У джунглях Шэр-Хан пастаянна станавiўся яму ўпоперак дарогi, бо Акела ўсё старэў i слабеў, а кульгавы тыгр за гэты час паспеў пасябраваць з маладымi ваўкамi Сiянiйскай Чарады. Яны хадзiлi за iм па пятах, чакаючы аб'едкаў, чаго Акела не дапусцiў бы, калi б па-ранейшаму меў уладу. А Шэр-Хан лiслiвiў перад ваўчанятамi: ён дзiвiўся, як гэта такiя смелыя маладыя паляўнiчыя дазваляюць камандаваць сабою здыхлi ваўку i чалавечаму дзiцяняцi. "Я чуў, - не раз гаварыў ШэрХан, - быццам на Радзе вы не асмельваецеся паглядзець яму ў вочы". I маладыя ваўкi злосна гыркалi i натапырвалi поўсць.
Багiры, якая ўсё бачыла i ўсё чула, было вядома сёе-тое наконт гэтага, i некалькi разоў яна адкрыта гаварыла Маўглi, што Шэр-Хан заб'е яго калi-небудзь. Але Маўглi толькi смяяўся i адказваў:
- У мяне ёсць Чарада, i ў мяне ёсць ты. Ды i Балу, якi ён нi лянiвы, а можа ж дзеля мяне стукнуць каго-небудзь лапай. Чаго ж мне баяцца?
Быў вельмi спякотны дзень, калi новая думка запала ў галаву Багiры, мусiць, яна пачула што-небудзь. Можа, ёй гаварыў пра гэта дзiкабраз Сахi, але неяк раз, калi яны забралiся разам з Маўглi глыбока ў гушчар лесу i хлопчык улёгся, паклаўшы галаву на прыгожую чорную спiну пантэры, яна сказала яму:
- Маленькi Брат, колькi разоў я гаварыла табе, што Шэр-Хан твой вораг?
- Столькi разоў, колькi арэхаў на гэтай пальме, - адказаў Маўглi, якi, само сабой зразумела, не ўмеў лiчыць. - Ну i што з таго? Мне хочацца спаць, Багiра, а Шэр-Хан - гэта ўсяго толькi доўгi хвост ды гучны голас, накшталт паўлiна Мора.
- Зараз не час спаць!.. Балу гэта ведае, ведаю я, ведае ўся Чарада, ведае нават сама дурны алень. I Табакi табе гэта гаварыў таксама.
- Ха-ха! - сказаў Маўглi. - Табакi прыходзiў да мяне нядаўна, грубiянiў, гаварыў, што я безвалосы шчанюк, не ўмею нават выкопваць земляныя арэхi, але я злавiў яго за хвост i стукнуў разы два аб пальму, каб ён паводзiў сябе больш далiкатна.
- Ты зрабiў кепска: Табакi хоць i баламут, але ведае шмат такога, што датычыцца якраз цябе. Расплюшч вочы, Маленькi Брат. Шэр-Хан не смее забiць цябе ў джунглях, але не забывай, што Акела вельмi стары. Хутка прыйдзе такi дзень, калi ён не здолее забiць буйвала, i тады ўжо не будзе важаком. Тыя ваўкi, што бачылi цябе на Скале Рады, таксама састарылiся, а маладых кульгавы тыгр пераканаў, што чалавечаму дзiцяняцi не месца ў Воўчай Чарадзе. Мiне няшмат часу, i ты станеш чалавекам.
- А што такое чалавек? Хiба яму нельга бегаць са сваiмi братамi? - спытаў Маўглi. - Я нарадзiўся ў джунглях, я слухаўся Закону Джунгляў, i няма нiводнага ваўка ў Чарадзе, у якога я не выцягнуў бы стрэмкi. Усе яны - мае браты!
Багiра выцягнулася на ўвесь рост i заплюшчыла вочы.
- Маленькi Брацiк, - сказала яна, - памацай у мяне пад скiвiцай.
Маўглi працягнуў сваю дужую смуглую руку i на шаўкавiстай шыi Багiры, там, дзе пад блiскучай поўсцю перакочваюцца вялiзныя мускулы, намацаў маленькую лысiнку.
- Нiхто ў джунглях не ведае, што я, Багiра, нашу гэтую метку - след нашыйнiка. Але я нарадзiлася сярод людзей. Маленькi Брат, сярод людзей памерла мая мацi - у звярынцы каралеўскага палаца ва Ўдайпуры. Таму я i заплацiла за цябе выкуп на Радзе, калi ты быў яшчэ маленькiм голым дзiцянём. Так, я таксама нарадзiлася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармiлi за кратамi, з жалезнай мiскi, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я - Багiра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок i ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкi, у джунглях мяне баяцца больш, чым Шэр-Хана. Хiба гэта няпраўда?
- Праўда, - сказаў Маўглi, - усе джунглi баяцца Багiры, усе, апрача Маўглi.
- О, ты - чалавечае дзiцяня, - сказала чорная пантэра вельмi пяшчотна. - I як я вярнулася ў свае джунглi, так i ты павiнен урэшце вярнуцца да людзей, да сваiх братоў, калi толькi цябе не заб'юць на Радзе.
- Але за што камусьцi забiваць мяне? - спытаў Маўглi.
- Зiрнi на мяне, - сказала Багiра.
I Маўглi пiльна паглядзеў ёй у вочы. Вялiкая пантэра не вытрымала i адвярнулася.
- Вось за што, - сказала яна, i лiсце зашамацела пад яе лапай. - Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзiлася сярод людзей i люблю цябе, Маленькi Брат. Другiя цябе ненавiдзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позiрк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у iх стрэмкi з лап, за тое, што ты чалавек.
- Я нiчога гэтага не ведаў, - панура прамовiў Маўглi i насупiў густыя чорныя бровы.
- Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукнi, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасцi яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлiвы i асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калi Акела дасць маху на наступным паляваннi - а яму з кожным разам становiцца ўсё цяжэй i цяжэй забiваць, ваўкi перастануць слухацца яго i цябе. Яны збяруць на Скале Рады Народ Джунгляў, i тады... тады... Я ведаю, што рабiць! - крыкнула Багiра i падхапiлася. - Iдзi хутчэй унiз, у далiну, у хацiны людзей, i дастань у iх Чырвоную Кветку. У цябе будзе тады саюзнiк дужэйшы за мяне, i за Балу, i за тых ваўкоў Чарады, якiя любяць цябе. Дастань Чырвоную Кветку!
Чырвонай Кветкай Багiра называла агонь, бо нiводзiн звер у джунглях не назаве агонь яго сапраўдным iменем. Усе звяры смяртэльна баяцца агню i прыдумваюць сотнi iмёнаў, абы толькi не называць яго сапраўдным iменем.
- Чырвоную Кветку? - сказаў Маўглi. - Яна расце перад хацiнамi на змярканнi. Я дастану яе.
- От гэта гаворыць дзiця чалавека! - з гордасдю сказала Багiра. - Не забудзь, што гэтая кветка расце ў маленькiх гаршках. Раздабудзь яе як мага хутчэй i трымай пры сабе, пакуль яна не спатрэбiцца.
- Добра! - сказаў Маўглi. - Я iду. Але цi ўпэўнена ты, о мая Багiра, - ён абвiў рукою яе цудоўную шыю i зазiрнуў глыбока ў вялiкiя вочы, - цi ўпэўнена ты, што ўсё гэта хiтрыкi Шэр-Хана?
- Так, клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, Маленькi Брат!
- Тады клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, я заплачў за гэта Шэр-Хану спаўна, а можа, нават i з лiшкам, - сказаў Маўглi i памчаўся прэч.
"Вось чалавек! У гэтым вiдаць чалавек, - сказала сама сабе Багiра i легла зноў. - О Шэр-Хан, не ў добрую часiну надумаўся ты паляваць на Жабянятка дзесяць гадоў назад!"
А Маўглi быў ужо далёка-далёка ў лесе. Ён бег з усiх ног, i сэрца ў iм палала. Ён дабег да пячоры, калi ўжо слаўся вячэрнi туман. Маўглi спынiўся, каб адсапцiся, i паглядзеў унiз, у далiну. Ваўчанят не было дома, але Мацi Ваўчыха па дыханнi свайго Жабяняцi зразумела, што Маўглi нечым усхваляваны.
- Што здарылася, сынок? - спытала яна.
- Шэр-Хан, нiбы кажан, разносiць плёткi, - абазваўся ён. - Я iду сёння на паляванне на ўзараныя палеткi.
I ён рынуўся ўнiз, праз кусты, да ракi на дне далiны, але адразу спынiўся, бо пачуў выццё Чарады, якая выйшла на паляванне. Ён пачуў i стогн загнанага аленя, i яго пырханне, калi алень павярнуўся, каб абараняцца. Потым пачулася злоснае, лютае дзяўканне маладых ваўкоў:
- Акела! Акела! Няхай воўк-адзiнец пакажа сваю сiлу! Дарогу Важаку Чарады! Скачы, Акела!
Мусiць, воўк-адзiнец скочыў i прамахнуўся, бо Маўглi пачуў, як ляснулi яго зубы, i кароткi вiск, калi алень збiў Акелу з ног пярэднiм капытом.
Маўглi больш не чакаў, а кiнуўся бегма ўперад. Неўзабаве пачалiся засеяныя палеткi, дзе жылi людзi, i выццё ззаду ў яго чулася ўсё слабей i слабей, усё больш глуха i глуха.
- Багiра казала праўду, - прашаптаў ён, задыхаючыся, i скруцiўся ў клубок на кучы травы пад акном хацiны. - Заўтра рашаючы дзень i для мяне i для Акелы.
Потым, прытулiўшыся тварам да акна, ён пачаў глядзець на агонь у ачагу. Ён бачыў, як жонка аратага ўставала ўночы i падкладвала ў агонь нейкiя чорныя кавалкi, а калi надышла ранiца i над зямлёй папоўз халодны беды туман, ён убачыў, як дзiця ўзяло аплецены гаршчок, абмазаны знутры глiнаю, напоўнiла яго вугалямi i, накрыўшы коўдрай, пайшло кармiць жывёлу ў хляве.
- I ўсяго толькi? - сказаў Маўглi. - Калi нават такое малое гэта ўмее, дык баяцца няма чаго.
I ён павярнуў за вугал, насустрач хлопчыку, выхапiў гаршчок у яго з рук i знiк у тумане, а хлопчык заплакаў з перапуду.
- Людзi вельмi падобныя на мяне, - сказаў Маўглi i пачаў раздзьмухваць вугалi, як гэта рабiла жанчына. - Калi Чырвоную Кветку не кармiць, яна памрэ. - I Маўглi накiдаў галiнак i кавалачкаў сухой кары на чырвонае вуголле.
На паўдарозе пад гару ён сустрэў Багiру. Ранiшняя раса паблiсквала на яе шкуры, нiбы месячныя каменьчыкi.
- Акела прамахнуўся, - сказала яму пантэра. - Яны забiлi б яго ўчора ўночы, але iм патрэбен яшчэ i ты. Яны шукалi цябе на ўзгорку.
- Я быў на ўзараных палетках. Я гатовы. Глядзi! - Маўглi падняў над галавою гаршчок з вугалямi.
- Добра! Вось што: мне даводзiлася бачыць, як людзi соваюць туды сухую галiну, i на яе канцы расцвiтае Чырвоная Кветка. Ты не баiшся?
- Не! Чаго мне баяцца? Цяпер я прыпамiнаю, калi толькi гэта не сон: як я яшчэ не быў ваўком, я часта ляжаў каля Чырвонай Кветкi, i мне было добра i цёпла.
Увесь гэты дзень Маўглi правёў у пячоры; ён пiльнаваў гаршчок з агнём i соваў у яго сухiя галiнкi, правяраючы, што атрымаецца. Ён знайшоў такую галiну, якою застаўся задаволены, i ўвечары, калi Табакi падышоў да пячоры i вельмi груба сказаў, што Маўглi патрабуюць на Скалу Рады, ён засмяяўся i смяяўся гэтак доўга, што Табакi ўцёк. Тады Маўглi, усё яшчэ смеючыся, падаўся на Раду.
Акела, воўк-адзiнец, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што месца важака Чарады вольнае, а Шэр-Хан са зграяй сваiх прыхвасняў разгульваў узад i ўперад, яўна задаволены. Багiра ляжала побач з Маўглi, а Маўглi трымаў памiж каленяў гаршчок з вугалямi. Калi ўсе сабралiся, Шэр-Хан пачаў гаварыць, на што ён нiколi б не адважыўся, калi б Акела быў у росквiце сiлы.
- Ён не мае права! - шапнула Багiра. - Так i скажы. Ён сабачы сын, ён спалохаецца.
Маўглi ўсхапiўся на ногi.
- Вольны Народ! - крыкнуў ён. - Хiба Шэр-Хан Важак Чарады? Хiба тыгр можа быць нашым важаком?
- Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасiлi гаварыць... - пачаў Шэр-Хан.
- Хто цябе прасiў? - сказаў Маўглi. - Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мяснiком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.
Пачулiся крыкi:
- Маўчы, чалавечае дзiцяня!
- Не, няхай гаворыць! Маўглi захоўваў наш Закон!
I нарэшце старыя гыркнулi:
- Няхай гаворыць Мёртвы Воўк!
Калi Важак Чарады выпусцiў сваю здабычу, яго называюць Мёртвым Ваўком да самай смерцi, якой не даводзiцца доўга чакаць.
Акела нехаця падняў сiвую галаву:
- Вольны Народ i вы, шакалы Шэр-Хана! Дванаццаць гадоў я вадзiў вас на паляванне i з палявання, i за гэты час нiводзiн з вас не трапiў у пастку i не быў пакалечаны. А цяпер я прамахнуўся. Вы ведаеце, як гэта было падстроена. Вы ведаеце, што мне падвялi свежага аленя для таго, каб мая слабасць стала вiдавочнай. Гэта было ўмела зроблена. Вы маеце права забiць мяне тут, на Скале Рады. I таму я пытаюся: хто з вас падыдзе i прыкончыць ваўка-адзiнца? Паводле Закону Джунгляў я маю права патрабаваць, каб вы падыходзiлi па адным.
Настала доўгае маўчанне. Нiводзiн воўк не асмельваўся распачаць смяртэльны бой з Акелам.
Потым Шэр-Хан зароў:
- Навошта нам гэты бяззубы дурань? Ён i так памрэ! А вось чалавечае дзiцяня зажылося на свеце. Вольны Народ, яно з самага пачатку было маёй здабычай. Аддайце яго мне. Мне агiдна бачыць, што ўсе вы быццам страцiлi розум з iм. Яно дзесяць гадоў баламуцiла джунглi. Аддайце яго мне, iнакш я заўсёды буду паляваць тут, а вам не пакiну нават голай косткi. Яно чалавек i дзiця чалавека, i я ўсiм сэрцам ненавiджу яго!
Тады больш за палову Чарады завыла:
- Чалавек! Чалавек! Навошта нам чалавек! Няхай iдзе да сваiх!
- I ўзнiме супраць нас усiх людзей у вёсках! - крыкнуў Шэр-Хан. - Не, аддайце яго мне! Гэта чалавек, i нiхто з нас не асмельваецца глядзець яму ў вочы.
Акела зноў падняў галаву i сказаў:
- Ён еў разам з намi. Ён спаў разам з намi. Ён заганяў для нас дзiчыну. Ён нi разу не парушыў Закону Джунгляў.
- Мала таго: калi яго прымалi ў Чараду, у плату за яго я аддала буйвала. Буйвал каштуе не дужа шмат, але гонар Багiры, магчыма, каштуе таго, каб за яго бiцца, - правуркатала Багiра сама мяккiм голасам.
- Буйвал, аддадзены дзесяць гадоў назад! - агрызнулася Чарада. - Што нам да костак, якiм ужо дзесяць гадоў?
- Або да таго, каб трымаць сваё слова? - сказала Багiра i ашчэрыла белыя зубы. - Нездарма вы называецеся Вольным Народам!
- Нiводная чалавечае дзiцяня не можа жыць з Народам Джунгляў! - завыў Шэр-Хан. - Аддайце яго мне!
- Ён наш брат па ўсiм, апрача крывi, - гаварыў далей Акела, - а вы хочаце забiць яго тут! I праўда, зажыўся я на свеце! Адны з вас нападаюць на свойскую жывёлу, а другiя, падвучаныя Шэр-Ханам, як я чуў, бадзяюцца цёмнай ноччу па вёсках i крадуць дзяцей з парогаў хацiн. Таму я ведаю, што вы баязлiўцы, i да баязлiўцаў звяртаюся цяпер. Я хутка памру, i жыццё маё не мае цаны, а не - дык я аддаў бы яго за жыццё чалавечага дзiцяняцi. Але дзеля гонару Чарады, пра якi вы паспелi забыцца без важака, я абяцаю вам, што не ўкушу вас нi разу, як прыйдзе мой час памiраць, калi толькi вы дасце чалавечаму дзiцяняцi спакойна пайсцi да сваiх. Я памру без бою. Гэта ўратуе для Чарады не менш чым тры жыццi. Больш я нiчога не магу зрабiць, але, калi хочаце, пазбаўлю вас ад ганьбы - забiць брата, за якiм няма вiны, брата, якога прынялi ў Чараду, паводле Закону Джунгляў.
- Ён чалавек!.. Чалавек!.. Чалавек! - завыла ўся Чарада.
I больш за палавiну Чарады перабегла да Шэр-Хана, якi пачаў паляпваць па зямлi хвастом.
- Цяпер усё ў тваiх руках, - сказала Багiра Маўглi. - Мы цяпер можам толькi бiцца.
Маўглi выпрастаўся на ўвесь рост, з гаршком у руках. Потым разгарнуў плечы i пазяхнуў проста ў твар Радзе, але ў душы ён быў сам не свой ад злосцi i гора, бо ваўкi, па сваёй воўчай звычцы, нiколi не гаварылi Маўглi, што ненавiдзяць яго.
- Слухайце, вы! - крыкнуў ён. - Увесь гэты сабачы брэх непатрэбны. Вы столькi разоў гаварылi мне сёння, што я чалавек (а з вамi я на ўсё жыццё застаўся б ваўком), што я i сам адчуў праўду вашых слоў. Я стану называць вас не братамi, а сабакамi, як i належыць чалавеку. Не вам гаварыць, чаго вы хочаце i чаго вы не хочаце, - гэта мой клопат! А каб вам лепей было вiдаць, я, чалавек, прынёс сюды Чырвоную Кветку, якой вы, сабакi, баiцеся.
Ён шпурнуў на зямлю гаршчок, гарачыя вугалi падпалiлi сухi мох, i ён загарэўся яркiм полымем. Уся Рада адскочыла назад перад языкамi полымя. Маўглi сунуў у агонь сухi сук, так што дробныя галiнкi ўспыхнулi i затрашчалi, потым закруцiў iм над галавой, разганяючы натапыраных ад страху ваўкоў.
- Ты - гаспадар становiшча, - сказала Багiра шэптам. - Выратуй Акелу ад смерцi. Ён заўсёды быў табе сябрам.
Акела, пануры стары воўк, якi нiколi ў жыццi не прасiў лiтасцi, цяпер з мальбою зiрнуў на Маўглi, а той стаяў у святле ад палаючай галiны, увесь голы, з растрапанымi на плячах доўгiмi чорнымi валасамi, i ценi скакалi i мiтусiлiся вакол яго.
- Так! - сказаў Маўглi, павольна азiраючыся навокал. - Бачу, што вы сабакi. Я iду ад вас да свайго народа - калi гэта мой народ. Джунглi цяпер не для мяне, я павiнен забыць вашу мову i вашу дружбу, але я ўсё ж буду больш лiтасцiвы, чым вы. Я быў вашым братам ва ўсiм, апрача крывi, i таму абяцаю вам, што, калi стану чалавекам сярод людзей, я не здраджу вам перад людзьмi, як вы здрадзiлi мне.
Ён пiхнуў вогнiшча нагой, i ўгору паляцелi iскры.
- Памiж намi, ваўкамi адной Чарады, не будзе вайны. Аднак, перш чым пайсцi, трэба заплацiць доўг, - дадаў ён.
Маўглi падышоў блiжэй да таго месца, дзе сядзеў Шэр-Хан, няўцямна мiргаючы на агонь, i схапiў яго за кутасiк на падбародку. Багiра падалася за iм на ўсякi выпадак.
- Устань, сабака! - крыкнуў Маўглi. - Устань, калi гаворыць чалавек, а то я падсмалю табе шкуру!
Шэр-Хан прыцiснуў вушы да галавы i заплюшчыў вочы, бо палаючы сук быў вельмi блiзка.
- Гэты забойца жывёлы гаварыў, што заб'е мяне на Радзе, бо не паспеў забiць мяне ў маленстве... Вось так i вось так мы б'ём сабаку, калi становiмся людзьмi. Варухнi толькi вусам, Кульгавы, i я заганю табе ў горла Чырвоную Кветку.
Ён бiў Шэр-Хана па галаве палаючай галiнай, i тыгр скуголiў i стагнаў ад смяртэльнага страху.
- Фэ! Цяпер iдзi прэч, смаленая кошка! Але памятай: калi я наступны раз прыйду на Скалу Рады, я прыйду са шкурай Шэр-Хана на галаве... Цяпер вось што, Акела вольны жыць, дзе яму хочацца. Вы яго не заб'яце, бо я гэтага не хачу. Не думаю таксама, што вы доўга яшчэ будзеце сядзець тут, высалапiўшы языкi, нiбы важныя асобы, а не сабакi, якiх я ганю прэч, вось так! Вон, вон!
Канец сука раз'юшана палаў. Маўглi раздаваў удары направа i налева па крузе, а ваўкi разбягалiся з выццём, несучы на сваёй шкуры гарачыя iскры. Пад канец на скале засталiся толькi Акела, Багiра i, можа, дзесятак ваўкоў, што перайшлi на бок Маўглi. I тут штосьцi пачало пячы Маўглi знутры, як нiколi ў жыццi не пякло. У яго заняло дух, ён заплакаў, i слёзы пацяклi па яго шчоках.
- Што гэта такое? Што гэта? - гаварыў ён. - Я не хачу iсцi з джунгляў, i я не ведаю, што са мной робiцца. Я памiраю, Багiра?
- Не, Маленькi Брат, гэта толькi слёзы, якiя бываюць у людзей, - адказала Багiра. - Цяпер я ведаю, што ты чалавек i ўжо не дзiцяня больш.. З гэтага часу джунглi не для цябе... Няхай цякуць, Маўглi. Гэта толькi слёзы, усяго толькi слёзы.
I Маўглi сядзеў i плакаў так, быццам сэрца яго разрывалася, бо ён плакаў упершыню ў жыццi.
- Цяпер, - сказаў ён, - я пайду да людзей. Але спачатку я павiнен развiтацца з маёй мацi.
I ён пайшоў да пячоры, дзе Мацi Ваўчыха жыла з Бацькам Ваўком, i плакаў, уткнуўшыся ў яе шкуру, а чацвёра ваўчанят жаласна вылi.
- Вы не забудзеце мяне? - спытаў Маўглi.
- Нiколi, пакуль можам iсцi па следзе! - сказалi ваўчаняты. - Прыходзь да падножжа ўзгорка, як станеш чалавекам, i мы будзем гаварыць з табой або прыйдзем на палеткi i будзем гуляць з табою ўночы.
- Прыходзь хутчэй! - сказаў Бацька Воўк. - О Мудрае Жабянятка, прыходзь хутчэй, бо мы з тваёй мацi ўжо старыя.