Кейсi хiтравата глянуў на яго.
- Калi твой слых разане, не крыўдуй, га?
- Я крыўдую, толькi калi мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд. - Ну, што ты там такое надумаў?
- Разважаў я пра духа святога i пра Iсуса: "Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога i да Iсуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любiм - мужчын i жанчын? Можа, дух святы - гэта i ёсць душа чалавечая, вось i ўсё. Можа, усе людзi разам i ўтвараюць адну вялiкую душу i часцiнку яе знойдзеш у кожным чалавеку?" Доўга сядзеў я так, думаў, думаў i раптам усё зразумеў, усiм нутром, i так ува мне гэта i засталося.
Джоўд апусцiў вочы, быццам яму было не пад сiлу вытрываць шчыры позiрк прапаведнiка.
- З такiмi думкамi нi ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён. - За такiя думкi цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць i павыць. Гэта iм самая вялiкая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног звалiла.
Кейсi задуменна пазiраў на Джоўда.
- Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён. - Душу мне гэта кроiць.
- Што ж, пытайся. Часам i я ў чым-небудзь разбiраюся.
- Вось што... - нерашуча пачаў прапаведнiк. - Я хрысцiў цябе найлепшым чынам у той дзень, калi боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маiх словы Хрыстовы лiлiся. Ты, пэўна, нiчога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.
- Чаму ж не, памятаю, - адказаў Джоўд. - Гэта была Сюзi Лiтл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.
- Дык вось... Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабiлася ад таго?
Джоўд, падумаўшы, адказаў:
- Н-не, я нават нiчога не адчуў.
- Так... А шкоду табе гэта зрабiла? Толькi падумай.
Джоўд падняў з зямлi бутэльку i адпiў.
- Нiчога я не адчуў - нi добрага, нi дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нiчога. - Ён падаў бутэльку прапаведнiку.
Кейсi ўздыхнуў, прыгубiў бутэльку, потым паглядзеў, колькi ў ёй на дне засталося, i зрабiў яшчэ адзiн маленькi глыток.
- Вось i добра, - сказаў ён. - А то я ўсё мучыўся - цi не нарабiў я сваiм умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.
Джоўд глянуў на свой пiнжак i ўбачыў чарапаху - яна выбралася на волю i ўжо спяшалася ў тым жа кiрунку, у якiм паўзла, калi ён падабраў яе. Джоўд паназiраў за ёю, тады ўстаў на ногi, падняў чарапаху з зямлi i зноў закруцiў у пiнжак.
- Нiякiх падарункаў дзецям не прыпас, - паяснiў ён. - Хоць гэту старую чарапаху прынясу.
- Дзiўная рэч, - сказаў прапаведнiк. - Якраз калi ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, цi не завiтаць да яго. Я заўсёды лiчыў яго бязбожнiкам. Як ён там жыве, стары Том?
- Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.
- Хiба ён не пiсаў табе?
Джоўд замяшаўся.
- Тата на пiсьмы не вялiкi мастак i наогул пiсаць не ахвочы. Прозвiшча сваё чын чынам падпiша, не горш за iншых, i нават аловак паслiнiць. Але пiсьмаў не пiша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго i алоўкам не варта.
- Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся? - запытаўся Кейсi.
Джоўд недаверлiва глянуў на яго.
- А ты хiба нiчога не ведаеш? Ва ўсiх газетах пра мяне пiсалi.
- Нiчога. А што? - Кейсi закiнуў нагу на нагу i ссунуўся па ствале нiжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, i сонца налiвалася чырванню.
Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:
- Казаць, дык адразу ўсё, i скончым з гэтым. Але калi б ты i цяпер яшчэ быў прапаведнiкам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы малiцца за маю душу. - Ён дапiў рэшту вiскi i шпурнуў паўлiтэрку ўбок, i пляскатая бутэлька мякка слiзганула па пыле. - Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.
Кейсi крута павярнуўся да яго i так насупiў бровы, што высокi яго лоб зрабiўся яшчэ вышэйшы.
- Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабiў.
- Я i цяпер зрабiў бы тое самае, - сказаў Джоўд. - Я забiў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напiлiся з iм на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапiў рыдлёўку i прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.
Бровы ў прапаведнiка занялi сваё звычайнае месца.
- Значыць, саромецца табе няма чаго?
- Няма, - адказаў Джоўд. - Мне далi толькi сем гадоў, бо ён першы пачаў пырнуў мяне нажом. Выпусцiлi праз чатыры гады - умоўна.
- I нiхто з тваiх не пiсаў табе ўсе чатыры гады?
- Чаму ж, пiсалi. Два гады назад ад мацi паштоўку атрымаў, а на мiнулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, i смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блiшчынках, быццам снегам абсыпаная. I вершык:
У свята светлае Каляды
Будзь жыццю, хрыстосiк, рады,
I пад ёлачку ты глянь.
Падаруначак дастань.
Бабка, вiдаць, i не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купiла, выбрала самую прыгожую i блiскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалi ад рогату. З таго дня ўсе мяне "хрыстосiкам" дражнiлi. А бабка i думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, блiскучая, навошта чытаць? У той год, калi мяне пасадзiлi, яна свае акуляры згубiла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.
- А як абыходзяцца яны там з вамi, у Макалестары?
- Ды нядрэнна. Кормяць па гадзiнах, адзяваюць чыста, i памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькi цяжка. - Джоўд раптам засмяяўся: - У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцiлi. I месяца не прайшло, як ён праштрафiўся i зноў вярнуўся да нас. У яго спыталiся, чаму ён парушыў падпiску. А ён кажа: "Якога чорта! У бацькавай халупе выгод нiякiх. Нi табе электрычнасцi, нi душа. I кнiжак няма, i ежа паганая". Вярнуўся, кажа, бо тут хоць якiя выгоды ёсць i жратва па гадзiнах. На волi, кажа, адзiн супраць цэлага свету - не ведаеш, што рабiць, куды падацца. I ён украў машыну i зноў сеў. - Джоўд дастаў свой капшук, падзьмуў на курыльную кнiжачку, каб аддзялiць адзiн бураваты лiсточак, скруцiў цыгарку. - Што ж, хлапец ён не дурны, - дадаў ён. - Як падумаў я ўчора, дзе ноч буду спаць, дык страх мяне ўзяў. Прыгадаўся мне ложак i той чокнуты, што з намi быў у камеры, падумаў: што ён цяпер робiць? У нас аркестр там быў. Добры струнны аркестр. Адзiн казаў, што мы маглi б нават па радыё выступаць. А сёння ранiцай прачынаюся i не ведаю - падымацца цi яшчэ рана. Ляжу i чакаю, калi пабудку дадуць.
Кейсi хмыкнуў:
- Гэтак можна i не пачуць, як лесапiлка вiшчыць.
Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацiлася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - вiдаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пiнжаку зрабiла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкi, i цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.
- Ну, вiдаць, патупаю, - сказаў Джоўд. - Скварыцца на сонцы не вельмi люблю, але цяпер ужо не так пячэ.
Кейсi рашуча падняўся.
- Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён. - Даўно хацеў зiрнуць, як ён там. Я ж колькi часу да вас хадзiў са словам божым, грошай нiколi не браў, глыну толькi чаго-небудзь...
- Гайда, - сказаў Джоўд. - Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялiкая для прапаведнiка. - Джоўд падняў з зямлi пiнжак i шчыльней абкруцiў iм чаравiкi i чарапаху.
Кейсi падабраў свае парусiнавыя туфлi i ўсунуў у iх босыя ногi.
- Я не такi смелы, як ты, - сказаў ён. - Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле цi на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нiчога горшага.
Яны нерашуча пастаялi, перш чым пераступiць лiнiю ценю, i раптам рушылi наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькi крокаў, яны сцiшылi хаду i пайшлi няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кiдала на дарогу косыя шэрыя ценi, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнiк цёмна-зялёнае лiсце з зачаткамi насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былi няроўныя - густыя ў западзiнах, дзе даўжэй трымалася вiльгаць, i зусiм пляшывыя на высокiх месцах. Раслiны ўпарта змагалiся з сонцам. А блiжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалiстай стужкай. Вербы, што раслi па берагах ручая, збочвалi разам з iм на захад, а на паўночны захад ад iх няўроблены ўчастак зямлi ўшчыльную падыходзiў да нiзкага i рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слiзь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклi выратавальныя слёзы.
Кейсi сказаў:
- Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
- Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але нi разу так i не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькi першыя пяць гадоў добра радзiла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
Дарога апусцiлася па схiле ўзгорка i паднялася на другi пакацiсты груд.
Кейсi сказаў:
- Адсюль да старога Тома будзе не болей за мiлю. За трэцiм узгоркам, здаецца, так?
- Правiльна, - адказаў Джоўд. - Калi толькi дом наш не ўкралi, як некалi бацька зрабiў.
- Дом украў?
- Ага. Знайшлi пусты мiлi за паўтары адсюль i ўкралi. Сям'я, што там жыла, перабралася ў iншае месца. Дзед, бацька i Ной, брат мой, хацелi перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькi з паловай справiлiся. Таму ён у нас такi дзiўнаваты з аднаго боку. Рассеклi на дзве часткi, у адну палову ўпрэглi дванаццаць коней i два мулы i перавезлi на свой участак. Вярнулiся па другую палову - хацелi прыбудаваць яе да першай, але раней за iх туды паспеў Уiнк Мэнлi са сваiмi хлопцамi i з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзiлi, як чэрцi, ды неяк раз выпiлi з Уiнкам, i ўсе трое толькi за жываты трымалiся ад рогату. Уiнк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы iх злучым, i, можа, ад iх добрыя "шпакоўнi" пойдуць. Стары Ўiнк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька i дзед моцна з iм пасябравалi. Знаходзiлi любую магчымасць выпiць разам.
- Стары Том малайчына, - пагадзiўся Кейсi. Узнiмаючы пыл, яны спусцiлiся па схiле ўзгорка i на пад'ёме запаволiлi крок. Кейсi выцер рукавом лоб i зноў надзеў свой пляскаты капялюш. - Так, Том малайчына, - паўтарыў ён. - Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусiм крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калi ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамi затопча. Што племянны жарабок у стойле.
Яны ўзышлi на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцiлася да крывога рэчышча ручая з няроўнымi, абсыпанымi берагамi, збарозненымi дажджавымi вымоiнамi. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другi бераг.
- Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, - сказаў Джоўд. - А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калi яго хрысцiлi на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапiсты куст вышынёй з пiянiна. Раз! - туды пераскочыў; раз! - назад пераляцеў i вые, як здзiчэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лiчыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, i як убачыў гэта, аблюбаваў такi ж шырачэзны куст, удвая толькi вышэйшы, завiшчаў не сваiм голасам, як свiння, што бiтым шклом апарасiлася, пераскочыў з разбегу цераз куст i вывiхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы i вылецеў. Прапаведнiк усё лезе памалiцца, каб нага выправiлася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкi бадзячы трапiўся, ну ён яму косць i ўправiў. А прапаведнiк усё роўна за сваё памалiўся-такi.
Яны паволi адолелi нястромкi пад'ём па другi бок яра. Цяпер, калi сонца хiлiлася на захад, спёка пачала спадаць, i хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промнi абрыналiся ўжо з меншай сiлай. Па краях дарогi стаялi такiя ж крывыя калы з нацягнутым на iх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнiк быў аднолькавы з абодвух бакоў - сухi, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.
Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:
- Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, i бацьку закарцела абгарадзiць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў - гэта сорак акраў! Толькi не было б нiякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваiм фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькi на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так i засталося тайнай. - На пад'ёме яны пайшлi цiшэй, цягнучы ногi па мяккiм, глыбокiм пыле i адчуваючы пад ступнямi зямлю. Вочы ў Джоўда нiбы ўзiралiся ў мiнулае. Здавалася, ён пацiху пасмейваецца сам з сябе. - Дзiвак у нас дзядзька, - сказаў ён. - Узяць хоць парася гэтае, - ён хiхiкнуў i моўчкi пайшоў далей.
Кейсi нецярплiва чакаў, калi Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохi часу, каб сабрацца з думкамi, i нарэшце не вытрымаў i крыху раздражнёна спытаўся:
- Ну i што ж ён з парасём гэтым зрабiў?
- Га? А-а... Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго i загадаў мацi плiту распалiць. Тады выразаў адбiўных i паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбiўныя з'еў, тым часам рэбры згатавалiся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумянiўся. Узяўся за кумпяк - адхопiць нажом добры кавалак i пхае ў рот. Мы, дзецi, ад яго не адыходзiм, клянчым, i ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку нi дробачкi не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званiтавала, i тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправiлiся. Ранiцай дзядзька Джон падымаецца i другi кумпяк бразь - у духоўку. Бацька пытаецца: "Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвiнка з'есцi сабраўся?" А той кажа: "Сабраўся, Том. Баюся толькi, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнiк адпраўлю, а я тухляцiны не ем, хоць i страшэнна люблю свiнiну. Пакладзi трохi сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулi дроту". Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька i кажа: "Ты яе засалiў бы, Джон". Але ж дзядзька не такi: захоча свежанiны, дык ты яму цэлую свiнню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпiць. Паехаў, а што засталося, бацька засалiў.
Кейсi сказаў:
- Калi б я быў, як раней, прапаведнiкам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль i наставiў бы цябе на шлях iсцiнны. Але больш пропаведзяў нiхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабiў?
- Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Проста прагны на свiнiну. Мне i самому, як успомнiў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькi чатыры кавалкi смажанай свiнiны з'еў - па адным на кожныя Каляды.
Тонам прапаведнiка Кейсi прамовiў:
- Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пiсаннi?
Джоўд пагардлiва засмяяўся:
- Ты, браце, бацькi не ведаеш. Калi ён курыцу рэжа, дык не столькi крыку ад яе, колькi ад яго самога. Не можа ён такое рабiць. Свiнню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў вераснi задзiрае капыты - ад перакорму цi ад хваробы якой, пасля чаго есцi яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свiнiны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусцiць.
Яны паднялiся на грэбень узгорка i ўнiзе ўбачылi ферму Джоўдаў. Том спынiўся.
- Тут нешта не так, - сказаў ён. - Зiрнi на дом. Штосьцi нядобра. Нiдзе нi душы.
Абодва стаялi, пазiраючы на невялiкую купку будынiн.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Землеўласнiкi пачалi наведвацца на свае землi, але часцей замест сябе пасылалi пасрэднiкаў. Агенты гэтыя паяўлялiся на палях у лiмузiнах, шчупалi i расцiралi пальцамi сухую зямлю, а то заганялi ў глебу земляны бур i бралi пробу. З-за парканаў сваiх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылi за лiмузiнамi, што снавалi ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднiк уязджаў у двор i, не выходзячы з кабiны, заводзiў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвiлiны стаялi, потым апускалiся на кукiшкi i вадзiлi па пыле падабранымi з зямлi пруткамi.
Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызiралi кабеты, а з-за iх спiн цiкавалi дзецi - светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзецi з шырока расплюшчанымi вачамi, - пачухваючы пальцамi адной босай нагi галёнку другой. Жонкi i дзецi не спускалi вачэй са сваiх мужчын, якiя размаўлялi з прадстаўнiкамi гаспадароў зямлi, i зацята маўчалi.
Адны агенты гаварылi мякка, бо iм брыдка было рабiць тое, на што iх паслалi; другiя - раздражнёна, бо iм брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэцiя - холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелi, што гаспадар павiнен быць халодным i спакойным. I кожнага з iх учэпiста трымала нейкая неадольная сiла. Некаторыя з iх ненавiдзелi матэматыку, якая даймала iх, другiя баялiся сваёй матэматыкi, а iншыя абагаўлялi яе, бо ў ёй яны знаходзiлi збавенне ад думак i чалавечых пачуццяў. Калi зямлёй валодаў банк цi фiнансавая кампанiя, агент гаварыў: банк цi кампанiя хоча... адчувае патрэбу... настойлiва патрабуе... не можа абысцiся... быццам банк цi кампанiя - нейкая пачвара, надзеленая розумам i пачуццямi, страшыдла, якое завабiла iх у свае цянёты. Агенты не неслi адказнасцi за дзейнасць банкаў i кампанiй, яны былi ўсяго толькi людзi, нявольнiкi, а банкi - гэта ж машына! Яна i валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнiк такiх халодных i магутных валадароў. Агенты сядзелi ў машынах i тлумачылi людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькi ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.
Седзячы на кукiшках, арандатары кiвалi галовамi, гадалi i прыкiдвалi, выводзячы ўзоры ў пыле, - ага, так, ведаем, далiбог. Калi б зямлю не засыпала пылам, калi б не выветрываўся верхнi пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець...
Пасрэднiкi гнулi сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робiць бавоўна, - губiць, высмоктвае з яе ўсе сокi.
Арандатары згодна кiвалi галовамi: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калi б увесь севазварот... зямля зноў налiлася б сокамi.
Гэта праўда, але цяпер ужо позна. I агенты тлумачылi механiку дзеянняў i ход думак пачвары, што схапiла iх самiх такой мёртвай хваткай.
Чалавек можа сядзець на зямлi, нават калi яму хапае толькi на пракорм i на выплату падаткаў. Такое ж зусiм магчыма.
Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай i не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку цi кампанii трэба зусiм не тое - яны ж не паветрам дыхаюць i ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капiталу. Калi iм гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамi памерлi б без паветра i без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нiчога не зробiш.
Людзi, што сядзелi на кукiшках каля лiмузiнаў, узнiмалi вочы, намагалiся зразумець. А цi нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзiн бог ведае, якая ўродзiцца бавоўна праз год. А войны? Хiба ўгадаеш цяпер, якiя цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, цi не так? А абмундзiраванне? Будуць войны, i цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнiмалi ўгору вочы.
На гэта разлiчваць нельга. Банк - пачвара, яна бесперапынку павiнна паглынаць падаткi. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павiнна быць спыну. Калi пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.
Выпеставаныя пальцы пачыналi пастукваць па нiзе аконнай аправы ў кабiне; заскарузлыя пальцы мацней сцiскалi пруткi, што нястомна чыркалi па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацiн уздыхалi, пераступалi з нагi на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалi варушыцца. Сабакi падыходзiлi да машын, абнюхвалi iх i адно за адным палiвалi ўсе чатыры колы. Куры ляжалi на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухi пыл дабраўся да самай скуры i пачысцiў яе. А ў хлеўчуку над бруднымi рэшткамi пойла просьбiтна рохкалi свiннi.
Людзi, што сядзелi на кукiшках, зноў апускалi вочы. Што ж вы ад нас хочаце? Хiба можна памяншаць нашу долю ўраджаю, мы i так галадаем. Дзецi нiколi дасыта не ядуць. Адзежы няма - адны лахманы. Калi б у суседзяў было лепш, мы ад сораму на малiтоўныя сходы хадзiць перасталi б.
I нарэшце агенты гаспадароў раскрывалi ўсю паднаготную. Арэнда сябе не апраўдала. Адзiн чалавек на трактары можа замянiць дванаццаць - чатырнаццаць фермерскiх сем'яў. Плацi яму жалаванне i забiрай сабе ўвесь ураджай. Мы вымушаны так рабiць. Мы iдзём на гэта неахвотна. Бо пачвара занядужала. З ёю здарылася нешта нядобрае.