АНАТОЛЬ КАЗЛОЎ
Адкуль з'яўляюцца яны...
Аповесць
Колькі сябе памятаю — заўсёды лічу прыступкі: ці падымаюся на чацвёрты паверх у сваю невялічкую кватэру, ці спускаюся ў падземны пераход, метро, скляпенне пад хатай, іду ў госці, забягаю ў крамы, наведваю лазню — паўсюль і заўсёды я іх лічу. Гэта нешта неад’емнае ад мяне. Я размаўляю з кімсьді, думаю аб нечым — і раптам на маім шляху ляжаць ці паўстаюць прыступкі — у галаве ўсё сціхае, а ўнутраны голас разам з нагамі перабірае: а дна, дзве, тры, дваццаць шэсць, сорак адна... Закрадваецца думка, што я павінен быў стаць матэматыкам, а мо і не простым — вялікім матэматыкам.
Я — матэматык. Смяшнейшага анекдота для тых, хто мяне ведае, не прыдумаеш. Ды я і маўчу, не прызнаюся аб здагадцы і навязлівай думцы пра матэматыку. Няхай буду ведаць гэта я адзін. Калі шчыра, іншым разам становіцца крыўдна і да шчымлівасці ў грудзях балюча. Ад чаго? Ды ад таго, што наш велькі сучасны свет страціў для сябе генія матэматыкі — мяне. Каб не крывіць душой, прызнаюся: адзін раз за кілішкам гарэлкі, пасля таго як схадзілі ў лазню, я падзяліўся адкрыццём з былым аднакласнікам, а цяпер урачом санэпідэмстанцыі Юркам Мошкіным. Ен, праўда, не смяяўся, а каўтнуўшы стограмовачку, задумаўся, доўга думаў, паспелі выпіць яшчэ па адной, налілі па наступнай, вось тады ён і спытаў: «А ці не ёкнуўся ты ў дзяцінстве з прыступак? Можа, цёмна было, а можа, паслізнуўся і пракаціўся па прыступках, як па пральнай дошцы?» Тады я змоўчаў, перавёў гаворку на нешта іншае. Бо не было такога. Што я не пры сваёй памяці, а? Ды і не хацелася чуць ад яго парады наконт кансультацыі ў псіхіятра-спецыяліста. Зараз гэта дужа ў модзе. Ледзь што дзе засвярбела, кальнула ў баку ці ёкнула сэрца — бягуць з лямантам да спецыялістаў. А што яны? Глянуць, пашчупаюць, прапішуць валяр’янкі, аспірыну ці анальгіну ды і адправяць дамоў: «Пройдзе. Усё ў вас пройдзе. Не хвалюйцеся, адпачніце».
Во такая ад іх карысць. Яны не болып і не менш як слесары чалавечага цела. А душа? Што такое душа, хачу спытаць я ў вас? Ыгы, разводзіце рукамі. Яе быццам бы няма. А калі некаму дужа карціць — тады шукай яе сам: выварочвай вантробы, перабірай кішкі, вымотвай сухажылле, дабірайся да сэрца. Толькі каму хочацца такі боль трываць? Не, не шмат аматараў душы.
Але, навошта нам гэтая прамудыстыка. Зусім пра іншае карцела расказачь. Дык во, каб неяк вызваліцца ад матэматычнай геніяльнасці, паехаў я ў вёску да бабы Арыны, роднай матулі маёй маці. Там-та ўжо ніякіх прыступак. 3 ганка адразу ўваход у сенцы, а з іх у хату.
I ўсё гэта падзяляе адзін-адзінюсенькі парог. Не буду ж я, пераступаючы яго, увесь час гаварыць: адзін, адзін, адзін. Вар’ят і то не дойдзе да такой мяжы.
Прыкаціў у вёску на пачатку лета. Там-сям, пад вокнамі хат, паўз дарогу, квітнеў яшчэ запознены бэз. Па ўзмежках палёў і агародаў не паспела выгараць ад сонца зеляніва травы, а на прырэчным лузе выцягнуліся яркія крупінкі зязюльчыных слёзак. Дужа любімых кветак маёй малодшай сястры Нінкі. Вёска, нягледзячы на свой доўгі век, здавалася маладой і прыхарошанай. Сабакі і тыя не былі злоснымі, ленавата ляжалі каля веснічак хат і абыякавым позіркам праводзілі мяне, чужынца. Мроістае паветра, якое ўвабрала незлічоныя пахі летняга дня, казытала ў носе і лашчыла зблеклытвар. На дарозе ў шэрым высахлым пяску сярод трэсак і дробнага смецця корпаліся куры. Тут жа, паперад мяне, метраў за дзесяць, незалежна і ганарліва ішлі дзве плямістыя цялушкі з ледзь пазначанымі рагамі на галаве. А на ліпе, перабітай пасярэдзіне маланкай, у буслянцы стаяў бусел і папраўляў сухія галіны, якія вытыркнуліся і вольна пагойдваліся — ці то ад няўлоўнага ветру, а мо і ад цяжару самога бусла.
Ох, вось яна вёска і ніякіх прыступак. Далоў матэматыку, далоў навязлівае лічэнне. Проста глядзець, дыхаць, радавацца і быць шчаслівым. Бо няшчасным тут, у такім месцы, быць немагчыма. Як каму, а мне здаецца менавіта так.
— Авой, дзетка маё прыехала,— баба Арына быццам чакала. Яна стаяла за брамкай, абапёршыся локцем на замшэлыя штыкеціны.— I бліноў я наляпала, Максімачка, чулася мне на твой прыезд, снілася, быццам бы ўсю ноч сватоў з хаты гнала. Во ты і прыкандыбаў, мой любчык. Але, пайшлі ў хату, здарожыўся ж, знацца. Там мне і пра ўсю радзіну раскажаш. Глянь ты, як рассакаталася я,— баба Арына адкрыта ўсміхнулася і, каб не выстаўляць на людзі паўз’едзеныя дзясны, па звычцы, прыкрыла рот карычнявата-попельнай рукой.
У хаце ўсё тое ж, што і пяць, дзесяць гадоў таму. Тут, відаць, час заблытаўся ў старых, парэпаных сценах, у высахлых дубовых і кляновых галінах, якія кожны год мяняе бабуля па кутох хат на Троіцу. А мо час баіцца пераступаць хісткі парожак паміж сенцамі і жылым пакоем. Парог няроўны, шчарбаты, на ім кожную зіму бабуля наколвае смольныя цельпушкі на шчэпкі на распал у печы. А як дыхаецца? Бліны ж са смятанай — цуд!
Дык усе здаровенькія, усе на нагах? Ну то і дзякаваць Богу. I я патроху ківаюся, нічога сябе пачуваю. Толькі спіна, халера б на яе, прыхопіць, тады ўжо паляжу, пакачаюся, яна і ўлашчыцца — адпусціць. Ты еш, слухай мяне і еш. Выгаваруся хоць, а то распёрла ад слоў, як мех-крапіўнік. Змарнелы нейкі ты, Максімачка. Цяперака слабыя пайшлі людзі. Звонку глядзіш, дык, здаецца, здаравенныя, сытыя мужыкі і бабы, а нутро-то ва ўсіх гнілое. Гэта як пні-трухлявікі ў лесе. Паб’юць іх шашалі ўсярэдзіне, і толькі шкарлупіна стаіць і блішчыць, а піхнеш жа нагой — адна трухлядзь і ўзаўецца, аж вочы засціць. Ты ж звонку змарнелы, затое, можа, нутро здаровае і чыстае, як лёд, а, Максімка?
— Ага!
— Тады і добра. Добра тады,— бабуля прымоўкла, аб нечым думае. Пасля, нібы спахапіўшыся, пытаецца: — Можа, хлусіш мне?.. Калі нешта смыліць — прызнайся. Я цябе вылекую за адзін мірг вока. Ніякімі таблеткамі труціць не стану. Слова і зёлкі — во ў чым сіла. Ты так яхідна не ўсміхайся, Максімачка, не гняві сілу, якую не ведаеш, якую не бачыў, ды і вухам не чуў.
— Я што? Я нічога. Наеўся ад пуза, яно вунь праз папругу перавалілася. Так еўшы, не доўга і тлушчам заплысці. Буду што вяпрук кормны. Не, так есці...
— Хто есць, Максімачка, той і цягне. Нездарма ж старыя людзі яшчэ мне, як была я ў дзеўках, гаварылі: «Не пад’ясі — і залатую фурманку аддасі». Тлушчам нашы людзі не заплываюць. Калі чалавек не зломак, рукі на месцы ды вока гаспадарскае, то і няма калі прылегчы ці прысесці. Паўсюль, дзетка, рукі прыкласці трэба. Без гэтага, без клопату і стол пусты будзе, щто тая лысіна ў майго суседа. Дзеда Чупрэя памятаеш? Ну я пра яго лысіну і кажу. Можа б, табе прылегчы трохі, усё ж з дарогі. А я пакуль збегаю шчаўе нашчыпаю. Заўтра халаднік згатуем. Вазьмі падушку на куфры, што ля маёй пасцелі, і прыляж на канапку. Аддышыся, дзетка. Ай-ай-ай, такі змарнелы. Паспі, Максімачка.
Я прылёг. Не паспеў адпусціць на нагавіцах папругу, а сон ужо затуманіў вочы. I снілася мне вялізнаямармуровая лесвіца, халодныя прыступкі якой пачыналіся з цэнтральнай гарадской плошчы нашага гора да і, упёршыся ў пульхныя, што бабуліны бліны, аблокі, хаваліся за імі. Адну за адной пераадольваў я прыступкі, узмакрэла і прыліпла да цела кашуля, сасмягла ў роце, язык, як кавалак свінца, ледзь варочаўся ў роце. Налічыўшы тысячу пяцьсот трыццаць сем гнёткіх прыступак, я паслізнуўся. Хоць не, здаецца, не паслізнуўся, а нехта нябачны шмаргануў мяне за нагу ды так моцна, аж трэснула ў калене. Я скочваюся ўніз і кожную прыступку адчуваю, пералічваю рэбрамі і хрыбтом. Мармуровыя прыступкі восамі джаляць у бакі, абпальваюць праз вопратку цела, нібы крапіва-пякучка. Стылыя шліфаваныя камяні дзядоўнікам упіваюцца ў скуру. Галавы зусім не адчуваю, не хапае паветра, пальцы знямелі, не слухаюцца — імі не зачапіцца. А я ўсё роўна лічу прыступкі, толькі ў адваротным парадку. Але, нарэшце, праз плойму лічбаў у галаву прабіваецца думка, што тэта мая канчына. I я выціскаю з сябе крык, ад якога б сцішыўся і змоўк чэрвеньскі пярун.
— Максімачка, дзетка, чаго ты? Прачніся, мой саколе,— баба Арына гладзіць мае ўспацелыя валасы.— Сасніў нешта?
— Пляцецца ўсялякая брыдота.
— Проста, Максімачка, не звычны спаць ты днём. А значыцца, і не трэбака змушаць сябе. Хутка і сонца зойдзе. Падымайся, схадзі паглядзі на гародчык мой. Мо што мужыцкай рукой і падправіш. Нядобра спаць на зыходзе сонца. Галава — што наліты макацёр будзе, проста-такі разломіцца. Ідзі прайдзіся, а я пакуль сёе-тое на вячэру збяру. А во, ледзь не ўпусціла: вечарамі ў нас пагулянкі ладзяцца. Матруна ж памерла, дык унукі і адмыкаюць хату, ігрышчы спраўляюць. Глядзіш — расштурхаешся і сходзіш да сваіх пагодкаў. Дзевак у нас многака падрасло, можа, і прыляжа якая да цябе.
Я зараз. Вазьму цвікі, сякеру і абгледжу штыкетнік.
Сонца паўзло па краі лесу. Яно, вырваўшыся з хмар, нібы патрапіла ў прорву: пусты кавалак бяздонна-блакітнага неба запоўніўся яркім, але не рэжучым вочы святлом. На сэрцы ўпершыню, за доўні час, стала лёгка і прыемна. Я яго не адчуваў, здавалася: у грудзях ружовы паветраны шарык. У старую брудна-шэрую калоду пад гнуткай вішняй зляталіся пчолы. Тут жа, у садку, стракатала сарока. Я яе не бачыў, але яна была дзесьці побач. I адразу аднекуль з памяці выплыла прымаўка: «Калі добрая падзея, сарока, стракачы, а калі дранная — прэч ляці». Не паспеў я трэці раз даказаць словы, як птушка змоўкла, быццам яе і не было.
Ціха, лёгка і саладкавата-шчымліва на душы. Hi аб чым і ні пра што не думаецца. А можа, і не хочацца думаць. Падгнілы знізу штыкетнік зарос густым пырнікам. На дубовых слупках выраслі касцяністыя грыбы-мумкі. Яны, як талеркі пад вузламі, што засталіся ад абсечаных сукоў. Там-сям на замшэлых штыкецінах іржа з’ела дрот, і дубчыкі трымаюцца на чэсным слове. Лепш іх не кранаць, няхай стаяць: ствараюць ілюзію надзейнай аховы і моцы.
Ай, не хочацца нічога рабіць, ды і які з мяне сталяр-рамонтнік. Навошта ўвогуле тэты плот бабулінаму агароду. Лапік бульбы, дык ён адразу за хатай, а тут яблынькі ды вішні.
— Максімка, вячэраць хадзі,— гукнула бабуля.
Павячэраць — занятак варты. Тым больш збіраюся пайсці на грышча. Як гэта кажуць: «Выбірай жонку не на грышчы, а на ржышчыж
Не, па мне лепш на грышчы. Яечню кожная сасмажыць, а в ось вока палашчыць ды душу ўскалыхнуць — не кожнай дадзена.
Адзін, два, тры, чатыры, пяць... Цьфу ты, нядобрая, слупы прыперла лічыць. Не, хопіць, хопіць пад гарляк і прыступак.
Павячэраўшы, пайшоў я ў Матруніну хату. Адтуль, з-за купчастых вербаў ляцела прыглушаная, з сіпавіннем мелодыя. Чым бліжэй падыходзіў да месца пагулянак, тым ясней чуўся хрыпаты голас спявачкі. У расчыненыя вокны вылятала змучаная прайгравальнікам песня: «Ах, мамачка, на саначках каталась я ўвесь дзень...», далей нельга было нічога разабраць.
Зайшоўшы ў гарбаценькія сенцы, пры цьмяным святле, сярод гурту хлопцаў і дзяўчат я пазнаў Суконную Вальку, яна жыве праз дзве хаты ад бабулі. Павітаўшыся са знаёмымі хлопцамі, я прытуліўся плечуком да сцяны, непадалёк ад Валькі.
— Сёння паедзем гуляць у Лучкі,— па сакрэце шапанула Валька.— Брыгадзіраў Лёнік паабяцаў узяць у канюшні двух жарабкоў. Запражэм калёсы і да Лучкоўскіх у госці. Я ціхенька паклічу цябе. Няхай меншыя гуляюць тут, ім яшчэ рана раз’язджаць, ды па вёсцы і пагалоску могуць пусціць. Пабудзь усярэдзіне, я за табою заскочу. Але ж і паправіўся ты, ледзь пазнала. Ну, я зараз, пачакай там.
У хаце, пад нізкай столлю з цьмянай электралямпачкай і абадранымі газетамі на сценах, танцавала некалькі дзяўчынак і юнакоў. Хутчэй за ўсё старэйшыя школьнікі. У іх пад нагамі парыпвала і прагіналася падлога. А на доўгай вузкаватай лаўцы, паўз печ, сядзела з пяток дзяцей. Яны час ад часу штурхалі адно аднаго, паказвалі на танцораў пальцамі і сарамліва, з яхідцай хіхікалі. На нейкую хвіліну акінулі мяне цікаўным позіркам і, не знайшоўшы нічога вартага іх увагі, адвярнуліся. Нікога з дзяцей я не пазнаў, ды і танцоры падаліся незнаёмымі.
Пастаяўшы крыху, прыгледзеўшыся да хаты і гульбішча, захацелася прысесці на куцы падаконнік, але ў тэты момант у расчыненыя дзверы праслізнула Валька і, лёгенька хіснуўшы галавой, зноў знікла ў сенцах. Не засяроджваючы на сабе ўвагі, я выйшаў следам.
Падводы за вёскай, у бярэзніку, пайшлі хутчэй. Там нас чакаюць.
Гучна стракацелі цвіркуны, сярод травы рэдка прамільгвалі зеленаватыя вочкі светлякоў. А пад нагамі адчуваўся лёгкі пясчаны пыл, які ўзбілі за дзень капыты кароў і коняў, ногі вяскоўцаў, колы машын і трактараў.
— Колькі да Лучкоў кіламетраў будзе?
— Ад сілы, пяць. На паўгадзіны дарогі. Ці ты ні разу там не быў? — Валька здзіўлена паціснула плячыма.— Тамака клуб добры і хлопцы з дзеўкамі мірныя. Мы з імі ў згодзе, не тое што з каменскімі сінюгамі. А, сам пабачыш. Лучкоўскія болып пад гармошку скачуць, там ці не ўсе хлопцы ўмеюць граць. Ты не падумай, што толькі адны вясковыя танцы — не. Яны і «муху», і «шэйк» так скляпаюць, што падатруць нос вашым гарадскім ансамблям. Думаю — табе спадабаецца.
Коні, уціснутыя ў аглоблі, часта і абыякава фыркалі. Над вухам нудна пішчэлі камары, а з недалёкага балотца даляталі спевы жаб.
Я з Валькай сеў на апошняй трэцяй падводзе. За фурмана ў нас быў Коля Перцаў, мо гады на два старэйшы за мяне, але ж я добра помню яго. Асабліва тое, як лавілі мы кашом рыбу ў былым кяжацкім возеры і як шчупак, уцякаючы з каша, шуснуў у расшпіленую шырынку Колевых штаноў. Але тое было даўно. Дужа даўно.
Цяпер жа коні беглі трушком, манатонна звінелі цуглі на аброцях, хіхікалі хлопцы з дзяўчатамі, а над нашымі галовамі, над вузкай дарогай сярод вялізнага лесу, рассцілалася зорнае неба з ядраным маладзіком.
— Максімка, а ці добра зараз у горадзе? — Валя плечуком дакранулася да маіх грудзей, і я адчуў лёгкую і мяккую цеплыню яе цела.— Людзі кажуць, быццам бы галаднавата і халаднавата тамака цяпер. I ты мо прыехаў да бабы Арыны, каб трошкі ад’есца.— Валя хіхікнула.
А я змоўчаў. Што было казаць? Жылося ў горадзе і сапраўды нялёгка. Толькі ж, здаецца, і вяскоўцы не дужа раскашавалі.
— Ой, Максімачка, можна, я сяду бліжэй да цябе? — Валя ледзь не ўсім делам хацела ўціснуцца ў мае, не надта ўжо і шырокія, грудзі.
Я міжволі заўважыў, як сцішылася моладзь на ўсіх падводах, насцярожылася. Толькі фыркалі коні ды парыпвалі павозкі. Падалося, што цямнейшым стала і неба, а яркія зоркі і месячык нібы зацягнуліся туманам. I дарога вузейшай стала між цёмных сцен лесу. Ад чаго б усё гэта так?
— Валя, а што здарылася? — ледзь чутна запытаўся я.— Чаму ўсе змоўклі?
Валя нейкую хвіліну маўчала. Мо думала: ці гаварыць, ці не. Але вось яна горача зашаптала мне на вуха:
— Зараз будзем праязджаць міма былога шклянога завода князя Крапоткіна. Тут жа побач і могільнік, на якім пахаваны сам князь і ўся яго старэйшая радзіна, ды і вяскоўцаў ранейшых там закопвалі. Ой, Максімачка, давай памаўчым, я пазней дакажу ўсё.
Коні беглі лёгкім трушком. Усе маўчалі, і толькі самотна, з нейкім надрывам шумеў лес. Было дзіўна, што хлопцы нават не курылі цыгарэтаў, а дзяўчаты не перашэптваліся і не хіхікалі, як зусім нядаўна.
Коля Перцаў надрыўна кашлянуў, Валя здрыганулася ўсім целам: моцна абхапіла мяне за плечы. Стаў бачны нейкі вэрхал і на папярэдніх дзаюх павозках.
I тут жа, у гэтую хвіліну, спыніліся коні, як быццам бы нехта нябачны заступіў ім дарогу. Хлопцы з усёй сілы шморгалі за лейцы, нокалі на жывёлін, пстрыкалі па іх спінах дзягамі, але коні толькі пераступалі з нагі на нагу, але ні кроку не зрабілі ні ўзад, ні ўперад.
Божачкі мае, што гэта такое? — Валін голас трымцеў, як асіна пад ветрам.
Нехта з першай павозкі злез на зямлю, Агледзеў каня і прысвіснуў.
— Хлопцы! — гукнуў ён.— Не ведаю, як у вашых, а ў майго Бурага ногі моцна перавязаны нейкімі ніткамі. Паглядзіце на сваіх.
— Ну і смяльчак Сашка Трыфановіч, а так бы сядзелі, як пні,— Валька заўважна паспакайнела, адсунулася ад мяне і скокнула з калёс на зямлю. Я злез таксама.
— I ў нашага ногі пераплецены,— нехта сказаў ад другой павозкі.
— Каб жа толькі ў вашых, але і ў нашай Стралы,— раздражнёна буркнуў Колька Перцаў.— I дзе яны ўлезлі ў гэтыя ніткі? Хоць, якія ніткі, хутчэй — пяньковыя вяроўкі. Вось дык зараза.
— У каго ёсць нож? — падаў голас Сашка Трыфановіч.— Пашукайце, бо голымі рукамі нічога не зробіш.
Парыўшыся па кішэнях, знайшлі складанчык. Яго перадалі Сашку, а самі ўсе пасталі купкай, воддаль ад павозак.
— Панакідаюць на дарогах розных вяровак ды нiтак, і блытайся ў іх. Добра, хоць коні не паваліліся, ног не паламалі. А то б хоць на плячах нясі да вёскі,— тэта адным дыхам прастрачыла невядомая мне дзяўчына.— Цяпер людзі сталі абы-якімі, я, здаецца...
— Памаўчала б хоць ты, Ганька,— Валя цыкнула на гаманлівую сяброўку.
— Кашаль замучыў, курыць хачу. У каго ёсць махорка? Ну не жміцеся, мне на адну круцёлку,— Колька Перцаў палапаў па кішэнях пінжакоў у хлопцаў, што стаялі бліжэй да яго.
— От, Пятрок, халера б на цябе, маеш з кілаграм самасаду, а маўчыш, калі-небудзь прыгадаю...
— Чаго вы там пасталі! Хлопцы, хадзіце сюды, аднаму мне не ўправіцца. Колькі я ні рэжу гэтыя ніткі-путы, а іх усё больш і больш бярэцца.— Сашка нягучна мацюкнуўся.
Усе зноў прыціхлі, нават не адганялі ад твараў надакучлівых камароў. Хлопцы паразыходзіліся да павозак.
Мы з Колем схіліліся каля пярэдніх ног Стралы. Кабылка апусціла галаву і мызай ленавата адпіхвала нас ад сябе. Я паспеў намацаць каўтун нітак на яе капытах. Ніткі былі таўставатыя і гладка-халодныя, як гадзюкі. Адхапіўшы руку, я адчуў халодныя пісягі на спіне, а ў пальцах лёгкае паколванне, як усё роўна пасля марозу.
Нечакана затрашчэла сухое голле ў кустах. 3 боку былога шклянога завода князя цьмянымі палоскамі з іскаркамі нешта бліснула. Сцішаныя коні рвануліся ўперад, але путы моцна трымалі іх. На першай павозцы храснула аглобля. Гук глухаватым стрэлам пранёсся над цёмнымі сасонкамі і елкамі, над нашымі галовамі і бясследна растаў.
Мы яшчэ не паспелі ачомкацца ад незразумелага ўнутранага жаху, як заўважылі, што з усіх бакоў насоўваюцца на нас вялізныя чорныя здані. Павольна, няспешкі яны ўзялі павозкі ў цеснае кола. Здавалася, што мы адгароджаныя ад усяго свету вялізнай бочкай, у якой нельга знайсці ніводнай шчыліны. Вольным засталося толькі неба са жменяй зорак і скупым водбліскам месячыка.
Мы збіліся купкай, ціснуліся адно да аднаго, як бы хочучы зліцца ў нешта суцэльнае і моцнае, каб прабіць цёмную сцяну зданяў.
Толькі цяпер я ўбачыў прасветы вачэй у зданяў. Гэтыя цьмяныя пробліскі замыкаліся круглым ланцужком. Але вось адна вялікая пачвара аддзялілася ад астатніх і прасунулася на нейкі крок, два да нас.
— Мамачка мая! — усклікнула Валька. Я мацней сціснуў яе халодную руку.
— 3 вас нам патрэбны два чалавекі,— прахрыпеў Чорны прывід.
— Толькі два,— паўтарыла кола зданяў.
Імі будуць ён і яна,— прывід паказаў на мяне і Валю.
Больш за ўсё цяпер я баяўся за Валю. Ад пачутых слоў яна затрэслася, бы тая засохлая быліна пад ветрам. Халодная рука ўспацела, пальцы ўздрыгвалі, як бы ловячы нешта нябачнае. Усе маўчалі, як без’языкія.
Канечне, кожны думаў пра сябе. Ім хацелася хутчэй пазбавіцца нечаканай сустрэчы з няіснымі зданямі, якія тым не менш стаяць вакол нас і ў якіх усе мы палонныя.
— Пайшліце! — Чорны прывід зрабіў праход у цесным цёмным коле зданяў. Незаўважна мы з Валяй аддзяліліся ад гурту хлопцаў і дзяўчат і, не хочучы таго, рушылі за вялізнымі плямамі, у палоне якіх цяпер мы былі толькі ўдваіх.
— Максімка, а навошта нас забралі? Куды нас вядуць, Максімачка? — Валя бязгучна плакала.
— Ты не бойся. У сё будзе добра. Я ведаю, што ўсё будзе добра.— Нічога разумнейшага я прыдумаць не змог. Ды і што магло прыйсці ў галаву ў такой нерэальнай, дурнаватай сітуацыі. Пад нагамі шапацела леташняе, лісце. Квола патрэсквалі галінкі, ігліца. Ішлі мы, не выбіраючы дарогі, але і не навобмацак. Дрэвы быццам самі саступалі перад намі, разбягаліся ў бакі, робячы нешырокі прамы праход. Прывіды-здані моўчкі сунуліся вакол нас.
— Што будзе з намі,— не сціхала Валя.— I мамка звар’яцее, калі ёй раскажуць, дзе і ў каго я апынулася. Ой-ёй-ёй, і навошта паехала на гульбішча. Во дык пагуляем, Максімачка, мо і на ўвесь век хопіць...
Здані як быццам не слухалі нашай размовы. Яны моўчкі сунуліся вакол.
Я ж думаў аб адным: як супакоіць Валю, адагнаць ад яе страх і тую асуджанасць, якая адчувалася ў кожным яе слове, у кожным кроку.
— Чаго, Валюх, нам баяцца? Што адбылося, тое адбылося. Паправіць нешта цяжкавата, а мо і немагчыма ці ўвогуле не трэба. Тое жыццё, з якім кожны дзень і паўсюль сутыкаешся,— устыла. Дык, можа, і нядрэннапаспытаць нечага новага, невядомага. Таго, у што не верыш і якое, аказваецца, ёсць, існуе. Гэта мы бачым з табою на свае вочы.
— Максім, што ты вярзеш? Паслухай, што менціць язык! — Валя спатыкнулася. Я падхапіў яе з зямлі. Здані спыніліся. Той Чорны, мо крыху вышэйшы і танейшы за астатніх, прывід, які выбраў нас з Валяй, правуркатаў:
— Прыйшлі. Пасядзім трохі. Я адлучуся, але хутка буду.— Ен павярнуўся да астатніх зданяў і нешта прашыпеў ім. Як я ні ўслухоўваўся — не мог разабраць ані слова.
Так прасядзелі мы да раніцы, пакуль не паплылі па небе густыя кудзелі аблокаў. Сонца ніяк не магло прабіцца праз іх, тонкія худзенькія промні на нейкую долю хвіліны вырываліся з палону хмар і зноўку знікалі. Мо з-за гэтага летняя раніца так была падобная на глыбокую восень. У ранішняй шэрасці здані здаваліся яшчэ больш гнёткімі і чорнымі. Яны, як гнілыя, трухлявыя калоды, сядзелі гуртам на ўрасянелай траве каля нас. Усе чакалі галоўнага — Чорнага.
Валя, наплакаўшыся ўволю, паспела задрамаць. Мой жа сон нібы заблудзіўся. Мінула яшчэ ці не больш за гадзіну, і вось з-за шурпатага ствала яліны выплыў Чорны.
— Падымайцеся, вас ужо чакаюць,— загадаў ён.
— Ой, дзе мы, Максімка? — прахапілася ад дрымоты Валя. Спуджана зірнула па баках і абмякла, як зялёны кляновы ліст, які патрапіў у вар.— Дык гэта не сон, усё папраўдзе,— яна зноў бясслёзна ўсхліпнула.
Ну-ну, трымайся, мая дзяўчынка,— з якой толькі мог лагоднасцю і пяшчотай прамовіў я.— Ужо ж гаварыў, што ўсё будзе добра, ты ж са мною, а таму і не бойся нічога. Добра? Ну й малайчынка, так і трэба.
Я гаварыў гэтыя словы, не верачы ў іх ні на грамульку, ні на макавае зернейка. У самога ў грудзях сэрца трапятала, як хвост загнанай ваўком авечкі.
Незаўважна ўсе мы перайшлі шырокую паляну і спыніліся каля цагляных развалін. Некалі, відаць, тут быў земляны склеп, а мо і нешта іншае, ды і ці так важна гэта для мяне з Валяй цяпер. Адно можна з упэўненасцю сказаць: гэта быў не калодзеж.
— Спускайцеся! — прыглушана загадаў Чорны прывід. Астатнія здані хуценька абступілі нас. Яны адрэзалі дарогу да адступлення. Перад вачыма халодным праломам застыла напаўзарослая расшчыліна.
— Каб на вас чума напала,— міжволі вылаяўся я. Здані зарагаталі, абдаўшы нас з Валяй імжыста-волкім і зімнім подыхам. Ад гэтага ў мяне аж кальнула ў скронях і здрыгануліся каленкі. «Божа мой, толькі б не заўважыла майго спалоху Валя. Трэба неяк трымацца. Заціснуць аслізлага чарвяка боязі падэшвай у зямлю, каб і не выпаўз, не вытыркнуўся. Я ж веру ў свой лёс, у сваю ахоўную і шчаслівую зорку. Нікому яна не дазволіць пакрыўдзіць мяне, а тым болып звесці са свету. Я і Валя, нашы жыцці знаходзяцца пад непадступнай аховай маёй нябеснай зоркі».
Гэтыя думкі ўзніклі ў галаве зусім нечакана. Быццам нехта прашаптаў іх на вуха. Адразу стала лягчэй дыхаць і паспакайнела на сэрцы.
— На ўсё воля Боская,— нібы пачуўшы мае думкі, прамовіла Валя.
Пачварныя прывіды-здані яшчэ ямчэй гагатнулі ад слоў дзяўчыны. Яны ўсё цясней і цясней згуртоўваліся — і вось-вось піхнуць нас у чорнае зерава невядомасці землянога склепа.
Ад аднаго ўяўлення, што гэтыя брудныя тухлючкі дакрануцца да майго цела — ледзь не званітавала. Не чакаючы непрыемнага моманту, я схапіў Валю за танклявую талію і рашуча зрабіў крок у бяздонне...
***