Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: - на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

Пакуль юны барон стаяў так, трымаючыся за ручку, ён убачыў, як адны з дзвярэй у сенцах адчынiлiся i Генерал пераступiў парог, збiраючыся выйсцi з дому.

I на гарышчы i на лесвiцы было даволi змрочна, але тут цераз дзвярны праём хлынуў струмень святла, i Адрыян упершыню разгледзеў Генерала.

Як i чакаў Адрыян, гэта быў твар старога. Ён добра ведаў яго па партрэце ў гасцiнай. Але рысы гэтага твару не веялi вечным спакоем, у ягоных рысах праглядвала жахлiвая сквапнасць, а на вуснах прывiду была зласлiвая ўсмешка радасцi i ўпэўненасцi ў перамозе.

Як страшна было бачыць, што зямныя пачуццi апанавалi мерцвяка! Нябожчыкаў мы хочам уявiць сабе дзесьцi далёка, без усiх чалавечых уцех, захапленняў i пачуццяў. Адлучаных ад усяго людскога хочам бачыць мы iх, прасякнутымi толькi думкамi нябеснымi. У гэтай жа iстоты, якая заставалася прыхiльнай да ўсяго зямнога, Адрыяну падаўся спакуснiк, злы дух, якi хоча наклiкаць на яго пагiбель.

Iм авалодаў жах. Ад падсвядомага страху ён з сiлай iрвануў на сябе дзверы бацькоўскай спальнi i кiнуўся туды з крыкам:

- Тата! Мацi! Генерал!

I ў той жа момант, страцiўшы прытомнасць, звалiўся на падлогу.

Пяро выпадае з рук. Ну, цi ж не марнае маё старанне запiсаць усё гэта? Гэту гiсторыю мне расказвалi ў змроку каля палымнеючага ачага. У маiх вушах дагэтуль гучыць пераканаўчы голас апавядальнiцы. Я адчуваю, як мароз прабягае ў мяне па скуры, тое трымценне жаху, якое бывае не толькi ад боязi прывiдаў, але i ад прадчування таго, што адбудзецца!

А як уважлiва слухалi мы гэту гiсторыю, думаючы, што яна прыўзнiме краёчак заслоны над невядомым! I якi дзiўны настрой пакiдала яна пасля сябе, быццам адчынiлi нейкiя дзверы. I думалася: штосьцi павiнна нарэшце паявiцца ў апраметнай цемры!

Наколькi праўдзiвая гэта гiсторыя? Адна апавядальнiца пачула яе ад iншай, адна сёе-тое дадавала, iншая - выкiдала. Але цi ёсць у гэтай гiсторыi хоць невялiкае зерне праўды? Хiба не ствараецца ўражанне, быццам гiсторыя гэта перадае нешта такое, што адбывалася наяве?

Прывiд, якi блукаў у маёнтку Хедэбю, прывiд, якi з'яўляўся сярод белага дня, якi адшукваў згубленыя рэчы, - кiм i чым ён быў?

Цi няма чаго-небудзь незвычайнага, шматзначнага i загадзя вызначанага ў яго з'яўленнi? Цi не адрознiваецца ён пэўнай своеасаблiвасцю ад многiх iншых прывiдаў у панскiх маёнтках? Цi не выглядае ўсё гэта так, быццам дзяўчына Спак i на самай справе чула, як ён шпурляў яблыкi ў сценку залы, а малады барон Адрыян на самай справе суправаджаў яго на гарышчы i паддашкавай лесвiцы?

Але ў такiм выпадку, у такiм выпадку... Мабыць, разгадаць гэту загадку дадзена аднаму з тых, хто ўжо зараз бачыць яву, схаваную ад той явы, у якой жывём мы.

XI

Малады барон Адрыян ляжаў бледны i нерухомы ў вялiкiм бацькоўскiм ложку. Памацаўшы ягоны пульс, можна было адчуць, што кроў яшчэ струменiцца ў ягоных жылах, але амаль непрыкметна. Ён не ачуняў пасля глыбокай непрытомнасцi, аднак жыццё ў iм яшчэ тлела.

Лекара ў прыходзе Бру не было, але ў чатыры гадзiны ранiцы ў Карлстад паехаў вярхом слуга, каб паспрабаваць каго-небудзь прывезцi. Язды было туды шэсць мiль, i калi б лекар быў дома i пагадзiўся адразу ж выехаць, то яго можна было б чакаць з горада самае ранняе праз дванаццаць гадзiн. Але трэба было таксама быць гатовым да таго, што пройдзе дзень, а тое i два, пакуль ён прыедзе.

Баранэса Лёвеншольд сядзела збоку на ложку, не зводзячы вачэй з сынавага твару. Яна верыла, што кволая iскра жыцця ў iм не згасне, калi яна будзе сядзець тут, пiльна аберагаючы яго.

Барон таксама час ад часу садзiўся на другiм баку ложка, але быў не ў сiлах уседзець на месцы. То ён браў вялую сынаву руку, каб памацаць пульс, то падыходзiў да акна i кiдаў позiрк на праезную дарогу, то iшоў цераз пакоi да залы, каб зiрнуць на гадзiннiк. На пытаннi, якiя можна было прачытаць у вачах усхваляваных дочак i гувернанткi, ён толькi круцiў галавой i зноў iшоў у спальню, дзе ляжаў хворы.

Туды не пускалi нiкога, апрача дзяўчыны Спак. Нi дочак, нi нават кагосьцi са служанак, адну толькi дзяўчыну Спак. У яе была адпаведная паходка, адпаведны голас, яна была на сваiм месцы ў спальнi.

Дзяўчына Спак прачнулася ўночы ад жахлiвага крыку Адрыяна. Пачуўшы ўслед за крыкам, што нехта цяжка павалiўся, яна ўскочыла. Сама не помнячы як, накiнула на сябе сукенку; сярод яе мудрых жыццёвых правiлаў было такое, што нiколi не варта паяўляцца перад людзьмi неапранутай, пры любых абставiнах, што б нi здарылася. У зале яна сустрэлася з баранэсай, якая прыбегла, каб паклiкаць на дапамогу. Пасля гэтага аканомка разам з бацькам падняла Адрыяна i паклала яго на вялiкi двухспальны ложак. Спачатку ўсе трое думалi, што ён ужо мёртвы, але потым дзяўчына Спак намацала слабое бiццё пульсу.

Некалькi разоў спрабавалi яны прывесцi яго звычайнымi спосабамi ў прытомнасць, але iскрынка жыцця ледзь тлела ў Адрыяне, i што б яны нi рабiлi, яна, здавалася, усё больш згасала. Неўзабаве яны зусiм заняпалi духам i не рашалiся рабiць больш нiчога. Iм заставалася толькi сядзець i чакаць.

Баранэсу супакойвала тое, што з ёю ў спальнi знаходзiлася дзяўчына Спак, бо тая была зусiм спакойная i цвёрда ўпэўненая, што Адрыян хутка апрытомнее. Баранэса дазволiла аканомцы прычасаць сябе i абуць чаравiкi. Калi трэба было накiнуць сукенку, баранэсе давялося ўстаць, але яна, даўшы магчымасць аканомцы зашпiлiць гузiкi i разгладзiць складкi, па-ранейшаму не адводзiла вачэй ад сынавага твару.

Баранэсе здавалася, быццам аканомка неадлучна была з ёю, але тая выходзiла i на кухню, дзе, як звычайна, паклапацiлася аб ежы для слуг. Яна не забылася нiводнай дробязi. Бледная як смерць, яна ўсё гэтак жа спраўна выконвала свае абавязкi. Снеданне было пададзена да панскага стала своечасова, а пастушок атрымаў сваю торбу з ежай, калi пагналi кароў на пашу.

На кухнi слугi цiкавiлiся, што здарылася з маладым баронам, i аканомка адказвала:

- Вядома толькi тое, што ён уварваўся да бацькоў i штосьцi выкрыкнуў пра Генерала. Затым ён абамлеў, i цяпер не ўдаецца прывесцi яго ў прытомнасць.

- Вiдаць, Генерал прыходзiў да яго! - сказала кухарка.

- А хiба не дзiўна, што ён так груба абыходзiцца са сваякамi? здзiвiлася пакаёўка.

- У яго, пэўна, усякай цярплiвасцi не хапiла. Яны толькi i ведалi, што кпiць з яго. А ён, вiдаць, свой пярсцёнак шукаў.

- Цi не думаеш ты ўжо, што пярсцёнак тут, у Хедэбю? - запыталася пакаёўка. - Ён яшчэ можа тады падпалiць дах над нашай галавой i спалiць увесь дом, толькi б атрымаць свой пярсцёнак.

- Вядомая справа, пярсцёнак схаваны тут у якiм-небудзь кутку, - сказала кухарка, - iнакш чаго б Генералу вечна бадзяцца па ўсiм маёнтку!

У той дзень дзяўчына Спак адмовiлася ад аднаго са сваiх цудоўных штодзённых правiлаў - нiколi не прыслухоўвацца да таго, што гавораць слугi пра паноў.

- Пра якi гэта пярсцёнак вы кажаце? - запыталася яна.

- А хiба вы не ведаеце, паненка, што Генерал блукае тут ды шукае свой пярсцёнак з пячаткай? - адказала ўзрадаваная яе пытанню кухарка.

I наперабой з пакаёўкай яна паспяшалася расказаць дзяўчыне Спак гiсторыю абрабавання магiлы i божага суда. Калi ж аканомка выслухала ўсё гэта, то ўжо нi на секунду не засумнявалася ў тым, што пярсцёнак нейкiм чынам трапiў у Хедэбю i схаваны дзесьцi там.

Ад гэтага аповеду даяўчыну Спак дрыжыкi ўзялi, амаль як у той раз, калi ёй упершыню сустрэўся на паддашкавай лесвiцы Генерал. Вось гэтага якраз яна ўвесь час i асцерагалася. А цяпер ужо добра ведала, якi люты i бязлiтасны можа быць гэты прывiд. Было ясна як божы дзень, што, калi, ён не атрымае назад свой пярсцёнак, барон Адрыян памрэ.

Але ледзь аканомка прыйшла да такога заключэння, як яна - асоба вельмi рашучая - адразу ж зразумела, што патрэбна рабiць. Калi гэты пракляты пярсцёнак знаходзiцца ў Хедэбю, то неабходна пастарацца чаго б гэта нi каштавала адшукаць яго.

Яна ненадоўга пайшла ў жылую палову панскага дома, зазiрнула ў спальню, дзе ўсё было па-ранейшаму, узбегла па лесвiцы на гарышча i пераслала пасцель у Адрыянавай мансардзе, каб яна была напагатове на выпадак, калi яму стане лепш i яго можна будзе перанесцi наверх. Затым зайшла ў пакоi да паненак i да гувернанткi - смяртэльна перапалоханыя, яны сядзелi склаўшы рукi, не ў стане чымсьцi заняцца. Яна расказала iм сёе-тое з таго, аб чым даведалася сама, расказала роўна столькi, каб гувернантка з паненкамi зразумелi, аб чым iшла размова, i запыталася, цi не дапамогуць яны ёй адшукаць пярсцёнак.

Вядома, яны адразу ж згадзiлiся. Паненкi i гувернантка пачалi шукаць у пакоях i ў мансардзе. Сама ж дзяўчына Спак накiравалася на кухню i паставiла на ногi ўсiх дваровых дзяўчат.

"Генерал з'яўляўся на кухнi гэтак жа часта, як i ў панскiм доме, падумала яна. - Штосьцi падказвае мне - пярсцёнак дзесьцi тут".

На кухнi i ў кладоўцы, i ў хлебнай, i ў пiваварнi ўсё было перавернута дагары нагамi. Шукалi ў сценных шчылiнах, у пячных подах, вытрасалi скрынi пасуднiка з прыправамi, абшукалi нават мышыныя норы.

Разам з гэтым дзяўчына Спак не забывала час ад часу перабягаць цераз двор i наведвацца ў спальню. У час аднаго з такiх вiзiтаў яна застала баранэсу ў слязах.

- Яму горш, - сказала баранэса. - Па-мойму, ён памiрае.

Схiлiўшыся над Адрыянам, дзяўчына Спак узяла ягоную безжыццёвую руку ў свае i праверыла пульс.

- Ды не ж, панi баранэса, - сказала яна, - яму не горш, а, бадай, лепш.

Ёй удалося супакоiць гаспадыню, але самую яе ахапiў вельмi моцны адчай. А што, калi малады барон не дажыве да таго часу, пакуль яна адшукае пярсцёнак?

Ад хвалявання яна, забыўшыся на момант, перастала валодаць сабой. Адпускаючы руку Адрыяна, яна цiхенька пагладзiла яе. Сама яна наўрад цi ўсведамляла, што робiць, але баранэса адразу ж заўважыла гэта.

"Mon Dieu*, - падумала яна, - беднае дзiця, няўжо гэта так? Можа, мне трэба сказаць ёй... Але цi не ўсё роўна, калi мы так цi iнакш яго згубiм: Генерал злуецца на яго, а той, на каго гневаецца Генерал, павiнен памерцi".

* Божа мой! (фр.)

Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына Спак пачала распытваць служанку, цi няма ў тутэйшых мясцiнах якога-небудзь чараўнiка, якога звычайна запрашаюць пры няшчасных выпадках. Няўжо абавязкова трэба чакаць, пакуль прыедзе лекар?

Так, iншыя, калi хто-небудзь захварэе, запрашаюць Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю. Яна ўмее загаворваць кроў i кастапраўнiчаць, i ўжо яна магла б разбудзiць барона Адрыяна ад смяротнага сну... Але сюды, у Хедэбю, яна наўрад цi пажадае прыйсцi.

Пакуль служанка з аканомкай размаўлялi пра Марыт Эрыксдотэр, кухарка, якая ўзабралася на самую верхнюю прыступку прыстаўной лесвiцы, зазiрнула на высокую палiцу, дзе некалi знайшлiся згубленыя сярэбраныя лыжкi.

- Ой! - усклiкнула яна. - Нарэшце ж знайшла я тое, што даўно шукала. Тут ляжыць старая шапачка барона Адрыяна!

Дзяўчына Спак жахнулася. Нiчога не скажаш, добрыя былi, вiдаць, парадкi ў iх на кухнi да таго, як яна прыехала ў Хедэбю! Як магла шапачка барона Адрыяна трапiць на палiцу?

- Вось дзiва, - сказала кухарка. - З гэтай шапачкi ён вырас, ды i аддаў яе мне на анучы, чарапкi прыхоплiваць. Вось добра, што я яе хоць цяпер знайшла!

Дзяўчына Спак выхапiла ў яе шапачку з рук.

- Шкада рэзаць яе, - сказала яна. - Можна аддаць якому-небудзь бедняку!

Яна вынесла шапачку на двор i пачала выбiваць з яе пыл. Тым часам з дому выйшаў барон.

- Здаецца, што Адрыяну горш, - сказаў ён.

- А хiба няма кагосьцi паблiзу ў акрузе, хто ўмее лячыць хворых? - як можна дабрадушна запыталася аканомка. - Служанкi казалi тут пра адну жанчыну, якую завуць Марыт Эрыксдотэр.

Барон аслупянеў.

- Зразумела, калi размова iдзе аб жыццi Адрыяна, я б, не вагаючыся, паслаў па майго злейшага ворага, - сказаў ён. - Аднак толку ўсё роўна не будзе. Марыт Эрыксдотэр нiколi не прыйдзе ў Хедэбю.

Атрымаўшы падрабязныя тлумачэннi, дзяўчына Спак не адважылася пярэчыць. Яна працягвала шукаць на кухнi, распарадзiлася наконт абеду i зрабiла так, што нават баранэса крыху з'ела. Пярсцёнак не адшукаўся, а дзяўчына Спак бясконца паўтарала сабе: "Мы павiнны знайсцi пярсцёнак! Генерал пазбавiць Адрыяна жыцця, калi мы не адшукаем яму пярсцёнак".

Пасля абеду дзяўчына Спак накiравалася ў Ольсбю. Яна пайшла, нi ў каго не спытаўшыся. Кожны раз, калi яна заходзiла да хворага, пульс ягоны бiўся ўсё слабей i слабей, а перабоi наступалi ўсё часцей i часцей. Яна не магла спакойна чакаць карлстадскага лекара. Так, больш чым верагодна, што Марыт ёй адмовiць, але аканомка хацела выкарыстаць усе магчымыя сродкi.

Калi дзяўчына Спак прыйшла ў Стургордэн, Марыт Эрыксдотэр сядзела на сваiм звычайным месцы - на ганку палевай клецi. У руках у яе не было нiякай работы, яна сядзела адкiнуўшыся назад, з заплюшчанымi вачыма. Але яна не спала i, калi з'явiлася аканомка, падняла вочы i адразу ж пазнала яе.

- Вось яно што, - прамовiла яна, - цяпер з Хедэбю па мяне пасылаюць?

- Ты, Марыт, ужо чула, якiя дрэнныя нашы справы? - запыталася дзяўчына Спак.

- Так, чула, - адказала Марыт, - i не пайду!

Дзяўчына Спак не сказала ёй у адказ нi слова. Глухая безнадзейнасць прыгняла яе. Усё iшло ёй насуперак, апалчылася супраць яе, а ўжо горшага за гэта быць нiчога не можа. Яна бачыла ўласнымi вачыма i чула ўласнымi вушамi, як радавалася Марыт. Сядзела на ганку i радавалася няшчасцю, радавалася, што Адрыян Лёвеншольд памрэ.

Да гэтай хвiлiны аканомка трымалася. Яна не крычала, не наракала, убачыўшы Адрыяна, распасцёртага на падлозе. У яе была толькi адна думка дапамагчы яму i яго блiзкiм. Але адпор Марыт зламаў яе сiлы. Яна заплакала горка i нястрымна. Няўпэўненымi крокамi паплялася да сценкi адной з прыбудоў i прыцiснулася да яе iлбом, горка рыдаючы.

Марыт крыху падалася наперад. Доўга-доўга яна не адводзiла вачэй ад няшчаснай дзяўчыны. "Ах вось яно што! Няўжо так?" - падумала яна.

Але пакуль Марыт сядзела, разглядаючы дзяўчыну, якая слязамi кахання аплаквала каханага, штосьцi перавярнулася ў яе душы.

Некалькi гадзiн таму назад яна даведалася, што Генерал прыйшоў да Адрыяна i напалохаў яго амаль не да смерцi. I яна сказала сабе самой, што нарэшце час помсты настаў. Шмат гадоў чакала яна гэтага часу, але чакала дарэмна. Ротмiстр Лёвеншольд сышоў у магiлу, так i не атрымаўшы па заслугах. Праўда, з таго самага часу, калi яна пераправiла пярсцёнак у Хедэбю, прывiд Генерала бадзяўся па ўсiм маёнтку; аднак падобна было, што ў яго не хапала духу караць з уласцiвай яму лютасцю сваiх родных.

А цяпер, калi да iх прыйшла бяда, яны адразу ж просяць дапамогi! Чаму не звярнулiся тады непасрэдна да мерцвякоў на ўзгорку вiсельнiкаў? Ёй было радасна сказаць:

- Не пайду!

Такой была яе помста!

Але калi Марыт убачыла, як стаiць i плача маладая дзяўчына, прыцiснуўшыся галавой да сцяны, у яе абудзiлася памяць аб мiнулым. "Вось так стаяла i я i плакала, прыхiлiўшыся да жорсткай сцяны. I не было ў мяне нiводнага чалавека, на якога я магла б абаперцiся".

I ў той жа момант крынiца дзявочага кахання зноў забруiла ў душы Марыт i абдала сваiм гарачым дыханнем. I яна са здзiўленнем сказала сабе самой: "Дык вось як пакутавала я тады! Дык вось што азначае кагосьцi кахаць! Як моцна i соладка пакутавала я тады!"

Перад яе вачыма паўстаў юны, вясёлы, дужы i прыгожы Паўль Элiясан. Яна прыгадала яго позiрк, яго голас, кожны яго рух. Сэрца яе напоўнiлася ўспамiнамi аб iм.

Марыт думала, што кахала яго ўвесь гэты час, i, пэўна, так яно i было! Але як астылi яе пачуццi за гэтыя доўгiя гады! Цяпер жа, у гэты момант, душа яе зноў успыхнула ранейшым гарачым полымем.

Але разам з каханнем у ёй прачнулiся i ўспамiны аб той жахлiвай пакуце, якую перажывае чалавек, губляючы таго, каго кахае.

Марыт кiнула позiрк на дзяўчыну Спак, якая ўсё яшчэ стаяла i плакала. Цяпер Марыт ведала, як цяжка пакутавала яна. Яшчэ зусiм нядаўна ёю валодаў холад пражытых гадоў. Яна забылася тады, як пячэ агонь, цяпер жа ўспомнiла аб гэтым. Яна не хацела, каб па яе вiне хтосьцi пакутаваў гэтак жа, як некалi пакутавала сама; Марыт паднялася i падышла да дзяўчыны.

- Хадземце! Я пайду з вамi, паненка! - коратка сказала яна.

Такiм чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавiла нi слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесцi сябе, каб адшукаць пярсцёнак.

Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка i ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы i бледны, але цiхi, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькi калi Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы.

Як толькi гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцiлася перад ёю на каленi i прыцiснулася тварам да падола яе сукенкi.

- Марыт! Марыт! - загаварыла яна. - Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынiлi табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму!

Сялянка крыху адступiла назад, але няшчасная мацi папаўзла за ёю на каленях.

- Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калi Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася i ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накiраваны супраць нас.

Марыт стаяла моўчкi, заплюшчыўшы вочы, i, здавалася, цалкам паглыбiлася ў сябе. Аднак дзяўчына Спак была ўпэўнена, што ёй прыемна слухаць аповед баранэсы пра яе пакуты.

- Я хацела пайсцi да цябе, Марыт, i павалiцца да тваiх ног, як зараз, i малiць цябе дараваць Лёвеншольдам. Але я не адважылася. Я думала, што табе немагчыма дараваць iм.

- Вы, васпанi, i не павiнны мяне малiць, - сказала Марыт, - бо так яно i ёсць: дараваць я не магу!

- Але ты ўсё ж тут!

- Я прыйшла дзеля паненкi, яна прасiла мяне прыйсцi.

З гэтымi словамi Марыт зайшла з другога боку шырокага ложка. Паклаўшы хвораму руку на грудзi, яна прамармытала некалькi слоў. Пры гэтым насупiла лоб, закацiла вочы i сцiснула вусны. Дзяўчына Спак падумала, што яна паводзiць сябе, як i ўсе iншыя знахаркi.

- Будзе жыць, - сказала Марыт, - але запомнiце, панi баранэса, што дапамагаю я яму толькi дзеля паненкi.

Тут дзяўчыне Спак падалося, быццам гаспадыня яе хацела яшчэ штосьцi сказаць, але спахапiлася i прыкусiла губу.

- А цяпер дайце мне, панi баранэса, волю.

- Ты можаш распараджацца ў маёнтку, як табе неабходна. Барон у ад'ездзе. Я папрасiла яго паехаць вярхом насустрач доктару i прыспешыць яго.

Дзяўчына Спак чакала, што Марыт Эрыксдотэр неяк паспрабуе вывесцi маладога барона з непрытомнасцi, але тая, на яе вялiкае расчараванне, нiчога падобнага рабiць не стала.

Замест гэтага яна загадала сабраць у кучу ўсё адзенне барона Адрыяна: i тое, якое ён насiў цяпер, i тое, якое апранаў у ранейшыя гады i якое можна было яшчэ адшукаць. Яна хацела бачыць усё, што ён калi-небудзь надзяваў на сябе: i панчохi, i кашулi, i рукавiцы, i шапкi.



Поделиться книгой:

На главную
Назад