Iпалiта спытала Геракла, чаго ён прыехаў у краiну амазонак.
Геракл адказаў, што яму загадалi здабыць пояс царыцы Iпалiты.
- Толькi ў баi, толькi пераможцу аддам я свой пояс, - сказала царыца. Бiцеся з намi, i, калi вы пераможаце, пояс будзе ваш!
Так гаварыла Iпалiта, ведаючы, што, пакуль пояс на ёй, нiхто не зможа яе перамагчы.
Абодва атрады разышлiся - рыхтавацца да бою. Амазонкi памчалiся ў горад, а спадарожнiкi Геракла размясцiлiся на начлег у сваiм лагеры каля ракi.
Тэзея ўсю ноч не было ў лагеры. Ранiцай ён прыйшоў радасны i аддаў Гераклу чароўны пояс.
- Як? Ты здабыў яго без бою? - здзiвiўся Геракл.
- Анцiопа выкрала яго ў царыцы i аддала мне, - сказаў Тэзей.
Геракл не захацеў карыстацца здабычай, якая дасталася яму падманам, i бой пачаўся.
На дзiкiм канi, шпаркiм, як вецер, памчалася на Геракла Аэла, самая iмклiвая з амазонак. Геракл на ўсiм скаку выбiў у яе з рук сякеру. Яна кiнулася наўцёкi, спадзеючыся выратавацца, але страла Геракла дагнала яе. I другая амазонка, Пратоя, якая перамагала ў паядынках сем разоў, была забiта Гераклам.
Тады выйшлi наперад тры дзяўчыны, тры самыя лепшыя паляўнiчыя, якiх сама багiня Артэмiда брала з сабою на паляванне, - не было iм роўных у кiданнi кап'я. Адначасова ўсе разам iмклiва кiнулi яны свае коп'i, але не пацэлiлi. А кап'ё Геракла прасвiстала i перабiла ўсiм тром рукi.
Страх ахапiў амазонак, калi яны ўбачылi паражэнне сваiх лепшых ваяўнiц.
- Гора нам! Гора нам! Дзе ж твой пояс, Iпалiта? - крычалi яны.
Туга сцiснула сэрца Анцiопы, якая здрадзiла сваiм сяброўкам, але ў натоўпе элiнаў яна ўбачыла Тэзея, i каханне перамагло ў ёй усе iншыя пачуццi.
Грозная з выгляду, з роспаччу ў сэрцы, выехала наперад Iпалiта. Толькi яна i Анцiопа ведалi пра тое, што чароўны пояс - у руках ворага. Ваяўнiчая царыца не хацела выдаваць сяброўку злосным амазонкам i парашыла лепш памерцi ў баi.
Адважна кiдалася яна ў самыя небяспечныя месцы бiтвы, сама шукала смерцi i раптам упала, смяротна параненая стралою.
Убачыўшы гiбель сваёй царыцы, амазонкi разгубiлiся i кiнулiся наўцёкi. Шмат iх узялi ў палон, другiх забiлi.
Палонную Анцiопу Геракл аддаў Тэзею, i яна стала яго жонкай.
Геракл вярнуўся ў Мiкены, да цара Еўрысфея, i прынёс яму пояс Iпалiты. Цар падарыў яго сваёй дачцэ, але яна не асмелiлася насiць яго i аддала ў храм Геры як дар багiнi.
Дзесяты подзвiг
Геракл адкрывае дарогу да акiяна i прыганяе статак Герыёна
Усё далей i далей пасылаў Еўрысфей Геракла. Калi герой вярнуўся з паходу ў краiну амазонак, цар загадаў яму выпраўляцца на край свету, туды, дзе заходзiць сонца, на Барвовую выспу пасярод акiяна, дзе трохгаловы велiкан Герыён пасвiў статак чырвоных валоў. Цар загадаў Гераклу прыгнаць гэтых валоў у Мiкены. Геракл рушыў на захад сонца.
Ён прайшоў усю Грэцыю, доўга iшоў па розных краiнах, адпачываў каля ракi Эрыдана, нарэшце падышоў да высокiх гор на краi зямлi i пачаў шукаць выхад да акiяна. Але горы стаялi суцэльнай непраходнай сцяной. Тады Геракл расхiстаў дзве вялiзныя скалы i рассунуў iх. Памiж iмi хлынула вада, i гэта была вада акiяна.
Мора, якое знаходзiлася пасярод зямлi i якое людзi называюць Мiжземным, злучылася з акiянам. I дагэтуль стаяць там на берагах пралiва, нiбы два каменныя вартаўнiкi, вялiзныя Гераклавы Слупы.
Геракл перайшоў цераз горы i ўбачыў бязмежныя воды акiяна, якi абмывае зямлю. Там недзе пасярод акiяна ляжала выспа - мэта яго падарожжа. Але як пераплыць акiян?
Цэлы дзень прасядзеў Геракл на беразе ў роздуме. Спёка пачала спадаць, i вецер з акiяна прынёс на зямлю халадок. Раптам Геракл убачыў зусiм блiзка вогненную каляснiцу Гелiёса - бога Сонца, якая спускалася з неба. Геракл усхапiўся i пачаў чакаць, калi Гелiёс наблiзiцца. Залатым бляскам зазiхацела паверхня акiяна, i каля самага берага Геракл убачыў залатую, круглую, як чаша, лодку, у якой бог Сонца, злезшы з каляснiцы, кожны дзень пераплываў акiян. Геракл падумаў, што Гелiёс можа перавезцi яго ў сваёй лодцы на Барвовую выспу. Герой замахаў рукою i закрычаў Гелiёсу:
- Стой, а то буду страляць!
I, напяўшы цецiву лука, чакаў.
Але Гелiёс нават не азiрнуўся. Геракл раззлаваўся i крыкнуў зноў:
- Я не жартую, i стрэлы мае смяртэльныя!
Гелiёс усмiхнуўся, спынiў каня i, сышоўшы з каляснiцы, спытаў:
- Хто ты, дзёрзкi, i чаго ты хочаш ад мяне?
Геракл расказаў яму, хто ён, куды i чаго яго паслалi, i папрасiў Гелiёса перавезцi яго на Барвовую выспу.
Усмiхаючыся, Гелiёс узяў героя ў сваю залатую лодку. Яны паплылi па акiяне. Начная цемра ахутала зямлю. Кожны вечар пераплываў Гелiёс з захаду на ўсход, каб, адпачыўшы ў сваiм высокiм доме на ўсходзе, зноў з'явiцца ранiцай на небе.
Калi яны былi ўжо на палове дарогi, штосьцi зачарнелася ўперадзе - гэта была жаданая выспа.
Залатая лодка падплыла да берага. Геракл выйшаў, i бог Сонца пажадаў герою ўдачы.
Было цёмна, i Геракл нiчога не мог разгледзець вакол сябе. Задаволены, што дабраўся да мэты, ён лёг пад скалою, закруцiўся ў iльвiную шкуру i моцна заснуў.
Ранiцай яго пабудзiў зацяты i хрыплы брэх. Геракл прачнуўся i ўбачыў, што ён сапраўды на Барвовай выспе: усё вакол было чырвонага колеру - скалы, пясок, дарога. I нават вялiзны кудлаты сабака, што стаяў перад героем i злосна брахаў на яго, таксама быў барвова-чырвоны.
Убачыўшы, што Геракл прачнуўся, сабака рынуўся на яго, учапiўся зубамi за яго вопратку. Геракл схапiў сваю дубiнку, аперазаў сабаку, i той, заенчыўшы, пакацiўся на зямлю з прабiтай галавою.
Тады з ускраiны барвовага лесу, што рос непадалёку, прыбег вялiзны чырвоны пастух: i валасы, i барада, i твар, i вопратка - усё ў яго было чырвонае. Размахваючы сваiм кiем i крычучы незразумелыя словы, ён накiнуўся на Геракла.
Геракл спрытна выбiў кiй з рук чырвонага пастуха i так моцна выцяў велiкана ў грудзi, што той расцягнуўся побач з забiтым сабакам.
Геракл падаўся ў лес i ўбачыў на ўзлеску два статкi: адзiн чырвоны, як усё на выспе, другi чорны, як ноч, i вартаваў яго чорны пастух у чорнай вопратцы, з чорнымi валасамi i чорным тварам.
Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, i з-за дрэў паказаўся велiкан Герыён. Тры тулавы, што зраслiся разам, крочылi на шасцi нагах, тры галавы пазiралi грозна на Геракла, шэсць рук пагражалi яму. Геракл узняў свой лук - страла засвiстала i ўпiлася ў грудзi велiкана. Адразу ж бяссiльна схiлiлася адна галава, дзве рукi павiслi, як цявiнкi, уздоўж цела, дзве нагi перасталi рухацца i валаклiся за астатнiмi, замiнаючы iм. Але велiкан быў ужо гэтак блiзка, што Геракл не паспеў стрэлiць другi раз. Ён узняў сваю дубiнку i аперазаў Герыёна па другой галаве. I гэта абвяла таксама, i яшчэ дзве рукi апусцiлiся, i ўжо чатыры нагi матлялiся ўнiзе i замiналi Герыёну iсцi. Тады Геракл адкiнуў дубiнку i схапiўся з велiканам урукапашную. Магутнымi рукамi ён абхапiў яго, i яны пачалi дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалi велiкану, лiшнiя рукi матлялiся бездапаможна па баках, лiшнiя ногi штурхалiся памiж нагамi - i неўзабаве прыйшлi Герыёну канцы.
Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забiты, i сам велiкан валяўся на зямлi вялiзнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналiся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б iх пагнаць, i знайшоў каля забiтага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, i чырвоныя валы паслухмяна ўсталi з зямлi i пайшлi за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акiяна i чакаў.
Увечары прыплыла залатая лодка, i Геракл папрасiў Гелiёса перавезцi яго са статкам на зямлю.
- Што скажуць людзi, калi ўбачаць, што Сонца вяртаецца назад? - сказаў Гелiёс.
Але смелы герой спадабаўся богу Сонца, ён аддаў яму сваю лодку, а сам застаўся начаваць на выспе.
У залатой лодцы Гелiёса Геракл давёз чырвоны статак да краю зямлi i пагнаў яго цераз горы, цераз чужыя краiны - у Грэцыю.
Па дарозе здарылася з iмi шмат прыгод. Каля ракi Тыбра велiкан Как украў у яго некалькi валоў. Гераклу давялося з iм бiцца, i герой забiў велiкана.
Потым адзiн вол звалiўся ў мора; хвалi аднеслi яго ў Сiцылiю, i Гераклу трэба было, пакiнуўшы статак на Гефеста, плыць на выспу i бiцца з царом Сiцылii, якi не хацеў аддаваць вала.
Нарэшце, ужо непадалёку ад Аргоса, Гера, якая ўсяляк старалася перашкодзiць Гераклу, напалохала валоў, i яны разбеглiся. Ледзьве сабраў iх Геракл i прывёў у Мiкены. А цар Еўрысфей падарыў увесь чырвоны статак сваёй заступнiцы Геры.
Адзiнаццаты подзвiг
Геракл даходзiць да краю свету i здабывае яблыкi Гесперыд
Даўным-даўно, калi на светлым Алiмпе багi спраўлялi вяселле Зеўса i Геры, Гея-Зямля падарыла нявесце чароўнае дрэва, на якiм раслi залатыя яблыкi.
Гэтыя яблыкi вярталi чалавеку маладосць, i той, хто змог бы iх дастаць, нiколi б не састарыўся.
Але нiхто з людзей не ведаў, дзе знаходзiцца сад, у якiм расла дзiвосная яблыня.
Пакуль Геракл, па загаду цара, хадзiў па зямлi i змагаўся са страшыдламi, Еўрысфей у сваiм палацы старэў i з кожным днём рабiўся ўсё больш слабым i баязлiвым. Ён пачаў ужо баяцца, што Геракл, перамогшы ўсiх на свеце, перастане яго слухацца i сам захоча стаць царом над усёй Грэцыяй. Еўрысфей вырашыў паслаць Геракла так далёка, каб ён не вярнуўся назад. Цар загадаў герою здабыць тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi.
Геракл выправiўся ў свет шукаць залатыя яблыкi. Ён зноў абышоў усю Грэцыю з канца ў канец, пабываў у халоднай паўночнай краiне гiпербарэяў* i прыйшоў да ракi Эрыдану, дзе ўжо быў адзiн раз. Нiмфы пазналi яго, пашкадавалi i навучылi, каб ён папрасiў парады ў марскога цара Нерэя, якi бачыў усё, што схавана ад вока людзей.
* Так старажытныя грэкi называлi народ, што жыў на самай поўначы Грэцыi.
Геракл пайшоў да мора i пачаў клiкаць марскога цара. Хвалi хлынулi на бераг, i на шустрых дэльфiнах усплылi наверх вясёлыя Нерэiды, дочкi марскога цара, а за iмi паказаўся ўдалечынi стары Нерэй з доўгай сiвой барадой. Геракл завабiў яго на бераг, абхапiў сваiмi магутнымi рукамi i сказаў, што не выпусцiць яго, пакуль ён не скажа, дзе расце чароўная яблыня Геры. Нерэй раптам перакiнуўся ў вялiкую рыбiну, i яна выслiзнула з рук Геракла. Ён хуценька наступiў ёй на хвост - рыбiна засыкала i ператварылася ў змяю. Герой схапiў змяю i хацеў задушыць - змяя перакiнулася ў агонь. Геракл зачэрпнуў вады з мора, каб залiць агонь, - агонь ператварыўся ў ваду, вада пацякла ў мора. Герой перагарадзiў ёй дарогу i выкапаў ямку сваёй дубiнкай - вада ўзнялася з ямкi i стала дрэвам. Геракл выцягнуў меч i хацеў ссекчы дрэва - яно перакiнулася ў белую птушку. Геракл узлаваўся, схапiў свой лук i ўжо напяў цецiву. Тады Нерэй прыняў свой першапачатковы выгляд i расказаў Гераклу, што дрэва маладосцi расце на краi свету, у садзе нiмф Гесперыд, дачок тытана Атланта, што пiльнуе яго стовокi дракон, а Гесперыды сочаць, каб ён не заснуў нi ўдзень нi ўночы, i што дарога на край свету ляжыць цераз Лiвiйскую пустыню. Геракл загадаў, каб Нерэй перанёс яго цераз мора ў Лiвiю, i пайшоў шукаць край свету.
Доўга iшоў ён па сыпучых пясках пустынi i сустрэў велiкана ростам з карабельную мачту.
- Стой! - закрычаў велiкан. - Што табе трэба ў маёй пустынi?
- Я iду на край свету, шукаю сад Гесперыд, дзе расце дрэва маладосцi, адказаў Геракл.
- Тут я гаспадар, - сказаў велiкан. - Я - Антэй, сын Зямлi. Я нiкога не прапускаю цераз пустыню; ты павiнен дужацца са мною. Калi пераможаш мяне пойдзеш далей. Калi не - застанешся тут. - I ён паказаў на кучу чарапоў i касцей, напалову засыпаных пяском.
Нiчога не зробiш, давялося Гераклу дужацца з сынам Зямлi.
Спачатку яны кружылiся адзiн вакол аднаго, нiбы звяры, потым разам напалi адзiн на аднаго, сашчапiлiся рукамi i сцiскалi адзiн аднаго з усяе сiлы. Антэй быў вялiзны, цяжкi i моцны, як камень, але Геракл быў дужэйшы - ён павалiў велiкана на зямлю. Антэй адразу ж усхапiўся i рынуўся на Геракла. Зноў дужалiся яны, i другi раз Геракл павалiў Антэя. I зноў, дакрануўшыся да зямлi, Антэй хуценька ўсхапiўся i, смеючыся, адбiваў удары Геракла. Трэцi раз павалiў герой велiкана, i Антэй зноў лёгка падняўся, быццам ад таго, што ён упаў, у яго пабольшала сiлы...
Геракл здзiвiўся сiле велiкана. Раптам ён успомнiў, што Антэй - сын Зямлi, i зразумеў, што Зямля-мацi падтрымлiвала свайго сына i кожны раз, як ён дакранаўся да яе, давала яму новую сiлу. Тады Геракл iмклiва напаў на Антэя, схапiў яго, падняў угору i трымаў над зямлёй - i адразу Антэй страцiў сiлу i задыхнуўся ў магутных руках героя.
Геракл без перашкод пайшоў далей.
Нарэшце дабраўся ён да краю свету, дзе неба апускаецца да зямлi. Там, на самым краi, стаяў тытан Атлант i трымаў на сваiх плячах нябесны купал. Ён стаяў гэтак ужо шмат гадоў, таму што ўладар свету Зеўс прызначыў яго на гэту работу i нiхто за ўвесь час не падмянiў яго.
- Хто ты i чаго прыйшоў на край свету? - спытаў Атлант Геракла.
- Мне патрэбны тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi, што расце ў садзе Гесперыд, - адказаў Геракл.
- Табе не дастаць гэтых яблык. Iх пiльнуе стовокi дракон, ён не спiць нi ўдзень нi ўночы i нiкога не падпускае да дрэва, - сказаў Атлант. - Ды я магу памагчы табе: Гесперыды - мае дочкi.
Геракл узрадаваўся i пачаў прасiць тытана памагчы яму.
- Стань на маё месца, - сказаў Атлант, - i патрымай неба, а я пайду ў сад Гесперыд i прынясу табе тры залатыя яблыкi.
Геракл палажыў на зямлю сваю зброю i львiную шкуру, стаў побач з тытанам i падставiў плечы пад нябесны купал. Атлант расправiў стомленую спiну i пайшоў у сад Гесперыд. I пакуль ён хадзiў па яблыкi, Геракл стаяў на краi зямлi i трымаў на плячах неба. Нарэшце Атлант вярнуўся i прынёс тры залатыя яблыкi.
Геракл пачаў дзякаваць яму, але тытан сказаў:
- Каму трэба аддаць гэтыя яблыкi? Скажы, я пайду i аддам. Мне хочацца пагуляць па зямлi. Абрыдла стаяць нерухома тут, на краi свету, i трымаць гэтае цяжкае неба. Я рады, што знайшоў сабе замену. Бывай!
I ён хацеў пайсцi.
- Пачакай, - сказаў Геракл. - Дай я толькi падлажу сабе на плечы львiную шкуру, каб нябесны купал не намуляў мне шыю. Пакладзi яблыкi на зямлю i вазьмi на хвiлiнку неба, пакуль я ўладкуюся зручней.
Атлант паклаў на зямлю залатыя яблыкi i зноў узвалiў неба сабе на спiну. Геракл падняў з зямлi свой лук i калчан, узяў тры залатыя яблыкi, захутаўся ў iльвiную шкуру, пакланiўся Атланту i пайшоў. Ён iшоў шпарка i нi разу не азiрнуўся. Але зоркi падалi дажджом, i ён здагадаўся, што Атлант злуецца i моцна трасе неба.
Схаваўшы залатыя яблыкi на грудзях пад плашчом, Геракл спяшаўся ў Мiкены i радаваўся, што выканаў i гэты загад цара.
- Вось я прынёс табе яблыкi Гесперыд - цяпер ты зноў можаш стаць маладым! - сказаў Геракл Еўрысфею.
Але цар быў так уражаны, убачыўшы перад сабою Геракла жывога i здаровага, што не ўзяў залатыя яблыкi i прагнаў яго прэч.
Геракл падаўся дадому i па дарозе думаў, што яму рабiць з залатымi яблыкамi. Раптам перад iм з'явiлася багiня розуму i мудрасцi Афiна.
"Мудрасць даражэй за маладосць", - падумаў Геракл i аддаў Афiне тры залатыя яблыкi.
А яна вярнула iх у сад Гесперыд на дрэва Геры.
Дванаццаты подзвiг
Геракл спускаецца ў царства мёртвых i перамагае Кербера
Усю зямлю з усходу да захаду абышоў Геракл, ваяваў i працаваў, змагаўся са страшыдламi i са злымi людзьмi, пракладваў дарогу на вяршыню гары, разам з Сонцам пераплываў акiян, дайшоў да края свету - i вярнуўся пераможцам.
Тады Еўрысфей, страцiўшы надзею пазбавiцца ад Геракла, вырашыў паслаць яго туды, адкуль нiхто са смяротных яшчэ нi разу не прыходзiў назад, - у краiну мёртвых, у падземнае царства Аiда.
Каля медных варот Тартара - каля ўвахода ў царства мёртвых - дрэмле на варце страшны трохгаловы сабака Кербер. У яго на шыi замест поўсцi выгiнаюцца чорныя змеi, хвост у яго - жывы дракон, а з разяўленых пашчаў вылятаюць тры языкi полымя. Калi адчыняюцца вароты i ў царства Смерцi заходзiць бледны цень чалавека, Кербер ветлiва вiляе хвастом i ад лютай весялосцi, стараецца лiзнуць прышэльца сваiмi вогненнымi языкамi. Але гора таму, хто захоча вярнуцца!..
Апошнi раз паклiкаў да сябе Геракла цар Еўрысфей i сказаў яму:
- Прывядзi да мяне Кербера з царства Аiда, i гэта будзе твая апошняя служба мне!
Геракл нiчога не адказаў i рушыў у дарогу..
Ён знайшоў пячору Тэнара, адкуль па русле падземнай ракi трэба было спускацца ў глыб зямлi.
Страшна жывому па сваёй ахвоце iсцi ў царства смерцi!
Геракл спынiўся каля ўвахода ў пячору, паглядзеў на зямлю ў квеценi, на сiняе мора, на ўвесь цёплы сонечны свет, i сумна i страшна зрабiлася яму. Але ён перасiлiў сум i страх i адважна ступiў у цемру. I адразу пачуў за сабой лёгкiя крокi. Гэта даганяў яго Гермес, крылаты вястун Зеўса, якога ўладар свету паслаў правесцi Геракла да Аiда. Гермес узяў героя за руку, i ўдвух яны пачалi спускацца ў падземнае царства.
Неўзабаве ў змроку забялела высокая скала: пад ёю ледзь чутна сонна струменiла цiхая рака, зарослая высокай травою без колеру i паху. Геракл нагнуўся да ракi, каб напiцца.
- Не пi, - спынiў яго Гермес, - гэта Лета, рака Забыцця. Хто нап'ецца вады з яе, той забудзе ўсё на свеце.
Яны пайшлi далей, i Геракл убачыў свайго старога настаўнiка i свайго юнага сябра, што памёр у паходзе. Геракл радасна кiнуўся да iх, працягваючы iм рукi, але яны глядзелi на яго нежывымi вачамi, не пазнаючы, быццам не бачачы яго, i, як ценi, слiзганулi мiма.