Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: Чаканьне, альбо Зацемкі 1995-га году - Барыс Пятровіч на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

БАРЫС ПЯТРОВІЧ

ЧАКАНЬНЕ, альбо Зацемкі 1995-га году

«І азірацца стаў я недаўменна,

Нібы ў быцьцё вярнуўся з небыцьця...»

Дантэ. «Боская камедыя» - «Пекпа».

1.

Цені паўзьлі па зямлі. Доўгія цені, з якіх нараджаецца вечар, каб памерці ў ноч. Нясьпешна, але няўмольна, няўхільна, набліжаліся яны да ног Стаха і спыніць іх — азначала спыніць час, спыніць жыцьцё. Цені на­лежал! не навакольным дрэвам і дамам, а сонцу, якое хавалася за гэтымі дрэвамі і дамамі, якое зыходзіла адсюль некуды туды, дзе цені цяпер зьмяншаліся, дзе цемра скурчвалася і зьнікала, дзе нараджаўся ясны дзень. Любы зыход ёсьць нараджэньне? Мажліва, і так. Але ня тут, а недзе там... Стах наступіў на блізкі цень, аднак ён абняў сабою ягоны чаравік, накрыў, узяў у палон, і Стах адчуў холад ценю, нібы засунуў нагу ў гурбу сьнегу. Холад не фізічны і таму адчувальны яшчэ больш страшней. Сонца забірала адсюль ня толькі сваё сьвятло, але і цяпло. Забірала, каб заўтра зноў гэтаксама няўхільна - немінуча - аддаць і сьвятло, і цяпло людзям. «Дык ці варта змагацца з насоўваньнем холаду і цемры, — падумаў Стах, — ён, яны, наколькі непазьбежныя, настолькі часовыя. Законы прыроды адзіныя для ўсіх і кожнаму краю рана ці позна трэба адпачынак. Хай і наш адпачне... Мажліва, продкі нашыя пажылі ў ясны дзень, мажліва, нашчадкі нашыя яшчэ пажывуць. А на нашую долю дасталася ноч...»

Стаху балела за тое, што адбывалася ў краі. Ён упарта, пакутна шукаў выйсьця для сябе, а знаходзіў толькі апраўданьні бяздзейнасьці. Гідка было адчуваць сваю слабасьць перад сістэмай, моц якой здавалася непарушнай, як законы прыроды. Крыўдна было жыць чаканьнем, бо жыцьцё адное і яго не перачакаеш...

Наляцеў вецер. Рэзкі, нярвовы. Прыгнуў галовы дрэваў, вычасаў пажоўкпыя лісты, што з апошніх сілаў трымаліся за жыцьцё. Шырокі, нібы спрацаваная даланя, кляновы ліст апусьціўся на плячо Стаха, пагладзіў яго, быццам пашкадаваў-паспачуваў, альбо — разьвітаўся, і зьехаў на лаўку. «Восень... Вечар года, які нясе ноч — зіму. I тут — спачын...» — падумаў Стах. Ці не таму думкі ягоныя круціліся сёньня вакол аднаго — спачыну, ці не таму толькі пра набліжэньне яго гаварыла яму цяпер прырода, што быўён вельмі стомлены. Некалькі апошніх месяцаў працаваўСтах над карцінаю. Дзесяткі варыянтаў, сотні эскізаў адпрэчыў, перш чым пачаў пісаць. I вось праца падыходзіць да канца, а ён — незадаволены ёю. Грызе яго чарвяк сумліву. Нібы нехта, брыдкі і агідны, шэпча яму: «Ня тое, зусім ня тое выходзіць у цябе, ня тое, што ты задумваў...» Хоць сябры і жонка ўзахапленьні, хоць і сам ён бачыць, што ў гэтай карціне «падскочыў» вышэй за самога сябе, аднак... Аднак штосьці ў ёй не задавальняла яго. Што? Ён пакуль ня ведаў. Шукаў і не знаходзіў. Бывала з ім такое і раней, але тады ён альбо быў больш упэўнены ў сабе і пакідаў усё так, як скпалася, альбо менш ведаў і веды не перашкаджалі яму (як не дапамагалі цяпер), таму выйсьце знаходзіў хутка. Гэтым жа разам ён, напэўна, занадта сур’ёзна паставіўся да свае чарговае, так — чарговае, а не этапнае, работы, бо нішто з таго, што ён прыдумваў, ня «бачылася» яму на карціне, як завяршальны штрых... Таму яна развальвалася, распадалася на астраўкі, зьяднаць якія ў адзіны мацярык ён ня мог...

Сёньня вечарам Стах ачуўся ў той момант, калі стаяўля карціны з кухонным нажом, гатовы кінуцца на яе, пакроіць на кавалкі, зьмесьці іху кут і пачаць пісаць нанова. Ачуўся і вырашыў выйсьці ўблізкі скверык, каб адпачыць, каб забыцца. Бо ён раптам зразумеў, усьвядоміў, што незадаволенасьць гэтая перапаўняла ня толькі яго. Яна зыходзіла і ад няскончанай карціны. А жаданьне зьнішчыць свой твор — ці не было то жаданьне зьнішчыць сябе? Бо абрыдла яму шукаць выйсьце, а знаходзіць апраўданьні, бо зразумеў ён, што толькі беларус, толькі мастак і ня болей за тое...

Цямнела надзіва хутка. Літаральна на вачах гусьцелі фарбы празрыста-бясколернага паветра. Цені даўно сабраліся разам, у адзін, вялізны, які ўвабраў у сябе ўвесь горад. Паўз лаўку, на якой сядзеў Стах, праходзілі нейкія людзі, праносілі свае пахі, фарбы і словы. Скверык амаль апусьцеў. «Паехалі» дамоў маладыя бабулі і маці з унукамі і дзецьмі ў вазках. Зьніклі і сабакаводы. I сапраўды — сабакаводы, бо водзяць яны сваіх сабак, баяцца нават спусьціць іх з павадка, каб не зманілі і ня скралі... Не, водзяць сваіх гаспадароў сабакі — цягаюць за сабою ад дрэва да кусьціка, пырскаючы патроху ледзь не на ногі клапатлівым «уладарам».

На вуліцы запалілі ліхтары і ў скверыку стала яшчэ цямней. Стах застыў у роздуме — маўклівы, нерухомы — і збоку магло падацца нават, што ён дрэмле.

— Малады чалавек, а малады чалавек! — ля Стаха спыніўся нейкі мужчына, на выгляд амаль дзед, але ў паставе ягонай адчувалася яшчэ моц і сіла, а ў рухах

— лёгкасьць. — Малады чалавек, вы ня скажаце — дзе тут магіла Пфляўмбаўма? — Мужчына спытаў і пільна ўгледзеўся ў вочы Стаху. Гаварыў ён з заўважным акцэнтам. Прыбалтыйскім, падобна?

«Магіла Пфляўмбаўма?..» — Стах урэшце зразумеў, пра што ў яго пытаюцца, і страпянуўся: і сапраўды, некалі на месцы гэтага скверыка былі могілкі. Нямецкія — лютэранскія - могілкі. Але бальшавікі гадоў пяцьдзесят таму іх зьнеслі, магілы выраўнялі, а надмагільныя пліты з гатычнымі надпісамі разабралі месьцічы на падмуркі дамоў. I ніхто, мусіць, цяпер у цэлым горадзе не пакажа тое месца, дзе была некалі магіла Пфляўмбаўма...

— Карла Іванавіча Пфляўмбаўма, — сказаў чалавек і на гэты раз акцэнт ягоны падаўся Стаху яўрэйскім і сам ён падобным да яўрэя, старога менскага яўрэя.

— Ня ведаю, — адказаў Стах, — тут даўно скверык. Я пасяліўся — скверык ужо быў. Спытайцеся мо ў каго са старэйшых.

— Які скверык? — перапытаў мужчына зьдзіўлена. Роблена зьдзіўлена, але таго хапіла Стаху, каб адняць сьпіну ад лаўкі і агледзецца. I праўда: які скверык? Стах сядзеў на могілках і вакол былі надмагільныя пліты. Сурова перамежваліся яны між сабою, стаялі вышэй- ніжэй нібы дамы ў начным горадзе, але не абыякава, не хаатычна, як на Кальварыі, а строга, акуратна.

— Тут быў... тут заўсёды быў скверык... — толькі і змог прамовіць Стах і падумаў: «Пакуль зусім не сьцямнела, трэба ісьці дахаты, класьціся спаць і добра адпачыць... Адпачыць, бо так нядоўга і з глуздоў зьехаць...» Могілкі, падобныя правільныя могілкі з пагрознымі надмагільнымі плітамі, незусім беларускія і разам з тым спрадвечна-беларускія, і павінны былі быць на ягонай карціне. Менавіта іх там не хапала. Якраз такіх. Толькі вось дзе? У правым куце на «залатым сячэньні»?..

— Ну, скажам, скверык тут быў не заўсёды, і вы гэта цудоўна ведаеце, — сказаў мужчына, прысеў побач са Стахам на лаўку, дастаў з кішэні люльку, набіў тытунём з прыгожае, чорнае ў чырвоныя кветкі, табакеркі. — Прабачце, малады чалавек, у вас запалак ня будзе?

— Няма... Даруйце, але нічым я вам дапамагчы не магу... Я сабраўся быў ісьці дамоў, таму яшчэ раз да­руйце...

— Пачакай, — раптам безапеляцыйна прамовіў мужчына, — не сьпяшай, мне, уласна, не магіла Пфляўмбаўма трэба. Я і без таго ведаю, дзе яна. Вунь, бачыш, над плітою крыж гатычны каменны?.. То яна. А прыйшоўя па іншай справе. Я прыйшоў, каб паказаць табе тваю магілу...

— Маю магілу?.. Мне?..

— Непасрэдна.

— Прабачце, але мне не да жартаў...

— Я і не зьбіраўся жартаваць. Пойдзем, пакажу.

Стах ня быў загіпнатызаваны і, не зважаючы на стому, якздавалася яму, цалкам валодаўсабою. Прынамсі, мог крытычна мысьліць, мог не паддацца на спакусу, мог, думалася яму, у любы момант спакойна разьвітацца з незнаёмцам, устаць і пайсьці дамоў. I калі што і ўзяло верх — дык простая цікаўнасьць, так думаў ён, і жаданьне праверыць сябе ў незвычайнай сітуацыі. На гэта, пэўна, і разьлічваў мужчына.

— Пойдзем? — перапытаў ён і пыхнуў дымам — белым на тле цемры, лёгкім у сьвятле ліхтароў і — сапраўдным: Стах пачуў прыемны пах яго, далікатны і тонкі. Калі і як незнаёмец прыпаліў — Стах не прыкмеціў.

— А чаму б і не, — асьмялеў раптам Стах, — пойдзем.

Хацеў таго Стах альбо не, аднак у словах ягоных чуўся выклік, лёгкая іронія і зьдзек. Толькі вось над кім іронія і зьдзек— над сабою ці над мужчынам? Каму выклік? Паколькі Стах быў амаль упэўнены, што перад ім рэальны чалавек, то і першае, і другое, і трэцяе адрасавалася толькі яму самому. Ён не любіў у сабе гэтую разважлівасьць, асьцярожнасьць, боязь рызыкі, разьлік — памяркоўнасьць, як цяпер любяць казаць

— і таму час ад часу кідаў сябе прымусам у нейкую авантуру, з якое, бывала, выплываў яшчэ больш раззлаваны і незадаволены сабою.

Мужчына і Стах прайшлі колькі дзесяткаў крокаў углыб скверыка-могілак і спыніліся ля сьвежага жоўтага грудка, у які быў уторкнуты кепска пафарбаваны драўляны слупок з чорнаю металічнаю шыльдачкаю. На ёй сьвяціліся сьпешна, але ня скажаш, што неахайна, напісаныя белыя словы і лічбы. Прозьвішча, імя, імя па бацьку Стаха. Прычым імя поўнае, пашпартнае — Станіслаў, а ня творчае, не сямейнае, пад якім яго ўсе ведаюць. і даты. Нараджэньня і сьмерці. Нараджэньня... і... сьмерці: 12.10.199... Лічбы паплылі перад вачыма Стаха: год быў сёлетні...

— Гэта — праўда?.. — непаслухмянымі сухімі вуснамі прамовіў Стах. Прамовіў-спытаў: — Гэта — праўда: мне засталося жыць толькі сем дзён?.. — I ўбачыў свой здымак на магіле пад слупком. Ягоны любімы здымак. У чорнай рамцы і з чорнаю паласою наўскосунізе... I пачуў густы пах сырой зямлі і незасохлае фарбы, якім было настоенае паветра.

— Так, толькі тыдзень — спакойна адказаў мужчына, узяў люльку і пыхнуў дымам, — роўна праз тыдзень ты прыйдзеш сюды, у гэты скверык, сядзеш на тую самую лаўку і будзеш чакаць мяне. Я прыйдуда цябе... Каб разьвітацца. Бо здарыцца з табою тут тое, што і павінна здарыцца: інсульт. Ты засьнеш ціха і пакорліва на гэтай лаўцы і ніхто не здагадаецца табе дапамагчы, ніхто ня выкліча «хуткую». А калі прыбяжыць шукаць цябе жонка, будзе ўжо занадта позна...

— Позна... — толькі і змог паўтарыць апошняе слова мужчыны Стах. Ён ня быў разгублены. Ён ня быў зьдзіўлены. Ён быў абыякавы да ўсяго, быццам не ўсьвядоміў яшчэ, што размова ідзе пра яго. Але — «быццам», бо ён усё разумеў. Толькі вось як рэагаваць на гэта ня ведаў. Успрымаць сур’ёзна, распытаць падрабязнасьці, альбо пасьмяяцца, пакпіць з мужчыны, — розум не падказваў яму выйсьця. Розум маўчаў, нібы прымаў словы мужчыны за ісьціну.

— Так, позна, — гэтаксама спакойна паўтарыў муж­чына і дадаў, — ужо сёньня позна нешта зьмяніць. Нельга. Немагчыма. I ты ня зможаш цяпер ні аддаліць сваю сьмерць, ні нават прысьпешыць, што б ні рабіў дзеля таго. Бо ня важна, як ты памрэш, важна — калі. А памрэш ты роўна праз тыдзень — 12 кастрычніка, увечары... Ад інсульту. I будуць адныя шкадаваць цябе такога маладога і таленавітага, а іншыя зайздросьціць лёгкай сьмерці... У цябе цяпер ёсьць толькі адзін выбар: як пражыць, што зрабіць за гэты тыдзень. А ў астатнім — ад лёсу не ўцячэш. I я адно — падказаў табе наканаванае.

Стах маўчаў. I тады незнаёмец загаварыў зноў:

— Каб ты канчаткова паверыў мне, а не палічыў, што нашая размова нейкі сон, мроіва, трызьненьне твайго стомленага розуму, скажу вось што: цяпер восем гадзінаў, а сёмай твае жонка і дачка пайшлі ў тэатр і будуць вяртацца адтуль а палове дзесятай. На скрыжаваньні ля Гарадскога валу ў іх аўтобус на поўнай хуткасьці ўрэжацца «мерседэс». Не хвалюйся, усё абыдзецца лёгкім спалохам, толькі адна жанчына зломіць рукуды нехта нос разаб’е падаючы. Але дачка і жонка табе абавязкова раскажуць пра гэтае здарэньне, што адбудзецца праз паўтары гадзіны.

I ўсё ж мужчына падабраў вельмі зручны момант дзеля сустрэчы са Стахам: той быў надта спустошаны, каб імгненна рэагаваць на ягоныя дзіўныя словы, калі не паведамленьні, каб з нечым спрачацца, каб нешта ўдакладняць... Праз колькі хвіляў няёмкае цішыні, мужчына дастаў з кішэні гадзіньнік, пстрыкнуў вечкам, хмыкнуў сам сабе і прамовіў разьвітальна:

— Ну што ж, калі ты ўсё зразумеў, то — бывай. Мне пара. Не дзякуй, ня трэба (быццам Стах зьбіраўся яму дзякаваць), а праз тыдзень — прыходзь сюды, у скверык, на любімую лаўку. Узваж усё і прыходзь. Абавязкова. I, можа, яшчэ ўбачымся... Бывай.

Стах увесь гэты час, як зачараваны, ня зводзіў вачэй са сваёй магілы, са здымку, з якога ён мёртвы ўглядаўся ў сябе жывога. А таму і не заўважыў нават, як і куды зьнік мужчына. Ці пайшоў ён, ці растаў на месцы бы дым з люлькі... Але могілкі былі яшчэ вакол Стаха — рэальныя, сапраўдныя, старыя могілкі. I Ma­rina ягоная была перад ім. А значыць ён ня спаў і ня трызьніў. Стах дастаўз кішэні насоўку, зачарпнуўжме­ню сыраватага жоўтага пяску са сваёй магілы, высыпаў у хусьцінку, згарнуў яе, завязаў і паклаў у кішэню. Вакол ужо былі проста могілкі, ня тыя — нямецкія, а нейкія іншыя, якіх Стах ня ведаў, ня бачыў раней... Стах яшчэ раз зірнуў на дату сваёй сьмерці: 12.10... павярнуўся да яе сьпінай і пайшоў у бок сьвятла, у бок вуліцы, на якой, адсюль бачна было, не спынялася жыцьцё — нізка над асфальтам плылі аўтамашыны і сьпяшаліся некуды людзі.

Так, горад яшчэ ня спаў. Ціхенька прасьлізнуў паўз Стаха амаль пусты 57-ы аўтобус. Кіроўца эканоміў паліва і машына кацілася ўніз з адкпючаным рухавіком. 3 міліцэйскае школы з дружным рогатам выйшла некалькі хлопцаў у форме. Стах азірнуўся. За ім быў той самы скверык, уякі ён увайшоўнадвячоркам. Ня могілкі

— скверык, з рэдкімі, тоўстымі старымі дрэвамі, маленькі, наскрозь працяты скразняком вулічнага сьвятла. Пусты. Звычайны. Аднак Стах чамусьці быў упэўнены, што ўбачанае і пачутае ім тут — праўда, а ня сон, не «трызьненьне стомленага розуму». I ўпэўненасьць гэтая — ня рэшткі гіпнозу. «Толькі тыдзень... Мне застаўся адзін тыдзень жыцьця...» — падумаў ён падыходзячы да свайго дому. Яму ідзе трыццаць трэці год, ён толькі-толькі ўзьбіўся ў творчасьці на нешта сваё, перад ім пачала адкрывацца прывабная будучыня, і вось — трэба паміраць... «Не хачу!..» — пульсавала думка, білася, як птушка ў клетцы, ірвалася на волю, у крык, але заглушала яе іншая: «Што рабіць? Як жыць?..» Не — «Як дажываць?» У яго ёсьць тыдзень, каб нешта зрабіць, каб, мажліва, зьмяніць свой лёс. Усяго тыдзень! Не — цэлы тыдзень... Але незнаёмец сказаў што нічога зьмяніць ён ня зможа. Нават, калі зараз паспрабаваць забіць сябе, зрабіць харакіры, як Місіма, скінуцца з дзевятага паверху, як Янішчыц, ці засіліцца, як Ясенін — усё роўна «адкачаюць», і памрэ ён, пасьля пякельных пакутаў, толькі праз тыдзень: 12.10... У ягоных вачах зноў паўстаў надпіс на слупку над магілай... А значыць — цэлы тыдзень яму давядзецца яшчэ жыць... Давядзецца? То было мала, а цяпер зашмат: «давяд­зецца...» — пакпіў з сябе Стах.

Ён падняўся на другі паверх, доўга шукаў у кішэні ключы ад кватэры, а потым, не адразу трапляючы ў за­мочную шчыліну, адчыніў дзьверы. Дома нікога не было. Жонка з дачкою і сапраўды цяпер у тэатры (ведаць пра тое мог шмат хто — падумаў Стах), у ТЮГу, на «Калысцы чатырох чараўніц». Майстэрні Стах, як занадта малады яшчэ не займеў, не зарабіў: дзяржава не дала, як іншым. I з дазволу жонкі ён ператварыў у майстэрню адзін з трох пакояў «хрушчоўкі» — вузкі і доўгі бы труна, але з вакном не заслоненым дрэвамі, адкрытым сонцу. Стах увайшоў у яго, запаліў сьвятло. На мальберце, проста перад ім, стаяла няскончаная карціна. Была яна сярэдніх, можна сказаць, памераў: метр на метр трыццаць. Угледзеўшыся ў чорна-шэры простакутнік палатна, Стах адразу ўбачыў, дзе ён намалюе могілкі. На залатым сячэньні. Там, дзе цяпер жаўцела пляма, ад якой ён пакутаваў, як ад зубнога болю. Узяў фарбы, падабраў на палітры колер — колер нядаўняга вечару, насычаны ярка-бэзавай фарбай ценю ад заходзячага за дрэвамі нябачнага сонца. Стах падыходзіў да карціны, кідаў на яе рэзкія і лёгкія, мокрыя сьляды фарбы, адступаў пару крокаў, пазіраў часценька міргаючы, асьцярожна вяртаўся і лагодна, ласкава падпраўляў нешта амаль нерухомым пэндзьлем. Ён не баяўся сапсаваць карціну ўнясеньнем чагосьці новага, не запланаванага, не прадуманага загадзя, не прыкінутага наэскізе. Ён цалкам аддаўся інтуіцыі, таму пачуцьцю палёту, якое называюць натхненьнем, ці, калі бліжэй да мастакоў, — экстазам. Ён ня бачыў цяпер нічога вакол сябе, ён нібыта сам быў унутры сваёй карціны і толькі падмалёўваў, паднаўляў фарбу на лаўцы, на слупку на магіле... Дрэвы вакол сталі ўжо сапраўднымі, ён незадаволены быўтолькі небам: яно ніяк не хацела рабіцца жывым...

Бразнулі ключы ў замку — вярнуліся жонка і дачка. Стах адклаў пэндзьлі, выцер ад фарбаў рукі: ён любіў вымешваць фарбы ўказальным пальцам, каб адчуваць іх жар і холад. «На пытаньне: «Што рабіць?» — адказ знайшоўся сам, — падумаў Стах, — працаваць. Працаваць, як ні ў чым ні бывала. Працаваць так, каб за гэты тыдзень карціну закончыць...» Засталося вырашыць толькі — як жыць цяпер з тым веданьнем, што даў яму ў скверыку-могілках незнаёмец? Сказаць жонцы ці не?.. «Вядома, не, — рашуча астудзіў сябе Стах, — пакуль — не. А, можа, і зусім нічога не казаць. Хай лепш даведаецца пасьля. Тады, калі і павінна быць...»

У майстэрню ўбегла дачка. Радасная, шчасьлівая і разам — нечым устрывожаная.

— Ой, татка, як добра, як добра... Як файна! Я вы­расту і стану актрысай, — і закружылася вакол мальберта, нібы ў танцы. — А ведаеш, што на дарозе было? На скрыжаваньні. Усе так і ахнулі...

— Хуценька зьбірай кніжкі і спаць, — гэта ў майстэр­ню ўвайшла жонка. Строгая, якзаўсёды, калі справа тычылася «выхаваньня» і вучобы дачкі, — Заўтра рана ў школу, а ты танцы наладзіла. Спаць! Хуценька... I адразу ж палагоднела: — Ну як у нашага таткі справы? — падышла да Стаха ззаду, паклала галаву на плячо, зазірнула на карціну. —Адкуль узялася гэтая змрочнасьць? — адразу ўбачыла яна, памаўчала і дадала: —А ведаеш, у гэтым нешта ёсьць... Думаю, мусіць, гэта якраз тое, чаго і не хапала... Але ці ня могілкі ты пішаш? Так?

Стах давяраў ёй, яе густу. I не дзе там, глыбока ўнутры парадаваўся, што і сапраўды знайшоў выйсьце: менавіта могілак і на ставала ягонай карціне дзеля завяршэньня, дзеля закругленьня, дзеля закальцаваньня ягонай ідэі, дзеля замкненьня яе ў прасторы карціны, дзеля паўнаты цыклу жыцьця...

— Стаміўся?

— Трохі... А што там было на дарозе, на скрыжаваньні?

— Ой, татка, — зноў падляцела дачка, — імпартны «мерседэс» у наш аўтобус «бух!» — аж шклы павыляталі. Мы так спалохаліся, так перапужаліся...

— Ідзі спаць, балбатуха, бо раніцай не дабудзіцца цябе. Ідзі, калі хочаш яшчэ ў тэатры пабываць, — сказала жонка дачцы і тая, насупленая, вярнулася ў свой пакой.

— Дык што там было? — спытаў Стах.

— Нічога асаблівага: п’яны камерсанцік на «мерседэсе» на чырвоны сьветлафор пайшоў і ў наш аўтобус урэзаўся. Кажуць, тармазы адказалі. Але дурням шанцуе — ніводнай драпіны нават. А ў аўтобусе адна жанчына кепска ўпала ды руку зламала, астатніхтолькі дробным шклом абсыпала...

Ну што Стах мог сказаць ёй на гэта, і што мог сказаць сабе? Незнаёмцу ён і без таго паверыў. Выпадак з аўтобусам і «мерседэсам» толькі пацьвердзіў, што ён не памыліўся, што і сапраўды, чаму быць, таго не абмінуць, ні сёньня, ні праз тыдзень... Ён злавіў сябе на тым, што ня слухае расповяд жонкі і прымусіў сябе «вярнуцца» ў пакой. Жонка таксама заўважыла нейкія зьмены на твары мужа і спытала:

— Што з табою?

— Нічога, проста моцна стаміўся. Цэлы дзень ля мальберту, як на закланьні, як ля станка. Галава «едзе». Пайду, пазваню Вітасю. Можа, выйдзем, разьняволімся, падыхаем начным Менскам. Колькі, дарэчы, часу?

— Палова на адзінаццатую.

— Якраз добра...

Стах з сябрам — суседам-пісьменьнікам Вітасем практыкавалі гэткія начныя шпацыры, дзеля прасьвятленьня галавы пасьля дзённага тлуму і перад «усяночнай». Былі яны «совамі» і працавалі звычайна ўсю ноч, ледзь не да сьвітанку зімою і да белага дня ўлетку. Вітась азваўся адразу:

— Мыз табою адчуваем адно аднога на адлегласьці, як пародзістыя сабакі. Я таксама кіраваў ужо да тэлефону, каб набраць твой нумар...

— Тады — за скверыкам?

— За скверыкам.

2.

Вітась быў найлепшым слухачом Стаха. Як і Стах ягоным. У гэтых сваіх шпацырахяны ня толькі размаўлялі пра жыцьцё-быцьцё, але і пераказвалі адзін аднаму задуманыя сюжэты, шліфавалі іх у гутарках, разьвівалі, а часам і дамысьлівалі разам. Ня раз у думках Стах падзякаваў Богу, што зьвёў яго з удумлівым, тактоўным, заўсёды прыветным Вітасем. Хоць зьнешне былі яны зусім рознымі: Стах — тыповы паляшук, а Вітась — каржакаваты, белабрысы «сярэдні» беларус, сэрцы іх біліся ўтакт і душы трымцелі і адгукаліся на адзін і той жа заклік аднолькава. Таму Стах і ня стаў утойваць ад Вітася нічога пра сваю нядаўнюю сустрэчу: быў упэўнены — зразумее і параіць, як самому сабе.

Вітась выслухаў Стаха моўчкі, неяк затарможана-спакойна, нават у хадзе трохі адстаючы, хоць звычайна ішлі яны крок у крок, бы салдаты на пляцы — за трох ці чатырохгадовае хаджэньне адчувалі адзін аднаго інстынктыўна, інтуітыўна і паварочвалі заўсёды разам, не згаворваючыся, а так, між іншым, у размове.

— Як ты кажаш выглядаў ён, — перапытаў Вітась,

— дужы, стараваты, падобны да яўрэя, прыбалтыйскі акцэнт... Чаму акцэнт? Для іх жа любая мова ці ўнушэньне не праблема. Хіба — дзеля паўнаты ўражаньня.

— Для іх... Ты ведаеш, мне ўсё роўна, хто гэта быў.

I ўсё роўна адкуль: з раю, з пекла, з будучыні ці з мінулага. Мне важна іншае: вось каб табе зараз далі толькі тыдзень, адзін толькі тыдзень жыцьця, як бы ты яго пражыў?

— Гм... Я думаю... Я думаю, што ў любым выпадку ня стаў бы нешта па-буйному зьмяняць. Жыў бы так, як дагэтуль...

— Няўжо не захацеў бы паспрабаваць тых радасьцяў жыцьця, якіх не каштаваў, якія адкладваў на потым, і вось гэтага «потым» ня стала...

— Ня ведаю... Але адназначна не напіўся б. I па кур­вах не пайшоў бы. Жыў бы, як і раней, быццам нічога і не здарылася, быццам нічога і ня ведаю... Не, усё-ткі, улічваючы, што, мажліва, і сапраўды застаўся толькі тыдзень, пастараўся б дарабіць тыя справы, якія пачаў, дзеля якіх жыў... жыву. Ушчыльніў бы час, працаваў бы дзень і ноч, каб дапісаць пачатую аповесьць. Ты ж ве-даеш... Я столькі хачу ў яе ўкласьці...

Стах уздыхнуў з палёгкай. Гэтакі адказ ён ужо знайшоў для сябе там, у майстэрні: працаваць, дарабіць, закончыць сваю карціну. Геніяльную карціну — хацеў бы думаць ён, каб ня вечны сумліў... Ён выдатна разумеў, і, дарэчы, ніколькі не сумняваўся ў ісьціне таго, што калі пішаш выбітную рэч, то і пісаць яе трэба адпаведна. У сэнсе — брацца за пэндзаль толькі тады, калі жаданьне працаваць— непераадольнае, калі ўсё цела ажно трымціць ня толькі ад гэтага жаданьня, але і ад упэўненасьці, што менавіта цяпер ты можаш сатварыць нешта незвычайнае, геніяльнае. I ніколі не падыходзіць да мальберту, калі дрэнны настрой, абыякавасьць да ўсяго, лянота. Бо яны перададуцца твору. Ня трэба прымушаць сябе, гвалтаваць. Як жа ты перадасі гармонію сьвету, калі няма гармоніі ўтваёй душы?.. Калі ж працуеш з асалодай, задавальненьнем, калі пішаш карціну ўсьведамляючы, верачы, будучы перакананым, што творыш рэч геніяльную, то твае думкі, энергетыка, біятокі, твая вера сьвядома альбо падсьвядома перададуцца карціне і яна потым будзе вылучаць іх, яна будзе гаварыць імі з гледачом, з наведнікам выставы, з аматарам ці прафесіяналам; кожны штрышок, кожны мазок будзе сьведчыць пра геніяльнасьць творцы і ягонага твора. Гэтым і адрозьніваецца праца генія, — думаў Стах, — ад працы проста майстра, падзёншчыка, размалёўшчыка. Гэта так, але ў сапраўднага, геніяльнага майстра заўсёды ёсьць адзін «хіб», пра які нельга забыцца, які нельга схаваць далёка-далёка, які заўсёды пры ім, бо жыве ў ім. Гэта - сумліў. Часам, праўда, ён - сумліў - сьпіць, аднак калі ўжо прачынаецца, дык любое ўсьведамленьне таго, што творыш ты рэч геніяльную, зжарэ ў хвілю ды яшчэ абліжацца. I каменя на камені не застанецца ад тваёй упэўненасьці, і перадолець гэты крызісны стан, ня зьнішчыць зробленае, не запіць, не закінуць ўсё — могуць толькі людзі моцныя...

Вітась ведаў, што пісаў цяпер Стах карціну выкпючную. Ён бачыў накіды, ведаў задумкі, «чытаў» карціну пачатую і даведзеную да сёньняшняга стану. Ён ня бачыў хіба толькі тое новае, што дапісаў Стах увечары, пасьля вяртаньня з могілак. I яму хацелася падтрымаць сябра, які, відочна было, заблытаўся ў сабе, у сваіх думках. Але як зрабіць гэта так, каб не пакрыўдзіць яго?

Яны прайшлі колькі кварталаў моўчкі, замыкнуўшыся ў сабе і не заўважаючы пекнасьцяў соннага Менску, не прыкмячаючы ягонага начнога жыцьця, што віравала ля кавярняў, ля прыпынкаў таксовак, ды проста ля некаторых зацемненых пад’ездаў. Час ад часу да іх далятала то вуркатаньне машыны, то сьмех ці ўскрык дзяўчыны, то проста гучны тупат ног... Але яны, звыкпыя да гэтых гукаў, да такога тла іхніх шпацыраў, ня бачылі і ня чулі цяпер нічога.

Стах ішоў і думаў, што яму пашанцавала з сябрам. Як і з жонкай. Не толькі ў жыцьцёвым, бытавым сэнсе, але і ў творчым. Разглядваючы карціну, сябар, здавалася, чытаў ягоныя думкі. А значыць, можна хоць для пачатку супакоіцца: усё ў Стаха атрымлівалася гэтак, як ён і хацеў. А значыць, дамогся ён асноўнага: здалеў дакладна перадаць свае намеры палатну. Вітась, неяк з месяц таму, толькі падыйшоўшы да карціны, прадэкламаваў Багдановіча: «Паглядзі, як усход разгараецца, колькі ў хмарках залётных агню...» Хоць не было на карціне ні ўсходу, ні хмарак. Там былі людзі. Там былі фарбы. I людзі, і фарбы змагаліся між сабою, якдабро змагаецца са злом. Карціна была сном ня сном, явай ня явай, як, уласна, і само жыцьцё. Аднак, галоўнае, яна нібы выпраменьвала не безвыходнасьць, якою насычанае, прасякнутае нашае сёньня, а веру ў бпізкую лепшую, сьветлую будучыню, у перамогу дабра над злом, сьвятла над цемрай на гэтай зямлі. Тое казала ўся карціна, у якой, як і ў гісторыі, як і ў жыцьці, дзе мы ня ведаем ні пачатку ні канца, перамяшаліся і мінулае, і сучаснасьць, і будучыня, што вынікала з мінулага, як мінулае — з будучыні... Зрабіць гэтакае можна хіба толькі ў жывапісе. Музыка альбо літаратура тут былі б бясьсільныя, бездапаможныя...

— Дык кажаш — дапісаць пачатае, дарабіць недаробленае... — парушыў цішыню Стах. — Гэта было б зразумела, гэта было б добра, калі б не адно: сям’я. Ты думаў пра гэта? Бачыш, а я толькі пра тое і думаю. Я пакідаю сям’ю — жонку, дачку без будучыні... Я нічога не зрабіў, каб забясьпечыць ім нармальнае жыцьцё. Без мяне...

— Кінь ты! Я ўжо ня рады, што падтрымаў гутарку. Хіба можна пра такое гаварыць усур’ёз? Па вялікім рахунку — усемыходзім пад Богам. I кожную хвіліну—ад нараджэньня — рызыкуем сваім жыцьцём, бо гэта адзінае, што ў нас ёсьць незаменнае, неразьменнае. Вось зараз можа спыніцца ля нас вунь той «форд», з яго выскачыць малойчык з аўтаматам, і так, дзеля сьмеху, наробіць у нас дзірачак... I ўсё — канец. Я ўжо не кажу пра банальную цагліну. А ты — праз тыдзень... Кінь. I ня думай. Заснуў, панімаеш, на лаўцы, херню нейкую прысьніў, а цяпер пакутуе...

Вітась, відаць, пашкадаваў што ўвязаўся ў гэтую размову, усур’ёз падтрымаў ад пачатку і цяпер захацеў перавесьці яе на іншае, зразумелае, апраўданае, вытлумачальнае: проста сон, мроя, трызьненьне ад стомы... Стах бачыў, як Вітась падбіраў словы, каб не пакрыўдзіць яго — як моршчыў свой вялікі лоб, як прымружваў вочы, ледзь не мусова выціскаючы з сябе патрэбныя словы, як на Вітасевым носе зьбіраліся цесьненька зморшынкі — Вітась нават не стрымаўся і разгладзіў іх, нібы акуляры зьняўшы. Яны прайшлі колькі крокаў моўчкі, а тады раптам Вітась спыніўся, правай рукою прыгладзіў валасы, прымяў на хвілю непаслухмяны чуб, і пранікліва зірнуў на Стаха:

— Табе проста трэба адпачыць...

— Я й адпачываю.

— ...Забыцца, зьехаць куды-небудзь...

— Я й хацеў, але цяпер не паеду.

— Заманаў! Я й падтрымаўразмову дзеля размовы. Па-філасофску. Цікавая, думаю, тэма: чалавек даведваецца, што праз тыдзень памрэ — што рабіць, як жыць?.. Сюжэцік, лепш ня трэба. Прадай?

Аднак Стах не хацеў пераводзіць размову на жарт, на лёгкую балбатню.

— Я ведаю, што рабіць, — настырна і цяпер ужо упэўнена прамовіў ён.

— Ты сур’ёзна?

— Сур’ёзней не бывае. I не глядзі на мяне так, быццам я з глуздоў зьехаў. Я пры поўнай памяці. Як і там, на могілках.

— Кажу табе: адпачні, а то і сапраўды ў Навінкі патрапіш з такімі думкамі і тады ўжо не ты пра сям’ю думаць будзеш, а яна пра цябе.

На тым і разьвіталіся.

3.

Ранкам Стах першым чынам патэлефанаваўна працу — а працаваў ён у адным часопісе мастацкім рэдактарам — і папрасіў на тыдзень адпачынак за свой кошт.

Уладкаваўся ён у часопіс не так даўно, калі жыць стала зусім немагчыма: сям’ю трэба карміць, апранаць хоць бы дачку, калі ня жонку, а карцінамі на кавалак хлеба цяпер не заробіш. Ён было паспрабаваў. Павесіў пару дзясяткаў ня самых горшых сваіх працаў у дзьвюх прыватных галерэях. I не вялікія, здавалася б, кошты прызначыў, але ніводнай ягонай карціны так ніхто і не набыў. Сваіх багатых «мецэнатаў»-аматараў жывапісу мы пакуль не нажылі — грошыкі «новыя беларусы» трацяць на рэстаранчыкі, начныя клубы ды казіно, а багатыя замежнікі мінаюць нашую незалежна-залежную краіну. Дзяржзаказу ня стала, падзарабіць недзе ў калгасе ці на заводзе, малюючы «наглядку», як некалі ў студэнцкія гады, — не падзаробіш: зачынілася гэтая лавачка, накрылася разам з сацыялістычным спаборніцтвам, кампартыяй і ўсёй ейнай ідэалогіяй. Сапраўднае мастацтва, вядома, ніколі не было патрэбным «грамадству», але ж не настолькі... Раней, хоць выгляд рабілі, што разумеюць, і падтрымлівалі амаль усіх, апроч тых, хто быў у адкрытай апазіцыі тагачаснаму ладу. Такіх было няшмат. Можна нават сказаць — у нас іх не было зусім...

Рэдактар выслухаў просьбу Стаха і, пэўна, падумаў, што адпрошваецца ён з-захваробы, бо сказаў: «Добра. Выздараўлівай хутчэй. I прыходзь — ёсьць цікавая за­думка наконт афармленьня. А без цябе мы — як без рук».

Цяпер тыдзень у Стаха быў вольным, цалкам ягоным. I ён зачыніўся ў майстэрні-пакоі, каб пісаць, каб працаваць, каб «вылізаць» карціну, каб пасьпець, каб... На апошнім «каб» і прыгадаўСтах, што сёньня ўвечары прэзентацыя выставы Скідзевіча — даўняга ягонага знаёмага, калі не сказаць сябра, і падумаў, што «вольнасьць» мастака заўсёды рэч умоўная і такая ж абстрактная, як творчасьць некаторых «авангардыстаў». Не пабыць на выставе Скідзевіча, нават зьбіраючыся паміраць, ён ня мог. Жартам, за чаркай, ён некалі кінуў Скідзевічу, што на ягоную выставу прыйдзе жывым ці мёртвым, з таго ці па-за таго паралельна-перпендыкулярнага сьвету. «Што ж, пайду, — вырашыў Стах, — не таму, што пакрыўдзіцца і не даруе, а таму, што пражыць гэты тыдзень трэба па-магчымасьці так, як звычайна. Быццам я нічога ня ведаю, быццам нічога ня здарыцца. Гэта будзе найлепш. I для мяне. I для жонкі. I для ўсіх».

4.

Скідзевіч, нягледзячы на маладосьць і «зялёнасьць», сяго-таго ў творчасьці пасьпеў дасягнуць: даплюнуць і пераплюнуць. Прынамсі, ягонае імя не толькі час ад часу зьяўлялася ў артыкулах, але і колькі разоў гучала ў дакладах. I не адно ў пераліку «маладых, аднак ужо таленавітых». Ды без сувязяў у камерцыйным сьвеце — гэта нічога не азначала б. Скідзевічу пашанцавала: ягоныя будатрадаўскія знаёмыя з Наргасу ў апошнія гады існаваньня камсамолу настваралі розных фірмаў і фірмачак і грошы ў іх не пераводзіліся. Яны і арганізавалі выставу ў самім Палацы мастацтваў.



Поделиться книгой:

На главную
Назад