Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: Дзённік 1993 - Неизвестно на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

Ніл Гілевіч

Дзевяноста трэці год. Дзённік

2.І. 1993

Упершыню за апошні час сустракаў Новы год пачалавечы — у мілым сямейным коле, і зноў адчуў гэтую непараўнаную радасць. Божа, дапамажы мне — сівому, ды неразумнаму! Я апраўдаю давер Твой!..

Першы дзень новага года прайшоў у трывожных, цяжкіх роздумах. Што будзе? Куды ідзем? Ці бачым, ці разумеем самі? Два тыдні ляжаць накіды да артыкула „Што з намі?”. Не магу ўзяцца, каб сказаць гэтае балючае слова, не хапае сілы духу.30-га вечарам засядалі ўсім Прэзідыумам Вярхоўнага Савета ў Драздах, у былой рэзідэнцыі Першых асобаў (ра­ней мая нага тут ні разу не ступала). На маё здзіўленне быў поўны кворум — прыйшлі ўсе да аднаго. Пілі мала. Гаварылі шмат. У тым ліку — шмат кампліментаў і клятваў вернасці Станіславу [Шушкевічу], нашаму спікеру, фактычна — галаве дзяржавы. (Але ж: „Пяюн не прапяяў тры краты”. Не паўторыцца? Далёка ж не ўсе яго аднадумцы! Сёй-той толькі і чакае каманды: „Назад!”) Ш-ў трохі перабраў, відаць, і па-дзіцячы смешна прасіўся ў Шушкевіча і ва ўсіх нас у замежную камандзіроўку. Як усё-такі цягне іх усіх у гэтыя паездкі! Як яны помняць пра сябе! Падсякай, пакуль клёў ёсць! Падсякай ды ў вядзерца! Ці на дно чоўна! Далі слова і мне. Сказаў пра прафесійны рост і старшыняў і ўсіх дэпутатаў, і ўсім пажадаў зрабіць хоць крок да практычнага карыстання беларускай мовай. Дарэчы, да гэтага заклікаў у слове на развітанне і Шушкевіч. А Б. Савіцкі зусім сур’ёзна сказаў мне: „А вы знаеце, што ў справе адраджэння беларускай мовы я зрабіў не менш за вас?” Яшчэ і паўтарыў гэтае самае „не менш”. „Можа быць, — адказаў я спакойна. — У такім разе гісторыя аддасць вам належнае”. Усякае даводзілася чуць ад тых, хто сам і двух слоў па-беларуску сказаць не можа, ну але такое — пачуў упершыню. Нават і накуляўшыся мог бы сёе-тое помніць, шаноўны прафесар.

Учора прачытаў у „Правде” прагнозы замежных саветолагаў. Прарочаць: у красавіку Ельцын падасць у адстаўку, да восені прэзідэнтам стане Руцкой і возьме курс на аднаўленне СССР (напачатку — у форме канфедэрацыі). Мяркуючы па ўсім, будзе менавіта так. Нас далучаць без крыві — эканамічнай блакадай і гатоўнасцю народа да страты незалежнасці.

3. І. 1993

Ельцын і Буш падпісалі дагавор аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў. Ну што ж, хоць трохі больш надзеі, што ачуняем.

Па тэле ішоў фільм пра Сталіна („Баляванне Валта­сара”). Яшчэ адзін выразны штрых да вялікай трагедыі народа і народаў. Між іншым, нядаўна вычытаў, што ў Сталіна была калекцыя парнаграфічных малюнкаў. Сексуальна-паталагічны тып. Як і многія з яго атачэння, перш за ўсё — Берыя.

У чацвер, 31-га, заходзіў міністр Вайтовіч — наконт заснавання ў Беларусі Акадэміі мастацтваў і літаратуры. Ён загарэўся гэтай ідэяй і хоча давесці справу да канца. Ну што ж, хай бы была ў нас і та­кая Акадэмія. Але мяне гэта больш не хвалюе. Сябры музыкі і мастакі, як сведчыць іх ліст у друку, проста не ведаюць, які ў мяне настрой і якога „акадэмічнага спакою” мне хочацца.

Гаварылі з Нінай [Іванаўнай, жонкай] пра Данчыка (ішоў яго канцэрт). Сам Бог яго паслаў нам — цяпер, калі мы Адраджаемся. Часцей бы толькі даваць яму экран і эфір! Праз добры беларускі голас можна зрабіць для Адраджэння вельмі многа. Ды яшчэ пры ягонай артыстычнай і чалавечай прывабнасці.

4.1. 1993

Перабіраючы завалы прэсы за апошнія гады, знайшоў дзве газеты з артыкуламі Б-а і з маімі горкімі паметамі на палях. Незразумела здрадніцкі выпад. Якраз тады, калі мне было так цяжка: „Правда” за 24.XI.89 і „Литературная газета” за 27.6.90. Ах ты мой дарагі брат, мой найблізкі сябра! І што ж гэта здарылася з табой? І хто ж гэта ачмурыў цябе так страшна? Хто і за што купіў душу тваю?..

На першы артыкул я тады ж адказаў вершам „Пра нашу годнасць”. Без прысвячэння. Але рэдактар ЛіМа В. адразу ж разгадаў, каму верш адрасаваны, і не хацеў пускаць яго ў друк. А на другі артыкул я ўжо нічога не адказваў. Які сэнс? Гора маё дый толькі. Гэта Б. не ведаў, хто амаль на працягу года трымаў у 306 пакоі Дома Літаратара штаб БНФ? На чыёй крыві і нервах гэты штаб там дзейнічаў? Якой цаной я амаль штодзённа адбіваўся ад званкоў з ЦК, з ГК, з РК? Ды ведаў ён гэта, ведаў!..

5. I. 1993

Да пытання аб прадчуваннях. Учора, перачытаўшы ў старых газетах прысвечаныя мне пасажы Б-а, расхваляваўся і амаль да раніцы не мог заснуць. Ад горычы і крыўды. Шмат чаго перабіраў у памяці, перадумаў. А сёння раніцай — наце вам! — інтэрвю з Б-м у „Звяздзе”. Апрача звыклай злосці на ўсіх і ўсё — нічога новага. Ніякай прасветліны. Ніякай надзеі. Намёкі на асоб часам досыць туманныя, адных я распазнаў, другіх — не. І мінімум уласнага пакаяння: браў узнагароды, прэміі, званні — самыя высокія ў СССР; ведаў, што гэта абавязвае... але браў. Як і ўсе грэшныя. Як Броўка, як Танк, як Шамякін... Адмовіцца пакуль не сабраўся. А можна было б — пры такой нянавісці да той сістэмы, якая іх да­вала. А то ж неяк непаслядоўна атрымліваецца! Гэта ж ужо ледзь не „віхлярства”, за якое атрымаў у „Правде” Ніл Гілевіч.

Тады, пасля „Правды” (а артыкул быў у той жа дзень і ў ЛіМе), я сказаў яму: „Ну, дык запомні, брат: у гэтых адносінах нават ты мне не суддзя. Нават ты! Не кажучы ўжо тваё новае акружэнне...”

7. І. 1993

Каляды. Званіў М. А. Савіцкі. Сказаў, што ўчора міністр Вайтовіч збіраў „рабочую групу” па арганізацыі Акадэміі мастацтваў і літаратуры (спісак яе, той групы, мне Вайтовіч чытаў раніцай 31-га). Прагаласавалі — за Акадэмію, а не за Аддзяленне літаратуры і мастацтва ў складзе АН Беларусі. Адзін Казінец, нібыта, супраць. Але механізм стварэння Акадэміі на мой погляд, сумніўны. Кандыдатаў у акадэмікі будуць вылучаць творчыя саюзы. Уяўляю, якое гэта будзе вылучэнне і хто ў тую акадэмію трапіць.

9. I. 1993

Пісаў артыкул „Не плюйце ў крыніцы, панове!”. Свайго роду водпаведзь „ворагам беларушчыны”, паклёпнікам і чорным злоснікам. Трэба ж нешта гаварыць, не маўчаць!

11.І. 1993

Вечарам перадаў у „Звязду” рэпліку на інтэрв’ю Сл- ва, старшыні камісіі В[ярхоўнага] С[авета] па нацыянальных пытаннях. Рэпліка — рэзкая і іранічная, таму будзе, напэўна, і адказ. А трэба было б і яшчэ вастрэй. Якія ж у нас дзяржаўныя „абаронцы” свайго народа!..

12.І. 1993

Цэлы дзень, з раніцы, у Радашкавічах, на адкрыцці новай школы, да завяршэння будаўніцтва якой я меў дачыненне (як дэпутат гэтай акругі). На мяне выпаў гонар перарэзаць стужку. У вачах — першакласнікі (чатыры класы беларускія, два рускія — для прыезджых). Аж расчуліўся, гледзячы на іх. Трэба часцей глядзець малым у вочы. Як шкада, што ў мяне з імі так мала сустрэчаў!..

13.І. 1993

У „Звяздзе” — мая рэпліка Сл-ву: „Прабачце, гэта не апіскі?”. Звышаператыўна надрукаваў Наркевіч. Малайчына. Першыя водгукі (тэлефонныя) вельмі хвалебныя. Днём — лекцыя ў Наргасе (ЭУ), на адкрыцці факультатыўнага Універсітэта беларускай культуры, мовы, гісторыі. Гаварылася мне чамусьці цяжкавата, але людзі — дэканы і загадчыкі кафедраў — здаецца, засталіся задаволенымі. Былі пытанні наконт моўнай сітуацыі ў Беларусі. Яшчэ раз пераканаўся, што трэба сустракацца і гутарыць.

Вечар (шчодры!) правёў у Музычнай Акадэміі, з Казінцом і Шаранговічам, пасля далучыўся і Дрынеўскі. Гадзіны чатыры „прабалантэсілі” — і амаль толькі пра будучую акадэмію мастацтваў. А сабраў нас мой ліст да іх. К. сказаў: „Ніколі за 50 гадоў не атрымліваў такога ліста, у якім столькі болю, але і столькі неразумення мяне...”. З доўгай размовы вынікала: нам трэба тры мацца разам і не аддаваць справу заснавання Акадэміі ў рукі М. С. (пры ўсёй да яго павазе), бо — не туды пакіруе. Прымірэння, а тым больш любові ў гэтых з гэным — не будзе. У чым я пераканаўся канчаткова. Наша нацыянальная трагедыя. Вынікі халуйскага становішча Беларусі ў імперыі.

14.І. 1993

Маленькае свята паэзіі ў Карповічах, у маіх выбаршчыкаў, з ініцыятывы дырэктара саўгаса У. І. Худога.

Былі і старэйшыя школьнікі, і дарослыя. Сустрэча прайшла вельмі хораша, — дзякуючы настаўніцы В. І. Цыбулінскай, якая выдатна ўсё арганізавала. Дзеці таксама чыталі свае вершы, і досыць слаўненькія. Асабліва 9-класнік Вадзім Равяка — пра Багдановіча.

15.І. 1993

Прачнуўся ў 4:15 і да 8:00 напісаў водпаведзь тром землякам, акадэмікам РАН, што прабілі ў рэйку: трымайцеся, беларусы, за рускую мову — і ў навуцы, і ў тэхніцы, і ў школах! А ў 10:00 ужо быў у Доме настаўніка — з лекцыяй (гутаркай) аб сучасным становішчы беларускай мовы і культуры — для загадчыкаў кафедраў абласных ІПК Міністэрства адукацыі. Сярод прысутных — яўныя і нават зацятыя ворагі беларусізацыі жыцця ў Беларусі. Але такіх менш.

16.І. 1993

З 10 да 18 быў на сумесным пасяджэнні двух Прэзідыумаў — Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў. Уражанне вельмі цяжкае — ніхто нічога не ведае, як не дапусціць канчатковага краху эканомікі і выйсці з крызісу. І ў прыватнасці, як адолець чарнобыльскую бяду. Падобна на тое, што нашыя вучоныя-ядзершчыкі ўсё ж вінаватыя перад народам.

18. I. 1993

А. М. Ганчарэнка прапанаваў мне зрабіць на агульным сходзе АН даклад аб праблемах фальклору. Прапанова з прыцэлам: пакажа, чаго варты. Паглядзім і, можа, выберам членкорам — наўздагон за іншымі. Здаецца, спазніліся, дарагія мае. Быў час, была магчымасць. Не парупіліся. На сёмым дзесятку плешчыцца ў членкоры? Смешнавата. Ну, а рабіць даклад проста так — можна было б, але знайду часу на падрыхтоўку, трэба шмат перачытаць, перадумаць. Адным словам.

Званіў А. А. Марачкін з просьбай (ад імя ініцыятыўнай групы) — увайсці ў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню 75-й гадавіны БНР. Згадзіўся з удзячнасцю, што не забыліся пра мяне. Гэту Дату трэба адзначыць хораша! І на дзяржаўным узроўні!..

18.V.1993

Першы дзень працы ХІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Пасля доўгага перапынку. Запісы раблю на пасяджэнні. Пачалося вельмі сумбурна. Зноў у зале, у радах, пануе нейкі лёгкі настрой, гучыць гумарок, жарцікі. Зусім не адчуваецца настроенасці на цяжкую, сур’ёзную працу. Чорт жа знае, што робіцца ў краіне — у эканоміцы, у гаспадарцы. Ды і на свеце. Паўсюль у зале — гэтакае маладзецкае бадзёрства. Ні знаку, што ў рэспубліцы — крайне цяжкая, нават трывожная сітуацыя. У тым ліку і ў маральным стане грамадства.

Пачынаецца абмеркаванне Парадку дня. Дэп[утат] У. Новік прапануе ўключыць законапраект аб паліве — бо надта страшная можа быць для нас зіма. Рэпліка З. Ломаця: „Садзіся на свой нейтралітэт і язджай, нашто табе бензін. Хацеў жа нейтралітэту, без саюзу з Расіяй”.

Дэпутат З. Пазьняк унёс дзве прапановы. Першая: адмяніць пастанову, якая рэабілітавала Камуністычную партыю Беларусі, каб заставалася ў сіле першая пастанова, паводле якой КПБ — антыдзяржаўная арганізацыя. Другая: паставіць на разгляд пытанне аб адмене пастановы аб Рэферэндуме, бо такі рэферэндум не патрэбен, ён будзе на шкоду Беларусі. У зале — адпаведнае (нядобрае) рэагаванне. Падхапіўся дэп. Качан. Патрабуе: 1. Уключыць у Парадак дня пытанне аб забароне БНФ як арганізацыі антыдзяржаўнай (у піку Пазьняку). 2. Аб аднаўленні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спаслаўся на ліст 112 дэпутатаў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета. (А з якім пафасам гаварыў! З якой загартоўкай у голасе!)

Канфрантацыя пачалася з абмеркавання скла­ду Рэдакцыйнай Камісіі. „Беларусы” зарэзалі ўсіх „дэмакратаў” (Герменчука, Герасюка, Трусава, Навумчыка і інш.). Узначаліў Камісію Б. І. Недарэка, што і засведчыў, выступіўшы (хай Бог даруе, што я даў Б. І. такі псеўданім).

Дэп. В. Ганчар пляжыць Прэзідыум ВС і рабочы прэзідыум Сесіі за няўменне арганізаваць працу, парушэнне рэгламенту, — з вялікай непавагай да кіраўніцтва ВС — як заўсёды. І як заўсёды — высакамерна, наставіцельна, павучальна, па-рэзанёрску, катэгарычна...

Дэп. Мінько патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу Шушкевіча аб выкананні ім п. 4-га Пастановы ХІ сесіі. Вядома ж, не толькі ад свайго імя. Даюць адразу ж зразумець Шушкевічу. Дэп. Трафіменка: "Намі ставілася пытанне аб барацьбе са спекуляцыяй — які яго лёс? Ці будзе яно ставіцца нанава?”

Дэп. Лукашэнка: напачатку хвошча Прэзідыум ВС і Шушкевіча, затым патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу кіраўнікоў дзяржавы Шушкевіча і Кебіча аб мерах па паляпшэнні эканамічнага становішча ў краіне. А яшчэ — „Я падтрымліваю дэпутата Качана наконт забароны БНФ і святкавання дня Кастрычніцкай Рэвалюцыі”.

Дэп. Гаркун прапануе разгледзець пытанне аб кампенсацыі калгасам і ўсім сельгаспрацаўнікам панесеных імі цяжкіх стратаў ад поўнага адпускання цэнаў на тавары прамысловасці. Вельмі справядлівае патрабаванне.

Дэп. Лукашэнка: пытанне аб прыватызацыйных чэках не абмяркоўваць — зняць!

Шушкевіч: без прыватызацыі — мы адстанем у рэформах ад Расіі, трэба даганяць рэформы Расіі! (Што даганяць? Гэны дзікі капіталізм?)

Дэп. Міцько (пасля правалу пытання аб правах дзіцяці—набрала 123 галасы, не прайшло, не ўключылі): „Не разумею! Супроць будучыні Беларусі прагаласавалі!” (З абурэннем.)

Дэп. Савіцкі (пасля правалу пытання аб экалагічнай інспекцыі): „Віншую! Нас з’ядуць тараканы скора, калі мы так рашаем пытанні экалогіі!”

Дэп. Катушкін — Шушкевічу: «Станіслаў Станіслававіч, вы, іменна вы расколваеце Сесію. Вы ўжо дзесяць разоў зрабілі выпад супроць дэпутатаў аб’яднання „Бе­ларусь”! Я вам раблю катэгарычную заўвагу!» (Усё — з вялікай злосцю.)

Пытанне аб санітарна-эпідэміялагічнай службе — зарэзалі. Не ўключылі. Ну і ну! Гэта заняло б толькі паўхвіліны часу. І вось — маем!..

Пытанне аб Рэферэндуме (з удакладненнем пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае галасаванне). Дэп. Пазьняк: рашуча супроць. Булахаў, Станкевіч, Грыбанаў: рашуча за. Булахаў узяў слова яшчэ раз — за! „У 1991-м у нас не было вопыту, рэферэндум быў недасканалы”.

Наша Камісія прасіла ўключыць у план Сесіі пытанні „Аб архівах” і „Аб бібліятэках”. Не ўключылі: толькі 88 галасоў „за” (і па адным, і па другім). Было бачна, з якім вялікім энтузіязмам зарэзалі — аж пошчак ішоў па зале, як галасавалі супроць! Выступленне Трусава не памагло. Пытанне „Аб племянной справе” — зарэзалі пад гучны рогат. Настолькі на пошлы лад настроеныя думкі дасціпнікаў. А пытанне вельмі важнае для развіцця жывёлагадоўлі. Дэп. Унучка (эканаміст!) пульнуў досціп: „Штучна ці натуральна асемяняць?” (з націскам на „натуральна”). А між тым дэп. Лужынскі з вялікай горыччу сказаў, якая гэта важная эканамічная праблема.

Дэп. Герасюк прапанаваў уключыць у Парадак дня пытанні: 1. Аб катэджах наменклатуры; 2. Аб адстаўцы

В. Кебіча з пасады Старшыні Савета Міністраў. Абедзве прапановы з трэскам праваліліся.

Дэп. Вярцінскі (ад сябе і ад дэп. Гілевіча) унёс прапанову абмеркаваць пытанне „Аб канцэпцыі інфармацыйнай прасторы” — замест праваленага Законапраекта аб СМІ. Прапанова была з вялікім поспехам зарэзана — „за” толькі 75 галасоў.

Дэп. Трусаў унёс прапанову абмеркаваць пытанне аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. „За” — усяго 95 галасоў. Дзівак-чалавек! Людзі ашалелі ад шчасця, што сталі „членамі Парламента”, і цяпер самім адмовіцца ад такога гонару? Прагаласавалі прапанову Качана аб забароне БНФ: „за” — 45. (Я думаў, што будзе больш.) Яго ж прапанову аб аднаўленні дня 7 лістапада як Свя­та Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымалі 131 голасам. Не прайшла. Прапанова Мінько абмеркаваць на Сесіі справаздачу Шушкевіча атрымала 176 галасоў. Прайшла! Рыхтуйся, спікер, да справаздачы! Ой, мала табе не будзе!

19 траўня

Пачалося, як звычайна, з „Рознага”. Дэп. Дзейка звярнуўся з запытам да генеральнага пракурора, чаму быў звольнены з Арміі афіцэр Мікалай Статкевіч. Дэп. Кучынскі прабіў трывогу аб пашырэнні ў Беларусі рэлігійных сектаў „Белыя браты”, „Крышнаіты” і іншых — аб страшным уздзеянні іх на псіхіку нашай моладзі, аб неабходнасці ратаваць яе. Маладыя хлопцы, трапіўшы ў іх сеці, сохнуць, усыхаюць. Многія наогул знікаюць! Дэп. Баршчэўскі. Запыт намесніку прэм’ера М. Дземчуку: чаму ў кнігарнях няма беларускіх кніг? Апратэставаў („у народа выклікаў смех”) выпад дэп. Ка­чана і кампаніі супроць БНФ. (У зале прамаўчалі.)

Першае пытанне Парадку дня: Аб зменах у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Доўга затрымаліся на першай жа папраўцы. На кожную заўвагу — у зале рэплікі, як у школьнікаў ці студэнтаў — лёгкія, зубаскальскія, з прэтэнзіяй на дасціпнасць. Ах, гэтыя практыкаванні ў досціпах! Як яны выдаюць узровень культуры, выхаванасці! У зале — вялікая суматоха. Спрэчкі — якіясьці анархічныя, мітынговыя, амбіцыйныя і нават бзікаватыя. Леўчык, пасля правалу першага пытання, што называецца „плюнуў” і сеў на месца. Дэп. Арціменя прысарамаціў усіх — асабліва Лукашэнку: за яго выступленне. Шушкевіч злосна абрэзаў Лукашэнку: „Хопіць дэмагогіі! Вы толькі крычыце, як на мітынгах. А ніводнай за ўвесь час канкрэтнай прапановы! Ніхто так не дэстабілізуе залу, як вы!”

Праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дакладчык Шушкевіч. Гаварыў хвілін 15 — максімум, а можа і 10. Для такога даклада — малавата. Я чакаў, што зойме каля гадзіны. Пайшлі пытанні. Першае: Дык што за лад у нас будзе, у Беларусі — сацыялістычны ці капіталістычны? — Адказ: Пачытайце ўважліва тэкст, там сфармулявана. Дэп. Камай: А дзе Закон аб сімвалах у Канстытуцыі? Адказ: Ёсць закон, і добры, до­бра прыняты грамадскасцю, і няма патрэбы яго мяняць. (Сапраўды, сімвалы ў нас выдатныя. Адно што Гімна няма.) Пытанне: Чаму — платнае навучанне? А было бясплатнае. — Адказ: Было не для ўсіх, было сацыяльнае рэгуляванне. Пытанне: Што ў эканамічнай аснове ладу — якая ўласнасць? — Адказ: Не трэба вызначаць! Будзем будаваць справядлівае грамадства, на прававых асновах. — Пытанне: Ці парламент будзе прафесійны, ці такі, як цяпер? — Адказ: Прафесійны, але. з пэўнымі агаворкамі (рэгламентацыямі).

Дэп. Заблоцкі: Нідзе ў свеце няма спалучэння выканаўчых і заканадаўчых улад. Усюды яны размежаваны. Дэп. Качан: Дзе гарантыя на працу, на адукацыю і г. д.? Шушкевіч: Не трэба слоў „гарантыя”. Гэта — нерэальна! Дэп. Камай: Дык якая ж эканамічная аснова РБ? Трэба вызначыць у Канстытуцыі эканамічны базіс РБ! Адказ: Няма патрэбы ў такім вызначэнні, у іншых краінах няма.

Дэп. Трафіменка: На здароўе — гарантуецца права, а на ўсё іншае — не, слова „гарантуецца” няма.

Дэп. Сінчылін: Чаму адна беларуска мова — дзяржаўная? Шушкевіч адказаў вельмі эмацыйна, але добра, лагічна і доказна. Праўда, спасылка на шведскую мову ў Фінляндыі — няўдалая.

Дэп. Лакцюшын. Таксама аб мовах. Паршывую сацыялогію прыцягнулі з „Советской Белоруссии”, фальшывыя лічбы. Ах, сацыёлагі! Шушкевіч рэзка абрэзаў.

Дэп. Баршчэўскі пачаў дасведчана гаварыць аб мовах у Фінляндыі. У зале заулююкалі. Асабліва — дэпутат-генерал Гетц. Дэп. Лавіцкі прапанаваў зняць у прэамбуле ўпамінанне аб Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Прагаласавалі прапанову. „За” ўпамінанне — толькі 106 галасоў. Знялі! З энтузіязмам! Вось адносіны да гісторыі Бацькаўшчыны. Не было яе і няма — у душах і сэрцах бальшыні.

20 траўня

Арганізацыя працы і дысцыпліна — ніякая. Калі галасавалі пункт аб грамадзянстве — спачатку было ў зале 203 дэпутаты, паўторна — ужо 250, амаль 50 набеглі з калідораў, з кафэ. Не склікаўшы людзей у залу, паставілі на галасаванне. Станкевіч нахіліўся да мяне і прашаптаў: «Шушка (Шушкевіч) перад выбарамі спікера запрасіў на кватэру Лукашэнку, Ганчара, рэзаў і чысціў селядца і прасіў: „Галасуйце за мяне! Я вас не пакрыўджу, буду падтрымліваць...”. А цяпер — такія ворагі Лукашэнка і Шушкевіч!». (Па-мойму, плётка, у якой зацікаўлены непрыяцелі Станіслава, а іх процьма.)

Аб дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў вылезлі: Лакцюшын (учора — Сінчылін) і член нашай Камісіі, дзядок П. З. Мінчанка (пасланец ад КПБ) і іншыя. Канешне ж, узяў і я слова. Пры маім выступленні рэпліку „Не пугай!” кінуў дэпутат з Барысава Трусаў (не ўпершыню і менавіта „Не пугай!” — на „ты”, як у сябе на заводзе). Кінуў — пасля маіх слоў: „Для Беларусі стане горш, калі мы адступім назад ад Зако­на аб мовах”. Выступіў я нялепшым чынам, трэба будзе пры абмеркаванні п. 50 паправіць. І аднак жа за дзве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 83 дэпутаты, а за адну беларускую — 204. Ура! Хоць гэта яшчэ толькі абмеркаванне праекта Канстытуцыі.

21 траўня

Пачалі з пытанняў непрадбачаных: выступленне дэп. Сапронава аб злоўжываннях у замежным гандлі агаломшыла. Калі ўсё гэта праўда, то — жахліва! Слухалі з выключнай увагай і пры поўнай цішыні ў зале. Урад распрадае краіну, багацці народа, заганяючы людзей у жабрацтва. Выступіў Міністр хлебапрадуктаў — амбіцыйна — з водпаведдзю Герасюку. А Герасюк тут жа прыпёр яго да сцяны фактамі. Затым паўгадзіны аддалі тэме: як прымусіць дэпутатаў пастаянна быць на сесіях і ўдзельнічаць у пасяджэннях. Ой, што тут пачалося! Як узяліся бэсціць адзін аднаго! Шушкевіч неасцярожна назваў імёны адсутных дэпутатаў. А Станкевіч, бэсцячы яго за нібыта „пошла-кухонны ўзровень”, сам пакарыстаўся менавіта такім стылем: „Вы можаце з маладой сваёй жонкай такое на кухні гаварыць...”. Гэта — пра спікера Вярхоўнага Савета. Крэпенька! Выйшла: усе вы, шаноўныя, адною культурай валодаеце. Шушкевіч узарваўся: „Я не ў міліцыі ў вас, дэпутат Станкевіч, не падследчы на допыце ў вас!..” Затым дэп. Ганчар з гасподніх вышак спляжыў усіх. Асабліва Шушкевіча і Прэзідыум.

25 траўня

Выбары намесніка Старшыні Прэзідыума. Прапанавалі дэпутата Міцько, разумнага, інтэлігентнага чалавека, медыка па адукацыі. Правалілі: толькі 125 „за”. Чаму? Праясніў сваім пытаннем да Міцько ваяўнічы дэпутат-генерал Сарокін: „Вашы адносіны да ўваходу Беларусі ў Калектыўную Бяспеку?”. Добра адказаў Міцько, вельмі добра, але ўжо было ясна, што „зарэжуць”. Якая зацятасць ворагаў нашай дзяржаўнай незалежнасці!

Абмеркаванне главы Канстытуцыі „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”. За прэзідэнцкую форму кіравання выказаліся толькі 132 дэпутаты. Зарэзалі саму ідэю „прэзідэнцтва”. Ніякага прэзідэнта не трэба: ні „моцнага”, ні „слабага” (як у Германіі). Не трэба! Слова ўзяў Ганчар: патрэбен галава ўлады, дзяржавы без галавы не бывае, такога няма ў свеце! Прагаласавалі паўторна. Набралі 147. Рост! Не разумеюць шаноўныя, не разумеюць, якая нас можа чакаць бяда — пры нашай масавай палітычнай культуры.

26 траўня

У „Розным”: дэп. Бойка зачытаў ліст свайго выбаршчыка супроць „тарашкевіцы” (палічыў вартым увагі). Ліст рэзкі. Дарэмна зачапіў Данчыка. Пытанне ж увогуле правамернае і ў прынцыпе — рэзкасць справядлівая. „А можа, гэта правакацыя?” — сказаў Бойка, як бы звяртаючыся да прысутных дэпутатаў-філолагаў. Не, вядома, не правакацыя, але падумаць так можна — настолькі самаўпэўнена і напорыста ў друку „плянуюць” і „клясуюць”. Дарэмна А. Трусаў, узяўшы слова, „рашуча заявіў пратэст” супроць выступлення Бойкі. Праблема ж ёсць!

Абмеркаванне главы „Суд”. Пункт аб увядзенні суда прысяжных не прайшоў. пасля выступлення А. Трусава, які напомніў зале, што суд прысяжных быў ліквідаваны бальшавікамі пасля 1917-га. Знайшоў каму напомніць! Тым, для каго суд прысяжных вельмі непажаданы. Пытанне зусім не звязана з палітыкай, але раз выступіў у падтрымку апазіцыйнік і крытыкнуў бальшавікоў — усё, кранты! Адразу ж многія ўсумніліся і — 20 галасоў не хапіла. Трусаў забыўся, хто ў зале.

Пытанне аб Кантрольнай Палаце. Сама назва не прайшла. Дэп. Грынёў: Трэба сістэма кантролю, а Пала­та пакуль не адпавядае. „Вы протаскиваете то, в чём за­интересованы”. (Гэта — Шушкевічу. Не зусім карэктна.) Дэп. Сапронаў: Не разумею логікі паводзін дэпутатаў, што галасавалі супроць. Патрэбен жа кантроль!

Дэп. Макейчанка (у адказ на „шпільку” А. Труса­ва): І ў ЦК працавалі людзі, якія нешта ведалі ў галінах гаспадаркі. Між іншым, гэта праўда: былі такія людзі — і дасведчаныя, і кампетэнтныя, і культурныя. На жаль, ча­ста ім не хапала мужнасці, стойкасці, упартасці, іх волю ламалі недасведчаныя і некультурныя, амбіцыйныя і фанабэрыстыя „сталаначальнікі”.

27 траўня

У „Розным” дэп. Герасюк гаварыў пра росквіт карупцыі ў Беларусі (набывае ўсё большыя маштабы). Папрасіў даваць яму слова па гэтым пытанні кожны дзень і да канца сесіі. (Брава, Герасюк! Малайчына! Нехта ж павінен пароць у вочы зладзюгам — што яны зладзюгі.) Дэп. Крыжаноўскі спачатку расказаў пра састарэласць тэхнікі ў Беларусі і пра нядбайнасць Урада ў гэтай справе. Затым папракнуў дэпутатаў за нападкі на Шушкевіча — што не падпісаў Дагавор аб Калектыўнай бяспецы, асудзіў і за непрыманне імі Кантрольнай Па­латы — бо яна пачала ўскрываць злачынствы мужоў дзяржаўных.

Пытанне аб дадатковых паўнамоцтвах Савета Міністраў у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Спрэчкі разгарэліся страшныя. Кебіч (пасля выступлення дэп. Какоўкі і іншых) — ох і ўскіпеў ад злосці! „Ніводнай стрэльбы не прадалі ў Таджыкістан! І не прададзім без рашэння Вярхоўнага Савета! І вы, таварыш гаспадзін Трусаў, перастаньце!.. У газетах поўна хлусні!..”. А пачаў сваю прамову так: „Спыніце балбатню! Іначай не магу сказаць!..” (Ох і разышоўся! Відаць-такі—дапяклі!) Лакцюшын, Лукашэнка, асабліва генерал Гетц — крычаць так, што аж глушаць залу, патрабуюць амаль усенароднага ганьбавання дэмакратаў-апазіцыянераў. (Лакцюшын: „Все эти Каковки, Сасновы, Барщевские...”) Дэп. Заблоцкі абрэзаў крыкуноў, а галоўнае — гакнуў па эканамічнай палітыцы Урада за адсутнасць стратэгіі, за нягоднасць такога эканамічнага курса. Дэпутаты Жукоўскі, Мачуленка зноў паднялі крык супроць дэмакратаў, — крык наогул, без канкрэтных прапаноў. Дэп. Сасноў вельмі пераканаўча даў ім водпаведзь.

28 траўня

У „Розным” дэп. Чэпік патрабаваў або — або: або — Урад у адстаўку, калі праўда тое, што казаў Герасюк, або — дэпутата Герасюка пазбавіць на паўгода ман­дата за яго ўчарашняе выступленне пра міністра хлебапрадуктаў Якушава М. С. Вось такое або — або. Такая інтрыга ў сюжэце.

Пытанне Аб дзяржаўнай службе. Дакладчык — дэп. Заблоцкі. Не ўцямлю, чаму Заблоцкі? Ён — намеснік старшыні Камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Размова ж — пра служачых дзяржаўнага апарату! Дэп. Голубеў зрабіў вельмі слушную прапанову: аб абавязковым веданні беларускай мовы як мовы дзяржаўнай тымі, хто паступае на працу ў дзяржаўную ўстанову. Узнікла спрэчка. Дэп. Цярэшка: „Камісія не прапаноўвала такога”. Голубеў: „Непрыемна казаць, Іван Іванавіч, але Камісія тройчы разглядала і рэкамендавала гэтую прапанову”. (Галасавалі як за прапанову аднаго Голубева. „За” — 42 галасы. Рэпліка з залы дэпутата-генерала Піскарова: „Великое множество!” Здзеклівым тонам, вядома. Чаму ж з дзяржаўнай мовы і не паздзеквацца! У нас, у незалежнай Беларусі гэта можна. Нават пахвальна. Пад воплескі...)

1 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Волкаў: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!”

Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы.

Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)

2 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Холад крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!)

Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуаль­на кожны так ці іначай у ёй удзельнічае. Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную служ­бу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..)

Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.

3 чэрвеня

У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?)

Дэп. Маркевіч у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны!



Поделиться книгой:

На главную
Назад