Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

* Маўры - паўночнаафрыканскiя арабы-мусульмане.

Iншых ангельцаў забралi i адправiлi да двара жорсткага султана, а мяне капiтан пiрацкага судна пакiнуў пры сабе i зрабiў сваiм рабом, бо я быў малады i спрытны.

Я горка заплакаў: я ўспомнiў прадказанне майго бацькi, што рана цi позна са мною здарыцца бяда i нiхто не прыйдзе мне на дапамогу. Я думаў, што менавiта цяпер такая бяда мяне i напаткала. Але дарэмна я так думаў. Наперадзе мяне чакалi яшчэ страшнейшыя няшчасцi.

Я спадзяваўся, што мой новы ўладар, капiтан разбойнiцкага судна, пакiнуўшы мяне пры сабе, калi ён зноў адправiцца рабаваць марскiя караблi, возьме мяне з сабою таксама. Я быў цвёрда ўпэўнены, што, нарэшце, ён трапiць у палон да якога-небудзь гiшпанскага цi партугальскага ваеннага карабля i тады я атрымаю волю.

Але хутка я зразумеў, што гэтыя спадзяваннi былi дарэмныя, таму што ў першы ж раз, калi мой уладар выйшаў у мора, мяне ён пакiнуў дома выконваць чорную работу, якую звычайна выконваюць рабы.

З гэтага дня я толькi i думаў пра ўцёкi. Але ўцячы было немагчыма: я быў знясiлены i адзiнокi.

Сярод палонных не было нiводнага ангельца, каму я здолеў бы паверыць.

Два гады пакутваў я ў палоне, не маючы нiякай надзеi на выратаванне. Але на трэцi год мне ўсё ж удалося ўцячы.

Адбылося гэта так: мой уладар заўсёды, раз цi два на тыдзень, браў карабельную шлюпку i плыў на ўзмор'е лавiць рыбу. У кожную такую паездку ён браў з сабою мяне i хлапчука, якога звалi Ксуры. Мы старанна веславалi i як умелi пацяшалi свайго ўладара. А паколькi я, у дадатак, яшчэ аказаўся i някепскiм рыбаловам, ён часам пасылаў нас абаiх - мяне i гэтага Ксуры - па рыбу пад наглядам аднаго старога маўра, свайго далёкага родзiча.

Аднойчы мой гаспадар запрасiў двух вельмi важных маўраў пакатацца з iм на яго паруснай шлюпцы. Для гэтай паездкi ён нарыхтаваў вялiкiя запасы ежы, якiя звечара яшчэ адправiў да сябе на шлюпку. Шлюпка была прасторная. Гаспадар яшчэ гады два назад загадаў свайму карабельнаму цесляру зрабiць там невялiкую каюту, а ў каюце - кладоўку для прадуктаў. У гэту кладоўку я i склаў усе прыпасы.

- Можа здарыцца, што госцi пажадаюць наладзiць паляванне, - сказаў мне гаспадар. - Вазьмi на караблi тры стрэльбы i занясi iх у каюту.

Я зрабiў усё, што мне было загадана: вымыў палубу, узняў на мачце сцяг i на другi дзень з ранiцы сядзеў у шлюпцы i чакаў гасцей. Раптам гаспадар прыйшоў адзiн i сказаў, што госцi сёння не паедуць, таму што iх затрымалi справы. Затым ён загадаў нам траiм - мне, хлапчуку Ксуры i маўру - плыць у нашай шлюпцы на ўзмор'е па рыбу.

- Мае сябры прыйдуць да мяне вячэраць, - сказаў ён, - i таму вы, як толькi наловiце дастаткова рыбы, нясiце яе сюды ж.

Вось тады зноў i абудзiлася ва мне даўняя мара пра волю. Цяпер у мяне было судна, i, як толькi гаспадар пайшоў, я пачаў рыхтавацца - не да рыбнай лоўлi, а ў далёкае плаванне. Праўда, я не ведаў, куды паплыву, але ўсякая дарога добрая - абы толькi ўцячы з няволi.

- Варта нам было б прыхапiць сабе якую-небудзь ежу, - сказаў я маўру, - не будзем жа мы без спросу есцi тое, што гаспадар падрыхтаваў гасцям.

Стары згадзiўся са мною i хутка прынёс вялiзную кашолку сухароў i тры збаны прэснай вады.

Я ведаў, дзе ў гаспадара стаiць скрыня з вiном, i пакуль маўр хадзiў па прадукты, я перанёс усе бутэлькi на шлюпку i паставiў iх у кладоўку, нiбыта яны яшчэ раней былi назапашаны для гаспадара.

Апрача таго, я прынёс вялiзны кавалак воску (фунтаў на пяцьдзесят вагою) ды прыхапiў маток прадзiва, сякеру, пiлу i малаток. З часамi ўсё гэта нам вельмi прыдалося, асаблiва воск, з якога мы рабiлi свечкi.

Я прыдумаў яшчэ адну хiтрасць, i мне зноў удалося ашукаць даверлiвага маўра. Яго iмя было Iзмаiл, таму ўсе звалi яго Молi. Вось я яму i сказаў:

- Молi, на судне ёсць гаспадаровы паляўнiчыя стрэльбы. Не шкодзiла б нам мець трохi пораху ды некалькi зарадаў - магчыма, нам пашэнцiць падстрэлiць сабе на абед кулiкоў. Гаспадар трымае порах i шрот на караблi, я ведаю.

- Добра, - сказаў ён, - прынясу.

I ён прынёс ладную скураную торбу з порахам - фунта паўтара вагою, а магчыма, i болей. I другую, са шротам - фунтаў пяць цi шэсць. Ён прыхапiў таксама i кулi. Усё гэта было складзена ў шлюпцы. Апрача таго, у гаспадаровай каюце знайшлося яшчэ крыху пораху, якi я насыпаў у вялiкую бутлю, вылiўшы з яе папярэдне рэшткi вiна.

Зрабiўшы такi запас усяго неабходнага для далёкага плавання, мы выйшлi з гаванi, нiбыта на рыбную лоўлю. Я закiнуў у ваду свае вуды, але нiчога не злавiў (я знарок не выцягваў вуды, калi рыба трапляла на кручок).

- Тут мы нiчога не зловiм, - сказаў я маўру. - Гаспадар нас не пахвалiць, калi мы вернемся да яго з пустымi рукамi. Трэба плысцi далей у мора. Магчыма, далей ад берага рыба будзе лепей браць.

Не падазраючы падману, стары маўр згадзiўся са мною i, паколькi ён стаяў на носе карабля, узняў ветразь.

Я ж сядзеў за рулём на карме, i, калi судна адышло мiлi на тры ў адкрытае мора, я лёг у дрэйф* - як быццам для таго, каб зноў узяцца лавiць рыбу.

* Легчы ў дрэйф - размясцiць ветразi на судне так, каб яно заставалася амаль нерухомым.

Затым, аддаўшы хлапчуку руль, я перайшоў на нос, падышоў да маўра ззаду i раптам прыўзняў яго i кiнуў у мора. Ён зараз жа вынырнуў, таму што плаваў, як корак, i пачаў прасiцца, каб я ўзяў яго ў шлюпку, абяцаючы, што паедзе са мною хоць на край свету. Ён плыў так шпарка за суднам, што вельмi хутка дагнаў бы мяне (вецер быў слабы, i шлюпка ледзь рухалася). Бачачы, што маўр нас хутка дагонiць, я ўскочыў у каюту, узяў там паляўнiчую стрэльбу, прыцэлiўся ў маўра i сказаў:

- Я не жадаю табе зла, але зараз жа адчапiся ад мяне i хутчэй вяртайся дадому! Ты добры плывец, мора цiхае, ты лёгка даплывеш да берага. Паварочвай назад, i я цябе не зачаплю. Але калi ты не адстанеш ад шлюпкi, я прастрэлю табе галаву, таму што я цвёрда вырашыў здабыць сабе волю.

Ён павярнуў да берага i, я ўпэўнены, без цяжкасцi даплыў да яго. Вядома, я мог узяць з сабою гэтага маўра, але старому нельга было давяраць.

Калi маўр адстаў ад шлюпкi, я звярнуўся да хлопчыка i сказаў:

- Ксуры, калi ты будзеш мне адданы, я зраблю табе многа дабра. Паклянiся, што ты нiколi не здрадзiш мне, iнакш я i цябе кiну ў мора.

Хлопчык усмiхнуўся, гледзячы мне проста ў вочы, i пакляўся, што будзе адданы мне да самае смерцi i паедзе са мною, куды я захачу.

Гаварыў ён так шчыра, што я не мог яму не паверыць.

Пакуль маўр не наблiзiўся да берага, я трымаў курс ў адкрытае мора, лавiруючы супроць ветру, каб усе думалi, што мы iдзём да Гiбралтара.

Але як толькi пайшло на адвячорак, я пачаў кiраваць на поўдзень, прытрымлiваючыся патроху ўсходу, таму што мне не хацелася аддаляцца ад берага. Дзьмуў вельмi свежы вецер, але мора было роўнае, спакойнае, i таму мы iшлi добрым ходам.

Калi ж на другi дзень к тром гадзiнам наперадзе ўпершыню паказалася зямля, мы былi ўжо мiль на паўтараста паўднёвей Салеха, далёка ўжо за межамi ўладанняў мараканскага султана, ды i ўсякага iншага з афрыканскiх цароў. Бераг, да якога мы наблiжалiся, быў зусiм бязлюдны.

Але ў палоне я набраўся такога страху, так баяўся зноў трапiць да маўраў, што, карыстаючыся спрыяльным ветрам, якi падганяў маю шлюпку на поўдзень, пяць дзён плыў наперад i наперад, не становячыся на якар i не выходзячы на бераг.

Праз пяць дзён вецер змянiўся: падзьмуў з поўдня, i паколькi цяпер я ўжо не баяўся пагонi, то вырашыў падысцi да берага i кiнуць якар у вусцi нейкай маленькай рэчкi. Не магу сказаць пэўна, што гэта за рэчка, дзе яна працякае i якiя людзi жывуць на яе берагах. Берагi яе былi пустэльныя, i гэта мяне вельмi ўзрадавала, таму што ў мяне не было нiякага жадання сустракацца з людзьмi. Адзiнае, што мне было патрэбна, - прэсная вада.

Мы зайшлi ў вусце пад вечар i вырашылi, калi сцямнее, дабрацца да сушы ўплаў i агледзець ўсё навокал. Але як толькi сцямнела, мы пачулi страшэнныя гукi: бераг кiшэў звярамi, якiя так шалёна вылi, рыкалi, раўлi i брахалi, што бедны Ксуры ледзь не памёр ад страху, i Ксуры пачаў упрошваць мяне не выходзiць на бераг да ранiцы.

- Добра, Ксуры, - сказаў я яму, - пачакаем! Але можа здарыцца так, што пры дзённым святле мы ўбачым людзей, якiх нам трэба асцерагацца больш, чым лютых iльвоў i тыграў.

- А мы стрэлiм у гэтых людзей са стрэльбы, - сказаў ён, смеючыся, - i яны ўцякуць.

Мне было прыемна, што хлапчук трымаецца малайцом. Каб ён i надалей не вешаў носа, я даў яму глыток вiна.

Я паслухаў яго парады, i ўсю ноч мы прастаялi на якары, не выходзячы з лодкi i трымаючы напагатове стрэльбы. Да самай ранiцы нам не давялося заплюшчыць вачэй нi на хвiлiну.

Гадзiны праз дзве пасля таго, як мы кiнулi якар, мы пачулi страшэнны рык нейкiх велiзарных звяроў вельмi дзiўнай пароды (якой - мы i самi не ведалi). Звяры наблiзiлiся да берага, зайшлi ў рэчку i пачалi плюхацца i валтузiцца ў вадзе, жадаючы, вiдаць, асвяжыцца, i пры гэтым вiшчалi, раўлi i вылi; такiх агiдных гукаў я да таго часу нiколi не чуў.

Ксуры дрыжаў ад страху; шчыра кажучы, напалохаўся i я.

Але мы яшчэ больш напалохалiся, калi пачулi, што адно страшыдла плыве да нашага судна. Мы не маглi яго бачыць, мы толькi чулi, як яно фыркае i сапе, i толькi па гэтых гуках здагадалiся, якое яно вялiзнае i лютае.

- Напэўна, гэта леў, - сказаў Ксуры. - Давайце падымем якар i хутчэй паплывём адсюль.

- Не, Ксуры, - запярэчыў я, - навошта знiмацца з якара? Мы адпусцiм як мага даўжэй канат i адыдзем далей у мора - i звяры не пагоняцца за намi.

Але толькi вымавiў я гэтыя словы, як убачыў невядомага звера на адлегласцi двух вёсел ад нашага судна. Я крыху разгубiўся, аднак зараз жа ўзяў з каюты стрэльбу i стрэлiў. Звер павярнуўся i паплыў назад.

Немагчыма апiсаць, якi раз'юшаны роў узняўся на беразе, калi прагрымеў мой стрэл: напэўна, усе гэтыя звяры нiколi да гэтага не чулi такога гуку. Тут я канчаткова ўпэўнiўся, што ў начны час выходзiць на бераг нельга. Але цi можна будзе рызыкнуць высадзiцца днём - гэтага мы таксама не ведалi. Стаць ахвярай якога-небудзь дзiкуна не лепш, чым трапiць у кiпцюры льву цi тыгру.

Але нам, чаго б гэта нi каштавала, неабходна было выйсцi на бераг тут цi ў iншым месцы, бо ў нас не засталося нi кроплi прэснай вады. Мы пакутавалi ад смагi. Нарэшце надышла доўгачаканая ранiца. Ксуры сказаў, што, калi я пушчу яго, ён дабярэцца да берага ўброд i пастараецца здабыць прэсную ваду. А калi я спытаў у яго, чаму павiнен iсцi ён, а не я, ён адказаў:

- Калi прыйдзе дзiкi чалавек, ён з'есць мяне, а вы застанецеся жыць.

Адданасць i любоў да мяне, што прагучалi ў гэтым адказе, бясконца мяне кранулi.

- Вось што, Ксуры, - сказаў я, - пойдзем разам. А калi з'явiцца дзiкi чалавек, мы застрэлiм яго, i ён не з'есць нi цябе, нi мяне.

Я даў хлопчыку сухароў i глыток вiна; затым мы падплылi да зямлi, скочылi ў ваду i накiравалiся ўброд да берага, не ўзяўшы з сабою нiчога апрача стрэльбаў i двух пустых збаноў на ваду.

Я не хацеў аддаляцца ад берага, каб не губляць з вачэй нашага судна. Я баяўся, што ўнiз па рацэ да нас могуць спусцiцца ў сваiх пiрогах* дзiкуны.

* Пiрога - доўгi човен, выдзеўблены са ствала дрэва.

Але Ксуры, убачыўшы лагчынку на адлегласцi мiлi ад берага, памчаўся са збаном туды.

Раптам я бачу - ён бяжыць назад. "Цi не пагналiся за iм дзiкуны? спалохаўся я. - Цi не спужаўся ён якога-небудзь дзiкага звера?"

Я кiнуўся да яго на выручку i, падбегшы блiжэй, убачыў, што за спiною ў яго нешта вiсiць. Аказваецца, ён забiў нейкага звярка, накшталт нашага зайца, толькi шэрсць у яго была другога колеру i ногi даўжэйшыя. Мы абодва былi рады гэтай дзiчыне, але я яшчэ больш узрадаваўся, калi Ксуры сказаў, што ён знайшоў у лагчыне многа добрай прэснай вады.

Набраўшы поўныя збаны вады, мы прыгатавалi шыкоўнае снеданне з забiтага звярка i паплылi далей. Так мы i не знайшлi ў гэтай мясцовасцi нiякiх слядоў чалавека.

Пасля таго як мы выйшлi з вусця рэчкi, мне яшчэ некалькi разоў даводзiлася ў час нашага далейшага плавання прычальваць да берага, каб набраць вады.

Аднойчы ўраннi мы кiнулi якар каля нейкага высокага мыса. Пачаўся ўжо прылiў. Раптам Ксуры, у якога былi вельмi зоркiя вочы, прашаптаў:

- Паплывём далей ад гэтага берага. Зiрнiце, якое страшыдла ляжыць вунь там на пагорку. Яно моцна спiць, але невядома, што будзе, як яно прачнецца.

Я зiрнуў у той бок, куды паказваў Ксуры, i сапраўды ўбачыў страшэннага звера. Гэта быў велiзарны леў. Ён ляжаў пад выступам гары.

- Слухай, Ксуры, - сказаў я. - Iдзi на бераг i забi гэтага льва.

Хлопчык спалохаўся.

- Каб я яго забiў! - усклiкнуў ён. - Ды гэты ж леў мяне праглыне, як муху!

Я папрасiў яго не варушыцца i, не сказаўшы яму больш нi слова, прынёс з каюты ўсе нашы стрэльбы (iх было тры). Адну, самую вялiкую, я зарадзiў двума кавалкамi свiнца, папярэдне насыпаўшы ў рулю добры зарад пораху; у другую ўкацiў дзве вялiкiя кулi, а ў трэцюю - пяць куль паменей.

Узяўшы першую стрэльбу i старанна прыцэлiўшыся, я стрэлiў у звера. Я цэлiўся яму ў галаву, але ён ляжаў так, што лапа прыкрывала галаву на ўзроўнi вачэй, i зарад трапiў у лапу i раздрабiў косць. Леў зароў i ўсхапiўся, але, адчуўшы раптам боль, павалiўся, потым падняўся на трох лапах i закульгаў далей ад берага з такiм ровам, якога я нiколi не чуў.

Я быў крыху збянтэжаны, што не пацэлiў яму ў галаву; аднак, не марудзячы нi хвiлiны, узяў другую стрэльбу i стрэлiў зверу наўздагон. На гэты раз мой зарад трапiў якраз у цэль. Леў павалiўся з ледзь чутным хрыплым стогнам.

Калi Ксуры ўбачыў параненага звера, увесь яго страх прайшоў, i ён пачаў прасiць мяне, каб я пусцiў яго на бераг.

- Iдзi, - сказаў я.

Хлопчык скочыў у ваду i паплыў да берага, грабучы адной рукою, таму што ў другой трымаў стрэльбу. Наблiзiўшыся да звера, ён прыставiў рулю стрэльбы яму да вуха i забiў насмерць.

Вядома, прыемна было застрэлiць на паляваннi льва, але мяса яго было непрыдатна для ежы, i я пашкадаваў, што мы страцiлi тры зарады на такую нiкчэмную дзiчыну. Аднак Ксуры сказаў, што ён ўсё ж паспрабуе чым-небудзь пажывiцца ў забiтага льва i, калi мы вярнулiся ў шлюпку, папрасiў у мяне сякеру.

- Навошта? - спытаў я.

- Адсекчы яму галаву, - адказаў ён.

Аднак адсекчы галаву ён не здолеў, у яго не хапала сiлы: ён адсек толькi лапу i прынёс яе на нашу шлюпку. Лапа была неймавернага памеру.

Тут мне падумалася, што шкура гэтага льва можа нам спатрэбiцца, i я вырашыў паспрабаваць злупiць з яго шкуру. Мы зноў вярнулiся на бераг, але я не ведаў, як нават прыступiцца да гэтай работы. Ксуры аказаўся больш спрытны, чым я.

Працавалi мы цэлы дзень. I злупiлi шкуру толькi пад вечар. Мы расцягнулi яе на даху нашай маленькай каюты. Праз два днi яна зусiм высахла на сонцы i потым служыла нам за пасцель.

Адчалiўшы ад гэтага берага, мы паплылi проста на поўдзень i дзён дзесяць дванаццаць плылi, не мяняючы свайго кiрунку. Харч наш канчаўся, i таму нашы запасы мы старалiся расцягнуць як мага надалей. На бераг мы выходзiлi толькi па прэсную ваду.

Я хацеў дабрацца да вусця ракi Гамбii цi Сенегала, гэта значыць да тых мясцiн, якiя прылягаюць да Зялёнага мыса, таму што спадзяваўся сустрэць там якi-небудзь эўрапейскi карабель. Я ведаў, што, калi я не сустрэну карабля ў гэтых мясцiнах, мне застанецца або плыць у адкрытае мора на пошукi выспаў, або загiнуць сярод чарнаскурых - iншага выбару ў мяне не было.

Я ведаў, што ўсе караблi, якiя iдуць з Эўропы, куды б яны нi накiроўвалiся - цi да берагоў Гвiнеi, цi ў Бразiлiю, цi ў Ост-Iндыю, - праходзяць паўз Зялёны мыс, i таму мне здавалася, што ўсё маё шчасце залежыць ад таго, сустрэну я цi не якое-небудзь эўрапейскае судна каля Зялёнага мыса.

"Калi не сустрэну, - казаў я сабе, - мне пагражае верная смерць".

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ

Сустрэча з дзiкунамi

Прайшло яшчэ дзён дзесяць. Мы няўхiльна рухалiся на поўдзень.

Спачатку ўзбярэжжа было пустэльнае; потым разы два-тры ў розных мясцiнах мы ўбачылi голых чарнаскурых людзей, якiя стаялi на беразе i пазiралi на нас.

Я неяк надумаўся выйсцi на бераг i пагутарыць з iмi, але Ксуры, мой мудры дарадца, сказаў:

- Не хадзi! Не хадзi! Не трэба!

I ўсё-такi я пачаў трымацца блiжэй да берага, каб мець магчымасць пагутарыць з гэтымi людзьмi. Дзiкуны, вiдаць, зразумелi маё жаданне i доўга беглi за намi берагам.

Я заўважыў, што ў iх не было зброi; толькi адзiн з iх трымаў у руках доўгi тонкi кiй. Ксуры сказаў мне, што гэта кап'ё i што дзiкуны кiдаюць сваi коп'i вельмi далёка i на дзiва трапна. Таму я трымаўся воддаль ад iх i размаўляў з iмi на мiгах, iмкнучыся растлумачыць iм, што мы галодныя i ў нас няма ежы. Яны зразумелi нас i пачалi, у сваю чаргу, тлумачыць мне, каб я спынiў сваю шлюпку, таму што яны маюць намер прынесцi нам ежу.

Я спусцiў ветразь. Шлюпка спынiлася. Двое дзiкуноў пабеглi некуды i праз паўгадзiны прынеслi два вялiкiя кавалкi сушанага мяса i два мяхi з зярнятамi нейкага хлебнага злака, якi рос у тых мясцiнах. Мы не ведалi, якое гэта было мяса i якiя зярняты, аднак адразу ж згадзiлiся ўзяць i тое i другое.

Але як забраць падарунак, якi нам прапанавалi? Выйсцi на бераг мы не адважвалiся: мы баялiся дзiкуноў, а яны - нас. I вось, каб абодва бакi адчувалi сябе ў бяспецы, дзiкуны склалi на беразе ўсю правiзiю, а самi адышлiся далей. I толькi пасля таго, як мы пераправiлi правiзiю на шлюпку, яны вярнулiся на ранейшае месца.

Дабрыня дзiкуноў усхвалявала нас, мы дзякавалi iм на мiгах, таму што самi не маглi зрабiць iм нiякiх падарункаў.

Праўда, у той жа момант здарылася магчымасць i ў нас зрабiць iм вялiкую паслугу.

Не паспелi мы адплысцi ад берага, як раптам убачылi, што з-за гор выбегла два магутныя страшэнныя звяры. Яны iмчалiся што было сiлы проста да мора. Нам здалося, што адзiн з iх гонiцца за другiм. Людзi, якiя былi на беразе, асаблiва жанчыны, страшэнна напалохалiся. Усчалася мiтусня, некаторыя закрычалi, заплакалi. Толькi той дзiкун, у якога было кап'ё, застаўся на месцы, усе астатнiя кiнулiся бегчы хто куды. Але звяры iмчалiся проста да мора i нiкога з чарнаскурых не зачапiлi. Тут толькi я ўбачыў, якiя яны велiзарныя. Яны з разбегу кiнулiся ў ваду i пачалi даваць нырца i плаваць, так што, бадай, можна было падумаць, нiбыта iмчалiся яны сюды з адзiным толькi намерам пакупацца ў моры.

Раптам адзiн з iх падплыў даволi блiзка да нашай шлюпкi. Гэтага я не чакаў, але для мяне гэта не было знянацку: зарадзiўшы хутчэй стрэльбу, я падрыхтаваўся сустрэць ворага. Як толькi ён наблiзiўся да нас на адлегласць ружэйнага стрэлу, я спусцiў курок i прастрэлiў яму галаву. У той жа момант звер апусцiўся ў ваду, потым вынырнуў i паплыў назад да берага, то знiкаючы ў вадзе, то ўсплываючы зноў на паверхню. Ён змагаўся са смерцю, захлынаючыся ў вадзе i сцякаючы крывёю. Не даплыўшы да берага, ён пайшоў на дно.

Нiякiмi словамi немагчыма выказаць, як былi ашаломлены дзiкуны, калi пачулi грукат i ўбачылi агонь майго стрэлу: некаторыя ледзь не паўмiралi са страху, пападалi нiцма на зямлю, як нежывыя.



Поделиться книгой:

На главную
Назад