Ды i ты сама, Iза, гэтага хацела, i ты дала мне зразумець, што нiколi не пакiнеш правiнцыi. Вядома, калi б ты кахала мяне, ты б даражыла i маёй славай. I ты падказала б мне, што ўмельства жыць у тым i ёсць, каб ахвяраваць нiзкiмi, дробнымi iнтарэсамi дзеля высокай мэты. Бязглуздыя журналiсты пачынаюць шумiху, калi пранюхаюць, што нейкi адвакат, атрымаўшы дэпутацкае крэсла цi мiнiстэрскi партфель, спрабуе сёе-тое перахапiць сабе ў кiшэню. А было б лепш, каб панове газетчыкi выказвалi сваё захапленне паводзiнамi тых дзелавых людзей, якiя ўтаймавалi свае пачуццi, адмовiлiся ад славы палiтычнага дзеяча i занялiся такой справай, якая прыносiць найбольшы даход. Калi б ты кахала мяне, ты вылечыла б мяне ад гэтай маёй сквапнасцi. А так усё жыццё для мяне iснавала толькi адно - чысты прыбытак. Я ганяўся за буйной, сярэдняй i нават дробнай здабычай i добра ведаў, куды i як патрацiць кожны франк. Ды што там! "Зарабiць добрыя грошы" - вось што было маей адзiнай уцехай. Мара i мэта кожнага крамнiка.
Вось i ўсё, што ў мяне засталося, - грошы, нажытыя маёй працай за доўгiя i цяжкiя гады. Даўно вы точыце зубы на гэтыя грошы!.. Ах, як палохае мяне нават думка, што яны апынуцца ў вашых кiшэнях пасля маёй смерцi! Я гаварыў у пачатку гэтага пiсьма, што зрабiў адпаведныя захады, каб вам нiчога не дасталося. I там жа даў табе зразумець, што я адмовiўся ад гэтай помсты... Але я не ведаў тады, што мая нянавiсць да вас мае свае прылiвы i адлiвы. То яна адхлыне - i я мякчэю... То зноў навальваецца - i брудная хваля захлiствае мяне...
З сённяшняга дня, калi вы хацелi абабраць мяне дзеля вашага Фiлi i калi я ўбачыў, як вы ўсе сабралiся на верандзе i сачылi за мной, мяне не пакiдае карцiна дзяльбы маёй спадчыны. Вось дзе будзе сцэна! Вы, як сабакi, будзеце грызцiся за мае землi i каштоўныя паперы... Землi вы атрымаеце. А вось каштоўных папер ужо няма. Так, так, тыя самыя каштоўныя паперы, пра якiя я гаварыў на першай старонцы гэтага пiсьма, я прадаў на мiнулым тыднi. I добра зрабiў, што збыў iх з рук: з таго часу курс акцый на бiржы падае з кожным днём. Усе караблi тонуць i iдуць на дно, калi я пакiдаю iх. Я нiколi не памыляюся. I вось цяпер у мяне мiльёны, мiльёны чысценькiмi... Вы iх таксама атрымаеце... Калi я захачу... Але бываюць днi, калi я гавару сабе: "Нi франка я вам не дам!"
Чую, як ваша зграя падымаецца па лесвiцы. Вось вы спынiлiся, гаворыце i не баiцеся пябудзiць мяне (вы ж даўно вырашылi, што я глухi). Праз шчылiну ў дзвярах бачу святло ад запаленых свечак. Пазнаю фальцэт дарагога Фiлi (у яго як быццам усё яшчэ ламаецца голас). Раптам чуецца прыглушаны жаночы смех. Ты кагосьцi супакойваеш i зараз скажаш: "Цiшэй! Ён жа яшчэ не спiць". Ты падкрадваешся да маiх дзвярэй, прыслухоўваешся, заглядаеш у замочную шчылiну. Мяне выдае лямпа. Ты вяртаешся да зграi i, мусiць, шэпчаш: "Не спiць яшчэ! Падслухвае". Усе на пальчыках адыходзяць. Парыпвае лесвiца, а потым адны за аднымi зачыняюцца дзверы. У гэтую велiкодную ноч вы сабралiся ўсе парамi. I я мог бы стаць жывым ствалом нашага генеалагiчнага дрэва, на якiм квiтнееце ўсе вы - яго маладыя парасткi. Звычайна ў сям'i любяць бацьку. Але ты стала маiм ворагам, i дзецi апынулiся на тваiм баку.
Самы час перайсцi цяпер да нашай мiжусобнай вайны. Але сёння няма ў мяне сiлы пiсаць. I спаць яшчэ не хочацца. Не люблю я валяцца ў пасцелi. У сне чалавек падобны да нябожчыка. А нашто ж прытварацца нябожчыкам? Мне чамусьцi здаецца, што смерць пабаiцца прыйсцi да мяне, пакуль я трымаюся на нагах. Баюся, сам не ведаю чаго: пакуты, болю, агонii, апошняга глытка паветра? Не. Але ж смерць - гэта небыццё... Яе можна акрэслiць толькi знакам адмаўлення мiнус.
VII
Пакуль трое нашых дзяцей былi малыя, нам удавалася хаваць нашу варожасць, хоць атмасфера ў доме была цяжкая. Твая абыякавасць да мяне, адчужанасць да ўсяго таго, што было звязана са мной, не давалi табе пакутаваць i ты нават не адчувала гэтай атмасферы. Дома бываць я стараўся як мага радзей. Ранiцай я снедаў адзiн i ў адзiнаццаць ад'язджаў у суд. Мяне цалкам паглыналi справы, а тая рэштка часу, якую я мог аддаваць сям'i, ты, вядома, здагадваешся, як i дзе праводзiлася. Чаму ж мяне спакусiла гэтая жахлiвая ў сваёй прастаце распуста, пазбаўленая ўсялякiх пачуццяў i нават фальшывай пяшчоты? Я мог бы лёгка заводзiць раманы, якiя выклiкаюць захапленне ў прыстойных людзей. Хiба маладому адвакату не даводзiцца мець справу з прыгожанькiмi клiенткамi? Нямала жанчын, якiя звярталiся да мяне, бачылi i хацелi ўсхваляваць ува мне мужчыну... Але я страцiў веру ў гэтыя мiлыя iстоты, цi, дакладней, не верыў, што магу спадабацца каму-небудзь з iх. З першага погляду я заўсёды пераконваўся, што жанчыны, гатовыя стаць маiмi каханкамi, хацелi мець з гэтага нейкую выгаду. Ад такой прадузятай думкi мне рабiлася страшна... Трэба прызнацца i вось у чым. Да трагiчнай упэўненасцi, што нiхто нiколi не можа мяне пакахаць, далучалася яшчэ i падазронасць багатага чалавека, якi баiцца, каб яго не абвялi вакол пальца, каб не выцягвалi з яго грошай. Ну, табе-то я даваў "пенсiю". Занадта добра ведала ты мой характар, каб чакаць ад мяне хоць на франк больш вызначанай сумы. Зрэшты, сума была даволi вялiкая, i табе яе хапала. З табой усё было проста. А вось iншыя жанчыны!.. Я з лiку тых мужчын, якiя ўпэўнены, што на свеце iснуюць толькi дзве групы жанчын: бескарыслiвыя, закаханыя, шчырыя Евы i сквапныя да чужых грошай распуснiцы. А на самай жа справе ў большасцi жанчын прага кахання лёгка суiснуе i зжываецца з неабходнасцю падтрымкi, заступнiцтва, - iм хочацца, каб нехта клапацiўся пра iх, абараняў, песцiў... У свае шэсцьдзесят восем гадоў я так ясна бачу гэта, што часам мне хочацца выць ад адчаю, - чаму я сам, сваiмi рукамi, адштурхнуў ад сябе каханне? I не дабрадзейнасць кiравала тады мною, а недаверлiвасць i скупасць. Варта было завязацца нейкай цiкавай сувязi, як яна раптам абрывалася - то ўсё разбурала мая падазронасць, то я сам рабiўся непрыемным жанчыне за тыя свае звычкi, якiя i ты недалюблiвала: за спрэчкi пра чаявыя з афiцыянтамi цi рамiзнiкамi. Я люблю загадзя ведаць, колькi павiнен заплацiць. Люблю, каб на ўсё была свая цана. Сорамна мне, брыдка, але прызнаюся: у распусце мне падабалася тое, што там была ўстаноўлена строгая цана. I хiба ў такога чалавека, як я, ёсць што-небудзь агульнае памiж сардэчнымi парывамi i голым жаданнем? Сардэчныя парывы... я не сумняваўся, што нiколi мне iх не здзейснiць, i таму душыў iх у самым зародку. Я быў вялiкi майстар забiваць у сабе ўсялякае пачуццё ў тую самую хвiлiну, калi розум i воля яшчэ адыгрываюць у каханнi асноўную ролю, калi мы стаiм на гранi страсцi i яшчэ можам поўнасцю аддацца ёй або вырвацца з яе путаў. Я выбраў самыя простыя адносiны - тыя, якiя можна купiць за пэўную цану. Цярпець не магу, калi мяне ашукваюць, але тое, што я павiнен заплацiць, я заўсёды заплачу. Вы ўсе гарлапанiце пра маю скупасць. Дык паслухайце: я нiколi не дазваляў сабе мець даўгi i заўсёды на месцы франк у франк аплочваў свае рахункi. Усе пастаўшчыкi, з якiмi мне даводзiлася мець справы, ведаюць i вельмi цэняць гэта. Я i ў думках не магу дапусцiць, што камусьцi вiнен хоць адзiн франк. Iменна так разумеў я i "каханне". За паслугi плацi i будзь здароў! Божа, якая агiда! Не, мусiць, залiшне я ўжо сябе бэшчу: усё ж такi кахаў я адну жанчыну, дый яна, здаецца, мяне кахала... Было гэта ў 1909 годзе, пад канец маёй маладосцi. Навошта замоўчваць гэты раман? Ты пра ўсё ведала i прыпомнiла мне гэта, калi табе спатрэбiлася сёе-тое ў мяне выпрасiць.
Я выратаваў гэтую маладзенькую настаўнiцу ад турмы (яе падазравалi ў дзетазабойстве). Спачатку яна аддалася мне ад удзячнасцi, але потым... У той год спазнаў я шчырае каханне... Але ўсё загубiў мой ненасытны эгаiзм. Мала таго што я трымаў яе ў беднасцi i галечы, я яшчэ патрабаваў, каб яна заўсёды належала толькi мне, каб нi з кiм не сустракалася, не бачылася, каб толькi я мог карыстацца ёю ў любы момант, калi мне ўздумаецца... Яна была маёй уласнасцю, маёй рэччу. Валодаць, карыстацца сабе на патрэбу, - гэтыя мае iмкненнi пашыралiся i на людзей. Я характарам рабаўладальнiк. I вось аднойчы ў жыццi я нiбыта i знайшоў сабе пакорлiвую ахвяру, якая адпавядала ўсiм маiм патрабаванням. Я трымаў яе пад суровым наглядам i сачыў нават за яе думкамi... Ах, ды што гэта я!.. Зусiм забыўся, што абяцаў табе не гаварыць пра такiя рэчы. Словам, паехала яна ў Парыж, бо так жыць больш не магла.
"Паслухай, Луi, - не раз паўтарала ты мне, - каб жа ты не ладзiў i не мог ужыцца толькi з намi, а то ж усе цябе баяцца, усе ўцякаюць ад цябе! Ты ж сам бачыш, Луi!" Я не сляпы i бачыў гэта. Калегi ў судзе пазбягалi мяне. Доўга не хацелi выбiраць мяне ў Савет прысяжных павераных. А на пасаду старшынi адвакацкага корпуса выбiралi не мяне, а ўсялякiх крэцiнаў, пасля якiх мне было б сорамна займаць гэты пост. Ды i нашто ён мне здаўся? Толькi лiшнi клопат i расходы на прыёмы. Дорага абыходзiцца ўсё гэта. Аўчынка не варта вырабу. Ты, вядома, не была б супраць такога павышэння - дзеля дзяцей. Ты нiколi нiчога не хацела дзеля мяне самога, а пры выпадку заўсёды дадавала: "Луi, зрабi гэта дзеля дзяцей".
Праз год пасля нашага вяселля моцна захварэў твой бацька, i дарога ў маёнтак Сенон была для нас закрыта. Ты доўга не думала i вырашыла, што мы паселiмся ў Калезе. З усяго, што было ў мяне, ты сапраўды шчыра палюбiла i прыняла толькi маю радзiму. Ты пусцiла карэнне ў маю родную зямлю, але яно так i не пераплялося з маiм карэннем. Дзецi заўсёды праводзiлi свае вакацыi ў гэтым доме, у гэтым садзе. Тут памерла наша маленькая дачушка Мары. Але смерць яе не выклiкала ў тваёй душы жаху да гэтага дома, - наадварот, той пакой, дзе бiлася ў перадсмяротных пакутах наша Мары, ты i цяпер лiчыш святым месцам. Тут ты вывела свой вывадак, песцiла i даглядала дзяцей, не спала начамi над калыскай, чытала натацыi нянькам i гувернанткам. Тут, памiж вось гэтымi яблынямi нацягвалi вяроўкi i вешалi на iх памытыя сукеначкi Мары... А тут, у гэтай гасцiнай, абат Ардуэн сядаў за пiянiна. Вакол збiралiся дзецi i спявалi хорам. Прычым спявалi не толькi псалмы i духоўныя гiмны, - "каб не разгневаўся тата". Летнiмi вечарамi я любiў пасядзець каля дома, папалiць i паслухаць чыстыя дзiцячыя галасы, што старанна выводзiлi арыю з оперы Люлi*: "Ах, лясы i скалы, светлыя крынiцы..." Цiхае, спакойнае шчасце, ды толькi не маё... Я гэта ведаў. Забаронена для мяне сфера чысцiнi, узнёсласцi i светлых мрояў: спакойнае каханне... маркотная хваля цалуе бераг...
* Жан-Батыст Люлi (1633-1687), французскi кампазiтар, заснавальнiк французскай класiчнай оперы.
Варта было мне зайсцi ў гасцiную, як галасы змаўкалi. Спынялiся ўсе размовы. Першая выходзiла Жэнеўева з кнiжкай у руках. I толькi Мары не баялася мяне. Я клiкаў яе да сябе, i яна прыбягала. Я браў яе на рукi, яна пяшчотна тулiлася да мяне. Я чуў, як б'ецца яе маленечкае сэрца, - часта-часта, нiбы ў птушачкi. А толькi, бывала, выпушчу яе, яна пырхне ў сад... Мары!..
Вельмi рана дзяцей пачало непакоiць тое, што я не хаджу ў царкву i ем скаромнае ў пятнiцу. На iх вачах iшла барацьба памiж бацькам i мацi, але вельмi рэдка справа даходзiла да вострых канфлiктаў, калi я, шчыра кажучы, найчасцей цярпеў паражэнне. Пасля кожнай сутычкi працягвалася нябачная вайна. Месцам баявых дзеянняў заўсёды быў Калез, бо ў горадзе я амаль не бываў дома. Але мой адпачынак заўсёды супадаў са школьнымi канiкуламi, i два месяцы (жнiвень i верасень) мы збiралiся тут усе разам.
Добра помню той дзень, калi мы ўпершыню сутыкнулiся з табой лоб у лоб (усё пачалося з-за аднаго жарту, якi я дазволiў сабе ў прысутнасцi Жэнеўевы, а яна якраз вучыла "закон божы"); у той спрэчцы я даволi рэзка загаварыў пра сваё права берагчы розум маiх дзяцей, а ты - пра свой абавязак ахоўваць iх душы. Вось тады i адчуў я тваю сiлу: я быў поўнасцю разбiты i мусiў пагадзiцца, каб выхаванне Хюбэра даверылi езуiтам, а дзяўчатак аддалi ў пансiён пры жаночым манастыры. Усё адбылося так, як таго i патрабавалi "прэстыжныя традыцыi сям'i Фандадэж". Мяне ахапiла крыўда, прага помсты. Цяпер-то я ўжо добра ведаў, як вывесцi цябе з раўнавагi, пра што загаварыць з табой, каб ты хоць ад нянавiсцi забылася пра сваю абыякавасць да мяне... Рэлiгiя - вось што звядзе нас з табой у рукапашным баi! Калiсьцi нявер'е ў Бога было для мяне толькi незапоўненай формай, куды злiвалiся, нiбы струменi расплаўленага металу, слёзы i крыўды дробнага селянiна, якi хоць i разбагацеў, але ўсё роўна цярпеў знявагу i кпiны ад сваiх аднакласнiкаў; цяпер на змену колiшнiм юнацкiм слёзам i крыўдам прыйшла горыч любоўнага расчаравання i глыбокай нянавiсцi.
I вось аднойчы за сталом зноў разгарэўся бой. (Я папытаўся ў цябе, цi атрымлiвае асалоду ўсявышнi, калi глядзiць на цябе, як ты ў посны дзень ясi стронгу замест варанай цяляцiны.) Ты дэманстратыўна выйшла з-за стала. Трэба было бачыць, як паглядзелi на мяне дзецi... Я пайшоў за табой у тваю спальню. Нiякiх слёз на тваiх вачах не было. Ты спакойна сустрэла мяне, гаварыла так, нiбы нiчога i не было. У той дзень я зрабiў для сябе цiкавае адкрыццё: не так ужо i не абыходзiла табе маё "асабiстае" жыццё. Аказалася, што ты перахапiла некаторыя пiсьмы, якiя давалi табе ўсе падставы патрабаваць разводу праз суд. "Я засталася з табой толькi дзеля дзяцей, але, калi ты яшчэ хоць раз паспрабуеш глумiцца над iх душамi, я не спынюся нi перад чым..."
Што ж, ты i сапраўды нi перад чым не спынiлася б, i, бадай, развiталася б i са мной, i з маiмi грашыма. Пры ўсёй тваёй хцiвасцi да чужога багацця ты пайшла б на любую ахвяру, абы ў душах дзетак тваiх засталiся непарушнымi "асновы веры" - гэты збор выдуманых правiлаў, формул, звычак...
На той час я яшчэ не меў зброi супраць цябе - таго зняважлiвага пiсьма, якое ты напiсала мне пасля смерцi Мары. Сiла была на тваiм баку. Ды i становiшча маё моцна пахiснулася б, калi б справа дайшла да разводу: тады, асаблiва ў правiнцыi, не вельмi жартавалi з такiмi рэчамi. Досыць было таго, што пра мяне ўжо хадзiлi чуткi, нiбыта я франкмасон. Мае погляды мала хто падзяляў, у свецкiх колах мяне цуралiся, i, калi б не слыннасць тваёй раднi, я даўно меў бы непрыемнасцi на службе. А галоўнае... пасля разводу мне давялося б вярнуць акцыi Суэцкага канала, якiя бацькi далi табе ў пасаг. Я ўжо так звыкся з iмi, што даўно лiчыў iх сваiмi. Страшна было падумаць, што давядзецца развiтацца з iмi, як, дарэчы, i з рэнтай, якую плацiў нам твой бацька...
Я змiрыўся i даў сваю згоду на ўсё, што ты патрабавала ад мяне, але ўпотайкi вырашыў, што ўвесь свой вольны час я прысвячу дзецям i схiлю iх на свой бок. Гэта было ў жнiўнi 1896 года. Пераблыталiся ў мяне ў галаве тыя гарачыя i сумныя летнiя месяцы, што мы праводзiлi ў нашым маёнтку... А падзеi, пра якiя я зараз раскажу, адбылiся ў апошнiя пяць гадоў XIX стагоддзя.
Я думаў, што будзе не так ужо i цяжка адваяваць у цябе дзяцей... Я разлiчваў на свой бацькоўскi аўтарытэт, на свой розум... Няўжо гэта складана, - думалася мне, - прывабiць i схiлiць на свой бок дзвюх дзяўчынак i дзесяцiгадовага хлопчыка? Ды гэта ж дробязь!
Дзецi страшэнна здзiвiлiся i нават спалохалiся, калi я паклiкаў iх з сабою на прагулку. Ты сядзела пад лiпай, а тры пары дзiцячых вочак запытальна глядзелi на цябе.
- Ну, вядома, мае мiлыя, iдзiце, пагуляйце з татам. I не трэба пытацца дазволу, раз ён вас клiча.
Мы пайшлi. А як трымацца з дзецьмi? Пра што гаварыць з iмi? Адна справа весцi судовыя спрэчкi з суровым пракурорам цi ўвiшным абаронцам падсуднага, калi я выступаю на баку iстца... Не так ужо страшна выступаць перад запоўненай залай, дзе ўсе настроены супраць цябе... А вось як гаварыць з дзецьмi? Перад iмi я бянтэжуся. Як, дарэчы, не ўмею трымацца i з простымi людзьмi, нават з сялянамi, хоць я i сам сялянскага роду. Тут я губляюся, пачынаю чырванець, запiнацца...
Дзецi весела шчабяталi, бегалi, скакалi, але паглядалi на мяне неяк насцярожана. На iх сэрцах ужо вiселi твае замкi, i ключы ад iх былi толькi ў цябе. "Па клiчу сумлення" ты не прынiжала майго бацькоўскага аўтарытэту, але i не хавала ад iх, што трэба шчыра малiцца за "беднага тату". I што б я нi рабiў, у iх уяўленнi я заўсёды заставаўся "бедным татам", за якога трэба падаць на каленi, малiцца i старацца, каб ён нарэшце паверыў у Бога. Усе мае выпады супраць рэлiгii яшчэ больш пераконвалi дзяцей, што iх тата - грэшнiк, бязбожнiк...
Урачыста адзначалiся ў нас царкоўныя святы. З маленства дзецi запамiналi, ведалi, чакалi iх. А першае прычасце было для кожнага выключнай з'явай... Вечарамi яны спявалi хорам, - да маiх вушэй даляталi не толькi арыi з опер Люлi, але i духоўныя псалмы. Я здалёк бачыў даверлiвыя адданыя тварыкi, звернутыя да неба... Мае крокi па садовай дарожцы спынялi гэты вячэрнi рытуал...
Кожнае нядзелi вы будзiлi мяне сваёй мiтуснёй i шумлiвымi зборамi да ад'езду ў царкву. Ты вечна баялася спазнiцца... Перад ганкам фыркалi конi... Хтосьцi з дзяцей абавязкова забываўся свой малiтвеннiк... Нiяк не маглi дачакацца кухаркi... Нечы пранiзлiвы голас пытаўся: "А якая гэта нядзеля пасля сёмухi?.."
Вы вярталiся з царквы, i дзецi адразу беглi да мяне. Я звычайна яшчэ ляжаў у пасцелi. Маленькая Мары, вiдаць, прашчабятала перад алтаром усе малiтвы, якiя толькi ведала ("каб выратаваць тату"), i цяпер уважлiва глядзела на мяне з надзеяй, што я пачаў ужо выпраўляцца. Толькi яна адна мяне не раздражняла. Яе абедзве старэйшыя сястрычкi ўжо ставiлiся да веры так, як i ты, Iза: спакойна, бяздумна, з адвечным iмкненнем буржуа да камфорту... О! Ты добра ведала, што такая "вера" ўратуе iх ад гераiчнай дабрачыннасцi, ад усяго ўзвышанага хрысцiянскага вар'яцтва. А вось Мары верыла ў Бога з кранальнай шчырасцю. Яна сардэчна i лагодна адносiлася да слуг, арандатараў, беднякоў. Пра яе гаварылi: "Ды яна ўсё гатова аддаць. У такой грошы ў руках не затрымаюцца. Гэта ўсё, вядома, добра, але трэба за ёй наглядаць..." I яшчэ гаварылi: "Нiхто перад ёю не можа ўстаяць, нават бацька". Вечарамi яна сама падыходзiла, лезла да мяне на каленi. Неяк раз яна заснула ў мяне на руках, прытулiўшыся галоўкай да майго твару. Яе валаскi казыталi мне шчаку. Нерухома сядзець, ды яшчэ ў нязручнай паставе, было цяжка. Хацелася папалiць. Але я не зварухнуўся. I толькi калi а дзевятай гадзiне прыйшла па яе нянька, я сам занёс яе ў пасцель, а вы ўсе ашаломлена глядзелi на мяне, нiбы перад вамi з'явiўся драпежны звер, падобны да тых iльвоў i тыграў, якiя лiзалi ногi юным пакутнiкам на арэне Калiзея. Праз некалькi дзён - ранiцай чатырнаццатага жнiўня, - Мары сказала мне (ведаеш, як гэта робяць дзецi):
- Татачка, паабяцай мне, што зробiш тое, што я цябе папрашу... Не, ты спачатку паабяцай, а потым я табе скажу...
I яна сказала мне, што заўтра ты будзеш спяваць на месе ў царкве, i ўсiм было б вельмi прыемна, каб я прыйшоў цябе паслухаць.
- Ты ж паабяцаў! Паабяцаў! - паўтарала яна, цалуючы мяне.
Мой пацалунак яна прыняла за знак згоды. Увесь дом ведаў пра гэтую падзею. "Гаспадар заўтра пойдзе ў царкву. Проста не верыцца... Яго ж нагi там нiколi не было", - дзiвiлiся слугi.
Страшэнная злосць апанавала мяне ў час вячэры, i стрымаць сябе мне не ўдалося. Хюбэр нешта папытаўся пра справу Дрэйфуса. Сваiм адказам ты ўвяла мяне ў люты гнеў. Я плюнуў, выйшаў з-за стала i больш не паказваўся. Назаўтра, калi яшчэ ўсе спалi, я паехаў у Бардо i прабыў цэлы дзень у душным бязлюдным горадзе.
Дзiўна, што пасля гэтага я ўсё ж такi вярнуўся ў Калез. Чаму я праводзiў адпачынак разам з вамi? Я ж мог падарожнiчаць... Прычын, вядома, можна навыдумляць якiх хочаш. А па праўдзе сказаць, я баяўся выдаткаў. Не мог я зразумець, як гэта можна кiнуць гаспадарку, справы, паехаць у падарожжа, змарнаваць процьму грошай... Якая ж гэта радасць - раз'язджаць па свеце, ведаючы, што дома столькi клопату... I таму кожны раз я вяртаўся да сваёй кармушкi. Ёсць у мяне свой стол, свой дом i нашто мне бегаць па рэстаранах? Дух эканомii, ашчаднасцi - гэта мамiн запавет, i iм я ўсё жыццё даражыў.
Дык вось, я вярнуўся дадому такi разбiты, што нават Мары не магла мяне ўцешыць. I з таго часу я змянiў тактыку: цяпер я не проста нападаў на тваю веру, а чапляўся за кожны зручны выпадак, каб паказаць, што ты жывеш зусiм не так, як таго патрабуе вера. I хоць ты была добрай хрысцiянкай, рабiць гэта мне было няцяжка. Думаю, спрачацца са мной на гэты конт ты не будзеш. Пра тое, што памагчы блiжняму - гэта першы абавязак хрысцiянiна, - ты не ведала, а калi ведала, то даўно забылася. Пад словам "мiласэрнасць" ты разумела сякiя-такiя абавязкi ў дачыненнi да бедных i добрасумленна выконвала iх дзеля свайго ж выратавання i вечнага жыцця ў лоне божым. Мушу агаварыцца, што цяпер ты моцна змянiлася. Цяпер ты клапоцiшся пра беднякоў, сама даглядаеш хворых на рак. Але ў тыя часы адной рукой ты кiдала падачку якому-небудзь бедняку, а другой выцiскала ўсе сокi з такiх самых, як ён. Гаспадыня дома, ты "па-гаспадарску" ставiлася да слуг: рабiць прымушала як мага больш, а плацiць старалася як найменш. А помнiш тую старэнькую бабульку, што кожную ранiцу прывозiла нам агароднiну? Калi б ты яе ўбачыла на цвiнтары, ты падала б ёй мiласцiну. А так ты лiчыла справай гонару патаргавацца з ёю за кожны качан капусты, каб абакрасцi i без таго бедны яе заробак.
Калi слуга цi парабак сцiпла намякаў табе, што яму варта было б накiнуць некалькi франкаў за добрую работу, ты спачатку здзiўлялася, а потым давала волю свайму гневу. У цябе быў сапраўдны талент пераконваць гэтых безабаронных людзей, што ў iх усё ёсць i больш iм нiчога не трэба. З тваiх вуснаў так i сыпалiся прывiлеi, якiмi карыстаўся просьбiт: "Я вам даю жытло, бочку вiна, хлеб i да хлеба, палову свiннi, якую вы выкармiлi маёю бульбай... У вас ёсць сад, агарод..." Бедалагi аж рот разяўлялi: вунь, аказваецца, якiя яны багацеi... Ты любiла паўтараць, што твая пакаёўка нi ў чым не мае патрэбы, а свае сорак франкаў штомесяц носiць ў ашчадную касу.
- Вы паглядзiце! Сукенкi на ёй - мае. Бялiзна - мая. Абутак - мой. Нашто ёй тыя грошы?! Ёй i сорак франкаў няма куды дзяваць. А дасi больш - будзе гасцiнцы ў вёску сваякам пасылаць...
Буду справядлiвы, Iза: калi хто са слуг хварэў, ты руплiва даглядала яго i да пасцелi прыходзiла, i лякарствы давала, i сякiя-такiя ласункi прыносiла. Словам, у бядзе ты iх не пакiдала. Гэта праўда. А ў адказ гэтыя людзi, якiя не надта паважаюць слабахарактарных гаспадароў, шанавалi i часам нават любiлi цябе.
Аднак ты нiколi не прызнавалася, што твае погляды на жыццё, выхаваныя бацькамi i эпохай, не заўсёды стасавалiся з Евангеллем. На гэтым я цябе, бывала, падлоўлiваў: "Паслухай, Iза! А здаецца мне, Хрыстос на гэты конт гаварыў вось што..." Ты адразу нямела i шалела ад злосцi, што я дазваляю сабе такое пры дзецях. Потым ты спрабавала апраўдвацца: "Нельга ж усё разумець лiтаральна..." Вось тады то я ўжо даваў сабе волю: я засыпаў цябе прыкладамi, якiя даказвалi, што святасць у тым i ёсць, каб дакладна прытрымлiвацца духу i лiтары Евангелля. Калi ж ты, на сваё няшчасце, пярэчыла мне, што ты не святая, я канчаткова дабiваў, цябе словамi з Евангелля: "Будзьце дасканалымi, як дасканалы тварэц ваш нябесны".
Прызнайся, бедная мая Iза, што я па-свойму хацеў табе дабра, быў патрэбным, карысным табе, i, калi ты сёння даглядаеш хворых на рак, то гэтым яны абавязаны крыху i мне. Бо раней твая "любоў да блiзкага" датычылася толькi тваiх дзяцей. Iм ты аддавала ўсю сваю дабрату i пяшчоту. Дзецi... Дзецi... Дзецi... Больш ты нiкога не бачыла... I не толькi мяне, мужа свайго, але i ўсяго свету. Ты нават Богу малiлася толькi за здароўе i будучыню тваiх дзяцей. I за гэта я любiў уесцi цябе: "Iза, а цi не лепш было б сапраўднаму хрысцiянiну жадаць, каб Бог паслаў яго дзецям бяду, беднасць, хваробы?" Ты рэзка абрывала мяне: "Не хачу я з табой гаварыць! Сам не ведаеш, што мелеш..."
Але, на тваю бяду, са мной быў настаўнiк нашых дзяцей, дваццацiтрохгадовы семiнарыст, абат Ардуэн. У нашых спрэчках я браў яго ў сведкi i без нiякай лiтасцi ставiў маладога чалавека ў цяжкае становiшча, бо звяртаўся да яго толькi тады, калi сам быў упэўнены, што праўда на маiм баку, а Ардуэн у пытаннях веры быў шчыры i не ўмеў хаваць сваiх думак. Калi пачалася справа Дрэйфуса, у мяне з'явiлася яшчэ больш падстаў нацкоўваць на цябе бедалагу абата. "Падумаць толькi: праз нейкага там жыда перастройваць усю армiю, падрываць яе моц, прэстыж!" - абуралася ты. Я хапаўся за гэтыя словы, нiбыта не згаджаўся з табой, i не супакойваўся да таго часу, пакуль не ўмешваўся абат Ардуэн. А ён-то ўжо ведаў, што гаварыць: "Нават у iмя выратавання радзiмы сапраўдны хрысцiянiн не можа дапусцiць, каб засудзiлi невiнаватага".
Зрэшты, я надта i не стараўся перамянiць твае адносiны да справы Дрэйфуса, пра якую ты ведала толькi з карыкатур, што змяшчалi на сваiх старонках добранадзейныя газеты. Да цябе, безумоўна, далучылiся i дзецi. I нават тады, калi, здавалася, я ўзяў верх у спрэчцы пра Дрэйфуса, вы ўсё роўна засталiся пры сваёй думцы, лiчылi, што мне ўдалося гэта дзякуючы маёй хiтрасцi. I вось вы дайшлi да таго, што згаварылiся маўчаць пры мне. Варта было мне толькi ўвайсцi, як разам змаўкалi ўсе размовы, - што, дарэчы, здараецца i цяпер. Але часам вы не ведалi, што я затаiўся ў кустах i падслухоўваю, а калi я нечакана выходзiў, вам не было куды дзявацца i вы мусiлi прымаць бой.
- Гэта святы чалавек, - гаварыла ты пра абата Ардуэна, - але яшчэ зусiм дзiця: нiяк не можа ўцямiць, што на свеце ёсць лiха. Мой муж гуляе сабе з iм, як кот з мышкай, таму i трымае яго ў доме... Бач, i на бязбожнасць забыўся...
Праўду кажучы, я згадзiўся наняць гэтага духоўнага настаўнiка толькi таму, што нiхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмi за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лiчыў гэтага сарамлiвага, цыбатага юнака нiкчэмнай iстотай i не звяртаў на яго нiякай увагi. Ён даваў урокi дзецям, вадзiў iх на прагулкi, мала еў i ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу iшоў у свой пакойчык. Калi часам дома нiкога не было, ён спрабаваў iграць на пiянiна. У музыцы я не разбiраюся, але, як ты казала, "слухаць яго было прыемна".
Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, i не здагадваешся, што iменна з-за яго памiж мною i гэтым маладым чалавекам завязалася нiтачка ўзаемнай сiмпатыi. Аднойчы дзецi прыбеглi i сказалi мне, што да нас iдзе святар. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вiнаграднiк i схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у святара была нейкая пiльная патрэба. Праклiнаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. Не ведаю чаму, але я вельмi баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям'ёй. Калiсьцi ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семiнарыста - выдатнiка i вопытнага духоўнага настаўнiка. Тады святар нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымлiваецца з-за яго здароўя. I вось наш святар толькi што даведаўся, што гэтая затрымка з'яўляецца дысцыплiнарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасцi вельмi любiць музыку, i аднаго разу нехта з семiнарыстаў спакусiў яго пайсцi ў тэатр на канцэрт. З гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семiнарыi. Хоць ён быў у цывiльным, яго пазналi ў тэатры i данеслi дырэктару семiнарыi. Як знарок у той вечар у праграме ўдзельнiчала выканаўца арыi Таiс*, мадам Жаржэта Лебрэн. Калi яна выйшла на сцэну з голымi нагамi, у кароткай грэчаскай тунiцы, перахопленай пад грудзьмi сярэбраным поясам ("Кажуць, больш на ёй нiчога не было"), па зале пракацiлася спалоханае: "А-ах!" Нейкi стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: "Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакацiлiся?! Куды мы трапiлi?!" Вось на якiм канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну i яго сябру. Адзiн злачынец быў адразу выключаны з семiнарыi. Ардуэну даравалi за яго выдатныя поспехi ў вучобе, але начальства пастанавiла затрымаць на два гады яго пасвячэнне ў сан...
* "Таiс" - лiрычная драма кампазiтара Ж.Маснэ паводле аднайменнага рамана А.Франса, якi прасякнуты скептычным стаўленнем да хрысцiянскага фанатызму.
I я, i ты, Iза, у адзiн голас супакойвалi святара i гаварылi, што пасля яго расказу наш давер да абата Ардуэна не зменшыцца. Але святар быў няўмольны i з таго часу заўсёды з непрыязнасцю ставiўся да Ардуэна, якi "так брыдка ашукаў самога сябе". Ты, вядома, памятаеш пра ўсё гэта, але ты не ведаеш, што было потым. Вечарам, калi я палiў на тэрасе, да мяне падышоў абат Ардуэн i збянтэжана папрасiў прабачэння за тое, што сам не расказаў пра свой непрыстойны ўчынак. Я пачаў пераконваць абата, што тое юнацкае свавольства здалося мне хутчэй сiмпатычным, чым непрыстойным учынкам, аднак малады чалавек з нечаканай цвёрдасцю запярэчыў мне i ўпэўненым голасам выпалiў цэлую абвiнаваўчую прамову супраць самога сябе. З яго слоў выходзiла, што я не магу нават сабе ўявiць, якая вялiкая яго вiна: ён парушыў абавязак паслушэнства, апаганiў сваё прызванне, саграшыў супраць маралi. Акрамя таго, ён абняславiў усю семiнарыю... Словам, цяпер не хопiць усяго жыцця, каб выправiць бяду... Да сённяшняга дня стаiць у мяне перад вачыма згорбленая ад роспачы постаць гэтага чалавека. Пры ўсёй маёй непавазе да духоўных асоб я не мог западозрыць Ардуэна ў крывадушнасцi: увесь ён быў перапоўнены горам i смуткам. I, бедалага, усё прасiў дараваць яму, што ён адразу ва ўсiм не прызнаўся. Спрабаваў апраўдвацца, што прычынай гэтага была беднасць: яму трэба было знайсцi хоць якi заробак, каб не быць два месяцы абузай сваёй мацi, няшчаснай удаве, якая ходзiць па хатах i мые бялiзну ў Лiбурне. Я яму адказаў, што, на маю думку, ён не быў абавязаны папярэджваць нас пра гэты выпадак, якi датычыў толькi семiнарскай дысцыплiны. Тады ён узяў мяне за руку i сказаў такое, ад чаго я доўга не мог апамятацца:
- Вы добры чалавек...
Ты ж ведаеш, як я смяюся. Мой смех нават у пачатку нашага жыцця псаваў табе нервы. Гэты няскладны, працiўны смех яшчэ ў гады маёй маладосцi мог ушчэнт разбiць радасны настрой вакол мяне. У той вечар я клаўся ад смеху, пачуўшы гэтыя словы... Нарэшце я супакоiўся i змог гаварыць:
- Месье абат, вы самi не ведаеце, якую лухту вы толькi што сказалi. Спытайцеся ў кожнага, хто мяне ведае, добры я цi не. Паслухайце маю жонку, дзяцей, сваякоў, калег - i вы пачуеце толькi адно: злосць - вось яго натура.
Запiнаючыся, абат Ардуэн пачаў мне даводзiць, што па-сапраўднаму злы чалавек нiколi адкрыта не скажа пра сваю злосць.
- Паверце, месьё абат, - запярэчыў я, - вы не знойдзеце ў маiм жыццi таго, што вы называеце дабрачыннасцю.
Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесiю, прывёў словы Хрыста: "У цямнiцы я быў, i вы наведалi мяне..."
- Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж, гэта мая прафесiя, якая, дарэчы, прыносiць мне немалыя грошы. Калiсьцi я плацiў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулi на вуха падсуднаму маё прозвiшча... Вось як!.. А вы кажаце...
Не помню добра, што ён мне адказаў. Мы iшлi па лiпавай алеi. Што ж, ты, Iза, толькi рукамi развядзеш, калi я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з iм так добра!..
Здаралася, я ўставаў на золку i iшоў у сад, каб падыхаць свежым ранiшнiм паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такi засяроджаны, што мог за два крокi не заўважыць мяне... Якраз у тую пару я даймаў цябе сваiмi кпiнамi i стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваiмi прынцыпамi. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калi я лавiў цябе на скупасцi цi жорсткасцi, - я хоць i крычаў, што ў вас, набожных, не засталося i следу ад хрысцiянскага духу, - я ўсё ж такi ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, якi застаўся адданым гэтаму духу - абат Ардуэн...
VIII
У нашым з табою жыццi, Iза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лiчыць цябе агiднай. У 1896 цi 1897 годзе - табе гэта лепш ведаць памёр наш швагер барон Фiлiпо. Неяк ранiцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той - нi слова ў адказ. Яна адчынiла аканiцы i ўбачыла, што вочы ў старога закацiлiся, нiжняя скiвiца адвiсла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, i некалькi гадзiн (а можа, i болей) яна праспала разам а трупам.
Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нiкчэмнага чалавека: ён пакiнуў жонцы велiзарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою i другi раз замуж нiколi не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павiнна была перайсцi да пляменнiкаў нябожчыка.
- Трэба цяпер больш клапацiцца пра Марынету, - паўтарала твая мацi. Дзякуй Богу, што сям'я наша дружная, - адзiн за аднаго. Не трэба пакiдаць яе адну.
Марынеце на той час было каля трыццацi, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая - як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога i пакорлiва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Нiхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзiцца ўзяць на сябе i ролю безуцешнай удавы. Вы зусiм не ўлiчылi таго, якiм штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.
Не, Iза, ты не думай, што я буду злоўжываць прывiлеяй весцi свой маналог, якую я тут сабе прысвоiў. Табе вельмi хацелася, каб усе завешчаныя мiльёны засталiся ў сям'i i каб дзецi твае маглi iх скарыстаць. Гэта натуральна. Усе вы цвёрда вырашылi, што Марынета не павiнна губляць той узнагароды, якую яна заслужыла за дзесяць гадоў рабскага жыцця са старым баронам. Вы дзейнiчалi, як добрыя сваякi: нiякага другога замужжа, Марынета застанецца ўдавою! А цi ўспомнiла ты, Iза, што зусiм нядаўна ты сама была маладой жанчынай?! Ну, пра каханне да мяне я не гавару: яго ты нiколi не ведала, ты была толькi мацi сваiх дзяцей i больш для цябе нiкога на свеце не iснавала. У вас у сям'i нiхто не вызначаўся багатай фантазiяй: вы нiколi не змаглi б паставiць сябе на месца другога, будзь ён падонак, будзь ён самы прыстойны чалавек!
Усе пагадзiлiся, што першае лета пасля смерцi мужа маладая ўдава прабудзе ў Калезе. Не скажу, Iза, што памiж табой i Марынетай, - тваёй роднай сястрой, была вялiкая дружба, але яна вельмi любiла нашых дзяцей, асаблiва маленькую Мары. Я сам амаль не ведаў яе, i мяне перш за ўсё прыемна здзiвiлi яе прыгажосць i грацыя. Нiхто не паверыў бы, што яна старэйшая за цябе. Ты нараджала, зноў насiла ў сябе пад сэрцам дзяцей, i ад тваёй зграбнай фiгуры мала што засталося. А яна, здавалася, выйшла цнатлiвай з пасцелi гэтага старога барона. Тварык яе быў яшчэ зусiм дзiцячы. Па тагачаснай модзе яна насiла высокую прычоску. Яе залацiстыя валасы былi прыгожа завiтыя каля шыi (цяпер забылiся пра тую моду). Вочы яе былi, бадай, занадта круглыя, нiбы яна ўвесь час была чымсьцi здзiўленая. Жартуючы, я часам абдымаў яе "асiную талiю", хоць бюст у яе быў на цяперашнiя меркi залiшне развiты.
Мне падабалася яе весялосць, жыццярадаснасць. Увесь час яе цягнула да дзяцей: яна то забаўлялася з iмi ў садзе, то гуляла ў хованкi, то расказвала казкi... "Марынета ў нас трохi ветраная, - гаварыла ты, - i не зусiм разумее, як трэба сябе паводзiць у яе становiшчы".
Ты пайшла ёй на ўступку i дазволiла насiць у буднiя днi белыя сукенкi. Але ты лiчыла страшэнна непрыстойным, каб у нядзелю яна ехала на месу без доўгай чорнай вуалi i без накiдкi, абшытай жалобным крэпам.
Адзiнай уцехай, якую мела Марынета пры мужы, была верхавая язда. Барон Фiлiпо быў выдатным знатаком конскiх парод i да апошняга свайго дня кожную ранiцу рабiў прагулкi конна. Марынета ўзяла з сабой у Калез сваю кабылу i гадзiнамi гарцавала па ваколiцах адна, бо суправаджаць яе не было каму. Ты, Iза, убачыла ў гэтым двайны грэх: удава, якая тры месяцы назад страцiла мужа, не павiнна ўвогуле займацца нiякiм спортам, а раз'язджаць на канi, ды яшчэ без нiякага суправаджэння - гэта проста недаравальна.
"Я-то ёй усё выгавару, што пра яе думаюць у нашай сям'i", - бубнiла ты. I ты выгаворвала, але толькi Марынета ўсё рабiла па-свойму. Нарэшце яна стамiлася ад тваiх павучанняў i папрасiла мяне суправаджаць яе на прагулках. Я згадзiўся, i яна за свае грошы купiла мне добрага рахманага каня.
Звычайна мы выязджалi на досвiтку, калi яшчэ не назаляюць мухi i аваднi. Коней падводзiлi проста да ганка. Марынета гарэзлiва паказвала язык зачыненым аканiцам тваёй спальнi i прышпiльвала да сваёй амазонкi мокрую ад расы ружу. "Хоць i нельга насiць кветак удаве, але..." - жартавала Марынета. Ад царквы даносiўся звон: хутка пачнецца ранiшняя меса. Абат Ардуэн сарамлiва кланяўся нам i знiкаў у густым ранiшнiм тумане. Першыя некалькi кiламетраў мы ехалi памалу i маглi спакойна пагаварыць, пажартаваць. Я заўважыў, што карыстаюся пэўным аўтарытэтам у сваёй швагеркi. I прычынай гэтага былi хутчэй за ўсё мае крамольныя думкi, якiмi я бударажыў сям'ю, а не тое, што я працаваў у судзе i займаў там даволi высокую пасаду. А вось твае погляды, Iза, амаль поўнасцю сыходзiлiся з прынцыпамi яе нябожчыка мужа. Ты сама жанчына i ведаеш, што ў вас, жанчын, i рэлiгiя i ўсялякiя iдэi заўсёды ўвасабляюцца ў вобразе якога-небудзь чалавека - любiмага або ненавiснага.
Што ж, у мяне была магчымасць яшчэ больш павысiць свой прэстыж у вачах гэтай маладзенькай бунтаркi. Але вось бяда! Я мог без асаблiвага намагання ва ўсiм падтрымлiваць Марынету, калi яна ваявала з вамi. Аднак варта было ўсплыць гэтым мiльёнам... Тут я змаўкаў. Не мог я сябе прымусiць падзяляць яе пагарду да спадчыны барона Фiлiпо. Я разумеў, што толькi выйграю, калi ўслед за Марынетай буду паўтараць словы пра высакароднасць, маладосць, незалежнасць, але зрабiць з сабою нiчога не мог. Нават прытварацца i рабiць выгляд, нiбыта я на яе баку, калi яна бажылася, што не баiцца страцiць сем мiльёнаў, было звыш маiх сiл. А калi ўжо гаварыць усё да канца, то мяне чамусьцi не пакiдала думка, што Марынета можа раптоўна памерцi i мы будзем яе спадкаемцамi (я думаў не пра дзяцей, а пра сябе).
Колькi я нi пераконваў сябе, колькi нi рыхтаваўся, колькi нi паўтараў гэты ўрок красамоўства, - язык мой гаварыў зусiм iншае: "Сем мiльёнаў! Марынета, апамятайцеся! Ды няма на свеце мужчыны, якi быў бы варты хоць паловы такога скарбу".
- Ах, вось вы як? - крычала яна. - Дык чаму ж вы рысавалiся, гаварылi, што ненавiдзiце нашых?! Вы такi ж самы, як яны! Адна парода!
I яна пускалася ў галоп, а я заставаўся далёка ззаду... Вось так трацiў я сiмпатыi Марынеты. Ах, гэтая прага да грошай! Чаго яна мяне толькi не пазбавiла! Я мог бы знайсцi ў Марынеце мiлую сястру, а можа, сяброўку... I вы цяпер хочаце, каб я аддаў вам грошы, тое, дзеля чаго я ўсiм ахвяраваў? Не, даражэнькiя, яны мне каштавалi занадта дорага, каб я кiдаўся iмi. Пакуль я буду жыць на гэтым свеце, вы нi франка не атрымаеце ад мяне!..
А спакою вам няма. У нядзелю прыляцела да мяне жонка Хюбэра. Цiкава, сама прыехала цi гэта вы яе падаслалi? Убогая iстота гэтая Алiмпiя! (Чаму Фiлi ахрысцiў яе Алiмпiяй? А мянушка прыжылася, мы нават забылiся яе сапраўднае iмя...) Мне здаецца, што яна сама вырашыла прыехаць i вам, бадай, не сказала пра свой намер. Яе вы не прынялi ў вашу зграю, бо не лiчыце сваёю. Гэтая жанчына абыякавая да ўсяго, што выходзiць за межы яе ўласнага маленькага свету. I пляваць яна хацела на ўсё, што непасрэдна яе не датычыць. Яна не ведае нiводнага закону "сям i" i не здагадваецца нават, што я ваш вораг. I гэта не таму, што яна паважае мяне цi мае да мяне якiя-небудзь сiмпатыi: яна нiколi не думае пра другiх i наўрад цi здольная каго ўзненавiдзець. Калi вы пры ёй благiм словам успомнiце мяне, яна заўсёды пярэчыць: "А ён такi добры са мной". Яна не адчувае маёй жорсткасцi. А паколькi я часам абараняю яе ад вашых наскокаў, то Алiмпiя шчыра верыць, што падабаецца мне.
З яе блытаных слоў я зразумеў, што Хюбэр спынiўся своечасова, але ўсё ж давялося закласцi ўсю маёмасць i жончын пасаг, каб выратаваць становiшча.
- Ён кажа, што абавязкова забярэ назад свае грошы, толькi яму цяпер патрэбен... ну... як гэта ён казаў?.. Аванс у лiк спадчыны...
Я лагодна слухаў, кiваў галавой, згаджаўся з ёю i рабiў выгляд, што зусiм не разумею, чаго яна ад мяне хоча... Як жа я навучыўся прыкiдвацца прасцяком!
Калi б ты, дарагая Алiмпiя, ведала, што я аддаў дзеля грошай!.. А тады мне iшоў толькi трыццаць пяты год!.. Мы вярталiся з Марынетай ласля нашай прагулкi. Цiха iшлi конi. Сонца ўжо няшчадна палiла дарогу i бясконцыя палеткi вiнаграднiкаў, апырсканых купарвасам. Як мог, я даводзiў гэтай маладой насмешнiцы, што нi ў якiм разе нельга выпускаць з рук мiльёны барона Фiлiпо. А калi я змаўкаў, яна звонка смяялася. Я пачынаў абараняцца i зусiм збiваўся з тропу.
- Марынета, я раблю ўсё гэта толькi дзеля вас. Няўжо вы думаеце, што такi чалавек, як я, захоча, каб на вашай спадчыне пагрэлi рукi мае дзецi? Iза iншая справа! Яна, вядома... Але я...
А Марынета працадзiла праз зубы:
- А вы i праўда страшны чалавек!..
I зноў я паўтараў, што мяне хвалюе толькi яе шчасце, яе будучыня, яе жыццё... Яна адмоўна круцiла галавой: "Не! Не! Сцiхнiце! Не гаварыце!" А ў глыбiнi душы, хоць Марынета не прызнавалася ў гэтым, яна марыла не так пра замужжа, як пра сваiх дзяцей, пра сваё мацярынства.
Пасля снедання я, не зважаючы на спёку, выходзiў з дому, дзе ў халодных i цёмных пакоях заставалiся падрамаць усе мае дамачадцы. I калi я адчыняў шкляныя дзверы i рабiў крок насустрач вогненнаму блакiту, мне не трэба было абарочвацца: я ведаў, гэтая насмешнiца, якая так пагарджае мною, iдзе следам. На высокiх тонкiх абцасiках ёй цяжка было iсцi па няроўнай жвiровай сцежцы. Нарэшце мы даходзiлi да тэрасы. Тут Марынета любiла забаўляцца: клала руку на гарачы ад сонца камень i лiчыла, колькi секунд зможа так пратрымаць.
Унiзе, пад намi, ляжала раўнiна, залiтая яркiм сонечным святлом. Навокал панавала цiшыня, як глыбокай ноччу, калi зямля спiць у месячным ззяннi. Далёка на гарызонце аркай стаялi камянiстыя пагоркi, нiбы падпiралi сабой блакiтнае неба. Усё замерла, i да чатырох гадзiн не ўбачыш тут нi звера, нi чалавека. Нават мухi слупам вiлiся на адным месцы, а адзiны на ўсю раўнiну дымок нерухома павiс над зямлёй...
Я ведаў: жанчына, якая стаiць побач, нiколi не зможа мяне пакахаць. Адзiнае яе пачуццё да мяне - агiда... Але мы з ёю дыхалi адным паветрам у гэтым глухiм закiнутым маёнтку. Гэтая маладая пакутнiца апынулася пад шчыльным каўпаком i падсвядома шукала майго позiрку, як кветка гелiятропа сама цягнецца i раскрываецца да сонца. Аднак на ўсе мае нясмелыя намёкi адзiным адказам былi насмешкi, кпiны... Вось так мы i стаялi над раўнiнай, дзе, нiбы ў велiзарным брадзiльным чане, налiвалiся хмельным сокам гронкi вiнаграду...
А ты, Iза, што ты думала пра нашы ранiшнiя прагулкi, пра нашы размовы? Я i гэта ведаю, бо падслухаў, як ты казала сваёй мацi (яна знарок прыехала, каб наглядаць за Марынетай):
- Ён прывучае яе да благiх думак, але ва ўсiм астатнiм... нiякай бяды я не бачу. Супакойвае, забаўляе яе - ну i добра!
- Самае галоўнае, каб яна не была адна, няхай забаўляе, - адказала табе мацi.
Вы цешылiся, што я ўвесь час быў з Марынетай. "Але калi вернемся ў горад, трэба будзе нешта прыдумаць".
"Супакойвае, забаўляе..." - як бы ты, Iза, нi злавала на мяне, але я не магу дараваць табе гэтых слоў. Ты i сапраўды не ўбачыла нiякай небяспекi для сябе ў нашых адносiнах з Марынетай... Жанчыны хутка забываюцца пра тое, што ў самiх ужо даўно перагарэла.
Удзень над раўнiнай i сапраўды нiчога не магло адбыцца. Хоць навокал не было нi душы, мы ўсё ж адчувалi сябе навiдавоку, як на сцэне. I калi б трапiўся якi чалавек, то ён убачыў бы, як над распаленай раўнiнай, нiбы два дрэвы, нерухома стаяць мужчына i жанчына, стаяць так блiзка, нiбы зраслiся ў адну iстоту...
Але i нашы начныя прагулкi былi таксама нявiнныя. Успамiнаю адзiн жнiвеньскi вечар. За сталом разгарэлiся бурныя спрэчкi вакол справы Дрэйфуса. Марынета разам са мной была на баку Дрэйфуса i патрабавала перасуду. Яна цяпер нават лепш за мяне ўмела ўцягваць у размову абата Ардуэна i вымушаць яго сказаць сваё слова. Ты на ўсе лады расхвальвала газетны артыкул Друмона*, а Марынета раптам спыталася сваiм дзiцячым галаском, нiбы школьнiца на ўроку "закону божага":
* Эдуард Друмон (1844-1917), рэакцыйны журналiст, выдавец антысемiцкай газеты "La Libre Parole" ("Вольнае слова"), якая вяла раз'юшаную кампанiю супраць Дрэйфуса.
- Месьё абат, скажыце, а хiба можна хрысцiянам ненавiдзець жыдоў?
На нашу радасць, абат Ардуэн у той вечар не адкруцiўся туманнымi разважаннямi. Ён гаварыў пра гiстарычную велiч жыдоўскага народа, яго свяшчэнную ролю сведкi спраў госпада на зямлi, пра яго наканаваны зварот да iсцiннай веры... А калi Хюбэр запярэчыў, што трэба ненавiдзець забойцаў Збавiцеля нашага, абат адказаў, што кожны з нас мае права ненавiдзець толькi аднаго забойцу: "Самога сябе, i нiкога больш..."
Ты зусiм разгубiлася i яхiдна прабубнiла, што так можна дагаварыцца да таго, што Францыю трэба аддаць чужаземцам. На шчасце абата, ты ўспомнiла пра Жану д'Арк, i на ёй вы памiрылiся. На ганку нехта з дзяцей усклiкнуў:
- Ой, як месяц свецiць! Як прыгожа!..
Я ўстаў i пайшоў да тэрасы. Я ведаў, што Марынета пойдзе следам. Так яно i было: "Пачакайце мяне..." - пачуўся яе запыханы голас. Яна накiнула на плечы баа.
Поўня стаяла над зямлёю. Яе халоднае святло залiвала сялянскiя хаткi, наш маёнтак, палеткi... Недзе забрахалi сабакi... Зноў цiшыня... Нерухома стаялi дрэвы. "Паслухайце, а цi не зачараваў iх месяц? - спыталася Марынета. - Хоць бы адзiн лiсток паварушыўся!.." I раптам яна прашаптала:
- Такiя ночы створаны на пакуту адзiнокiм людзям. А колькi закаханых у гэты момант туляцца адно да аднаго, каб падарыць шчасце, пяшчоту, радасць, надзею!..
На вейках у яе я добра бачыў слёзы. Кругом усё замерла, знямела... Жыло толькi яе трапяткое дыханне... О, Марынета!.. Што ад цябе засталося?.. Трыццаць гадоў як ты ў магiле... А я так добра помню водар тваiх валасоў у тую ноч!.. Хто ведае, можа, для таго, каб поўнасцю паверыць, што чалавек, яго цела некалi ўваскрэсне, трэба перамагчы ў сабе плоцкiя ўцехi?.. Ну, а хто злоўжывае iмi - панясе кару: ён не толькi не зможа паверыць у сваё ўваскрэсенне, але i ўявiць яго сабе...
Я ўзяў яе за руку, нiбы хацеў суцешыць маленькае дзiця, а яна па-дзiцячы прытулiлася галоўкай да майго пляча. Я прыняў гэты дар, як зямля прымае персiк, што падае з дрэва. Большасць людзей не выбiраюць сабе спадарожнiкаў, як не выбiраюць сабе суседзяў дрэвы... Стаяць сабе адно каля аднаго, а пераплятаюцца толькi таму, што яны разраслiся...
Але ў тую хвiлiну я зрабiў подласць - я падумаў пра цябе, Iза, i захацеў адпомсцiць табе: выкарыстаць сiмпатыi, слабасць Марынеты i прымусiць цябе пакутаваць! Гэтая думка ахапiла мяне толькi на адно iмгненне, але ўсё ж яна ўзнiкла, я рыхтаваў злачынства!.. Няўпэўненым крокам мы рушылi туды, дзе было менш святла, да гранатавага гаю... Але лёс захацеў так, каб у гэты момант на алеi пачулiся крокi. Па гэтай алеi звычайна хадзiў у царкву абат Ардуэн... Хутчэй за ўсё гэта быў ён. Мне ўспомнiлiся яго словы: "Вы добры чалавек". О, калi б мог ён прачытаць мае думкi ў гэты момант! Мне стала сорамна. Можа, гэта мяне i ўратавала...