Справа ад iх, у самым цэнтры возера, над вадой уздымалiся два зарослыя рэдкiм лесам астраўкi - вяршынi дзвюх падводных скал.
- Не, калi замерзне, я стаўлю там дзве пасткi на лiсу, - адказаў Рой.
- Ты губляеш добрыя мясцiны для спажывы, - зазначыў Скоцi. - На такiя вось астраўкi норкi залазяць у гнёзды качак i чаек. Пастаў тут пару пастак, Рой.
- Але праз тыдзень-другi ўсе птушкi паляцяць, - сказаў Рой. - А з iмi сыдуць i норкi.
- Дык гэта ж праз некалькi тыдняў. I ўсё адно, калi возера замерзне, норкi там абавязкова будуць.
Рой ужо даўно страцiў надзею злавiць хоць адну норку на гэтых астравах, але зараз яго перапаўняла энергiя. Лес завалодаў iм, i ён павярнуў човен да выспы.
- Ладна, угаварыў ты мяне, Скоцi! - гукнуў ён. - Давай, мо паспеем паставiць пастку-другую i да змяркання вярнуцца дамоў.
Iх аб'яднанымi намаганнямi дванаццацiфунтовы човен хутка рэзаў цiхую ваду. Яны так старалiся, што нос чоўна задраўся, а карма асела. Адхiнуўшыся, яны знарок перанеслi цэнтр цяжару назад, каб плысцi на адной карме i такiм чынам зменшыць супрацiўленне вады. Трэба было быць першакласным грабцом, каб так моцна грабцi пры такой нераўнамернай i вялiкай нагрузцы, але абодва былi майстрамi сваёй справы. Яны хвалiлiся адзiн перад адным, старалiся разагнаць лодку як мага мацней кожны пад час свайго грабка. Удары вёслаў былi ўсё больш хуткiя i рэдкiя, човен усё больш задзiраў нос, але нiкому з iх не ўдавалася перамагчы. Зрэшты, вага i сiла тут не мелi значэння. Патрабавалася майстэрства i вынослiвасць, i абодва не здалiся да самай выспы.
Дапамагаючы адзiн аднаму, яны паставiлi тры пасткi на абедзвюх выспах. Працавалi спорна i хутка, скарыстаўшы дзеля прынады адну з падстрэленых Роем качак.
- Хутчэй, Скоцi, - сказаў Рой i адштурхнуў човен ад берага, ледзь дачакаўшыся сябра. - Я зусiм не збiраюся прагульваць цябе па возеры. Бярыся за вясло. Я з табой так папрацую, што ты да хацiны ледзьве дойдзеш. Давай, Скоцi! Давай!
Цяпер яны па-сапраўднаму спяшалiся, i было не да размовы. Толькi зрэдку Рой адкiдваў галаву i смяяўся, смяяўся з iхняга спаборнiцтва, смяяўся з напружаных i рухомых плячэй Скоцi, якiя мiльгалi перад iм, смяяўся ад зваблiвай радасцi зноў быць у лесе паблiзу ад сваёй хацiны.
Урэшце Рой замучыў Скоцi: ён быў маладзейшы, да таго ж гэта быў звыклы шлях Роя, якi спяшаўся дамоў. Вечарэла, а Рой быў нястомны ў змаганнi з цемрай. Рой, калi сказаць праўду, гроб за дваiх, калi яны ўцягнулiся ў вузкi залiў возера i перад iмi на самым беразе раптоўна з'явiлася нiзкая драўляная хацiна, якая нiбыта прысела на вялiзным пляскатым валуне.
- Вось табе i прыемнае вiдовiшча, - сказаў Рой стомленаму Скоцi. - Хацiна ў лесе, вяртанне паляўнiчага дадому.
- Дзе яго нехта чакае, - дадаў Скоцi.
З комiна iшоў дым, i калi яны спынiлi човен у скалiстай бухце, дзверы хацiны адчынiлiся i з iх выйшлi двое.
Раздзел пяты
- Сахаты! - усклiкнуў Рой.
Гэта быў мажны мужчына. Паводзiў ён сябе бяспечна, хадзiў няспешна. З бяспечнасцю сапраўднага ляснога валацугi пераадолеў ён дваццаць ярдаў, якiя аддзялялi хацiну ад вады. Ён быў вельмi падобны на ляснога звера, iмем якога яго назвалi, i Рою заўсёды здавалася, што яму былi б да твару i магутныя рогi сапраўднага лася.
- Няўжо гэта Рой? - прамовiў Мэрэй, i ў гэтых словах не было таемнага сэнсу, усё было як на далонi, упэўнена i спакойна да апатычнасцi.
- А адкуль ты ведаў, што гэта не iнспектар? - радасна гукнуў Рой, даючы волю сваёй радасцi.
- Ды яшчэ з таго берага чуваць, як ты рагочаш, - сказаў Мэрэй.
- Хэло, Самсон, - звярнуўся Рой да другога. - Я прывёз табе твайго напарнiка.
Самсон быў зусiм iншы. Недзе пасярэдзiне памiж моцна збiтым мацаком Роем i моцнай высокай фiгурай Сахатага. Калi б не было побач Мэрэя, Сахаты здаваўся б волатам. Але не за рост узнагародзiлi яго мянушкай. З-за густой чорнай барады назвалi яго Сахатым. З-за барады i яшчэ з-за рашучых рухаў, рашучай паходкi i рашучай постацi: поўная процiлегласць Мэрэю, якi ўзвышаўся над iм па волi прыроды, а не па сваёй уласнай волi.
- Ты што, п'яны? - спытаўся Самсон у Роя.
- Спытай у Скоцi, - адказаў Рой. - Ён то цвярозы, але зусiм стамiўся.
Мэрэй i Самсон пацягнулi ў хацiну мяхi i ружжы, а Рой са Скоцi тым часам выцягнулi човен з вады i перавярнулi яго на берагавое каменне. Рой падняў двух злоўленых пацукоў i накiраваўся да хацiны так шпарка, быццам выбiраўся ў вялiкi пераход. Скоцi зусiм знясiлена шкандыбаў за Роем.
- Ты толькi панюхай, Скоцi, - сказаў Рой, калi яны ўвайшлi ў хацiну.
Калi Рой убачыў распалены агонь i варыва, ён зусiм растаў.
- А што ў цябе на патэльнi? - спытаў ён у Мэрэя.
- Ды вось падстрэлiў аленяня ля Нябеснага возера, - адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкi ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кiнуў мяса на вялiкую патэльню i заняўся кухарствам, а Рой i Скоцi прыселi на адзiн з ложкаў, каб разабраць мяхi.
- Як маецца твой сябар iнспектар? - спытаў Мэрэй.
- Збiраецца зiмой адведаць нас, - сказаў Рой.
- Ты, вядома, запрасiў яго? - прабубнiў Самсон.
- Вядома! - адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзiны чалавек, якi можа кiнуць выклiк iнспектару, за што яго i дражнiлi, быццам яны з iнспектарам сябры закадычныя.
- А ў нас i пастка для iнспектара падрыхтавана, - сказаў Самсон.
Пайшла гаворка пра iнспектара, якая станавiлася тым больш ажыўленай, чым большымi былi пагрозы. Больш за ўсiх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоцi, якi заявiў, што iнспектар, уласна, выконвае свае абавязкi.
- Эх, iнспектар, iнспектар! - толькi i прамовiў Мэрэй.
Рой, здымаючы боты i шкарпэткi i раскладваючы iх на падлозе ля печы, слухаў i падахвочваў iншых. Седзячы на ложку i хiстаючы тоўстымi босымi нагамi, якiя не даставалi да падлогi, ён паволi прывыкаў да сяброўскiх абдымкаў сваёй хацiны.
- Падкiнь дроў, Сахаты, - сказаў ён у такт сваiм развагам. - Нарэшце паляўнiчы вярнуўся дадому!
Рой чакаў, што той адгукнецца на яго закiд, але Мэрэй толькi цiха ўсмiхнуўся, i гэта засмуцiла Роя. Ён заўсёды iмкнуўся рассмяшыць Мэрэя па-сапраўднаму, прымусiць яго сыграць сваю ролю ў гэтым лясным спектаклi, але Мэрэй хiба што зрэдку кiдаў лянiвую заключную рэплiку. Адзiны раз ён засмяяўся, калi Рой упершыню назваў яго лясным валацугам.
Мэрэй працягваў кухарыць, а Рой дастаў сцiзорык з доўгiм лязом. Ён плюнуў чорнай ад тытунёвай жвачкi слiнай на брусок, падвастрыў нож i пачаў абдзiраць скуркi з андатры.
- Ты калi-небудзь бачыў, як янот есць пацукоў? - спытаў Рой.
- Ды тут нiколi не было янотаў, - адказаў Мэрэй.
- Яны ўсе сышлi на поўнач, - укалоў Роя Скоцi.
Рой засмяяўся:
- Праўда твая, Скоцi. А вось у мiнулым годзе я бачыў янота на балоце. Ён рабаваў мае пасткi. Аднойчы ноччу, седзячы на купiне, я бачыў, як ён распраўляўся з маiм пацуком. Пачаў ён з таго, што адгрыз яму галаву, затым сцягнуў скурку вось так, як i я зараз. Калi ён скончыў, я яго застрэлiў. Атрымаў гатовую скурку пацука i ў дадатак янота.
- Ты, вiдаць, яго выдрэсiраваў, - сказаў Самсон. - Калi назiраеш, як ты распраўляешся з гэтымi пацукамi, можна падумаць, што ў цябе ёсць iндзейская кроў.
Рой сцягваў скуркi на iндзейскi манер - ад галавы да хваста, замест звычайнага спосабу трапераў, якiя, наадварот, пачыналi з хваста. Яны паспрачалiся, як ужо дзесяткi разоў спрачалiся пра гэта. Рой даказваў, што, здзiраючы скурку ад галавы, чысцей аддзяляеш тлушч ад скуркi i не рвеш яе, у той час як Скоцi i Самсон даказвалi, што тады скурка перасыхае, псуецца i ломiцца. У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымлiваць сама высокую цану за пушнiну, хоць гэта на самай справе было вынiкам больш якаснай апрацоўкi скуркi, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гi. Але i гэта не спыняла спрэчкi, i яны доўга яшчэ пярэчылi адзiн аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў нiякай цiкавасцi да розных спосабаў разбiрання пацукоў. Здзiраеш з пацука скурку... Ну, i здзiрай... Вось i ўсё!
- Янот, - сказаў Скоцi, - ведаў, што рабiў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, - працягваў Скоцi. - I больш ахайнага, чым ён. Якi звер, акрамя яго, перш чым з'есцi мяса, памые яго ў вадзе?
- I як толькi ён яго не падсмажвае? - насмешлiва зазначыў Рой.
- Ну, але гэтае, ва ўсякiм разе, падсмажана, - сказаў Мэрэй пра свае бiфштэксы з аленя. - Давайце талеркi.
Яны елi, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбiтага да сцяны. Як i ўсё ў хацiне, стол быў самаробны, але не крывы i моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хацiну так моцна, што Самсон запэўнiваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хацiны яна была занадта вялiкая - дваццаць футаў на васемнаццаць, i без адзiнай шчылiны. Акрамя стала тут было два ложкi, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькi столiк з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя i невялiкая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў i прагiбаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхi былi складзены бярозавыя цуркi, i Рой, на хвiлiну адарваўшыся ад яды, падкiнуў некалькi цурак у печку.
Стала горача, Самсон ускочыў i адчынiў дзверы.
- Тут задыхнешся з табой, - закрычаў ён.
- Снегавiк Самсон! - паскардзiўся Рой. - Ты калi-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хацiне.
У супрацьлегласць хацiне Роя, у Самсона была хiлая хiбара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценнi. Скоцi, якi жыў разам з iм, казаў, што зiмой у ёй зусiм невыносна, але Скоцi нiколi не скардзiўся, бо згодна з яго перакананнямi, ён мусiў улiчваць правы iншага. Яны абое пакутвалi ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як i чаму пакутуюць.
- Як гэта ты не задыхнуўся ў сваiм танку на фронце? - сказаў Рой Самсону. - Ты, вiдаць, свiдраваў дзiрачкi ў бранi, каб дыхаць свежым паветрам.
- Калi станавiлася горача, - сказаў Скоцi, - ён выскокваў i бег побач.
Франтавыя справы былi тым адзiным, чым Скоцi i Самсон дражнiлi адзiн аднаго. Яны разам пайшлi на фронт i служылi на адным танку, гэтаксама як i зараз жылi ў адной хацiне. Яны ваявалi ля Арнгема, вызвалялi Данiю, перапраўлялiся цераз Рэйн, а пасля вярнулiся дамоў, занялiся паляваннем; адзiн яшчэ больш загрубелы, другi з iдэямi. Мiж сабой яны захоўвалi мiр тым, што нiколi не спрачалiся, хоць Рой за апошнiя два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць iх. Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.
- Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, - спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.
- Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, - зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.
- А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, - сказаў Мэрэй.
- Зел ужо запрашаў мяне, - азваўся Рой.
- А як вы? - спытаўся Мэрэй у астатнiх.
- А там норка водзiцца? - спытаў Самсон.
- Што толькi там не водзiцца, - адказаў Мэрэй. - Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.
- Дык як, Самсон? - спытаў Рой. - Пойдзеш туды?
- А ты? - спытаў Самсон.
- Мо i пайду, - падахвоцiў яго Рой. - Асаблiва калi пойдзеш ты.
Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу. У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.
- Калi вы, сябры, надумалi стаць мiльянерамi, - сказаў ён, - чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказнiку.
- Ды нiхто цябе там i не ўбачыць, у заказнiку, - сказаў Мэрэй.
- Вельмi нават проста! - заявiў Рой.
- А яшчэ прасцей папасцiся, - папярэдзiў Скоцi.
- Яго прападобнасць, айцец Скоцi Малькольм, - сказаў Рой. - Чаго, уласна, ты баiшся? Iнспектара?
- Нiчога я не баюся, i iнспектара таксама, - сказаў Скоцi. - Вам, сябры, проста не церпiцца парушыць закон. Толькi i чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краiна?
- Менавiта тым, чым з'яўляецца i зараз, - адказаў за ўсiх Рой.
- Трэба ж ва ўсiм адрознiваць дабро i лiха, - настойваў Скоцi.
- Тады гэта лiха, - сказаў Рой. - Пойдзем, Самсон?
На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.
- Скоцi? - усклiкнуў ён. - Што ты на гаты конт думаеш?
- Не, вы ўжо без мяне!
Самсон пацiснуў плячыма, i гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца i прыставаў да Скоцi аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.
- Ладна, адзiн або ўсе, - сказаў ён. - Але толькi кожны са сваiмi пасткамi.
Скоцi адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваiмi павучаннямi, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху i дастаў бутэльку гарэлкi.
- Мара звералова, - сказаў ён Рою. - Пачынай!
- За вашу прападобнасць! - усклiкнуў Рой i адразу ж прыклаўся да бутэлькi, быццам чалавек, якi памiраў ад смагi.
Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносiўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказнiку. Разыгрываў на гэты конт ён i Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзiць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнiвае Самсона рызыкоўнай iдэяй таму, што яна i самога яго зачапiла за жывое. Заўсёдная гiсторыя. Даўнiшнi выклiк Самсону пераплысцi возера ўзнiк з насмешлiвай заўвагi Самсона, нiбыта Рой старэе. Ён перакiнуў насмешку на самога Самсона, i так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацiсямiгадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, i Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослiвыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, i Рою даводзiлася аднаму змагацца са спакусай i самастойна рабiць выбар.
- Даўжыня таго возера каля дзесяцi мiль, - расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапiвалi гарэлку. - З усiх бакоў у яго ўпадаюць рэчкi, i на кожнай бабровыя плацiны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсiх запрудах, вiдаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцiсот дарослых баброў. Так, Рой?
- А чаму ж нiхто iх там не ахоўвае? - спытаў Рой.
- Не ведаю, - сказаў Мэрэй, - але ўжо больш як пяць гадоў туды нiводзiн абходчык i носу не паказваў. Нам трэба толькi перакiнуць туды адзiн з тваiх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўлiваць адну рэчку за другой. I ўся гэта першагатунковая пушнiна на адным пятачку!
Адзiн з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат i ведаў гэта, як ведалi i Рой, i Самсон, i Скоцi. Але Мэрэй умеў прасiць, ён не лiчыўся з тым, пра што просiць, умеў прасiць з мiмаходнай абыякавасцю. Рой ухiлiўся ад прамога адказу.
- А скуль ты ведаеш, што абходчыкi туды не зазiраюць? - спытаў у Мэрэя Скоцi.
- Яны заўсёды пакiдаюць свае сляды, - сказаў Мэрэй. - Забiваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера нiякiх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазiў. Ва ўсякiм выпадку, да блiжэйшага кардона там не менш як трыста мiль, i гэта на самай ускраiне заказнiка.
- А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? - сказаў Рой.
- Я ў гэтым цалкам перакананы, - сказаў Мэрэй.
- Ты i мiнулым разам быў перакананы, аднак жа трапiўся, - сказаў Скоцi. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкiх учынкаў, i лiчыў сваiм абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугi.
- Мiнулым разам, - спакойна азваўся Мэрэй, - мне давялося прайсцi праз увесь заказнiк, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне i высачылi. Але гэтае возера ў сама далёкiм канцы. Туды мы можам патрапiць, калi абыйдзем участак Iндзейца Боба i зрэжам на поўнач ад твайго, Скоцi, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор i спусцiмся па далiне да Сярэбранай ракi. Возера крыху на поўнач, i знайсцi яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень iншых азёр i ў самiм заказнiку i за яго межамi. Нам толькi трэба дабрацца туды да замаразкаў i аблавiць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Iнакш давядзецца зрабiць добры шпацыр туды i назад.
Рой устаў i сплюнуў жвачку проста ў печку. Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькi. Мэрэй круцiў самакрутку надзвычай старанна i вельмi лоўка.
Скоцi нервова пстрыкаў затворам свайго трыццацiпяцiкалiбернага рэмiнгтона.