- Паўднёвы-паўднёвы-захад, - вызначыў Малчанаў, - кiламетраў сто за хрыбтом. Што за ўспышкi? Грэхаў кiнуў погляд на прыборную панель.
- Эмiсiйныя, тыпу выбухаў шаравых маланак. Пасля слiпучага зарыва ўспышак вочы не заўважалi нi пульта, нi панелi, i здавалася, фасфарысцыруючыя элiпсы i квадраты iндыкатараў вiсяць у паветры, нi на што не абапiраючыся.
- Хоць вока выкалi! - прабурчаў незадаволены Сташэўскi.
Ён сядзеў злева, у крэсле бiямеханiка, i Грэхаў, вочы якога адаптавалiся хутка, бачыў яго шырокi сiлуэт. Ва ўсё больш i больш карычневай цемры паступова выступалi невыразныя контуры крэслаў, апаратаў i людзей. Увесь купал кабiны ўяўляў сабой экран апаратуры прамога бачання, таму часам рабiлася няўтульна ад думкi пра - здавалася - безабароннасць машыны.
Ззаду пачулася пазяханне - прачнуўся Вiрт.
- З якой прычыны прыпынак? Прыехалi?
- Цiха! - пагрозным шэптам сказаў Сташэўскi. Грэхаў напружана ўслухаўся i недзе на мяжы ўспрыняцця пачуў далёкае, яно ледзь угадвалася, цiканне вялiзнага механiзма. Як быццам парыў ветру данёс сюды ў непраўдападобнай цiшынi тартарскай начы павольныя раўнамерныя ўдары: баннг!.. баннг!.. баннг!..
- Звон, - шапнуў Малчанаў. Грэхаў хацеў яму запярэчыць, бо гэтыя гукi больш за ўсё былi падобныя на ўдары ў гонг, але было ў iх штосьцi i ад званоў, аксамiтны бронзавы тэмбр. А можа, спрычынiлася ўяўленне, якое заўсёды дамалёўвае тое, што чалавек жадае ўбачыць або пачуць.
Яны гэтак захапiлiся дзiўным гучаннем, што прамаргалi з'яўленне "цiкаўнiка". Ён прымчаўся хутчэй за ўсё з боку Кiнжальнага хрыбта i свяцiўся, як белаваты прывiд, падобны на шкiлет гiпапатама, але Грэхаў ужо ведаў, што ўдзень пры святле ён уяўляў бы сабой каменнападобную глыбу незвычайнага чорнага колеру, якi не апiсаць, не перадаць, i яна з нечаканай лёгкасцю лунала ў паветры. "Цiкаўнiкамi", выяўляецца, iх назвалi за вiдавочную цiкавасць да зямных апаратаў, асаблiва да тых, што выкарыстоўвалi сiлавыя палi. Часам пад час руху нiзка над сушай за iмi цягнуцца доўгiя, шматсотметровыя хвасты павольна сыпучага пылу. Некалькi гадзiн назад Грэхаў i сам бачыў са Станцыi некалькi такiх хвастоў, праз аптычныя ўзмацняльнiкi, вядома.
"Цiкаўнiк" павiснуў над танкам, яго свячэнне страцiла раптам структурную выразнасць i расплылося зелянявым воблакам, ахутаўшы паўсферу кабiны. Раптоўнае галавакружэнне прымусiла Грэхава ўхапiцца за штурвал, увушшу паплыў камарыны звон, сталi нямець мышцы шыi i плячэй. Ён паспрабаваў трымацца, напружваючы волю, але з такiм жа поспехам можна было спрабаваць выгадаваць на твары другi нос. Малчанаву ззаду стала блага, ён ускочыў, ногi яго не трымалi, i ён неўсвядомлена ўчапiўся Грэхаву за шыю. Той вяла тузануў ацяжэлай галавой, не адрываючы позiрку ад зiхатлiвай кляксы "цiкаўнiка". Здавалася, ён вырас да велiчынi горнага хрыбта, i гэты яго мiльённатонны цяжар хлынуў у галаву.
Абаронай займаўся Сташэўскi, Грэхаў не разумеў, чаму ён марудзiць, адзiны, на яго думку, хто не страцiў здольнасцi рухацца, але нарэшце ён скiнуў задумлiвасць i ўключыў гефы - генератары форм.
Пад ударам сiлавога поля белаваты спрут адскочыў ад танка i ўзвiўся ў неба. Праз iмгненне хваля здранцвення спала, цела сталася незвычайна лёгкае, як быццам запоўненае гелiем. Грэхаў пакруцiў галавой i са здзiўленнем убачыў, што Вiрт сядзiць на падлозе. Рубку залiло святло. Дыега заўважыў яго позiрк i ўсмiхнуўся.
- Я, вiдаць, рагаты, як карова. Падобны?
- А што такое карова? - з цiкаўнасцю спытаўся Малчанаў, падымаючы на Вiрта свой вечна пахмуры вузкi твар.
- Карова... - з усмешкай пачаў Дыега, - гэта такая вялiкая жывёлiна з чатырма нагамi па кутах... Сташэўскi пырснуў, а Грэхаў упершыню ўбачыў на твары Малчанава ўсмешку. Усмешка ў камунiкатара была незвычайная: як блiск маланкi, што прасекла цёмныя навальнiчныя хмары. Малчанаў быў самы старэйшы з iх. Ён нарадзiўся ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзевятым годзе, гэта значыцца ў дваццатым стагоддзi. Грэхаў спачатку нават не паверыў, калi даведаўся пра гэта, але потым успомнiў, што менавiта Малчанава выратаваў экiпаж зоркалёта "Спiр", яго i камандзiра карабля "Магiканiн". Малчанаў вярнуўся да Тартара, а камандзiр "Спiра" Яраслаў Грант... Грант на Чары, у санаторыi... Няўжо такое моцнае было ўзрушэнне? Цi ён судзiць гэтага чалавека занадта прадузята?.. Але Малчанаў якi! Перажыць гэткае i вярнуцца! Бадай, у яго можна павучыцца рашучасцi i мужнасцi. Калi толькi такiя сталёвыя нервы не сведчанне яго зашэрхласцi або, яшчэ горай, раўнадушша...
- Та-ак, - працягнуў Сташэўскi, спадылба аглядаючы iх. У характары гэтага чалавека нялёгка разабрацца, не ведаючы яго так, як ведаў Грэхаў. У яго суровы, колеру паўночнага каменю твар, халодныя шэра-блакiтныя вочы, моцна сцiснутыя, быццам акамянелыя, губы. Ён шырокi ў плячах, масiўны i вельмi дужы. Аднойчы на Самнii пад час аварыi блокпаста ён ударам кулака сарваў двухсоткiлаграмовае мацаванне экрана i вырваў сiлкуючы фiдэр разам з гняздом, бо часу на адкручванне ўжо не было. Вядома, захапляўся Грэхаў не дужасцю Сташэўскага, ён быў не слабейшы за Святаслава, хоць знешнасць меў далёка не тыповую для асiлка. Ростам ён быў, бадай, нiжэйшы за Малчанава, шчуплы, але важыў гэтулькi ж, колькi i Сташэўскi, - сто два кiлаграмы. Праз гэта яму яшчэ ў iнстытуце далi мянушку "Малы пярэварацень". А вiнаватае ў гэтым дзяцiнства: Грэхаў нарадзiўся ў зоркалёце, што цярпеў бедства, i цэлых пятнаццаць гадоў з моманту нараджэння да фiнiшу на Зямлi рос у полi прыцягнення, у тры-чатыры разы больш магутным, як земляное. Натуральна, гэта не магло не адбiцца на яго целабудове. Ну а Сташэўскi... Мала сказаць - ён iм захапляўся, ён яголюбiў...
- Та-ак, - яшчэ раз вымавiў Сташэўскi. Камандзiр групы, ён умела хаваў свае трывогi i сумненнi. Грэхаву ж, шчыра кажучы, было нявесела, тым болей што ўварвалiся яны ў абсалютна незнаёмае жыццё, а iсцi яны маглi толькi наўздагад, i гэты павольны i стамляючы рух дзейнiчаў на нервы больш, чым загадкавае выпраменьванне нярэдкiх "цiкаўнiкаў".
- Нашы меры абароны ад "цiкаўнiкаў", - уздыхнуў Сташэўскi, - на жаль, пакуль што малаэфектыўныя, i фактычна мы безабаронныя...
Ён перахапiў позiрк Вiрта.
- Так-так, безабаронныя, нягледзячы на тыямат*. Бо можа ўзнiкнуць сiтуацыя, у якой мы проста не паспеем прывесцi яго ў дзеянне. - Ён меў рацыю. Тыямат - "вялiкi разбуральнiк", "генератар праматэрыi", "iнiцыятар цiхага распаду" - як яго толькi нi называлi, - наймагутнае са сродкаў абароны i нападу (на жаль...), якiм нядаўна авалодаў чалавек. Але i тыямат не гарантаваў бяспекi ва ўмовах Тартара, якi меў вялiзны арсенал паражаючых фактараў, нiводны з якiх яшчэ не быў як след вытлумачаны чалавекам.
* Тыямат - генератар асобага поля, у якiм разбураюцца электронныя, атамныя i мiжнуклонныя ядзерныя сувязi.
- Ну, не глядзiце на рэчы гэтак песiмiстычна, - прабурчаў Малчанаў. Трэба прывыкаць i да "цiкаўнiкаў" i да iншых формаў жыцця Тартара, а iх багата, i, запэўнiваю вас, усе яны агрэсiўныя...
- Акрамя пластуноў, - сказаў усёвед Дыега Вiрт.
- Пра пластуноў асобная гаворка...
- Так, - у трэцi раз сказаў Сташэўскi, - Мы стаiм ужо паўгадзiны, гэта недаравальна шмат. Гатовыя? Паехалi.
Танк злёгку прысеў i рэзка пабег па светлым тунелi, што высеклi ў цемры пражэктары. Дарога рабiлася горшая. Спачатку ехалi па пласкагор'i, якое дзе-нiдзе парасло паўзучым нiзкiм кустоўем дзiўнага выгляду. Яно чамусьцi нагадвала Грэхаву абстрактныя канструкцыi з металiчнага дроту, укручаныя ў масу пушыстых сiняватых нiтак. Гусенiцы з ходу ламалi яго, i яно рассыпалася на асобныя кавалкi, крохкае, як шкло.
Потым пад'ём стаў больш стромкi, i неўзабаве Грэхаў зразумеў, што яны ўжо недзе каля адгор'яў Кiнжальнага хрыбта, якi iм трэба было пераадолець. За тыя восем гадзiн побыту на планеце з iмi i вакол iх нiчога не адбылося, i Грэхаў нават падумаў, што свет Тартара даволi ардынарны - скалiсты дзiкi "нецывiлiзаваны" свет. Незразумела было, чаму адбывалiся катастрофы, гiнулi робаты i людзi, абароненыя, як здавалася да гэтага, ад усiх сiлаў прыроды ўменнем прымяняць гэтыя сiлы сабе на карысць. "Многiя рэчы нам незразумелыя не таму, што нашы паняццi слабыя, але таму, што гэтыя рэчы не ўваходзяць у кола нашых паняццяў". Так, здаецца, казаў Казьма Пруткоў. "Што, калi жыццё Тартара не ўваходзiць у кола нашых паняццяў?" - падумаў Грэхаў.
Схiлы гор узнiмалiся ўсё вышэй i больш стромка, сцiскаючы iх часовую, выпадкова знойдзеную дарогу ў каменных цяснiнах. Сталi трапляцца доўгiя трэшчыны, што разрывалi яе на пункцiры, i буйныя абломкi скал са свежымi зломамi. Нарэшце ехаць далей ранейшым шляхам стала немагчыма - даваўся ў знакi нядаўнi землятрус, танк падыходзiў да актыўнай мяжы яго эпiцэнтра. Ён марудна прапоўз сотнi дзве метраў i ўпёрся ў iрваны вал з абломкаў i друзу: дарога была перагароджана iм. За валам пачулася нагрувашчванне базальтавых плiт гiганцкай таўшчынi.
- Горст*, - вымавiў Сташэўскi, злазячы з крэсла, шырокi, спакойны, нават трошкi вялы.
* Горст - прыўзняты ўчастак планетармай кары, абмежаваны скiднымi трэшчынамi.
- Збiрайся, Дыега.
Удвух з Вiртам яны надзелi скафандры i выйшлi з танка. На прыборнай панелi ўспыхнулi зялёныя агнi iндыкатараў прысутнасцi - запрацавалi iндывiдуальныя радыёмаякi. У святле пражэктараў дзве постацi ператварылiся ў асколкi асляпляльнага вадкага агню - плёнкi скафандраў адбiвалi амаль усе вiды радыяцый, у тым лiку i святло. Яны выйшлi з асветленай паласы i знiклi. Дыегаў голас прагучаў, здавалася, зусiм побач:
- На хуткалёце да мэты можна дайсцi за дзесяць хвiлiн, можа, я рызыкну?
Адказ Сташэўскага яны не пачулi, але Малчанаў усмiхнуўся даволi красамоўна. Цяпер ужо Грэхаў шмат чаго ведаў пра Тартар, у тым лiку i тое, як загiнулi экiпажы "Спiра" i "Магiканiна". Лятальныя апараты праследавалiся "павуцiнамi" з асаблiвай настойлiвасцю, менавiта з гэтай прычыны iх выратавальны рэйд пачаўся на цяжкiм танку-лабараторыi, разлiчаным на эксплуатацыю ў атмасферах гiганцкiх планет-паўсонцаў тыпу Юпiтэра. Ну а далейшае залежала ад iх, ад "запасу надзейнасцi чалавечага элемента", бо тэхнiка Зямлi больш за тое, чым яны валодалi, даць не магла...
Малчанаў уключыў свой iнфармблок i ўзяўся праслухоўваць запiсы, неспакойна паглядаючы на ясную зелень iндыкатараў прысутнасцi. Грэхаў спачатку прыслухоўваўся, потым перастаў. На вяршынi горста нешта адбывалася. Як быццам там без дай прычыны пачала выпарвацца чорная вадкасць i цяжкiя непразрыстыя выпарэннi заварушылiся змеямi.
- Дыега! - на ўсялякi выпадак паклiкаў Грэхаў. - Святаслаў!
Дынамiкi маўчалi. Iндыкатары прысутнасцi налiлiся жаўцiзной - адзнака кароткачасовых перапынкаў сувязi.
- Што здарылася? - трывожна спытаўся Малчанаў, але ўжо i сам заўважыў благое. "Вадкасць" працягвала выпарвацца. Цяпер бруi пары набылi глыбокi сiнi колер, i ў iх зазiхацелi яскравыя iскрынкi. Iскры павялiчвалiся, збiралiся ў вялiкi шар i працiналi начны змрок, як маленькiя маланкi, патрэсквалi i гудзелi, як пчалiны рой. Нарэшце iх стала гэтулькi шмат, што яны здавалiся вялiзным вогненным вокам, зрэнка якога шалёна круцiлася.
- Гравiстралок! - ярасным шэптам вымавiў Малчанаў i скочыў да ўвагнутага люстра наводкi тыямата.
Ён спазнiўся на секунду, можа, на паўсекунды. На скалах зашыпела, i Грэхаў кулём пакацiўся да супрацьлеглай сцяны рубкi: па танку, дакладней, па яго ахоўным полi як быццам стукнулi гiганцкiм молатам, i ён адскочыў назад, загуў i завiбрыраваў на амартызатарах. Грэхаў яшчэ толькi ўзнiмаўся, чапляючыся за сценку, як ударыла другi раз. Ён тыцнуўся носам у нешта цвёрдае i на пэўны час страцiў здольнасць штосьцi кемiць.
Малчанаў усё ж дацягнуўся да пускальнiка тыямата, Грэхаў зразумеў гэта з таго, што ў яго спачатку занылi зубы, а потым дынамiкi данеслi скрыгат-лямант ускатурханай атмасферы. Пакуль ён вылуплiваў мутныя ад слёз вочы, усё было скончана. Вiшчаў лiчыльнiк радыяцыi (страшная ўсё-такi штука тыямат!), палову горста як языком злiзала, а ля яго падножжа курчылася пакамечаная, але ўцалелая(!) "павуцiна", якая згубiла свой рэжучы бляск.
- Удалы пачатак, - легкадумна прамовiў Грэхаў, выцiраючы з губы i пад носам кроў. Малчанаў здушана прамармытаў нешта, злосна памасiраваў горла, паказаў некуды ўбок, i Грэхаў убачыў далёкiя светлякi лiхтароў, што выпiсвалi мудрагелiстыя траекторыi пад час руху. Гэта вярталiся разведчыкi, нi пра што нават не здагадваючыся. Няўжо яны не чулi ляманту тыямата?! Вiрт нешта цiха казаў, Сташэўскi маўчаў. Яны павольна спусцiлiся па схiле застылай лававай хвалi, разрэзваючы змрок шпагамi святла, выйшлi на асветленую пражэктарамi прастору, i тут Сташэўскi заўважыў знiкненне вершалiны горста, мiтуслiвую "павуцiнку", ды i дым яшчэ не разышоўся поўнасцю, i радыяцыя не спала. Ён застыў з паднятай нагой, потым штурхнуў Дыега ў плячо, i яны, не дбаючы пра захаванне годнасцi, кiнулiся да машыны.
У кабiне Сташэўскi акiнуў няўважлiвым позiркам ашаломленую фiзiяномiю Грэхава i, як быццам нiчога не адбылося, сеў у крэсла. Увайшоў ураўнаважана-спакойны Дыега Вiрт, прыжмурыўся на "параненага" i, сказаўшы: "Герой", - сеў побач з камандзiрам.
- Гравiстралок, - раптам прамовiў Малчанаў, як бы просячы прабачэння, Грэхаў аж вылупiў вочы. - Даруйце мне, Святаслаў! Я абавязаны быў папярэдзiць, даруйце.
На яго было шкода пазiраць, i Грэхаў адчуў да яго калi не прыязнасць, дык, прынамсi, павагу. Вiдаць, ён сапраўды мужны чалавек.
- А-а... - сказаў у адказ Сташэўскi бесклапотна. - Лухта. Сам вiнаваты. Мне ж гаварылi, i неаднойчы, а я забыўся.
Ён павярнуўся да апаратуры сувязi, крутануў рукаятку павароту арыентаста, выклiкаў Станцыю.
Доўгi час, пакуль арыентаст абмацваў неба, вiдэом сувязi адно мiгцеў няяркiм блакiтам, патрэсквалi дынамiкi прыёмнай прылады ды паляскваў аўтамат перашкод, спрабуючы розныя частоты. Нарэшце вiдэом мiгнуў, разгарэўся, i ў iм паступова праявiўся такi знаёмы Грэхаву стомлены твар з яскравымi губамi, трошкi ўзнятым носiкам i ўмольнымi вачыма. Ён замёр.
"Палiна! Палiна... Каханне маё i жыццё маё... i боль мой... Праз усе цуды космасу i будзённасць працы, жыцейскiя дробязi i буйныя падзеi, страты i набыткi я пранёс твой погляд з сабой. Я моцны чалавек i да шмат чаго прывык у гэтым шчодрым на сюрпрызы свеце, але я слабею, калi цень адчужэння, часам уяўнага, з'яўляецца ў тваiх вачах, былая ўпэўненасць пакiдае мяне, як кроў параненае цела... Чалавек жывы чалавекам, i няхай хто-кольвек дакажа мне iншае. Я жывы ўсiмi сябрамi сваiмi, але больш за ўсё я жывы табой... Мы так i не пагаварылi на Станцыi, хоць Дыега зрабiў усё, каб мы сустрэлiся. Гэта, вядома, ён пастараўся, каб ты апынулася тут, ля Тартара. Не без ведама Сташэўскага, пэўна ж. Хiтрыя i добрыя мае сябры, вам не зразумець, мабыць, што для Палiны я толькi што ўваскрос. А да гэтага быў год адзiноты, год маёй смерцi, уяўнай - для мяне, сапраўднай - для яе..."
Дыега скасавурыўся на Грэхава i сказаў:
- Прывiтанне сувязiстам. Што новага, Палiначка? Палiнiны губы заварушылiся, але гуку не было. Вiдэом пакрыўся рабiзной перашкод, ачысцiўся, i замест жаночага твару ў яго ўплыў твар Кротаса, з няправiльнымi дробнымi рысамi, не надта ветлiвы, з вострым позiркам трохi касых вачэй.
- Новаўтварэнне, - сказаў Сташэўскi ў нос i бязгучна чхнуў. - Праз эпiцэнтр нам не прайсцi, дайце найкарацейшы шлях.
- Гэтак блага? - прахрыпеў дынамiк скрозь выццё суправаджальнай перашкоды.
- Не прайсцi нават з гефамi, я глядзеў. Паведамiце як найдакладней, дзе мы завязлi.
- Хвiлiнку... - Кротас скасавурыўся i стаўся падобны на камбалу з носам. Вы зараз... на паўночным схiле хрыбта, побач з перавалам Шэрага Прывiду. Да карабля ад вас усяго восемдзесят дзевяць кiламетраў па прамой... Але калi па гэтым перавале не прайсцi, дык найкарацейшы шлях праз другi.
- Другi - гэта Звiлiсты?
- Так.
- Дзякуй... - задумаўся Сташэўскi. - Да Звiлiстага недзе каля ста кiламетраў? Трохi зашмат... Ну а калi праз Тора-Ора?
- Ты ж ведаеш... там стаiць...
- Горад, ведаю. Затое мы сэканомiм гадзiн шэсць-сем. Гэта не так ужо блага, як ты думаеш?
За экранамi загаварылi адразу некалькi галасоў. Кротас, адказваючы, адмоўна пакiваў галавой i зморшчыўся. Гаварыць i пераконваць яму было цяжка, ён выдатна разумеў Сташэўскага, рызыка была вялiкая, але i Святаславу прымаць рашэнне было нялёгка, Грэхаў цудоўна гэта бачыў. - А новага нiчога? упаўголаса спытаўся Малчанаў.
Кротас паглядзеў на яго адным вокам з экрана, крутнуў галавой. Начальнiк аддзела быў у горшым становiшчы, як яны, ён мог толькi чакаць.
- Прыйдзецца iсцi праз Горад, - сказаў Сташэўскi, падводзячы вынiк невясёлых сваiх разважанняў, i дадаў, як бы просячы прабачэння: - Хутка ранiца, i, магчыма, прабiцца праз перашкоды мы не зможам, то вы ўжо не надта непакойцеся... З гары танк вам бачны, вось i назiрайце.
Кротас кiваў пры кожным слове, i твар у яго быў нейкi няшчасны, добра было вiдаць, што ён кепска адпачываў i наўрад цi еў, i Грэхаў падумаў, што дарма Сташэўскi згадаў пра неспакой. Неспакой - падмурак чакання, а для людзей на Станцыi яно сталася асновай iснавання. Да той пары, пакуль яны не дойдуць да карабля i не даведаюцца, чаму ён маўчыць.
У вiдэом уцiснуўся славуты нос Лявады i яго рыжая шавялюра.
- Мы тут падрыхтавалi яшчэ два "панцыры" з танкамi. Экiпажы гатовыя стартаваць у любы час.
- Не трэба, - сказаў Сташэўскi грубавата, а Малчанаў красамоўна павярнуўся. Нi ў кога не было гарантый, што i гэтыя дэсантныя караблi не змоўкнуць пад час пасадкi, як зоркалёт. Да таго ж у выпадку непрадбачаных цяжкасцей яны маглi i не паспець.
Па вiдэому заструменiлiся белыя зiгзагi i раскалолi выяву.
- Што там яшчэ? - незадаволена павярнуўся Сташэўскi.
- "Цiкаўнiкi", - лаканiчна адгукнуўся Дыега Вiрт, тыцкаючы пальцам у неба.
Грэхаў таксама ўбачыў iх. Адзiн нагадваў сваiм свячэннем медузу, двое iншых - мудрагелiстыя камбiнацыi зiхоткiх жыл.
Сташэўскi выключыў апаратуру сувязi i скасавурыўся на пульт тыямата. Сувязi ўсё роўна не будзе, пакуль побач баражыруюць гэтыя фасфарысцыруючыя камянi. Iх выпраменьванне стварае перашкоды ў любым дыяпазоне хваляў, у чым выратавальнiкi ўпэўнiлiся яшчэ пад час пасадкi.
"Цiкаўнiкi" не "нападалi", пакружлялi на значнай вышынi, з нязменным эскортам "павуцiн", i неўзабаве пайшлi, растварыўшыся ў зелянявым мiгценнi неба без зор.
- А я нi разу не быў у Горадзе, - сказаў раптам з пэўным здзiўленнем Малчанаў. Хацеў яшчэ нешта сказаць, але паглядзеў на Сташэўскага i перадумаў. Няўжо ён i праўда не быў у Горадзе? - падумаў Грэхаў з недаверам. - Або гаворыць наўмысна для нас, каб супакоiць, падбадзёрыць?" Грэхаву, натуральна, таксама не даводзiлася знаёмiцца з Горадам, але наслухаўся ён такiх гiсторый больш як дастаткова.
Сташэўскi махнуў рукой, Грэхаў павялiчыў абароты матораў, i танк палез на стромкi чырвона-карычневы бок каменнага кража.
3
Ён выключыў акустычныя прыёмнiкi, i прыглушанае мармытанне рухавiка змоўкла, стала зусiм цiха. Толькi ў кабiне зрэдку хто-небудзь шамацеў вопраткай ды рыпелi рамянi крэслаў.
Дарогi як такой не было. Танк iшоў беражком свежага разлому, потым вухнуў некуды ў цяснiну i хвiлiн дваццаць шлёпаў гусенiцамi па плыткай рэчцы з зiхатлiвай смарагдавай вадой.
Потым пайшла параўнальна роўная паверхня - столападобнае плато, на сярэдзiне якога машына з ходу ўляцела ў воблака шызага дыму. У гэтым дыме не дапамог нават лакатарны зрок - чарговы цуд прыроды, i Грэхаў кiраваўся толькi стрэлкай арыентаста, каб машына iшла дакладна па прамой. Такiя дымныя падушкi яны праязджалi ўжо, памеры iх не перавышалi некалькiх кiламетраў. Абазначалi яны спуск у плыткую, але шырокую варонку, надзiва роўную. Растлумачыць iх прызначэнне не змог i адзiны "ветэран" у танку - Малчанаў.
Калi танк выязджаў з дыму, яго моцна трасянула. Грэхаў узняў вочы i ўбачыў над сабой гiганцкую белую "сетку", што павольна адплывала ў дым. I зараз жа гучна зашалясцелi дынамiкi прыёмнiка, дзесьцi ўнутры яго загаварылi, зашапталi сотнi галасоў, разабраць якiя выразна ён не змог. Калыхаючыся, край "павуцiны" яшчэ пэўны час свяцiўся скрозь дым, потым растварыўся ў сiняй смузе. Змоўк i шэпт.
"Што за лухта?" - падумаў занепакоены Грэхаў. Патрымаўшы штурвал рукой, азiрнуўся. Дыега Вiрт спаў, патануўшы ў крэсле. Малчанаў пазяхаў, далiкатна прыкрываючыся далонькай. Праз хвiлiну i ён задрамаў, не раскладаючы крэсла. У кабiне панаваў утульны паўзмрок, якi ствараўся рассеяным водблескам пражэктараў.
"Дзiўна, што гэта яшчэ за шэпт? Галюцынацыi са слыхам?.."
- Адпачнi, - параiў Сташэўскi. - Дарога тут адна - на паўночны ўсход. Трэба будзе - пабуджу.
"Ён таксама нiчога не чуў?" Засмучаны Грэхаў уступiў месца камандзiру i адкiнуў суседняе крэсла, спаць захацелася непераадольна, i заснуў ён амаль iмгненна, забыўшы пра свае "галюцынацыi". Прыснiлася яму, што стаiць ён з Палiнай у нейкай жахлiвай чорнай цяснiне, аддзелены ад каханай шкляной сцяной. Палiна аддаляецца, твар яе трывожны, але яна маўчыць, а ён б'ецца ў сцяну, крычыць... Палiна робiцца ўсё меншая, тоне ў iмгле... Потым быў вар'яцкi бег па гулкiм металiчным памосце, уперадзе мiльгала белая плямка, i трэба было яе не ўпусцiць. I зноў цяснiна, а ў ёй глыбокая чорная рака, вада бурлiць i шыпiць каля сцен, ён плыве з апошнiх сiл, супрацiўляючыся, але яго нясе з галавакружнай хуткасцю да велiзарнай безданi (чамусьцi ён ведае, што наперадзе бездань), i ён нiчога не можа зрабiць...
Праз высiлак Грэхаў прачнуўся.
Танк стаяў. У кабiне ўсе спалi, акрамя Сташэўскага. Пражэктары былi выключаны, але тым не менш нейкi шараваты водблiск ляжаў на пульце i футаралах прыбораў. Танк застыў носам унiз на пахiлай вяршынi ўзгорыстага вала, бакi якога гублялiся ў цемрадзi вышчарбленай пiкамi скальнай грады. Наперадзе iшоў яшчэ адзiн вал, якi цьмяна адсвечваў золатам у святле сiгнальнага лiхтара. Вал быў складзены з трох пластоў лавы i здаваўся адхонным. Сташэўскi выключыў лiхтар, i тады над гэтым складкаватым валам устала серабрыстым воблакам асцярожнае рассеянае зiхценне...
- Горад? - шэптам спытаўся Грэхаў, адчуваючы, як мiжволi напружылiся мышцы жывата.
Сташэўскi азiрнуўся, звыклым жэстам прыгладзiў шорсткi чуб i ўступiў месца вадзiцелю. Цяпло яго рук сагрэла штурвал, i Грэхаў пачуўся больш упэўнены.
Танк нырнуў у калдобiну, перавалiў цераз ланцуг пляскатых пагоркаў у далiне памiж масiвамi i рушыў угору па базальтавым уздуццi. Пад'ём цягнуўся доўга, амаль раўнамерны i не надта стромкi, як здалося спачатку. I, не дабраўшыся да вяршынi вала, яны ўбачылi асобныя "будовы" Горада. Машына ўз'ехала на шырокую рыхлую паласу, што аблямоўвала Горад па перыметры, i замерла.
За паласой цягнуўся дзiўны празрыста-шкляны лес... не, не лес - сцяна льду, рассечаная частымi трэшчынамi i шырокiмi праходамi, сцяна ўзгорыстага льду, што сачыўся цяжкiм шэра-срабрыстым свячэннем. Найбольш моцнае свячэнне iшло ад падмурка сцяны, вышэй яно паступова слабела, i верх сцяны ўжо ледзь свяцiўся, быццам зацягнуты шыза-чорным попелам. Праходы ў сцяне, падобныя на цяснiны, былi не вузейшыя за вулiцы зямных гарадоў, i ўсе яны здавалiся пакрытыя вiльготнай блiскучай чарнечай, якую здалёку можна было прыняць за бяздонныя каналы з чорнай стаячай вадой.
Гулкая, насцярожаная цiшыня панавала ў Горадзе, вадаючы гратэскнаму "ледзяному" масiву няўлоўную празрыстасць эфемернага жыцця.
Грэхаў мiжволi замёр, захоплены, бадай, самай незвычайнай з усiх карцiн, бачаных iм раней на планетах iншых сонцаў... З задумлiвасцi яго вывеў Малчанаў, якi працiснуўся памiж крэслам i пультам паходнага вылiчальнiка.
- Ну што, паехалi? - пытальным тонам сказаў Сташэўскi.
Танк перасек адкрытую прастору да блакiтнаватай сцяны Горада. Зараз жа некалькi "павуцiн" нырнулi да iх з неба, быццам узнiклi з пустэчы.
Спачатку ў Грэхава з'явiлася дзiўнае i агiднае адчуванне, быццам на руках у яго па пяць мезенцаў. Потым ён адчуў погляд. У спiну цi, хутчэй, адусюль, з усiх бакоў на яго глядзеў нехта, у каго быў мiльён нябачных вачэй; нехта, валодаючы бязмернай магутнасцю; нарэшце, нехта невыказна, да жахлiвасцi чужы, чыя раўнадушнасць, грозная i выразная, затапiла ўсю прастору вакол... I яшчэ ён адчуў, што iх прысутнасць тут непатрэбна i непажадана гэтаму нябачнаму гаспадару Горада.
- Зашпiлiце рамянi, - рашуча сказаў Грэхаў. Марудзiць было нельга, i на размовы не заставалася часу.
На карме i на носе танка з рокатам высунулiся ажурныя вежкi эфектараў. На iмгненне ўвесь купал вежавага экрана зацягнула вясёлкавай плёнкай - i вось ужо пяцiсоттонная машына ледзь кранаецца гусенiцамi глебы, асноўную вагу танка прыняла на сябе, падтрымлiваючы яго, сiлавая падушка. Штурвал паслухмяна ўвайшоў у паз, "Мастыф" мякка набраў хуткасць i апынуўся ў Горадзе.
На першым павароце па незразумелай прычыне выйшаў са строю аўтамат магнiтных рытмаў, Грэхаў вылаяўся скрозь зубы, але танк ужо iмчаўся па гладкай струменiстай чарнечы "вулiцы", i рэактар працаваў на фарсажнай мяжы, i даводзiлася манiпулiраваць эфектарамi, замяняючы аўтамат, каб танк меў дастатковую абарону i ў той жа час дастатковае падтрымлiваючае поле; i жахлiва выў гамарадыёметр, што ўлавiў ачаг радыяцыi, якi невядома адкуль узяўся; i яшчэ нейкiя пабочныя гукi драбiлiся ў агульнай гукавой кашы, i ўсё гэта перабiваў лiпкi ўсеабдымны позiрк Горада, i таму часамi здавалася, што танк плыве ў страшнай бязважкай цiшынi, а наперадзе разяўляецца пякельная прорва i тады ўжо наогул даводзiлася спадзявацца на чуццё ды iнстынкты, яны адзiныя захоўвалi хуткасць чалавечых рэакцый.
Свячэнне серабрыста-празрыстых жыл i фiгур па баках дарогi злiлося ў туманную паласу, над якой вузкай звiлiстай стужкай цякла лiлаватая рака пасвятлелага купала неба...
Дваццаць кiламетраў, больш за тры чвэрцi дыяметра Горада, танк прайшоў на адной звiнячай ноце за чатырнаццаць хвiлiн, Грэхаў ужо лiчыў сябе героем, але раптам з-за чарговага павароту паказаўся адзiнокi "цiкаўнiк", якi падганяла выгнутая конусам "павуцiна", не святлiвы, чорны, падобны на лятучую труну. Паварочваць не было куды, тармазiць позна, i Грэхаў паспеў толькi да мяжы павялiчыць напружанне ахоўнага поля. Ён чакаў цяжкага ўдару i феерверку абломкаў, але нiчога такога не адбылося. Пры сутыкненнi ахоўнага поля з "цiкаўнiкам" на яго месцы раптам узнялося iскрыстае жоўтае полымя, разануўшы па вачах. Танк кiнула ўнiз i ўгору, i абвальны грукат выбуху дагнаў iх ужо на павароце. Азiрацца не было калi, Грэхаў толькi перакасiў плечы, утрымлiваючы машыну на восi дарогi, калi яе штурхнула паветраная хваля.