Смирнова Вера
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
Вера Смiрнова
Героi Элады
З мiфаў старажытнай Грэцыi
Пераклад: З.Петрушэня
ПРАДМОВА
Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасялiўся народ, якi потым пачалi называць грэкамi. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымi грэкамi, або элiнамi, а iх краiну - Эладай.
Элiны пакiнулi народам усяго свету багатую спадчыну: велiчныя збудаваннi, якiя i да нашых дзён лiчацца самымi прыгожымi на свеце, цудоўныя мармуровыя i бронзавыя статуi i вялiкiя творы лiтаратуры, якiя людзi чытаюць i цяпер, хоць яны напiсаны на мове, на якой даўно ўжо нiхто не гаворыць на зямлi. Гэта "Iлiяда" i "Адысея" - гераiчныя паэмы пра тое, як грэкi бралi ў асаду горад Трою, i пра вандроўкi i прыгоды аднаго з удзельнiкаў гэтай вайны - Адысея. Гэтыя паэмы спявалi вандроўныя спевакi, i створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.
Ад старажытных грэкаў засталiся нам iх паданнi, iх старажытныя сказаннi мiфы.
Грэкi прайшлi доўгi гiстарычны шлях; спатрэбiлiся стагоддзi, перш чым яны сталi самым адукаваным, самым культурным народам старажытнага свету. Iх уяўленнi пра будову свету, iх спробы вытлумачыць усё, што адбываецца ў прыродзе i ў чалавечым грамадстве, знайшлi сваё адлюстраванне ў мiфах.
Мiфы стваралiся, калi элiны яшчэ не ведалi граматы, складалiся паступова, на працягу некалькiх стагоддзяў, перадавалiся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне i нiколi не былi запiсаны як адна цэласная кнiга. Мы ведаем iх ужо з твораў старажытных паэтаў Гесiёда i Гамера, вядомых грэчаскiх драматургаў Эсхiла, Сафокла, Еўрыпiда i пiсьменнiкаў больш познiх эпох.
Вось чаму мiфы старажытных грэкаў даводзiцца збiраць з самых розных крынiц i пераказваць iх.
Паводле асобных мiфаў можна аднавiць карцiну свету, як уяўлялi яго сабе старажытныя грэкi. Мiфы расказваюць, што спачатку свет насялялi страшыдлы i велiканы: гiганты, у якiх замест ног выгiналiся вялiзныя змеi; сторукiя, вялiзныя, нiбы горы; злосныя кiклопы, або цыклопы, - з адным блiскучым вокам пасярод iлба; грозныя дзецi Зямлi i Неба магутныя тытаны. У вобразах гiгантаў i тытанаў старажытныя грэкi ўвасаблялi стыхiйныя магутныя сiлы прыроды. Мiфы расказваюць, што пазней гэтыя стыхiйныя сiлы прыроды ўтаймаваў i пакарыў Зеўс - бог неба, Грамавержац i Хмараганiцель, якi ўпарадкаваў свет i стаў уладаром Сусвету. На змену тытанам прыйшло царства Зеўса.
Ва ўяўленнi старажытных грэкаў багi былi падобны на людзей i адносiны памiж iмi нагадвалi адносiны памiж людзьмi. Грэчаскiя багi сварылiся i мiрылiся, увесь час умешвалiся ў жыццё людзей, удзельнiчалi ў войнах. Кожны з багоў меў сваю справу, "загадваў" пэўнай "гаспадаркай" у свеце. Элiны надзялялi сваiх багоў чалавечымi характарамi i схiльнасцямi. Ад людзей "смяротных" - грэчаскiя багi адрознiвалiся толькi тым, што былi бессмяротныя.
Як кожнае грэчаскае племя мела свайго правадыра, ваеначальнiка, суддзю i гаспадара, так i сярод багоў грэкi лiчылi правадыром Зеўса. Паводле вераванняў грэкаў, сям'я Зеўса - яго брат, жонка i дзецi - падзялялi з iм уладу над светам. Жонка Зеўса, Гера, лiчылася ахоўнiцай сям'i, роднага дому. Брат Зеўса, Пасейдон, уладарыў над марамi; Гадэс, або Аiд, кiраваў падземным царствам мёртвых; Дэметра, сястра Зеўса, багiня земляробства, распараджалася ўраджаем. У Зеўса былi дзецi: Апалон - бог святла, апякун навук i мастацтваў; Артэмiда багiня лясоў i палявання, Афiна Палада, якая нарадзiлася з галавы Зеўса, багiня мудрасцi, ахоўнiца рамёстваў i ведаў; кульгавы Гефест - бог-каваль i механiк; Афрадыта - багiня кахання i прыгажосцi, Арэс - бог вайны, Гермес вястун багоў, самы блiзкi памочнiк i любiмец Зеўса, ахоўнiк гандлю i мараплавання.
Мiфы расказваюць, што гэтыя багi жылi на гары Алiмп, якая была заўсёды закрыта ад вачэй людзей воблакамi, кармiлiся "ежай багоў" - нектарам i амброзiяй, i ўсе справы вырашалi на банкеце ў Зеўса.
Людзi на зямлi звярталiся да багоў - да кожнага па яго "спецыяльнасцi", будавалi для кожнага з iх храмы i, каб улагодзiць, прыносiлi iм дарункi ахвяры.
Мiфы расказваюць, што, апрача гэтых галоўных багоў, уся зямля была населена багамi i багiнямi, якiя ўвасаблялi сiлы прыроды.
У рэках i ручаях жылi нiмфы Наяды, у моры - Нерэiды, у лясах - Дрыяды i Сатыры з казлiнымi нагамi i з рожкамi на галаве; у гарах жыла нiмфа Рэха.
У небе гаспадарыў Гелiёс - сонца, якi кожны дзень аб'язджаў увесь свет на сваёй залатой каляснiцы, запрэжанай вогнедышнымi коньмi; ранiцай пра яго выезд абвяшчала румяная Эас - зара; уночы над зямлёй смуткавала Селена - месяц. Вятры ўяўлялiся ў выглядзе розных багоў: паўночны грозны вецер - Барэй, цёплы i мяккi - Зефiр.
Жыццём чалавека распараджалiся тры багiнi лёсу - Мойры: яны пралi нiтку чалавечага жыцця ад нараджэння да смерцi i маглi абарваць яе, калi хацелi.
Акрамя мiфаў пра багоў у старажытных грэкаў былi мiфы пра герояў. Старажытная Грэцыя не была адзiнай дзяржавай, яна складалася з маленькiх дзяржаў-гарадоў, якiя часта ваявалi памiж сабою, а часам заключалi саюз супраць агульнага ворага. У кожнага горада, у кожнай вобласцi быў свой герой. Героем Афiн быў Тэзей, адважны юнак, якi абараняў родны горад ад заваёўнiкаў i перамог у паядынку страшнага быка Мiнатаўра, якому аддавалi на з'ядзенне афiнскiх юнакоў i дзяўчат. Героем Фракii быў славуты спявак Арфей. У аргiвян героем быў Персей, якi забiў Медузу, адзiн позiрк якой ператвараў чалавека ў камень.
Потым, калi грэчаскiя плямёны паступова аб'ядналiся i грэкi пачалi ўсведамляць сябе адзiным народам - элiнамi, з'явiўся герой усёй Грэцыi Геракл. Быў створаны мiф пра падарожжа, у якiм удзельнiчалi героi розных грэчаскiх гарадоў i абласцей, - пра паход арганаўтаў.
Грэкi з даўнiх часоў былi мараплаўцамi. Мора, што абмывала берагi Грэцыi (Эгейскае), было зручнае для плавання - на iм шмат астравоў, яно большую частку года спакойнае, i грэкi хутка яго асвоiлi. Перабiраючыся з выспы на выспу, старажытныя грэкi неўзабаве дасягнулi Малой Азii. Паступова грэчаскiя мараплаўцы пачалi асвойваць i землi, што знаходзiлiся на поўнач ад Грэцыi.
У аснову мiфаў пра арганаўтаў пакладзены ўспамiны пра шматлiкiя спробы грэчаскiх мараходаў прабрацца ў Чорнае мора. Бурнае i без адзiнай выспы на шляху, Чорнае мора доўга палохала грэчаскiх маракоў.
Мiф пра паход арганаўтаў цiкавы для нас яшчэ i таму, што гаворка ў iм iдзе пра Каўказ, пра Калхiду; рака Фазiс - гэта цяперашнi Рыён, i там сапраўды калiсьцi знаходзiлi золата.
Мiфы расказваюць, што разам з арганаўтамi ў паход па залатое руно выправiўся i вялiкi герой Грэцыi - Геракл.
Геракл - гэта вобраз народнага асiлка. У мiфах пра дванаццаць подзвiгаў Геракла старажытныя грэкi расказваюць пра гераiчную барацьбу чалавека з варожымi сiламi прыроды, пра вызваленне зямлi ад страшнага панавання стыхiй.
Геракл, якi валодае магутнай фiзiчнай сiлай, у той жа час з'яўляецца прыкладам мужнасцi, бясстрашша, воiнскай адвагi.
У мiфах пра арганаўтаў i пра Геракла перад намi паўстаюць героi Элады смелыя мараходы, адкрывальнiкi новых шляхоў i новых земляў, змагары, што вызваляюць зямлю ад страшыдлаў, якiмi яе насялiў першабытны розум. У вобразах гэтых герояў выражаны iдэалы старажытнага свету.
У старажытнагрэчаскiх мiфах адлюстравана "маленства чалавечага грамадства", якое ў Эладзе, паводле слоў Карла Маркса, "развiвалася найбольш прыгожа i мае для нас вечнае хараство". У сваiх мiфах элiны выявiлi выдатнае пачуццё прыгажосцi, мастацкае разуменне прыроды i гiсторыi. Мiфы Старажытнай Грэцыi шмат вякоў натхнялi паэтаў i мастакоў усяго свету. У вершах Пушкiна i Цютчава i нават у байках Крылова мы не адзiн раз знойдзем вобразы з мiфаў Элады. Калi б мы не ведалi старажытнагрэчаскiх мiфаў, шмат што ў мастацтве мiнулага - у скульптуры, жывапiсе, паэзii - было б нам незразумела.
Вобразы старажытнагрэчаскiх мiфаў захавалiся i ў нашай мове. Мы не верым цяпер, што iснавалi калi-небудзь магутныя велiканы, якiх старажытныя грэкi называлi тытанамi i гiгантамi, аднак мы i цяпер называем вялiкiя справы гiганцкiмi. Мы гаворым: "Мукi Тантала", "Сiзiфава праца" - i без ведання грэчаскiх мiфаў гэтыя словы незразумелыя.
Самi па сабе старажытнагрэчаскiя мiфы - народныя паданнi, якiя прыйшлi да нас з далёкай мiнуўшчыны, - поўныя паэзii i глыбокага сэнсу. Свабодалюбiвы Геракл, якi ачышчае зямлю ад страшыдлаў, смелыя адкрывальнiкi новых земляў арганаўты, Праметэй, якi паўстаў супраць бога i даў агонь чалавецтву, - усе гэтыя вобразы сталi здабыткам сусветнай лiтаратуры, i кожны культурны чалавек павiнен iх ведаць.
АРГАНАЎТЫ
Баран з залатым руном
Калiсьцi, у даўнiя-даўнiя часы, расказвалi грэкi, над горадам Архаменам праплывала высока ў небе хмара. Паветраная нiмфа Няфела (што i азначае па-грэчаску "хмара") убачыла на гары над горадам прыгожы палац з белымi калонамi i шырокiмi тэрасамi. Ёй захацелася даведацца, хто там жыве, i яна спусцiлася ўнiз, на каменныя прыступкi палаца.
Насустрач Няфеле выйшаў гаспадар палаца - архаменскi цар Афамант. Ён прывiтаў прыгажуню нiмфу i запрасiў яе ў палац.
Мiнула некалькi гадоў. У царыцы Няфелы нарадзiлiся блiзняты - хлопчык i дзяўчынка, Фрыкс i Гела. Цар Афамант радаваўся, што ў яго нарадзiлiся дзецi. У Архамене было вясёлае свята, жыхары горада цэлы дзень тоўпiлiся каля палаца, каб прывiтаць навароджаных.
Толькi адна Няфела была неспакойная i нярадасная. Яна часта пачала задумвацца, сумавала па доўгу стаяла на самай высокай тэрасе палаца i глядзела на неба. Душна, цесна стала ёй у прыгожым палацы, яе вабiла ў нябесныя прасторы, на волю. Неяк раз вечарам яна ўбачыла на небе хмары, засмяялася ад радасцi, узняслася да iх, забыўшы пра ўсё на свеце, i вецер панёс яе далёка ад Архамена.
Дарэмна плакалi ў палацы маленькiя Фрыкс i Гела i клiкалi мацi - нiмфа Няфела не вярнулася на зямлю.
Пуста i сумна стала ў палацы без царыцы. Дзецi раслi без мацi.
На той час прыйшла да Афаманта прасiць прытулку адна царэўна, па iменi Iно; яе сям'ю выгналi з горада, у якiм яна раней жыла, бацькi i родныя яе ўсе памерлi, i яна засталася зусiм адна, без даху над галавой i ежы, без анiякай дапамогi.
"Адна пайшла, не развiтаўшыся, другая прыйшла нязваная", - падумаў цар Афамант i пакiнуў у сябе царэўну. Ён парашыў ажанiцца з ёю, каб яна замянiла дзецям мацi.
Неўзабаве Iно стала гаспадыняй у палацы Афаманта. Цар пакахаў яе, i людзi ў Архамене прывыклi да яе - яна ж была не нiмфа, а гэтакi ж чалавек, як i яны. Iно была ветлiвая з усiмi, кожнаму старалася спадабацца. Яна песцiла Фрыкса i Гелу, але тыя адчувалi, што яна не любiць iх.
Потым у Iно нарадзiўся сын, а праз год - другi. Яна ўжо больш не звяртала ўвагi на пасынка i падчарыцу i зусiм перастала клапацiцца пра iх.
Мiналi гады. Афамант дужа састарыўся, i ўсе чакалi, што хутка Фрыкс стане царом у Архамене.
"Што ж будзе са мною i з маiмi сынамi, калi сын Хмары стане царом у Архамене?" - думала Iно.
Царыца вырашыла пазбавiцца ад Фрыкса, але яна ведала, што багi караюць за забойства, i не хацела наклiкаць на сябе гнеў багоў. Iно прыдумала каварны план.
Кожную вясну архаменцы засявалi свае палеткi, а насенне для пасеву атрымлiвалi са свiрнаў цара. У той год людзi, як заўсёды, прыйшлi да цара па насенне. Iно падпражыла зярняты i выдала людзям насенне, непрыгоднае для пасеву.
Прыйшла пара, i зазелянелi палеткi вакол Архамена, ды толькi не збажыной, а пустазеллем. Насенне Iно не ўзышло. У краiне пачаўся голад.
Людзi не ведалi, чаму здарылася гэткае няшчасце, i думалi, што багi гневаюцца на iх. Вырашылi папытацца ў аракула - прадказальнiка, якi мог адгадваць усе таямнiцы мiнулага, сённяшняга i будучага. Царыца Iно падахвоцiлася папытацца ў аракула, завошта разгневалiся багi. Але яна нiчога нi ў кога не пыталася i сама падрыхтавала адказ.
Вось што сказала Iно народу:
- Багi разгневалiся за тое, што ў Архамене была царыцай нiмфа Няфела, якая самавольна пакiнула неба i стала жонкай чалавека. Багi не хочуць, каб сын Няфелы стаў царом у Архамене. Забiце яго - i тады вашы палеткi будуць зноў даваць вам хлеб. Такая воля багоў.
Са страхам выслухалi архаменцы гэтую лiхую вестку. Шкада iм было забiваць нi ў чым не вiнаватага царэвiча, але людзi былi пакорныя багам. I вось прызначылi дзень, у якi ўрачыста перад усiм народам, на гары, калi ўзыдзе месяц, павiнны былi прынесцi ў ахвяру Фрыкса.
Надышоў гэты дзень. Раным-рана брат i сястра стаялi адны на высокай тэрасе палаца i сумна пазiралi на неба.
Гела абдымала брата, плакала i клiкала мацi:
- Памажы сваiм пакiнутым дзецям!
Змрочны стаяў побач з ёю Фрыкс i маўчаў - ён думаў, што мацi забылася пра iх.
Раптам далёка-далёка на чыстым небе з'явiлася хмарка. Гэта нiмфа Няфела, блукаючы па паветраных прасторах, пачула жаласны поклiч дачкi i прыляцела, каб памагчы дзецям. Хмарка наблiзiлася, апусцiлася - i мацi абняла сваiх дзяцей. Разам з нiмфай з'явiўся перад iмi баран з залатымi рагамi, з доўгай залатой воўнай.
- Дзецi, - сказала нiмфа, - я не магу вас узяць з сабою - людзi не могуць жыць на небе. Але я дару вам залатаруннага барана. Ён пералятае цераз горы, нiбы птушка, плавае ў вадзе, нiбы трытон, i бяжыць па зямлi хутчэй за вецер. Смела сядайце яму на спiну, i ён занясе вас далёка адсюль. Верце яму. Ён пераплыве з вамi тры моры i адвязе вас у царства Ээта, сына Сонца. Ээт дасць вам прытулак i будзе вам замест бацькi. Бывайце! Спяшайцеся!
I нiмфа зноў узнялася ў неба.
Фрыкс i Гела селi на спiну залатаруннага барана, i ён панёс iх ад лiхой мачахi. Ён пераляцеў з iмi цераз горы, дабег да мора, кiнуўся ў ваду i паплыў. Мора было спакойнае, i баран з дзецьмi шпарка паплыў па хвалях. Дзецi моцна трымалiся за яго залатую воўну i адно за аднаго i не баялiся. Так пераплылi яны першае мора, i хвалi вынеслi iх у вузкi доўгi пралiў, якi злучаў гэтае мора з другiм. Тут дзьмуў моцны вецер, i цячэнне было такое iмклiвае, што хвалi залiвалi iх з ног да галавы. Гела са страхам пазiрала на пенiстыя грабянi хваль; у яе замiрала сэрца i кружылася галава.
- Мацней трымайся за мяне, - гаварыў Фрыкс сястры.
Але Гела дрыжала i раптам, крыкнуўшы, выпусцiла руку брата i саслiзнула з барана ў ваду.
- Гела! - паспеў толькi крыкнуць Фрыкс.
Але дзяўчынка ўжо знiкла ў вiры. Фрыкс заплюшчыў вочы i паплыў далей адзiн - прэч ад гэтага жудаснага месца.
А людзi потым назвалi тую частку мора, дзе патанула Гела, Гелеспонтам "морам Гелы".
Дзiвосны баран з залатым руном мiнуў другое мора i па другiм пралiве выплыў у шырокае бурнае Чорнае мора. Доўга плыў ён уздоўж берагоў, мiма чужых земляў, не падобных на Грэцыю. Нарэшце ён дабраўся да вусця вялiкай светлай ракi, што ўпадала ў мора, i далей паплыў уверх па рацэ. На беразе з аднаго боку цягнуўся густы цёмны лес з магутнымi высокiмi дрэвамi - гэта быў свяшчэнны гай Арэса, бога вайны. Удалечынi ўздымалiся ў неба вяршынi гор, укрытыя снегам. На другiм беразе ракi вiднеўся вялiкi горад - сталiца Калхiды, Ээтава царства.
Залатарунны баран вынес Фрыкса на бераг. Фрыкс увайшоў у горад i падаўся ў палац цара Ээта. Трымаючы за рог залатаруннага барана, сын Хмары прыйшоў да сына Сонца.
Ээт сустрэў Фрыкса ласкава i пасялiў у сваiм палацы. Дзiвоснага барана зарэзалi ў гонар бога Зеўса, а залатое руно павесiлi на свяшчэнным дубе ў гаi Арэса. Цар прыставiў страшнага дракона пiльнаваць дуб, каб нiхто не мог украсцi залатое руно. З таго часу пачало багацець царства Ээта. Зямля добра радзiла, i людзi жылi ў дастатку.
Падарожнiкi, якiя пабывалi ў Калхiдзе, разнеслi па ўсiм свеце чуткi пра дзiвоснае залатое руно, якое прыносiць багацце. Шмат смельчакоў з блiзкiх i далёкiх краiн марылi падацца ў Калхiду, каб хiтрыкамi або сiлаю здабыць залатое руно. Ды гэта было небяспечна i цяжка, i доўга нiхто не адважваўся на такое падарожжа.
Чалавек у адной сандалi
У Фесалii, на беразе залiва, стаяў калiсьцi багаты i прыгожы горад Iолк. Царом у iм быў стары Эзон. Малодшы брат яго, Пелiй, чалавек круты i ўладалюбiвы, звергнуў Эзона i сам пачаў кiраваць Iолкам. Эзон пакарыўся Пелiю, але не захацеў пакiдаць родны горад i застаўся жыць у Iолку як просты грамадзянiн, а свайго маленькага сына Язона ён, баючыся Пелiя, адаслаў у лес, на гару Пелiён.
На схiлах Пелiёна ў лесе жыло дзiкае племя кентаўраў. Гэта былi напалову людзi i напалову конi: у iх чалавечая галава i торс чалавека на конскiм тулаве з чатырма нагамi. Кентаўры былi вельмi лютыя i наганялi жах на мiрных жыхароў краiны, калi часам, нiбы дзiкi табун, як вiхор спускалiся з гор, топчучы палеткi i знiшчаючы пад сваiмi капытамi ўсё жывое.
Але сярод гэтых дзiкiх iстот быў адзiн стары кентаўр Хiрон, якi славiўся мудрасцю. Яму i аддаў Эзон на выхаванне свайго сына.
Шмат гадоў пражыў Язон у горнай пячоры ў Хiрона. Стары кентаўр загартаваў яго цела, зрабiў юнака дужым i спрытным, навучыў яго валодаць кап'ём i мячом, адкрыў яму шмат таямнiц прыроды i вучыў яго быць хiтрым у барацьбе з ворагамi.
Пелiй цараваў у Iолку. Нiшто не пагражала цару ў падуладным яму горадзе, але нейкая трывога ўвесь час мучыла Пелiя. Часта звяртаўся ён да аракулаў-прадказальнiкаў, пытаўся ў iх, цi доўга ён будзе жыць i хто перашкодзiць яго цараванню.
Неяк раз ён спытаў у аракула, адкуль чакаць яму небяспекi.
Аракул адказаў:
- Бойся чалавека, у якога абута толькi адна нага.
Пелiй запомнiў гэта i з таго часу, сустракаючыся з незнаёмым чалавекам, перш за ўсё глядзеў на яго ногi.
Калi Язону споўнiлася дваццаць гадоў, ён адчуў сябе дужым i моцным, адчуў, што гатовы да выпрабаванняў жыцця, i захацеў вярнуцца дадому. Ён развiтаўся з Хiронам, выйшаў з Пелiёнскага лесу, спусцiўся з гары i рушыў у Iолк.
Па дарозе яму трапiлася маленькая горная рэчка, якая разлiлася ад веснавых дажджоў. Нi моста, нi нават бервяна, перакiнутага цераз рэчку, не было вiдаць. Язон прыпадняў шкуру леапарда, якая была ў яго замест плашча, i смела ступiў у ваду. Ён вырашыў перайсцi рэчку ўброд.
Раптам ён пачуў - нехта клiча яго. Ён азiрнуўся i ўбачыў: на каменi каля вады сядзiць старая жанчына i са страхам пазiрае на бурлiвую ваду.
- Памажы мне перайсцi на той бераг, - сказала яна Язону, - я ўжо даўно сяджу тут i чакаю, i нiхто дагэтуль не памог мне, старой.
Язон, не сказаўшы нi слова, узяў старую на рукi i, асцярожна ступаючы па камянiстым дне, перанёс яе цераз рэчку. Па дарозе развязалася ў яго сандаля на левай назе, i вада знесла яе. Язон выйшаў на бераг, асцярожна паставiў жанчыну на зямлю i хацеў iсцi далей, як раптам пачуў моцны, гучны голас:
- Дзякуй, Язон, я не забуду цябе!
Ён хуценька азiрнуўся, але нiкога ўжо не было каля яго. Здзiвiўся Язон i пакрочыў далей, усё думаючы, хто была гэтая старая i як яна даведалася яго iмя.
Неўзабаве Язон прыйшоў у Iолк i апынуўся на вялiкай гандлёвай плошчы, дзе было шмат народу.
Усе са здзiўленнем пазiралi на незнаёмага, маладога i прыгожага, з доўгiмi, як у дзяўчыны, валасамi юнака з плямiстай шкурай на плячах i ў адной сандалi.
Юнак пачаў распытваць, як яму знайсцi дом бацькi.
Раптам застукалi капыты, загрукаталi колы, i на плошчы ў прыгожай каляснiцы, запрэжанай цудоўнымi фесалiйскiмi коньмi, з'явiўся ўладар Iолка Пелiй. Натоўп расступiўся, i Язон застаўся адзiн перад каляснiцай цара. Пелiй увесь задрыжаў, калi ўбачыў перад сабой чалавека, адна нага ў якога была абута, а другая босая.
Цар спынiў коней i спытаў, нахмурыўшыся:
- Скажы, хто ты, адкуль ты родам i што табе трэба ў Iолку?
- Я не чужынец тут, - адказаў Язон, - я нарадзiўся ў Iолку. Я сын цара Эзона i прыйшоў вярнуць назад царства майго бацькi, якое ў яго адабралi сiлком. Пакажыце мне дом майго бацькi, я хачу хутчэй яго ўбачыць.
Загрукатала каляснiца i памчала перапалоханага Пелiя. А жыхары Iолка, якiя любiлi старога Эзона, вiталi юнака i правялi яго да дома бацькi.
Стары Эзон заплакаў ад радасцi, калi ўбачыў, якiм дужым i прыгожым стаў яго сын. Ён наладзiў вясёлы баль у сваiм доме, каб разам з усiмi роднымi i сябрамi адсвяткаваць вяртанне яго сына. Толькi аднаго Пелiя не было на гэтым свяце. Змрочны сядзеў ён у сваiм палацы, з трывогай чакаў прыходу Язона i думаў, як загубiць яго.
Язон прыйшоў да Пелiя разам з раднёй i сябрамi, i гэта яшчэ больш напалохала ўладара.
Язон сказаў Пелiю:
- Я не буду бiцца з табою. Мы не чужыя, мы адной з табой крывi: ты брат майго бацькi, ты мне радня. Я не хачу мячом вырашаць нашу спрэчку, хачу ўсё скончыць мiрам. Аддай мне па-добраму ўладу, якую ты захапiў сiлай, i я пакiну табе ўсе твае багаццi, усю зямлю, з якой ты збiраеш ураджай, i ўсе твае статкi i табуны коней, i тваю каляснiцу, i твой палац, i твае багатыя ўбраннi. Ты будзеш дажываць свой век у дастатку i спакоi, i я не крану нi цябе, нi тваiх дзяцей.