Дефо Даниэл
Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Данiэль Дэфо
ЖЫЦЦЁ I ДЗIЎНЫЯ ПРЫГОДЫ МАРАХОДА РАБIНЗОНА КРУЗА
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сям'я Рабiнзона. - Уцёкi з бацькоўскага дому.
З самага ранняга дзяцiнства я больш за ўсё на свеце любiў мора. Я зайздросцiў кожнаму матросу, якi выпраўляўся ў далёкае плаванне. Гадзiнамi выстойваў я на марскiм беразе i, не зводзячы вачэй, разглядаў караблi, якiя праходзiлi паблiзу.
Маiм бацькам гэта вельмi не падабалася. Бацька, стары хворы чалавек, хацеў, каб я быў важным чыноўнiкам, служыў у каралеўскiм судзе i атрымлiваў вялiкiя грошы. А я марыў пра марскiя падарожжы. Мне здавалася найвялiкшым шчасцем вандраваць па морах i акiянах.
Бацька здагадваўся, што ў мяне ў галаве. Аднойчы ён паклiкаў мяне да сябе i злосна сказаў:
- Я ведаю: ты хочаш уцячы з роднага дому. Гэта вар'яцтва. Ты павiнен застацца. Калi ты застанешся, я заўсёды буду добрым бацькам, але не чакай дабра, калi ты ўсё-такi надумаешся ўцячы! - Голас у бацькi задрыжаў, i ён цiха дадаў: - Падумай пра сваю хворую мацi... Яна не вытрымае разлукi з табою.
У вачах у яго заблiшчалi слёзы. Ён любiў мяне i хацеў мне дабра.
Мне зрабiлася шкада старога, i я цвёрда вырашыў застацца ў бацькавым доме i больш нават не думаць пра марскiя падарожжы. Але - дарэмна! - мiнула некалькi дзён, i ад маiх намераў нiчога не засталося. Мяне зноў пацягнула да марскiх берагоў. Мне зноў пачалi снiцца мачты, хвалi, ветразi, чайкi, невядомыя краiны, агнi маякоў.
Праз два-тры тыднi пасля гаворкi з бацькам я ўсё ж вырашыў уцячы. Улучыўшы момант, калi мацi была вясёлая i спакойная, я падышоў да яе i пачцiва сказаў:
- Мне ўжо васемнаццаць гадоў, i ў гэтым узросце позна ўжо вучыцца судовай справе. I калi б я нават i паступiў куды-небудзь на службу, праз некалькi дзён я ўсё роўна збег бы ў далёкiя краiны. Мне так хочацца пабачыць чужыя краi, пабыць i ў Афрыцы i ў Азii! А калi я нават i вазьмуся за якую-небудзь справу, у мяне ўсё роўна не хопiць цярпення давесцi яе да ладу. Прашу вас, угаварыце бацьку пусцiць мяне ў мора, няхай сабе ненадоўга - толькi для спробы; калi жыццё марака будзе не да спадобы мне, я вярнуся дадому i больш нiкуды не паеду. Няхай бацька пусцiць мяне па добрай волi, таму што iнакш я вымушаны буду пакiнуць родны дом без дазволу.
Мацi вельмi ўзлавалася на мяне i сказала:
- Я дзiўлюся, што ты не выкiнуў гэтага з галавы пасля гаворкi з бацькам! Бацька ж патрабаваў ад цябе, каб ты раз i назаўсёды забыў пра чужыя краiны. А ён лепш за цябе разумее, якой справай табе займацца. Вядома, калi ты хочаш згубiць сябе, едзь хоць зараз, толькi ведай, што мы з бацькам нiколi не дамо згоды на твае падарожжы. I дарэмна ты спадзяваўся на маю помач. Не, я нi словам не абзавуся бацьку пра твае бязглуздыя выдумкi. Я не хачу, каб потым, калi мора давядзе цябе да жабрацтва i пакут, ты мог папракнуць сваю мацi за тое, што яна давала табе патачку.
Потым, праз многа гадоў, я даведаўся, што мацi ўсё ж перадала бацьку нашу гаворку - ад слова да слова. Бацька быў засмучаны i адказаў ёй, цяжка ўздыхнуўшы:
- Не разумею, чаго яму не хапае? На радзiме ён здолеў бы без цяжкасцей дабiцца поспеху ў сваёй рабоце i шчасця. Мы хоць i небагатыя людзi, але сякiя-такiя сродкi ў нас ёсць. Ён можа жыць разам з намi, не маючы нi ў чым патрэбы. А калi ўжо ён наважыўся падарожнiчаць, то зведае цяжкiя нягоды i пашкадуе, што не паслухаў бацьку. Не, я не магу пусцiць яго ў мора. Далёка ад радзiмы ён будзе ў самоце, i калi з iм здарыцца няшчасце, у яго не знойдзецца сябра, якi б здолеў яго суцешыць. I тады ён будзе каяцца, ды будзе позна!
I ўсё роўна праз некалькi месяцаў я збег з роднага дому. Адбылося гэта так. Аднойчы я паехаў на некалькi дзён у горад Гуль. Там я сустрэў аднаго прыяцеля, якi збiраўся плыць у Лондан на караблi свайго бацькi. Ён пачаў мяне ўгаворваць ехаць разам з iм, спакушаючы тым, што праезд на караблi нiчога мне не будзе каштаваць.
I вось, не спытаўшыся нi ў бацькi, нi ў мацi, - у нядобрую часiну! - 1 верасня 1651 года я на дзевятнаццатым годзе жыцця сеў на карабель, якi плыў у Лондан.
Гэта быў дрэнны ўчынак: я пакiдаў старых бацькоў, нават не падумаўшы над iх парадамi i забыўшы пра абавязак сына. I мне вельмi хутка давялося каяцца ў тым, што я нарабiў.
РАЗДЗЕЛ ДРУГI
Першыя прыгоды на моры
Не паспеў наш карабель выйсцi з вусця Хамбера, як з поўначы падзьмуў халодны вецер. Неба пакрылася хмарамi. Пачалася страшэнная гайданка.
Я дагэтуль нiколi яшчэ не быў у моры, i мне зрабiлася кепска. У мяне закружылася галава, задрыжалi ногi, мяне пачало ванiтаваць, i я ледзь не ўпаў. Кожны раз, як толькi на карабель навальвалася велiзарная хваля, мне здавалася, што мы зараз жа апынiмся на дне. Кожны раз, калi карабель валiўся з высачэзнай грывы, я ўпэўнены быў: яму ўжо нiколi не падняцца над хвалямi.
Тысячу разоў я прысягаў, што, калi застануся жывы, калi толькi яшчэ нага мая ступiць на цвёрдую зямлю, я зараз жа вярнуся дадому да бацькi i нiколi ўжо за ўсё жыццё не падымуся больш на палубу карабля.
Аднак гэтых разважлiвых думак хапiла ў мяне толькi на той час, пакуль бушавала бура.
I вось вецер суняўся, хвалi знемаглi, i мне зрабiлася куды лягчэй. Паступова я пачаў прывыкаць да мора. Праўда, я яшчэ не зусiм пазбавiўся марской хваробы, але к канцу дня праяснела, вецер зусiм сцiшыўся, надышоў цудоўны вечар.
Усю ноч я праспаў як забiты. Назаўтра неба было такое ж яснае. Сцiшанае мора, над якiм не было нават слабога ветрыку, ззяла на сонцы ў такой дзiвоснай красе, якой я яшчэ зроду не бачыў. Ад мае марской хваробы не засталося i знаку. Я адразу супакоiўся, i мне зрабiлася весела. Са здзiўленнем углядаўся я ў мора, якое яшчэ ўчора здавалася такiм жорсткiм i пагрозлiвым, а сёння было ласкавае i сцiшанае.
Тут, як знарок, падыходзiць да мяне мой прыяцель, што спакусiў мяне ехаць разам з iм, ляпае па плечуку i кажа:
- Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?
- Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявiць сабе не мог такой жахлiвай буры!
- Буры? Ах ты дзiвак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькi на моры: не дзiўна, што напалохаўся... Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы i забудзем пра буру. Зiрнi, якi ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, цi не так?
Каб скарацiць гэту сумную частку майго апавядання, скажу толькi, што ўсё пайшло, як звычайна бывае ў маракоў: напiўшыся, я сп'янеў i ўтапiў у вiне ўсе свае найлепшыя думкi пра неадкладны зварот дадому. Як толькi настаў штыль i я пакiнуў баяцца, што хвалi мяне праглынуць, я тут жа забыў пра свой добры намер.
На шосты дзень мы ўбачылi ўдалечынi горад Ярмут. Вецер пасля буры дзьмуў насустрач, i таму мы вельмi паволi рухалiся наперад. У Ярмуце нам давялося кiнуць якар. У чаканнi спадарожнага ветру мы прастаялi сем цi восем дзён.
За гэты час сюды прыйшло многа караблёў з Ньюкасла. Мы, аднак, не прастаялi б столькi i зайшлi б у раку разам з прылiвам, але вецер усё свяжэў, а дзён праз пяць падзьмуў з усяе сiлы.
На нашым караблi якары i якарныя канаты былi моцныя, i нашы матросы былi ўпэўнены, што судну не пагражае нiякая небяспека. I таму па звычаю ўсiх матросаў увесь свой вольны час яны аддавалi вясёлым пацехам i забаўкам.
Але на дзевяты дзень пад ранiцу вецер пасвяжэў i хутка разыграўся страшэнны шторм. Нават выпрабаваныя маракi былi напалоханы. Я некалькi разоў чуў, як наш капiтан, праходзячы паўз мяне то ў сваю каюту, то з каюты, паўтараў напаўголасу: "Мы загiнулi! Мы загiнулi! Канец!"
I ўсё роўна ён не губляўся i пiльна сачыў за работай матросаў i прымаў усе захады, каб выратаваць свой карабель.
Да гэтага часу я не баяўся, я быў упэўнены, што i гэта бура мiнуецца гэтак жа шчаслiва, як i першая. Але калi сам капiтан сказаў, што ўсiм нам прыйшоў канец, я страшэнна спалохаўся i выбег з каюты на палубу. Нiколi ў жыццi не даводзiлася бачыць мне такога жахлiвага вiдовiшча. На моры, быццам высачэзныя горы, хадзiлi велiзарныя хвалi, i кожныя тры-чатыры хвiлiны на нас абвальвалася такая гара.
Спачатку я нiбы здранцвеў ад страху i не мог нават глядзець навокал. Калi ж нарэшце адважыўся зiрнуць назад, я зразумеў, якое бедства нас спасцiгла.
На двух цяжка гружаных суднах, якiя стаялi непадалёку ад нас на якары, матросы валiлi мачты, каб караблi хоць крыху вызвалiлiся ад цяжару.
Нехта крыкнуў у роспачы, што карабель, якi стаяў наперадзе за паўмiлi ад нас, у гэты самы момант знiк пад вадой.
Яшчэ два судны бура сарвала з якара i панесла ў адкрытае мора.
Што чакала iх там? Усе iх мачты былi скрышаны ўраганам.
Невялiкiя судны трымалiся лепш, аднак некаторыя з iх таксама пацярпелi: два цi тры з iх пранесла паўз нашы барты проста ў адкрытае мора.
Вечарам штурман i боцман прыйшлi да капiтана i прапанавалi яму для выратавання судна ссячы фок-мачту*.
* Фок-мачта - пярэдняя мачта.
- Адкладваць нельга нi хвiлiны! - сказалi яны. - Загадайце, i мы ссячом яе.
- Пачакаем яшчэ трохi, - запярэчыў капiтан. - Магчыма, бура сцiхне.
Яму вельмi не хацелася секчы мачту, але боцман пачаў даводзiць, што, калi мачту пакiнуць, карабель пойдзе на дно, - i капiтан мiжволi згадзiўся.
А калi ссеклi фок-мачту, грот-мачта* пачала так моцна хiлiцца i разгойдваць судна, што давялося ссекчы i яе.
* Грот-мачта - сярэдняя мачта.
Настала ноч, i раптам адзiн з матросаў, якi спускаўся ў трум, закрычаў, што судна пацякло. У трум паслалi другога матроса, i ён далажыў, што вада паднялася ўжо на чатыры футы*.
* Фут - ангельская мера даўжынi, каля адной трэцi метра.
Тады капiтан загадаў:
- Выпампоўвай ваду! Усе да помпаў!
Калi я пачуў гэту каманду, у мяне ад жаху замерла сэрца: мне здалося, што я памiраю, ногi мае аслабелi, i я павалiўся нiцма на койку. Але матросы расштурхалi мяне, патрабуючы, каб я не адлыньваў ад работы.
- Даволi ты бiў бiбiкi, час прыйшоў i папрацаваць!
Нiчога не зробiш, я пайшоў да помпы i пачаў старанна выпампоўваць ваду.
У гэты час невялiкiя грузавыя судны, якiя не маглi ўтрымацца супроць ветру, узнялi якары i выйшлi ў адкрытае мора.
Убачыўшы гэта, наш капiтан загадаў стрэлiць з гарматы, каб папярэдзiць iх, што нас чакае смяротная небяспека. Пачуўшы стрэл гарматы i не разумеючы, у чым справа, я ўявiў сабе, што наша судна разбiлася i вось-вось пойдзе на дно. Мне зрабiлася так страшна, што я страцiў прытомнасць i павалiўся. Аднак у гэты час кожны клапацiўся перш за ўсё пра выратаванне ўласнага жыцця, i на мяне нiхто не звярнуў увагi. Нiхто нават не пацiкавiўся, што са мною здарылася. Адзiн з матросаў стаў на мае месца да помпы, адсунуўшы мяне нагою. Усе былi ўпэўнены, што я ўжо нежывы. Так я праляжаў вельмi доўга. Ачухаўшыся, я зноў узяўся за работу. Мы працавалi без пярэдыху, а вада ў труме падымалася ўсё вышэй i вышэй.
Было зусiм ясна, што судна пойдзе на дно. Праўда, шторм пачаў патроху суцiшацца, але ў нас не прадбачылася нiякай магчымасцi пратрымацца на вадзе да таго часу, пакуль мы зойдзем у гавань. Таму капiтан не пераставаў страляць з гарматы, спадзеючыся, што хто-небудзь выратуе нас ад пагiбелi.
Нарэшце адно невялiкае судна, што было блiжэй да нас, рызыкнула спусцiць шлюпку, каб прыйсцi нам на дапамогу. Шлюпка кожную хвiлiну магла перакулiцца, але яна ўпарта наблiжалася да нас. I ўсё роўна мы не маглi перабрацца ў шлюпку, таму што не было нiякай магчымасцi прычалiць яе да нашага карабля, хоць людзi веславалi з усяе сiлы, рызыкуючы ўласным жыццём для выратавання нашага. Мы кiнулi iм канат. Яны доўга не маглi злавiць яго, таму што бура адносiла яго ўбок. Але, на шчасце, адзiн смяльчак пасля неаднаразовых няўдалых спроб нарэшце злаўчыўся i схапiў канат за самы канец. Тады мы падцягнулi шлюпку да нашай кармы i ўсе да аднаго перабралiся на яе. Мы меркавалi даплыць да iх карабля, але не змаглi адолець хваль, якiя неслi нас да берага. Выявiлася, што толькi ў гэтым напрамку i можна было веславаць.
Не прайшло i чвэрцi гадзiны, як наш карабель пачаў апускацца ў ваду.
Хвалi так кiдалi шлюпку, што нам не вiдно было нават берага. Толькi на нейкае iмгненне, калi ўскiдвала на грэбень хвалi, мы маглi бачыць, што на беразе сабраўся натоўп людзей. Людзi бегалi туды i сюды, гатовыя кiнуцца нам на дапамогу, як толькi мы падыдзем блiжэй. Але мы рухалiся да берага вельмi павольна.
Толькi пад вечар здолелi мы выбрацца на сушу, ды i то з найвялiкшымi цяжкасцямi.
У Ярмут iсцi нам давялося пешкi. Там нас чакала сардэчная сустрэча: жыхары горада, якiя ўжо даведалiся пра наша няшчасце, адвялi нам добрае жытло, пачаставалi выдатным абедам i далi нам грошай, каб мы здолелi дабрацца, куды пажадаем - да Лондана цi да Гуля.
Непадалёку ад Гуля быў Йорк, дзе жылi мае бацькi, i, вядома ж, мне трэба было вярнуцца да iх. Яны даравалi б мне мае самавольныя ўцёкi, i ўсе мы былi б такiя шчаслiвыя!
Але безразважная мара пра марскiя прыгоды не пакiдала мяне i зараз. Хоць цвярозы голас розуму казаў мне, што на моры мяне чакаюць новая небяспека i нягоды, я зноў пачаў думаць пра тое, як бы мне трапiць на карабель i аб'ехаць па морах i акiянах увесь свет.
Мой прыяцель (той самы, бацьку якога належала загiнуўшае судна) быў цяпер пануры i самотны. Бяда гняла яго.
Ён пазнаёмiў мяне са сваiм бацькам, - той таксама не пакiдаў бедаваць па затанулым караблi. Даведаўшыся ад сына пра маю цягу да марскiх падарожжаў, стары сурова зiрнуў на мяне i сказаў:
- Малады чалавек, вам нiколi болей не трэба выходзiць у мора. Я чуў, што вы баязлiвец, што вы распешчаны i губляеце галаву нават пры самай нязначнай небяспецы. Такiя людзi не варты ў маракi. Хутчэй вяртайцеся дадому i памiрыцеся з раднёю. Вы ўжо самi на сабе зазналi, як небяспечна падарожнiчаць морам.
Я адчуваў, што ён кажа праўду, i не мог пярэчыць. Але ўсё роўна я не вярнуўся дадому, таму што мне было брыдка паказацца на вочы маiм блiзкiм. Мне здавалася, што ўсе нашы суседзi будуць нада мною кпiць; я быў упэўнены, што мае няўдачы зробяць мяне пасмешышчам для ўсiх сяброў i знаёмых.
З цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзi, асаблiва ў маладосцi, лiчаць непрыстойнымi не тыя свае бессаромныя ўчынкi, за якiя завуць iх дурнямi, а тыя добрыя i высакародныя справы, якiя робяцца iмi ў хвiлiны раскаяння, хоць толькi за гэтыя справы i можна зваць iх разумнымi. Такi i я быў у той час. Успамiны пра пакуты, якiя я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерлiся, i я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыднi, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI
Рабiнзон трапляе ў палон. - Уцёкi.
Вялiкiм маiм няшчасцем было тое, што я ў час маiх прыгод не застаўся на караблi матросам. Праўда, мне давялося б болей працаваць, але затое вывучыўся б, нарэшце, мараходнай справе i з цягам часу мог бы стаць штурманам, а магчыма, i капiтанам. Але ў той час я быў такi дурны, што з усiх шляхоў выбiраў заўсёды самы горшы. З той прычыны, што я мог тады заўсёды фарсiць сваiм адзеннем i ў кiшэнях у мяне не зводзiлiся грошы, я заўсёды з'яўляўся на карабель бесклапотным шалапутам: нiчога там не рабiў i нiчому не вучыўся.
Маладыя свавольнiкi i гультаi звычайна трапляюць у дрэнную кампанiю i вельмi хутка канчаткова збiваюцца з тропу. Такi ж лёс чакаў i мяне, але ў Лондане мне пашчасцiла пазнаёмiцца з паважным пажылым капiтанам, якi шчыра мною зацiкавiўся. Незадоўга перад гэтым ён хадзiў на сваiм караблi да берагоў Афрыкi i Гвiнеi. Гэта падарожжа прынесла яму немалы прыбытак, i цяпер ён зноў збiраўся накiравацца ў тыя ж краi.
Я спадабаўся яму. Я быў тады цiкавым суразмоўцай.
Ён часта бавiў са мною свой вольны час i, даведаўшыся, што я мару пабачыць заморскiя краiны, прапанаваў мне пайсцi ў плаванне на яго караблi.
- Вам гэта не будзе каштаваць грошай, - сказаў ён, - я не вазьму з вас нiчога нi за праезд, нi за яду. Вы будзеце на караблi маiм госцем. А калi яшчэ прыхопiце з сабою сякiя-такiя рэчы, якiя вам удасца выгадна збыць на Гвiнеi, то вы будзеце мець яшчэ i барыш. Паспрабуйце, можа, якраз вам i пашэнцiць.
Гэты капiтан карыстаўся агульным даверам, i я з ахвотай згадзiўся на яго запрашэнне.
Накiроўваючыся ў Гвiнею, я прыхапiў з сабою сёе-тое з тавару: закупiў на сорак фунтаў стэрлiнгаў* розных бразготак i шкляных вырабаў, якiя мелi выдатны збыт у дзiкуноў.
* Фунт стэрлiнгаў - грашовая адзiнка ў Ангельшчыне.
Набыць гэтыя сорак фунтаў мне пасадзейнiчалi блiзкiя сваякi, з якiмi я меў лiставанне: я паведамiў iм, што збiраюся заняцца гандлем, i яны ўгаварылi маю мацi, а магчыма, i бацьку памагчы мне хоць нязначнай сумай.
Гэта паездка ў Афрыку была, бадай, маiм адзiным шчаслiвым падарожжам. Вядома ж, за свой поспех я павiнен быў быць удзячны толькi бескарыслiвай дабраце капiтана.
У час падарожжа ён займаўся са мной матэматыкай i вучыў мяне карабельнай справе. Ён меў задавальненне ад таго, што перадаваў мне свой вопыт, а я - ад таго, што слухаў i вучыўся ў яго.
Падарожжа зрабiла мяне i мараком i купцом: я вымяняў на свае бразготкi пяць фунтаў i дзесяць унцый залатога пяску, за якi, вярнуўшыся ў Лондан, атрымаў немалую суму.
Такiм чынам, я мог лiчыць сябе багатым прамыслоўцам, якi паспяхова вядзе гандаль з Гвiнеяй.
Але, на маё няшчасце, мой сябра капiтан хутка пасля вяртання ў Ангельшчыну памёр, i мне давялося зрабiць другое падарожжа на свой страх, ужо без сяброўскай парады i дапамогi.
Я адплыў з Ангельшчыны на тым жа караблi. I гэта было самае нешчаслiвае падарожжа, якое калi-небудзь рабiў чалавек.
Аднойчы на свiтаннi, калi мы пасля доўгага плавання iшлi памiж Канарскiмi выспамi i Афрыкай, на нас напалi пiраты - марскiя разбойнiкi. Гэта былi туркi з Салеха. Яны здаля заўважылi нас i поўным ходам прыпусцiлi наўздагон.
Спачатку мы спадзявалiся, што здолеем выратавацца ад iх уцёкамi, i таксама паднялi ветразi. Аднак хутка стала вiдавочна, што гадзiн праз пяць-шэсць яны нас абавязкова дагоняць. Мы зразумелi, што неабходна рыхтавацца да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага - васемнаццаць.
Каля трох гадзiн апоўднi разбойнiцкi карабель дагнаў нас, але пiраты зрабiлi вялiкую памылку: замест таго каб падысцi да нас з кармы, яны падышлi з левага борта, дзе ў нас было восем гармат. Выкарыстаўшы iх памылку, мы навялi на iх усе гэтыя гарматы i далi залп.
Туркаў было не менш дзвюх соцень чалавек, таму яны адказалi на нашу стралянiну не толькi гарматным, але таксама i ружэйным залпам з двухсот стрэльбаў.
На шчасце, у нас нiкога не зачапiла, усе засталiся жывыя i не параненыя. Пасля гэтай сутычкi пiрацкае судна адышло на паўмiлi* i пачало рыхтавацца да новага нападу.
* Мiля - мера даўжынi каля 1609 метраў.
Мы ж, у сваю чаргу, падрыхтавалiся да новай абароны.
На гэты раз ворагi падышлi да нас з другога борта i ўзялi нас на абардаж, гэта значыць зачапiлiся за наш борт бусакамi, чалавек шэсцьдзесят уварвалiся на палубу i перш за ўсё кiнулiся секчы мачты i снасцi.
Мы сустрэлi iх ружэйнай стралянiнай i двойчы вызвалялi ад iх палубу, але ўсё роўна вымушаны былi здацца, таму што наш карабель ужо быў не прыгодны для далейшага плавання. Трое з нашых людзей былi забiтыя, восем чалавек паранена. Нас як палонных завезлi ў марскi порт Салех, якi належаў маўрам*.