасаг. Памагаць воiну паедуць сто каралеўскiх коннiкаў.