Продолжая использовать наш сайт, вы даете согласие на обработку файлов cookie, которые обеспечивают правильную работу сайта. Благодаря им мы улучшаем сайт!
Принять и закрыть

Читать, слущать книги онлайн бесплатно!

Электронная Литература.

Бесплатная онлайн библиотека.

Читать: Альбатрос (на белорусском языке) - Станислав Лем на бесплатной онлайн библиотеке Э-Лит


Помоги проекту - поделись книгой:

Лем Станислав

Альбатрос (на белорусском языке)

Станiслаў Лем

Альбатрос

Пераклад: Максiм Валошка

Абед быў з шасцi страў - не лiчачы дадатковых. Столiкi-бары з вiном цiхенька кацiлiся па шкляных дарожках. Над кожным сталом высока зверху гарэла лямпа-кропка. Суп з чарапахi падавалi пры лiмонным святле. Рыбу - пры белым з блакiтнаватым адценнем. Куранятак залiла барва з шаўкова-шэрым, цёплым адценнем. На чорнай каве, на шчасце, не сталася цёмна - Пiркс быў падрыхтаваўся ўжо да самага горшага. Гэткi абед знясiлiў яго. Ён дакляраваў сам сабе, што з гэтага дня будзе харчавацца толькi на нiжняй палубе - у бары. Гэтая зала была вiдочна не для яго. Увесь час мусiў памятаць пра локцi. У дадатак - убраннi i строi!

Зала была ўвагнутая - берагi вышэй, а цэнтр апушчаны ледзь не на палову яруса. Яна была падобная на вялiзную залацiста-крэмавую талерку, поўную самых яркiх пiрожных на свеце. Каляныя, паўпразрыстыя сукенкi жанчын шамацелi за спiной Пiркса. Тут цудоўна бавiлi час. Гучала музыка. Снавалi кельнеры сапраўдныя кельнеры, кожнага з iх можна было прыняць за фiларманiчнага дырыжора. "Трансгалактык" гарантуе: сярод абслугi - нiякiх аўтаматаў, iнтымнасць, далiкатнасць, шчырая чалавечая зычлiвасць - уся абслуга жывая. I ўсе - вiртуозы сваёй справы.

Пiркс пiў каву, палiў цыгарэту i стараўся адшукаць у зале такое месца, за якое можна было б зачапiцца позiркам. Цiхае месцейка, самы раз для адпачынку. Суседка, якая сядзела разам з iм за адным столiкам, iмпанавала яму. На яе дэкальтаваных грудзях чарнеўся пляскаты, шурпаты каменьчык. Не нейкi там хрызапар або халцэдон. Незямны, пэўна што з Маркса. Каменьчык гэты, вiдаць, варты быў цэлага маёнтка - ён падобны на кавалак каменя з бруку. Кабеты не павiнны мець гэтулькi грошай.

Пiркс не абураўся. Не здзiўляўся. Ён назiраў. Паступова ў яго ўзнiкла жаданне размяць косцi. Цi не схадзiць на шпацырную палубу?

Ён устаў, ледзь прыкметна кiўнуў галавой i выйшаў. Iдучы памiж гранёнымi калонамi, абкладзенымi нейкай люстраной масай, Пiркс убачыў сваё адлюстраванне, - з-пад вузла гальштука вiдаць быў гузiк. А зрэшты, хто яшчэ носiць гэтыя самыя гальштукi? Ён паправiў каўнерык ужо ў калiдоры. Зайшоў у лiфт. Паехаў на самы верх - на вiдарысную палубу. Лiфт цiхенька адчынiўся. Тут не было нiводнай жывой душы. Гэта яго ўсцешыла. Трэцяя частка ўвагнутай столi над палубай, застаўленай шарэнгамi лежакоў, здавалася вялiзным чорным акном, адчыненым насустрач зорам. Лежакi з гурбамi коўдраў пуставалi. Толькi на адным з iх хтосьцi ляжаў, накрыўшыся амаль з галавой, - той дзiвакаваты стары, якi прыходзiў абедаць на гадзiну пазней за ўсiх i еў адзiн у пустой зале, захiнаючы твар сурвэткай, калi адчуваў на сабе чый-небудзь позiрк.

Пiркс лёг. Нябачныя пашчы клiматызатараў пасылалi на галерэю палубы парывiстыя патокi ветру, здавалася, што дзьме проста з чорных глыбiняў неба. Канструктары, паслугамi якiх карыстаўся "Трансгалактык", ведалi сваю справу. Ляжак быў удалы - бадай, больш удалы, чым крэсла пiлота, хоць яно i было сканструявана на аснове дакладных матэматычных разлiкаў. Пiрксу стала холадна. Дзеля гэтага якраз i былi прымеркаваныя коўдры. Ён захутаўся ў iх, нiбыта нырнуў у пух.

Нехта кiраваўся сюды. Па лесвiцы, а не ў лiфце. Суседка па столiку. Колькi ёй можа быць гадоў? На ёй была ўжо iншая сукенка. А мо гэта зусiм iншая кабета? Яна ўлеглася праз тры лежакi ад яго. Разгарнула кнiгу. Вецер шамацеў старонкамi. Пiркс пазiраў проста перад сабой. Вельмi выразна быў бачны Паўднёвы Крыж. Абрэзаны рамай акна свяцiўся кавалачак Малога Магеланава Воблака, светлая плямка на чорным фоне. Ён падумаў, што палёт будзе доўжыцца сем дзён. За гэты час шмат што можа здарыцца. Ён знарок зашавялiўся. Тоўстая, складзеная ў чатыры столкi папера зашамацела ў нагруднай кiшэнi. Яму добра жылося на свеце - месца другога навiгатара ўжо чакала яго, ён ведаў дакладны маршрут: з Паўночнай Зямлi самалётам да Еўразii i далей, у Iндыю. Бiлетаў заставалася яшчэ цэлая кнiжачка - яе можна было чытаць, кожны бланк iншага колеру, падвойны, з адрыўнымi талонамi, залатымi беражкамi - усё, што "Трансгалактык" выдаваў пасажырам, проста ззяла серабром альбо золатам. Пасажырка на трэцiм лежаку была надта пекная. Бадай, усё-ткi тая самая. Сказаць ёй што-небудзь - альбо лепей не варта? Бо ён ужо нiбыта назваўся ёй. Гэта сапраўднае няшчасце мець гэткае кароткае прозвiшча - не паспееш пачаць, а яно ўжо скончылася. "Пiркс" гучыць зусiм як "iкс". Горш за ўсё бывае падчас тэлефонных размоў. Сказаць што-кольвечы? Што?

Ён зноў пачаў пакутаваць. На Марсе ён уяўляў сабе гэтае падарожжа зусiм iначай. Арматоры з Зямлi заплацiлi яму за пералёт - у iх, здаецца, былi нейкiя справы з "Трансгалактыкам", i з iх боку гэта не было прыгожым жэстам. А ён, хоць i налётаў ужо амаль тры мiльярды, нiколi яшчэ не быў на чымсьцi такiм, што нагадвала "Тытан". Грузавыя караблi маюць зусiм iншы выгляд! Сто восемдзесят тысяч тон масы спакою, чатыры рэактары галоўнага ходу, хуткасць руху 65 кiламетраў у секунду, тысяча дзвесцi пасажыраў толькi ў аднамесных i двухмесных каютах з ваннымi, нумары люкс, гарантаваная пастаянная гравiтацыя, за выключэннем старту i пасадкi, найвышэйшы камфорт, найвышэйшая безаварыйнасць, сорак два чалавекi экiпажу i дзвесцi шэсцьдзесят абслугi. Керамiка, сталь, золата, паладый, хром, нiкель, iрыдый, пластык, карарскi мармур, дуб, чырвонае дрэва, серабро, крышталь. Два басейны. Чатыры кiназалы. Васемнаццаць станцый прамой сувязi з Зямлёй - толькi для пасажыраў. Канцэртная зала. Шэсць галоўных палуб, чатыры аглядныя, аўтаматычныя лiфты, заказ бiлетаў на ўсе ракеты ў межах Сонечнай сiстэмы на год наперад. Бары. Залы для забаў. Унiверсальная крама. Вулiчка рамеснiкаў - дакладная копiя нейкага зямнога завулка ў старым квартале горада: з вiнным склепам, газавымi лiхтарамi, месяцам, глухой сцяной i кошкамi, якiя шпацыруюць па ёй. Аранжарэя. I д'ябал ведае што яшчэ. Трэба ляцець цэлы месяц, каб паспець абысцi ўсё гэта хоць бы раз.

Суседка працягвала чытаць. Цi варта кабетам фарбаваць валасы ў гэткi колер? У нармальнага чалавека ён выклiкае... Але ёй, ёй гэткi колер быў якраз да твару. Пiркс падумаў, што, калi б ён трымаў у руцэ запаленую цыгарэту, патрэбныя словы адразу ж знайшлiся б. Палез у кiшэню.

Партабак, якi ён даставаў - нiколi раней ён не меў партабака, а гэты атрымаў у падарунак ад Бомана, на памяць, i насiў у знак дружбы, - гэты партабак нiбыта стаў крыху цяжэйшым. Толькi крышку. Але ён гэта адразу адчуў. Павялiчвалася паскарэнне?

Пiркс прыслухаўся. Ага.

Рухавiкi працавалi на вялiкай магутнасцi. Звычайны пасажыр гэтага зусiм не заўважыў бы: машынная зала "Тытана" была адасоблена ад пасажырскай часткi корпуса чатырма iзаляцыйнымi пераборкамi.

Пiркс выбраў сабе бледную зорачку ў самым куточку аконнай рамы i не зводзiў з яе вачэй. Калi яны проста набiраюць хуткасць, зорачка не зрушыцца з месца. А калi яна здрыганецца...

Зорачка здрыганулася. I паволi - надзвычай марудна - паплыла ўбок.

"Паварот вакол вялiкай восi", - падумаў ён.

"Тытан" ляцеў па "касмiчным тунелi", у якiм на трасе не было нiчога - нi пылу, нi метэарытаў, нiчога, акрамя пустэчы. Наперадзе, на адлегласцi тысяча дзевяцьсот кiламетраў ад яго, iмчаў лоцман "Тытана", задача якога была забяспечыць свабодны шлях гiганту. Навошта? На ўсякi выпадак - хоць шлях i так быў свабодны. Ракеты дакладна вытрымлiвалi расклад руху, "Трансгалактыку" быў гарантаваны палёт без перашкод па выдзеленым адрэзку парабалы на падставе пагаднення, заключанага Аб'яднаным Астранавiгацыйным таварыствам. Нiхто не мог заняць яго трасу. Метэарытныя зводкi паступалi цяпер загадзя, за шэсць гадзiн - з той пары як тысячы аўтаматычных зондаў сталi патруляваць сектары за арбiтай Урана, ракетам практычна перастала пагражаць якая-небудзь небяспека звонку. Пояс, на арбiтах якога памiж Зямлёй i Марсам насiлiся мiльярды метэарытаў, меў сваю патрульную службу, да таго ж ракетныя трасы праходзiлi па-за плоскасцю эклiптыкi, у якой круцiцца вакол Сонца грымлiвы метэарытны пояс. Прагрэс - нават з таго часу, калi Пiркс лётаў на патрульнай ракеце, быў вялiкi.

Словам, "Тытан" не меў жаднай патрэбы лавiраваць - ён не мог сустрэць нiякiх перашкод, бо iх проста не iснавала. I ўсё-такi карабель рабiў паварот. Цяпер Пiрксу не трэба было нават глядзець на зорнае неба - ён адчуваў гэта ўсiм целам. Калi б ён захацеў, то, ведаючы хуткасць карабля, яго масу i хуткасць перамяшчэння зорак, ён мог бы вылiчыць крывiзну траекторыi.

"Штосьцi здарылася, - падумаў Пiркс. - Але што?"

Пасажырам нiчога не паведамлялi. Хiба што хаваюць штосьцi? Пiркс вельмi дрэнна разбiраўся ў парадках, што панавалi на пасажырскiх караблях люкс. Затое ён ведаў, што можа здарыцца ў машынным аддзяленнi, у рулявой рубцы... Гэта не надта вялiкая гаспадарка. У выпадку аварыi карабель захаваў бы ранейшую хуткасць альбо збавiў бы яе. Аднак "Тытан"?..

Гэта доўжылася ўжо чатыры хвiлiны. Значыць, ракета збочыла амаль на 45 градусаў. Цiкава.

Зоркi знерухомелi.

Карабель iшоў прамым курсам. Цяжар партабака, якi Пiркс усё яшчэ трымаў у руцэ, павялiчыўся.

Яны iшлi прамым курсам i набiралi хуткасць. Адразу ўсё стала зразумела. Яшчэ секунду Пiркс сядзеў нерухома, пасля ўстаў. Цяпер вага яго была большая. Шэравокая пасажырка зiрнула на яго.

- Што-небудзь здарылася?

- Нiчога асаблiвага.

- Але штосьцi змянiлася. Вы не адчуваеце?

- Дробязь. Крыху павялiчылася хуткасць, - сказаў ён.

Якраз цяпер быў самы час распачынаць з ёй гаворку. Ён зiрнуў на яе. Колер валасоў не перашкаджаў. Яна была вельмi прыгожая.

Ён пайшоў наперад. Паскорыў крок. Жанчына, напэўна, падумала, што ён звар'яцеў. На сценах палубы красавалiся рознакаляровыя фрэскi. Праз дзверы з надпiсам "КАНЕЦ ПАЛУБЫ - ПАБОЧНЫМ УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ" ён выйшаў у доўгi пусты калiдор, якi пры святле лямпаў аддаваў металiчным бляскам. Замiльгалi шэрагi дзвярэй з нумарамi. Ён кiраваўся далей. Арыентаваўся на слых. Падняўся па сходках на паўпаверха i спынiўся ля другiх дзвярэй. Сталёвых.

"УВАХОД ТОЛЬКI ДЛЯ ЗОРНАГА ПЕРСАНАЛУ" - было напiсана на таблiчцы. Ого! Якiя прыгожыя назвы прыдумаў гэты "Трансгалактык"!

Дзверы былi без клямкi, яны адчынялiся спецыяльным ключом, якога ў Пiркса не было. Ён паднёс палец да носа. Секунду разважаў. I выстукаў марзянкай:

- Тап - тап - та-та-тап - тап - тап.

Ён чакаў каля хвiлiны. Дзверы адчынiлiся. Насуплены, пачырванелы твар з'явiўся ў шчылiне.

- Што вам патрэбна?

- Я пiлот патрульнай службы, - адказаў ён.

Дзверы адчынiлiся шырэй.

Ён увайшоў. Тут быў рэзервовы пульт кiравання - уздоўж адной сцяны была дублiруючая сiстэма кiравання ракетнымi рухавiкамi, якiя змянялi кiрунак. Насупраць - экраны аптычнага кантролю. Ля апаратаў стаяла некалькi крэслаў, усе яны зараз пуставалi. Адзiн невысокi аўтамат кантраляваў мiльгаценне лямпачак на пульце. На вузкiм столiку ля сцяны ў спецыяльных прыцiсках стаялi шклянкi, да паловы парожнiя. У паветры пахла свежазгатаванай кавай i нагрэтым пластыкам з ледзьве адчувальным дамешкам азону. Другiя дзверы былi прыадчыненыя. З-за iх быў чуваць слабы пiск умформера.

- SOS? - спытаўся Пiркс у чалавека, якi адчынiў яму.

Гэта быў даволi таўсматы мужчына з крыху напухлай, нiбы ад флюса, шчакой. На валасах - след ад дугi слухавак. Ён быў у шэрай, на маланцы, напалову расшпiленай унiформе "Трансгалактыка". Сарочка вылезла са штаноў.

- Ага.

Мужчына нiбыта вагаўся.

- Вы з патруля? - сказаў ён.

- З Базы. Лётаў два гады на трансуранавых арбiтах. Я навiгатар. Маё прозвiшча Пiркс.

Мужчына падаў яму руку.

- Мiндэл. Ядзершчык.

Не прамовiўшы больш нi слова, яны перайшлi ў iншае памяшканне. Гэта была радыёрубка прамой сувязi. Вельмi прасторная. Чалавек дзесяць акружалi галоўны перадатчык. Два радыётэлеграфiсты сядзелi са слухаўкамi на вушах - штосьцi няспынна пiсалi, апараты стукалi, пад падлогай папiсквала. Кантрольныя лямпы гарэлi на ўсiх сценах. Усё гэта было падобна на мiжгародную тэлефонную станцыю. Тэлеграфiсты амаль ляжалi на сваiх столiках-канторках. На iх былi толькi сарочкi i штаны. Твары iх блiшчалi ад поту, - адзiн быў бледны, другi, старэйшы, са шрамам на галаве, меў такi выгляд, нiбыта нiчога не здарылася. Дужка слухавак падзяляла валасы, i шрам быў добра бачны. Два чалавекi сядзелi крышку ўбаку; Пiркс зiрнуў на iх i ў адным пазнаў камандора, альбо, як клiкалi яго тут - першага.

Яны былi крыху знаёмыя. Камандор "Тытана" быў невысокi, сiваваты, з маленькiм, невыразным тварам. Паклаўшы нагу на нагу, ён, здавалася, разглядваў насок чаравiка.

Пiркс цiхенька наблiзiўся да людзей, якiя стаялi ля тэлеграфiстаў, схiлiўся i пачаў чытаць праз плячо таго, што са шрамам:

"...шэсць васемнаццаць коска тры iду поўным ходам дайду восем нуль дванаццаць канец".

Тэлеграфiст падсунуў левай рукой бланк i працягваў няспынна запiсваць.

"Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнiк Месяц кропка цi маеце пашкоджаннi кропка адказвайце Морзе кропка радыёфон не даходзiць кропка колькi гадзiн можаце пратрымацца на аварыйнай цязе кропка пеленгаваны дрэйф нуль шэсць коска дваццаць адзiн кропка прыём".

"Парыў два Марс працяжнiк Месяц Месяцу Галоўнаму кропка iду поўным ходам да Альбатроса сектар 64 кропка ў мяне перагрэўся рэактар кропка нягледзячы на гэта iду далей кропка знаходжуся шэсць нанапарсекаў ад пункта коска запеленгаванага SOS кропка канец".

Раптам другi радыётэлеграфiст, той, бледны, выцiснуў нейкi невыразны гук усе, хто стаяў, схiлiлiся над iм. Чалавек, якi ўпусцiў Пiркса, падаў камандору запоўненыя бланкi. Другi тэлеграфiст пiсаў:

"Альбатрос чатыры ўсiм кропка ляжу ў дрэйфе элiпс Т-341 сектар 65 кропка абшыўка корпуса трэскаецца далей кропка кармавыя пераборкi не вытрымлiваюць кропка аварыйная цяга рэактара нуль тры жэ кропка рэактар выходзiць з-пад кантролю кропка галоўная перагародка пашкоджана ў многiх месцах кропка пашкоджанне на трэцяй палубе павялiчваецца пад уплывам аварыйнай цягi кропка спрабую цэментаваць кропка пераводжу экiпаж у насавую частку кропка канец".

У радыётэлеграфiста трымцелi рукi, калi ён пiсаў. Адзiн з тых, хто стаяў побач, узяў яго за каўнер сарочкi, падняў, выпхнуў за дзверы, выйшаў сам, але праз хвiлiну вярнуўся i сеў на яго месца.

- У яго там брат, - патлумачыў ён, не звяртаючыся нi да каго.

Цяпер Пiркс схiлiўся над старшым радыётэлеграфiстам, якi нечакана пачаў пiсаць:

"Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнiк Месяц кропка iдуць да вас Парыў з сектара 64 Тытан з сектара 67 Балiстычны восем з сектара 44 Кобальд сем нуль два з сектара 94 кропка цэментуйце перагародкi ў скафандрах за шчытамi пры павялiчаным цiску кропка паведамiце аварыйны дрэйф на гэты час кропка..."

Чалавек, якi замянiў маладога тэлеграфiста, гучна прамовiў: "Альбатрос!" i ўсе схiлiлiся над iм. Ён пiсаў:

"Альбатрос чатыры да ўсiх кропка аварыйны дрэйф не выяўлены кропка шпангоўты корпуса плавяцца кропка губляю паветра кропка экiпаж у скафандрах кропка машыннае аддзяленне залiтае цепланосьбiтам кропка шчыты прабiтыя кропка тэмпература ў рубцы 63 градусы першая прабоiна ў рубцы зацэментавана кропка залiвае галоўны перадатчык кропка цяпер буду трымаць сувязь толькi па радыёфоне кропка чакаем вас кропка канец".

Пiркс хацеў запалiць - палiлi амаль усе, i было бачна, як дым сiнiмi стужкамi ляцiць угару, да вентыляцыйных адтулiн. Ён шукаў па ўсiх кiшэнях цыгарэты i не мог знайсцi. Хтосьцi - ён нават не бачыў хто - усунуў яму ў руку адкрыты пачак. Ён запалiў. Камандор сказаў:

- Калега Мiндэл, - на iмгненне ён прыкусiў нiжнюю губу, - поўны ход.

Мiндэл спачатку, вiдаць, быў разгублены, але нiчога не прамовiў.

- Даць папярэджанне? - спытаў чалавек, якi сядзеў побач з камандорам.

- Ага. Я сам. Дайце.

Ён падцягнуў да сябе мiкрафон i стаў гаварыць:

- "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4". Iдзём да вас поўным ходам. Знаходзiмся на гранiцы вашага сектара. Будзем праз гадзiну. Паспрабуйце выйсцi праз аварыйны люк. Будзем каля вас праз гадзiну. Iдзём поўным ходам. Трымайцеся. Трымайцеся. Канец.

Ён адштурхнуў мiкрафон i ўстаў. Мiндэл гаварыў па ўнутраным тэлефоне ля супрацьлеглай сцяны:

- Хлопцы, праз пяць хвiлiн поўны ход. Ага, так, - адказваў ён таму, хто быў на другiм канцы провада.

Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:

- Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвiлiны наш карабель прыбавiць хуткасць. Мы атрымалi сiгнал SOS i спяшаемся...

Нехта зачынiў дзверы. Мiндэл дакрануўся да пляча Пiркса.

- Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.

Пiркс хiтнуў галавой. Два жэ - гэта для яго нiчога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослiвасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнiк крэсла, у якiм сядзеў пажылы тэлеграфiст, i зноў чытаў праз яго плячо:

"Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзiны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк зацiснула пэнкаючымi шпангоўтамi кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе i выйсцi кропка канец".

Мiндэл выхапiў у яго з рук спiсаны бланк i пабег у другi пакой. Калi ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, i ўсе адчулi, што iх целы набрынялi цяжарам.

Увайшоў камандор - ён ступаў з вiдочным высiлкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьцi падаў яму вiсячы мiкрафон. У руках ён трымаў скамячаны лiсток апошнюю радыёграму з "Альбатроса". Камандор выпрастаў лiсток i доўга пазiраў на яго.

- "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4", - прамовiў ён нарэшце. - Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвiлiн. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзiн коска два кропка пакiдайце карабель. Пакiдайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.

Чалавек у расшпiленым кiцелi, якi быў замянiў маладога сувязiста, раптам ускочыў i паглядзеў на камандора, якi падышоў да яго. Тэлеграфiст зняў з галавы слухаўкi, аддаў iх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойлiва хрыплiвы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелi.

У кабiне стаялi людзi, якiя лёталi ўжо шмат год, але гэткага нiхто з iх яшчэ не чуў. Той, чый голас чуўся з рэпрадуктара, змешаны з працяглым шумам, нiбыта адгароджаны сцяной агню, крычаў:

- Альбатрос - усiм - раствор - рулявая рубка - тэмпература - немагчыма экiпаж да канца - бывайце - праводка...

Голас перапынiўся, i стаў чутны толькi шум.

З рэпрадуктара даносiлася нейкае рыпенне. Было цяжка ўстаць, аднак усе паднялiся, згорбiўшыся, абапiраючыся на металiчныя сцены.

- "Балiстычны восем" Месяцу Галоўнаму, - пачуўся моцны голас. - Iду да "Альбатроса-4". Дайце мне дарогу праз сектар 67, iду поўным ходам, манеўраваць пры абыходах не магу. Прыём.

Некалькi секунд панавала маўчанне.

- Месяц Галоўны да ўсiх у сектарах 66, 67, 68, 46, 47, 48 i 96. Аб'яўляю сектары закрытымi. Усе караблi, якiя не iдуць поўным ходам да "Альбатроса-4", павiнны неадкладна застопарыць i паставiць рэактары на халасты ход, а таксама запалiць пазiцыйныя агнi. Увага, "Парыў"! Увага, "Тытан" Марс - Зямля! Увага, "Балiстычны восем"! Увага, "Кобальд сем нуль два"! Да вас звяртаецца Месяц Галоўны! Адкрываю вам вольную дарогу да "Альбатроса-4". Усякi рух у сектары вядучага радыуса пункта SOS прыпыняецца. Пачынайце тармазiць у нанапарсеку ад пункта SOS. Сачыце, каб тармазныя агнi ў аптычным радыусе "Альбатроса" былi патушаныя, бо яго экiпаж ужо мог пакiнуць карабель. Хай пашанцуе. Хай пашанцуе. Канец.

А зараз адгукнуўся "Парыў" - марзянкай. Пiркс услухоўваўся ў пiшчанне сiгналаў:

"Парыў Марс - Месяц да ўсiх хто iдзе на дапамогу Альбатросу чатыры кропка ўвайшоў у сектар Альбатроса кропка праз 18 хвiлiн буду ля яго кропка ў мяне перагрэўся рэактар коска пашкоджана сiстэма ахалоджвання кропка пасля выратавальных работ мне патрэбна медыцынская дапамога кропка пачынаю тармазiць поўным заднiм ходам кропка канец".

- Вар'ят, - прамовiў нехта, i тады ўсе, хто стаяў да гэтага часу нiбыта статуi, пачалi шукаць вачыма таго, хто гэта сказаў. Пачулася кароткае, гнеўнае мармытанне.

- "Парыў" з'явiцца першы, - сказаў Мiндэл i зiрнуў на камандора.

- Яму самому патрэбна будзе дапамога. Праз сорак хвiлiн...

Ён змоўк. Рэпрадуктар усё хрыпеў i хрыпеў. Раптам праз трэск пачулася:

- "Парыў" Марс - Месяц да ўсiх, хто iдзе на дапамогу "Альбатросу-4". Знаходжуся ў аптычным радыусе "Альбатроса". "Альбатрос" дрэйфуе прыблiзна па элiпсе Т-348. Карма напалiлася да вiшнёвага колеру. Сiгнальных агнёў няма. "Альбатрос" не адказвае на пазыўныя. Спыняюся i распачынаю выратавальныя аперацыi. Канец.

У другiм пакоi адгукнулiся зумеры. Мiндэл i яшчэ адзiн мужчына выйшлi. У Пiркса ад напружання здранцвелi ўсе мышцы. Божа! Як хацелася яму быць там! Вярнуўся Мiндэл.

- Што там? - спытаўся камандор.

- Пасажыры пытаюцца, калi можна будзе танцаваць, - адказаў Мiндэл. Пiркс нават не пачуў гэтага. Ён пазiраў у рэпрадуктар.

- Ужо хутка, - спакойна адказаў камандор. - Уключыце мне аптычную сувязь. Мы падыходзiм. Праз некалькi хвiлiн павiнны ўбачыць iх. Калега Мiндэл, дайце другое папярэджанне - мы будзем тармазiць на фарсажы.

- Ёсць, - адказаў Мiндэл i выйшаў.

Рэпрадуктар загуў, i пачуўся голас:

- Месяц Галоўны "Тытану" Марс - Зямля, "Кобальду сем нуль два"! Увага! Увага! Увага! "Балiстычны восем" заўважыў у цэнтры сектара 65 аб'ект свяцiльнасцю мiнус чатыры. "Парыў" i "Альбатрос" не адказваюць на пазыўныя. Iснуе магчымасць выбуху рэактара на "Альбатросе". Для захавання бяспекi пасажыраў "Тытан" Марс - Зямля павiнен застопарыць i неадкладна адгукнуцца. "Балiстычны восем" i "Кобальд сем нуль два" дзейнiчаюць далей згодна са сваiм рашэннем. Паўтараю: "Тытан" Марс - Зямля павiнен...

Усе пазiралi на камандора.

- Калега Мiндэл, - сказаў ён. - Застопарым у нанапарсеку?

Мiндэл пазiраў на цыферблат свайго гадзiннiка.

- Не, камандор. Мы ўваходзiм у аптычную зону. Спатрэбiлася б шэсць жэ.

- Тады зменiм курс.

- Усё роўна будзе ў крайнiм выпадку тры, - прамовiў Мiндэл.

- Цяжка.

Камандор устаў, падышоў да мiкрафона i пачаў гаварыць:

- "Тытан" Марс - Зямля Месяцу Галоўнаму. Не магу застопарыць, у мяне надта вялiкая хуткасць. Мяняю курс абыходным манеўрам на палове магутнасцi рухавiкоў i выходжу курсам дзвесце два з сектара 65 у сектар 66. Прашу адкрыць мне шлях. Прыём.

- Прымiце паўтор, - звярнуўся ён да мужчыны, якi раней сядзеў побач з iм. Мiндэл штосьцi крычаў па ўнутраным тэлефоне. Няспынна гулi зумеры. На насценных табло ўспыхвалi агеньчыкi. Раптам нiбыта пацямнела - гэта кроў адхлынула ад вачэй. Пiркс шырока расставiў ногi. "Тытан" тармазiў на павароце. Карабель ледзь прыкметна вiбраваў, чулася працяглае, на высокай ноце гудзенне рухавiкоў.

- Сядайце! - крыкнуў камандор. - Мне не патрэбны тут героi! Зараз тры жэ!

Усе селi на падлогу, дакладней, павалiлiся на яе. Яна была ўкрыта тоўстым слоем пенапласту.

- Ну i ну! Зараз усё там патаўчэцца! - прамармытаў чалавек, якi сядзеў побач з Пiрксам. Камандор пачуў гэта.

- Страхавое таварыства заплацiць, - адказаў ён са свайго крэсла.

Здаецца, было больш за тры жэ - Пiрксу цяжка было паднесцi руку да твару. Усе пасажыры ляжалi, напэўна, у каютах, але што рабiлася на кухнях, у сталоўках! Ён уявiў сабе аранжарэю. Гэтага ж нiводнае дрэва не вытрымае. А ўнiзе? Цэлыя вагоны разбiтай парцэляны! Неблагое вiдовiшча!

Рэпрадуктар адгукнуўся:

- "Балiстычны восем" да ўсiх. Знаходжуся ў аптычнай зоне "Альбатроса". Ён - у хмары. Карма перагрэлася. Перапыняю тармажэнне i пасылаю ў прастору атрады для пошуку экiпажа "Альбатроса". "Парыў" не адказвае на пазыўныя. Канец.

Паскарэнне змяншалася. Хтосьцi з'явiўся ў дзвярах i нешта крыкнуў. Ужо можна было ўстаць. Усе рушылi ў тыя дзверы, што вялi ў галоўную рулявую рубку. Пiркс увайшоў апошнi. Экран восем на шаснаццаць метраў займаў усю пярэднюю сцяну - увагнуты, вялiзны, як у кiнатэатры для гiгантаў. Усе агнi ў рубцы былi патушаныя. У прасторы, на чорным з зоркамi фоне, нiжэй галоўнай восi "Тытана", у левым квадранце, тлела тоненькая рысачка, якая заканчвалася распаленым вiшнёвым вугельчыкам, падобным на агеньчык цыгарэты. Яна была ядром бледнага, крыху сплюшчанага пухiра, ад якога ва ўсе бакi разыходзiлiся танклявыя вострыя парасткi; праз гэта шарападобнае воблака ўсё больш выразна прабiвалася святло найбольш яркiх зорак. Раптам усе тарганулiся наперад - нiбыта хацелi ўвайсцi ў экран. Зусiм нiзка, у правым нiжнiм кутку, блiснула памiж сапраўдных зорак белая кропачка - i стала хуценька мiргаць. Гэта быў "Парыў".

"У рэактары Альбатроса пачалася непадуладная нам ланцуговая рэакцыя кропка маю страты людзей кропка ёсць абгарэлыя кропка прашу дактароў кропка перадатчык пашкоджаны выбухам кропка пацёк рэактар кропка гатоў да катапульты рэактара калi не спыню яго працяканне кропка", - расшыфроўваў Пiркс мiрганне кропкi.

"Альбатроса" ўжо не было бачна. Пасярод зорак вiсеў цяжкi бурштынава-бела-буры клуб дыму, выпучаны зверху грывастым нарастам. Ён апускаўся ўсё нiжэй, перабiраўся ў нiжнi левы вугал экрана - "Тытан" прайшоў над iм, пракладваючы новы курс з сектара катастрофы.

У глыбiню цёмнага пакоя з дзвярэй радыёрубкi ўпала доўгая палоска святла. Быў чутны глас "Балiстычнага":

- "Балiстычны восем" Месяцу Галоўнаму. Застопарыў у цэнтральнай частцы сектара 65. "Парыў" у нанапарсеку пада мной сiгналiзуе аптычна пра страты людзей i пра пацёклы рэактар, гатовы да катапульты рэактара, выклiкае лекарскую дапамогу. Пошукам экiпажа "Альбатроса" перашкаджае заражэнне вакуума радыёактыўным воблакам з тэмпературай на паверхнi звыш 1200 градусаў. Знаходжуся ў аптычнай зоне "Тытана" Марс - Зямля, якi рухаецца каля мяне поўным ходам, выходзячы ў сектар 66. Чакаю з'яўлення "Кобальда сем нуль два" для правядзення сумесных мераў выратавання. Канец.

- Усе на свае месцы! - пачуўся моцны голас. Адначасна ўспыхнулi сiгнальныя агнi ў рулявой рубцы. Запанаваў рух, людзi iшлi каля сцен у тры бакi, Мiндэл аддаваў загады, стоячы ля размеркавальнага пульта; адначасова гулi некалькi зумераў. Нарэшце зала апусцела, i акрамя камандора, Мiндэла i Пiркса застаўся толькi малады тэлеграфiст, якi стаяў у кутку насупраць экрана i пазiраў на бэмбаль дыму, якi паступова рассейваўся, усё больш расплываўся i знiкаў.

- А, гэта вы, - сказаў камандор "Тытана", нiбыта толькi зараз убачыў Пiркса, i падаў яму руку, - цi адгукаецца "Кобальд"? - спытаўся ён у чалавека, якi з'явiўся ў дзвярах радыёрубкi.

- Так, камандор, iдзе зваротным.

- Добра.

Яны пастаялi хвiлiну, пазiраючы на экран. Апошнi шматок брудна-шэрай хмары знiк. Экран быў зноў повен чыстай, зорнай цемры.

- Хто-небудзь уратаваўся? - спытаўся Пiркс, нiбыта камандор "Тытана" мог ведаць больш за яго самога. Але той быў першы, а першы павiнен ведаць усё.

- Мабыць, у iх заела дроселi, - адказаў камандор. Ён быў на галаву нiжэйшы за Пiркса. Валасы меў як з волава - было невядома, цi то ссiвеў, цi заўсёды былi гэткiя.

- Мiндэл, - кiнуў камандор iнжынеру, якi iшоў мiма, - зрабiце ласку, дайце адбой. Няхай танцуюць. Вы ведалi "Альбатрос"? - спытаўся ён, звяртаючыся да Пiркса.

- Не.

- Заходняя кампанiя. Дваццаць тры тысячы тон. Што там?

Радыётэлеграфiст наблiзiўся i падаў яму спiсаны бланк. Пiркс прачытаў першыя словы: "Балiстычны" да..."

Пiркс адступiўся на крок. Аднак цяпер ён замiнаў людзям, якiя штохвiлiнна праходзiлi праз рулявую рубку, i таму ён стаў ля самай сцяны ў кутку. Прыбег Мiндэл.

- Як "Парыў"? - спытаўся ў яго Пiркс. Мiндэл выцiраў хусцiнкай успацелы лоб. Пiрксу здалося, што яны ўжо былi знаёмыя - яшчэ з даўняй даўнiны.

- Не найгорш, - засоп Мiндэл. - Дасталося ад выбуху. Сiстэма ахалоджвання рэактара выйшла са строю - гэтая брыдота заўсёды ляцiць першая. Маюцца апёкi першай i другой ступенi. Лекары ўжо там.

- З "Балiстычнага"?

- Ага.

- Камандор! Месяц Галоўны! - загукаў нехта з дзвярэй радыёрубкi, i камандор выйшаў. Пiркс стаяў насупраць Мiндэла, якi машынальна дакрануўся да сваёй апухлай шчакi i схаваў хусцiнку ў кiшэню.

Пiркс хацеў далей распытваць Мiндэла - але той нiчога ўжо не сказаў яму, толькi хiтнуў галавой i пайшоў у радыёрубку. Рэпрадуктар гаварыў дзесяццю галасамi, караблi з пяцi сектараў дапытвалiся пра "Альбатроса", пра "Парыў", Месяц Галоўны загадаў нарэшце, каб усе змоўклi, i спрабаваў аднавiць графiк руху ракет, якi быў парушаны ў 65 сектары. Камандор сядзеў побач з тэлеграфiстам i нешта пiсаў. Нечакана тэлеграфiст зняў слухаўкi i адклаў iх нiбыта яны сталi ўжо непатрэбныя яму. Ва ўсякiм разе так здалося Пiрксу. Ён падышоў да яго ззаду. Хацеў спытацца, што з людзьмi "Альбатроса" - цi ўдалося iм выбрацца. Радыётэлеграфiст адчуў яго прысутнасць, узняў галаву i зiрнуў Пiрксу ў твар. Пiркс нiчога ў яго не спытаўся. Ён выйшаў з залы праз дзверы з надпiсам: "ТОЛЬКI ДЛЯ ЗОРНАГА ПЕРСАНАЛУ".



Поделиться книгой:

На главную
Назад