- Адны толькi джунглi ведаюць. На захад, я думаю, - сказаў Балу. - А мы ж лiчылi, што табе гэта вядома, Каа.
- Мне? Адкуль гэта? Я хапаю iх, калi яны трапляюцца мне на дарозе, але не палюю нi на малпаў, нi на жаб, нi на зялёнае багавiнне ў сажалцы. Хссс!
- Угору, угору! Угору, угору! Хiла! Iла! Iла, паглядзi ўгору, Балу з Сiянiйскай Чарады!
Балу зiрнуў угору, каб даведацца, адкуль чуецца голас, i ўбачыў каршуна Чыля, якi плаўна спускаўся ўнiз, i сонца свяцiла на прыўзнятыя краi яго крылаў. Чылю даўно пара было спаць, але ён усё яшчэ кружыў над джунглямi, шукаў мядзведзя i нiякне мог разгледзець яго скрозь густую лiстоту.
- Што здарылася? - спытаў Балу.
- Я бачыў Маўглi ў Бандар-Логаў. Ён прасiў перадаць гэта табе. Я прасачыў за iмi. Яны панеслi яго за раку, у малпiн горад - у Халодныя Бярлогi. Магчыма, яны застануцца там на ноч, магчыма - на дзесяць начэй, а магчыма - на гадзiну. Я загадаў кажанам пасачыць за iмi ўночы. Вось што мне было даручана. Добрага палявання ўсiм вам унiзе!
- Поўнага валляка i моцнага сну табе, Чыль! - крыкнула Багiра. - Я не забуду пра цябе, як выйду на паляванне, i пакiну цэлую галаву табе аднаму, о найлепшы з каршуноў!
- Дробязi! Дробязi! Хлопчык сказаў Запаветнае Слова. Нельга было не памагчы яму! - Чыль зрабiў круг над лесам i паляцеў на начлег.
- Ён не забыў, што трэба сказаць! - радаваўся Балу. - Падумаць толькi: гэтакi маленькi, а ўспомнiў Запаветнае Слова Птушак, ды яшчэ калi малпы валаклi яго па дрэвах!
- Яно было моцна ўбiта яму ў галаву, гэтае слова! - сказала Багiра. - Я таксама ганаруся дзiцянём, але цяпер нам трэба спяшацца да Халодных Бярлогаў.
Усе ў джунглях ведалi, дзе знаходзiцца гэтая мясцiна, але рэдка хто бываў там, бо Халоднымi Бярлогамi называлi стары, закiнуты i мёртвы горад, што згубiўся ў гушчары лесу; а звяры не будуць сялiцца там, дзе раней жылi людзi. Хiба толькi вепр паселiцца ў такой мясцiне, але не паляўнiчае племя. Ды i малпы бывалi там не часцей, чым у любым iншым месцы. Нiводзiн звер, якi паважае сябе, не падыходзiў блiзка да горада, хiба толькi ў час засухi, калi ў напаўразбураных вадаёмах i басейнах заставалася яшчэ вада.
- Дабiрацца туды палову ночы поўным ходам, - сказала Багiра.
I Балу адразу затужыў.
- Я з усяе сiлы буду спяшацца, - сказаў ён з трывогай.
- Мы не можам цябе чакаць. Бяжы за намi, Балу. Нам трэба спяшацца - мне i Каа.
- Хоць ты i на чатырох лапах, а я ад цябе не адстану, - коратка сказаў Каа.
Балу намагаўся бегчы за iмi, але вымушаны быў спачатку сесцi i перадыхнуць, так што яны пакiнулi мядзведзя, каб ён потым даганяў iх, i Багiра памчалася ўперад iмклiвымi скачкамi. Каа маўчаў, але як нi спяшалася Багiра, вялiзны ўдаў не адставаў ад яе. Калi яны дабралiся да горнай рэчкi, Багiра апынулася наперадзе, бо пераскочыла паток, а Каа пераплыў яго, трымаючы галаву i шыю над вадой. Але на роўнай зямлi ўдаў зноў дагнаў Багiру.
- Клянуся зламаным замком, што вызвалiў мяне, ты някепскi хадок! - сказала Багiра, калi апусцiўся змрок.
- Я прагаладаўся, - адказаў Каа. - Апрач таго, яны абзывалi мяне плямiстай жабай.
- Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!
- Усё роўна. Давай уперад, - I Каа нiбы лiўся па зямлi, пiльным вокам знаходзiў сама кароткую дарогу i рухаўся па ёй.
Малпiн Народ у Халодных Бярлогах зусiм не думаў пра сяброў Маўглi. Малпы прывалаклi хлопчыка ў закiнуты горад i цяпер былi вельмi задаволены сабой. Маўглi яшчэ нiколi не бачыў iндыйскага горада, i хоць гэты горад ляжаў увесь у руiнах, ён здаўся хлопчыку вялiкапышным i поўным цудаў. Адзiн багаты князь пабудаваў яго даўным-даўно на невысокiм узгорку. Яшчэ вiдаць былi рэшткi брукаваных дарог, што вялi да разбураных варотаў, дзе апошнiя абломкi гнiлых дошак яшчэ вiселi на заржавелых завесах. Дрэвы ўраслi каранямi ў сцены i ўзвышалiся над iмi; зубцы на сценах абвалiлiся i рассыпалiся ў пыл; паўзучыя раслiны выбiлiся з байнiц i звiсалi са сценаў вежаў, быццам касматыя бiзуны.
Вялiкi палац без даху стаяў на вяршынi ўзгорка. Мармур яго фантанаў i двароў быў увесь пакрыты расколiнамi i бурымi плямамi лiшайнiкаў, самi плiты двара, дзе калiсьцi стаялi князевы сланы, былi прыўзняты i рассунуты травой i маладымi дрэвамi. За палацам былi вiдаць рад за радам дамы без стрэх i ўвесь горад, падобны на пустыя соты, запоўненыя толькi цемрай; бясформенная каменная калода, якая была раней iдалам, валялася цяпер на плошчы, дзе скрыжоўвалiся чатыры дарогi; толькi ямы i выбоiны засталiся на рагах вулiц, дзе калiсьцi стаялi студнi, ды струхлелыя купалы храмаў, па баках якiх прараслi дзiкiя смакоўнiцы. Малпы называлi гэтае месца сваiм горадам i рабiлi выгляд, нiбыта пагарджаюць Народам Джунгляў за тое, што ён жыве ў лесе. I ўсё ж яны не ведалi, для чаго ўзведзены гэтыя будынкi i як iмi карыстацца. Яны садзiлiся ў кружок на памосце ў княжацкай зале рады, шукалi адна ў адной блох i гулялi ў людзей: забягалi ў дамы i зноў выбягалi з iх, сцягвалi кавалкi тынку i рознай старызны ў кут i забывалi, куды яны ўсё гэта схавалi; бiлiся i крычалi, нападаючы адна на адну, потым разбягалiся гуляць па тэрасах княжацкага саду, трэслi там апельсiнавыя дрэвы i кусты руж для таго толькi, каб паглядзець, як будуць сыпацца пялёсткi i плады. Яны абабягалi ўсе пераходы i цёмныя калiдоры ў палацы i сотнi невялiкiх цёмных пакояў, але не маглi запомнiць, што яны ўжо бачылi i чаго яшчэ не бачылi, i сноўдалiся ўсюды па адной, парамi або купкамi, выхваляючыся адна перад адной, што паводзяць сябе зусiм як людзi. Яны пiлi з вадаёмаў i каламуцiлi ў iх ваду, потым бiлiся за ваду, потым збiралiся ў натоўп i бегалi па ўсiм горадзе з крыкам:
- Няма ў джунглях народа мудрэйшага, дабрэйшага, спрытнейшага, дужэйшага i цiшэйшага, чым Бандар-Логi!
Потым усё пачыналася нанава, да таго часу, пакуль iм не надакучваў горад, i тады яны ўцякалi на верхавiны дрэў, усё яшчэ не трацячы надзеi, што калi-небудзь Народ Джунгляў заўважыць iх.
Маўглi, выхаваны паводле Закону Джунгляў, не разумеў такога жыцця, i яно не падабалася яму. Малпы прывалаклi яго ў Халодныя Бярлогi ўжо надвячоркам, i замест таго каб легчы спаць, як зрабiў бы сам Маўглi пасля доўгай дарогi, яны ўхапiлiся за рукi i пачалi скакаць i спяваць свае недарэчныя песнi. Адна малпа выступiла з прамовай перад астатнiмi i сказала iм, што захоп Маўглi ў палон азначае пачатак змен у гiсторыi Бандар-Логаў, бо цяпер Маўглi пакажа iм, як сплятаць галiны i трыснёг, каб абаранiцца ад холаду i дажджу.
Маўглi набраў лiян i пачаў iх сплятаць, а малпы паспрабавалi рабiць гэтак жа, як ён, але праз некалькi хвiлiн iм гэта абрыдла, i яны пачалi тузаць адна адну за хвасты i, кашляючы, скакаць на карачках.
- Мне хочацца есцi, - сказаў Маўглi. - Я чужы ў гэтых мясцiнах - прынясiце мне паесцi або дазвольце схадзiць тут на паляванне.
Дваццаць цi трыццаць малпаў кiнулiся па арэхi i дзiкiя плады для Маўглi, але па дарозе яны пабiлiся мiж сабой, а вяртацца з тым, што ў iх засталося, не мела сэнсу. Маўглi пакрыўдзiўся i раззлаваўся, ужо не кажучы пра тое, што ён быў галодны, i доўга блукаў па пустэльных вулiцах, час ад часу падаючы Паляўнiчы Поклiч Чужынца, але нiхто яму не адказаў, i Маўглi зразумеў, што ён трапiў у вельмi кепскае месца.
"Праўда ўсё тое, што Балу гаварыў пра Бандар-Логаў, - падумаў ён сам сабе. - У iх няма нi Закону, нi Паляўнiчага Поклiчу, нi важакоў, нiчога, апрача дурных слоў i ўчэпiстых зладзейскiх лапаў. Так што калi мяне тут заб'юць або я памру галоднай смерцю, дык буду сам вiнаваты. Але трэба што-небудзь прыдумаць i вярнуцца ў мае родныя джунглi. Балу, вядома, мяне адлупцуе, але гэта лепш, чым лавiць нiкчэмныя пялёсткi руж разам з Бандар-Логамi".
Як толькi ён падышоў да гарадской сцяны, малпы адразу адцягнулi яго назад, гаворачы пры гэтым, што ён сам не разумее, як яму пашанцавала, i пачалi шчыпаць яго, каб ён адчуў да iх падзяку. Ён сцяў зубы i змоўчаў, але ўсё ж пайшоў разам з малпамi, якiя моцна гарланiлi, на тэрасу, дзе былi вадаёмы з чырвонага пясчанiку, да палавiны запоўненыя дажджавой вадой. Там пасярэдзiне тэрасы стаяла разбураная альтанка з белага мармуру, пабудаваная для князевых жонак, якiх даўно ўжо не было на свеце. Купал альтанкi абвалiўся i засыпаў падземны ход з палаца, па якiм жанчыны прыходзiлi сюды, але сцены з мармуру ажурнай работы засталiся цэлыя. Цудоўную разьбу малочнай белiзны, лёгкую, як карункi, аздаблялi агаты, сердалiкi, яшма i лазурыт, а калi над узгоркам узышоў месяц, яго промнi пранiклi праз разьбу, i густыя ценi леглi на зямлю ўзорам чорнага аксамiту. Пакрыўджаны, сонны i галодны Маўглi ўсё ж не мог не смяяцца, калi малпы пачыналi на дваццаць галасоў паўтараць яму, якiя яны мудрыя, дужыя i добрыя i якi ён неразумны, што хоча з iмi расстацца.
- Мы вялiкiя! Мы вольныя! Мы заслужылi, каб намi захаплялiся! Заслужылi, як нiводзiн народ у джунглях, каб намi захаплялiся! Мы ўсе так гаворым значыцца, гэта праўда! - крычалi яны. - Зараз мы табе раскажам пра сябе, якiя мы цудоўныя, калi ты нас слухаеш i можаш перадаць нашы словы Народу Джунгляў, каб у будучым ён звяртаў на нас увагу.
Маўглi з iмi не спрачаўся, i сотнi малпаў сабралiся на тэрасе паслухаць, як iхнiя гаваруны будуць спяваць хвалу Бандар-Логам, i калi балбатухi малпы спынялiся, каб перадыхнуць, астатнiя падхоплiвалi хорам:
- Гэта праўда, мы ўсе так гаворым!
Маўглi кiваў галавою, мiргаў вачамi i падтакваў, калi ў яго пыталiся пра што-небудзь, i галава ў яго кружылася ад шуму.
"Шакал Табакi, мусiць, перакусаў iх усiх, - думаў ён сам сабе, - i яны цяпер пашалелi. Гэта ў iх шаленства, "дзiванi". Няўжо яны нiколi не спяць? Вось зараз гэтае воблачка закрые месяц. Калi яно вялiкае, я паспеў бы ўцячы ў цемры. Але я стамiўся".
За гэтым самым воблакам сачылi двое верных сяброў у напаўзасыпаным рове пад гарадской сцяною. Багiра i Каа ведалi, якiя небяспечныя малпы, калi iх многа, i чакалi, каб не рызыкаваць дарэмна. Малпы нiзашто на свеце не будуць бiцца, калi iх менш за сотню супраць аднаго, а ў джунглях мала каму даспадобы такая перавага.
- Я папаўзу да заходняй сцяны, - шапнуў Каа, - i шпарка скачуся па схiле ўнiз, там мне будзе лягчэй. Яны, вядома, не кiнуцца мне на спiну ўсiм гуртам, але ўсё ж...
- Я ведаю, - сказала Багiра. - Калi б Балу быў тут! Але ўсё-такi мы зробiм што можам. Як толькi гэтае воблака закрые месяц, я выйду на тэрасу. Яны там аб нечым раяцца мiж сабой.
- Добрага палявання, - змрочна сказаў Каа i слiзгануў да заходняй сцяны.
Яна, як выявiлася, была разбурана менш, чым iншыя, i вялiзны ўдаў забавiўся, пакуль прабiраўся памiж камянёў. Воблака закрыла месяц i якраз у тую хвiлiну, калi Маўглi думаў, што будзе далей, ён пачуў лёгкiя крокi Багiры на тэрасе. Чорная пантэра ўзбегла па схiле амаль бе шуму i, не трацячы часу на тое, каб кусацца, раздавала ўдары направа i налева малпам, што сядзелi вакол Маўглi ў пяцьдзесят - шэсцьдзесят радоў. Пачуўся агульны енк перапуду i лютасцi, у той час як Багiра крочыла па целах малпаў, што качалiся i валтузiлiся пад ёю, адна малпа крыкнула:
- Яна тут адна! Заб'ём яе! Заб'ём!
Клубок малпаў, кусаючы, драпаючы, тузаючы i рвучы Багiру, сплёўся над ёю, а пяць цi шэсць малпаў моцна схапiлi Маўглi, падцягнулi яго да сцяны альтанкi i ўпiхнулi ў пралом купала. Хлопчык, выхаваны людзьмi, быў бы ўвесь у сiняках, бо падаць яму давялося з вышынi добрых пятнаццацi футаў, але Маўглi ўпаў так, як вучыў яго падаць Балу, i адразу стаў на ногi.
- Пасядзi тут, - крычалi малпы, - пакуль мы не заб'ём тваiх сяброў! А пасля мы пагуляем з табою, калi Ядавiты Народ пакiне цябе жывым!
- Мы з вамi адной крывi, я i вы! - хуценька шапнуў Маўглi Змяiнае Слова.
Ён пачуў шоргат i сыканне наўкол у кучах друзу i для надзейнасцi яшчэ раз паўтарыў Змяiнае Слова.
- Ссссстой ссспакойна, Маленькi Брат, iнакш ты падушыш нассс! Мы цябе чуем. Расссссуньцессся! - сказала некалькi цiхiх галасоў (усе руiны ў Iндыi рана цi позна становяцца прытулкам змей, i старая альтанка кiшма кiшэла кобрамi).
Маўглi стаяў спакойна, глядзеў праз ажурную разьбу i прыслухоўваўся да шуму бойкi чорнай пантэры з малпамi, да крыкаў, мармытання, плескачоў i густога, хрыплага кашлю Багiры, якая рвалася i кiдалася ўзад i ўперад, задыхаючыся пад кучай малпаў, што навалiлiся на яе.
Упершыню за ўсё жыццё Багiра бiлася не на жыццё, а на смерць.
"Балу павiнен быць блiзка: Багiра не прыйшла б адна", - падумаў Маўглi i гучна крыкнуў:
- Да вадаёма, Багiра! Скацiся да вадаёма! Скацiся i нырнi! Кiдайся ў ваду!
Багiра пачула яго; гэты крык сказаў ёй, што Маўглi жывы, i надаў сiлы. Яна бiлася раз'юшана, крок за крокам пракладваючы сабе дарогу да вадаёма. I тут каля падножжа разбуранай сцяны, блiжэй да джунгляў, пачуўся, як гром, баявы поклiч Балу. Як нi спяшаўся стары мядзведзь, ён не мог паспець раней.
- Багiра, - крычаў ён, - я тут! Я лезу наверх! Я спяшаюся! Камянi выслiзгваюць у мяне з-пад ног! Дайце толькi да вас дабрацца, о вы, подлыя Бандар-Логi!
Мядзведзь, сапучы, ускараскаўся на тэрасу i знiк пад хваляй малпаў, што рынулiся на яго, але тут жа прысеў на кукiшкi, расставiў пярэднiя лапы i згроб iмi столькi малпаў, колькi мог утрымаць. Потым пасыпалiся раўнамерныя ўдары плясь-плясь-плясь! - з цмоканнем, быццам плiцы бiлi па вадзе. Шум падзення i ўсплёск сказалi Маўглi, што Багiра прабiлася да вадаёма, куды малпы не маглi палезцi за ёю. Пантэра ляжала ў вадзе, выставiўшы толькi галаву, i прагна хапала ротам паветра, а малпы стаялi ў тры рады на чырвоных прыступках i падскаквалi ад злосцi на месцы, гатовыя накiнуцца на яе з усiх бакоў разам, калi яна выйдзе з вады на дапамогу Балу.
Вось менавiта тады Багiра ўзняла мокры падбародак i ў роспачы крыкнула, заклiкаючы на дапамогу Змяiны Народ:
- Мы з вамi адной крывi, я i вы!
Яна думала, што ў апошнюю хвiлiну Каа збаяўся. Нават Балу на краi тэрасы, ледзь дыхаючы пад малпамi, што навалiлiся на яго, не мог стрымаць усмешкi, калi пачуў, што чорная пантэра просiць дапамогi.
Каа толькi што перавалiўся цераз заходнюю сцяну i так моцна грымнуўся аб зямлю, што вялiзны камень звалiўся ў роў. Каа i не збiраўся адступаць. Ён два разы скруцiўся i раскруцiўся, каб праверыць, наколькi кожны фут яго доўгага цела падрыхтаваны да бою. Тым часам Балу не пераставаў бiцца, i малпы верашчалi над вадаёмам вакол Багiры, i кажан Манг, лятаючы ўзад i ўперад, разносiў па джунглях весткi пра вялiкую бiтву, так што затрубiў нават дзiкi слон Хатхi. Далёка ў лесе прачнулiся паасобныя чародкi малпаў i памчалiся па верхавiнах дрэў да Халодных Бярлогаў, на дапамогу сваякам, i шум бою пабудзiў дзённых птушак на шмат мiль навакол. Тады Каа рушыў шпарка, напрасткi, ахоплены прагай забiваць. Уся сiла ўдава - у цяжкiм удары галавой, падвоеным сiлай i цяжарам усяго цела. Калi вы можаце ўявiць сабе кап'ё, або таран, або молат вагою амаль паўтоны, кiруемы спакойным, разважлiвым розумам, што жыве ў яго ручцы, вы можаце сабе ўявiць, якi быў Каа ў баi. Удаў даўжынёю чатыры цi пяць футаў можа збiць з ног чалавека, калi ўдарыць яго галавою ў грудзi, а Каа, як вам вядома, меў ажно трыццаць футаў. Першы ўдар, нацэлены прама ў гушчу малпаў, што акружылi Балу, быў нанесены моўчкi, з закрытым ротам, а другога ўдару не спатрэбiлася. Малпы кiнулiся ўроссып з крыкам:
- Каа! Гэта Каа! Уцякайце! Уцякайце!
Не адно пакаленне малпаў выхоўвалася ў страху перад удавам i паводзiла сябе як след, бо наслухалася ад старэйшых расказаў пра Каа, начнога злодзея, якi ўмеў праслiзнуць сярод галiн гэтак жа бясшумна, як расце мох, i выкрасцi сама дужую малпу; пра старога Каа, якi ўмеў прыкiдвацца сухiм суком або гнiлым пнём, так што сама мудрыя нi аб чым не здагадвалiся да таго часу, пакуль гэты сук не хапаў iх. Малпы баялiся Каа больш за ўсё на свеце, бо нiводная з iх не ведала межаў яго сiлы, нiводная не асмельвалася зiрнуць яму ў вочы i нiводная не выйшла жывою з яго абдымкаў. I таму, калоцячыся ад жаху, малпы кiнулiся на сцены i на дахi дамоў, а Балу з палёгкай глыбока ўздыхнуў. Поўсць у яго была куды гусцейшая, чым у Багiры, але i ён даволi-такi нацярпеўся ў баi. I тут Каа ўпершыню разявiў пашчу, сыкнуў адно доўгае свiстлiвае слова, i малпы, што далёка ў лесе спяшалiся на дапамогу да Халодных Бярлогаў, замерлi на месцы i задрыжалi так моцна, што галiны пад iх цяжарам сагнулiся i затрашчалi. Малпы на сценах i на дахах дамоў перасталi крычаць, у горадзе зрабiлася цiха, i Маўглi пачуў, як Багiра ацепвае мокрыя бакi, пасля таго як выйшла з вадаёма. Потым зноў узняўся шум. Малпы палезлi вышэй на сцены, учапiлiся за шыi вялiзных каменных iдалаў i вiшчалi, скачучы па зубчастых сценах, а Маўглi прытанцоўваў на месцы, прыпаў вокам да ажурнай разьбы i пачаў вухкаць, як сава, выказваючы гэтым сваю пагарду i насмешку.
- Дастанем дзiцяня з пасткi, я больш не магу! - цяжка дыхаючы, сказала Багiра. - Возьмем дзiцяня i ўцякайма. Хаця б яны зноў не напалi!
- Яны не крануцца з месца, пакуль я не загадаю iм. Ссстойце на мессцы! сыкнуў Каа, i навокал зноў зрабiлася цiха. - Я не мог прыйсцi раней, Сясстра, але мне здалосся, што я чую твой поклiч, - сказаў ён Багiры.
- Я... я, можа, i клiкала цябе ў разгар бою, - адказала Багiра. - Балу, ты паранены?
- Не ведаю, як гэта яны не разарвалi мяне на сотню маленькiх мядзведзяў, сказаў Балу, спаважна атрасаючы адну лапу за другой. - Ооу! Мне балiць! Каа, мы абавязаны табе жыццём, мы з Багiрай...
- Гэта дробязь. А дзе ж чалавечак?
- Тут, у пастцы! Я не магу вылезцi! - крыкнуў Маўглi.
Над яго галавой закругляўся купал, якi абвалiўся якраз пасярэдзiне.
- Забярыце яго адсюль! Ён танцуе, як паўлiн Мор! Ён перадушыць нагамi нашых дзяцей! - сказалi знiзу кобры.
- Ха! - засмяяўся Каа. - У яго ўсюды сябры, у гэтага чалавечка. Адыдзiся падалей, чалавечак, а вы схавайцеся, о Ядавiты Народ! Зараз я праб'ю сцяну.
Каа як след прыгледзеўся i знайшоў пачарнелую расколiну ў мармуровай разьбе, там, дзе сцяна была найбольш разбурана, разы два-тры злёгку адпiхнуўся галавой, прымерваючыся, потым прыўзняўся на шэсць футаў над зямлёй i стукнуў з усяе сiлы дзесяць разоў запар. Мармуровыя карункi трэснулi i рассыпалiся воблакам пылу i смецця. Маўглi выскачыў у пралом, кiнуўся на зямлю памiж Багiрай i Балу i абняў абаiх за шыю.
- Ты не паранены? - спытаў Балу, ласкава абдымаючы Маўглi.
- Мяне пакрыўдзiлi, я галодны i ўвесь у сiняках. Але як моцна яны вас пашкуматалi, сябры мае! Вы ўсе ў крывi!
- Не адны мы, - сказала Багiра, аблiзваючыся i пазiраючы на трупы малпаў на тэрасе i вакол вадаёма.
- Гэта дробязi, усё дробязi, калi ты жывы i здаровы, о мая гордасць, найлепшае з жабянятак! - прахныкаў Балу.
- Пра гэта мы пагаворым пасля, - сказала Багiра суха, што зусiм не спадабалася Маўглi. - Аднак тут Каа, якому мы з Балу абавязаны перамогай, а ты - жыццём. Падзякуй яму, як належыць паводле нашых звычаяў, Маўглi.
Маўглi павярнуўся i ўбачыў, што над iм пагойдваецца галава вялiзнага ўдава.
- Дык гэта i ёсць чалавечак? - сказаў Каа. - Скура ў яго вельмi гладкая, i ён падобны на Бандар-Логаў. Глядзi, каб я не палiчыў цябе за малпу як-небудзь у цемры, пасля таго як я змяню сваю скуру.
- Мы з табой адной крывi, ты i я, - адказаў Маўглi. - Сёння ты вярнуў мне жыццё. Мая здабыча будзе тваёй здабычай, калi ты прагаладаешся, о Каа!
- Дзякуй, Маленькi Брат, - сказаў Каа, хоць вочы яго смяялiся. - А што можа забiць такi храбры паляўнiчы? Я прашу дазволу паўзцi за iм, калi ён выправiцца на паляванне.
- Сам я не забiваю, я яшчэ малы, але я заганяю коз для тых, каму яны патрэбны. Калi захочаш есцi, прыходзь да мяне i пабачыш, праўда гэта цi не. У мяне спрытныя рукi, - ён выставiў iх уперад, - i калi ты трапiш у пастку, я змагу сплацiць доўг i табе, i Багiры, i Балу. Добрага палявання вам усiм, настаўнiкi мае!
- Цудоўна сказана! - прабурчаў Балу, бо Маўглi дзякаваў як належыць.
Удаў паклаў на хвiлiну сваю галаву на плячо Маўглi.
- Храбрае сэрца i пачцiвая гаворка, - сказаў ён. - З iмi ты далёка пойдзеш у джунглях. А цяпер выпраўляйся адсюль хутчэй разам са сваiмi сябрамi. Iдзi спаць, бо неўзабаве зойдзе месяц, а табе не трэба бачыць тое, што тут будзе.
Месяц заходзiў за ўзгоркамi, i рады малпаў, што, калоцячыся ад страху, тулiлiся на сценах i вежах, нагадвалi рваныя хiстка-зменлiвыя махры. Балу спусцiўся да вадаёма напiцца, а Багiра пачала вылiзваць сваё футра. I тут Каа выпаўз на сярэдзiну тэрасы, гучна ляснуў скiвiцамi, закрываючы пашчу, i ўсе малпы ўтаропiлiся на яго.
- Месяц заходзiць, - сказаў ён. - Цi дастаткова святла, цi добра вам вiдаць?
Па сценах пранёсся стогн, быццам вецер уздыхнуў у вяршалiнах дрэў:
- Нам вiдаць, о Каа!
- Цудоўна! Пачнём жа танец Каа - Танец Голаду. Сядзiце спакойна i глядзiце!
Ён двойчы цi тройчы скруцiўся ў вялiкае двайное i трайное кальцо, пагойдваючы галавой справа налева. Потым пачаў вырабляць петлi, i васьмёркi, i мяккiя, расплывiстыя трохвугольнiкi, якiя пераходзiлi ў квадраты i пяцiвугольнiкi, не спыняючыся, не спяшаючыся i не перастаючы нi на хвiлiну цiха гусцi. Рабiлася ўсё цямней i цямней, i напаследак ужо не вiдаць было, як раскручваецца i скручваецца Каа, чуваць было толькi, як шапацiць яго лускавiнне.
Балу i Багiра быццам скамянелi, натапырылi поўсць i глуха бурчалi, а Маўглi глядзеў i дзiвiўся.
- Бандар-Логi, - пачуўся нарэшце голас Каа, - можаце вы варухнуць рукой або нагой без майго загаду? Адказвайце.
- Без твайго слова мы не можам варухнуць нi рукой, нi нагой, о Каа!
- Цудоўна! Падыдзiце на адзiн крок блiжэй да мяне!
Рады малпаў бездапаможна хiснулiся ўперад, i Балу з Багiрай мiжвольна зрабiлi крок уперад разам з iмi.
- Блiжэй! - сыкнуў Каа.
I малпы зрабiлi яшчэ адзiн крок.
Маўглi паклаў рукi на плечы Багiры i Балу, каб павесцi iх прэч адсюль, i абодва звяры ўздрыгнулi, быццам прачнулiся.
- Не здымай рукi з майго пляча, - шапнула Багiра, - не здымай, iнакш я пайду... пайду да Каа. А-ах!
- Гэта ўсяго толькi стары Каа вырабляе свае кругi ў пыле, - сказаў Маўглi. - Хадзем адсюль.
I ўсе трое выслiзнулi ў пралом сцяны i пайшлi ў джунглi.