- Мiрон Пятровiч! - выгукнула сакратарка i прамоўца рушыў да тэлефону.
- Слухаю, Мiрон Пятровiч! - гаспадар габiнэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кiўнуў галавой. - У нас зараз партбюро па гэтым пытаньнi. Так, Мiрон Пятровiч, я iх папярэдзiў - поўная канфiдэнцыйнасьць...
- З абкаму званiлi, - патлумачыў гаспадар габiнэту, скончыўшы размову, i Кабяку iзноў давялося стукаць алоўкам па графiне, каб суняць бязладны шэпт i шоргат.
- А хто яго сюды запрашаў? - гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.
Сябры Бюро iзноў загаманiлi i цяпер ужо гаспадару габiнэта давялося стукаць алоўкам спачатку па графiне, а потым па стале, дамагаючыся цiшынi.
- Таварышы, вытрымка - перш за ўсё. Пытаньнi будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Iвану Пятровiчу Газiну - супрацоўнiку абласнога ўпраўленьня Камiтэта дзяржбясьпекi. Ён i распавядзе - што за гусь ляцiць на нашыя палеткi.
Iван Пятровiч Газiн, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, нетаропка падняўся з-за стала, гэтак жа нетаропка перагарнуў старонкi таўшчэзнага нататнiку.
- Пачну без прэамбул, - прамовiў Iван Пятровiч, мелькам зiрнуў на прысутных i ў габiнэце запанавала мёртвая цiшыня. - Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнiк крайне правай, бульварнай газэткi "Бiльд-цайтунг", якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цiкавiць пытаньне: "Навошта ён едзе i чаму менавiта ў вёску Бычкi?" Паводле афiцыйнай вэрсii гэты вiзытэр, нiбыта, хоча наведаць мясьцiны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялi адпаведныя дакумэнты i высьветлiлi, што яфрэйтар Бомбах i сапраўды знаходзiўся ў складзе 286-га ахоўнага палка i ў жнiўнi 43-га, падчас начнога бою, быў зьнiшчаны партызанскай групай атрада iмя Панамарэнкi. Па сьведчаньнi Зьмiцера Нiкандравiча Дзенiсенкi - былога камандзiра атрада, ён асабiста застрэлiў фашыста на ўскрайку вёскi Бычкi. Пра тое ж сьведчаць i паказаньнi здраднiка Радзiмы Рыгора Таўпiлы, якi бачыў труп забiтага фашыста.
Чэкiст на хвiлю перапынiўся i, лiзнуўшы палец, перагарнуў старонку.
- Узьнiкае яшчэ адно пытаньне: "Чаму гэта шпрынгераўскi пiсака сорак гадоў сядзеў у сваiм Гамбургу, а цяпер выправiўся ў Бычкi шукаць магiлку свайго бацькi? I цi ня ёсьць усё гэта прадуманай палiтычнай правакацыяй?" Мы высьветлiлi i гэта пытаньне i мусiм канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялiкi жаль, замяшаныя i нашыя савецкiя людзi. А менавiта: навучэнец 49-й ленiнградзкай вучэльнi мэталiстаў Аляксей Клячкiн. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткi, жыхаркi вёскi Бычкi Матроны Апалонiк, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забiтага немца i, прыехаўшы ў Ленiнград, занёс яго ў нямецкi кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабiў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такiя жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.
Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманiла, зарыпела крэсламi, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовiч ад хваляваньня нават укiнуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што iдзе паседжаньне Бюро, пiхнуў цыгарэту ў нагрудную кiшэнь.
- У размове з работнiкам кансуляту Аляксей Клячкiн паведамiў таксама, што ягоная цётка асабiста ведала забiтага немца i гэтую вэрсiю мы цяпер спраўджваем.
- А хто яму дазволiў цягацца па кансулятах? - гукнуў з канца стала няўрымсьлiвы Даўбешка.
- Мы задалi гэтае пытаньне ленiнградзкiм таварышам... Як мы зразумелi з адказу, у паўночнай сталiцы ў гэтым пляне пануе лiбэралiзм. Калi б заходнегерманскi кансулят месьцiўся ў нас, розныя шпанюкi там бы не цягалiся.
Пасьля такiх слоў члены Бюро ўхвальна загаманiлi, Даўбешка - той быў узрадаваны, што яго не разьбiралi, таму i лез з пытаньнямi - гукнуў: - Што зь сябе ўяўляюць нямецкiя жэтоны? - але чэкiст ня стаў адказваць, кiўнуў гаспадару габiнэта i гэтак жа павольна, як i ўставаў, апусьцiўся на крэсла.
Члены Бюро яшчэ пару хвiлiнаў перамаўлялася, потым суцiхлi i наставiлi вочы на гаспадара габiнэту. Гаспадар сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Невядома - колькi доўжылася гэтае напружанае маўчаньне. Хвiлiну, дзьве, а можа i ўсе тры. I вось, нарэшце, гаспадар габiнэту налёг грудзiнаю на стол i здушана прамовiў:
- Мы, таварышы, ня можам прымусiць заходняга вiзытэра напiсаць пра нашыя дасягненьнi. I, магчыма, плёнам ягонага вiзыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбiральнi на старонцы нямецкай газэты. I ўсё ж сустрэць госьця мы мусiм належным чынам, прадэманстраваўшы нашыя здабыткi i шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камiтэта партыi, - прамоўца зрабiў кароткую паўзу i з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовiў: - Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровiч.
Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапiўся, правёў даланёй па плеху.
- Я, таварышы, толькi што з Бычкоў... Назад ехалi, сьпяшалiся i ў вынiку райкамаўская "волга" стала на рамонт, - загадчык сельгасаддзелу зiрнуў на Даўбешку i кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлiмачыная галава ў ракавiну. - Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым калдабан на калдабане, - Тарзан Пятровiч перавёў дых, дастаў з кiшэнi пашарпаны блякноцiк. - Хата, у якой жыве Матрона Апалонiк, пабудаваная за царом Гарохам. Масьнiчыны гнiлыя, ганак зусiм правалiўся. У хаце няма нават тэлевiзара...
- Вашыя прапановы, - перабiў Куксёнка гаспадар габiнэту i той, нi хвiлi не раздумваючы, выпалiў: - Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Мiканоравiча... старшынi калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... - Тарзан Пятровiч мерыўся далей разьвiваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусiў нiжнюю вусну i дробна залыпаў вачамi.
Шэф стукнуў асадкай па стале, керхануў у далонь i гэта азначала, што ён зьбiраўся некага паўшчуваць.
- Таварыш Даўбешка, - шэф хiтнуўся ў бок, спрабуючы сустрэцца вачыма з начальнiкам участку, - дагэтуль вы нам задавалi пытаньнi, настала пара i нам запытацца: "Калi будзе атрамантаваная бычкоўская дарога?" Вы што, чакаеце аргвывадаў? Мы трэцi год запiсваем у плян сацыяльна-эканамiчнага развiцьця пункт: "Асвальтаваньне дарогi Балбекi - Бычкi" i за гэтыя тры гады там нават грэйдзер не праехаўся...
- Эдуард Альфонсавiч... вы ж ведаеце... - пралепятаў Даўбешка, але шэф як i ня чуў таго лепятаньня. - Раённы камiтэт партыi дае вам два тыднi... Усе людзi, уся наяўная тэхнiка мусiць быць кiнутая на аб'ект. Не хапае тэхнiкi пазычайце ў суседзяў, ганiце каткi i грэйдзеры з Нэвеля, Вiцебску - адкуль хочаце. I ведайце - за гэтую дарогу вы адказваеце партбiлетам.
Эдуард Альфонсавiч выцер насоўкаю халодны пот з лобу, перавёў позiрк на загадчыка сельгасаддзела.
- Сядайце, Тарзан Пятровiч... Вы нас сваёй прапановай, шчыра кажучы, зьдзiвiлi, - шэф ляснуў асадкай па стале. - Ну, сустрэнем мы госьця ў старшынёўскай хаце... А што на гэта скажуць людзi? Вы пра гэта, Тарзан Пятровiч, падумалi? Каго мы хочам ашукаць - немца, цi самiх сябе?
У паветры завiсла гнятлiвая цiшыня, якую праз пару хвiлiн парушыў загадчык сельгасаддзела, плаксiва шморгнуўшы носам.
- Думаю, давесьцi да ладу вясковую хату ня так i цяжка. I тэлевiзар можна знайсьцi... у часовае карыстаньне... - ужо лагодным голасам прамовiў гаспадар габiнэту, зiрнуў на старшыню райвыканкаму Кабяка i той згаджальна страсянуў чупрынай.
Ранiцой наступнага дня цётка Матруна ўжо не ўставала з пасцелi i фэльчарка Нiна, зрабiўшы ўколы, узялася парадкаваць у хаце: памыла посуд, падмяла падлогу, згатавала кампот з антонавак, нарэшце, прысела на табурэт i стала чытаць уголас мясцовую газэту.
- Во, Матрона Iванаўна, паслухайце. Тут пра нашыя Бычкi пiшуць.
"Новае ў жывёлагадоўлi" - так называецца стэнд тэматычнай лiтаратуры, устаноўлены днямi ў памяшканьнi Бычкоўскага сельскага клюба. На стэндзе дэманструюцца матэрыялы Красавiцкага пленума ЦК КПСС, кнiжныя навiнкi выдавецтва "Ураджай", у тым лiку брашура нашага земляка, знатнага жывёлавода Э.Дымагарнага "Грамадзкаму статку - клопат i ўвагу". Кнiжны стэнд карыстаецца вялiкай увагай сяльчан".
- I хто ж гэта пiша? - пацiкавiлася цётка Матруна i наструнiла слых.
Пад вокнамi загула, а потым лагодна завуркатала блiскучая чорная "волга".
- Божухна, i што яны ўнадзiлiся... - прастагнала цётка Матруна, а фэльчарка Нiна, убачыўшы праз вакно чарговага цётчынага госьця - падхорцiстага дзядзьку ў шэрым капелюшы, падхапiла валiзку i падалася на двор.
Чарговы госьць увайшоў у хату нячутна - бяз рыпу, амаль бяз груку i тым самым напужаў гаспадыню. Паўстаўшы пасярод хаты, госьць злавесна пасьмiхнуўся, выцягнуў з кiшэнi нейкую кнiжачку, а цётка Матруна, самлеўшы, схапiлася рукой за фiранку, што вiсела ля ложка, i плюхнулася на пярыну.
- Дарма так хвалюецеся, Матрона Iванаўна... i занавескi дарма абрываеце, госьць дапамог гаспадынi сьцягнуць з галавы абарваную фiранку, спрытна прысеў на край табурэту. - Тым больш, мы ня маем да вас нiякiх прэтэнзiй.
Госьць кiнуў на стол капялюш, дастаў з нутраной кiшэнi нататнiк.
- Толькi два пытаньнi, Матрона Iванаўна... Цi ведалi вы такога Бэртрама Бомбаха?
Цётка Матруна залыпала вачанятамi, зацкавана страсянула галавой.
- А вы, Матрона Iванаўна, не сьпяшайцеся... Згадайце вайну. Успомнiце хто зь нямецкiх салдат да вас заходзiў, як вы iх сустракалi, - чакаючы адказу, госьць паляпаў нататнiкам па сьцягне...
- Дзiўна, - госьць засмучана ўздыхнуў, насупiў кусьцiстыя бровы, - а нам казалi, што вы гэтага ваяку добра ведалi, што ён часьцяком завiтваў у вашую хату.
Замарачны звон у вушах ператварыўся ў бязладны шум i Матруна зусiм ня чула - што кажа няпрошаны госьць i зрэдзьчасу, зусiм не да месца кiвала альбо трэсла галавою. I ўсё-такi тузiн словаў дапяў да вушэй.
-... Цалкам верагодна, што немец будзе даваць грошы. Возьмiце вы iх, цi не - вашая асабiстая справа, але мы б не рэкамэндавалi гэтага рабiць...
Пасьля таго цётка Матруна цiха войкнула, закацiла вочы, кульнулася на падушкi. У першае iмгненьне госьць падумаў, што цётка флiртуе, але потым ачуўся: пабег на кухню, сёрбнуў вады з вядра, пырснуў у твар зьнямоглай кабецiне i калi тая расплюшчыла вочы, схапiў капялюш i палахлiвым ценем высьлiзнуў з хаты.
У абед, разам з каровай, што вярнулася з поля, у Матрунчын двор завiтала Карпачыха. Суседка доўга навязвала наравiстую Зьвяздоху, грукала даёнкай, нарэшце ўбiлася ў хату.
- Ну, як ты тут? Цi палягчэла? - гукнула Карпачыха i тут жа дадала: - Я яго шукаю, падлюгу, а ён у кiнабудцы сядзiць, гарэлкай залiваецца. Другiм разам, далiбог, падапру калом, ды падпалю гэтую кiнабудку разам з п'янтосамi.
Карпачыха яшчэ пару хвiлiн лаяла цесьця i сунялася толькi тады, як Матруна войкнула i папрасiла зьбегаць па фэльчарку.
- У больнiцу трэба - хай бы падлячылi, - уздыхнула суседка i ўжо адчынiўшы дзьверы, крыкнула: - Унука пашлю, а то ж каровы стаяць нядоеныя...
Дзьверы стрымана грукнулi i - дзiўная рэч - Матруне адразу ж палягчэла. Сэрца ўжо не рвалося з грудзiны, увушшу не шумела i Матруна нават пачула, як бiлася ў шыбу зумклiвая восеньская муха. Звон у вушах заўсёды зьнiкаў, калi яна згадвала пра больнiцу - гэтае, ва ўяўленнi Матруны, страшнае месца, дзе яна за сваё жыцьцё так нiколi i не пабывала i дзе, па чутках, людзей рэзалi, поркалiся ў нутры, а потым зноў сшывалi.
У хляву рыкнула нядоеная Зьвяздоха, муха стукнулася ў шыбу i пачала кружляць над галавою, а ў самой галаве сталi кружляць беспакойныя думкi. "I чаго яны да мяне прычапiлiся?" - падумала Матруна, згадаўшы нязваных гасьцей. Асаблiва яе ўстрывожыў мужчына ў капелюшы, якi пытаўся пра немца. - Цi не Канавальчык што набрахаў? - прашаптала Матруна i тут жа супакоiла сябе на думцы, што мужчына, вiдаць, яе з кiмсьцi пераблытаў. Муха iзноў стукнулася ў шыбу, а на двары пачулiся шаргатлiвыя крокi. Прычым iшлi вiдавочна не Карпачыха з фэльчаркай, бо знадворку кашлянулi, мацюкнулiся, грукнулi дзьвярыма, ды так, што парахня пасыпалася са столi i нехта сiплым голасам прамовiў: "Ня ўлезе, давядзецца пiлаваць". Другi мужчына гойкнуў: "Улезе!", а Матруна спалохана перахрысьцiлася i прашаптала:
- Каго там яшчэ прынесла?
Мужчыны доўга валтузiлiся ў прысенку, нарэшце ўвалiлiся на кухню i Матруна з жахам убачыла, як у сьвятлiцу, падчапiўшы квяцiстую фiранку, уехала тоўстае габляванае бервяно.
- А божухна, - выдыхнула Матруна i ў той жа мiг ўгледзела барвовы твар карпачысiнага зяця: Казiк трымаў цяжкое бервяно i зморана аддзiмаўся.
- Прыйшлi, цётка Матруна, падлогу табе замацаваць, - засоплена i не зусiм цьвяроза прабубнеў "западэнец", прымасьцiўшы бервяно на калена, - так што выбачай - патурбоцiм.
Хлопцы - а разам з Казiкам у хату ўвалiлiся Васька Халiмонаў ды Пецька Траян - паклалi бервяно, зморана ўздыхнулi i ў хаце запахла гарэлкай.
- З раёну званiлi. Загадалi ўмацаваць падлогу, - патлумачыў Казiк. - I ганак паправiць, - гукнуў праз Казiкава плячо Халiмонаў - немалады ўжо мужчына, якога летась пазбавiлi шофэрскiх правоў i перавялi ў цесьлi.
Казiк раскрыў рот, каб яшчэ нешта сказаць, ды тут у хату ўбiлася цешча.
- Вы што! - гракнула Карпачыха ад парога, - зусiм ад гарэлкi пашалелi? Зь бервяном у хату лезуць!
- Старшыня паслаў, - уставiў слова Пецька Халiмонаў, - загадаў падлогу ўмацаваць, як ветэрану працы.
- Дык што ж вы, будзеце мазгатаць хворай жанчыне над вухам? - не сунiмалася Карпачыха i зяць, адвёўшы вочы, плаксiва прамармытаў: - А можа яе да нас? Хай пажыве пару дзён, пакуль мы ўправiмся.
Цешча неяк дзiўна паглядзела на зяця i, цi не ўпершыню ў жыцьцi, пагадзiлася зь зяцевай прапановай.
- А й сапраўды, Iванаўна... Фэльчарка ў раён зьехала, дык чаго ты тут будзеш ляжаць? Пайшлi да нас, а то ж не дадуць гэтыя п'янтосы жыцьця.
I Йванаўна, шморгнуўшы носам, асуджана ўздыхнула ў адказ.
Да сяброўчынай хаты iшлi моўчкi i гэтае маўчаньне муляла карпачысiну душу. Карпачыха ўвесь час мерылася штосьцi спытаць - керхала, набiрала ў грудзiну паветра, але тут жа стульвала вусны i з шумам аддзiмалася. Нарэшце, абмiнуўшы зялёную каровiну ляпеху, яна чародным разам керханула i запыталася:
- А што за чалавек да цябе прыяжджаў?
Матруна зьлёгку сьцепанулася, паправiла хусцiнку на скронi.
- А я й сама яго ня ведаю. Прыйшоў... у капелюшы, не выпiўшы, дастаў нейкую кнiжачку i пачаў пра нейкага Бомбуха пытацца. Пытаецца, а ў мяне мятлiкi ўваччу. Так i самлела. Ачулася, а яго ўжо i ў хаце няма.
- Хто ж такi, гэты Бомбух? -задуменна выдыхнула Карпачыха, - цi не траянавы гэта швагра, што летась краму абрабаваў?
Сяброўка прымружыла вочы, згадваючы прозьвiшча траянава швагра i, не згадаўшы, стоена прашаптала:
- Гэта ж я сёньня ў сяльпе была, дык там Халiмонiха байкi баяла. Казала: пiльнуйце, бабы, калодзежы, бо нейкi немец едзе - хоча ваду патруцiць.
Матруна, аднак, ня чула тых слоў, бо душа ейная на кароткае iмгненьне вырвалася з грудзiны i адляцела ў мiнулае. I на Матруну iзноў зiрнуў малады немец i ў прысенку iзноў брудна вылаяўся Мiцька Дзенiсенка. I Матруна ўцямiла, нарэшце - хто едзе ў адведкi i бяскроўныя вусны бязгучна прашапталi: "Божухна, няўжо гэта ягоны сын?"
- Ты, Iванаўна, балбатню тую да сэрца не бяры, - засакатала Карпачыха, пабачыўшы, што Матруна зьмянiлася з твару. - Халiмонiха ж вядомая балаболка. Памятаеш, казала на Тройцу, што на Бычкi мiцярыт звалiцца.
... За цэлы дзень Матруна не прамовiла нi слова - ляжала на ложку, глядзела ў столь, маркотна ўздыхала i ад уздыхаў варушылася сiвая павуцiнка, што вiсела над галавой. Увечары сяброўка паставiла на стол чыгунок парнай бульбы, паклiкала есьцi i калi Матруна адмовiлася, сiлком зацягнула да стала.
- Паеш ты, далiбог, а то памрэш з галадухi.
Есьцi i сапраўды не хацелася: Матруна распалавiнiла бульбiну, каўтнула малака, наставiла на сяброўку сумныя вочы i сяброўка, адсунуўшы ўбок талеркi, падхапiлася на ногi.
- Давай пагадаю. Уведаеш, што будзе - адразу палягчэе.
Карпачыха дастала з шафы калоду карт, ператасавала, расклала на стале, засяроджана пачухала гузаваты нос.
- Вось гэты стары псюк табе й не дае спакою, - сяброўка тыцнула пальцам у пiковага караля i ўздыхнула - глыбака i трывожна. - Чакаюць цябе нейкiя згрызоты, нейкiя размовы, а ўсё скончыцца... - Карпачыха перагарнула дагары тварам крайнюю карту, сумелася i ў гэты момант праз парог - з глухой кашлянiнай i тупаценьнем - кульнуўся зяць Казiмер.
- Хату цi зачынiлi? - запыталася цешча, i зяць, пачэрпнуўшы вады зь вядра, стомлена выдыхнуў: - Зачынiлi...
- За вас дужа не бярыся, п'янтосы няшчасныя, - прамовiла Карпачыха i з такiм iмпэтам узялася тасаваць карты, што яны высьлiзнулi з рук i пасыпалiся на падлогу.
Наступным ранкам, а восьмай гадзiне, Казiмер рушыў на працу, але неўзабаве вярнуўся i задыхана паведамiў: - Цётка Матруна! Там да вас прыехалi... Тэлевiзар прывезьлi, i ўсё такое...
- Якi целевiзе-ер, - усхвалявана прасьпявала Матруна i, апранаючыся, доўга не магла патрапiць у рукаво кацавейкi.
Яны выбеглi з Карпачыхай на падворак i ў канцы вулiцы ўгледзелi крытую машыну, а поруч зь ёю Канавальчыка ды нейкага незнаёмага мужчыну.
- Хто з вас Апалонiк? - гукнуў незнаёмец, калi жанчыны падышлi блiжэй.
- Я-а, - дрогкiм голасам азвалася Матруна, зачапiўшы нагой сьвежую каровiну ляпеху.
- Расьпiшыцеся ў атрыманьнi... - мужчына расправiў на жываце скамечаную паперку, - тэлевiзара, люстры, паласа i журнальнага столiка.
- А калi мне што-небудзь дадуць? - пакрыўджана выдыхнуў Канавальчык. - Я, мiж iншым, ветэран вайны, маю тры баявых мэдалi.
- Наступным разам, дзед, - буркнуў мужчына i з кiслай мiнай на твары працягнуў Матруне пакамечаную паперку.
На ганак уласнай хаты Матруна ступiла, ня чуючы пад сабой ног, а пабачыўшы квяцiсты кiлiм на падлозе, маленькi стол на крывых нагах i чалавека, якi стаяў на стале i ўкручваў лямпачкi ў люстра, нават iкнула ад хваляваньня.
- Усё, цёткi, прымайце работу! - чалавек скочыў са стала, пстрыкнуў уключальнiкам i Карпачыха, што стаяла за сьпiнаю, зачаравана прашаптала: - Як у царкве.
Дзень згасаў ужо ад ранку i мяккi змрок, нiбыта дым ад бульбоўнiку, плыў у вокны, кволiўся ў вiсюлiнах казённай люстры, няроўным прастакутнiкам ляжаў на паверхнi журнальнага столiка i ў нетрах прастакутнiка цёмнай плямай вымалёўвалася нерухомая жаночая пастаць. Матруна сядзела ля вакна дробненькая, скурчаная, лядашчая i летуценна паглядала спачатку на грэйдзер, што сноўдаў па вясковай вулiцы, а потым на пакрэсьленае згалелым вецьцем неба.
"Сустракайце, Матрона Iванаўна, госьця. I не забывайце - пра што мы з вамi гаманiлi", - паведамiў учора мужчына ў капелюшы i душу Матрунiну працяў халадок трывожнага чаканьня. Адвячоркам, калi яны з Карпачыхаю мясiлi цеста для пiрагоў, Матруну пачалi бiць дрыжыкi, ноччу яе апанавала нэрвовая лiхаманка, але ранiцою iльдзiнка непакою ў душы растала i цела чарговым разам апанавала хваравiтая немач. Матруна прысела на хвiлю да вакна i, няздольная зварухнуць анiводнай сваёй цяглiцай, так i застыла ў няёмкай паставе, пазiраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвiтанак. Яна сядзела так гадзiну, а можа i дзьве, i калi неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньнi сталi нараджацца напаўзабытыя аблiччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Мiцькi Дзенiсенкi; таўпiлавы сын Мiкола сарамлiва пасьмiхаўся ёй, блытаючыся ў вецьцi; i сам Таўпiла, акалелы, пакрыты бухматым iнеем, наблiзiўся да вакна i тут жа растаў, зьлiўшыся зь бязрадасным небам. Там, за вакном, нараджалiся напаўзабытыя галасы, гучалi няўцямныя зыкi: Мiцькава лаянка, сiплы таўпiлавы кашаль, вясёлы воклiк "Брава, Зонiа!", ад якога шумела ўвушшу i абуджалася прыспанае сэрца i, апанаваная ўсёй гэтай замараччу, Матруна не адразу ўцямiла - цi то папраўдзе за шыбай паўстала Карпачыха, цi тое ёй прымроiлася.
- Едуць! - гукнула сяброўка i ад воклiка ейнага здрыгануўся i апаў долу апошнi лiст з яблыневага вецьця.
Да весьнiц Матруна iшла як не на сваiх нагах, а ўбачыўшы жанчын, што стаялi ля канавальчыкавай хаты, i зусiм зьнiякавела. "Едуць, едуць", загаманiлi жанкi i з-за павароткi выехала спачатку шэрая "волга", а потым зялёны старшынёўскi "казёл". Цяжка гудучы на няўежджанай дарозе, машыны ўзьехалi на пагорак, спынiлiся i з "волгi" вылез нетутэйшага выгляду мужчына й маладая кабета ў бялюткiм як сьнег палiтоне.
"Жонка, жонка" - зашапталiся ў натоўпе i той жа мiг сэрца Матрунiна сьцялася - яна iзноў убачыла Бэртрама. Шалёная радасьць палыхнула, апалiла шчокi й згасла ад усьведамленьня, што гэта быў не Бэртрам, а ягоны сын.
-... Заработная плата сяльчанаў вырасла ў параўнаньнi з 1965-м годам у 1,7 раза. Вёска Бычкi, паводле генэральнага пляна, ператвараецца ў пасёлак з усiмi камунальнымi выгодамi, - грымеў на ўсю вулку зычны голас калгаснага старшынi Сьцяпана Мiканоравiча Бамбiзы. Сьцяпан Мiканоравiч шыбаваў поруч з гасьцямi, а сьледам за iмi, на невялiчкай адлегласьцi, сунуўся той самы мужчына ў шэрым капелюшы.
- Ну вось, - прамовiў старшыня, падышоўшы да весьнiц, - гэта i ёсьць тая самая Матрона Iванаўна Апалонiк, зь якой вы хацелi пазнаёмiцца.
Не ўздымаючы вачэй, Матруна пацiснула спачатку шырокую i цёплую мужчынскую далонь, а потым халодную й далiкатную жаночую долоньку.
- Как ваше здорофйе, Матрйона Iванофна? - запытаўся немец, дыхнуўшы саладжавым пахам мяты.
Матруна неакрэслена кiўнула i, змагаючыся з нэрвовай дрыготкай, пачала перабiраць пальцамi ражкi навюткай, па выпадку павязанай хусткi.
Немец стрымана кашлянуў, расшпiлiў, потым зноў зашпiлiў верхнi гузiк палiтону: - Я ест сын Бэртрама Бомбаха, который тут погiб. Вы же его зналi, Матрйона Iванофна?