Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: Дзённік 1993 - Неизвестно на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!)

Дэп. Казлоў. Выйшаў, каб пахваліць „Фемиду” — як найвыдатную ў Беларусі газету (не важна, што на мове другой краіны). Пафас выступлення: „Далоў Шушкевіча!” Абкладаюць Стася. Але ці толькі яго? Думаю пра выступленні на сесіі дэпутата І. Т. Увесь час адчуваю, што гэты беларус няйначай як вывучанік вядомага „северо-западника” І. Саланевіча. Умоўна, бо гэтага прозвішча ён, напэўна, і не чуў, тым больш яго шавіністычных опусаў не чытаў. З першых момантаў знаёмства мая інтуіцыя па адносінах да яго — у напружанні, у насцярожанасці. Цяпер ясна, чаму на плошчы крычаць „Шушкевича в от­ставку!”. У крыкуноў ёсць натхняльнікі і абаронцы. Вось і рашылі ўзяцца. Ужо ўзяліся.

Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі. Дакладчык — дэп. М. Грыб. Па дакладу разгарнуліся цікавыя спрэчкі.

Дэп. Станкевіч: Камітэт не павінен быць у веданні Прэзідыума ВС! Яго трэба неадкладна перадаць у веданне Савета Міністраў. І кропка. І ніякіх размоў! (З тым жа апломбам, як і заўсёды.) Дэп. Малашка: Усім ясна, дзеля чаго хочуць перападпарадкаваць Камітэт Саўміну. Для таго, каб запалучыць аператыўную сілу ў СМ і пазбавіць Вярхоўны Савет неабходнай інфармацыі. І ўсё ж рашылі прагаласаваць. Раптам выходзіць Лінг. І катэгарычна патрабуе: Перападпарадкаваць Камітэт Саўміну! Абавязкова! Не драбязіце функцый КДБ. Сачыць за дзейнасцю Савета Міністраў — гэта дробязь! Генерал Піскароў. Рашуча за перападпарадкаванне Саўміну. Нарэшце пачалі галасаваць. За тое, каб пакінуць, як ёсць — г. зн. за рэдакцыю Камісіі — 98 галасоў. Не прайшло. За перападпа­радкаванне Саўміну — 147. Таксама не прайшло. Але больш, і на многа, чым за рэдакцыю Камісіі Вярхоўнага Савета.

Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!

4 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Слямнёў — аб дыскусіі па Калектыўнай бяспецы. Тлумачыць талкова — у апраўданне Шушкевіча.

Дэп. Жураўлёў: падтрымлівае рашэнне ген. Казлоўскага аб звальненні з арміі афіцэра М. Статкевіча, б’е Шушкевіча за пазіцыю ў гэтым пытанні („Вас втяну­ли!”). Дэп. Гермянчук. Аб дамове наконт стратэгічных сіл. Калі пачаў гаварыць пра неадпаведнасць тэкстаў дамовы на беларускай і рускай мовах — у зале іранічна заа-яй-калі. Не зусім тактоўна зрабіў запыт Кебічу: „Калі не маеце — я вам дам свайго карэктара”. Не зусім тактоўна па форме, а па сутнасці — зусім справядліва: павінны ж быць у Саўміне людзі, якія дасканала валодаюць беларускай мовай — каб змястоўных, сэнсавых разыходжанняў у тэкстах не было. Дэп. Лябедзька: Чым праславіў Беларусь Карл Маркс, што яго імем на­звана вуліца, на якой знаходзіцца наш Вярхоўны Савет? Мінгарсавет павінен тэрмінова разгледзець гэта пытанне!

Пытанне аб справаздачы Нацыянальнага Банка. Дакладчык С. Багданкевіч: Калі мы не спынім інфляцыю — не выйдзем з крызісу. Нашы крэдыты павінны быць дарагімі — іначай тупік, і ніякіх ілюзій. Крэдытная палітыка павінна быць больш жорсткай. У камерцыйных банках рэсурсаў — 40 млрд. рублёў. Нацынальны Банк — не Сабес (Аддзел сацыяльнага забеспячэння). Да якога часу ён будзе іменна такім Сабесам? Не пераменім закон — наперадзе тупік і поўны крах эканомікі! Рост аплаты працы на 60 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы! А ільготы? На ўсё — ільготы! Гэта ненармальна! Утварылі камісію па кантролю за дзейнасцю камерцыйных структур. Старшынёй Камісіі абралі дэп. Лукашэнку.

8 чэрвеня

У „Розным” дэп. Жук падняў пытанне аб будаўніцтве вакол Мінска і іншых гарадоў на захопленай зямлі катэджаў (дамоў, палацаў). Трэба перагледзець Зямельны кодэкс. Старшыні сельсаветаў робяць, што хочуць. Дэп. Заблоцкі: Рэформа не ідзе. Ёсць ілюзіі, што мы рэфармуемся. Законы не выконваюцца. Развал паглыбляецца. Спрэчкі па ўчарашнім дакладзе Багданкевіча. Дэп. Беленькі: Нацыянальны Банк самастойнай крэдытна-грашовай палітыкі не праводзіць, — як і ў 1991 годзе, аб чым тады адкрыта гаварыў Багданкевіч. Дэп. Лукашэнка крайне рэзка выказаўся пра падрыў эканомікі, пра нейкую незразумелую прыватызацыю. Затым — пра вайну між кіраўніцтвам Вярхоўнага Са­вета і Урадам. «„Ад Савета Міністраў пахне мерцвячынай”, — кажуць у Вярхоўным Савеце». (Шум у зале, крыкі: „Хто кажа? Назаві!”) Рэпліка Шушкевіча: „Чую першы раз! Першы раз! Як можна так безадказна гаварыць?” Дэп. Цялежнікаў: Мы думалі, нам удасца пераседзець і выйграць. Не ўдалося. Пераступілі рысу. Віна не Нацбанка. Вінавата наша эканамічная палітыка — крайне няўдалая. Трэба кардынальна змяніць падыходы — іначай к восені дамы не будуць ацяпляцца, заводы і фабрыкі масава стануць спыняцца. Трэба стымуляваць экспарт у Расію і гандаль з Расіяй. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сельскай гападарцы крэдыты выдаваць не бяздумна і не ўсім.

Дэп. Какоўка: У Латвіі рубліс, выпаўшы з рублёвай зоны, пайшоў угору. А ў нас? Чаму мы не зрабілі гэтак? Хацелі жыць за чужы кошт? Трэба сесці за стол перамоў з Расіяй і ўсё чыста выкласці. Мы не бяром ні капейкі за чыгунку, за газапровад і многае іншае. Трэба даць больш прасторы прыватызацыі! — каб кожны паклапаціўся пра сябе, што ён будзе есці.

Дэп. Новік: Наш урад напорна імкнеца да дэстабілізацыі! Разам з Нацбанкам. Яны пагоршылі эканамічную сітуацыю ў краіне. Банк не кіруе сітуацыяй. Цэны выраслі на 5000 працэнтаў! Хіба гэта — не гіперінфляцыя? А хто атрымаў ільготны крэдыты? Нямногія. І несправядліва. Расія, маючы друкарскі станок для рублёў, нас душыць. Яна экспартуе інфляцыю ў нашу краіну. Наша багацце — высокакваліфікаваныя кадры. Нас рабуюць — праз фінансавую сістэму. Колькі ўвозіцца грошай з Расіі? Як кантраляваць грашовую масу? Ніяк.

І яе ніхто не кантралюе. І апошняе: патрабую ўвесці беларускую грашовую адзінку! (Ну малайчына, Новік! Во каго міністрам паставіць!)...

9 чэрвеня

Закон аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Гаркун (старшыня Камісіі па аграрных пытаннях): Камісія рэкамендуе замацаваць у Законе дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Упершыню, калі мы абмяркоўвалі Праект на Камісіі, не было аднадушнага пагаднення. Пачалося галасаванне (паіменнае, бо надта важнае пытанне). За прапанову Камісіі — 194 галасы. За папраўку дэп. Лакцюшына (толькі дзяржаўная ўласнасць!) — усяго 41 голас. „Дзяды” атрымалі паразу. Дэп. Жук: Вясковыя людзі ўсе супроць прыватнай уласнасці на зямлю! Надта ж лёгка мы тут ставімся да выключна важнай праблемы! Дэпутат-ветэран Коваль: Ні ў якім разе! Ні пядзі прыватнай! Толькі дзяржаўная! Дэп. Какоўка: Усе мае выбаршчыкі — і за прыватную. „Аддалі б нам нашы прысядзібныя кавалачкі!..” Дэп. А. Трусаў: А ўспомніце, як бальшавікі адбіралі ў сялян зямлю! ...

Дэп. Баршчэўскі: На сёння законапраект ужо састарэлы, але хоць гэткі трэба прыняць. (Састарэлы? Ужо? А які быў бы самы раз на сёння? Бальшавіцкі — з процілеглым знакам? Сацыяльны пераварот?) Дэп. Бамбіза: Давайце ўдасканалім Зямельны Кодэкс, які ёсць! З якой мэтай мы ўводзім прыватнае права на зямлю?

Дэп. Дубоўскі: Два гады працавалі над законапраектам у Камісіі. Праз дзесяць гадоў будзе трэба яго карэктаваць. Нічога страшнага для калгасаў у Законе няма. Тры-чатыры соткі зямлі — дайце людзям! Дайце! І ў сацыяльным плане — вялікая карысць!

Дэп. Зданевіч: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!..

Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэ­ба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..

10 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Зарэцкі: Пакуль не вызначылі, якое грамадства мы хочам пабудаваць, — няма сэнсу прымаць закон аб праве ўласнасці на зямлю. І не трэба ставіць сёння пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтаксама і наконт прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. (Правільна! Сур’ёзная перасцярога!) Дэп. Сечка праінфармаваў аб стварэнні дэпутацкай групы „Згода”. У групу ўвайшлі: Сапронаў, Карпенка, Марыніч, Булахаў, Даўгалёў, Драбышэўская, Сукач, Сярдзюк, Кічкайла і інш. — усяго 20 чалавек. Цікава, хто ініцыятар стварэння „Згоды”? І на якой платформе згода? Што агульнага, напрыклад, у Карпенкі з Булахавым?

Дэп. Волкаў: Калі Беларусь пакінулі стратэгічныя сілы СССР, засталіся пуставаць 150 ваенных гарадкоў. Гэта — багацце беларускага народа. Размешчаны яны ў экзатычна прыгожых мясцінах: зялёных, чыстых, упарадкаваных. Іх трэба аддаць для чарнобыльскіх дзя­цей — для аздараўленчых комплексаў. Іначай гэтыя гарадкі захопяць камерцыйныя структуры. (Правільна, сп. Волкаў! Абавязкова захопяць! І не агледзімся, як за­хопяць. Вельмі слушна сказалі!)

Працяг абмеркавання закона Аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Грынёў: артыкул аб чарнобыльцах і чарнобыльскіх землях не ўзважаны, з істотнымі заганамі. Дэп. Скарабагацька падтрымлівае Грынёва і патрабуе артыкул зняць і дапрацаваць. Дэп. Смоляр абвяргае Грынёва, яго заўвагі трэба абмеркаваць асобна. Дэп. Лу­кашэнка: па Смоляру — дык там жывуць не людзі. Гэтага артыкула мала, трэба даць яшчэ адзін артыкул аб абароне чарнобыльцаў!

Дэпутат-генерал Гетц: трагедыя ў тым, што ўсё гэта транслюецца па тэле. „Товарищ Лукашенко! Или оставь­те этот Верховный Совет, или перестаньте заниматься словоблудством!”

Дэп. Станкевіч: Хопіць спекуляваць на чарнобыльскай тэме! Не бяры, не прыватызуй, калі забруджаная — і ўсё!

Дэп. Сасноў: Ідзе свядомая блакіроўка Закона — і толькі! Блакіроўка „чарнобылем” — каб не зрабіць хоць маленькі крок наперад да прыватнай уласнасці на зямлю.

11 чэрвеня

„Рознае”. Дэп. Сапронаў выказаў абурэнне, што на яго запыт міністру няма ніякага адказу. „Гэта дзяржава — ці што? Адно прадпрыемства спаганяе з другога плату ў валюце, не маючы ніякага юрыдычнага права! Ідзе нарастанне крытычнай масы! Скора выбухне!..”

Дэп. Сумар — аб бясчынствах у сферы рынку збыту, аб бедах вытворцаў гародніннай прадукцыі.

Дэп. Зяленін: што за парадак і дысцыпліна? Зарэгістравана 232 дэпутаты, а ў зале — 156. Суседзі рэгіструюць адсутных! Трэба пазбавіць такіх дэпутатаў мандата і правесці ў акругах новыя выбары! Чаму пакрываем мы іх?

Пытанне „Аб статусе дзяржаўнай граніцы”. Дэп. Бачароў зрабіў добры аргументаваны даклад. Прагаласавалі: за — 202. Упэўнена прайшло. Цікава, як некаторыя пытанні праходзяць. Здавалася б, у пафасе многіх прамоўцаў: „Ніякіх граніц! Ні з Украінай, ні з Расіяй!” А вось жа прагаласавалі. Значыць, за „адмежаваную” Бе­ларусь?..

15 чэрвеня

У „Розным” — дэп. Піскароў, іранічна кагось цытуе: „Вярхоўны Савет працуе добра?”. Нельга так ацэньваць работу ВС — калі рэзка павышаюцца цэны, ідзе сацыяльнае расслаенне грамадства. „Даць сацыяльна-эканамічную інфармацыю”, — гэта — да Шушкевіча і Кебіча.

Дэп. Вярцінскі А. І. даў адпор выдавецтву „Эрыдан” за яго праект Закона аб мовах. Зачытаў зварот гр. Саламонава ў абарону беларускай мовы. Дэп. Лукашэнка: патрабуе неадкладнай справаздачы кіраўнікоў дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне. І прафсаюзаў таксама! І нельга спешна згортваць работу Сесіі! (А гэта правільна.)

Закон Аб дзяржаўнай службе (працяг абмеркавання). Дэп. Заблоцкі. Зноў: у служачых трэба прымаць прысягу! Паставілі на галасаванне. За — усяго 167. Завязалася спрэчка. За прысягу выступілі дэпутаты Вярцінскі (А. І.), Грыб. А дэп. Савіцкі супроць (іранічна-здзекліва). Дэп. Бабачонак: або здымайце законапраект зусім — або абавязкова з прысягай! Яшчэ раз заклікае галасаваць за прысягу Заблоцкі, спасылаецца на Гарыбальдзі: „Создали идеалы, теперь создадим гражданина” (мудра!). Зноў на галасаванне — і зноў недабор. Не праходзіць! Цікава! Не хочуць нашыя дэпутаты цырыманіялаў!

16 чэрвеня

Рознае. Дэп. Ваўчэцкі (з нашай Камісіі) зачытаў пастанову прафсаюза аб забастоўцы настаўнікаў з 1-га верасня, калі не павялічаць зарплату. (Правільна! Колькі можна цярпець жабрацкае становішча?) Дэп. Какоўка зачытаў Зварот калектыву рабочых завода і гарадскога Савета дэпутатаў (г. Наваполацак). Б’е Кебіча за. мае час наведаць фестываль у Маладзечне, лікёра-гарэлачны завод і пахваліць прадукцыю, а на наш горад часу не мае.

Дэп. Баршчэўскі. Услед за Валчэцкім гаворыць пра мізэрную зарплату работнікаў адукацыі. Зарпла­та служачых у прамысловасці ўсё ж на 50 і нават на 70 працэнтаў большая, чым у настаўнікаў.

Дэп. Бойка — аб папярэджанні рабочых прафсаюзаў: патрабуюць адмяніць падаткі на дабавачную вартасць. Ужо на гэтай сесіі трэба разгледзець пытанне аб эканамічна-сацыяльным становішчы ў Рэспубліцы.

Аб прыватызацыйных чэках. Дэп. Кудравец. „Прыхватызацыя” ідзе ўжо на мільярды, а не на мільёны. Трэба вярнуць усё да нуля назад — дзяржаве і тады пачаць спачатку — сумленна, па закону. (Гэта тысячу раз правільна! Толькі так!)

Дэп. Баршчэўскі і ўслед дэп. Трусаў: ні ў якім разе не прыватызаваць бібліятэкі і музеі! Гэта пярэчыць Закону аб культуры! Паставілі на галасаванне. За іх прапанову — 220. Брава! Хоць гэтыя аб’екты культуры пакінулі дзяржаве.

17 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Лябедзька: 240 дэпутатаў прагаласавалі за агульныя стратэгічныя (ядзерныя) сілы (СНД-1). Гэта не клопат пра нейтральную Беларусь. А дзе гарантыя? Дэп. Пазьняк: без пэўных вызначальных палажэнняў прымаць Канстытуцыю няма сэнсу. БНФ — за парламенцкую рэспубліку! (Правільна! Толькі так! Толькі парламенцкая!)

Аб праекце Канстытуцыі РБ. Дэп. Шаладонаў. Прапануем тры блокі законапраекта — тры варыянты: першы — на чале дзяржавы прэзідэнт, другі — улада прэзідэнта абмежаваная, трэці — дзяржава без прэзідэнта, парламенцкая рэспубліка. Прагаласавалі за кожны. Вынікі засведчылі адсутнасць адзінага погляду на форму вярхоўнага кіравання ў дзяржаве. І аднак жа блок першы (з моцным прэзідэнтам) набраў 213 галасоў, каб яшчэ 17 — і прайшоў бы. І мне страшнавата: на першую ролю вылезе антыбеларус — і Беларусі каюк! А нашай мове — перш за ўсё.

29 чэрвеня

Напачатку — сустрэча з Лехам Валенсам. Нату­ральна, яму першаму і далі слова. Выказаўся з дыпламатычнай далікатнасцю, але і з яўнымі сімпатыямі да ўсходняй суседкі. Не сказаў бы, што ў зале важную асобу слухалі ўважліва і з дастатковай павагай. Калі ж сказаў, што „Салідарнасць” будзе супрацоўнічаць з Беларускім Народным Фронтам — у радах зашумелі яшчэ больш. Пайшлі галасы, і чуць гэта было непрыемна. Калі скончыў сваю нядоўгую прамову — воплескі былі досыць рэдзенькія. Адным словам — не „герой часу”.

Далей пайшло „Рознае”. Дэп. Качан: Што далі рэспублікам суверэнітэты? Патокі крыві? Куды вы, Станіслаў Станіслававіч, нас вядзеце? У 17-ы век? У грамадстве — „растление”! А што робіцца з асвятленнем нашай гісторыі? Нацыянальнымі героямі становяцца здраднікі тыпу Вацлава Іваноўскага! Народ вам не даруе гэтага! Да якога часу вы, Станіслаў Станіслававіч, будзеце разбураць тое, што стварыў народ? Дэп. Трафіменка злосна „пахваліў” Валенсу: той пацвердзіў ленінскі тэзіс, што дзяржавай можа кіраваць „кухар­ка”. А ў нас з ленінскага тэзіса смяюцца. Дэп. Холад. Аб крымінальных справах у Барысаве. Камісія ВС праверыла, а вынікі праверкі разгледзелі не на Прэзідыуме ВС, а ў Мінскім аблвыканкаме. Б’е Кебіча за патуранне „нягоднікам”.

Дэп. Антончык. Мае артыкулы аб канкрэтных злачынствах „Звязда” не друкуе („здымі прозвішча міністра”), „Народная газета” не друкуе (рэдактар Сярэдзіч зрабіў высновы, бо сам хоча стаць кампаньёнам будаўнікоў). Вось такія сур’ёзныя абвінавачванні. З такой высокай трыбуны.

Дэп. Грыб: мы, дэпутаты ВС, маем права на непасрэдную інфармацыю аб міжнародных падзеях, справах, а бяром яе з друку, у інтэрпрэтацыі журналістаў. Напрыклад, аб забастоўках у блізкіх суседзяў, аб заяве ўрада Расіі — што мы ведаем з дакладных крыніц? Трэба, каб у нас быў свой інфармацыйны цэнтр.

Дэп. Жукоўскі. Заяўляю пратэст супроць зневажання ветэранаў і гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Іваноўскага рабіць героем — ганьба! А верх — апафеоз — гэтага — намер правесці вечар 50-годдзя Саюза Беларускай Моладзі. У савецкай Беларусі, іменна ў савецкай, былі створаны ўмовы для суверэннай дзяржавы! (Усё гэта — з вялікім-вялікім пафасам, нават большым, чым заўсёды.)

Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі: ка­му КДБ павінен належаць — Савету Міністраў ці Вярхоўнаму Савету? Дэп. Грыб за першае — за Савет Міністраў. (Вельмі кепска слухае зала. Старшыня дае званок за званком. Крыкі: „Галасуем!”.) Зноў разгарэліся спрэчкі. Дэп. Грыбанаў: ні ў якім разе нельга ў СМ!

Заклікаю не галасаваць! Дэп. Майсееў: чаму Кебіч так цягне КДБ у СМ, пад сваё крыло? Задумаліся? Прашу вас устрымацца ад непрадуманага кроку!

Дэп. Баршчэўскі: Хай вырашыць новы Вярхоўны Савет! У вас усё роўна не пройдзе! Гэта пытанне канстытуцыйнае. Толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі вырашыцца.

Дэп. Навумчык: у 1991 годзе паводзіны старшыні КДБ Шыркоўскага былі годнымі. Вы ж не захацелі!.. Вы ж не захацелі!.. Вы ж!.. Вы!..

Дэп. Папоў: КДБ павінен быць падпарадкаваны Савету Міністраў! Урад адказвае за бяспеку дзяржавы! Як без КДБ ён забяспечыць? З юрыдычна-прававога пун­кту гледжання — толькі СМ! (У зале шум, крыкі, поўны хаос!) Кузняцоў яўна не спраўляецца з залай. Трыбуну захапіў дэп. Папкоў. Крычыць: „Мікрафон выключылі за трыбунай! Мікрафон дайце!” Да Кузняцова падляцеў Пазьняк, нешта крычыць яму ў твар, што — не чую. Каля мікрафона на праходзе галяпуе Гермянчук: дайце звесткі! дайце звесткі аб.! Затым махнуў рукой і пайшоў на праводзіны Леха Валенсы, недзе там жа і Шушкевіч. А тым часам прагаласавалі. Трох галасоў для перамогі Саўміна не хапіла. Засталося, як было.

Пра падпісанне Шушкевічам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Старшыня ВС Шушкевіч тлумачыць, чаму да гэтага часу Дагавор не падпісаны. (Ой, за­раз будзе гвалт! Ой, будзе!) Даказвае, чаму нам ні ў якім разе нельга падпісваць гэты Дагавор. У Таджыкістане ўжо загінула сто тысяч чалавек. Дык што — і мы ўцягнемся туды? (Добра гаворыць, пераканаўча. Вельмі пераканаўча!) Ва Узбекістане насельніцтва ў два разы больш, чым у Беларусі. А армія ў пяць разоў меншая.) Дэп. Ганчар: „Сем пятніц на тыдні. Абвергніце, што гэта не датычыць вас”, „Ці маеце права кіраваць калектыўным органам?”. (О, куды хапіў! Ды як бесцырымонна!)

Дэп. Гетц: Дзе карані — чаму пагаршаецца эканамічнае становішча? Шушкевіч: Нельга адной нагой стаяць у чоўне прыватызацыі, а другой — у чоўне планавай эканамічнай сістэмы! Прыклад трэба браць з Польшчы! (Г. зн. усё прыватызаваць.) Дэп. Навумчык: Ці не лічыце вы неабходным зрабіць кадравыя перамены, калі ва Урадзе такі развал? Шушкевіч: Не пра асобы гаворка, а пра канцэпцыі! Дэп. Казлоў. Дамагаецца, каб Шушкевіч выказаў свае асабістыя адносіны да Дагавора. Дэп. Новікаў (генерал). Што перашкаджае вам выслухаць ваенных, афіцэраў? Апошняя вашая сустрэча з вайскоўцамі была 2 студзеня 1992 г. Шушкевіч. Армія павінна быць па-за палітыкай. Дэп. Мачуленка. Вы падпісалі ці не падпісалі Дагавор? У вашым лісце ў СНД няма ні слова аб тым, што Вярхоўны Савет РБ — за далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (Усё гэта — з веданнем працэдуры, юрыдычнага боку справы. О, як зацята, як настырна і як ядавіта!) Дэп. Мінько. Ці ўхваляеце вы ўдар ЗША па Іраку? (У зале рогат.)

Дэп. Сарокін (генерал). Чаму тут няма членаў Урада, калі абмяркоўваецца такое важнае пытанне? Дзе Кебіч, міністр Казлоўскі і іншыя? Усе гавораць на расійскай мове, і Шушкевіч таксама — нібыта адпаведна пытанню. Хаця — а чаму? Хай яны пытаюцца па-расійску, а ты — сячы ім на дзяржаўнай беларускай!

Дэп. Камай. Можна думаць, што вы перагледзелі сваю пазіцыю, якую займалі ў Віскулях? Так ці не?

Шушкевіч. Жыццё ідзе наперад, і трэба ўлічваць новыя рэаліі і рабіць адпаведныя карэктывы. Дэп. Лука­шэнка. „Игра!” Ён прымае нас за студэнтаў! „Только двусторонние отношения!” — заяўляў у Віскулях. (Ох, і кусаюць! Ох, і грызуць Старшыню! Пра павагу і гаворкі няма.)

Шушкевіч. Калі вы хочаце „на калені” — то я „на калені” не хачу! І каб Беларусь падала на калені — не хачу! Вядома, трэба ісці па шляху двухбаковых згодаў, хаця я не выключаю і іншых пагадненняў.

Дэп. Новік (Шушкевічу): Колькі праз Беларусь на захад прайшло зладзейства? Ці лічыце вы, што калі б мы не засцерагліся і дапусцілі, наш Урад пайшоў бы на здачу беларускай Дзяржаўнасці, нашай незалежнасці?

Шушкевіч. Не хачу, каб з майго дакладу рабіліся такія высновы...

(Рэпліка Станкевіча — напаўголаса, для блізкага акружэння: „Столькі выпіўшы, можна яшчэ і не так гаварыць!” О-о-о, усе ў адну дудку!)

Дэп. Скарынін. Здзекліва іранізуе, што Шушкевіч не ведае зместу Дагавора аб калектыўнай бяспецы. О, як прыпірае Станіслава да сцяны! Дэп. Вайцянкоў: Паедзьце з Кебічам у Маскву, і праз два тыдні мы тут збярэмся і абгаворым сітуацыю. Бо сёння ў зале надта многа істэрыкі. Вы досыць паспешліва і нечакана для многіх праінфармавалі, а трэба спакойна, не так, як сёння... З’ездзіце пагаварыце ў Маскве...

30 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Ніканчук — аб школьных падручніках: сітуацыя на сёння катастрафічная, вучыцца няма па чым.

Дэп. Звераў. Мільёны даляраў пускаюць на чорт ведае што, а на лекі дзецям няма і цэнта! (Малайчына, Звераў!)

Па дакладу С. С. Шушкевіча (працяг). Дэп. Грыб. Вельмі настойліва — у абарону Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (З унутраным напорам супраць Шушкевіча.) Дэп. Слямнёў. Спакойна тлумачыць, што праблемы з падпісаннем Дагавора па сутнасці няма. Апраўдвае дзеянні Шушкевіча.

Дэп. Піскароў. Рэкамендуе Шушкевічу ехаць у Маскву да Ельцына, а не ў Злучаныя Штаты да Клінтана. Дэп. Грынёў. Гаворыць спакойна, разважліва, — але! Як і Піскароў, рэкамендуе паехаць у Маскву, а не ў Амерыку. Дэп. Скарынін. Патрабуе прагаласаваць за давер Шушкевічу па галоўных пытаннях: Дагавор, КДБ, Рэферэндум і інш. Дэп. Зданевіч. Спакойна, але настойліва гне сваё (прыватызацыю). Дае ў косці і Шушкевічу — за непаслядоўнасць, за непадтрымку ў многіх пытаннях дэмакратаў.

Дэп. Сцепаненка (Шушкевічу): Ці ёсць у вас крэда? Лінія? Дзе паслядоўнасць? Што за „изворотливость”? Гэта ж палітычная спекуляцыя! Вы — як прафесійны акцёр! Перастаньце хітраваць! (Бросьте лукавить!) Патрабую: даклад Шушкевіча не прымаць! Паездку ў ЗША адмяніць! На чарговай сесіі паставіць пытанне аб даверы Шушкевічу!

(Даўно падазраваў, што гэты былы першы сакратар з Жыткавічаў належыць да ліку крайніх ачмурэлых. Помню, як ён не захацеў сустрэцца са сваім дэпутатам ВС Васілём Быкавым — ухіліўся, схаваўся ад гасцей. Прыехалі — у яго была нарада ў райкаме, і нас папрасілі пачакаць. А потым—няма! Знік! Сакратарка: „Наверное, куда-то срочно позвали.”. Куды? У Мінск? Дык папрасі прабачэння — і госць-дэпутат зразумее...) Дэп. Майсееў: Прэм’ер-міністра — неадкладна ў адстаўку! Наш Савет здольны на разумныя рашэнні. Дэп. Трусаў А. З чаго пачалося ў нас канфліктаванне? З пытання аб уласным войску. „Увесь урад сёння ж у адстаўку!” Дэп. Дзейка (у працяг Трусава): Хто і сёння ў дзяржаўных крэслах? Усе тыя ж чыноўнікі антыбеларускай загартоўкі! (Малайчына, Дзейка!) Дэп. Гілевіч. (Колькі гаварыў — увесь час бачыў, як генерал Піскароў вульгарна паводзіць сябе, ёрнічае, „лыбіцца”, бо — за трыбунай „не той”, і не тое, што ім трэба, кажа. Ды яшчэ і не на той мове.)

1 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Даўлюд. Падобна, што дэпутаты Лукашэнка, Станкевіч, Скарынін і інш. страцілі чалавечае сумленне.

Дэп. Даўгалёў. (Ад групы „Згода”.) Урад не здольны вырашаць найважныя праблемы, структуры — усе — камуністычных часоў. Змянілі вывескі — і толькі! (У зале шумяць — не падабаецца. А ён — ох і пляжыць. Ох і пляжыць!) Няма канстытуцыйнага ўрада! Ёсць прапановы па новых назначэннях.

Абмеркаванне даклада Шушкевіча (працяг).

Дэп. Грынёў. Трэба распрацаваць доўгатэрміновую эканамічную палітыку. Для гэтага — Шушкевічу сустрэцца з Ельцыным. Шушкевіч прымае прапанову. Падтрымалі

і галасаваннем. Дэп. Трусаў. Адмяніць паездку афіцыйнай дэлегацыі на чале з Шушкевічам у ЗША, а заняцца тут наспелымі праблемамі. Дэпутата Вярцінскага А. І. заглушылі. Заглушаюць і дэп. Заблоцкага крыкуны з фракцыі „Беларусь”. Дэп. Карпенка паездку падтрымаў, але. з агаворкамі. Паездкі фармальныя, гасцявыя, з жонкамі і дзеткамі — навошта? Дайце праграму паездкі! (Даўно бачу, што Карпенку наш спікер нечым не задавальняе.)

Шушкевіч дакладвае, што ў праграме, але скомкана. Дэп. Цярэшка. Заклікае: Будзем памяркоўнымі! Гэта не проста візіт старшыні ВС, а візіт кіраўніцтва дзяржавы. Прадугледжана падпісанне многіх пагадненняў. (У зале шумяць, крычаць, адчуваецца агульная непрыязнасць да ЗША.) Дэп. Гетц. Чаму не ў кампетэнцыі ВС задума паездкі? Іменна Вярхоўны Савет павінен рашаць! (Крычыць.) Чаму іменна гэтыя ў дэлегацыі людзі? Дэп. Мачуленка. Не трэба сёння галасаваць прапановы!

Дэп. Станкевіч. Уключыць у склад дэлегацыі міністра Краўчанку! Шушкевіч упарціцца, стаіць на сваім. Паставілі пытанне на галасаванне. Супроць паездкі ў ЗША — усяго 44 галасы. Дробны крыкун за спіной у мяне крычыць і крычыць — ну проста як дурнаватая вясковая баба. Мае права! Дык чаму ж не? Дэп. Цумараў. Коратка і ясна — звольніць з пасадаў увесь Прэзідыум ВС — і не менш! Дэп. Булахаў. Горача падтрымаў Цумарава.

Дэп. Ганчар. Зноў у атаку на Шушкевіча і Прэзідыум. Дэп. Карпенка. Зноў пра маральны бок у справах дзяржаўных.

Спрэчкі скончыліся галасаваннем. За недавер Шушкевічу — 166, за давер — 27, астатнія, больш сотні, не галасавалі ніяк. На перапынку члены прэзідыума сабраліся ў пакойчыку за сцэнай. Апрача Шушкевіча і Кузняцова былі Грыб, Слямнёў, Савіцкі, Кулічкоў, Леўчык, Сасноў, Гілевіч. угаворвалі Шушкевіча папрасіць прабачэння ў ВС за пераход у спрэчках на пярсоны, бо гэта, маўляў, на шкоду яму самому. Вядома, карэктнасць трэ­ба захоўваць. Пасада!

2 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Кучынскі робіць „утык” Кебічу, што і ён вінаваты (а не толькі кіраўніцтва ВС) у знішчэнні зброі, якая патрэбная нашай рэспубліцы. Дэп. Навумчык. Заўвага ў адрас рэдакцыйнай камісіі ВС — крытыка радыё і тэлебачання за тэндэнцыйны характар інфармацыі, за нападкі на тых, „што не хацелі ўдзельнічаць у камуністычным шабашы, у спробе камуністычнага перавароту”. Дэп. Герасюк. Падстаў крыўдзіцца на Шушкевіча шмат. Але — хто раскрадае дзяржаўныя, народныя багацці, хто шыкоўна будуецца? Кебіч, Кенік, Мясніковіч — не хопіць часу, каб назваць усіх.

Пытанне аб імянных прыватызацыйных чэках. Дакладчык — старшыня камісіі Козік. Вельмі складанае, цяжкае пытанне. З дакладу мне стала ясна адно: для зладзюганаў тут магчымасці пажывіцца і нажыцца агромністыя. Пачаліся гарачыя, вострыя спрэчкі.

6 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Ціхіня. Абвінавачвае ва ўсім Шушкевіча і пагражае: сыходзь! (Нічога не дайшло да шаноўнага?)

Дэп. Гілевіч. Дзяржаўныя мужы (Кебіч і іншыя) не пераадолелі псіхалогіі залежнасці, паслухмянасці, падпарадкавання Крамлю — захавалі звыклы стан душы, свядомасці: там, там разумнейшыя, мудрэйшыя, там ведаюць лепш, як павінна быць, як трэба, — там! Яны бяруць на сябе адказнасць — і нам так лепш, лягчэй і прасцей, зручней. Нашыя мужы не падняліся ў душы, у свядомасці, да самастойнасці, да незалежнасці, да самапачування гаспадарамі ў сваім доме, да ўсведамлення: „Мы вырашаем, як і што, мы самі! Мы і толькі мы! Мы бярэм на сябе ўсю адказнасць!”.

Дэп. Майсееў. Выказаўся ў падтрымку Шушкевіча. Дэп. Новік. Таксама абараняе пазіцыю Шушкевіча. Дэп. Дзейка. Робіць запыт старшыні КДБ Шыркоўскаму (паўторна, ужо нядаўна рабіў): якімі фактамі валодае КДБ? „Патрабую поўнай інфармацыі!” Дэп. Крыжаноўскі. Абвінавачвае былых партакратаў у ганебнай пазіцыі. Затым пра дэп. Станкевіча, які нібыта яму прыгразіў: „Мы тебя сделаем инвалидом” (У зале шум, незадавальненне. Відаць, Станкевіч гаварыў жартам).

Пытанне аб прыватызацыйных чэках. Прэамбулу да размовы зрабіў Шушкевіч. Але дакладчык Козік папрасіў на некалькі гадзінаў адкласці абмеркаванне. А ў гэтага, што ў мяне за спіною, не зачынецца рот — зусім не помніць чалавек, дзе ён знаходзіцца: крычыць па ўсякім повадзе і без поваду.

Пытанне аб пакаранні смерцю — уводзіць ці не ўводзіць у Беларусі гэту вышэйшую меру пакарання за цяжкае злачынства. Старшыня Вярхоўнага Суда Ка­равай прапанаваў адмяніць смяротнае пакаранне за эканамічныя злачынствы (якія б цяжкія яны не былі). Нечакана разгарэлася вялікая спрэчка, здаецца, ёй не будзе канца.

7 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Качан. Зноў той жа крык — і гэта ўжо сумна. Адкладзенае пытанне аб прыватызацыйных чэках. Дакладчык — Козік. Пачалася вострая гаворка — і законапраект сёння не прынялі.

Пытанне аб Рэферэндуме. Дакладчык — старшы­ня Камісіі Леўчык. Фактычна даклада не зрабіў, сказаў дзве-тры фразы і — „Законапраект у вас у руках. Чытайце! Рашайце! Галасуйце!”. Дэп. Баршчэўскі. Гаворыць без паперкі. Як прафесійны прамоўца. Ды і голас пастаўлены. Пра рэферэндум—вельмі пераканаўча. Дэп. Навумчык. Б’е Шушкевіча за згодніцтва з партакратамі.

Дэп. Прывалаў. О, які баявіты палкоўнік! Цікава, хто яму напісаў гэты лямант? Колькі нецярпімасці, нянавісці, варожасці да. Тон — падкрэслена ваенны, загадны. Патрабуе не выносіць пытанне пра Дагавор аб Калектыўнай бяспецы на рэферэндум. Увогуле — рэзка супроць правядзення рэферэндуму. Калі ж і праводзіць, то: „Что делать с языком, на котором в Беларуси говорят 90 процентов населения?”. О, які гадзюк! Крыві, крыві хочуць, таварышы палкоўнікі!..

Дэп. Сарокін, генерал. У тую ж дудку, што і палкоўнік. Адна нянавісць да Беларусі, да нашай незалежнасці, да нашай мовы.

Дэп. Казлоў. Нібыта спакойна і культурна. Спаслаўся на артыкул Н. Г. аб расійскай мове ў Беларусі, аб яе ста­тусе па Канстытуцыі (мова міжнацыянальных зносінаў). „Гэта ўсё мы адрэгулюем! Мы павінны ставіць пытанне на рэферэндуме!”

Дэп. Зданевіч. Дае ў косці і Шушкевічу за балансаванне сярод правай большасці. Дэп. Скарынін. Дубасіць Шушкевіча па ўсіх лініях. Пазіцыю спікера характарызуе як „верх цынізму”. Гэта ў Шушкевіча — цынізм? Дзе?

Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале.



Поделиться книгой:

На главную
Назад